ВАРАНЕ́ЦКІ (Аляксандр Арсенавіч) (н. 12.5.1951, г. Маладзечна),
акцёр цырка, клоун. Засл. арт. Беларусі (1979). Скончыў студыю пры Мінскім дзярж. цырку (1969). Артыст Рас. дзяржцырка. Выступае ў дуэце з Ф.Гулевічам як дывановы клоун (маску прастадушнага, вясёлага хлопца стварыў на аснове бел. фальклору). Артыст яркай індывідуальнасці, пластычна выразны. У нумарах выкарыстоўвае акрабатыку і жангліраванне. Аўтар (з Гулевічам) многіх клаунад і рэпрыз. Зняўся ў тэлефільмах «Дзяніскавы апавяданні», «Навагодні атракцыён», «А таксама цырк».
т. 4, с. 5
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЯРША́ЦКІ (Аляксандр Львовіч) (25.10.1885, г. Адэса — 16.9.1972),
бел. вучоны ў галіне дрэваапрацоўкі. Д-р тэхн. н. (1952), праф. (1935). Скончыў Пецярбургскі тэхнал. ін-т (1913). У 1944—56 у Бел. лесатэхн. ін-це. Навук. даследаванні па распрацоўцы фізіка-тэхнал. метадаў разліку аптымальных рэжымаў рэзання драўніны і іх практычным выкарыстанні. Аўтар вучэбных дапаможнікаў «Даведнік па разліку рэжымаў рэзання драўніны» (1962) і «Рэзанне драўніны» (1975, разам з Н.І.Цвятковай).
т. 3, с. 413
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АХМЕТЭ́ЛІ (Сандро) (Аляксандр Васілевіч; 25.4.1886, с. Анага, Грузія — 29.6.1937),
грузінскі рэжысёр. Нар. арт. Грузіі (1933). Адзін з заснавальнікаў груз. т-ра. Скончыў Пецярбургскі ун-т (1916). У 1926—35 маст. кіраўнік т-ра імя Ш.Руставелі (Тбілісі). Яго пастаноўкі вызначаліся яркай тэатральнасцю, нац. каларытам, зладжанасцю акцёрскага ансамбля. Сярод лепшых «Загмук» А.Глебава (1926), «Разлом» Б.Лаўранёва і «Анзор» С.Шаншыяшвілі (1928), «Ламара» паводле твораў Важа Пшавелы (1930), «Разбойнікі» Ф.Шылера (1933).
т. 2, с. 147
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЖА́НАЎ (Аляксандр Васілевіч) (1.9.1917, в. Труфанцава Барысаглебскага р-на Яраслаўскай вобл., Расія — 29.6.1944),
удзельнік вызвалення Беларусі ў Вял. Айч. вайну. Герой Сав. Саюза (1944). У Чырв. Арміі з 1938. На фронце з 1941. Камандзір гарматы ст. сяржант Бажанаў вызначыўся ў баі на тэр. Магілёўскай вобл.: пры адбіцці варожай контратакі каля в. Гаршкова Шклоўскага р-на, калі ў гарматнага разліку скончыліся боепрыпасы, Бажанаў з гранатамі кінуўся пад варожы танк.
т. 2, с. 217
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЦЮ́НЯ (Аляксандр Рыгоравіч) (2.7.1898, в. Курганы Кіраўскага р-на Магілёўскай вобласці — 21.3.1976),
генерал-палкоўнік (1958). Скончыў Вышэйшыя стралк.-тактычныя курсы (1921), Ваен. акадэмію імя Фрунзе (1934). У арміі з 1916. Удзельнік грамадз. вайны на Зах. фронце, баёў каля воз. Хасан у 1938. У Вял. Айч. вайну з 1941 на Паўд., Паўд.-Зах., Варонежскім, 1-м Укр. франтах; нач. штаба корпуса, арміі. Удзельнік вызвалення Украіны, Чэхаславакіі. Да 1961 у Сав. Арміі.
т. 2, с. 363
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРЦЁМ (сапр. Арцем’еў Аляксандр Радзівонавіч; 1842, с. Столпава Разанскай вобл. — 29.5.1914),
рускі акцёр. Скончыў Маскоўскае вучылішча жывапісу, скульптуры і дойлідства (1878). Працаваў настаўнікам малявання і чыстапісання. З 1880-х г. іграў у аматарскіх спектаклях, з 1888 — у Т-ве мастацтва і л-ры, з 1898 — у Маскоўскім маст. т-ры (МХТ). Найб. поўна талент Арцём раскрыўся ў п’есах А.Чэхава. Сярод інш. роляў: Пярчыхін («Мяшчане» М.Горкага), Кузаўкін («Нахлебнік» І.Тургенева).
т. 1, с. 534
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРЫВАЧЭ́ЎСКІ (Аляксандр Георгіевіч) (н. 8.4.1940, Мінск),
бел. вучоны ў галіне тэхн. кібернетыкі. Канд. тэхн. н. (1968). Скончыў БПІ (1961). З 1966 у Ін-це тэхн. кібернетыкі АН Беларусі. Навук. працы па аўтаматызацыі тэхнал. праектавання ў машынабудаванні. Распрацаваў метад аўтаматызаванага праектавання штампаў халоднай ліставой штампоўкі. Прэмія прафсаюзаў Беларусі 1990.
Тв.:
Технология листовой штамповки. Киев, 1983 (у сааўт.);
Моделирование и автоматизация конструирования штампов. Мн., 1986 (разам з М.В.Прахваткіным).
М.П.Савік.
т. 5, с. 473
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУБКО́ (Аляксандр Аляксандравіч) (5.11.1936, в. Хадзяўляны Дзятлаўскага р-на Гродзенскай вобл. — 10.6.1993),
бел. вучоны ў галіне траўматалогіі і артапедыі. Д-р мед. н. (1983), праф. (1984). Скончыў Мінскі мед. ін-т (1959). З 1967 працаваў у ім, адначасова кіраўнік артапеда-траўматычнай клінікі на базе 6-й клінічнай бальніцы Мінска. Навук. працы па лячэнні адкрытых пераломаў доўгіх трубчастых касцей, інфіцыраваных пераломах, незрашчэнні касцей, метадах дыягностыкі і лячэння артапеда-траўматычных хворых.
т. 5, с. 517
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗМІ́ТРЫЕЎ (Аляксандр Іванавіч) (14.10.1878, С.-Пецярбург — 2.12.1959),
рускі архітэктар і інжынер. Акад. архітэктуры (1912). Скончыў Ін-т грамадзянскіх інжынераў (1900) і арх. аддзяленне АМ (1903) у Пецярбургу. Аўтар збудаванняў, выкананых у гіст. стылі: Нахімаўскае вучылішча (б. Вучылішчны дом Пятра I, 1908—12) у Пецярбургу, Дом упраўлення Паўд. чыгункі (1908—10), Палац культуры чыгуначнікаў (б. Палац рабочага, 1931—32) у Харкаве, праектаў тыпавых будынкаў для раёнаў Крайняй Поўначы (1948—59) і інш.
т. 6, с. 124
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖАМО́ЙЦІН (Алесь) (Аляксандр Пятровіч, н. 17.8.1955, в. Малахоўцы Баранавіцкага р-на Брэсцкай вобл.),
бел. паэт. Скончыў БДУ (1982). Працаваў настаўнікам. З 1988 дырэктар Літ. музея Ф.Багушэвіча ў в. Кушляны Смаргонскага р-на. Друкуецца з 1981. Асн. тэматыка вершаў — гіст. мінулае Беларусі, думкі і пачуцці сучасніка (зб. «Азірнуўшыся — не скамянею», 1989). Даследуе бел. культуру 19 ст. Аўтар артыкулаў пра К.Каліноўскага, Ф.Багушэвіча, Я.Карловіча, філас.-публіцыстычных эсэ.
т. 6, с. 420
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)