тое, што належыць самому аб’екту, існуе незалежна ад дзеючага суб’екта і яго свядомасці. Тэрмін аб’ектыўнае мае некалькі аспектаў. Анталагічны ўключае ўяўленне аб аб’ектыўным як існуючым па-за чалавекам і чалавецтвам і незалежна ад іх (напр., памеры і канфігурацыі рэчаў як іх аб’ектыўныя ўласцівасці). Гнасеалагічны звязаны з уяўленнем аб аб’ектыўным як уласцівасці ведаў, упэўненасці ў тым, што яны адлюстроўваюць аб’ект, які даследуецца, у сваіх асабістых характарыстыках (напр., найб. фундаментальныя характарыстыкі сістэм нежывой прыроды — скорасць святла, гравітацыйная пастаянная, у біял. відавой папуляцыі — суадносіны паміж асобінамі рознага полу). У аб’ектыўным ідэалізме аб’ектыўнае — гэта ідэі і паняцці, што існуюць незалежна ад суб’екта. У грамадскім жыцці пад аб’ектыўным разумеюць працэсы і фактары, якія не залежаць ад волі і жаданняў людзей. Аб’ектыўным з’яўляюцца сац. законы, хоць яны фарміруюцца праз механізм чалавечай дзейнасці. Аб’ектыўнае проціпастаўляецца суб’ектыўнаму і суб’ектыўна-асабоваму. Аднак такое проціпастаўленне не мае абсалютнага характару: тое, што ў адных адносінах з’яўляецца аб’ектыўным, у іншых можа быць суб’ектыўным.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКАЯ НЕЗАЛЕ́ЖНІЦКАЯ ПА́РТЫЯ (БНП),
арганізацыя на акупіраванай ням. фашыстамі тэр. Беларусі ў Вял.Айч. вайну. Створана ў пач. 1942. У кіруючае ядро партыі ўваходзілі У.Родзька (старшыня ЦК), Ф.Аляхновіч, І.Гінько, Р.Зыбайла, Р.Рабуха, Ю.Саковіч, А.Сянькевіч і інш. Былі ўтвораны 5 акр. к-таў БНП. Мела кантакты з кіраўнікамі Палескай сечы Украінскай паўстанцкай арміі. Члены БНП, працуючы ў створаным гітлераўцамі бел. апараце, імкнуліся арганізаваць бел.нац. рух для выступлення і супраць ням. фашыстаў, і супраць бальшавікоў. Было створана некалькі ўзбр. і нелегальных груп (найбольш на Палессі — 12). Не маючы шырокай падтрымкі ў інш.бел. арг-цый, БНП не стала рэальнай паліт. сілай. У канцы чэрв. 1944 Родзька пры падтрымцы гітлераўцаў арганізаваў і накіраваў у сав. тыл некалькі ўзбр. груп. Аднак БНП не дамаглася масавай падтрымкі насельніцтва. Большасць яе атрадаў і падп. груп разгромлены органамі НКУС, шэраг дзеячаў БНП на чале з Родзькам арыштаваны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯЧЭ́РНЯЯ (ЗМЕ́ННАЯ) АГУЛЬНААДУКАЦЫ́ЙНАЯ ШКО́ЛА,
навучальная ўстанова для прац. моладзі і дарослых; састаўная частка сістэмы агульнай сярэдняй адукацыі Беларусі. Створаны ў 1943 для гар. маладзі, у 1944 — для сельскай. Да 1958 наз. школа рабочай моладзі і школа сельскай моладзі. Прымаюцца асобы ва ўзросце ад 15 гадоў. Як правіла, мае 10—12-ы класы — старэйшая ступень з 3-гадовым тэрмінам навучання (у дзённай школе 2-гадовы), аднак могуць стварацца і 9-я класы для асоб, якія заканчваюць базавую адукацыю. Асобныя вячэрнія класы адкрываюцца і пры дзённых агульнаадук. школах. Вячэрняя школа мае вочную, завочную і сесійную (для сельскай мясцовасці) формы навучання. На час экзаменаў даецца аплатны водпуск. У 1995/96 навуч.г. на Беларусі працавалі 82 вячэрнія агульнаадук. школы (20,9 тыс. навучэнцаў), у т. л. 1 для асоб з недахопамі слыху. Пры 127 дзённых школах створаны класы вячэрняга вочнага навучання; працавала група завочнага навучання (гл. таксама Вячэрняе навучанне).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДО́РАХАЎ (Іван Сямёнавіч) (23.9.1762—25.4.1815),
расійскі ваенны дзеяч, ген.-лейт. (1812). Скончыў Артыл. і інж. шляхетны кадэцкі корпус у Пецярбургу (1787). Удзельнік рус.-тур. вайны 1787—91. кампаніі па задушэнні паўстання 1794. Вызначыўся ў войнах супраць Францыі 1805 і 1806—07, у рус.-швед. вайне 1808—09. Напярэдадні вайны 1812 у 4-м пяхотным корпусе 1-й арміі, камандзір карпуснога авангарда. Пасля бою 30 чэрв. каля Вял. Салечнікаў (цяпер Шальчынінкай, Літва) быў вымушаны адступіць. 6 ліп. спрабаваў адбіць у французаў Валожын, аднак пры набліжэнні вял. сіл праціўніка адышоў на Камень (Валожынскі р-н). 7 ліп. злучыўся каля Стоўбцаў з 2-й арміяй П.І.Баграціёна. Удзельнічаў у Смаленскай аперацыі 1812 і ў Барадзінскай бітве 1812. У вер. — кастр. 1812 камандзір асобнага атрада, заняў г. Верая (Маскоўская вобл.). У бітве каля Малаяраслаўца цяжка паранены. Біяграфія Д., складзеная яго сынам Руфінам у 1850, захоўваецца ў Нац. б-цы Беларусі (фонд І.Ф.Паскевіча).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРАВІДЫ́ЙСКІЯ МО́ВЫ, дравідскія мовы,
сям’я моў на тэр.Паўд.-Азіяцкага (Індыйскага) субкантынента. Пашыраны пераважна ў Індыі. Падзяляюцца на групы: паўд. (тамільская, малаялам, кота, тода, кодагу, каннара і канада), паўд.-зах. (тулу), паўд.-ўсх. (тэлугу), цэнтр. (коламі, найкі, парджы, гадаба), гандванскую (гондзі, конда, куі, куві, пенга, манда), паўн.-ўсх. (курух, малто) і паўн.-зах. (брагуі). Аднак генетычная класіфікацыя Д.м. канчаткова не распрацавана. Чатыры Д.м. (тамільская, малаялам, канада і тэлугу) маюць стараж. л-ру і лічацца афіц. мовамі інд. штатаў Тамілна Тамілнад, Керала, Майсур і Андхра-Прадэш. На тулу пісьменства з’явілася ў канцы 19 ст. Астатнія Д.м. беспісьменныя.
У фаналогіі Д.м. адрозніваюцца кароткія і доўгія галосныя, фанематычны націск адсутнічае. У марфалогіі пераважае суфіксальная аглюцінацыя. Назоўнік і інш. імёны маюць 2 лікі і да 11 склонаў; род мае лексіка-грамат. характар; прыметнікі нязменныя, ступень прыкметы перадаецца сінтаксічна. Колькасць формаў часу дзеяслова вагаецца ад 2 да 6. Сінтаксіс мае шмат агульных рыс з сінтаксісам цюркскіх, мангольскіх моў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫЯФА́НТАВЫ НАБЛІЖЭ́ННІ,
раздзел лікаў тэорыі, у якім вывучаецца рашэнне ў цэлых ліках лінейных і нелінейных няроўнасцей ці сістэм няроўнасцей з рэчаіснымі каэфіцыентамі. У прыватнасці, вывучаюцца набліжэнні рэчаісных лікаў рацыянальнымі. Названы ў гонар Дыяфанта.
Напр., для адвольнага рэчаіснага ліку α няроўнасць |α − p/q| < q−2 мае бясконца шмат рашэнняў у цэлых ліках p і q (ням. матэматык П.Дзірыхле), аднак няроўнасць |β − p/q| < c(β)q−n пры пэўным значэнні c(β) не мае рашэнняў у алгебраічных ліках β ступені n (франц. матэматык Ж.Ліувіль). З апошняй тэарэмы вынікае трансцэндэнтнасць лікаў тыпу
Д.н. маюць шмат дастасаванняў у розных раздзелах матэматыкі. Значны ўклад у развіццё Д.н. зрабілі ням. матэматык Г.Мінкоўскі, англ. матэматыкі К.Рот і А.Бейкер, сав. матэматык А.В.Гельфанд, бел. матэматык У.Г.Спрынджук.
Літ.:
Виноградов И.М. Метод тригонометрических сумм в теории чисел. 2 изд. М., 1980;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІДРАЎЛІ́ЧНАЯ ЗДАБЫ́ЧАвугалю,
падземная распрацоўка радовішчаў вугалю, пры якой працэсы яго адбойкі ў забоях, транспартавання і пад’ёму на паверхню робяцца энергіяй вадзянога патоку (сродкамі гідрамеханізацыі). Вада (пераважна падземная, з шахтавага водаадліву) падаецца ў забой па трубаправодах помпамі.
Вугаль адбіваецца ад масіву з дапамогай гідраманітораў або механагідраўлічных машын, змываецца вадой і транспартуецца па нахіленых жалабах (самацёкам) або па трубах (пад ціскам) да цэнтр. камеры гідрапад’ёму, адкуль гідрасумесь падымаецца на паверхню вуглясосамі ці эрліфтамі і падаецца на абагачальную ф-ку для абагачэння (гл.Абагачэнне карысных выкапняў), абязводжвання і сушкі вугалю. Выкарыстаную ваду ачышчаюць у адстойніках і зноў падаюць у гідрашахту (па замкнёным цыкле). Горнае мацаванне, схема вымання і праветрыванне забояў у гідрашахце такія ж, як у звычайнай «сухой» шахце. Гідраўлічная здабыча практычна выключае пылаўтварэнне, павышае прадукцыйнасць працы, аднак дае большыя сіраты і здрабненне вугалю.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІРАВЫ́ СПОРТ,
від спорту, спаборніцтвы ў падыманні цяжару (гір). Конкурсы асілкаў маюць глыбокую гісторыю, асабліва ў краінах СНД, дзе найб. папулярны гіравы спорт. Аднак адзіныя правілы спаборніцтваў распрацаваны Міжнар. федэрацыяй гіравога спорту толькі ў 1994. Паводле іх спаборніцтвы праводзяцца ў 7 вагавых катэгорыях — ад 60 да больш як 90 кг. Пераможца вызначаецца па выніках двухбор’я (штуршок і рывок). Першае практыкаванне выконваецца абедзвюма рукамі адначасова, другое папераменна левай і правай з перахопам снарада. На кожнае практыкаванне адводзіцца 20 мін. Маса гіры 32 кг.
Усе вышэйшыя дасягненні ў гіравым спорце на канец 1996 належаць спартсменам Расіі. Бел. федэрацыя гіравога спорту дзейнічае з 1988. Найб. поспехаў з бел. гіравікоў дасягнулі В.Лянглер (чэмпіён Еўропы 1994), В.Калмук — сярэбраны прызёр чэмпіянатаў свету (4 разы) і Еўропы (1994), а таксама В.Харанека, які неаднаразова ставіў рэкорды з гірамі для Кнігі рэкордаў Гінеса. У 1996 у Мінску праходзіў 4-ы чэмпіянат свету па гіравому спорту.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНВАРЫЯ́НТу матэматыцы,
лік, фіз. велічыня, алг. выраз, якія звязаны з пэўным матэм. або матэрыяльным аб’ектам і застаюцца нязменнымі пры вызначаных пераўтварэннях гэтага аб’екта або сістэмы адліку, у якой ён апісваецца. І. звычайна з’яўляюцца велічыні, што характарызуюць унутр. ўласцівасці аб’екта (напр., даўжыня адрэзка, плошча геам. фігуры).
Становішча адрэзка M1M2 на плоскасці вызначаецца ў прамавугольнай дэкартавай сістэме каардынат 2 парамі лікаў x1, y1 і x2, y2 — каардынатамі яго канцоў M1 і M2. Пры пераўтварэннях сістэмы каардынат (зрушэнне яе пачатку і паварот восей) пункты M1 і M2 набываюць новыя каардынаты x1′, y1′ і x2′, y2′, аднак выраз (x1−x2)2 + (y1−y2)2 = (x1′−x2′)2 + (y1′−y2′)2, які вызначае квадрат даўжыні адрэзка M1M2, не мяняецца. І. з’яўляецца таксама інтэрвал — «адлегласць» паміж 2 падзеямі ў чатырохмернай прасторы-часе Паняцце І. адыгрывае важную ролю ў геаметрыі, тэорыі груп, тапалогіі, тэнзарным аналізе, фізіцы і інш.Гл. таксама Інварыянтнасць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІТАЛЬЯ́НСКІ ПАХО́Д БАНАПА́РТА 1796—97,
баявыя дзеянні франц. арміі на чале з ген. Н.Банапартам (гл.Напалеон I) супраць аўстра-сардзінскіх войск у Паўн. Італіі ў вайну 1792—97 Францыі з 1-й антыфранц. кааліцыяй (Аўстрыя, Англія, Расія, Сардзінскае каралеўства, Каралеўства абедзвюх Сіцылій і інш.). Ініцыіраваны Банапартам, армія якога (каля 42 тыс.чал.) у крас. 1796 разбіла войскі Сардзінскага каралеўства (П’емонт) і вымусіла яго заключыць сепаратны мір. У маі Банапарт разграміў аўстрыйцаў каля Лодзі, заняў Мілан. У бітвах пры Кастыльёне, Раверэта, Басана, Аркале, Рывалі ён разграміў аўстр. войскі і ў лют. 1797 вымусіў гарнізон Мантуі капітуляваць, у сак. 1797 разгарнуў наступленне на Вену. Паводле заключанага 17.10.1797 міру (каля в. Кампаформіо, ПнУ Італіі) Аўстрыя ўступала Францыі б.ч.Паўн. Італіі і Аўстр. Нідэрланды, аднак атрымлівала як кампенсацыю Зальцбург, ч. Баварыі, б.ч. ліквідаванай Венецыянскай рэспублікі. Іанічныя а-вы і землі ў Албаніі адышлі да Францыі.