Сця́глі, сця́глы, сця́гля ’каленныя сухажыллі’ (шчуч., іўеў., шальч., Сл. ПЗБ), сцягле́ ’суставы, што злучаюць галёнку са сцягном’ (беласт., Стан.), сця́гля ’сцягно’ (Сцяшк. Сл.). Гл. цяглі.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Касцёл ’касцёл, каталіцкая царква’ (ТСБМ, БРС, Сл. паўн.-зах. і г. д.). Рус. костёл, укр. костьо́л. У ст.-бел. мове засведчана з XVII ст. у формах костелъ, косцелъ. Непасрэднай крыніцай запазычання бел. слова было польск. kościół ’тс’. У польск. мове гэта слова ўзята, відаць, са ст.-чэш. kostel, якое, у сваю чаргу, запазычана са ст.-в.-ням. kastel < лац. castellum. Недакладна ў Булыкі, Запазыч., 173, дзе польск. лексема выводзіцца непасрэдна са ст.-в.-ням. На тэрыторыі ўсх. славян даная назва адзначаецца ўжо ў 1438 г. (гл. Фасмер, 2, 347). Гл. яшчэ Кюнэ, Poln., 67. Трэба спецыяльна падкрэсліць, што значэнне ’царква’ развілося ў зах. групе слав. моў і гэта трэба мець на ўвазе гісторыкам слав. моў.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ВАЛО́ЖЫНСКІ ПАЛА́Ц,

помнік архітэктуры класіцызму. Пабудаваны ў 1806 (арх. А.​Касакоўскі) у г. Валожын Мінскай вобл., на беразе р. Валожынка. Фундатар і ўладальнік граф Ю.​Тышкевіч. Аднапавярховы мураваны палац і бакавыя флігелі ўтвараюць прамавугольны парадны двор. Палац мае сіметрычную кампазіцыю, накрыты 2-схільным вальмавым дахам са сферычным купалам у цэнтры. Франтальныя фасады ў цэнтры вылучаны рызалітамі з трохвугольнымі франтонамі. У дэкоры выкарыстаны прафіляваныя сандрыкі, пілястры. Флігелі — прамавугольныя ў плане 1-павярховыя будынкі, іх цэнтр. часткі з мансардамі вылучаны 4-калоннымі дарычнымі порцікамі.

Валожынскі палац.

т. 3, с. 484

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЛЫ́НЦАЎСКАЯ КУЛЬТУ́РА,

археалагічная культура 7—8 ст. у бас. р. Дзясна і Сейм. Назва ад в. Валынцава Сумскай вобл. (Украіна). Насельніцтва займалася земляробствам і жывёлагадоўляй, жыло на гарадзішчах і селішчах у паўзямлянкавых жытлах зрубнай і слупавой канструкцыі. Пахавальны абрад — трупаспаленне па-за межамі могільніка, пахаванні бескурганныя, урнавыя. Кераміка ў асноўным ляпная, ганчарнай менш за 10%. Сярод знаходак жал. нажы, шылы, касцяныя праколкі, жал. і бронзавыя спражкі, зброя і інш. Большасць даследчыкаў лічыць валынцаўскую культуру славянскай са значным іншакультурным уплывам, што сведчыць пра этн. неаднароднасць яе насельніцтва.

А.​В.​Іоў.

т. 3, с. 489

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕРНІКО́ЎСКІ (Іван Антонавіч) (1799—1834),

гісторык, вучоны-мовазнавец. Паходзіў са шляхты Ігуменскага пав. Мінскай губ. Скончыў філас. ф-т Віленскага ун-та (1820). Выкладаў сусв. гісторыю ў семінарыі пры Віленскім ун-це. У 1824 з-за «паліт. нядобранадзейнасці» пераведзены ў Казанскі ун-т, дзе выкладаў усх. мовы, стараж. гісторыю і геаграфію. Быў пад наглядам і апякунствам універсітэцкай адміністрацыі. У 1827—30 выкладчык араб. і перс. моў у Казанскай гімназіі. У жн. 1834 арыштаваны па абвінавачанні ў прыналежнасці да антыдзярж. арг-цый і за антыдзярж. прапаганду. Займаўся літ. дзейнасцю.

В.​А.​Гапоненка.

т. 4, с. 103

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕРХНЕКАЛЫ́МСКАЕ НАГО́Р’Е,

на ПнУ Сібіры, у вярхоўях р. Калыма, у Магаданскай вобл. Расіі. Сістэма ізаляваных масіваў і кароткіх пласкаверхіх хрыбтоў. Пераважныя вышыні 1300—2000 м. Вяршыні гор купалападобныя. Паўд.-ўсх. частка адрозніваецца стромкімі схіламі і глыбока ўрэзанымі рачнымі далінамі. Складзена са сланцаў і пясчанікаў пермскага і трыясавага ўзросту. Радовішчы золата, волава, мінер. крыніцы. Верхнекалымскае нагор’е перасякаюць р. Аян-Юрах, Бёролёх і інш. Па далінах рэк і на схілах лістоўнічнае рэдкалессе і зараснікі кедравага сланіку, вышэй за 1200—1800 м — хмызняковая горная тундра, каменныя россыпы.

т. 4, с. 109

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕРХНЯДЗВІ́НСКАЯ МІКАЛА́ЕЎСКАЯ ЦАРКВА́,

помнік архітэктуры класіцызму. Пабудавана ў 1819 з цэглы ў г. Верхнядзвінск (Віцебская вобл.). Храм падоўжна-восевай 4-часткавай кампазіцыі: 3-ярусная чацверыковая званіца з шатровым пакрыццем, трапезная, квадратны ў плане асн. аб’ём з высокім цыліндрычным барабанам са сферычным купалам і галоўкай у завяршэнні, апсіда. Плоскасныя фасады расчлянёны арачнымі аконнымі праёмамі, крапаваны вуглавымі лапаткамі і апяразаны прафіляваным карнізам. Арх. дэкор уключае простыя ліштвы вокнаў і сандрыкі з замковым каменем, пояс сухарыкаў на барабане, балюстрадную нішу званіцы. Інтэр’ер быў аздоблены арнаментальнай размалёўкай (не захавалася).

А.​М.​Кулагін.

Верхнядзвінская Мікалаеўская царква.

т. 4, с. 110

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУ́РТЫС (Надзея Андрэеўна) (н. 23.2.1929, Мінск),

бел. вучоны ў галіне геабатанікі. Канд. біял. н. (1966). Скончыла БДУ (1952). У 1957—86 у Ін-це эксперым. батанікі АН Беларусі. Навук. працы па геабат. структуры, прадукцыйнасці і заканамернасцях распаўсюджання лугавых фітацэнозаў. Распрацавала класіфікацыю прыроднай лугавой расліннасці Беларусі. Адзін са стваральнікаў першай карты расліннасці Беларусі і рэгіянальнай методыкі геабат. картаграфавання. Дзярж. прэмія Беларусі 1972.

Тв.:

Растительный покров Белоруссии. Мн., 1969 (у сааўт.);

Геоботаническая структура и биологическая продуктивность пойменных лугов: (По исследованиям поймы р. Березины). Мн., 1981 (разам з І.​Д.​Юркевічам, С.​Р.​Бусько).

т. 3, с. 353

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЯЛЯ́К, губа авечая,

хрушч (Albatrellus ovinus),

шапкавы базідыяльны грыб з роду альбатрэлус сям. скутыгеравых. Пашыраны пераважна ва ўмераным поясе Паўн. паўшар’я і ў Аўстраліі. На Беларусі трапляецца ў хвойных лясах (пераважна ў старых ельніках). Расце групамі, зросткамі і адзіночна.

Шапка дыям. 5—10 см, пукатая, потым пляскатая, гладкая або слабатрэшчынаваталускаватая, белая, часта са светла-жоўтымі плямамі. Мякаць шчыльная, сырападобная, белая або крыху жаўтаватая, з грыбным пахам і смакам, пры высыханні жаўцее. Ножка даўж. 3—4 см, аднаго колеру з шапкай. У маладым узросце ядомы грыб (спажываецца свежы, сушаны).

Бяляк.

т. 3, с. 405

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЕ́ННАЯ ГІСТО́РЫЯ,

1) працэс развіцця ваен. справы са старажытнасці да нашых часоў.

2) Навука, якая вывучае войны і ўзбр. сілы мінулага, развіццё ваен. майстэрства, ваен. думкі, вопыт падрыхтоўкі і вядзення мінулых войнаў. З’яўляецца часткай гіст. і ваен. навукі. Важнейшыя галіны ваеннай гісторыі: гісторыя войнаў; гісторыя ваеннага будаўніцтва ўзбр. сіл; гісторыя ваеннага майстэрства, гісторыя ваен. думкі. Спец. раздзелы ваеннай гісторыі: ваен. гістарыяграфія, ваен. крыніцазнаўства, ваен. археаграфія, ваен. археалогія, ваен. статыстыка. Ваенная гісторыя даследуе таксама суб’ектыўныя фактары: ролю палкаводцаў, здольнасці камандзіраў у арганізацыі баявых дзеянняў, ролю маральна-патрыят. духу войск і інш.

т. 3, с. 443

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)