МАЦКЯ́ВІЧУС ((Mackevičius) Антанас) (Мацкевіч Антоній; 26.6.1828, в. Маркяй Шаўляйскага пав., Літва — 28.12.1863),

адзін з кіраўнікоў паўстання 1863—64 у Літве. Вучыўся ў Кіеўскім ун-це; скончыў духоўную семінарыю (1853), быў ксяндзом у Панявежскім пав. Прыйшоў да думкі аб неабходнасці ўзбр. барацьбы супраць царызму, за ліквідацыю прыгонніцтва і перадачу зямлі сялянам. Вёў асветніцкую работу сярод сялян, прапаведаваў свае погляды. У жн. 1862 звязаўся з К.Каліноўскім і З.Серакоўскім. З пачаткам паўстання (студз. 1863) арганізаваў з сялян атрад (250 чал.), у сак.—маі ўдзельнічаў з ім у баях у цэнтр. Літве самастойна, потым у складзе злучэння Серакоўскага. Пасля разгрому злучэння (7—9 мая) і пакарання смерцю Серакоўскага атрады паўстанцаў пад камандаваннем М. працягвалі дзейнічаць у цэнтры і на З Літвы. З ліст. 1863 узначальваў паўстанцкія сілы Ковенскай губ. 17 снеж. схоплены і павешаны ў Коўне.

Літ.:

Жюгжда Ю.И. Антанас Мацкявичус // За нашу и вашу свободу: Герои 1863 г. М., 1964.

т. 10, с. 230

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЧУ́ЛІШЧЫ,

гарадскі пасёлак у Мінскім р-не (з 1997), чыг. прыпынак на лініі Мінск—Асіповічы. За 15 км на ПдУ ад Мінска. 7742 ж. (1999).

Вядомы з 1590 як шляхецкая маёмасць у складзе маёнтка Гатава. У 1600 вёска Мочул, належала І.​С.​Корсаку, з 1791 уласнасць каталіцкай царквы, у 1800, 1815 — Мінскага жаночага бернардзінскага кляштара, з 1858 казённая ўласнасць. У 1897 вёска Сеніцкай вол., 359 ж., 55 двароў, хлебазапасны магазін, школа пісьменнасці (з 1890), царква. У 1917 нар. вучылішча. У 1941—538 ж., 87 двароў, у 1997—8207 ж., 208 гаспадарак.

Дзярж. прадпрыемства «Трансавіяэкспарт», з-д «Аэрамаш». Сярэдняя, пач., дзіцячая муз. школы, школа МУС, філіял Рэсп. цэнтра тэхн. творчасці навучэнцаў — маладзёжны авіяц.-спарт. цэнтр, б-ка, Дом афіцэраў, амбулаторыя, аддз. сувязі. Царква. Мемар. комплекс, прысвечаны 17 Героям Сав. Саюза, якія выхаваны ў мясц. авіячасці. Біял. заказнік мясц. значэння Мачулішчанскія хвоі.

т. 10, с. 235

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАНТА́НА (Montana),

штат на ПнЗ ЗША, мяжуе з Канадай. Уваходзіць у групу Горных штатаў. Пл. 381,1 тыс. км². Нас. 878,8 тыс. чал. (1997). Адм. цэнтрг. Хеліна. У гарадах каля 40% насельніцтва. Найб. гарады: Білінгс, Грэйт-Фолс, Мізула, Анаконда. Рэльеф гарысты. Зах. частку штата займаюць хрыбты Скалістых гор (г. Граніт-Пік, 3901 м), усх. — плато Прэрый. Клімат умерана кантынентальны. Сярэдняя т-ра студз. ад -4 °C да -13 °C, ліп. 21—24 °C. Ападкаў 350—400 мм за год. Гал. рэкі: Місуры і яе прыток Йелаўстан. Каля 60% тэрыторыі пад лесам. Нац. паркі: Глейшэр, Йелаўстонскі нацыянальны парк (частка). Здабыча медзі, свінцу, цынку, золата, серабра, вугалю, нафты, газу. Развіты дрэваапр. (у т. л. папяровая), металургічная, металаапр., электратэхн., нафтаперапр., паліграф., харч. прам-сць. Вырошчваюць пшаніцу, ячмень, цукр. буракі, травы. Гадуюць буйн. раг. жывёлу, свіней, авечак, бройлерных куранят. Транспарт аўтамаб. і чыгуначны. 4 Міжнар. аэрапорты. Турызм.

т. 10, с. 87

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕ́ЛЬНІК (Сцяпан Паўлавіч) (13.8.1883, с. Засулле Лохвіцкага р-на Палтаўскай вобл., Украіна — 28.6.1938),

бел. вучоны ў галіне батанікі і лесаводства. Чл.кар. АН Беларусі (1936). Д-р біял. н. (1935), праф. (1923). Скончыў Пецярбургскі лясны ін-т (1911). З 1923 у Горацкім с.-г. ін-це, у 1926—30 дырэктар Цэнтр. лясной доследнай станцыі Беларусі, з 1933 дырэктар Бат. сада АН Беларусі. Навук. працы па лесаводстве, дэндралогіі і феналогіі раслін. Распрацаваў праграмы і інструкцыі па лесафеналагічных назіраннях, правёў тыпалагічнае вывучэнне лясоў Беларусі, даследаваў паркі і інш. дэндралагічныя аб’екты, даў класіфікацыю тыпаў лесу Беларусі з улікам урадлівасці і вільготнасці глебы. У 1938 рэпрэсіраваны (прыгавораны да вышэйшай меры пакарання). Рэабілітаваны ў 1957.

Тв.:

Таблицы для определения главнейших деревьев и кустарников. Горы-Горки, 1925;

Лесо-фенологические наблюдения. Горы-Горки, 1928.

Літ.:

Юркевич И.Д., Чекалинская Н.И. Основатель Ботанического сада АН БССР // Ботаника. Мн., 1969. Вып. 11.

С.П.Мельнік.

т. 10, с. 277

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕРВ,

адзін з найстаражытнейшых гарадоў Сярэдняй Азіі, які існаваў на беразе р. Мургаб каля г. Байрам-Алі (Туркменістан). Стараж. частку М. складае гарадзішча Эрк-Кала (пл. 12 га), якое ўзнікла ў сярэдзіне 1-га тыс. да н.э. Росквіту рабаўладальніцкі М. дасягнуў у 2 ст. да н.э. — 3 ст. н.э. Горад і яго наваколле (пл. каля 60 км²) былі абнесены сцяной. З 3 ст. ўваходзіў у дзяржаву Сасанідаў, у 7 ст. заваяваны арабамі. Найб. росквіту феад. М. дасягнуў у 11—12 ст., калі стаў сталіцай дзяржавы Вял. Сельджукаў (гарадзішча Султан-Кала). З канца 12 ст. буйны цэнтр дзяржавы Харэзмшахаў. У 1222 разбураны манголамі. У сярэдзіне 13—14 ст. часткова адрадзіўся, аднак значнай ролі больш не адыгрываў. У 1510—24 і 1601—1747 пад уладай персаў, да 19 ст. канчаткова заняпаў. Захаваліся рэшткі ўмацаванняў, дамоў, палацаў, мячэцяў, маўзалеяў і інш. З 1987 гіст.-культ. запаведнік Старажытны Мерв.

т. 10, с. 293

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІЖНАРО́ДНЫЯ КАСМІ́ЧНЫЯ НАВІГАЦЫ́ЙНЫЯ СІСТЭ́МЫ,

спадарожнікавыя сістэмы вызначэння каардынат рухомага аб’екта, аснашчанага адпаведнай апаратурай. Рас. сістэма наз. ГЛАНАСС (ад ГЛАбальная НАвігацыйная Спадарожнікавая Сістэма), амерыканская GPS (ад Global Positioning System глабальная сістэма вызначэння каардынат).

Кожная з сістэм мае 24 штучныя спадарожнікі Зямлі (ШСЗ) на спец. арбітах і сетку наземных станцый вызначэння каардынат ШСЗ і інш. параметраў. Апаратура карыстальніка прымае навігацыйныя радыёсігналы ад 4 ШСЗ і аўтаматычна вызначае каардынаты, скорасць руху і дакладны час аб’екта на зямлі, моры ці ў паветры і на ўбудаваным дысплеі паказвае напрамак руху да зададзенага пункта на электроннай карце мясцовасці. Навігацыйная інфармацыя ад прыёмніка можа выкарыстоўвацца таксама для работы аўтапілота, радара ці інш. апарата. Другое прызначэнне М.к.н.с. — аўтам. сачэнне за месцазнаходжаннем рухомых аб’ектаў (напр., з мэтай бяспекі руху). У гэтым выпадку рухомы аб’ект дадаткова мае спец. апаратуру для перадачы навігацыйнай інфармацыі на дыспетчарскі цэнтр, напр., авіякампаніі, параходства, аўтамаб. ці аўтобуснага парку.

А.​П.​Ткачэнка.

т. 10, с. 346

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕ́РШЫ УСЕБЕЛАРУ́СКІ КРАЯЗНА́ЎЧЫ З’ЕЗД.

Адбыўся 7—11.2.1926. 146 дэлегатаў ад Інбелкульта, Цэнтр. бюро краязнаўства (ЦБК), музеяў і 167 краязнаўчых арг-цый (5 тыс. чл.). Абмеркаваў паліт. даклад, інфармацыйны даклад пра дзейнасць Інбелкульта, справаздачу ЦБК, справаздачы з месцаў. Прыводзіліся звесткі пра гісторыка-археал. даследаванні, апрацоўку і выданне стараж. актаў, падрыхтоўку да выдання Літоўскай метрыкі, вывучэнне нар. побыту, этнаграфіі, метэаралаг. і феналагічных назіранняў, збіранне матэрыялаў для слоўніка жывой бел. мовы. Адзначаліся сувязі ЦБК з арг-цыямі Смаленшчыны, Расіі, Узбекістана, Грузіі, Азербайджана, Вільні, Коўна, Рыгі, Лейпцыга і роля час. «Наш край» у наладжванні гэтых сувязей. На з’ездзе выступілі А.​Смоліч, С.​Некрашэвіч, М.​Гарэцкі, І.​Пятровіч, М.​Доўнар-Запольскі, У.​Ігнатоўскі, М.​Мароз, М.​Мялешка, Я.​Дыла, Я.​Ракаў, Д.​Васілеўскі і інш. З’езд прыняў рэзалюцыі аб навук. дзейнасці, аб час. «Наш край», краязнаўчай працы ў галіне гісторыі і археалогіі, аб ахове помнікаў і інш.

А.​М.​Гесь.

т. 12, с. 319

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕТЭ́Н ((Pétain) Анры Філіп) (24.4.1856, Кашы-а-ла-Тур, Францыя — 23.7.1951),

французскі ваен. і дзярж. дзеяч. Маршал Францыі (1918). Скончыў ваен. вучылішча Сен-Сір (1878), служыў у арміі. У 1-ю сусв. вайну генерал, камандзір брыгады, корпуса, каманд. 2-й арміяй, якая ўдзельнічала ў Вердэнскай аперацыі 1916; з мая 1916 каманд. групай армій «Цэнтр», з мая 1917 галоўнакаманд. франц. арміяй. У 1920—31 нам. старшыні вышэйшага ваен. савета, адначасова (з 1922) ген. інспектар арміі. У 1925—26 кіраваў задушэннем нац.-вызв. паўстання ў Марока. У 1934 ваен. міністр. З 16.6.1940 прэм’ер-міністр Францыі. Падпісаў Камп’енскае перамір’е 1940 з Германіяй. 10.7.1940 атрымаў ад Нац. сходу ўсю паўнату ўлады, што азначала скасаванне Трэцяй рэспублікі. У ліп. 1940 — жн. 1944 кіраўнік дзяржавы (да крас. 1942 адначасова ўрада) прагерм. рэжыму «Вішы». У крас. 1945 арыштаваны, Вярх. судом Францыі прыгавораны за калабарацыянізм да смяротнага пакарання, якое было заменена пажыццёвым зняволеннем.

т. 12, с. 339

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ПІСЦО́ВАЯ КНІ́ГА БЫЛО́ГА ПІ́НСКАГА СТАРО́СТВА»

(«Писцовая книга бывшего Пинского староства, составленная по повелению короля Сигизмунда Августа в 1561—1566 гг. пинским и кобринским старостою Лаврином Войною»),

інвентар Пінскага староства 1560-х г., выдадзены ў 2 ч. Віленскай археаграфічнай камісіяй у 1874. Выданне зроблена паводле копіі 1622 з Віленскага цэнтр. архіва стараж. актаў на польск. мове з паралельным перакладам на рус. мову. У пачатку інвентара змешчаны лісты Жыгімонта II Аўгуста аб правядзенні новай валочнай памеры гэтага дзярж. ўладання. Правядзеннем памеры кіраваў гаспадарскі дваранін Л.​Война (пазней пінскі староста). У інвентары пералічаны зямельныя надзелы мяшчан Пінска і Нобеля, сялян Пінскай, Зарэчнай і Вядскай валасцей, землі гаспадарскіх фальваркаў. У канцы змешчана апісанне замены некат. зямель правасл. святароў і шляхты на гаспадарскія землі з мэтай ліквідаваць цераспалосіцу. Выданне забяспечана прадмовай С.​В.​Шаўковіча, дзе зроблены крыніцазнаўчы аналіз інвентара, на яго падставе прыведзены звесткі пра Пінскае староства.

В.​С.​Пазднякоў.

т. 12, с. 389

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПО́ЛАЦКІ ПАВЕ́Т,

адм.-тэр. адзінка ў 1777—1924 у складзе Полацкай, Беларускай, Віцебскай губ., потым у БССР. Цэнтрг. Полацк. Утвораны 22.3.1777 у складзе Полацкай губерні. З 12.12.1796 у Беларускай губ., з 27.2.1802 у Віцебскай губ. Пасля 1861 у П.п. 16 валасцей: Аляксандраўская, Андрэеўская, Арцейкаўская, Банонская, Вазнясенская, Гомельская, Ефрасіннеўская, Замшанская, Лаўжанская, Мікалаеўская, Міхайлаўшчынская, Петрапаўлаўская, Струнская, Тураўлянская, Уладзімірская, Юравіцкая. Пл. каля 4,2 тыс. км².

У 1873 у П.п. каля 90 тыс. ж., у т. л. каля 17 тыс. у Полацку, 1,7 тыс. дваран, 53,6 тыс. сялян. Паводле перапісу 1897 каля 142 тыс. ж. У 1923 пасля ўзбуйнення валасцей у П.п. іх стала 13: Бухарынская, Валадарская, Воркавіцкая, Дрысенская, Калінінская, Кастрычніцкая, Ленінская, Першамайская, Пралетарская, Працоўная, Сялянская, Сямёнаўская, Чырвонаармейская. З 3.3.1924 у БССР. 20.6.1924 далучаны Лепельская, Ушацкая, Хоцінская воласці Бачэйкаўскага пав. 17.7.1924 павет скасаваны, большасць яго тэрыторыі ўвайшла ў Полацкую акругу.

В.​Л.​Насевіч.

т. 12, с. 465

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)