МІЖНАРО́ДНАЯ БІЯЛАГІ́ЧНАЯ ПРАГРА́МА (МБП; International Biological Program),
комплекс даследаванняў біял. прадукцыйнасці экалагічных сістэм, праблем аховы прыроды, адаптацыі чалавека да розных умоў жыцця і інш. Праведзена ў 1964—72 паводле зацверджаных Ген. асамблеяй МБП асн. кірункаў даследаванняў: прадукцыйнасць наземных, прэснаводных і марскіх згуртаванняў, прадукц. працэсы, выкарыстанне і ўзнаўленне біял. рэсурсаў, адаптацыя чалавека, ахова ўнутр. вадаёмаў, ахова і вывучэнне балот і тарфянікаў. У МБП удзельнічалі вучоныя больш як 100 краін, у т. л. Беларусі (ін-ты Аддзялення біял. навук Нац.АН Беларусі, БДУ і інш.), якія правялі даследаванні па біяцэналогіі, экалагічнай энергетыцы, ахове прыроды і інш. Пераемніца МБП — праграма «Чалавек і біясфера».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІКРАФІЛЯ́РЫІ,
лічынкі паразітычных круглых чарвей падкл. філярыін. Больш за 600 відаў. Жывуць у крывяносных і лімфатычных сасудах, галаўным і спінным мозгу, інш. тканках дэфінітыўнага гаспадара. Калі насякомыя — прамежкавыя гаспадары — (камары родаў Aedes, Culex, Mansonia і інш., мошкі роду Simulium) смокчуць кроў, М. пранікаюць у іх кішэчнік, потым у поласць цела, дзе і адбываецца развіццё. Дасягнуўшы інвазійнай стадыі, М. трапляюць у арганізм дэфінітыўнага гаспадара і дасягаюць палавой спеласці. Гельмінтозы людзей, выкліканыя М. вухерэрыя Банкрафта (Wuchereria bancrofti), анхацэрка вольвулюс (Onchocerca volvulus) і бругія малайская (Brugia malayi), найб. небяспечныя; пашыраны ў Паўд.-Усх. Азіі, Цэнтр. і Паўд. Амерыцы, Афрыцы, на астравах Ціхага ак.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НАС-ЖЭРА́ЙС (Minas Gerais),
1) буйнейшы жалезарудны раён у паўд,ўсх.ч. Бразіліі (штат Мінас-Жэрайс). Руды — жалезістыя кварцыты (ітабірыты) і гематытавыя. Адкрыты ў 1910, распрацоўваецца з 1934. Пл. каля 7 тыс.км². Уключае 125 радовішчаў. Агульныя запасы гематытавых руд (з сярэдняй колькасцю жалеза больш за 64%) — 4,5 млрд.т, ітабірытаў (45%) — каля 23,5 млрд.т. Гал. радовішчы ў раёнах Ітабіра, Пірасікаба, у даліне р. Параапеба.
2) Рэдкаметальны рудны раён у Бразіліі, на Пн штата Мінас-Жэрайс. Гал. радовішчы Араша, Тапіра. Латэрытныя коры выветрывання. Запасы ніобіевых руд на радовішчы Араша (пл. 16 км²) — 462 млн.т, пры сярэднім змяшчэнні Nb2Os 2,5%. Распрацоўваецца з 19 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІНЕРАЛІЗА́ЦЫЯ ВОД,
1) агульная канцэнтрацыя мінер. рэчываў (солей) у прыродных водах. Выражаецца ў грамах на літр або ў праміле (%₀). Залежыць ад геахім. і геафіз. асаблівасцей тэр. вадазбору, літалагічнага складу ваданосных пластоў, кліматычных умоў і антрапагенных фактараў. З павелічэннем сухасці клімату павышаюцца М.в. і ўдзельная колькасць натрыю, сульфатаў і хларыдаў, памяншаецца ўдзельная колькасць кальцыю і карбанатаў. Паводле М.в. адрозніваюць воды прэсныя (да 1 г/л) і мінералізаваныя (больш за 1 г/л). Гл. таксама Мінеральныя воды.
2) Перавышэнне звычайнай канцэнтрацыі солей у прыродных водах пад уплывам прыродных або антрапагенных прычын (засаленне вод); від хімічнага забруджвання вод (пераважна паверхневых). Як і засаленне глебы, прычыняе гасп. і экалагічную шкоду.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МО́ШНА,
возера ў Віцебскім р-не, у бас.р. Чарнічанка, за 16 км на ПдЗ ад г. Віцебск. Пл. 1,07 км², даўж.больш за 2,5 км, найб.шыр. 950 м, найб.глыб. 2,9 м, даўж. берагавой лініі 8 км. Пл. вадазбору 22 км². Схілы катлавіны выш. 4—5 м (на Пд да 10 м), параслі лесам і хмызняком, на Пн разараныя. Берагі нізкія, пясчаныя, у залівах сплавінныя. Пойма шыр. ад 10—30 м на Пд і Пн да 100 м на У, забалочаная. Дно да глыб. 0,5—1 м пясчанае, ніжэй ілістае. Зарастае. Упадаюць 2 ручаі, выцякае ручай у р. Чарнічанка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУРЭ́НАВЫЯ, мурэны (Muraenidae),
сямейства рыб атр. вугрападобных. Каля 18 родаў, больш за 120 відаў. Пашыраны ў трапічных і субтрапічных морах. Жывуць каля берагоў у расколінах камянёў, падводных гротах і пячорах. Найб. вядомыя М. родаў гімнаторакс (Gymnothorax), лікадонтыс (Lycodontis), мурэна (Muraena).
Даўж. ад 10 см да 3 м. Цела змеепадобнае, скура голая. Афарбоўка яркая, разнастайная, з плямамі і палосамі. Грудныя плаўнікі адсутнічаюць. Зубы шматлікія, доўгія, вострыя. Драпежнікі, кормяцца рыбамі, галаваногімі малюскамі, ракападобнымі. У развіцці праходзяць стадыю лептацэфала (кароткае тупое рыла, закруглены хваставы плаўнік, слабая пігментацыя). Аб’ект промыслу. У некаторых відаў М. мяса ядавітае.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУХТА́РАЎ (Гусейн) (11.7.1914, г. Мешхед, Іран — 9.4.1980),
туркменскі драматург. Скончыў Літ.ін-т імя Горкага ў Маскве (1953). Друкаваўся з 1941. Аўтар п’ес, лібрэта опер і балетаў, кінасцэнарыяў (усяго больш за 30, некаторыя — у сааўт.). У п’есах «Я — старшыня» (1942), «Каханне і паклёп» (1943), «Алтын» (1945), «Сям’я Алана» («Гонар сям’і», паст. 1949; Дзярж. прэмія СССР 1951), «Вясёлы госць» (1954), «Трыццатыя гады» (паст. 1958), «Хто злачынец?» (1963), «Прыгожая» (1972), «Я жанюся на бабулі», «Брыгадзір» (абедзве паст. 1977), скіраваных супраць гультайства, паразітызму і прыстасавальніцтва, спалучаны гуманістычны пафас і дабрадушны гумар, грамадзянскасць пазіцыі аўтара і псіхалагічна тонкае пранікненне ў характары герояў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕДАНО́ШАНАЕ ДЗІЦЯ́,
дзіця, што нарадзілася заўчасна (22—38 тыдняў цяжарнасці).
У Н.д. тонкая, у складкі скура, на твары маршчыністая, слаба развітыя пазногці, мяккія вушныя ракавіны (усяго больш за 50 прыкмет). Мае фізіял. асаблівасці — аслабленае дыханне. вяласць, санлівасць, зніжаны імунітэт, тэрмалабільнасць і інш., у выніку — схільнасць да захворванняў. У першыя гады жыцця можа адставаць у фіз. і псіх. развіцці ў залежнасці ад ступені неданошанасці. Вылучаюць групу глыбока Н.д. (500—1000), сярод якіх асабліва высокія паказчыкі захваральнасці і смяротнасці. Выходжванне Н.д. ажыццяўляецца ў мед. апаратах (кувезах) у спец. установах. Мерапрыемствы па прафілактыцы праводзяцца ў дародавы перыяд (антэнатальная ахова плода). Гл. таксама Невыношванне цяжарнасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІМФАЛІ́ДЫ (Nymphalidae),
сямейства насякомых атр. матылёў. Самае шматлікае і пашыранае сярод дзённых матылёў. Больш за 2 тыс. відаў. Пашыраны ўсюды, асабліва разнастайныя ў тропіках. На Беларусі 36 відаў (4 падсям., 11 родаў); шырока вядомы крапіўніцы. пераліўніцы, перламутраўкі, шашачніцы і інш. Трапляюцца на лугах, лясных палянах, узлесках, садах, парках.
Размах крылаў да 18 см (на Беларусі — да 7 см). Афарбоўка пераважна яркая, стракатая. Вусікі булавападобныя або расшыраныя на канцы Пярэднія ногі ўкарочаныя, без кіпцюркоў. Вусені ўкрыты шыпападобнымі скуранымі вырастамі. Кормяцца лісцем дрэў, кустоў, травяністых раслін. Кукалкі вуглаватыя, часта з метал. бляскам, звісаюць уніз галавой.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІТРОЗАЗЛУЧЭ́ННІ,
арганічныя злучэнні, якія маюць у малекуле 1 або 2 нітрозагрупы (-N=O), звязаныя з атамам вугляроду арган. радыкала, R-N=O. Звычайна Н. — раўнаважная сумесь манамераў і дымераў. Для дымераў характэрна геаметрычная ізамерыя; у дымерных Н. традс-ізамеры больш стабільныя.
У індывід. стане большасць Н. знаходзіцца ў дымернай форме. Наяўнасць электронаакцэптарных груп у радыкале Н. прыводзіць да існавання толькі манамераў (напр., нітрозатрыхлорметан CCl3NO). Манамерныя Н. — газы або вадкасці блакітнага ці зялёнага колеру, дымерныя — бясколерныя крышталі [напр., нітрозаметан, дымер (CH3NO)2]. Выкарыстоўваюць у сінтэзе фарбавальнікаў, амінакіслот, гетэрацыклічных злучэнняў, лек. прэпаратаў, эластамераў (фторкаўчуку). Некаторыя Н. з’яўляюцца канцэрагеннымі і мутагеннымі рэчывамі.