экстэрарэцэ́птары

(ад лац. exter = знешні + рэцэптары)

рэцэптары, якія ўспрымаюць раздражненні знешняга асяроддзя; размешчаны на паверхні цела, уключаючы і слізістую абалонку носа, поласці рота і паверхні языка (параўн. інтэрарэцэптары).

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

вако́льны, ‑ая, ‑ае.

1. Размешчаны наўкола. Вакольныя нівы. □ Адсюль добра відны вакольныя вёскі, зялёныя палі з лугамі, лес за сялом. Каваль.

2. Які ляжыць у баку ад самага кароткага шляху, кружны. Ехаць вакольнай дарогай. □ [Мужчыны] выйшлі на Жукаву вуліцу, каб абагнуць рынак і вакольным шляхам спусціцца на Лог. Гартны.

3. у знач. наз. вако́льнае, ‑ага, н. Навакольнае асяроддзе. У некаторых апавяданнях наглядаецца чулае, індывідуальнае ўспрыманне ўсяго вакольнага. Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

луска́, ‑і, ДМ ‑сцэ, ж.

1. Дробныя пласцінкі, якія размешчаны на паверхні цела некаторых пазваночных жывёлін (рыб, яшчарак, змеяў). Цэлымі стайкамі хадзілі .. [плоткі] пад лазовымі кустамі, пабліскваючы на сонцы срэбнай луской. Лынькоў. А гэтым часам пры сасонцы Гадзюка грэецца на сонцы, — Блішчыць на ёй узор лускі. Крапіва.

2. Слаістае покрыва чаго‑н. Луска цыбулі. □ Зашамацела над галавой сасновая луска: відаць, вавёрачка схавалася ў густую крону. Курто.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

набярэ́жны, ‑ая, ‑ае.

1. Размешчаны на беразе, каля берага. Ліна апранула плашч і падалася на бульвар да набярэжнага парапета. Хомчанка. Аднойчы пад вечар, ідучы з працы па набярэжным бульвары, Міхась нечакана сустрэў.. франтавіка з іх вёскі. Машара.

2. у знач. наз. набярэ́жная, ‑ай, ж. Бераг, умацаваны сцяной з граніту, каменю і г. д. Гранітная набярэжная. // Вуліца, якая ідзе ўздоўж такога берага. Буднік дайшоў да універсітэцкай набярэжнай. Галавач.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

паса́джаны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад пасадзіць.

2. Дзеепрым. зал. пр. Змешчаны, размешчаны нейкім чынам (пра вочы, вушы і інш.). Доўгія, трохі блізка адно да аднаго пасаджаныя вочы глядзелі сумна і засяроджана. Караткевіч. Крыху дзіўна пасаджаныя вушы стваралі ўражанне, быццам галава ў Берсана заўсёды адкінута назад. Мехаў. Вялікая, нізка пасаджаная галава [зубра] з чорнай барадой і шырокія мускулістыя грудзі здзіўляюць сваёй веліччу і магутнасцю. В. Вольскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пры́гарад, ‑а, М ‑дзе, м.

1. Населены пункт, размешчаны паблізу вялікага горада, побач з горадам. Прыгарады Мінска. □ Праз белую заслону мільгалі збудаванні прыгарадаў: невыразныя абрысы цагляных будынкаў, коміны, парніковыя рамы каля самай дарогі. Шамякін. Справа і злева зазелянелі садзікі, у якіх туліліся невялікія дамы прыгарада. Корбан.

2. У старажытнай Русі — горад, пасяленне, якія адміністрацыйна і эканамічна падпарадкоўваюцца другому, больш буйнаму гораду. Прыгарады Вялікага Ноўгарада.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сферы́чны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да сферы (у 1, 2 знач.), які мае форму сферы, шара. Сферычная паверхня. □ [Акно] было шырокае, амаль на ўсю сцяну кабінета, і мела сферычную форму. Шыцік.

2. У геаметрыі — размешчаны на сферы; характэрны для яе паверхні. Сферычны трохвугольнік. // Які вывучае ўласцівасці геаметрычных фігур, размешчаных на сферы. Сферычная геаметрыя.

•••

Сферычная астраномія — аддзел астраноміі, які вывучае бачны рух свяціл па нябеснай сферы.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

тае́жны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да тайгі, з’яўляецца тайгой. Таежны лес. // Які знаходзіцца, размешчаны ў тайзе. Таежны пасёлак. □ Бяжыць, уцякае ад .. [тайгі] сталёвая лента, дзе-нідзе пераскочыць цераз таежную рэчку. Васілевіч. // Які жыве ў тайзе; працуе ў тайзе. Таежны паляўнічы. □ У нанайцаў няма ні палёў, ні садоў, ловяць рыбу яны, б’юць таежных звяроў. Дубоўка.

2. Уласцівы тайзе, яе жыхарам. Таемныя звычаі. Таежнае жыццё.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

АРАВІ́ЙСКІ АРТЭЗІЯ́НСКІ БАСЕ́ЙН,

размешчаны на аднайм. паўвостраве, займае б. ч. тэр. Саудаўскай Аравіі. Пл. каля 1500 тыс. км². Прымеркаваны да Аравійскай пліты з дакембрыйскім фундаментам. Асн. ваданосныя комплексы звязаны з палеазойскімі, мезазойскімі, палеагенавымі і неагенавымі адкладамі. Дэбіты свідравін 0,1—79 л/с і больш (у аазісе Эль-Хаса 227 л/с), крыніц 0,5—528 л/с (некаторыя фантануюць). Мінералізацыя вады 1—5,5 г/л. Рэсурсы падземных водаў папаўняюцца пераважна ад інфільтрацыі атм. ападкаў і кандэнсацыі вільгаці. Воды басейна выкарыстоўваюць на забеспячэнне нас. пунктаў, прамысловасці, на арашэнне.

т. 1, с. 448

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВО́ЛЬНАЎСКАЯ ТРО́ІЦКАЯ ЦАРКВА́,

помнік архітэктуры ракако. Пабудавана ў 1768 у в. Вольна (Баранавіцкі р-н Брэсцкай вобл.) як уніяцкі касцёл базыльян, з 1895 правасл. царква. Мураваная 3-нефавая, 2-вежавая базіліка з паўкруглай апсідай, бакавымі сакрысціямі і трансептам. Гал. фасад вырашаны хвалістай плоскасцю сцяны, завершанай тонка прафіляваным карнізам, па вуглах і цэнтры ўмацавана ступеньчатымі контрфорсамі, крапавана тонкімі пілястрамі, лучковымі нішамі. У цэнтры размешчаны ляпны картуш з лісця аканту, з каронай і воінскай атрыбутыкай. У арх. дэкоры — плоскія нішы, валюты, вазы, вытанчаныя капітэлі.

А.​М.​Кулагін.

Вольнаўская Троіцкая царква.

т. 4, с. 267

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)