ІНСТЫТУ́Т МАТЭМА́ТЫКІНацыянальнай акадэміі навук Беларусі.
Засн. ў 1959 у Мінску на базе матэм. лабараторый Ін-та фізікі і матэматыкі АН Беларусі (існаваў у 1955—59). Да 1965 наз.Ін-т матэматыкі і выліч. тэхнікі. У ін-це 13 аддзелаў, аспірантура, дактарантура, саветы па абароне канд. і доктарскіх дысертацый.
Асн. кірункі навук. даследаванняў: алгебра, алгебраічная геаметрыя і тэорыя лікаў; дыферэнцыяльныя ўраўненні і тэорыя ўстойлівасці; выліч матэматыка і матэм. мадэляванне, матэм. кібернетыка і стахастычны аналіз; нелінейны аналіз і тэорыя працэсаў кіравання. Распрацаваны: тэорыя вырашальных і нільпатэнтных лінейных груп і груп падстановак; прыведзеная К-тэорыя, яе унітарны і спінарны варыянты; эфектыўныя метады рашэння дыяфантавых ураўненняў; метрычная тэорыя трансцэндэнтных лікаў, у якой вырашана Малера праблема; тэорыя характарыстычных паказчыкаў Ляпунова дыферэнцыяльных сістэм з малымі адхіленнямі; тэорыя ўраўненняў у поўных вытворных; лікавыя метады і праграмныя сродкі рашэння шматмерных задач матэм. фізікі; тэорыя набліжанага функцыянальнага інтэгравання; тэорыя пабудовы паралельных алгарытмаў, адэкватных шматпрацэсарным выліч. сістэмам; алгарытмы і метады рашэння задач камбінаторнай аптымізацыі і выліч. геаметрыі; тэорыя поліэдральнага квазідыферэнцыравання нягладкіх адлюстраванняў і мультыадлюстраванняў; аператарныя метады даследавання шматпараметрычных дыскрэтных сістэм кіравання; якасная тэорыя аптымальнага кіравання і канструктыўныя метады рашэння экстрэмальных задач. Вырашаны праблемы апраксімацыі і максімальнасці ў арыфм. групах. Даследаваны ўласцівасці рашэнняў дыферэнцыяльных ураўненняў Пенлеве і сістэм Пфафа. Ін-т выдае міжнар.час. «Дифференциальные уравнения». У ін-це працавалі акад.АН Беларусі М.П.Яругін, Дз.А.Супруненка, У.І.Крылоў, Я.А.Барбашын, С.А.Чуніхін, У.Г.Спрынджук, У.П.Платонаў, чл.-кар. Э.І.Груда, А.Я.Залескі, працуюць акад. Нац АН Беларусі І.В.Гайшун (дырэктар з 1992), М.А.Ізобаў, чл.-кар. Ф.М.Кірылава, Л.А.Яновіч.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНСЕРВА́ЦЫЯ (ад лац. conservo захоўваю) у выяўленчым мастацтве і архітэктуры, сукупнасць мер, накіраваных на працяглае захаванне аблічча (першапачатковага або на момант К.), мех. трываласці і хім. інертнасці помнікаў гісторыі і культуры (арх. збудаванняў, твораў выяўл. і дэкар. мастацтва, кніг, рукапісаў і інш.). Непасрэдна звязана з рэстаўрацыяй. У музеях, б-ках, архівах і інш. дзякуючы рэжыму ацяплення, вентыляцыі, кандыцыяніравання паветра прадметам забяспечваюцца аптымальныя ўмовы захавання (пастаянная тэмпература, вільготнасць, састаў паветра, ахова ад уздзеяння прамога святла, пылу, шкодных рэчываў, насякомых і інш.). Пры спец. рэжыме захоўвання ў музеях выкарыстоўваюць вітрыны з фільтрамі для ачысткі паветра, акантоўку пад шкло для экспанавання, укладанне ў паспарту і захаванне ў адмысловых папках і шафах, апрацоўку спец. сродкамі. Пры К. арх. збудаванняў і помнікаў манум. мастацтва ўмацоўваюць грунт, сцены, скляпенні, узводзяць агароджы, навесы, ахоўныя павільёны. Драўляныя пабудовы прамочваюць бясколернымі воданепрымальнымі сінт. злучэннямі.
Адрозніваюць 2 віды К. помнікаў: часовую (забяспечвае захаванне ў некранутым выглядзе і дае магчымасць даследаваць помнік, вывучаць прычыны яго разбурэння) і пастаянную (прадугледжвае стварэнне ўмоў для працяглага яго захавання і экспанавання). Пастаянная К. цалкам або часткова праводзіцца разам з рэстаўрацыйнымі работамі. Распрацоўку метадаў К. ажыццяўляюць спец лабараторыі і рэстаўрац. майстэрні, на Беларусі — Камітэт па рэстаўрацыі і кансервацыі помнікаў Мін-ва культуры і друку.
На Беларусі К. помнікаў праводзяць з канца 19 ст. (Барысаглебская царква 12 ст. ў Гродне, у 1898 і 1910).
Літ.:
Marconi B. O sztuce konserwacji. Warszawa, 1982;
Ślesiński W. Konserwacja zabytków sztuki. Warszawa, 1989.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНСТЫТУ́ЦЫЯ БЕЛАРУ́СКАЙ ССР 1978.
Прынята 14.4.1978 на нечарговай 9-й сесіі Вярх. Савета БССР 9-га склікання. Складалася з прэамбулы і 10 раздзелаў, у якіх 19 глаў, 172 артыкулы. Пабудавана ў адпаведнасці з Канстытуцыяй СССР 1977. Канстатавала, што працоўныя Беларусі з дапамогай рус. пралетарыяту ўпершыню здабылі сваю дзяржаўнасць, у краіне пабудавана развітое сацыяліст. грамадства, сфарміравалася новая гіст. супольнасць людзей — савецкі народ. Вызначалася паліт. сістэма грамадства, элементамі якой з’яўляліся дзяржава, КПСС (як кіруючая і накіроўваючая сіла сав. грамадства, ядро яго паліт. сістэмы), грамадскія арг-цыі і прац. калектывы. Гал. формай улады прызнана ўлада народа — крыніца дзярж. суверэнітэту. Органы дзярж. улады пачалі называцца Саветамі нар. дэпутатаў. Колькасць асн. правоў, свабод і абавязкаў грамадзян была значна павялічана. Суверэнітэт БССР у складзе Саюза ССР быў абмежаваны арт. 73 Канстытуцыі СССР, паза межамі якога БССР магла самастойна ажыццяўляць дзярж. ўладу на сваёй тэрыторыі. Вышэйшым органам дзярж. улады рэспублікі з’яўляўся Вярх. СаветБССР і яго пастаянна дзеючы орган — Прэзідыум Вярх. Савета, вышэйшым выканаўчым і распарадчым органам — СМБССР, мясц. органамі дзярж. улады і кіравання — мясц. Саветы нар. дэпутатаў і іх выканкомы. Упершыню ў канстытуцыйнай практыцы рэспублікі ўводзіліся такія формы прамой дэмакратыі, як усенар. абмеркаванне найб. важных пытанняў дзярж. жыцця і іх вынясенне на рэферэндум. Канстытуцыйна замацоўваліся прынцыпы дэмакр. цэнтралізму пабудовы органаў дзярж. улады і кіравання. Асобны артыкул прысвячаўся ролі прац. калектываў. Дапускалася індывід.прац. дзейнасць грамадзян. Устанаўліваліся дзярж. сімвалы, гімн і сталіца, працэдура змянення Канстытуцыі рэспублікі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНФЕДЭРА́ЦЫЯ (ад позналац. confoederatio саюз, аб’яднанне),
форма саюза дзяржаў, пры якой дзяржавы, што ўваходзяць у саюз, захоўваюць свой суверэнітэт у поўным аб’ёме. Спалучае рысы міжнар.-прававой і дзярж. арг-цыі. У розны час К. былі: Аўстра-Венгрыя (да 1918), Швецыя і Нарвегія (да 1905), ЗША (1781—89), Швейцарыя (1815—48) і інш. У наш час у свеце існуе толькі адно ўтварэнне, якое мае прыкметы К., — Еўрапейскі Саюз.
Вопыт сведчыць, што форма К. з’яўляецца пераходнай або да поўнага распаду саюза, або да федэратыўнай формы дзярж.пабудовы. Асн. рысы К.: утварэнне на аснове адпаведных дагавораў; суб’екты маюць права свабоднага выхаду з яе; рашэнні саюзнай улады не маюць сілы без згоды суб’ектаў; у распараджэнне К. ўваходзіць невял. кола пытанняў (вайны і міру, знешняй палітыкі, сістэмы камунікацый і інш); у К. ствараюцца толькі тыя дзярж. органы, якія неабходны для вырашэння задач, спецыяльна вызначаных у дагаворных актах; парламент фарміруецца прадстаўнічымі органамі суб’ектаў, якія абавязваюць свае дэлегацыі няўхільна выконваць выдадзеныя ім інструкцыі і ўказанні; пастаянна дзеючыя органы К. пазбаўлены ўласных паўнамоцтваў; суб’ектам К. належыць права адмовы ў прызнанні або адмова ва ўжыванні актаў саюзнай улады; бюджэт К. фарміруецца за кошт добраахвотных узносаў яе суб’ектаў; суб’екты маюць права ўстанаўліваць мытныя і інш. абмежаванні, што перашкаджаюць перамяшчэнню асоб, тавараў, паслуг і капіталаў; як правіла, у К. адсутнічае адзіная сістэма грашовага абарачэння; вайсковыя фарміраванні набіраюцца суб’ектамі К., прычым часта захоўваецца іх двайное падпарадкаванне органам К. і яе суб’ектаў; у К. няма саюзнага грамадзянства.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУЛЬМІНА́ЦЫЯ (ад лац. culmen вяршыня),
1) у літаратурным творы — найбольш напружаны момант у развіцці дзеяння, вырашальны, пераломны момант ва ўзаемаадносінах, сутыкненнях герояў або паміж героем і абставінамі. У К. раскрываецца вастрыня канфлікту, што рэалізуецца ў сюжэце твора. К. найлепш выяўляецца ў творах эпічных і драм. жанраў. Напр., у апавяданні Я.Коласа «Малады дубок» К. — сцэна прызнання Андрэя Плеха ляснічаму аб пакражы ў панскім лесе. У навеле К. звычайна перанесена бліжэй да фіналу, уяўляе сабой кантрастную сітуацыю ў адносінах да нечаканай развязкі; у рамане ці драме развязка пасля К. адбываецца паступова. У творах вял. формы кожная сюжэтная лінія мае сваю К.
2) У музыцы — момант найвышэйшага напружання ў муз. творы ці якой-н. адносна завершанай яго частцы. Прысутнічае ва ўсіх узроўнях формы музычнай (свае К. ўзнікаюць у фразе, сказе, перыядзе і інш.), і таму форма твора — сістэма кульмінацый. К. мелодыі ці ўсяго твора звычайна знаходзіцца паблізу ад пункта залатога сячэння (напр., гук ці група гукаў, якія ўтвараюць рэгістравую вяршыню ў 2-й пал. меладычнай пабудовы; працяглая кульмінацыйная зона ў санатнай форме на мяжы распрацоўкі і рэпрызы). Гал. (генеральная) К. ўтварае сэнсавы цэнтр твора перад прынцыповым завяршэннем формы. У арганізацыі К. могуць удзельнічаць усе муз.-выразныя сродкі: гукавышыннасць. гучнасная дынаміка, метрычныя акцэнты, ладавая няўстойлівасць, фактура, аркестроўка і інш. К. музычна-сцэн. твора фарміруецца ў адпаведнасці з агульнымі законамі драмы (гл.Драматургія музычная).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГНІТАГІДРАДЫНАМІ́ЧНЫ ГЕНЕРА́ТАР, МГД-генератар,
электрычная ўстаноўка, якая непасрэдна пераўтварае энергію рабочага цела ў электрычную. Прынцып дзеяння заключаецца ў тым, што пры руху рабочага цела — электраправоднага асяроддзя (вадкага або газападобнага электраліту, вадкага металу, іанізаваных газаў — плазмы) упоперак магн. поля ў адпаведнасці з законам электрамагнітнай індукцыі ў рабочым целе індуцыруецца эл. ток, які адводзіцца ў эл. ланцуг. Ідэя М.г. выказана М.Фарадэем у 1831, прынцыпы пабудовы сфармуляваны ў 1907—22, практычная рэалізацыя пачалася ў канцы 1950-х г. з развіццём магнітнай гідрадынамікі і фізікі плазмы. Найб. значныя распрацоўкі МГД-генератараў і МГД-электрастанцый выкананы ў Ін-це высокіх т-рРас.АН.
М.г. складаецца з канала (з саплом, рабочай ч., дыфузарам), у якім фарміруецца паток плазмы, індуктара, што стварае стацыянарнае або пераменнае — бягучае магн. поле, і сістэмы зняцця энергіі з дапамогай электродаў (кандукцыйныя М.г.) або індуктыўнай сувязі патоку з ланцугом нагрузкі (індукцыйныя М.г.). Плазмай з’яўляюцца прадукты згарання прыродных або спец. паліваў з дабаўкамі злучэнняў шчолачных металаў (павялічваюць эл. праводнасць плазмы). Адрозніваюць М.г. імпульсныя (даюць імпульсы току працягласцю да некалькіх мікрасекунд), кароткачасовага дзеяння і тыя, што працуюць працягла. Могуць выкарыстоўвацца на эл. станцыях (у т. л. на АЭС), ва ўстаноўках для пакрыцця пікавых нагрузак і рэзервовых, для сілкавання суднаў, лятальных апаратаў і інш.
У.Л.Драгун.
Схема дыскавага холаўскага магнітагідрадынамічнага генератара: 1 — абмотка індуктара; 2 — канал генератара; 3 — падвод рабочага цела; 4, 5 — выхадны і ўваходны холаўскія электроды; R — супраціўленне нагрузкі; u — скорасць; B — магнітная індукцыя; Iф — фарадэеўская кампанента току.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКІ КАСЦЁЛ І КЛЯ́ШТАР БЕРНАРДЗІ́НАК,
помнік архітэктуры барока ў Мінску. Уваходзіў у ансамбль Высокага рынку (сучасная пл. Свабоды). Засн. ў 1633 А.Слушкам. Напачатку пабудаваны драўляныя касцёл і кляштар, у 1642 пачалі ўзводзіць мураваныя будынкі, у 1687 новы касцёл асвячоны. У 1741—65 пасля пажару касцёл рэканструяваны. Кляштар уключаў касцёл, жылы корпус, флігель і гасп.пабудовы. Касцёл і жылы корпус утваралі замкнёны ўнутр. двор. З ПнУ ад жылога корпуса знаходзіцца 2-павярховы лямус, з ПдУ — 3-павярховы флігель, накрыты вальмавым дахам. У кампазіцыі дамінуе будынак касцёла — 3-нефавая 6-слуповая базіліка з 3-граннай алтарнай апсідай, да якой сіметрычна прыбудаваны прамавугольныя ў плане сакрысціі. Гал. фасад з дзвюма 6-яруснымі вежамі (выш. 34 м), завершанымі складанымі барочнымі купаламі, дэкарыраванымі пілястрамі, прафіляванымі карнізамі, праёмамі і нішамі з паўцыркульнымі завяршэннямі. Паміж вежамі размешчаны складаны па малюнку шчыт, упрыгожаны падвойнымі пілястрамі, карнізнымі паясамі. Бакавыя фасады раскрапаваны пілястрамі, карнізнымі паясамі, прарэзаны вял. лучковымі і арачнымі аконнымі праёмамі. Інтэр’ер у 1-й пал. 19 ст. ўпрыгожаны 7 стукавымі алтарамі. Жылы корпус 2-павярховы прамавугольны ў плане. Яго паўд.-ўсх. фасад вылучаны 2 рызалітамі. Рытм фасадаў ствараюць прамавугольныя аконныя праёмы і пілястры. У 1853 кляштар скасаваны. Пасля задушэння паўстання 1863—64 у будынку працавала дзярж. следчая камісія. З 1870 у будынках кляштара размяшчаўся правасл. манастыр св. Духа. Пасля Вял.Айч. вайны ў ім — правасл. кафедральны сабор.
У.М.Дзянісаў.
Мінскі касцёл і кляштар бернардзінак.Да арт.Мінскі касцёл і кляштар бернардзінак. Інтэр’ер сучаснага кафедральнага сабора. 1999.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЯ́ДЗЕЛЬСКІ ЗА́МАК.
Існаваў у 15 — пач. 18 ст. Пабудаваны на месцы гарадзішча 11—14 ст. на востраве воз. Мястра. Складаўся з мураваных вежы, палаца і знешняга абарончага комплексу. Меў круглую ў плане вежу-данжон. Яе знешні дыяметр 17,5 м, унутраны — 10 м, таўшчыня сцен каля 3,5 м. Паводле малюнка з карты ВКЛ (1613) Т.Макоўскага вежа мела некалькі (верагодна, 5) ярусаў і дасягала выш. 30 м. Па сваіх параметрах яна была блізкая да Камянецкай вежы. У 16 ст. да вежы з З прыбудаваны прамавугольны мураваны палац. Пляцоўка М.з. была абведзена мурам з валуноў на вапне. З усх. боку таўшчыня замкавых муроў 2 м, з астатніх бакоў, прыкрытых возерам, — 1,5—1,7 м. Асн. ўпор у абароне замка рабіўся на 5 мураваных паўкруглых бастэй, разлічаных, відаць, на размяшчэнне тут гармат для стральбы ўздоўж сцен. Бастэі М.з. лічацца самымі раннімі на Беларусі і папярэднічаюць бастыёнам. У паўд.-ўсх. куце замка выяўлены падмурак цыліндрычнай вежы дыяметрам 10 м і сцены 2-метровай таўшчыні. На малюнку Макоўскага зафіксаваны 3 вежы. На замкавым дзядзінцы стаялі гасп.пабудовы, жылыя дамы. У 17 ст. замак дадаткова ўмацаваны ніжнім поясам абароны — земляным валам з бастыёнамі і ровам, які запаўняўся вадой з возера. Бастыён і вал адсутнічалі толькі з усх. боку, дзе да замка блізка падступала возера. Сувязь з берагам ажыццяўлялася па драўляным мосце на палях. М.з. — прыклад спалучэння асаблівасцей зах.-еўрап. фартыфікацыі з мясц. абарончымі элементамі. Разбураны ў час Паўн. вайны 1700—21.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЭ́РУ (Джавахарлал) (14.11.1889, г. Алахабад, Індыя — 27.5.1964),
палітычны і дзярж. дзеяч Індыі. Юрыст. Сын М.Нэру. Бацька І.Гандзі. Скончыў школу ў Хараў і Кембрыджскі ун-т. Чл.Індыйскага нацыянальнага кангрэса (ІНК, з 1912). З 1916 актыўны ўдзельнік інд.нац.-вызв. руху. Бліжэйшы паплечнік М.К.Гандзі. Адзін з арганізатараў масавых кампаній грамадз. непадпарадкавання брыт. уладам. За сваю дзейнасць 9 разоў быў арыштаваны брыт. ўладамі, правёў у турмах больш за 10 гадоў. Неаднаразова быў выбраны старшынёй ІНК (1929—30, 1936—37, 1946, 1951—54). Прэм’ер-міністр і міністр замежных спраў Індыі (1947—64). Вял. ўплыў на яго грамадска-паліт. погляды зрабілі сацыяліст. ідэі; быў прыхільнікам пабудовы ў Індыі некапіталіст. грамадства, адначасова стаяў за шматукладнасць у эканоміцы і падтрымку нац. вытворцаў. Удзельнічаў у распрацоўцы 5 гадовых планаў развіцця інд. гаспадаркі. У знешняй палітыцы — адзін з аўтараў пяці прынцыпаў мірнага суіснавання, адзін з заснавальнікаў недалучэння руху і ініцыятараў Бандунгскай канферэнцыі 1955. Шмат зрабіў для стварэння і ўмацавання ў Індыі прадстаўнічай дэмакр. сістэмы, ін-таў інд. федэралізму, ажыццяўлення аграрнай рэформы.
Тв.:
Рус.пер. — Автобиография. М., 1955;
Внешняя политика Индии: Избр. речи и выступления, 1946—1964. М., 1965;
Взгляд на всемирную историю: Письма к дочери из тюрьмы, содержащие свободное изложение истории для юношества. Т. 1—3. М., 1989;
Открытие Индии. Кн. 1—2. М., 1989.
Літ.:
Насенко Ю.П. Джавахарлал Неру и внешняя политика Индии. М., 1975;
Вафа А.Х., Литман А.А. Философские взгляды Джавахарлала Неру. М., 1987;
Мартышин О.В. Политические взгляды Джавахарлала Неру. М., 1981.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РА́СЕЛ (Russell) Бертран Артур Уільям, лорд (18.5.1872, Трэлек, Вялікабрытанія — 2.2.1970), англійскі матэматык, філосаф, грамадскі дзеяч; адзін са стваральнікаў сучаснай матэматычнай логікі. Скончыў Кембрыджскі ун-т (1894). Прафесар шэрагу ун-таў Вялікабрытаніі і ЗША. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (з 1908). Адкрыў лагічны парадокс (названы яго імем), які прывёў да пабудовы арыгінальнага варыянта аксіяматычнай тэорыі мностваў. Аўтар (з А.Уайтхедам) фундаментальнай працы «Асновы матэматыкі» (т. 1—3, 1910—13). Адзін са стваральнікаў канцэпцыі лагічнага атамізму і роданачальнік неапазітывізму. Прызнаваў рэальнасць толькі «пачуццёвых даных», тлумачыў іх у духу «нейтральнага манізму», зыходзячы з якога разглядаў паняцці «дух» і. «матэрыя» як лагічныя канструкцыі з «пачуццёвых даных». Дапускаў існаванне «атамарных фактаў», якія, у адрозненне ад «элементаў вопыту», аб’ектыўныя, але іх аб’ектыўнасць заснавана толькі на веры ў быццё знешняга свету. У галіне этыкі лічыў найвышэйшай мэтай жыццё, якое накіроўваецца пачуццёвай любоўю і зыходзіць з веры ў магутнасць розуму. У палітыцы выступаў супраць тэорый, якія падпарадкоўваюць асобу дзяржаве, асуджаў фашызм і камунізм. Быў адным з ініцыятараў Пагуашскага руху. Аўтар прац «Філасофія лагічнага атамізму» (1918), «Перспектывы індустрыяльнай цывілізацыі» (1923), «Улада і асоба» (1949), «Цвярозы розум і ядзерная вайна» (1960) і інш. Сааўтар «Маніфеста Расела—Эйнштэйна» (1955), прасякнутага ідэяй неабходнасці мысліць па-новаму ў ядзерны век. Нобелеўская прэмія па л-ры 1950.
Тв.:
Рус.пер. — Воздействие науки на общество. М., 1952;
Человеческое познание. Его сфера и границы. М., 1957;