СТАСЕ́ВІЧ Іван Нічыпаравіч (9.1.1929, в. Мядзведня Старадарожскага р-на Мінскай вобл. — 11.9.1998),

бел. жывапісец. Засл. дз. маст. Беларусі (1980). Скончыў Мінскае маст. вучылішча (1952), Маскоўскі маст. ін-т імя В.​Сурыкава (1958). У 1958—95 выкладаў у Бел. тэатр.-маст. ін-це (з 1980 праф.). Пісаў сюжэтна-тэматычныя карціны, пейзажы, нацюрморты. Творам характэрны стрыманасць каларыту, манументалізацыя вобразнага ладу. У палотнах «У беларускіх балотах» (1958), «Брэсцкая крэпасць» (1961), «Няскораныя» (1966), «Клятва» (1967), «Радасная сустрэча» (1968), «Суровае юнацтва» (1971), «Плачуць бярозы» (1975), «Вызваленне Барысаўшчыны» (1980), «За Беларусь. Аперацыя «Баграціён» (1984) і інш. увасоблена тэма Вял. Айч. вайны. Тэме працы прысвечаны карціны «Ангара-Ангара» (1960), «Шахцёры Салігорска» (1963), «Полацкі нафтазавод» (1975) і інш. Аўтар партрэтаў Героя Сац. Працы І.​М.​Сакольчыка (1972), Маршала Савецкага Саюза Г.​К.​Жукава (1973), «Сын палка. В.​Дончык» (1974), лётчыка Г.​Лі (1975), Г.​У.​Юшкевіча і Героя Сав. Саюза В.​З.​Каржа (1978), «Партызаны, партызаны... (партрэт Я.​Купалы)» (1980), мастака А.​Бембеля (1983) і інш. Стварыў цыклы краявідаў Мурманска (1955), Байкала (1956), Наўгародчыны (1971—75), Ленінграда (1973), Браслаўшчыны (1975), В’етнама (1985), шэраг нацюрмортаў.

Літ.:

Шныпаркоў А.М. І.​Н.​Стасевіч. Мн., 1985.

І.Стасевіч. Партрэт Маршала Савецкага Саюза Г.​К.​Жукава. 1973.

т. 15, с. 168

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТРО́ЦЫ [Strozzi; празваны Капучына

(Cappuccino),

а таксама Прэтэ Джэнавезе (Prete Genovese)] Бернарда (1581, г. Генуя, Італія — 2.8.1644), італьянскі жывапісец, прадстаўнік барока. Вучыўся ў Генуі ў П.​Соры (1595—97). Зазнаў уплывы П.П.Рубенса, П.Веранезе. З 1597 капуцын, пісаў пераважна невял. абразы ў духу маньерызму. У 1610 атрымаў дазвол пакідаць кляштар для заняткаў мастацтвам, што паспрыяла станаўленню яго стылю, які вызначаўся свабоднай, сакавітай манерай пісьма, тонкасцю каларыту, гульнёй святлаценю, жыццёвай праўдзівасцю вобразнага ладу: карціны «Кухарка» (паміж 1615—18), «Рай» (1625), «Мадонна з дзіцем, святымі і анёламі» (1629), «Адрачэнне апостала Пятра», «Тлумачэнне сну Іосіфам», «Пакланенне пастухоў»; серыя партрэтаў; фрэскі ў палацы маркізаў Чэнтурыёні ў Сан-П’етра д’Арэна (1623—25), у касцёле Сан-Даменіка ў Генуі (1625) і інш. У 1630 адмовіўся вярнуцца ў кляштар, быў зняволены, пазней жыў у Венецыі, дзе стаў адным з буйнейшых партрэтыстаў (партрэт дожа Ф.​Эрыца, 1631, і інш.). Сярод інш. твораў: размалёўка скляпення б-кі Марчыяна («Алегорыя Скульптуры», 1635), карціны «Баляванне ў Сімона Фарысея», «Выкраданне Еўропы», «Пакутніцтва святога Себасцьяна», «Святы Лаўрэнцій падае міласціну», «Мінерва», «Алегорыя Добрага імя» і інш. Паўплываў на развіццё генуэзскай і венецыянскай школ жывапісу.

С.​У.​Пешын.

Б.Строцы. Кухарка. Паміж 1615—18.

т. 15, с. 207

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТРАДЗЬЯКО́ЎСКІ Васіль Кірылавіч (5.3.1703, г. Астрахань, Расія — 17.8.1768),

рускі пісьменнік, філолаг. Вучыўся ў Славяна-грэка-лац. акадэміі (Масква, 1723—26), Сарбоне (1727—30). У 1732—59 перакладчык у Пецярбургскай АН (з 1745 акад.). Пераклаў раманы П.​Тальмана «Паездка ў востраў Кахання» (1730; дадаў да яго свае любоўныя вершы, напісаныя мовай, блізкай да размоўнай), Д.​Барклея «Аргеніда» (1751), рус. гекзаметрам раман Ф.​Фенелона «Прыгоды Тэлемака» («Тылемахіда», 1766). У трактаце «Новы і кароткі спосаб да складання расійскіх вершаў» (1735) прапанаваў новы прынцып арганізацыі рус. верша — сілаба-танічнае вершаскладанне, у зб. «Творы і пераклады як вершамі так і прозай» (т. 1—2, 1752) выклаў сваю тэорыю перакладу. Аўтар філас. паэмы «Феоптыя» (нап. 1753, выд. 1963), даследавання «Аб старажытным, сярэднім і новым вершаскладанні расійскім» (1755). Яго праца «Размова пра артаграфію» (1748) — першая рас. спроба вывучэння фанет. ладу мовы. Пераклаў «Старажытную гісторыю» Ш.​Ралена (т. 1—10, 1749—62), «Рымскую гісторыю» (т. 1—16, 1761—67) і інш. Пісаў драмы, оды, байкі, эпіграмы. На бел. мову яго байку «Фанабэрысты сабака» пераклаў Э.​Валасевіч.

Тв.:

Избр. произв. М.; Л., 1963.

Літ.:

Венок Тредиаковскому. Волгоград, 1976;

Дерюгин А.А. В.​К.​Тредиаковский — переводчик: Становление классицистского перевода в России. Саратов, 1985.

Л.​В.​Календа.

т. 15, с. 497

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТЫРАНІ́Я (ад грэч. tyrannis),

1) у Стараж. Грэцыі форма дзярж. улады, усталяваная сілай і засн. на аднаасобным праўленні. Раннягрэч. (старэйшая) Т. ўзнікла ў перыяд станаўлення полісаў у 7—6 ст. да н.э. ў выніку барацьбы дэмасу, гандлёва-рамесных вярхоў з родавай арыстакратыяй. Вядомы тыраны: Кіпсел і Перыяндр у Карынфе (каля 657—585 да н.э.), Палікрат на в-ве Самас (каля 537—522 да н.э.), Пісістрат у Афінах (каля 560—527 да н.э.) і інш. Раннягрэч. Т. садзейнічала заняпаду ўлады арыстакратычных родаў, развіццю рамяства, гандлю, каланізацыі, дзярж. пераўтварэнням, якія ў выніку вялі да ўсталявання поліснага дэмакр. ладу. Познагрэч. (малодшая) Т. ўзнікла ў канцы 5 ст. да н.э. ва ўмовах абвастрэння барацьбы паміж алігархамі і збяднелымі слаямі дэмасу. Напр., тыраніі Дыянісія I (каля 406—367 да н.э.) і інш. у Сіракузах, Набіса (207—192 да н.э.) у Спарце і інш. паскорылі крызіс полісных дзяржаў.

2) Форма паліт. праўлення шэрагу гарадоў-дзяржаў Паўн. і Сярэдняй Італіі ў 13—16 ст., якая змяніла старую форму камунальнага праўлення. Гл. Сіньярыя.

3) У пераносным сэнсе — праўленне, заснаванае на самавольстве і насіллі.

Літ.:

Соловьева С.С. Раннегреческая тирания. М., 1964;

Фролов Э.Д. Греческие тираны (IV в. до н.э.). Л., 1972.

А.​Г.​Зельскі.

т. 16, с. 79

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ЧАЛАВЕ́ЧЫХ АДНО́СІН» ТЭО́РЫЯ,

канцэпцыя кіравання ў арганізацыях (найперш прамысловых), якая грунтуецца на маральна-псіхал. фактарах стымулявання работніка і павышэння прадукцыйнасці працы. Сфарміравалася як альтэрнатыва тэйларызму ў выніку сац. эксперыменту, праведзенага ў 1927—32 на з-дах кампаніі «Уэстэрн электрык» у г. Хоўтарн (каля г. Чыкага, ЗША). Група даследчыкаў пад кіраўніцтвам псіхолага Э.​Мэё даказала, што маральна-псіхал. клімат у прац. калектыве, характар узаемаадносін работнікаў паміж сабой і з кіраўніцтвам у значнай ступені ўплываюць на прадукцыйнасць працы: пры дэспатычным рэжыме яна зніжаецца, а пры добразычлівых, гуманных узаемаадносінах павышаецца. Вучонымі распрацавана сістэма прынцыпаў і метадаў кіравання, арыентаваных на стварэнне т.зв. псіхал. дабрабыту ў прац. калектывах, здольных прадухіліць канфлікты. Паводле Мэё, стварэнне добразычлівага мікраклімату на рабочым месцы здольна кампенсаваць недахопы грамадскага ладу, а гуманныя адносіны ў сферы вытв-сці непазбежна вядуць да сац. гармоніі. У 1960-я г. «Ч.а.»т. дапоўнена тэорыяй «кіравання праз саўдзельніцтва» (Д.​Макгрэгар і інш.), паводле якой прадпрымальнік павінен бачыць у наёмным работніку не толькі работніка, але і сац. партнёра, а наёмны работнік у наймальніку — не толькі гаспадара, але і свайго кампаньёна. У 1970-я г. атрымалі пашырэнне «групавыя нормы і стылі кіравання» рабочымі.

Т.​І.​Адула.

т. 17, с. 211

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШАВІНІ́ЗМ (франц. chauvinisme),

крайняя форма нацыяналізму, якая праяўляецца ў прапагандзе нац. і расавай выключнасці, распальванні нац. варожасці і суправаджаецца нац. дыскрымінацыяй. Тэрмін «Ш.» упершыню з’явіўся ў Францыі ў п’есе братоў І. і Т. Каньяр «Трохкаляровая кукарда» (1831), адзін з герояў якой навабранец Нікала Шавэн — фанатычны прыхільнік захопніцкіх паходаў Напалеона I. У Вялікабрытаніі ў 1870-я г. Ш. атрымаў назву джынгаізм. Адрозніваюць сацыял-шавінізм і вялікадзяржаўны Ш., звязаны звычайна з прыгнётам т.зв. «недзяржаўных», «нетытульных» нацый, «малых народаў» і нац. меншасцей, з агрэсіўнасцю і экспансіянізмам у адносінах да інш. народаў і краін. У аснове Ш. — перакананне яго прыхільнікаў у месіянскім прызначэнні асобных народаў, неабходнасці прывіцця інш. народам культуры і ладу жыцця свайго «выбранага» этнасу. У крайніх формах Ш. праявіўся ў ідэалогіі і палітыцы фашызму, жывіць сучасным расізм. Наяўнасць прапагандысцкіх праграм-«прыкрыццяў» камуфлюе Ш. пад прымальную для ўсіх сац. і культ.-асв. ідэалогію, антыгуманізм якой выяўляецца толькі на позняй стадыі масавых псіхозаў і насілля (нацысцкі рух і інш.). На ўзроўні канкрэтнай паліт. практыкі Ш. вядзе да генацыду (яўрэяў і цыганоў у фаш. Германіі, армян у Турцыі ў 1915—16 і г.д.), этн. дэпартацый.

С.​А.​Яцкевіч.

т. 17, с. 355

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

дабра́ць, ‑бяру, ‑бярэш, ‑бярэ; ‑бяром, ‑бераце; зак., каго-што.

1. і чаго. Узяць яшчэ нейкую колькасць да поўнай меры. Дабраць вады ў каструлю.

2. Скончыць набор (кнігі, артыкула і пад.). Дабраць часопіс.

3. Выбіраючы, знайсці, падабраць патрэбнае, прыдатнае, адпаведнае чаму‑н. Дабраць ключ да замка. Дабраць чаравікі да пары. □ Чорт не адны лапці стаптаў, пакуль такую пару дабраў. З нар.

•••

Ладу не дабраць — не знайсці выхаду з якога‑н. становішча.

Розуму не дабраць — не магчы знайсці рашэння якога‑н. пытання, не ведаць, што рабіць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

немагчы́мы, ‑ая, ‑ае.

1. Неажыццявімы, невыканальны. [Каліноўскі] здагадваўся, што без змены эканамічнага, матэрыяльнага жыцця людзей немагчымы якія-небудзь змены грамадскага і дзяржаўнага ладу. Лушчыцкі. // у знач. наз. немагчы́мае, ‑ага, н. Тое, што нельга ажыццявіць, выканаць. [Шафёр:] — Трэба было спытаць, як хлопец дабраўся сюды, як не трапіў у рукі ворагу, а не патрабаваць немагчымага. Кулакоўскі.

2. Такі, што нельга вынесці, выцерпець; нясцерпны. Немагчымая гарачыня. Немагчымы боль. □ Вельмі карэктна Іван Іванавіч пісаў пра немагчымую абстаноўку ў інстытуце. Асіпенка. // Незвычайны. Каб захапіць слухачоў, Генька часта ішоў на самыя немагчымыя гіпербалы. Паслядовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ГІ́ПІУС Яўген Уладзіміравіч (7.7.1903, г. Пушкін Ленінградскай вобл., Расія — 5.6.1985),

рускі музыказнавец-фалькларыст. Д-р мастацтвазнаўства (1958), праф. (1944). Скончыў Ін-т гісторыі мастацтваў (1924) і кансерваторыю (1928) у Ленінградзе. У 1927—43 працаваў у навук. установах і ВНУ Ленінграда і Масквы. Заснавальнік і навук. кіраўнік (1927—43) Фонаграмархіва АН СССР (Ін-т рус. л-ры — «Пушкінскі дом»). Удзельнік фалькл. экспедыцый, у т. л. на Бел. Палессі (1934). Распрацаваў тэарэт. праблемы збірання, натавання, акустычнага вымярэння гукавышыннага ладу нар. напеваў, займаўся пытаннямі сістэмнай тыпалогіі, параўнальным вывучэннем лакальных меладычных стыляў муз. фальклору рускіх, беларусаў, фіна-угорскіх і цюрк. народаў у іх гіст. развіцці, даследаваў інтэрнац. вытокі рус. рэв. песень. Рэдактар многіх фалькл. выданняў, у т. л. «Песні беларускага народа» (т. 1, 1940, з З.​Эвальд), «Беларускія народныя песні» (1941, «Песні народаў СССР»), «Песенная культура беларускага Палесся» З.​Мажэйкі (1971), «Песні беларускага Палесся» Эвальд (1979).

Тв.:

Интонационные элементы русской частушки // Советский фольклор. М.; Л., 1936. № 4—5;

Песни Пинежья. Кн. 2. М., 1937 (разам з З.​Эвальд);

Белорусский песенный фольклор (разам з З.​Эвальд) // Сов. музыка. 1940. № 4;

Сборники русских народных песен М.​А.​Балакирева // Балакирев М.А. Русские народные песни. М., 1957;

«Эй, ухнем» — «Дубинушка»: История песен. М., 1962.

З.​Я.​Мажэйка.

т. 5, с. 258

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЕ́ННАЯ НАВУ́КА,

сістэма ведаў пра законы і заканамернасці, спосабы падрыхтоўкі і вядзення ваен. Дзеянняў. Даследуе характар і заканамернасці ўзбр. барацьбы, абагульняе яе вопыт, вывучае законы вайны, працэсы яе падрыхтоўкі і вядзення, распрацоўвае тэарэт. асновы і практычныя рэкамендацыі па будаўніцтве і падрыхтоўцы ўзбр. сіл; вызначае шляхі развіцця новых сродкаў барацьбы, найб. эфектыўныя формы і спосабы вядзення ваен. дзеянняў і прынцыпы ваен. майстэрства. Асн. часткі ваеннай навукі: тэорыя ваеннага майстэрства, тэорыя ваеннага будаўніцтва, тэорыя ваен. навучання і выхавання, тэорыя ваен. эканомікі, а таксама ваенная геаграфія, ваенная гісторыя і ваенна-тэхн. навукі. На развіццё ваеннай навукі ўплываюць дасягненні грамадскіх, прыродазнаўчых, тэхн. і інш. навук. Сумесна з інш. навукамі вывучае таксама праблемы грамадз. абароны. У кожнай дзяржаве ваенная навука мае пэўныя асаблівасці, абумоўленыя грамадска-паліт. ладам, станам эканомікі, геагр. размяшчэннем і нац. асаблівасцямі. Ваенная навука зарадзілася ў часы рабаўладальніцкага ладу. Яе станаўленне адносіцца да канца 18 — пач. 19 ст., калі ў некаторых краінах Зах. Еўропы сталі стварацца значныя па колькасці пастаянныя арміі. Вынікі ваеннай навукі ў Рэспубліцы Беларусь выкарыстоўваюцца пры вызначэнні ваеннай дактрыны, абагульненні гіст. вопыту вядзення вайны і аналізе практычнай дзейнасці войск у мірны час, а таксама на прадбачанне магчымай узбр. барацьбы, формаў і спосабаў яе вядзення.

В.​А.​Юшкевіч.

т. 3, с. 444

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)