Падпісаны 12.7.1920 у Маскве. 11.9.1919 урад РСФСР звярнуўся да ўрада Літвы з прапановай заключыць мір на аснове прызнання незалежнасці літ. дзяржавы. 31.3.1920 урад Літвы заявіў пра гатоўнасць заключыць мір з Сав. Расіяй пры ўмове прызнання незалежнасці Літвы ў яе этн. межах са сталіцай у Вільні. 7.5.1920 у Маскве пачаліся перагаворы: літ. дэлегацыя настойвала на ўключэнні ў склад Літвы тэр. Ковенскай, Віленскай, Сувалкаўскай і Гродзенскай губ. (з гарадамі Беласток, Бельск, Гродна, Брэст, Кобрын, Пружаны), Навагрудскага пав. Мінскай губ., часткі Ілуксцкага і Гробінскага пав. Курляндскай губ. Выкарыстоўваўся і такі аргумент, як права беларусаў на самавызначэнне. 9.5.1920 член літ. дэлегацыі Д.Сямашка выступіў з заявай аб намеры «пры ўстанаўленні граніц абараняць беларускія землі на моцы беларуска-літоўскіх пагадненняў ад імперыялістычных памкненняў Польшчы... і Савецкай Расіі». Заява выклікала пратэст з боку кіраўніка сав. дэлегацыі на перагаворах А.А.Іофе, які паставіў пад сумненне правамоцтвы Сямашкі выступаць ад імя бел. народа. Падпісаны дагавор прадугледжваў з боку РСФСР безагаворачнае прызнанне самастойнасці і незалежнасці Літвы; урэгуляванне маёмасных, фін. і эканам. пытанняў; аказанне Літве бязвыплатнай эканам. дапамогі ў памеры 3 млн.руб. золатам; вяртанне Літве культ. каштоўнасцей, што былі вывезены ў час 1-й сусв. вайны і знаходзіліся на тэр. РСФСР; прадугледжваліся далейшыя перагаворы пра заключэнне гандл. і транзітных пагадненняў і інш. Фіксавалася дзярж. граніца паміж РСФСР і Літвой; прадугледжвалася ўключэнне ў склад Літвы г. Вільні і часткі зямель, заселеных пераважна беларусамі, у т. л.Гродна, Паставы, Браслаў, Ашмяны, Ліда. Факт заключэння такога дагавора выклікаў супрацьдзеянне з боку органаў БНР і кіраўніцтва Польшчы. 11.9.1920 польскі Савет абароны дзяржавы вырашыў дамагацца далучэння Віленшчыны і Гродзеншчыны да Польшчы. Пад уздзеяннем Антанты Польшча прызнала права Літвы на Вільню (замацаваны Сувалкаўскім пагадненнем 7.10.1920), аднак у выніку т.зв. бунту Л.Жалігоўскага (8—9.10.1920) і ўтварэння Сярэдняй Літвы Вільня і Віленскі край былі далучаны да Польшчы. Такім чынам, дагавор не быў выкананы ў поўным аб’ёме. Пасля вызвалення Заходняй Беларусі ў кастр. 1939, карыстаючыся палажэннямі гэтага дагавора, Прэзідыум Вярх. Савета СССР прыняў рашэнне аб перадачы Літве Вільні і Віленскага краю.
Кр.: Документы внешней политики СССР. Т. 3. М., 1959; Знешняя палітыка Беларусі: Зб. дак. і матэрыялаў. Т. 1 (1917—1922 гг.). Мн., 1997.
Літ.:
Коўкель І. Польска-літоўскі канфлікт і роля ў ім беларускіх палітычных партыяў і арганізацыяў (1920—1923 гг.) // Беларусіка = Albaruthenica. Мн., 1994. Кн. 3.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАСТО́ЎСКІ РАЁН.
На З Гродзенскай вобл. Утвораны 15.1.1940, скасаваны 25.12.1962, адноўлены 6.1.1965. Пл. 1,3 тыс.км². Нас. 40,9 тыс.чал. (1998), гарадскога 45 %. Сярэдняя шчыльн. 31 чал. на 1 км². Цэнтр — г.Масты. Уключае 154 сельскія нас. пункты, 14 сельсаветаў: Азёркаўскі, Галубоўскі, Глядавіцкі, Гудзевіцкі, Дубненскі, Зарудаўеўскі, Курылавіцкі, Лунненскі, Малькавіцкі, Мастоўскі, Мікелеўшчынскі, Пацавіцкі, Пескаўскі, Харціцкі.
Амаль уся тэр. раёна размешчана ў межах Верхнянёманскай нізіны. Паверхня раўнінная, агульны нахіл з Пд на Пн да даліны р. Нёман, 80 % яе — на выш. да 120 м, найвыш. пункт 167 м (за 2 км на Пд ад в.Вял. Рагозніца). Карысныя выкапні: торф, цэментныя мел і гліны, гліны і суглінкі для грубай керамікі, пясчана-жвіровы матэрыял. Сярэдняя т-растудз. -5,1 °C, ліп. 18 °C. Ападкаў 540 мм за год. Вегетац. перыяд 198 сут. Найб. рака Нёман з прытокамі Шчара з Сіпай, Зальвянка, Рось, Ельня. Меліярацыйныя каналы: Нацкава, Ланцавічы, Міклашоўскі. Пераважаюць глебы с.-г. угоддзяў: дзярнова-падзолістыя (54,3 %), тарфяна-балотныя (14,8 %), дзярнова-падзолістыя забалочаныя (14,4 %), дзярновыя і дзярнова-карбанатныя забалочаныя (11,8 %). Пад лесам 33 % тэр. раёна. Суцэльныя масівы лесу захаваліся ўздоўж р. Нёман (часткі Нёманскіх лясоў і Ліпічанскай пушчы). Лясы пераважна хваёвыя, яловыя, бярозавыя і чорнаальховыя, трапляюцца дубовыя, грабавыя, ясянёвыя. Пад балотамі 20,7 тыс.га, з іх асушана 17,2 тыс.га. Помнікі прыроды рэсп. значэння: катлавіны Гумнішча і Падбярэззе, Пабоеўскі вял. камень з ямкамі, Княжаводскае і Пашынскае агаленні стараж. адкладаў Княжаводскае агаленне стараж. адкладаў, роў Яна і Цэцыліі (з агаленнем Самастрэльнікі), Дубненскае і Пескаўскае агаленні азёрных і рачных адкладаў. Зоны адпачынку Масты, Воўпа, Скідзель.
Агульная пл.с.-г. угоддзяў 64,8 тыс.га, з іх асушаных 22,3 тыс.га. На 1.1.1999 у раёне 16 калгасаў, 2 саўгасы, 10 фермерскіх гаспадарак. Асн. кірункі сельскай гаспадаркі: малочна-мясная жывёлагадоўля і буракаводства. Вырошчваюць збожжавыя і кармавыя культуры, бульбу. Прадпрыемствы дрэваапр. (мэбля, піламатэрыялы), харч. (крухмал, маянэз), металаапр. (рамонтны з-д у в. Пескі) прам-сці; вытв-сцьбуд. матэрыялаў (цэгла). ГЭС каля в. Пацавічы. Па тэр. раёна праходзяць чыгункі Ліда—Масты—Ваўкавыск і Гродна—Масты; аўтадарогі Шчучын—Масты—Ваўкавыск, Масты—Слонім, Масты—Гродна і інш. У раёне 19 сярэдніх, 9 базавых, 4 пач. школы, школа-інтэрнат для дзяцей са слабым зрокам, муз. школа, 23 дашкольныя ўстановы, 32 клубы, 37 б-к, 6 бальніц, 5 амбулаторый, 22 фельч.-ак. пункты. Гудзевіцкі дзярж.літ.-краязнаўчы музей, мастоўскі музей «Лёс і чалавек». Арх. помнікі: касцёл Ганны (1782) у в. Лунна, Троіцкі касцёл (1740) у в. Струбніца. Выдаецца газ. «Зара над Нёманам».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАХО́ДЫ ТЭЎТО́НСКАІА О́РДЭНА НА БЕЛАРУ́СЬ,
шматразовыя напады Тэўтонскага ордэна на ВКЛ, у т. л. землі Беларусі, у канцы 13 — пач. 15 ст. Упершыню прэтэнзіі Ордэна на пэўныя землі ВКЛ выказаны ў 1245, калі імператар Фрыдрых II выдаў вял. магістру Ордэна Генрыху фон Гогенлоэ прывілей, які даваў яму правы на землі, што ён здабудзе ў Куроніі, Літве і Земгаліі. Напачатку падставай для паходаў на ВКЛ быў язычніцкі стан балцкага насельніцтва, якое, згодна з устанаўленнямі крыжакоў, падлягала хрышчэнню. Прэтэнзіі Ордэна на землі ВКЛ падмацоўваліся і граматай (фальшывай?) кн. Міндоўга, якой ён быццам бы завяшчаў сваю дзяржаву Тэўтонскаму ордэну ў тым выпадку, калі застанецца без нашчадкаў. Войны Ордэна супраць ВКЛ пачаліся пасля падпарадкавання ім прусаў у 1283. Да 1309 быў заняты каланізацыяй Прусіі і ўнутраным яе ўмацаваннем, таму далейшую агрэсію праводзіў адносна невял. сіламі. Гал. аб’ектам яго нападаў была Жамойць, дзе апорнымі іх базамі сталі збудаваныя на Нёмане і Балтыйскім узбярэжжы замкі Мемельбург, Рагніт, Скірстымонія і інш. Паходы арганізоўвалі ордэнскія ўлады ўсіх узроўняў. Баявыя дзеянні цягнуліся бесперапынна, дробныя наезды невял. атрадаў перамяжоўваліся больш буйнымі паходамі — да некалькіх тыдняў. У 1290—94 крыжакі штогод рабілі не менш як 2 паходы. Часам яны нападалі на Гродна, якое літвіны выкарыстоўвалі як базу для нападаў на Прусію і Польшчу. Паходы на Гродна праведзены ў 1284, 1295, 1296 (двойчы), 1305, 1306 (двойчы). Прыгранічныя напады рыцараў на ВКЛ адбываліся і ў часы іх ваен. дзеянняў з Польшчай у 1309—43. Пераважна яны нападалі на Жамойць, а таксама на Гродна (1311, 1328), Навагрудак (1314). У адказ войскі ВКЛ учынялі паходы на крыжацкія замкі і ўладанні. Буйнейшы з іх праведзены сумесна з польскімі войскамі на Брандэнбург у 1326 пад кіраўніцтвам Давыда Гарадзенскага. Прывілеем 1337 імператар Людовік IV Баварскі перадаў вял. магістру Тэўтонскага ордэна і яго пераемнікам часткі зямель ВКЛ — Жамойць, Куронію і Русь. Пасля замірэння Ордэна з Польшчай (1343) маштабнасць і колькасць яго нападаў на землі ВКЛ павялічыліся. Некалькі разоў яны штурмавалі Вільню, Трокі, рабілі рэйды ў Верхняе Панямонне (да мяст. Дзяляцічы), нападалі на Беліцу (1377), Ліду (1384), Брэст (1379), Камянец (1373, 1375, 1379). Вял. князі ВКЛ Альгерд, Кейстут, Ягайла не заўсёды аказвалі моцнае супраціўленне Ордэну з-за ваен. дзеянняў на усх. і паўд. рубяжах краіны. Найб. значная бітва адбылася 2.2.1348 на р. Стрэва, у якой удзельнічалі атрады з Полацка, Віцебска, Смаленска, Брэста і інш. гарадоў. 29.10.1379 Кейстут і Ягайла заключылі перамір’е з Ордэнам, які абавязаўся 10 гадоў не нападаць на «рускія» землі ВКЛ. Але ў хуткім часе пагадненне было парушана і напады крыжакоў адбыліся ў 1382 і 1383. З часу хрышчэння літоўскай часткі насельніцтва ВКЛ ў выніку Крэўскай уніі 1385 рэлігійныя падставы агрэсіі Ордэна зніклі, паходы крыжакоў на пэўны час спыніліся. Яны аднавіліся пасля таго, як Вітаўт паводле Салінскага дагавора 1398 абяцаў перадаць Ордэну Жамойць узамен на падтрымку яго ў барацьбе за велікакняжацкі пасад. Невыкананне ўмоў гэтага дагавора прывяло да новых вял. паходаў крыжакоў (у 1402 да Салечнікаў, у 1403 да Ашмян). Рымскі папа Баніфацый IX булай ад 9.9.1403 забараніў крыжовыя паходы супраць ВКЛ. Канец паходам Тэўтонскага ордэна на землі ВКЛ паклалі Рацёнжскі дагавор 1404 і Грунвальдская бітва 1410, хоць яшчэ да Мельнскага міру 1422 вяліся ваенныя дзеянні Ордэна з Польшчай і ВКЛ на тэр. Прусіі. Гл. таксама Крыжовыя паходы супраць славян і балтаў у 12—15 ст.
Літ.:
Грыцкевіч А. Барацьба Вялікага княства Літоўскага і Рускага (Беларуска-Літоўскай дзяржавы) з Тэўтонскім ордэнам у канцы XIV — першай палове XV ст. // Адраджэнне: Гіст. альманах. Мн., 1995. Вып. 1;
Сагановіч Г. Беларусь і Нямецкі ордэн (да Крэўскай уніі) // З глыбі вякоў Наш край. Мн., 1997. Вьш. 2;
Петр из Дусбурга. Хроника земли Прусской: Пер. с лат.М., 1997;
Lietuvių, karas su kryżinoćiais. Vilnius, 1964;
Lowmiański H. Agresja Zakonu Krzyżackiego na Litwę w wiekach XII — XV // Lowmiański H. Prusy — Litwa — Krzyżacy. Warszawa, 1989.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАРША́ЎСКАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1920,
аперацыя войск Зах. фронту з мэтаю ўзяць Варшаву ў час савецка-польскай вайны 1920. Наступленне пачалося 23.7.1920 з рубяжа Гродна—Слонім—Пінск. Да 13.8.1920 часці Зах. фронту (каманд. М.М.Тухачэўскі) валодалі Радзімінам (23 км на ПнУ ад Варшавы), што стварыла рэальную пагрозу польскай сталіцы. Аднак наступленне не было падтрымана Паўн.-Зах. фронтам, які наступаў на Львоў і камандаванне якога перакінула 2 арміі на Варшаўскі напрамак толькі ў 2-й пал. жніўня. Значна адсталі тылы, не быў вызначаны раён канцэнтрацыі сіл праціўніка, былі зроблены паліт. памылкі (агр. палітыка Польск. рэв.к-та). Шэраг мер урада Ю.Пілсудскага (патрыят. агітацыя з дапамогай каталіцкага духавенства, абвяшчэнне агр. рэформы, якую падтрымала сялянства, арг-цыя дадатковых паставак зброі ад Антанты) даў магчымасць польск. боку аб’яднаць народ і значна павялічыць армію. 14 жн. нечакана для сав. боку польскае войска перайшло ў наступленне (т.зв. цуд на Вісле). З 17 жн.Чырв. Армія пачала агульны адыход. Да 25 жн. часці Зах. фронту адступілі на лінію Ліпск—Свіслач — на ўсх. ад Брэста. Паражэнне Чырв. Арміі ў Варшаўскай аперацыі паўплывала на ўмовы Рыжскага мірнага дагавора 1921.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЛЕНСКАЕ ГЕНЕРА́Л-ГУБЕРНА́ТАРСТВА,
адм.-тэр. адзінка ў Рас. імперыі ў 1794—1912. Створана ў час задушэння царызмам паўстання 1794. Цэнтр — г. Вільня (у 1794—96 г.Гродна). Спачатку наз. Літоўскае ген.-губернатарства, у 1800—30 Літоўскае ваен. губернатарства, з 1830 Віленскае ваен. губернатарства, пасля 1843 Віленскае, Гродзенскае і Ковенскае ген.-губернатарства. Ядром яго былі землі ВКЛ, далучаныя да Расіі ў выніку 3-га падзелу Рэчы Паспалітай (1795). У сувязі з адм.-тэр. зменамі і інш. падзеямі (паўстанні 1830—31 і 1863—64) тэр. ген.-губернатарства мянялася. У склад яго ў розны час уваходзілі: Слонімская і Віленская (1795—97), Літоўская (1797—1801), Віленская і Гродзенская (з 1801) губ., Беластоцкая вобл. (1831—42), Ковенская (з 1843), Мінская (1834—56 і 1862—70), Віцебская і Магілёўская (1863—69), Аўгустоўская (1863-564) губ. У 1850—55 ген.-губернатар кіраваў і Віленскай навучальнай акругай на правах папячыцеля. З 1860-х г. віленскага ген.-губернатара наз. «гал. начальнікам Паўн.-Зах. краю». З утварэннем Віленскай ваен. акругі пасада віленскага ген.-губернатара ў 1862—84, а часам і пазней аб’ядноўвалася з пасадай камандуючага войскамі акругі. Пасля 1909 ген.-губернатары не прызначаліся. Упраўленне ген.губернатара існавала да 1.7.1912.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРЭСІРО́ЎКА (ад франц. dresser выпраўляць, навучаць),
уздзеянне рознымі метадамі на жывёл для выпрацоўкі і замацавання ў іх пэўных умоўных рэфлексаў і навыкаў. Д. скарыстоўваюць пры падрыхтоўцы праграм у цырку, у службовай сабакагадоўлі. «Дзікая», ці болевая Д., калі жывёла выконвае практыкаванні пад страхам пакарання, панавала ў цырку да канца 19 ст. «Мяккая», гуманная Д. будуецца на прыёмах ласкавага абыходжання і заахвочвання ежай; яе заснавальнік — ням. дрэсіроўшчык К.Гагенбек, у Расіі — У.Л.Дураў. Комплексная Д. спалучае абодва прынцыпы, распаўсюджана ў сучасным цырку.
Д. ў цырку як жанр мастацтва вядома са старажытнасці (Кітай, Індыя, Егіпет, Стараж. Грэцыя і Рым, Візантыя). Дрэсіраваных сабак, мядзведзяў і інш. жывёл паказвалі ў сярэднія вякі ў Еўропе. У 13—14 ст. асабліва была развіта Д. коней. На Беларусі з 1-й трэці 16 ст. ўпамінаюцца скамарохі, якія выступалі з дрэсіраванымі звярамі. У 1770-я г. вядомы павадыр мядзведзя Т.Марачэўскі. Існавалі школы Д. мядзведзяў у наваколлях Гродна, Нясвіжа, Мінска і інш., найб. вядомая з іх т. зв.«Смаргонская акадэмія». Зберагліся выявы бел. дрэсіроўшчыкаў на вырабах 18 ст. Урэцкай і Налібоцкай гут, на франц. афішах, польск. і ням. гравюрах. У Мінскім і Гомельскім цырках паказваюць атракцыёны з удзелам дрэсіраваных жывёл.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕНЕРА́ЛЬНЫ ПЛАН,
адзін з асноўных чарцяжоў архітэктурнага праекта, які паказвае размяшчэнне ў плане аб’екта праектавання і добраўпарадкавання прылеглай да яго тэрыторыі ў пэўных межах. У сучасным горадабудаўніцтве генеральны план — комплексны праект, які вызначае структуру праектуемага горадабуд. аб’екта — горада, гар. пасёлка ці інш. населенага пункта, прыгараднай зоны, тэрыторыі адм. раёна і інш. У ім намячаюць перспектывы развіцця і рэканструкцыі горадабуд. аб’екта, яго паэтапнае фарміраванне з мэтай вырашэння сац., эканам., інж.-тэхнічных, экалагічных і эстэт. задач, вызначаюць стратэгію іх вырашэння, прынцыпы аховы навакольнага асяроддзя, развіццё сістэмы грамадскага абслугоўвання, трансп. і інж. інфраструктуры, доўгатэрміновае планаванне інвестыцыйных працэсаў. Генеральны план распрацоўваюць на перспектыўны перыяд (15—20 гадоў) з вылучэннем 1-га этапа рэалізацыі (7—10 гадоў). Асн. палажэнні генеральнага плана зацвярджае ўрад краіны ці абл. органы ўлады. На Беларусі генеральны план распрацоўваюць ін-т «Мінскпраект», БелНДІПгорадабудаўніцтва, БелНДІдзіпрасельбуд, абл. праектныя арг-цыі. Распрацаваны і зацверджаны генеральны план развіцця ўсіх гарадоў і большасці сельскіх населеных пунктаў, у т. л. Мінска (1982, 1995), Брэста (1975, 1995), Віцебска (1973, 1983), Гомеля (1977), Гродна (1971, 1988), Магілёва (1970, 1981). Іх перыядычна карэкціруюць і абнаўляюць з улікам новых фактараў і задач.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕРАНЁНЫ,
вёска ў Іўеўскім р-не Гродзенскай вобл., на аўтадарозе Ашмяны—Ліда. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 29 км на ПнЗ ад г.п. Іўе, 150 км ад Гродна, 19 км ад чыг. ст. Гаўя. 1500 ж., 478 двароў (1996).
У 15—16 ст. вядомы як Геранёны Мураваныя. З 1433 двор Гаштольдаў. На мяжы 15—16 ст. пабудаваны Геранёнскі замак, у 1519 — Геранёнскі Мікалаеўскі касцёл. З 1520 мястэчка Ашмянскага пав. Віленскага ваяв. З 16 ст. ўласнасць вял. князёў ВКЛ. У 17—18 ст. цэнтр староства. У 1-й пал. 18 ст. рэзідэнцыя віленскіх піяраў, пры якой у 1730—38 дзейнічала школа. Пры каралю Аўгусце III (1733—63) атрымалі магдэбургскае права (паводле інш. крыніц, у 1630-я г.), мелі герб. З 1795 у Рас. імперыі, у Ашмянскім пав. Уласнасць Корвін-Мілеўскіх. У пач. 20 ст. 316 ж. З 1922 у складзе Польшчы, у Ашмянскім пав. З 1939 у БССР, у Іўеўскім р-не, з 1940 цэнтр сельсавета. У 1963—79 у Жылёўскім с/с. У 1970 — 397 жыхароў.
Сярэдняя і муз. школы, дзіцячы сад, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Помнікі архітэктуры — Мікалаеўскі касцёл, руіны замка (15—16 ст.).
бел. кампазітар. Засл. дз. маст. Беларусі (1995). Скончыў Бел. кансерваторыю (1972, клас К.Багатырова). Нам. старшыні праўлення Саюза кампазітараў Беларусі (з 1978). У 1981 — 88 заг.муз. часткі Дзярж.рус.драм.т-ра Беларусі. З 1980 выкладае ў Бел. акадэміі музыкі. Працуе ў розных жанрах, значныя дасягненні ў музыцы для цымбалаў. Музыцы Войціка ўласціва нац. характэрнасць у спалучэнні з сучаснай тэхнікай кампазіцыі. Сярод твораў: опера «Вясновая песня» (паст. 1993), мюзікл «Прыгоды ў замку «Алфавіт» (паст. 1996, лібр. С.Клімковіч), араторыі «Памяць Хатыні» на вершы Г.Бураўкіна і Р.Тармолы (1973) і «Дзень Радзімы» на вершы У.Карызны (1977); кантаты «Як хадзіў камар у сваты» на вершы М.Багдановіча (1972) і «Казацкія песні» на нар. словы (1974); З сімфоніі («Каложа», 1972, 1975; «Апошняя восень паэта» на вершы П.Верлена ў пер. М.Багдановіча, 1992); канцэрты для камернага аркестра (1974), для кларнета і камернага аркестра (1984), для цымбалаў і сімф. аркестра (1988); сімф. сюіта «Забавы» (1976), «Сюіта ў старадаўнім стылі» для цымбалаў і камернага аркестра (1972); «Самотны вецер» для гітары і стр. квартэта (1993); саната для двух цымбалаў (1979); хары, песні, музыка да драм. спектакляў і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРАДНІ́ЦА,
помнік горадабудаўніцтва 2-й пал. 18 ст. Комплекс пабудаваны па ініцыятыве А.Тызенгаўза ў 1765—85 у в. Гарадніца (побач з г.Гродна, цяпер у межах горада) з мэтай стварэння буйнога культ.-прамысл. цэнтра на 1500 жыхароў (1765—74, архітэктары І.Мёзер, 1774—85 — Дж.Сака). Уключала 85 будынкаў рознага прызначэння, згрупаваных вакол плошчаў, абапал вуліц і завулкаў. Пры забудове ўпершыню ў гісторыі горадабудаўніцтва Беларусі выкарыстаны тыпавыя праекты, уніфікаваныя канстр. прыёмы, высокія тэмпы буд-ва. У аснове праекта — планіровачныя прынцыпы барока. Большасць будынкаў мела фахверкавую канструкцыю, т.зв. «прускі мур». Забудова складалася з трох асобных, рэгулярна спланаваных зон: адм.-культ., навучальнай, вытв.-жылой. У комплекс Гарадніца ўваходзілі: Гродзенскі дом віцэ-адміністратара, Гродзенскі палац адміністратара, Гродзенскі палац Тызенгаўза, муз. школа, вет. школа, т-р, бат. сад, мануфактуры (суконная, шаўковая, зброевая, фарбавальная і інш.), 20 тыпавых жылых дамоў. Частка ўцалелых пабудоў Гарадніцы знаходзіцца ў працэсе рэстаўрацыі.
Гарадніца (з плана 1780): 1 — палац Тызенгаўза; 2 — музычная школа; 3 — палац адміністратара; 4 — гаспадарчы двор; 5 — карчма «Галеча»; 6 — харчэўні; 7 — дамы для іншаземных рабочых; 8 — карчма «Раскоша»; 9 — ветэрынарная школа; 10 — будаўнічая школа; 11 — мануфактуры; 12 — фальварак; 13 — сталоўка для рабочых; 14 — кузні.Да арт.Гарадніца. Гродзенскі «домік майстра». 1773.