ГРЫГО́Р’ЕЎ (Андрэй Аляксандравіч) (1.11.1883, С.-Пецярбург — 2.9.1968),

расійскі фізіка-географ. Акад. АН СССР (1939). Скончыў Пецярбургскі ун-т (1907), вывучаў геаграфію ў Берлінскім і Гайдэльбергскім ун-тах. У 1909—16 супрацоўнік аддзела геаграфіі Энцыклапедычнага слоўніка Бракгаўза і Эфрона. Арганізатар і кіраўнік (да 1951) Ін-та геаграфіі АН СССР, гал. рэдактар Кароткай геагр. энцыклапедыі (1960—66). Праводзіў даследаванні на поўначы СССР, Урале, у Якуціі. Працы прысвечаны агульнай тэорыі фіз. геаграфіі, прынцыпам і метадам фіз.-геагр. раянавання, характарыстыцы тыпаў геагр. асяроддзя, гісторыі развіцця геагр. думкі. Дзярж. прэмія СССР 1947. Залаты медаль імя М.​М.​Пржавальскага (1928), Вял. залаты медаль Геагр. т-ва СССР (1965).

т. 5, с. 476

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯЛІ́КАЯ ВО́СМАТА,

возера ў Гарадоцкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Свіна, за 33 км на ПнЗ ад г. Гарадок. Пл. 1,12 км², даўж. 2,56 км, найб. шыр. 670 м, найб. глыб. 8,8 м, даўж. берагавой лініі каля 7,3 км. Пл. вадазбору 203 км². Схілы катлавіны выш. 2—3 м (на Пн і Пд месцамі да 10 м), параслі лесам. Дно пясчанае, глыбей за 7 м глеістае. 2 астравы агульнай пл. 0,2 га. Надводная расліннасць уздоўж берагоў утварае паласу шыр. 4—90 м. На З у возера ўпадае р. Асмоціца, на Пд выцякае р. Копань; злучана пратокай з воз. М. Восмата.

т. 4, с. 380

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДРЫ́СЫ,

возера ў Расонскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Дрыса (выцякае з возера), за 35 км на У ад г.п. Расоны. Пл. 2,26 км², даўж. 3,7 км, найб. шыр. 960 м, найб. глыб. 3,7 м, даўж. берагавой лініі больш за 11 км. Пл. вадазбору 1578 км². Схілы катлавіны выш. 5—10 м (на З 15—20 м), параслі мяшаным лесам. Берагі пад хмызняком і лесам. Дно плоскае. У цэнтры 5 астравоў агульнай пл. 1 га. Мелкаводдзе ўздоўж берагоў і вакол астравоў да глыб. 2 м пясчанае і глеістае. На Пд упадае р. Ушча, на ПнЗ злучана пратокай з воз. Глыба.

т. 6, с. 229

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЛАМЯ́НКІ (Comephorus),

адзіны род рыб сям. галамянкавых атр. скарпенападобных. 2 віды: галамянка вялікая (Comephorus baicalensis) і галамянка малая (Comephorus dybowski) — эндэмікі воз. Байкал. Пелагічныя рыбы, жыццё праводзяць у тоўшчы вады на глыб. 100 м і болей.

Даўж. верацёнападобнага, паўпразрыстага цела 13—23 см, маса 15—64 г. Самкі буйнейшыя за самцоў. Цела голае, бледна-ружовага колеру з перламутравым адлівам. Грудныя плаўнікі доўгія, брушныя адсутнічаюць. Кормяцца пелагічнымі ракападобнымі, радзей сваімі маляўкамі. Жывародныя, характэрна малая колькасць самцоў (у галамянкі вялікай — 3% ад агульнай колькасці рыб, у галамянкі малой — 12—20%). У целе галамянкі вялікай да 33% тлушчу, які выкарыстоўваецца ў медыцыне. Здабываюцца дзеля тлушчу. Асноўны корм байкальскага цюленя.

т. 4, с. 450

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІ́НЗБУРГ (Соня Ёселеўна) (13.11.1922, в. Татарск Смаленскай вобл., Расія — 25.8.1994),

бел. вучоны ў галіне нейрафізіялогіі. Д-р мед. н. (1972). Скончыла Мінскі мед. ін-т (1947). З 1948 у Ін-це фізіялогіі АН Беларусі, з 1985 у Бел. НДІ анкалогіі і мед. радыялогіі. Навук. працы па даследаванні эл. актыўнасці і гемадынамікі галаўнога мозга пры парушэнні мазгавога кровазвароту пры дэміэлінізавальных хваробах, пытаннях дыягностыкі метастатычнага пашкоджання галаўнога мозга, ацэнцы функцыян. стану галаўнога мозга пры лакальнай і агульнай гіпертэрміі ў выпадках комплекснага лячэння анкалагічных хворых.

Тв.:

Электрическая активность и гемодинамика головного мозга при окклюзии мозговых артерий. Мн., 1974;

Клинические и экспериментальные вопросы термолучевой терапии. Обнинск, 1989 (у сааўт).

т. 5, с. 250

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАПАЛО́ССЕ, Запалоскае возера,

у Міёрскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Вята, за 13 км на ПнЗ ад г. Міёры. Пл. 0,37 км², даўж. 1,1 км, найб. шыр. 440 м, найб. глыб. 6,9 м, даўж. берагавой лініі 3,8 км. Пл. вадазбору 13,1 км². Схілы катлавіны выш. 15—25 м, у верхняй ч. разараныя, на З парослыя лесам. Берагі высокія, абрывістыя, на ПнЗ зліваюцца са схіламі, на ПдУ і ў паўн. заліве сплавінныя, усюды пад хмызняком. Дно складанай будовы (упадзіны чаргуюцца з мелкаводнымі і астраўнымі падняццямі), уздоўж берагоў пясчанае, глыбей глеістае. 3 астравы агульнай пл. 2 га. Зарастае. Упадаюць 2 ручаі.

т. 6, с. 530

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІО́ДЛЬ ((Jodl) Альфрэд) (10.5.1890, г. Вюрцбург, Германія — 16.10.1946),

германскі ваен. дзеяч. Ген.-палк. (1944). Скончыў кадэцкі корпус (1910). Удзельнік 1-й сусв. вайны. З 1920 пераважна ў Генштабе. У 1939—45 нач. штаба аператыўнага кіраўніцтва Вярх. галоўнакамандавання ўзбр. сіл (вермахта), адзін з гал. ваен. саветнікаў А.​Гітлера. З канца крас. 1945 на камандным пункце адм. К.Дзёніца, па даручэнні якога 7.5.1945 падпісаў у г. Рэймс акт аб агульнай капітуляцыі вермахта перад зах. саюзнікамі СССР. 23.5.1945 арыштаваны. На Нюрнбергскім працэсе прыгавораны да пакарання смерцю. У 1953 рэабілітаваны судом ФРГ.

Літ.:

Митчелл С.В., Мюллер Дж. Командиры Третьего рейха: Пер. с англ. Смоленск, 1997.

т. 7, с. 296

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛЕ́ДЖ (англ. college),

навучальная ўстанова (вышэйшая, сярэдняя, павышаная сярэдняя) у Вялікабрытаніі, ЗША і некаторых іншых краінах. Самастойныя К. звычайна даюць агульную сярэднюю адукацыю. Могуць уваходзіць у склад ун-та (навучанне ў К. — першая ступень вышэйшай прафес. адукацыі). Узніклі ў пач. 13 ст. ў Англіі.

На Беларусі ствараюцца з 1990. Забяспечваюць паглыбленую сярэднюю спец. адукацыю, інтэграваную з агульнай сярэдняй і вышэйшай пры арыентацыі на канкрэтную галіну прафес. дзейнасці. Падрыхтоўка вядзецца на 2 узроўнях. Першы (узровень тэхнікума) рыхтуе спецыялістаў з сярэдняй спец. адукацыяй, 2-і — з паглыбленай сярэдняй адукацыяй (у праграмы ўключаны дысцыпліны, якія вывучаюцца ў ВНУ, што дазваляе пры паступленні ў ВНУ па профілі займацца па скарочанай праграме).

т. 7, с. 458

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАШО́,

возера ў Гарадоцкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Усыса (выцякае з возера пад назвай Гаражанка), за 4 км на ПнЗ ад г. Гарадок. Пл. 4,15 км², даўж. 6,4, найб. шыр. 1,3 км, найб. глыб. 17,1 м, даўж. берагавой лініі 21,7 км. Пл. вадазбору 60,1 км². Схілы катлавіны выш. да 6 м (на Пн да 10 м), разараныя, участкамі пад хмызняком, на ПнУ і ПдЗ параслі лесам. Берагі нізкія, у залівах забалочаныя. Мелкаводдзе пясчанае, плоская цэнтр. ч. дна выслана сапрапелем. 2 невял. астравы агульнай пл. 0,4 га. Зарастае да глыб. 1,5 м. Адзначана гнездаванне рэдкай на Беларусі птушкі — вял. крахаля.

т. 8, с. 199

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕ́ТАПІС ПРЫРО́ДЫ,

спецыяльная кніга, якая вядзецца ва ўсіх запаведніках. Ствараецца па агульнай праграме, у якой улічваецца спецыфіка кожнага запаведніка. Змяшчае шматгадовую сістэматызаваную інфармацыю аб прыродных працэсах і з’явах на тэр. запаведніка. На Беларусі найб. працяглы Л.п. вядзецца ў Бярэзінскім біясферным запаведніку.

Уключае звесткі пра тэрыторыю, рэльеф, глебы, воды, кліматычныя ўмовы, флору і фауну, фіксуе стан рэжыму карыстання і ўплыў антрапагенных фактараў, адлюстроўвае стан і дынаміку ахоўных абіятычных і біятычных аб’ектаў, змяшчае каляндар прыроды, назіранні за паводзінамі жывёл, звесткі навук. даследаванняў і інш. матэрыялы. Л.п. дазваляюць вывучаць заканамернасці развіцця прыродных працэсаў на пэўнай тэрыторыі і выкарыстоўваюцца ў геабат., фларыстычных, фауністычных, феналагічных і інш. даследаваннях.

т. 9, с. 221

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)