Мянта́шка, мянта́жка, мянта́чка, мынта́чка, мянты́шка, мэнтэ́шка, мэнтэ́нька, мэнты́шка, мэнту́шка, менту́шка, мянту́шка, мыньтю́шка, мянцю́шка ’наждачная або намазаная глінай ці пяском лапатка, якой востраць косы’, ’трапло, балбатун’ (ТСБМ, Некр., Яруш., Бір. Дзярж., Янк. 1, Шат., Сл. ПЗБ, Бяльк., Мат. Маг., Смул.; КЭС, лаг.; Сцяшк., Тарн., Выг., ТС; ДАБМ, к. 264), мянта́шыць ’мянціць касу’, ’хутка есці’, ’трапацца, гаварыць бязглуздзіцу’ (ТСБМ, Янк. 1, Шат., Мат. Гом., Сцяшк. Сл.). Балтызм. Параўн. літ. meñtė, mentė́ ’лапатка’, mentẽlė ’тачыла’ (Вяржбоўскі, дыс., 516–520; Смулкова, LP, 14, 56–57; Грынавяцкене, Liet. term., 183; Лаўчутэ, Балтизмы, 37–38). Непераканаўча Смулкова (Słownictwo, 94–95), якая дапускае крыніцай для мянта́шка і інш. прасл. met‑/mʼot‑ (> польск. miotać, рус. метать) з другасным інфіксам ‑н‑. Гл. яшчэ Свобада (Studies in Slavic Ling. and Poetics. N.-Y. — London, 1968, 246).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Жніво́ жні́ва ’уборка збожжа; ураджай’ (ТСБМ), жнітво́ (в.-дзвін., Шатал.). Рус. абл. жнива́ ’час уборкі’, дыял. жни́во́ ’жніво’, укр. жни́во, жнива́ ’тс’, польск. żniwo ’тс’, н.-луж. уст. žnivo, чэш., славац. žnivo ’тс’, балг. дыял. жни́во ’зжатае збожжа’. Ст.-рус. жниво (XVI ст.). Ц.-слав. жьниво (Міклашыч, Lex. palaeosl.). Як бел. словаўтварэнне разглядае Сцяцко (Афікс. наз., 41), але слова мае прасл. характар, калі ўлічыць яго агульнаслав. пашырэнне. Ад кораня žьn‑ (жаць1) з суфіксам i‑v‑о (гл. пра суфікс Мейе, Études, 371–373). Шанскі (1, Д, Е, Ж, 295) лічыць, што гэта адсубстантыўнае ўтварэнне, указваючы на вытворнасць ад *žьnь (параўн. чэш. žeň ’жніво’), аднак, магчыма, і аддзеяслоўнае (як ст.-слав. сѣчиво ад сѣк‑ѫ, тѧтива ад тѧт‑и). Параўн. яшчэ. ст.-рус. жнитво, жнитва.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Знаць ’ведаць’. Рус. знать, укр. зна́ти, польск., в.-луж. znać, н.-луж. znaś, палаб. znot, чэш. znáti, славац. znať, славен. znáti, серб.-харв. зна̏ти, балг. зна̀я, знам, макед. знае. Ст.-слав., ст.-рус. знати ’ведаць’. Прасл. zna‑ti < і.-е. *gʼen‑, *gʼno‑ ’ведаць’: літ. žinóti, лат. zinât ’ведаць’, ст.-прус. po‑sinna ’пазнаю’, ням. kennen ’ведаць’, лац. co‑gnosco ’пазнаю’, ст.-інд. jānȃmi ’ведаю’, грэч. γιγνώσκω ’пазнаю’ і інш. Фасмер, 2, 100–101; Махэк₂, 717; БЕР, 1, 650; Траўтман, 371; Покарны, 1, 376. І.‑е. *gʼen‑ ’ведаць’ ад і.-е. *gʼen‑ ’нараджаць’ праз значэнні ’нараджацца, быць родзічам’ > ’ведаць чалавека’ Трубачоў, История, 154–157; Шанскі, 2, З, 101; іншы ход той жа сувязі: праз ’нараджаць’ > ’прымаць’ > ’даведвацца’ (Скок, 3, 658–659). Гл. яшчэ зяць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Зуёк ’птушка Charadrius dubius ці Charadrius hiaticula’. Рус. зуёк, зуй ’тс’, у гаворках таксама назва іншых птушак (Tringa minuta, T. temincei, Totanus calidris, T. fuscus і інш.), серб.-харв. зу̏јак ’жук Scarabeus stercoririus’. Ст.-рус. зуй ’назва птушкі’ (XVII ст.). Зуёк памянш. да зуй, назвы птушкі, верагодна, гукапераймальнай (параўн. серб.-харв. зy̑j ’гудзенне’, зык. Гараеў, 119; Фасмер, 2, 108; Шанскі, 2, З, 114; Антропаў, дыс. Праабражэнскі пярэчыць Гараеву, але этымалогіі не дае). Младэнаў (ССУ ИФФ, 13–14 (1917/18), 64) услед за Міклашычам (404) падводзіць пад корань *zu‑ < і.-е. *gʼheu̯‑, *gʼhou̯‑ (параўн. зваць), у Покарнага (1, 413) *gʼhau‑, *gʼhau̯ə‑ ’крычаць, зваць’, прычым піша, што гэта можа быць гукапераймальнае слова. Скок (3, 664) лічыць zújati гукапераймальным, адкуль і зујак. Параўн. яшчэ з зуй1, зуй2.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Каз ’скажэнне’ (Гарэц.), магчыма, сюды ж kazý (Федар. Рук.). Укр. каз ’шал, шаленства’, толькі ў прымаўцы «Нехай на тебе каз найде!», рус. наўг., кем., арх. казь ’дрэнь, бруд; падла’. Рус. слова адрозніваецца фармальна і семантычна і, магчыма, наогул сюды не адносіцца, польск. дыял. kaz ’загана’, ’бяльмо’, чэш. kaz ’агрэх, дэфект (напрыклад, у тканіне)’, славац. kaz ’недахоп, дэфект’, славен. kàz ’загана, немач’, ’дэфект у тканіне’, серб.-харв. каз ’вырадак’ (слова адзначана ў XVIII ст.). Меркаваць аб статусе як бел., так і іншых слоў цяжка; Трубачоў (Эт. сл., 9, 174–175) лічыць, што прыведзеныя формы дазваляюць рэканструяваць прасл. kazъ — адваротнае вытворнае ад kaziti, гл. казіць. Што датычыцца статуса бел. каз, параўн. яшчэ ўсх.-бел. кажены ’пракажоны’ і сказа ’дэфект і да т. п.’ (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Казні́ць ’гаварыць, дзяўбці’ ў вывазе «казні яму, ці не казні…» (полац., Нар. лекс.), ’у вочы ці за вочы клясці, зневажаць’ (КЭС, лаг.). Як паралель можна прывесці не вельмі дакладнае рус. казниться ’пакутаваць, мучыцца душою’. Другасны дзеяслоў ад казнь, засведчаны ў значэнні загад, павучэнне і інш.’ падобных зах.-слав. польск. уст. kaźń, дыял. kaźń, kaźnia, в.-луж., н.-луж. kazń, в.-луж. kaznja, ст.-чэш., ст.-славац. kázn, якія, як і слав. kazn ’пакаранне і інш.’, да kazati (утваральная аснова ‑kaz‑, яшчэ да тэматычнага пашырэння на ‑a‑ti), гл. Трубачоў, Эт. сл., 9, 173. Фасмер (2, 161) думаў пра першаснае значэнне ’загад’ і пра вялікую верагоднасць сувязі з kajati (sę). Бел. слова — інавацыя на базе страчанай або запазычанай з польск. лексемы.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Паро́цца ’калоць, пароць адзін аднаго чым-небудзь вострым; разрывацца, разыходзіцца ў шве; капацца ў чым-небудзь; марудна рабіць што-небудзь, корпацца’. Зваротны дзеяслоў да пароць (гл.); але адносна паро́цца ў яго апошнім значэнні існуе версія Махэка₂ (434) аб яго адменным паходжанні. Параўн. рус. дыял. поро́ться ’займацца чым-небудзь, спяшацца з чым-небудзь’, укр. пор́отися ’займацца хатняй гаспадаркай; гатаваць; поркацца’, польск. porać się, parać się ’займацца чым-небудзь’, в.-луж. porać, н.-луж. poroś ’рабіць нешта, гатаваць, даглядаць’, чэш. parati se ’рабіць нешта, займацца нечым; корпацца, поркацца’. Зыходным значэннем Махэк лічыць ’рабіць нешта’ якое, на яго думку, можа узыходзіць да пара́ (гл.). Але параўн. яшчэ по́ркацца < по́ркаць у аналагічным значэнні. Сюды ж паро́цька ’чалавек, які павольна працуе, які кепска ведае сваю справу’ (Гарэц.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Парсю́к ’кастрыраваны самец свойскай свінні, кабан’ (ТСБМ, Нас., Бяльк., Шат., Касп., Гарэц., Мядзв., ДАБМ, 885; Сл. ПЗБ), ’непакладаны кабан’ (ДАБМ, 884), паршу́к ’кабан, парсюк, вяпрук’ (Сцяшк., Выг., Сл. ПЗБ), ’непакладаны кабан’ (ДАБМ, 884). Агляд формаў і значэнняў гл. яшчэ Лаўчутэ, Балтызмы, 19). Рус. разан. парсу́к ’кабан’, зах. паршу́к, парсю́к, польск. (Літва) parsiuk. Запазычанне з літ. paršùkas ’парася’ (гл. Карскі, РФВ, 49, 20; Фасмер, 3, 209; падрабязны агляд этымалагічнай літ-ры гл. Лаўчутэ, там жа). Трубачоў (Происх., 63–64) запазычанымі лічыць толькі формы з ‑ш‑; частка славянскіх форм з ‑с‑, на яго думку, магла ўзнікнуць з поросю́к у выніку моцнай рэдукцыі пераднаціскнога галоснага. Супраць Лаўчутэ (там жа), якая ўказвае, што ўсе формы на ‑ук і з гукам ‑с‑ распаўсюджаны на тэрыторыі славянскіх балтызмаў.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пянька́ ’канаплянае валакно’ (ТСБМ; віл., рагач., Сл. ПЗБ; Бяльк.), сюды ж пянько́ўка ’крамная хустка; вялікая хустка сваёй работы’ (в.-дзв., Шатал.; маладз., Янк. Мат.; Жд. 1; валож., Жд. 3), пінькучы́ ’лапці, падплеценыя вяроўкамі’ (Бяльк.), пянько́вішча, пяньку́чышча, пінькамо́чча ’месца, дзе мочаць каноплі’ (тамсама). Яшчэ Шымкевіч (Покажчик, 2, 13) параўноўваў з рус. пенька́ ’ачышчаныя ад кастрыцы канапляныя мочкі, валокны’; польск. pieńka ’тс’. Банькоўскі (2, 555), “гандлёвую назву канаплянага валакна ў ВКЛ” выводзіць з літ. penkì ’пяць (верацён)’, што зусім неверагодна; рус. пенька́ ’каноплі’ лічыць запазычаннем “z Litwy”. Фасмер (3, 233) выводзіць са ст.-інд. bhaŋgas, bhaŋgā ’каноплі’, таксама Махэк₂ (443, пад pěnek ’мужчынскія асобіны канопляў, плоскуні’, pěnka ’жаночыя асобіны канопляў’), што на сучасным этапе этымалагізацыі здаецца найбольш прымальным, улічваючы пераважна ўсходнюю арыентацыю ў распаўсюджанні назвы.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сасо́ннік ’сон-трава Anemone pulsatilla L.’ (Шат.), сасну́лькі ’сон’ (астрав., Сл. ПЗБ). Польск. sasanka, sesenki, чэш. sasanka, серб.-харв. sása ’тс’, балг. сасан ’Hepatica triloba’, сасанка ’тс’, дыял. таксама сасенка; сюды ж, магчыма, і рус. сазончики ’Anemone pulsatilla L.’ і самсонички ’Pulsatilla pratens Mill.’ Неяснае слова. Дурыданаў (Зб. Лер-Сплавінскаму, 81 і наст.) мяркуе, што славянскія словы — гэта запазычанне са ст.-грэч. σουσον ’лілея’, якое на славянскай глебе падверглася розным пераўтварэнням і ўплыву народнай этымалогіі, якая звязала назву гэтай расліны з сон (гл. сон-трава). Грэч. слова Дурыданаў звязвае з ст.-егіпец. s‑š‑n ’лотас’, копц. šošen ’лілея’, ст.-яўр. šošan, араб. susan ’лілея’, пярс. susän ’лілея, касач’, тат. susan ’касач’. Для беларускага слова магчыма польскае пасрэдніцтва. Гл. яшчэ Махэк₂, 537–538, выклад гіпотэзы Дурыданава.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)