ЛІЯТА́Р ((Liotard) Жан Эцьен) (22.12. 1702, г. Жэнева, Швейцарыя — 12.6. 1789),
швейцарскі мастак. Майстар пастэльнага партрэта. Вучыўся ў Жэневе ў Д.Гардэля, у Парыжы ў Ж.Б.Масэ. Працаваў у Турцыі, Галандыі, Вене, Лондане, Жэневе. У пастэлях, малюнках і мініяцюрах спалучаў дэталёва-ілюзорную дакладнасць выявы з імкненнем да перадачы характару мадэлі. Творы вызначаюцца грацыёзнасцю ліній, тонкім пераліваннем святлаценю і суадносін тонаў: «Шакаладніца» (1743—45), «Турчанка з рабыняй», «Аўтапартрэт у турэцкім строі» (1744), «Граф Ф.Альгароці» (1745), «Граф Морыц Саксонскі» (каля 1748—52), «Мэры Ганінг, графіня Ковентры» (каля 1754), «Мадам д’Эпінэ» (1759) і інш. Аўтар «Трактата аб прынцыпах і правілах жывапісу» (1781).
дзяржаўны дзеяч Вялікабрытаніі. Адукацыю атрымаў у Оксфардскім ун-це. Паліт. дзейнасць пачаў у 1924 як дэп. палаты абшчын брыт. парламента. У 1940—45 займаў шэраг пасад ва ўрадзе У.Чэрчыля. З 1951 на міністэрскіх пасадах у кансерватыўных урадах Чэрчыля і Э.Ідэна, у т. л. міністр абароны (1954—55), замежных спраў (1955), фінансаў (1955—57). Прэм’ер-міністр Вялікабрытаніі і лідэр Кансерватыўнай партыі ў 1957—63. Пры ім Вялікабрытанія дала незалежнасць Гане (1957), Нігерыі, Кіпру (1960), Ямайцы (1962), інш. краінам і тэрыторыям, падпісала дагавор аб забароне і абмежаванні выпрабаванняў атамнай зброі 1963. Саўладальнік выд-ва «Макмілан паблішэрз». Аўтар мемуараў (т. 1—6, 1966—73).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛАДЗЕ́ЧАНСКІ ЛА́ГЕР СМЕ́РЦІ (шталаг № 342) у Вялікую Айчынную вайну. Створаны ням.-фаш. захопнікамі ў г. Маладзечна ў ліп. 1941 для масавай загубы сав. ваеннапалонных, да 1942 тут трымалі і цывільнае насельніцтва. Меў 3 лагеры і 13 аддзяленняў на чыг. лініях, у якіх пастаянна ўтрымлівалася каля 30 тыс.чал.Тэр. лагера была абгароджана калючым дротам, вязні размяшчаліся ў бараках без ацяплення. Ад голаду (за суткі на чалавека выдавалі 100 г эрзац-хлеба і 1 л баланды), фіз. знясілення, эпідэміі тыфу і інш. хвароб у лагеры панавала масавая смяротнасць. Сістэматычна праводзіліся расстрэлы вязняў. Да чэрв. 1944 тут загублена 33 150 чал. На месцы лагера ў памяць аб ахвярах генацыду ў 1996 адкрыты мемар. комплекс.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАНА́ДА [ад грэч. monas (monados) адзінка, непадзельнае],
тэрмін, які ўжываецца ў філасофіі для абазначэння структурнай, субстанцыяльнай адзінкі быцця. У ант. філасофіі паняцце «М.» ў розных значэннях сустракаецца ў Экфанта, Арыстоцеля, Платона і інш. мысліцеляў. У піфагарэізме М. (матэм. адзінка) — аснова быцця. У Дж.Бруна («Аб манадзе, ліку і фігуры», 1591) М. — адзіны пачатак быцця, адухоўленая матэрыя (пантэізм). У цэльную філас. сістэму вучэнне пра М. (манадалогія) распрацаваў Г.В.Лейбніц, які лічыў М. простай, замкнёнай, зменлівай субстанцыяй; М., надзеленую здольнасцю выразнага ўспрымання, называў душой (разумная душа чалавека — М.-дух). М.В.Ламаносаў тэрмінам «фізічная М.» абазначаў часцінку (карпускулу) матэрыі. Паняцце «М.» аналізуецца ў гіст.-філас. даследаваннях, прысутнічае ў філас. канцэпцыях плюралізму і персаналізму.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЧУ́ЛЬСКІ (Васіль Фёдаравіч) (9.8.1893, в. Навасады Дзяржынскага р-на Мінскай вобл. — 29.10.1973),
бел.літ.-знавец. Канд.філал.н. (1946). Вучыўся ў Варшаўскім ун-це (1911—15), скончыў Маскоўскі ун-т (1917). У 1918 супрацоўнік Белнацкома ў Маскве, у 1919—24 выкладчык у Слуцку, у 1925—33 навук. супрацоўнік Інбелкульта, АН Беларусі, у 1934—71 выкладчык ВНУ Масквы. Друкаваўся з 1927. Удзельнічаў у падрыхтоўцы выдання твораў М.Багдановіча (т. 1—2, 1927—28), А.Гаруна (1929). Даследаваў сувязі «Слова аб палку Ігаравым» з бел. фальклорам. Аўтар артыкулаў, рэцэнзій па праблемах укр., рус. л-ры.
Тв.:
Тэхніка работы з кнігай. Мн., 1933;
Лісты В.Ф.Мачульскага да А.Я.Багдановіча // Шлях паэта. Мн., 1975.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕ́РА,
філасофская катэгорыя, якая абазначае арган. адзінства якаснай і колькаснай акрэсленасці прадмета або з’явы. У гісторыі філасофіі распрацавана Г.Гегелем. Кожнаму якасна своеасабліваму аб’екту ўласцівы пэўныя колькасныя (зменлівыя і рухомыя) характарыстыкі. М. паказвае межы, за якімі колькасныя змены ўласцівасцей, складу, структуры прадметаў або працэсаў прыводзяць да змены іх якасці (закон пераходу колькасных змяненняў у якасныя). У сваю чаргу змена якасці дадзенага аб’екта вядзе да змены яго колькасных характарыстык і М. Сувязь і адзінства колькасці і якасці абумоўлены прыродай данага аб’екта. Калі разглядаць развіццё аб’екта, то пункты пераходу ад адной ступені да другой выступаюць як вузлавыя пункты змены М.; пра сістэму такіх вузлоў прынята гаварыць як аб вузлавой лініі М.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАЗІРА́ЛЬНЫЯ КАМІ́СІІ Рэспублікі Беларусь, органы грамадскага кантролю за дзейнасцю папраўча-працоўных устаноў. Створаны ў 1965 пры выканкомах раённых, гар. і абл. Саветаў і пры СМ з ліку дэпутатаў Саветаў, таксама прадстаўнікоў грамадскіх арг-цый і прац. калектываў. Склад Н.к. зацвярджаецца мясц. Саветамі. Іх дзейнасць рэгулюецца папраўча-працоўным заканадаўствам і Палажэннем аб Н.к. Асн. задачы: кантроль за дзейнасцю органаў, якія выконваюць пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі, папраўчых работ з пункту гледжання захавання імі патрабаванняў заканадаўства, за арганізацыяй і правядзеннем выхаваўчай работы з асуджанымі, прыцягненне грамадскасці да перавыхавання асуджаных, назіранне за паводзінамі асоб у быце і на вытворчасці пасля адбыцця імі пакарання, аказанне дапамогі ім у прац. і быт. уладкаванні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕПАЎНАЛЕ́ТНІЯ,
асобы, якія не дасягнулі ўзросту, з якім закон звязвае наступленне дзеяздольнасці. Паводле права Рэспублікі Беларусь Н. — асобы, што не дасягнулі 18 гадоў. Законныя інтарэсы Н. (поўнасцю або часткова) ажыццяўляюць іх бацькі або апекуны ці інш. законныя прадстаўнікі. Закон прадугледжвае меры, якія спецыяльна абараняюць іх працоўныя, цывільныя, аліментныя і інш. правы. Н. ва ўзросце ад 15 да 18 гадоў ажыццяўляюць са згоды бацькоў або апекуноў здзелкі, а таксама самастойна могуць ажыццяўляць дробныя быт. здзелкі, распараджацца сваім заробкам, стыпендыяй. ажыццяўляць аўтарскія і вынаходніцкія правы. У крымін. працэсе ўстаноўлены асобы парадак разгляду спраў аб Н. (крымін. адказнасць за пэўныя цяжкія злачынствы настае з 14 гадоў), які забяспечвае найб. дакладнае іх расследаванне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЯМІ́ГСКАЯ БІ́ТВА 1067,
адна з першых бітваў пачатку феад. раздробленасці Русі. Адбылася 3.3.1067 на р. Няміга паміж войскамі паўд.-рус. князёў Ізяслава, Святаслава, Усевалада Яраславічаў і полацкага кн. Усяслава Брачыславіча. Прычына — намер кіеўскага князя падпарадкаваць Полацкае княства, якое да гэтага часу стала незалежным. Выкарыстаўшы захоп і разарэнне Усяславам Ноўгарада, войскі паўд.-рус. князёў захапілі Мінск. Н.б. скончылася паражэннем войск Полацкага княства. У час мірных перагавораў Усяслаў Брачыславіч быў зняволены ў Кіеве. Н.б. асуджана аўтарам «Слова аб палку Ігаравым», які апісаў яе як жорсткае пабоішча: «На Немизе снопы стелют головами, молотят чепи харалужными, на тоце живот кладут, веют душу от тела. Немизе кровави брезе не бологом бяхуть посеяни — посеяни костьми руских сынов».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАНГЕ́НЕЗІС (ад пан... + генезіс),
гіпотэза Ч. Дарвіна (1868) аб механізме ўзнаўлення ў патомстве прыкмет папярэдніх пакаленняў. Яе сутнасць у тым, што ўсе клеткі арганізма вылучаюць найдрабнейшыя часцінкі (зародкі) — гемулы, якія збіраюцца ў палавых органах і ўтвараюць палавыя клеткі, за кошт чаго і адбываецца перадача ў спадчыну прыкмет, у т. л. і зноў набытых. Гэтай гіпотэзай Дарвін карыстаўся пры тлумачэнні з’явы размнажэння (палавога і бясполага) і рэгенерацыі. У 1871 англ. вучоны Ф.Гальтан эксперыментальна даказаў неабгрунтаванасць гіпотэзы П. Прынцыпова інш. тэорыю, унутрыклетачнага П., прапанаваў Г. Дэ Фрыз (1889), паводле якой у ядры клеткі знаходзяцца «пангены», якія вызначаюць усе прыкметы арганізма; у пратаплазму выходзяць толькі тыя «пангены», якія вызначаюць тып клетак.