КАН ЮВЭ́Й (19.3.1858, пав. Наньхай, прав. Гуандун, Кітай — 31.3.1927),
кітайскі паліт. дзеяч і сац. філосаф. Апіраўся на ідэі канфуцыянства, але імкнуўся да мадэрнізацыі краіны і ўвядзення канстытуцыйнай манархіі. У 1898 заснаваў партыю рэформ Баахагой (Саюз абароны дзяржавы). Падтрыманы маладой кіт. інтэлігенцыяй і імператарам Гуансюем, у час «ста дзён рэформ» 1898 адм. шляхам праз выданне ўказаў ад імя імператара зрабіў спробу рэалізаваць праграму рэформ (удасканаленне дзярж. апарата, сістэмы асветы, рыначныя пераўтварэнні ў эканоміцы і інш.). Пасля задушэння рэфарматарскага руху імператрыцай Цысі эмігрыраваў. Як прыхільнік манархіі выступаў супраць рэвалюцыі 1911—13. Аўтар трактата «Кніга аб Вялікім Яднанні» (1887), у якім даў утапічную канцэпцыю будучага свету, дзе, на яго думку, не будзе месца прыватнай уласнасці і сац. няроўнасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАПЕ́РНІКА І ГРЭ́ШЭМА ЗАКО́Н,
эканамічны закон аб неабходнасці строгага вызначэння колькасці грошай, якія знаходзяцца ў абарачэнні. У адносінах да метал. грошай гэты закон сфармуляваў М.Капернік у 1526. Ён лічыў, што лішак грошай звыш устаноўленай колькасці непазбежна вядзе да змянення рыначнай ацэнкі манет, да таго, што «за манету нельга набыць такую колькасць серабра, якую яна ў сабе заключае». Англ.дзярж. дзеяч і фінансіст 16 ст. Т.Грэшэм таксама прыйшоў да высновы, што «горшыя грошы выцясняюць з абарачэння лепшыя». Дзеянне К. і Г. з. характэрна ў асн. для біметалізму, а таксама пры інфляцыі, калі залатыя і сярэбраныя манеты свядома выводзяцца са сферы абарачэння і ў ёй звычайна застаюцца папяровыя грошы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРПУСКУЛЯ́РНА-ХВА́ЛЕВЫ ДУАЛІ́ЗМ,
уласцівасць мікрааб’ектаў (напр., электронаў, нейтронаў, фатонаў), паводле якой іх свабодны рух адбываецца па законах распаўсюджвання хваль, а ўзаемадзеянне — па законах сутыкнення часціц (карпускул).
Устаноўлены для святла ў канцы 19 — пач. 20 ст.: доследы па інтэрферэнцыі, дыфракцыі і палярызацыі святла сведчылі аб яго хвалевай прыродзе. Вывучэнне асаблівасцей узаемадзеяння святла з рэчывам (фотаэфект, Комптана эфект і інш.) паказала, што святло выяўляе ўласцівасці патоку часціц з пэўнымі значэннямі энергіі і імпульсу. Доказы існавання хвалевых уласцівасцей электронаў (гл.Хвалі дэ Бройля) атрыманы ў 1927 амер. вучоным К.Дэвісанам і Л.Джэрмерам пры назіранні інтэрферэнцыйнай карціны адбіцця электронаў ад монакрышталяў нікелю. Выяўлены інтэрферэнцыйныя эфекты пратонаў, нейтронаў, атамных пучкоў гелію, малекул вадароду і інш.
бел. астраном, матэматык і асветнік, прадстаўнік Віленскай астр. школы. Вучыўся ў Віленскім ун-це (1807—11). У 1814—18 і ў 1826—31 працаваў у ім і адначасова ў 1811—18 у Віленскай астранамічнай абсерваторыі. Навук. працы па астраноміі (даследаванне яркасці зорак, назіранні планет, камет, астэроідаў і інш.). Аўтар падручнікаў па астраноміі і матэматыцы. Прытрымліваўся матэрыялістычных поглядаў, прыхільнік вучэння Каперніка і асветніцкіх ідэй. Пераклаў на польскую мову і выдаў працы франц. астраномаў Ж.Мале «Навука аб небе» (1824) і П.Лапласа «Гісторыя астраноміі» (1825).
Тв.:
Astronomia. Wilno, 1821;
Traktat ο kometach. Wilno, 1826.
Літ.:
Очерки истории философской и социологической мысли Белоруссии (до 1917 г.). Мн., 1973. С. 238.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАТАЛІ́ЦКАЯ ЛІ́ГА 1576,
палітычны рух франц. католікаў у час рэлігійных войнаў у 1576—95 Створана ў Пікардыі і ўзначальвалася Гізамі. Пад прыкрыццём заклікаў да абароны дзяржавы і рэлігіі імкнулася да аўтаноміі правінцыяльных улад і пачала барацьбу з гугенотамі. Пры ваен. падтрымцы Іспаніі спрабавала сарваць пагадненне караля Генрыха III з гугенотам Генрыхам Наварскім (пазней кароль Генрых IV) аб прызначэнні апошняга наследнікам трона і прапанавала свайго кандыдата Генрыха Гіза. У 1588 прыхільнікі К.л. захапілі Парыж і прымусілі Генрыха III пакінуць горад. Пасля забойства апошняга (1589) каралём стаў Генрых IV, які ў 1593 перайшоў у каталіцтва. Пасля заключэння ім міру з лідэрамі апазіцыі (1595) К.л. спыніла сваё існаванне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАТКО́Ў (Сяргей Пятровіч) (1.10.1911, в. Скрыпіцына Калышлейскага р-на Пензенскай вобл., Расія — 17.2.1976),
бел. жывапісец і педагог. Засл. настаўнік Беларусі (1966). Скончыў Пензенскі маст.-пед. тэхнікум (1931). У 1937—71 мастак-педагог і кіраўнік маст. студыі пры Мінскім палацы піянераў і школьнікаў. Выкладчык Мінскага маст. вучылішча (1956—68), Рэсп.маст. школы-інтэрната (1963—65). Працаваў у жанрах пейзажа і нацюрморта. Творы вызначаюцца эмацыянальнасцю, дэкаратыўнасцю колеру: «Восеньскі пейзаж» (1947), «На рацэ» (1959), «Лепельскія азёры» (1961), «Гарадскі пейзаж» (1967), «Сказ аб Бярэзіне» (1970), «Лета. Нацюрморт» (1971), «Хутар Альбуць» (1972), «На Прыпяці» (1973), «Палескія волаты» і «На Бярэзіне» (абодва 1975). Асобнае месца займаюць графічныя малюнкі з франтавога жыцця (1943—44).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́ВЕНСКАЯ ГУБЕ́РНЯ.
Існавала 1843—1919 на тэр. Літвы і Беларусі Цэнтр — г. Коўна (Каўнас). Утворана 1.7.1843 паводле ўказа «Аб пераўтварэнні паўночна-заходніх губерняў» ад 18.12.1842. Да 1912 уваходзіла ў Віленскае генерал-губернатарства. Складалася з 7 паветаў, якія раней уваходзілі ў Віленскую губ.: Вількамірскі, Ковенскі, Новааляксандраўскі (Браслаўскі), Панявежскі, Расіенскі, Цяльшэўскі, Шавельскі. Пл. 35 712 кв. вёрст. Паводле перапісу 1897 нас. 1544,6 тыс.чал., з іх 66% літоўцы, 9% палякі, 4,7% рускія, 2,3% латышы, 2% беларусы. Асн. маса беларусаў жыла ў Новааляксандраўскім пав., дзе яна складала 16,8%. У 1919 асн. частка К.г. адышла да Літвы, а ўсх. з г.Браслаў і Відзы акупіравана Польшчай і ў 1922—39 уваходзіла ў Віленскае ваяводства.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́ЗЫРАЎСКІЯ ПАРТЫЗА́НЫ,
удзельнікі барацьбы супраць польск. інтэрвентаў у ваколіцах Мінска ў 1919—20. Партыз. атрад створаны ў кастр. 1919 пад кіраўніцтвам Мінскага падп.к-та КГІ(б)ЛіБ. У яго ўваходзілі жыхары прыгарадных вёсак Козырава, Калядзічы, Сеніца, Гатава і інш. Камандзір С.С.Плашчынскі. Партызаны распаўсюджвалі бальшавіцкую л-ру, вялі агітацыю сярод насельніцтва і польскіх салдат, перадавалі камандаванню Чырв. Арміі звесткі аб праціўніку, учынялі дыверсіі на камунікацыях і лініях сувязі, знішчалі жывую сілу ворага. 27—28.4.1920 дэфензіва арыштавала 24 партызаны, 7 мая з іх расстраляны В.С.Васілеўскі, А.І.Кепе, В.П.Пагірэйчык, С.Р.Плашчынскі, М.Процкі, Л.В.Путырскі, У.В.Шумскі (пахаваны ў Мінску на Вайсковых могілках, на магіле помнік).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́СІЧ (Марыя Мікалаеўна) (1850, с. Расуха Унецкага р-на Бранскай вобл., Расія — ?),
бел. фалькларыстка, этнограф і пісьменніца. Адукацыю атрымала ў Пецярбургу. Аўтар фалькл. працы «Ліцвіны-беларусы Чарнігаўскай губерні, іх побыт і песні» (1901), прысвечанай вуснай нар. паэзіі і духоўнай культуры беларусаў. У прадмове да зборніка характарызуюцца жыццё і побыт сялян, іх вераванні, паданні, песні, асаблівасці гаворкі і спеваў. Пісала пра матэрыяльную культуру беларусаў (арт. «Аб пабудовах беларускага селяніна Чарнігаўскай губерні...», 1906). Сярод інш. твораў паэма «На перасяленне. Расказ цёткі Домны з Палесся» (1903), байкі, вершы. На бел. мову пераклала байкі І.Крылова («Пералажэнне некаторых баек Крылова на беларускую мову», 1903).
Тв.:
У кн.: Беларуская літаратура XIX ст.: Хрэстаматыя. Мн., 1971.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРА́КАЎСКАЕ ПАЎСТА́ННЕ 1846,
паўстанне супраць аўстр. панавання ў Кракаўскай рэспубліцы. Планавалася як частка агульнапольск. паўстання, якое рыхтавалася польскімі нац.-вызв. арг-цыямі на чале з Польскім дэмакратычным таварыствам. Пачалося 20 лютага. Авалодаўшы Кракавам, паўстанцы 22 лют. сфарміравалі Нац. ўрад, які ў сваім маніфесце заклікаў народ да агульнага паўстання, скасаваў саслоўныя адрозненні і тытулы, феад. павіннасці, абвясціў аб надзяленні зямлёй сялян, якія прымуць удзел у паўстанні. Пасля разгрому 26 лют. пад Гдовам паўстанцкага атрада А.Сухажэўскага і гібелі 27 лют. фактычнага кіраўніка паўстання Э.Дэмбоўскага дыктатар К.п. Я.Тысоўскі разам з паўстанцкімі атрадамі 3 сак. пакінуў Кракаў і 4 сак. склаў зброю на тэр. Прусіі. Горад захапілі аб’яднаныя войскі Расіі і Аўстрыі.