Вужо́ўнік ’расліна, Ophioglossum L.’ (БРС, Кіс.); ’вераніка шчытковая, Veronica scutellata’ (Касп.). Рус. ужо́вник ’тс’. Ад вуж. Назва ўтворана на базе перакладу грэч. назвы: ophis ’змяя’, glossa ’язык’ (Аненкаў, 232). Параўн. серб. гадји језик, змијски језик, ням. Natterzunge (Сіманавіч, 325). Але не выключана і самастойнае ўтварэнне на слав. глебе ад вуж(овы), таму што расліна ўжываецца пры ўкусе змей (параўн. вужака ’змяя’). Семантычная мадэль ’назва хваробы’ — ’назва лекавай расліны’ сустракаецца даволі часта; гл. вогнік 2.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Со́ўпацца, со́впатысь ‘сноўдацца, совацца’, совпну́тысь ‘таркануцца, усунуцца’ (Сл. Брэс.), со́впатыся ‘соўгацца, таптацца’ (пін., Нар. лекс.). Укр. палес. со́впатис ‘цягнуцца па снезе або балоце’, совпну́ти ‘торкнуць’, перан. ‘папракнуць’, совпну́тысь ‘торкнуцца, штурхнуцца’. Анікін (Этимология–1982, 67) узнаўляе прасл. *sъlpati sę, *sъlpnǫti (sę) на аснове семантычнага паралелізму польск. wytknąć (język, palec) ‘вытаркнуць (язык)’ і wysalapić (język) як сіноніма гэтага выразу; далей гл. салупаць. Менш пераканаўча ЕСУМ (5, 343), дзе мяркуецца аб кантамінацыі со́вати або совгати і човпти ‘чаўпці’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сіліпа́ць ‘прагна есці’ (Мат. Маг.), рус. смал. силипа́ть ‘піць з прысвістам, сёрбаннем’, ‘высоўваць язык’, ‘сцябаць’. Дыялектны варыянт дзеяслова салупаць (гл.), параўн. сылыпа́ць ‘балбатаць’: сылыпаць языком (Бяльк.). Анікін (Опыт, 278), дапускаючы старое запазычанне з балт. *salp‑, звязанага з літ. sulpti ‘лізаць, ссаць’ (Мартынаў, Бел.-укр. ізал., 49), усё ж схіляецца да анаматапеічнага паходжання зыходнай формы (Фасмер, 3, 714), гл. таксама Анікін, 495. Аналагічна гл. селяпаць. Сувязь з сіляць ‘чэрпаць’ (гл.), хутчэй за ўсё, мае другасны характар.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

шчыпа́ць, -ыплю́, -ы́плеш, -ы́пле; -ы́паны; незак.

1. каго-што. Зашчамляць да болю скуру пальцамі.

Ш. за лыткі.

2. што. Выклікаць адчуванне болю, свербу, пякоты і пад.

Мароз шчыпле шчокі.

Гарчыца шчыпле язык.

3. перан. Прыносіць душэўны боль.

Крыўда шчыпала сэрца.

4. што. Зашчамляючы чым-н. (пальцамі, зубамі), аддзяляць.

Ш. вішні.

Конь шчыпаў траву.

Ш. валакно.

|| зак. абшчыпа́ць і ашчыпа́ць, -ыплю́, -ы́плеш, -ы́пле; -ы́паны (да 4 знач.).

|| аднакр. ушчыпну́ць, -ну́, -не́ш, -не́; -нём, -няце́, -ну́ць; -ні́ (да 1 знач.) і шчыпну́ць, -ну́, -не́ш, -не́; -нём, -няце́, -ну́ць; -ні́; наз. шчыпо́к, -пка́, мн. -пкі́, -пко́ў, м. (паводле 1 і 4 знач.).

|| наз. шчыпа́нне, -я, н., абшчы́пванне, -я, н. (да 4 знач.) і ашчы́пванне, -я, н. (да 4 знач.).

|| прым. шчыпа́льны, -ая, -ае (да 4 знач.; спец.).

Шчыпальная машына (у прадзільнай вытворчасці).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

Pféife f -, -n

1) свісто́к, ду́дка

2) пі́пка, лю́лька;

◊

die ~ im Sack hálten* трыма́ць язы́к за зуба́мі;

nach j-s ~ tánzen скака́ць пад чыю́-н. ду́дку

Нямецка-беларускі слоўнік (М. Кур'янка, 2006, правапіс да 2008 г.) 

acid

[ˈæsɪd]

1.

n.

1) кі́сьліна f.; кі́слае рэ́чыва n.

2) Chem. кіслата́ f.

2.

adj.

1) кі́слы; сква́шаны; во́йстры

Lemon is an acid fruit — Лімон — кі́слы фрукт

2) Figur. зло́сны, во́йстры, зьдзе́клівы

an acid tongue — во́йстры язы́к

acid looks — кі́слая мі́на

3) Chem. кісло́тны; кі́слы

acid radical — кісло́тны радыка́л

Ангельска-беларускі слоўнік (В. Пашкевіч, 2006, класічны правапіс) 

обще́ние ср. (сношения) зно́сіны, -сін ед. нет; (связь) су́вязь, -зі ж.; (отношения) адно́сіны, -сін ед. нет;

в те́сном обще́нии у це́снай су́вязі;

язы́к — ору́дие обще́ния люде́й мо́ва — сро́дак зно́сін людзе́й.

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

бо́йкі, ‑ая, ‑ае.

1. Рашучы, энергічны, смелы. Рыгорка — хлопчык здольны, бойкі і вельмі ганарысты. Колас. «Ну, будзе дзянёк!» — .. падумала .. [Таня], міжвольна прыслухоўваючыся да голасу бойкага юнака ў карычневай футболцы. Даніленка.

2. Жвавы, скоры. А жыў там адзін чалавек. З выгляду так сабе — недалужны, затое на язык бойкі: за словам у кішэню не лезе. Якімовіч.

3. Ажыўлены, поўны руху, дзейнасці. Бойкі шлях. Бойкі гандаль. □ Самы бойкі клёў плоткі назіраецца, як правіла, на досвітку і позна ўвечары, калі яе касякі выходзяць на кармленне пад берагі. Матрунёнак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

скру́ха, ‑і, ДМ скрусе, ж.

Туга, маркота. Радасць чалавечая ўсё ж такі мацней за скруху і беспатольнае гора. Сабаленка. — Глыбокае мора, шырокае мора, — Старая запеў павяла, — Ды толькі, глыбейшым было маё гора, Шырэйшаю скруха была. Бялевіч. // Жаль, шкадаванне. — Марына!.. Га, Марына!.. Ты яшчэ жывеш? Не памерла?.. — і са скрухай уздыхнуў: — Ну і жывучыя людзі! Ракітны. Затое, калі ішлі з Сяргеем дадому і адзінай сведкай іх быў серпік месяца, .. [Антон] са скрухай сказаў: — Пацягнула ж мяне за язык сказаць пра гэты буксір. Сіўцоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

БРУЦЭЛЁЗ (ад прозвішча англ. ўрача Д.​Бруса, які адкрыў бруцэлы),

інфекцыйна-алергічная хвароба чалавека і жывёл. Суправаджаецца ліхаманкай, пашкоджаннем рэтыкула-эпітэліяльнай, сасудзістай, нерв. і інш. сістэм, найчасцей — апорна-рухальнага апарату. Адносіцца да заанозных інфекцый, гал. крыніца якіх дробная і буйн. раг. жывёла, свінні, а таксама коні, вярблюды, сабакі, кошкі і інш. Чалавек можа заразіцца ад хворай жывёлы, ад інфіцыраваных прадуктаў (сырых малочных, мясных і інш.). У арганізм бруцэлы (узбуджальнікі бруцэлёзу) трапляюць праз слізістыя абалонкі стрававальнага тракту і дыхальных шляхоў, пашкоджаную скуру.

Інкубацыйны перыяд бруцэлёзу 2—3 тыдні. Тэмпература цела павышаецца да 39—40 °C, бывае і субфебрыльная. Першыя прыкметы хваробы — дыфузнае павелічэнне лімфатычных вузлоў і патлівасць, страта апетыту, сухасць у роце, абложаны язык, запоры, змены ў печані і селязёнцы. Пры пашкоджанні палавых органаў у мужчын узнікаюць архіты і эпідыдыміты, у жанчын — парушэнне менструальнага цыкла, выкідышы. Пры пашкоджанні нерв. сістэмы з’яўляюцца ўзрушанасць, эйфарыя, бяссонніца. У перыяд рэмісіі захоўваецца слабасць у мышцах, адынамія, цягнучы боль у канечнасцях, дыфузны разліты боль у мышцах, касцях, суставах. Пры хранічным бруцэлёзе дамінуюць ачаговыя пашкоджанні ўнутр. органаў і нерв. сістэмы. Лячэнне: тэрапеўтычнае, фізіятэрапеўтычнае, сан.-курортнае.

У арганізм жывёлы ўзбуджальнік найчасцей трапляе з кормам і вадой, а таксама праз слізістыя абалонкі і скуру. Свінні і авечкі найчасцей заражаюцца палавым шляхам. Інфекцыя можа распаўсюдзіцца ад чалавека, які даглядае жывёлу.

П.​Л.​Новікаў.

т. 3, с. 272

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)