МАНІПУ́Р,
штат на ПнУ Індыі, на мяжы з М’янмай. Пл. 22,4 тыс. км². Нас. 1,8 млн. ж. (1991), больш за 50% — народ маніпуры (мейтхеі). Адм. цэнтр — г. Імпхал. У рэльефе чаргаванне мерыдыянальна выцягнутых хрыбтоў (выш. 2—2,5 тыс. м) і шырокіх міжгорных далін на выш. 800—1000 м. Клімат умерана цёплы. Ападкаў ад 1500 мм у далінах да 2500 мм на схілах гор. На наветраных схілах гор пераважаюць вільготныя трапічныя лясы, на падветраных — лістападныя, якія змяняюцца з вышынёй шыракалістымі і хваёвымі лясамі і лугамі. Міжгорная даліна р. Маніпур — асн. раён рысасеяння. Вырошчванне алейных, тытуню, бавоўны, струковых. Садоўніцтва, шаўкаводства. Развіта ручное ткацтва.
т. 10, с. 82
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НАС-ЖЭРА́ЙС (Minas Gerais),
1) буйнейшы жалезарудны раён у паўд,ўсх. ч. Бразіліі (штат Мінас-Жэрайс). Руды — жалезістыя кварцыты (ітабірыты) і гематытавыя. Адкрыты ў 1910, распрацоўваецца з 1934. Пл. каля 7 тыс. км². Уключае 125 радовішчаў. Агульныя запасы гематытавых руд (з сярэдняй колькасцю жалеза больш за 64%) — 4,5 млрд. т, ітабірытаў (45%) — каля 23,5 млрд. т. Гал. радовішчы ў раёнах Ітабіра, Пірасікаба, у даліне р. Параапеба.
2) Рэдкаметальны рудны раён у Бразіліі, на Пн штата Мінас-Жэрайс. Гал. радовішчы Араша, Тапіра. Латэрытныя коры выветрывання. Запасы ніобіевых руд на радовішчы Араша (пл. 16 км²) — 462 млн. т, пры сярэднім змяшчэнні Nb2Os 2,5%. Распрацоўваецца з 19 ст.
т. 10, с. 378
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МО́НТЭ-АЛЬБА́Н (Monte Albán),
горад на Пд Мексікі (штат Аахака), у раёне якога ў 4 ст. да н.э.—16 ст. н.э. знаходзіўся паліт. цырыманіяльны культ. цэнтр спачатку сапатэкаў, а потым міштэкаў. З пач. 1930-х г. у М.-А. праводзіліся археал. даследаванні мекс. вучоным А.Каса. На штучна створаных тэрасах у гарах адкрыты палацы, «піраміды», стэлы з надпісамі, каменная лесвіца (шыр. 40 м), амфітэатр і інш. пабудовы. Сцены будынкаў былі ўпрыгожаны фрэскамі, мазаікай, рэльефнымі чалавечымі фігурамі. Вывучаны каля 150 скляпоў з керамічнымі пахавальнымі урнамі ў выглядзе людзей і жывёл. У адной з грабніц, якая належала правадыру міштэкаў, знойдзена шмат высокамаст. залатых рэчаў.
т. 10, с. 520
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПА́РКЕР ((Parker) Чарлі) (Чарлз Крыстафер; псеўд. Бёрд; Bird; 29.8.1920, г. Канзас-Сіці, штат Місуры, ЗША — 12.3.1955),
амерыканскі джазавы музыкант, выканаўца на альт-саксафоне, кампазітар. Па паходжанні афраамерыканец. З 1935 выступаў з рознымі джазавымі калектывамі, адначасова ў квінтэце Дж.Гілеспі, з 1947 са створаным ім квінтэтам; іграў і са стр. аркестрам. Яго імправізацыі вызначаліся віртуознасцю, развітым рытмавым і дынамічным мысленнем, асаблівасцямі гуказдабывання і фразіроўкі, што надавала яго выкананню асіметрычнасць і неардынарнасць. Стварыў (разам з Гілеспі) джазавы стыль бібоп («Салёны арахіс», «Звычайная вышыня», 1945). Сярод інш. найб. вядомых кампазіцый: «Цяпер пара», «Канфірмацыя», «Сюіта хатняй птушкі», «Арніталогія»; канцэртны альбом «Квінтэт года» (разам з Гілеспі, 1953) і інш.
т. 12, с. 97
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕНТАГО́Н (англ. Pentagon ад грэч. pentagōnon пяцівугольнік),
назва ваен. ведамства ЗША, якое размяшчаецца ў пяцівугольным будынку на беразе р. Патомак у г. Арлінгтан каля Вашынгтона (штат Віргінія). Налічвае каля 23 тыс. чал. персаналу ваен. і цывільных спецыялістаў. У П. размяшчаюцца асн. ўстановы, упраўленні і службы мін-ва абароны, камітэт нач. штабоў (КНШ) і яго аб’яднаны штаб, мін-ва арміі ЗША. У будынку П. знаходзяцца асн. камандны цэнтр КНШ і асн. камандныя пункты відаў узбр. сіл. Кіраўнік П. — міністр абароны ЗША. Будынак П. пастаўлены ў 1941—43 паводле праекта ген. Б.Б.Сомвіла. Гл. таксама раздзел Узброеныя сілы ў арт. Злучаныя Штаты Амерыкі.
І.Г.Елісееў.
т. 12, с. 268
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАЙС ((Price) Леанціна) (н. 10.2.1927, г. Лорэл, штат Місісіпі, ЗША),
амерыканская спявачка (сапрана). Скончыла Джульярдскую муз. школу (1952). Як оперная спявачка дэбютавала ў 1951. У 1959 у т-ры «Ла Скала». З 1961 салістка «Метраполітэн-опера» ў Нью-Йорку. З 1985 выступае як камерная спявачка. Валодае голасам выключнай прыгажосці і насычанасці. Яе выкананне вылучаецца вял. драматызмам, сілай экспрэсіі. Адна з лепшых выканальніц партый Аіды («Аіда» Дж.Вердзі) і Кармэн («Кармэн» Ж.Бізэ). Сярод інш. партый: Донна Ганна («Дон Жуан» В.А.Моцарта), Тоска («Тоска» Дж.Пучыні) і інш. Тонкі інтэрпрэтатар камерных вакальных твораў, у т. л. цыкла «Песні самотніка» С.Барбера, створанага для яе.
т. 12, с. 544
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЭ́СЛІ ((Presley) Элвіс) (8.1.1935, г. Цьюпела, штат Місісіпі, ЗША — 16.8.1977),
амерыканскі эстрадны спявак, гітарыст, кінаакцёр. На сцэне з 1950-х г. Стварыў індывідуальны вакальны стыль, які ўвабраў у сябе паўд.-амер. блюзы, рэліг. песнапенні, музыку кантры. Найб. уплывовы выканаўца рок-н-рола. Экстравагантнасць паводзін, эмацыянальна раскаваны выканальніцкі стыль зрабілі П. кумірам моладзі. Здымаўся ў кіно (больш за 30 фільмаў), у т. л. «Пакахай мяне пяшчотна» (1956), «Каханне да цябе», «Турэмны рок» (абодва 1957), «Двайныя непрыемнасці» (1967). Пра творчасць П. пастаўлены дакумент. фільмы («Элвіс — так гэта адбываецца на самай справе» (1970), «Элвіс у турнэ» (1972), «Гэта Элвіс» (1981), маст. фільм «Элвіс — кіно» (1979).
т. 13, с. 95
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДЖАСТХА́Н,
штат на ПнЗ Індыі. Пл. 342 тыс. км². Нас. каля 50 млн. чал. (2000), пераважна раджастханцы і хіндустанцы. Адм. ц. — г. Джайпур. На Пн — ч. Інда-Гангскай раўніны, на Пд — Дэканскае пласкагор’е. Цэнтр ч. Р. перасякае з ПдЗ на ПнУ хр. Аравалі (выш. да 1722 м). Клімат трапічны, мусонны, сухі на ПнЗ, са значнымі летнімі ападкамі на ПдУ. Пераважае ксерафітная расліннасць. У эканоміцы гал. роля належыць сельскай гаспадарцы, асабліва жывёлагадоўлі. Гадуюць коз. авечак, буйн. раг. жывёлу, вярблюдаў. Земляробства пераважна на У, на арашальных землях (мясц. віды сорга, пшаніца, кукуруза, бавоўна, алейныя і садовыя культуры). Горназдабыўная і апрацоўчая прам-сць. Саматужныя промыслы. Транспарт чыг. і аўтамабільны.
т. 13, с. 208
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РО́БСАН ((Robeson) Поль) (9.4.1898, г. Прынстан. штат Нью-Джэрсі, ЗША — 23.1.1976),
амерыканскі спявак (нізкі бас), драм. акцёр, грамадскі дзеяч. Скончыў Калумбійскі ун-т (1923). З 1921 выступаў як драм. акцёр у амер. і англ. т-рах (лепшая роля — Атэла у аднайм. п’есе У.Шэкспіра; 1930). У 1925 дэбютаваў як спявак. Выканаўца негрыцянскіх і амер. нар., антыфаш. і антываен. песень, песень пратэсту; у рэпертуары былі песні народаў СССР і сав. кампазітараў. Здымаўся ў кіно. Чл. Сусв. Савета Міру (1950). Міжнар. прэмія Міру 1950. Міжнар. Ленінская прэмія 1952.
Тв.:
Рус. пер. — На том я стою. М., 1958;
Говорит П.Робсон. М., 1981.
Я.З.Басін.
т. 13, с. 391
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУТ ((Root) Эліў) (15.2.1845, г. Клінтан, штат Нью-Йорк, ЗША — 7.2.1937),
дзяржаўны дзеяч ЗША. Скончыў юрыд. школу пры Нью-Йоркскім ун-це (1867). Працаваў юрыстам, у 1883—85 пракурор Паўд. акругі г. Нью-Йорк. У 1899—1904 ваен. міністр, у 1904—09 дзярж. сакратар ЗША, у 1909—15 чл. Сената ЗША. Асаблівую ўвагу аддаваў праблемам міжнар. арбітражу. У 1907 ініцыіраваў стварэнне Цэнтральнаамер. суда справядлівасці для ўрэгулявання спрэчак і канфліктаў паміж дзяржавамі Карыбскага басейна. Чл. Міжнар. трацейскага суда ў Гаазе. У 1910—24 прэзідэнт Міжнар. фонду міру імя Карнегі, які вывучаў прынцыпы войнаў і шляхі іх прадухілення. Нобелеўская прэмія міру 1912.
т. 13, с. 473
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)