ВЯЛІ́КІ ТЭА́ТР РАСІ́І, Дзяржаўны акадэмічны Вялікі тэатр Расіі,
тэатр оперы і балета; адзін з цэнтраў рускай і сусв. музычна-тэатр. культуры. Засн. ў 1776 у Маскве на базе трупы, створанай антрэпрэнёрам М.Медоксам і кн. П.В.Урусавым. Спектаклі даваліся ў доме графа Р.І.Варанцова, з 1780 — у будынку на вул. Пятроўка (наз. Пятроўскі т-р), з 1824 — у сучасным будынку (арх. В.Бавэ, паводле праекта А.Міхайлава; рэканструяваны ў 1856, арх. А.К.Кавас). Напачатку ставіліся замежныя і першыя рус. оперы і балеты, пазней — шэдэўры сусв. класікі і сучасных кампазітараў. З пач. 20 ст.сусв. прызнанне атрымала рус. вакальная (Ф.Шаляпін, А.Няжданава, Л.Собінаў і інш.) і балетная (К.Гельцэр, А.Горскі і інш.) школы, звязаныя з дзейнасцю Вялікага тэатра Расіі. З 1919 акадэмічны. У 1924—59 у памяшканні б. Опернага т-ра Зіміна працаваў філіял Вял.т-ра, у 1961—89 спектаклі ішлі і ў Крамлёўскім Палацы з’ездаў (цяпер Дзярж. Крамлёўскі Палац). У розныя гады ў т-ры працавалі: дырыжоры М.Галаванаў, Г.Раждзественскі, Я.Святланаў; спевакі В.Барсава, Н.Абухава, С.Лемешаў, І.Казлоўскі, І.Архіпава, Г.Вішнеўская, У.Атлантаў, А.Абразцова, Я.Несцярэнка, І.Сіняўская, Т.Мілашкіна, Б.Рудэнка, Ю.Гуляеў, А.Вядзернікаў, Ю.Мазурок; салісты балета Г.Уланава, Я.Лепяшынская, М.Сямёнава, М.Плісецкая, Н.Бяссмертнава, К.Максімава, У.Васільеў, М.Ліепа, В.Гардзееў, Н.Сямізорава, Н.Ананіяшвілі; рэжысёры Л.Баратаў, Б.Пакроўскі; балетмайстры Л.Лаўроўскі, Ю.Грыгаровіч, мастакі В.Рындзін, В.Левенталь і інш.Маст. кіраўнік — дырэктар т-ра У.Васільеў (з 1995). У 1920—60-я г. пры т-ры працавала Маскоўскае харэагр. вучылішча.
Літ.:
Грошева Е. Большой театр СССР в прошлом и настоящем. М., 1962;
Сегодня на сцене Большого театра, 1776—1976: К 200-летию Большого театра: [Сб. ст.]. М., 1976.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЗАЛЕ́ЎСКАЯ (Любоў Іванаўна) (25.1. 1903, в. Каўшова Мастоўскага р-на Гродзенскай вобл. — 18.7.1964),
бел. рэжысёр, актрыса. Засл. дз. маст. Беларусі (1957). Скончыла Бел.драм. студыю ў Маскве (1926). У 1926—30 і 1936—51 актрыса і рэжысёр Бел.т-ра імя Я.Коласа, у 1952—55 рэжысёр-пастаноўшчык Бел.т-ра імя Я.Купалы. У 1930—36 на кінастудыі «Савецкая Беларусь», у 1953—59 выкладала ў Бел.тэатр.-маст. ін-це. Арганізатар і ў 1955—61 і 1963—64 гал. рэжысёр Бел.т-ра юнага гледача. Характарная актрыса, стварыла каларытныя псіхал. адметныя сцэн. партрэты: Караліна («Вайна вайне» Я.Коласа), Агата («Паўлінка» Я.Купалы), Сцепаніда («Пагібель воўка» Э.Самуйлёнка), Любоў Яравая («Любоў Яравая» К.Транёва), фру Алвінг («Здані» Г.Ібсена). Як рэжысёр дамагалася гарманічнага суладдзя аўтарскай задумы і яе сцэнічнага ўвасаблення. Паставіла: у т-ры імя Я.Коласа «Каварства і каханне» Ф.Шылера (1946, з Самбуравым), «Аксамітны сезон» М.Пагодзіна (1948), «Напярэдадні» паводле І.Тургенева (1950); у т-ры імя Я.Купалы «Макар Дубрава» А.Карнейчука (1952), «Даходнае месца» А.Астроўскага (1953), «Чайка» А.Чэхава (1954), «Пакуль вы маладыя» І.Мележа (1957); у т-ры юнага гледача «Мінулася кату масленіца» (1956) і «Свае людзі — паладзім» (1964) Астроўскага, «Папараць-кветка» (1957) і «Над хвалямі Серабранкі» (1961) І.Козела, «За лясамі дрымучымі» А.Вольскага і П.Макаля, «Не верце цішыні» І.Шамякіна (абедзве 1958), «Рэвізор» М.Гогаля (1960, з Л.Біруковай). Здымалася ў кіно.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРЫІ́НСКІ ТЭА́ТР,
тэатр оперы і балета ў С.-Пецярбургу; адзін са старэйшых і буйнейшых муз. т-раў Расіі. Вядзе гісторыю з 1783 ад Каменнага (Вялікага) т-ра, дзе разам з камедыямі і трагедыямі ставіліся оперы і балеты. У 1803 оперная і балетная трупы аддзяліліся ад драматычнай. У 1836 т-р адкрыўся ў новым будынку (арх. А.Кавас) операй «Жыццё за цара» («Іван Сусанін») М.Глінкі. З 1860 наз. Марыінскі т-р (у гонар імператрыцы Марыі Аляксандраўны). З 1919 Дзярж.акад.т-р оперы і балета, з 1935 — імя С.М.Кірава, з 1991 зноў М.т. На сцэне т-ра традыцыйна ставяцца оперы і балеты рус. і зах.-еўрап. класікаў, з 1960-х г. рэпертуар узбагаціўся многімі творамі сучасных кампазітараў. У розны час у т-ры працавалі: дырыжоры А.Лядаў, Э.Напраўнік, М.Малько; спевакі Л.Собінаў, Ф.Шаляпін, В.Пятроў, Б.Штокалаў, Г.Кавалёва; танцоўшчыкі Т.Карсавіна, М.Кшасінская, В.Ніжынскі, Г.Паўлава, Г.Уланава, М.Барышнікаў, І.Бельскі, Г.Комлева, Н.Кургапкіна, Н.Макарава, Р.Нурыеў; балетмайстры М.Петыпа, М.Фокін, Ф.Лапухоў; мастак А.Бенуа і інш. У трупе (1999): спевакі У.Агнавенка, М.Ахотнікаў, І.Багачова, Я.Гарахоўская, Ю.Марусін, К.Плужнікаў, Л.Філатава; артысты балета А.Асылмуратава, К.Заклінскі, А.Куркоў, В.Ліхоўская, Ю.Махаліна, Ф.Рузіматаў і інш.Гал. дырыжор і маст. кіраўнік В.Гергіеў (з 1988), гал. балетмайстар А.Вінаградаў (1977—99).
Літ.:
Конков А., Ступников И. Театр оперы и балета им. С.М.Кирова. Л., 1976;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕ́ТЭРЛІНК ((Maeterlinck) Марыс) (29.8.1862, г. Гент, Бельгія — 5.5.1949),
бельгійскі паэт і драматург; тэарэтык і практык сімвалісцкай драмы. Чл.Бельг. каралеўскай акадэміі л-ры і прыгожых мастацтваў. Скончыў Генцкі ун-т (1885), вывучаў права ў Парыжы, працаваў адвакатам у Генце. З 1896 жыў у Францыі. Старшыня Міжнар. ПЭН-клуба (з 1947). Дэбютаваў у 1883. Пісаў на франц. мове. Першы зб. вершаў «Цяпліцы» (1889), першая яго п’еса «Прынцэса Мален» (1889, на сюжэт казкі братоў Грым). У аднаактоўках «Няпрошаная» і «Сляпыя» (абедзве 1890), драмах «Пелеас і Мелізанда» (1892), «Там, унутры» і «Смерць Тэнтажыля» (абедзве 1894) сцвярджаецца ўлада над чалавекам загадкавага Невядомага, што часам увасабляецца ў смерці, чалавек разглядаецца як ахвяра, як згублены ў варожым свеце «сляпы», як «марыянетка». Аўтар рамант. драм «Аглавена і Селізета» (1896), «Арыяна і Сіняя Барада» (1896, на сюжэт казкі Ш.Перо), «Сястра Беатрыса» (1901), «Монна Ванна» (1902), «Цуд Святога Антонія» (1903) і інш., кніг эсэ, мемуараў. Вяршыня яго творчасці — філас. п’еса-казка «Сіняя птушка» (1908, паст. К.С.Станіслаўскім у Маскоўскім маст. т-ры 1908). На сюжэт драмы «Пелеас і Мелізанда» напісаны аднайм. опера К.Дэбюсі (1902), сімф. паэма А.Шонберга, на сюжэт драмы «Арыяна і Сіняя Барада» — опера П.Дзюка (1907). Сімвалісцкая драма М. прадвызначыла авангардысцкі кірунак у драматургіі ў 2-й пал. 20 ст. — «тэатра абсурду», або «антытэатра». Нобелеўская прэмія 1911.
Тв.:
Рус.пер. — Избр. произв.М., 1996, Пьесы. М., 1962;
Сокровище смиренных. Мудрость и судьба. Томск, 1994.
Літ.:
Шкунаева И.Д. Бельгийская драма от Метерлинка до наших дней. М., 1973.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«НАВУ́КА І ТЭ́ХНІКА»,
кніжна-часопіснае выдавецтва Беларусі ў 1924—96. Засн. ў Мінску пры Інбелкульце. З 1929 у складзе АН Беларусі. З 1932 наз. «Выдавецтва Акадэміі навук БССР», з 1963 — «Н. і т.». Выпускала навук., навук.-папулярную, маст., даведачную л-ру, часопісы. Выдавала кнігі і брашуры на бел., рус., польск., яўр., літ., лат. мовах. Выпусціла зборы твораў М.Багдановіча (т. 1—2, 1968; т. 1—3, 1991—95), Я.Купалы (т. 1—7, 1972—76), М.Лынькова (т. 1—8, 1981—85), манаграфіі пра жыццё і творчасць Я.Купалы, Я.Коласа, Багдановіча, М.Гарэцкага, К.Крапівы і інш. У ліку фундаментальных даследаванняў: «Граматыка беларускай мовы» (т. 1—2, 1962—66), «Гісторыя беларускай савецкай літаратуры» (т. 1—2, 1964—66), «Гісторыя беларускай дакастрычніцкай літаратуры» (т. 1—2, 1968—69), «Гісторыя дзяржавы і права Беларускай ССР» (т. 1—2, 1970—76), «Гісторыя Беларускай ССР» (т. 1—5, 1972—75), «Мастацтва Савецкай Беларусі: Зборнік дакументаў і матэрыялаў» (т. 1—2, 1976—86), «Слоўнік беларускіх гаворак паўночна-заходняй Беларусі і яе пагранічча» (т. 1—5, 1979—86), «Тураўскі слоўнік» (т. 1—5, 1982—87), «Гісторыя беларускага тэатра» (т. 1—3, 1983—87), «Беларуская граматыка» (ч. 1—2, 1985—86), «Гісторыя беларускага мастацтва» (т. 1—6, 1987—94), «Музычны тэатр Беларусі» (1990), шматтомнае навук. выданне «Беларуская народная творчасць» (1970—93) і інш. Выпускала часопісы «Доклады Академии наук Беларуси», «Весці Акадэміі навук Беларусі», «Инженерно-физический журнал», «Дифференциальные уравнения», «Журнал прикладной спектроскопии» і інш. Мела друкарню імя Ф.Скарыны. У 1996 на базе выд-ва «Н. і т.» створана выд-ва «Беларуская навука».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫГО́ННЫ ТЭА́ТР,
від прыватнага дваранскага т-ра. Быў пашыраны ў Расіі ў канцы 17—19 ст. (П.т. графаў Шарамецевых, князя М.Б.Юсупава, А.Р.Варанцова ў Маскве; С.С.Каменскага ў Арле; Н.Г.Шахаўской ў Ніжнім Ноўгарадзе). На Беларусі П.т. існавалі ў 18—1-й пал. 19 ст. Дзейнічалі ў прыватнаўласніцкіх гарадах, замках і сядзібах у спец. памяшканнях ці ў залах палацаў, ратуш і інш.Тэатр. трупы ствараліся з прыгонных сялян; часам у спектаклях выступалі велікасвецкія аматары і прафес. акцёры, інш. раз прыгонныя артысты ўдзельнічалі ў паказах прыватных прафес. тэатраў (гл.Віцебскі балет Піёна). Найб. вядомыя П.т.: Гродзенскі тэатр Тызенгаўза, тэатр Бжазоўскага ў Матэвушах (пач. 19 ст.), Ружанскі тэатр Сапегаў, Слонімскі тэатр Агінскага, Чарнышова тэатры, Тышкевічавы тэатры. Значную ролю ў гісторыі бел., польск. і рус. мастацтва адыгралі П.т. Радзівілаў (гл.Нясвіжскі тэатр Радзівілаў, Слуцкі тэатр Радзівіла) і Шклоўскі тэатр Зорыча, якія мелі балетна-оперна-драм. трупы, вял. аркестры і капэлы (гл.Прыгонныя аркестры і капэлы), тэатр. будынкі з добра абсталяванай сцэнай і развітой машынерыяй. У т-рах працавалі вядомыя тагачасныя кампазітары і балетмайстры, існавалі школы, у якіх рыхтавалі для т-раў артыстаў (гл.Гродзенская музычна-тэатральная школа Тызенгаўза, Слонімская балетная школа, Нясвіжская. балетная шкала, Слуцкая балетная школа). У рэпертуары былі оперы і балеты замежных і рус. кампазітараў, перакладная і арыгінальная драматургія (камедыі Ф.У.Радзівіл, перакладзеныя ёю на польскую мову п’есы Мальера). Своеасаблівай тэатр. з’явай быў у пач. 19 ст. прыгонны цырк Оштарпа ў Дукоры (Пухавіцкі р-н Мінскай вобл.).
Літ.:
Няфёд У.І. Гісторыя беларускага тэатра. Мн., 1982;
Барышев Г.И. Театральная культура Белоруссии XVIII в. Мн., 1992.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДЗІВІ́Л (Францішка Уршуля) (13.2.1705, станцыя Чартарыйск Валынскай вобл., Украіна — 23.5.1753),
пісьменніца, драматург. З роду Вішнявецкіх. Жонка М.К.Радзівіла Рыбанькі. З 1725 жыла ў Нясвіжы. Была прыхільніцай пашырэння асветы, спрыяла аднаўленню дзейнасці Нясвіжскай друкарні. Пісала на польскай, італьян., франц. і ням. мовах. Аўтар вершаваных «Лістоў да мужа», паэт.зб. «Збавенныя перасцярогі» (Нясвіж, 1755), шэрагу вершаваных эпітафій, павучальных твораў для дзяцей. У 1746 стварыла палацавы Нясвіжскі тэатр Радзівілаў, дзе ставіла спектаклі паводле сваіх п’ес (пазней пастаноўкі ажыццяўляў Я.П.Фрычынскі). У 1746—52 напісала для т-ра 16 драм. твораў і оперных лібрэта. Для сваіх п’ес шырока выкарыстоўвала сюжэты з ант. міфалогіі, сярэдневяковых драм і гумарэсак, казак («Забава фартуны», «Каханне — дасканалы майстар», «У вачах нараджаецца каханне»), матывы з твораў Дж.Бакачыо, Я.Морштына і інш. Для т-ра перарабляла барочныя італьян. оперы («Дасціпнае каханне»), п’есы Вальтэра і Мальера. Творы Р. яскрава адлюстроўваюць асаблівасці мясц. культуры барока, яе своеасаблівы пераход ад сярэдневяковай л-ры і відовішчаў да тэатр. драматургіі новага часу. Збор твораў Р. «Камедыі і трагедыі» (Жоўква, 1754) багата ілюстраваны гравюрамі М.Жукоўскага з выявамі сцэн са спектакляў. На бел. мову яе камедыю «Забава фартуны» пераклалі В.Арэшка і А.Вольскі.
Тв.:
Бел.пер. — Забава фартуны // Спадчына. 1994. № 1.
Літ.:
Мальдзіс А. На скрыжаванні славянскіх традыцый. Мн., 1980;
Гісторыя беларускага тэатра. Т. 1. Мн., 1983;
Барышев Г.И. Театральная культура Белоруссии XVIII в. Мн., 1992;
Арэшка В. «Вяльможная аўтарка камедый», або Спроба дэміфалагізацыі асобы Уршулі Радзівілавай // Мастацтва. 1993. № 7;
Марціновіч А.А. Хто мы, адкуль мы... Кн. 1. Мн., 1996;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАСІ́ЙСКІ ДЗЯРЖА́ЎНЫ АРХІ́Ў НАВУКО́ВА-ТЭХНІ́ЧНАЙ ДАКУМЕНТА́ЦЫІ з філіялам у г.Самара. Створаны ў 1995 у Маскве на базе рэарганізацыі Рас.дзярж.навук.-тэхн. архіва
(РДНТА) у г. Самара (засн. ў 1967 у Маскве як Цэнтр.дзярж. архіў навук.-тэхн. дакументацыі на базе аддзела навук.-тэхн. дакументацыі Цэнтр.дзярж. архіва нар. гаспадаркі СССР, у 1976 пераведзены ў Самару, з 1992 РДНТА),
яго філіяла ў Маскве і Рас.н.-д. цэнтра касм. дакументацыі. 1062 фонды, 2 347 211 адзінак захоўвання з 1855 да нашага часу. Зберагае н.-д., канструктарскую, праектную і патэнтную дакументацыю ўстаноў Рас. імперыі, арг-цый саюзнага і федэральнага падпарадкавання Рас. Федэрацыі. Сярод фондаў матэрыялы па гісторыі рас. ракетна-касм. тэхнікі і касманаўтыкі, комплексы дакументаў мін-ваў СССР: агульнага машынабудавання, авіяц. прам-сці, сувязі, аховы здароўя і мед. прам-сці, энергетыкі, паліўнай прам-сці, прыладабудавання, сувязі, буд-ва і транспарту; АНСССР, Дзяржкіно, Дзяржтэлерадыё і інш.; асабістыя фонды вучоных і вынаходнікаў, першых касманаўтаў. Матэрыялы ў Самарскім філіяле (больш за 800 фондаў) па гісторыі электраэнергетыкі, машынабудавання, металаапрацоўкі, паліўнай, металургічнай, хім. і нафтахім., лясной і дрэваапрацоўчай, лёгкай, харч. прам-сці, транспарту. У асобнае архівасховішча вылучаны дакументы прадпрыемстваў Дзяржкамабаронпрама. Захоўваецца дакументацыя пра ўдзел у міжнар. і нац. выстаўках, кірмашах, матэрыялы навук. і тэхн. з’ездаў, кангрэсаў, нарад, канферэнцый, вядучых н.-д. і праектных устаноў. Зберагаецца праектная дакументацыя нар.-гасп. аб’ектаў Беларусі, Бел.тэатра імя Я.Коласа, запаведна-паляўнічай гаспадаркі «Белавежская пушча» і інш. Частка фондаў архіва засакрэчана ў адпаведнасці з Законам Рас. Федэрацыі «Аб дзяржаўнай тайне».
Літ.:
Архивы России: Москва и Санкт-Петербург. М., 1997. С. 180—186.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУСА́К (Адам Герасімавіч) (24.5.1904, в. Пясочнае Капыльскага р-на Мінскай вобл. — 21.3.1987),
бел.паэт.Засл. дз. культ. Беларусі (1964). Скончыў Бел.муз. тэхнікум (1930), Ленінградскую кансерваторыю (1934). Працаваў салістам аркестра Ленінградскага Малога опернага тэатра (1932—49), Бел. філармоніі (1949—59). Друкаваўся з 1927. Аўтар кніг паэзіі «На родных палетках» (1946), «Песні і вершы» (1951), «Песні» (1954), «Пад голас баяна» (1957), «Звонкія крыніцы» (1965), «Закрасуйся, Нёман» (1978), «Песні на словы А.Русака» (1980). У яго вершах услаўляюцца жыццё і праца свайго народа, яго гасціннасць і шчырасць, ім характэрны светлыя фарбы, мажорнае гучанне і лёгкі смутак, напеўнасць і прастата, гумар і вобразнасць, блізкія да фальклору. Песня на яго словы «Бывайце здаровы» (музыка У.Захарава і І.Любана) стала народнаю. Шырокую вядомасць і папулярнасць набылі інш. песні (каля 300) на тэксты вершаў Р.: «Толькі з табою» і «Не шукай» (муз. Любана), «Лясная песня» (муз. У.Алоўнікава), «Не за вочы чорныя» (муз. Ю.Семянякі), «Узнялося сонца яснае» (муз. Дз.Лукаса), «Дзе ты, зорка мая» (муз. І.Лучанка), «Сярожка» (муз. К.Паплаўскага), «Як той Зосі давялося» (муз. Г.Цітовіча), «Чырвоная вяргінечка» (муз. Н.Сакалоўскага), «Як правёў мяне Цімох» (муз. М.Ларкова) і інш. Для дзяцей выдаў зб-кі паэзіі «У Буслаўцы» (1967), «Добра ведаю ўрок» (1981), «Дружбакі» (1987).
Тв.:
Выбранае. Мн., 1972;
Толькі з табою. Мн., 1960. Засцілайце сталы. Мн., 1984.
Літ.:
Цішчанка І. Жыццё песні. Мн., 1984;
Бачыла А. Крыло неспакою. Мн., 1985;
Вайткевіч В. Выбіраць словы, як кветкі для букета // Мастацтва Беларусі. 1984. №6.