БАЛО́ЙСА,

возера ў Беларусі, у Браслаўскім раёне Віцебскай вобл., у бас. р. Друйка, за 2,5 км на ПнУ ад г. Браслаў. Уваходзіць у Браслаўскую групу азёраў. Пл. 1,39 км², даўж. 2,06 км, найб. шыр. 1,02 км, найб. глыб. 15,6 м, даўж. берагавой лініі 5,8 км. Пл. вадазбору 3 км².

Схілы катлавіны невысокія, спадзістыя, паўд.-ўсх. пад хмызняком, зах. і паўд.-зах. разараныя. Берагі нізкія, пясчаныя, на У гліністыя, месцамі забалочаныя і парослыя хмызняком. Мелкаводдзе пясчанае, на З і У месцамі пясчана-галечнае. Найб. глыбокія часткі дна возера высланы крэменязёмістымі сапрапелямі. 3 невял. астравы. Зарастае да глыб. 5 м. Надводная расліннасць утварае паласу шыр. да 100 м. Злучана пратокай з воз. Струста.

т. 2, с. 256

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРКО́ЎШЧЫНА, Малая Даўгоўшчына,

возера ў Беларусі, ва Ушацкім раёне Віцебскай вобл., у бас. р. Ушача, за 8 км на Пд ад г.п. Ушачы. Пл. 0,16 км², даўж. 760 м, найб. шыр. 300 м, найб. глыб. 21,8 м, даўж. берагавой лініі 2,3 км. Пл. вадазбору 11,4 км².

Схілы катлавіны выш. 20—30 м, на Пд і Пн не выражаны, на З абразійны ўступ выш. 2—3,5 м. Берагі нізкія, на ПнЗ і З сплавіна шыр. 5—10 м, усх. бераг пясчаны, паўд. забалочаны. Мелкаводдзе вузкае, пясчанае, глыбакаводдзе выслана глеем. Надводная расліннасць утварае паласу шыр. ад 10 да 250 м. Злучана ручаём з воз. Доўжына. Уваходзіць у курортную зону Ушачы.

т. 2, с. 309

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАТО́РЫНА, Баторын,

возера ў Беларусі, у Мядзельскім раёне Мінскай вобл., у бас. р. Нарач, за 1,5 км на Пд ад г.п. Мядзел. Пл. 6,25 км², даўж. 3,5 км, найб. шыр. 2,4 км, найб. глыб. 5,5 м, даўж. берагавой лініі 15 км. Пл. вадазбору 92,4 км².

Схілы катлавіны выш. 3—6 м, пераважна разараныя. Берагі нізкія, забалочаныя, асабліва заходні, які зліваецца з забалочанай поймай і пераходзіць у балота. Мелкаводдзе пясчана-глеістае. Асн. частка ложа выслана сапрапелямі магутнасцю да 8 м. Надводная расліннасць утварае паласу шыр. ад 150 да 300 м. На ПдУ невял. ўчасткі сплавіны. Водапрыёмнік балотных водаў (упадаюць 10 меліярац. канаў); злучана пратокай з воз. Мястра. Месца адпачынку і турызму.

т. 2, с. 350

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕ́ЛАЕ ВО́ЗЕРА,

у Беларусі, у Глыбоцкім раёне Віцебскай вобл., у бас. р. Шоша, за 36 км на У ад г. Глыбокае, за 2 км на ПдУ ад воз. Шо. Пл. 0,59 км², даўж. 2,13 км, найб. шыр. 570 м, найб. глыб. 24,7 м, даўж. берагавой лініі 4,8 км. Пл. вадазбору 4,2 км².

Схілы катлавіны пад лесам, на Пн, ПнЗ разараныя. Берагі на З, У, ПдУ высокія, пясчаныя, парослыя лесам, на ПнЗ і Пд нізкія, тарфяністыя. Мелкаводдзе пясчанае, глыбакаводная частка возера сапрапелістая. Паласа расліннасці шыр. 40—50 м да глыб. 4 м. Азёрны заказнік, створаны ў 1979 з мэтай захавання эталоннага па чысціні возера і яго насельнікаў, асабліва баброў.

т. 2, с. 384

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БО́БРЫЦА,

возера ў Беларусі, у Лепельскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Ула, за 10 км на ПнУ ад г. Лепель. Пл. 2,25 км², даўж. 4,49 км, найб. шыр. 1,02 км, найб. глыб. 23 м, даўж. берагавой лініі 10,3 км. Пл. вадазбору 16,3 км².

Схілы катлавіны выш. 14—20 м, стромкія, на Пд да 8 м, спадзістыя, параслі лесам. Берагі высокія, на Пн зліваюцца са схіламі. Дно карытападобнае, утварае 2 плёсы: усх. глыб. да 20 м і зах., больш шырокі, глыб. да 14 м. Плёсы злучаны нешырокім пралівам. На мелкаводдзі дно пясчанае, глыбей сапралелістае. Ёсць 2 астравы агульнай пл. 0,2 га. Расліннасць да глыб. 5,5 м. Злучана пратокай з воз. Уклейка.

т. 3, с. 200

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕ́САВА возера ў Полацкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Нача, за 28 км на ПдЗ ад г. Полацк. Пл. 0,91 км2, даўж. каля 2,4 км, найб. шыр. 810 м, найб. глыб. 4,9 м, даўж. берагавой лініі 7,3 км. Пл. вадазбору 120 км2. Схілы катлавіны выш. 10—20 м (на ПнУ 4—5 м), разараныя, на ПдУ стромкія, парослыя лесам. Берагі нізкія, пад хмызняком. Катлавіна складаецца з паўн. (дно плоскае, ёсць востраў пл. 0,06 км2) і паўд. плёсаў. Дно да глыб. 1 м выслана пяском і ілам, ніжэй — сапрапелем. Упадаюць р. Быстрыца (злучае яго з воз. Нявіда), на Пн злучана пратокай з воз. Забеліна.

т. 9, с. 212

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІ́ПНА,

возера на мяжы Ушацкага і Лепельскага р-наў Віцебскай вобл., у бас. р. Тураўлянка, за 26 км на У ад г.п. Ушачы. Уваходзіць ва Ушацкую групу азёр. Пл. 1,14 км2, даўж. 2,9 км, найб. шыр. 600 м, найб. глыб. 19,7 м, даўж. берагавой лініі 8,3 км. Пл. вадазбору 147 км2. Схілы катлавіны выш. 15—18 м, параслі лесам і хмызняком, на Пд і ПнЗ да возера прымыкаюць балотныя масівы. Берагі пераважна зліваюцца са схіламі, на Пд і ПнЗ забалочаныя. Дно возера мае некалькі ўпадзін глыб. 10—15 м. Востраў пл. 0,3 га. Мелкаводдзе пясчанае, глыбей мул. Злучана на Пд пратокай з воз. Цеменіца, на ПнЗ сцёк па канале ў воз. Атолава.

т. 9, с. 277

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛО́ДАСІ, Лодаскае возера,

возера ў Пастаўскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Страча, за 22 км на ПдЗ ад г. Паставы, каля в. Лодасі. Пл. больш за 1 км2, даўж. 1,83 км, найб. шыр. 0,9 км, найб. глыб. 7,5 м, даўж. берагавой лініі 5,6 км. Пл. вадазбору 17,5 км2. Схілы катлавіны выш. 2—4 м, разараныя, на Пд да 10 м, пад хмызняком. Берагі месцамі абразійныя, зліваюцца са схіламі, на 3 сплавінныя. У паўн.-зах. частцы возера востраў пл. 0,8 га. Ложа выслана ілам, уздоўж берагоў пяском. Шыр. паласы прыбярэжнай расліннасці 10—30 м да глыб. 2,5 м. На ПнЗ злучана пратокай з воз. Саранчаны.

т. 9, с. 336

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЛО́Е БЕ́ЛАЕ ВО́ЗЕРА.

У Полацкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Свіна (выцякае з возера), за 52 км на ПнУ ад Полацка. Пл. 0,9 км2, даўж. каля 2,1 км, найб. шыр. 870 м, найб. глыб. 11 м, даўж. берагавой лініі каля 6,4 км. Пл. вадазбору 1 км2. Схілы катлавіны выш. 11—12 м (на У да 20 м), пясчаныя, пад лесам. Берагі пясчаныя, на ПдУ тарфяністыя. На Пд да возера прымыкае масіў вярховага балота. Мелкаводдзе вузкае, дно да глыб. 2,5—4 м пясчанае, ніжэй сапрапелістае. Вада вызначаецца Нізкай мінералізацыяй (60—80 мг/л), чысцінёй і высокай празрыстасцю. У возеры расце палушнік азёрны, занесены ў Чырв. кнігу Беларусі.

т. 10, с. 36

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МО́ШНА,

возера ў Шумілінскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Сечна, за 4 км на Пд ад г.п. Шуміліна. Пл. 0,65 км2, даўж. 2,1 км, найб. шыр. 500 м, найб. глыб. 3,9 м, даўж. берагавой лініі больш за 6 км. Пл. вадазбору 16,3 км2. Схілы катлавіны выш. 3—5 м (на Пд да 9 м), у ніжняй ч. пад хмызняком, у верхняй разараныя, на Пн парослыя лесам. Берагі нізкія, тарфяністыя, на У пясчаныя, у залівах сплавінныя. Дно плоскае, сапрапелістае, на асобных участках да глыб. 2 м пясчанае. Зарастае. У возеры расце шальнік Валенберга — рэдкі для Беларусі ахоўны від флоры. Упадае ручай з воз. Круглік, выцякае ручай у воз. Дабееўскае.

т. 10, с. 533

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)