перыферыйная прылада для пераўтварэння выхадных даных ЭВМ, лічбавых вымяральных або інш.прылад і іх аўтам. друку на носьбіце інфармацыі (пераважна на паперы) у выглядзе літар, лічбаў і інш. сімвалаў. Забяспечвае атрыманне дакументаў з вынікамі апрацоўкі даных у форме, зручнай для ўспрымання чалавекам: тэкст, табліцы, графікі і інш.
Работа Д.п. заснавана на мех. (ударны запіс на носьбіце з дапамогай фарбавальнага элемента) і немех. (з дапамогай светлавога промня, імпульсаў эл. току, струменяў фарбавальнага рэчыва і інш.) спосабах рэгістрацыі інфармацыі. Д.п. бываюць знакадрукавальныя (напр., алфавітна-лічбавыя) і знакасінтэзавальныя (прынтэры, знакі фарміруюцца з асобных элементаў — кропак, рысак і інш.; даюць магчымасць выводзіць любыя сімвалы і графічную інфармацыю); пасімвальныя (знакі выводзяцца паасобку, як у пішучай машынцы), парадковыя (знакі аднаго радка друкуюцца адначасова) і пастаронкавыя (друкуецца цалкам старонка); аркушавыя (інфармацыя запісваецца на асобныя аркушы паперы) і рулонныя (на рулон паперы, які потым разразаецца на аркушы).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНАЛІЗА́ЦЫЯ,
1) комплекс інж. збудаванняў для прыёму, ачысткі і выдалення за межы населеных пунктаў сцёкавых вод; неабходны элемент упарадкаванасці населеных пунктаў, паляпшэння быт. і сан.-гігіенічных умоў. Падзяляецца на ўнутраную (К. будынкаў) і вонкавую (К. тэрыторый). Унутраная складаецца з сан.прылад — прыёмнікаў (умывальнікаў, ракавін, ваннаў і г.д.) і каналізацыйнай сеткі. Сістэмы К.: агульнасплаўныя — усе сцёкавыя воды (бытавыя, вытв., атм.) выводзяцца па адной сетцы труб; раздзельныя — адна сетка труб для гасп.-фекальных, другая для атм. вод; паўраздзельныя — функцыянуюць як агульнасплаўныя ў час невял. дажджоў і як раздзельныя пры вял. колькасці ападкаў. Калі няма цэнтралізаванай К., для будынкаў з водаправодам робяць мясцовую К., сцёкавыя воды ў ёй ачышчаюцца ў адстойніках (септыках) і на пляцоўках падземнай фільтрацыі.
2) Размеркаванне эл. энергіі паміж асобнымі спажыўцамі; кабельная К. — сістэма керамічных або бетонных труб, укладзеных пад зямлёй; служыць для пракладкі кабелю падземных ліній сувязі (тэлефон, тэлеграф і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІРАВА́ЛЬНЫ БЛОКЭВМ,
частка ЭВМ, прызначаная для каардынацыі супольнай работы працэсара, знешніх, запамінальных і інш. блокаў і прылад машыны ў адпаведнасці з алгарытмам яе функцыянавання. Мае рэгістры адрасоў і камандаў, лічыльнік камандаў, дэшыфратар аперацый, пульт кіравання для ўзаемадзеяння чалавека з машынай і інш., што забяспечвае захоўванне і расшыфроўванне камандаў, фарміраванне і перадачу інш. прыладам кіравальных сігналаў, неабходных для рэалізацыі выліч. працэсу.
Асн. функцыя К.б. — кіраванне выкананнем камандаў і аперацый. Выбарка камандаў з праграмы ажыццяўляецца натуральным (у парадку іх паступлення; рэалізуецца лічыльнікам камандаў) ці прымусовым (па адрасе з папярэдняй каманды ўмоўнага або безумоўнага пераходу) спосабам. Развіццё структуры і архітэктуры ЭВМ, сістэм інтэрпрэтацыі ўваходнай мовы прывяло да значнага павелічэння патокаў кіравальнай інфармацыі, таму да К.б. дадаткова далучаюць блокі папярэдняга прагляду камандаў, аналізу праграм, мікрапраграмнага кіравання, дынамічнай адрасацыі віртуальнай памяці і інш., што пераўтварае яго ў асобны працэсар перапрацоўкі кіравальнай інфармацыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЭ́МЕНЬ,
прыроднае мінер. ўтварэнне; тонкі агрэгат крышт. (кварц, халцэдон) і аморфнага (апал) крэменязёму, часта з прымесямі карбанатаў і гліны. Утварае жаўлакі, канкрэцыі, радзей лінзы і пражылкі ў асадкавых, пераважна карбанатных (вапнякі, мел, мергель) горных пародах. Колер ад жоўта-шэрага да чорнага, трапляецца з малюнкамі. Цв. 7. Звычайна шчыльны. Злом ракавісты. Паводле мінер. саставу адрозніваюць кварцавы, халцэдонавы, апал-халцэдонавы, халцэдонава-кварцавы і інш. Утвараецца пры дыягенезе асадкаў, катагенезе горных парод і выветрыванні. Ідзе на выраб эмаляў, фаянсу, хім. посуду, выкарыстоўваецца як абразіўны матэрыял. На Беларусі пашыраны ў мергельна-мелавых пародах верхняга мелу, зрэдку трапляецца ў дэвонскіх, палеагенавых і інш. адкладах. У каменным веку К. з верхнемелавых адкладаў выкарыстоўваўся для вырабу прылад працы, пазней як крэсіва, у т. л. ў крамянёвых ружжах. На месцы стараж. шахтаў па здабычы К. (неаліт — бронзавы век) каля г.п. Краснасельскі Ваўкавыскага р-на Гродзенскай вобл. створаны Краснасельскі археалагічны комплекс.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЯТА́ЛЬНЫ АПАРА́Т,
агульная назва машын, тэхнічных канструкцый, прылад для палёту ў атмасферы або ў касм. прасторы.
Адрозніваюць 2 асн. групы Л.а.: лягчэйшыя за паветра і цяжэйшыя за яго. Дзеянне Л.а. 1-й групы (аэрастаты) заснавана на выкарыстанні аэрастатычнай падымальнай сілы, што ствараецца ў выніку напаўнення спец. абалонкі газам, што лягчэйшы за паветра. Л.а. 2-й групы падзяляюцца на аэрадынамічныя (верталёты, вінтакрылы, дэльтапланы, планёры, самалёты, экранапланы), балістычныя (ракеты-носьбіты, касмічныя апараты). Аэрадынамічныя трымаюцца ў паветры ад дзеяння падымальнай аэрадынамічнай сілы, што ўзнікае на крылах або вінтах Л.а. Балістычныя Л.а. рухаюцца па балістычных траекторыях ад дзеяння рэакцыі масы газу, што выходзіць з сапла рэактыўнага рухавіка. Касм. апараты, прызначаныя для пасадкі на паверхню планеты, могуць рухацца ад дзеяння аэрадынамічнай сілы або рэактыўнага рухавіка. Л.а. 2-й групы шырока выкарыстоўваюцца ў многіх галінах нар. гаспадаркі, у навуцы, вайск. справе, спорце. Гл. таксама Авіяцыя, Касманаўтыка, Паветраплаванне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДЫЯЦЫЙНАЯ ЗБРО́Я,
адзін з магчымых відаў зброі масавага паражэння, дзеянне якога заснавана на выкарыстанні баявых радыеактыўных рэчываў. Дастаўка іх у зону паражэння можа ажыццяўляцца з дапамогай авіябомбаў, распыляльных авіяц.прылад, беспілотных самалётаў, крылатых ракет і інш.
Баявыя рэчывы Р.з. — парашкі або растворы, якія маюць у сабе высокаактыўныя і караткадзейныя ізатопы хім. элементаў, здольных да іанізавальнага выпрамянення. Асн. крыніца іх атрымання — адходы ядз. рэактараў, а таксама апрамяненне спец. рэчываў у ядз. рэактарах. Знешняе і ўнутранае біялагічнае дзеянне іанізавальных выпрамяненняў выклікае ў чалавека прамянёвую хваробу або лакальнае пашкоджанне асобных органаў, таксічнае атручэнне (чалавек страчвае працаздольнасць, мае патрэбу ў працяглым лячэнні). Дзеянне Р.з. параўнальнае з дзеяннем радыеактыўных рэчываў на арганізм чалавека, жывёл, расліннасці, якія ўтвараюцца пры выкарыстанні ядзернай зброі і заражаюць навакольнае асяроддзе. Інтэнсіўнае і працяглае выпрамяненне выклікае гібельныя наступствы для жывёльнага і расліннага свету ў мясцовасці паражэння.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЦЯПЛЕ́ННЕ,
сістэма для абагравання памяшканняў у халодны перыяд года з мэтай кампенсацыі страт цяпла і падтрымання т-ры на пэўным зададзеным узроўні. Складаецца з крыніцы цяпла, цеплаправодаў і ацяпляльных прылад. Бывае мясцовае (пячное ацяпленне, электрычнае ацяпленне, газавае ацяпленне і інш.) і цэнтральнае (вадзяное ацяпленне, паравое ацяпленне, паветранае ацяпленне, панэльнае ацяпленне, прамянёвае ацяпленне і інш.). Пры мясцовым ацяпленні крыніцы цяпла знаходзяцца ў памяшканнях, якія ацяпляюць; пры цэнтральным у памяшканні размяшчаюць ацяпляльныя прылады, а цепланосьбіты падаюцца з цэнтр. крыніцы (напр., цеплаэлектрацэнтралі). Цэнтральнае ацяпленне бывае і ў аднакватэрным доме (вадагрэйны кацёл размяшчаюць у дапаможным памяшканні або на кухні). Цеплавая магутнасць установак разлічваецца залежна ад прызначэння памяшкання і сярэдняй вонкавай т-ры самай халоднай пяцідзёнкі ў пэўнай мясцовасці (для Мінска -22 °C). Жылыя памяшканні павінны мець т-ру 18 °C, глядзельныя залы — 16 °C і інш. У вытв. памяшканнях прамысл. прадпрыемстваў пры пастаянным цеплавыдзяленні ад тэхнал. абсталявання магутнасць ацяпляльнай устаноўкі адпаведна зменшана. Гл. таксама Цеплазабеспячэнне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАГА́ЛЬНЫ КО́НТУР,
электрычны ланцуг, у якім могуць адбывацца ваганні з частатой, што вызначаецца параметрамі самога ланцуга. Найб. просты вагальны контур складаецца са шпулі індуктыўнасці і кандэнсатара і выкарыстоўваецца як рэзанансная сістэма радыётэхн. прылад у дыяпазоне частот ад 50 кГц да 300 МГц (на больш высокіх частотах — двухпровадныя і кааксіяльныя лініі перадачы, аб’ёмныя і адкрытыя рэзанатары).
У ідэальным вагальным контуры ўзбуджаюцца свабодныя гарманічныя ваганні, у рэальным з-за страт энергіі амплітуда ваганняў паступова змяншаецца, а перыяд павялічваецца (ваганні затухаюць). Якасць вагальнага контуру вызначаецца дыхтоўнасцю вагальнай сістэмы. Калі ў вагальны контур уключыць генератар пераменнага току, праз некаторы час у ім усталююцца вымушаныя ваганні з частатой генератара. Залежнасць амплітуды такіх ваганняў ад частаты наз.рэзананснай характарыстыкай контуру. Рэзкае павелічэнне амплітуды назіраецца пры частотах, блізкіх да ўласнай частаты вагальнага контуру (гл.Рэзананс).
П.С.Габец.
Пераўтварэнні энергіі ў вагальным контуры: 1 — шпуля індуктыўнасці; 2 — кандэнсатар; 3 — крыніца сілкавання (батарэя); 4 — электрычнае поле; 5 — напрамак электрычнага току; 6 — магнітнае поле.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАДЗЯНО́Е АЦЯПЛЕ́ННЕ,
найбольш пашыраная сістэма ацяплення ў жылых, грамадскіх і прамысл. Збудаваннях. Цяпло ў памяшканне перадаецца гарачай вадой праз ацяпляльныя прылады. Бывае: цэнтральнае (цеплазабеспячэнне ад ЦЭЦ або кацельні) і мясцовае; з натуральнай і прымусовай цыркуляцыяй; паводле спосабу далучэння ацяпляльных прылад да трубаправодаў з верхнім і ніжнім размеркаваннем вады; двух-, аднатрубнае і праточнае; кальцавое і тупіковае.
Асн. часткі сістэмы: водападагравальнік, дзе вада падаграецца палівам, эл. токам, парай або больш гарачай вадой, ацяпляльныя прылады (радыятары, канвектары і інш.), трубаправоды (магістралі, стаякі) і запорна-рэгулявальная апаратура. У сістэмах вадзянога ацяплення з натуральнай цыркуляцыяй вада рухаецца за кошт рознай шчыльнасці нагрэтай у водападагравальніку (больш лёгкай) вады і больш цяжкай вады, што астыла ў ацяпляльных прыладах і трубаправодах; цыркуляцыя павялічваецца з павелічэннем адлегласці (па вертыкалі) паміж ацяпляльнымі прыладамі і водападагравальнікам (сістэмы выкарыстоўваюцца толькі ў невял. збудаваннях). У сістэмах з прымусовай цыркуляцыяй рух вады забяспечвае цыркуляцыйная помпа.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІБРА́ЦЫЯ (ад лац. vibratio ваганне, дрыжанне),
механічныя ваганні пругкіх цел, механізмаў і збудаванняў. Характарызуецца частатой (звычайна вібрацыяй лічаць ваганні частатой больш за 1 Гц) і амплітудай. Падзяляецца на карысную і шкодную. Выяўляецца і запісваецца вібрашчупамі, частатамерамі, вібрографамі, сейсмографамі, асцылографамі ў выглядзе графіка — вібраграмы.
Карысная вібрацыя ўзбуджаецца вібратарамі. Выкарыстоўваецца ў многіх тэхнал. аперацыях (гл.Вібрацыйная тэхніка), медыцыне (гл.Вібратэрапія) і інш. Шкодная вібрацыя ўзнікае пры руху транспарту, рабоце машын, механізмаў і інструментаў. Яна асабліва небяспечная пры рэзанансе (калі па частаце супадае з уласнымі ваганнямі канструкцыі, напр.флатэр у самалёта). Шкодная вібрацыя паскарае знос машын, зніжае трываласць матэрыялаў. Яна памяншаецца вібраізаляцыяй і дэмпфіраваннем (правільнай падвескай або ўстаноўкай прылад і машын, выкарыстаннем амартызатараў з пругкіх матэрыялаў, спружынных і дынамічных гасільнікаў, іншых паглынальнікаў энергіі вібрацыі). Згубна дзейнічае на здароўе чалавека (гл.Вібрацыйная хвароба).
Літ.:
Вибрации в технике: Справ. Т. 4. М., 1981;
Быховский И.И. Основы теории вибрационной техники. М., 1969.