БЕЛАРУ́СКІ ІНСТЫТУ́Т ІНФАРМА́ЦЫІ І ПРАГНО́ЗУ (Белінфармпрагноз) пры адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Засн. ў 1959 у Мінску як Ін-тнавук.-тэхн. інфармацыі і прапаганды пры Дзяржплане БССР, з 1968 Бел.НДІнавук.-тэхн. інфармацыі і тэхніка-эканам. даследаванняў Дзяржэканамплана, з мая 1993 — Бел.ін-т навукова-тэхн. інфармацыі і прагнозу СМ Рэспублікі Беларусь, са студз. 1995 Белінфармпрагноз. Асн. кірункі работы: даследаванне і выпрацоўка ацэнак і прагнозаў стану грамадства, шляхоў яго рэфармавання і развіцця па наступных кірунках: унутраная і знешняя палітыка Рэспублікі Беларусь, матэрыяльная вытв-сць, працэсы арганізацыі і кіравання ў грамадстве, інтэлектуальныя і інфармацыйныя рэсурсы грамадства, чалавек, сям’я, грамадства.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫШЧАЛО́ЧВАННЕ ГО́РНЫХ ПАРО́Д,
працэс выбіральнага растварэння і вынасу прыроднымі водамі асобных кампанентаў горных парод. Найб. развіта ва ўмовах выветрывання і ў зоне інтэнсіўнага водаабмену ў артэзіянскіх басейнах. Пры вышчалочванні горных парод спачатку выносяцца лёгка растваральныя хларыды натрыю і калію, потым сульфаты і карбанаты кальцыю. Найлепш вышчалочваюцца каменныя і калійныя солі, гіпсы, ангідрыты, мел, вапнякі, даламіты. Тыповае праяўленне вышчалочвання горных парод — карст; у раёнах пашырэння лёсу і лёсападобных парод развіта суфозія. Працэсы вышчалочвання ўплываюць на састаў падземных вод, фарміраванне калектараў нафты і газу, выкарыстоўваюцца пры здабычы карысных выкапняў. У Беларусі метадам падземнага вышчалочвання здабываюць кухонную соль на Мазырскім радовішчы каменнай солі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРЭЙФ ГЕ́НАЎ, генетыка-аўтаматычныя працэсы ў папуляцыі,
змяненне генет. структуры (частаты генаў) папуляцыі ў выніку выпадковых прычын. Тэрмін Д.г. прапанаваў амер. генетык С.Райт (1931). Праяўляецца звычайна пры невял. колькасці папуляцыі (напр., рэзкім яе скарачэнні ў выпадку стыхійных бедстваў, развіцці эпізаотый і інш.). Пад дзеяннем Д.г. узмацняецца працэс гомазігатызацыі структуры папуляцыі, што нарастае з памяншэннем яе колькасці. Нарастанне абумоўлена павелічэннем частаты блізкароднасных скрыжаванняў у невял. папуляцыях, калі ў выніку выпадковых ваганняў частот асобных генаў адбываецца замацаванне адных алеляў пры адначасовай страце іншых. Некат. з атрыманых гомазіготных формаў у новых умовах асяроддзя могуць стаць прыстасавальна каштоўнымі і дзякуючы адбору атрымаць вял. пашырэнне пры наступным павелічэнні колькасці папуляцый.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖУ́КАЎ Барыс Пятровіч (н. 12.11.1912, г. Самарканд, Узбекістан),
расійскі вучоны ў галіне тэхн. хіміі. Акад.Рас.АН (1974; чл.-кар. 1968). Двойчы Героі Сац. Працы (1966, 1982). Скончыў Маскоўскі хіміка-тэхнал.ін-т (1937). З 1937 у Цэнтр.н.-д. ін-це хіміі і механікі (Масква), з 1955 у Федэральным цэнтры двайных тэхналогій «Саюз» (у 1955—88 ген. дырэктар). Навук. працы па вывучэнні фізіка-хім. працэсаў кандэнсаваных сістэм. Даследаваў працэсы гарэння і каталізу порахаў і цвёрдага паліва, пераўтварэння энергіі гарэння ў кінетычную і эл., распрацаваў метады атрымання і тэхналогію вытв-сці высокатрывалых канструкцыйных матэрыялаў. Ленінская прэмія 1976, Дзярж. прэміі СССР 1951, 1967.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЖНАРО́ДНАЯ БІЯЛАГІ́ЧНАЯ ПРАГРА́МА (МБП; International Biological Program),
комплекс даследаванняў біял. прадукцыйнасці экалагічных сістэм, праблем аховы прыроды, адаптацыі чалавека да розных умоў жыцця і інш. Праведзена ў 1964—72 паводле зацверджаных Ген. асамблеяй МБП асн. кірункаў даследаванняў: прадукцыйнасць наземных, прэснаводных і марскіх згуртаванняў, прадукц.працэсы, выкарыстанне і ўзнаўленне біял. рэсурсаў, адаптацыя чалавека, ахова ўнутр. вадаёмаў, ахова і вывучэнне балот і тарфянікаў. У МБП удзельнічалі вучоныя больш як 100 краін, у т. л. Беларусі (ін-ты Аддзялення біял. навук Нац.АН Беларусі, БДУ і інш.), якія правялі даследаванні па біяцэналогіі, экалагічнай энергетыцы, ахове прыроды і інш. Пераемніца МБП — праграма «Чалавек і біясфера».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПСАРАПТО́З, наскурная кароста,
інвазійная хвароба жывёл, якая выклікаецца кароставымі кляшчамі з роду наскурнікаў. Хварэюць буйная і дробная раг. жывёла, коні, трусы, ласі, алені і інш. Узбуджальнікі спецыфічныя для пэўных відаў жывёл. Пашырана ўсюды, у т. л. на Беларусі.
Хвароба часцей рэгіструецца ў асенне-зімовы перыяд, у цёплы час года набывае скрытае, запаволенае цячэнне. Заражэнне адбываецца пры кантакце з хворымі жывёламі, праз прадметы догляду, подсціл і інш. Праяўляецца неспакоем, моцным свербам, жывёлы знясільваюцца, у іх выпадае поўсць, на скуры ўтвараюцца жаўтавата-чырв. вузельчыкі, напоўненыя вадкасцю. У авечак паталаг.працэсы развіваюцца ў вобласці паясніцы і спіны, у буйн. раг. жывёлы — на карку, шыі, каля кораня хваста.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПТАМАІ́НЫ (ад грэч. ptōma труп),
група рэчываў з т.зв. трупных ядаў. Да іх адносяцца кадаверын, путрэсцін, агмацін і інш. Утвараюцца з некат. амінакіслот (напр. арніцін, лізін) у выніку расшчаплення бялкоў пад уплывам мікробных ферментаў у працэсе разлажэння трупаў, гніення мяса, рыбы. Сінтэзуюцца таксама ў тоўстым страўніку жывёл і чалавека, прысутнічаюць у некат. грыбах, раслінах. Таксічнасць большасці П. невялікая. У жывых арганізмах абясшкоджваюцца ў страўніку і печані або выводзяцца ў нязменным выглядзе; выкарыстоўваюцца таксама ў працэсах жыццядзейнасці (напр., агмацін прыгнечвае болевую адчувальнасць). Пры многіх захворваннях працэсы гніення ў страўніку ўзмацняюцца, што выклікае павелічэнне ўтварэння П., якія ўсмоктваюцца і садзейнічаюць развіццю інтаксікацыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САМААРГАНІЗА́ЦЫЯ,
працэс узнікнення, узнаўлення і ўдасканальвання складанай дынамічнай сістэмы. Ажыццяўляецца шляхам перабудовы ранейшых ці стварэння новых сувязей паміж элементамі сістэмы. Уласцівасці С. выяўляюцца ў аб’ектах рознай прыроды (жывая клетка, арганізм, біял. папуляцыя, чалавечы калектыў і інш.). Працэсы С. маюць мэтанакіраваны, але натуральны, спантанны характар; працякаюць ва ўзаемадзеянні з навакольным асяроддзем, але адносна незалежныя ад яго. Адрозніваюць 3 тыпы працэсаў С.: самазараджэнне арганізацыі (узнікненне новай цэласнай сістэмы з шэрагу аўтаномных аб’ектаў); падтрымліванне сістэмы на пэўным узроўні арганізацыі пры змене ўнутр. і знешніх умоў яе функцыянавання; удасканальванне і самаразвіццё сістэм. Праблемы С. даследуюцца ў кібернетыцы і сінергетыцы. Гл. таксама Самаарганізавальная сістэма, Самарух, Развіццё.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТАРЭ́ННЕ МЕТА́ЛАЎ,
змена структуры і ўласцівасцей металаў (асабліва сплаваў), якое адбываецца самаадвольна ў звычайных умовах (натуральнае старэнне) або пры награванні (штучнае). Асн. працэс пры С.м. — распад перанасычанага цвёрдага раствору, які атрымліваецца, як правіла, пры загартоўцы сплаву.
С.м. суправаджаецца звычайна павышэннем трываласці, цвёрдасці, каэрцытыўнай сілы, электраправоднасці металу (сплаву), а таксама зніжэннем яго пластычнасці і ўдарнай вязкасці. Адмоўны ўплыў С.м. прадухіляюць больш дасканалай тэхналогіяй выплаўкі металу (сплаву), яго легіраваннем, спец. тэрмічнай апрацоўкай. Штучнае С.м. (дасягаецца пластычным дэфармаваннем, радыеактыўным абпрамяненнем, лазернай і ультрагукавой апрацоўкай і інш.) ужываюць для павышэння трываласці сталей, алюмініевых, медных, тытанавых і інш. сплаваў, паляпшэння характарыстык магнітна-цвёрдых матэрыялаў. Працэсы С.м. вывучае металазнаўства.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТЭРЭАТАПАГРАФІ́ЧНАЯ ЗДЫ́МКА (ад стэрэа... + грэч. topos месца + ...граф), стэрэафотаграмметрычная здымка,
метад тапаграфічнай здымкі, пры якім адлюстраванне контураў і рэльефу мясцовасці на картах атрымліваюць з дапамогай стэрэапар аэрафотаздымкаў зямной паверхні. Базіруецца на даследаваннях стэрэафотаграмметрыі. Асн.працэсы С.з.: аэрафотаздымка мясцовасці; вызначэнне геадэзічных каардынат некат. апорных пунктаў і маршрутнае дэшыфраванне; камеральныя работы (згушчэнне сеткі апорных пунктаў, суцэльнае дэшыфраванне, здымка контураў і рэльефу, складанне арыгінала карты). Згушчэнне апорных пунктаў выконваецца аналагавым спосабам з дапамогай стэрэафотаграмметрычных прыладаў, або аналітычным спосабам, калі вымярэнне каардынат пунктаў здымка выконваецца на аналіт. прыборах. С.з. выкарыстоўваецца для стварэння карт і планаў, вывучэння лінейных аб’ектаў, помнікаў архітэктуры, дынамічных з’яў, пошуку карысных выкапняў.