літаратурна-мастацкі часопіс; орган Літаратурнага фронту сялянска-рабочых пісьменнікаў Беларусі, дадатак да «Беларускай газеты». Выйшаў 1 нумар у студз. 1934 на бел. мове ў Вільні. Часопіс рыхтавалі В.Таўлай і Я.Патаповіч (Я.Чабор). Змясціў дэкларацыю групы паэтаў [падпісалі Я.Патаповіч, М.Васілёк, А.Рэдзька, П.Граніт, П.Пестрак (Звястун), А.Іверс] да ўсіх пісьменнікаў Зах. Беларусі. З маст. твораў у ёй змешчаны: вершы «Заклік» і «Гэй, арліная мая сіла» М.Патаповіча, «Я пішу, як магу», «Змяя, катору ўзгадавала» і «Пад гукі струн маёвых» Васілька, «Моладзі» Пестрака, «Вёска» Іверса, «Там, дзе шуміць каласістае гора» М.Танка (дасланы ім з турмы Лукішкі), «А хто ў полі?» А.Салагуба, «У вастрозе» А.Леўскага, «Каваль» П.Граніта, «Мы» Рэдзькі, «Што ты, Нёман, звіхраваўся?» М.Ліста (В.Камянецкага), «Акрыльвай думку ты сваю» Н.Жальбы (А.Бяленкі); арг. «На новым этапе» М.Руніча; урывак з рамана «Кардыян і хам» («Нашто мужыкам школа?») Л.Кручкоўскага; рэцэнзія (пад крыптанімам Фр.Гр.) «Мастацкая літаратура «Грамады» на аднайменны арт. Салагуба, надрукаваны ў час. «Полымя рэвалюцыі» (1933, № 1). Забаронены ўладамі Польшчы, яго тыраж канфіскаваны, найб. актыўныя супрацоўнікі арыштаваны. Адзіны экзэмпляр «Л.с.» зберагаецца ў Цэнтр. б-цы АНЛітвы.
Літ.:
История белорусской советской литературы. Мн., 1977. С. 115—116.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЁМАНСКАЯ КУЛЬТУ́РА,
археалагічная культура неалітычных плямён, якія ў 4—3-м тыс. да н.э. жылі ў Бел. Панямонні, на верхняй Прыпяці, ПнУ Польшчы і ПдЗЛітвы. Культура сфарміравалася на мясц. мезалітычнай аснове (гл.Нёманская мезалітычная культура). У развіцці Н.к. вылучаюць 3 этапы: ранні (дубічайскі), сярэдні (лысагорскі) і позні (дабраборскі). Насельніцтва займалася паляваннем, рыбалоўствам, збіральніцтвам, у познім неаліце — земляробствам і жывёлагадоўляй. Мела наземныя жытлы на берагах вадаёмаў. Для ранняга этапу характэрна вастрадонная слабапрафіляваная кераміка з расліннымі дамешкамі ў гліне, у сярэднім этапе гаршкі мелі выразную шыйку, раслінныя дамешкі ў гліне спалучаліся з жарствой; на познім этапе форма посуду захоўвалася ранейшая, але ў гліне зніклі раслінныя дамешкі. У арнаменце Н.к. ўжываліся гарыз. паясы грабеньчатых адбіткаў, насечкі, праколы, пракрэсленыя рыскі, адбіткі лінейнага штампа, тэкстылю. У Н.к. адбываўся росквіт крамянёвай індустрыі, былі пашыраны дасканала рэтушаваныя наканечнікі стрэл і дзідаў, паявіліся сякеры са звужанымі абушкамі і прышліфоўкай на лязе. Найб. значныя помнікі Н.к. на Беларусі Кругліца, Камень, Добры Бор, Моталь і інш.
М.М.Чарняўскі.
Да арт.Нёманская культура. Посуд з паселішча Лысая Гара каля в. Кругліца Стаўбцоўскага раёна Мінскай вобл. (1) і паселішча каля в. Русакова Слонімскага раёна Гродзенскай вобл. (2).
рускі пісьменнік. Вучыўся ў Бакінскім палітэхнікуме (1919—20). Першае апавяд. «Лорд Байран» (1928, з Б.Пільняком). Зб-кі «Азіяцкія апавяданні» (1929), «Стамбул і Турцыя» (1930), «Анатолія» (1932) у традыцыях рамант. «усходняй» л-ры. Аўтар раманаў «Барыкады» (1932), «Шчасце» (1947, Дзярж. прэмія СССР 1948), «Рускай аповесці» (1942), кн. «Падарожжа ў Туркменістан» (1932), «Італьянскія ўражанні» (1951), п’ес, артыкулаў, нарысаў, успамінаў і інш. За кінасцэнарыі «Аляксандр Неўскі» (1938, з С.Эйзенштэйнам), «Клятва» (1946), «Падзенне Берліна» (1949) Дзярж. прэміі СССР 1941, 1947, 1950. У нарысах «Капітан Гастэла» (з П.Крыловым; адно з першых паведамленняў у друку пра подзвіг лётчыка на бел. зямлі), «З запісных кніжак ваенных гадоў (Ад Паўночнага Каўказа да Прыбалтыкі, 1942—45)», «Віцебск, 26 чэрвеня», «Што адбылося», «На Барысаў», «Канец адной нямецкай дывізіі», «Па дарогах Беларусі і Літвы», апавяданнях «На шашы», «У наступленні», «Ініцыятыва», «Манеўр» — падзеі, звязаныя з вызваленнем Беларусі ад ням.-фаш. акупантаў. На бел. мове выйшлі яго раман «На Усходзе» (1938) і аповесць «Стэпавае сонца» (1950, пер. М.Лупсякоў).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МСЦІ́ЖСКАЕ ЕВА́НГЕЛЛЕ,
рукапісны помнік 13—14 ст. Напісаны царк.-слав. мовай уставам у 2 слупкі, па 24 радкі ў слупку, на 187 пергаментных аркушах. Уключае пачаткі тэкстаў евангелляў ад Іаана, Матфея, Лукі, чытанні ад Марка, Лукі і Іаана (уперамежку), саборнік (паказальнік евангельскіх чытанняў па святах). На палях зроблены надпісы 16 ст.: зачыны асобных евангелляў і інш. У М.е. змешчаны 1 застаўка і каля 350 ініцыялаў, выкананых пераважна ў тэраталагічным стылі. Асобныя ініцыялы маюць жанравы характар. На адным з іх (літара «В») адлюстраваны селянін з рыдлёўкай — адна з першых у бел. мастацтве выяў працы. Аздобы выкананы 4 колерамі: сінім, чырвоным, зялёным, жоўтым. На сярэбраных пласцінках скуранога пераплёту выгравіраваны выявы евангелістаў і Хрыста на крыжы. На 1-й і апошняй старонках у 16 ст. зроблены запісы пра тое, што мінскі бурмістр Васіль Лах ахвяраваў гэты экзэмпляр царкве св. Юр’я ў Мсціжы (Барысаўскі р-н Мінскай вобл.). Зберагаецца ў б-цы АНЛітвы.
Літ.:
Добрянский Ф. Описание рукописей Виленской публичной библиотеки, церковнославянских и русских. Вильна, 1882;
Соболевский А.И. История русского литературного языка. Л., 1980;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЮСТРА́ЦЫЯ (польск. lustracja ад лац. lustrum падатковы або фіскальны перыяд),
перыядычны вопіс дзярж. маёмасці з мэтай вызначэння яе даходнасці. 1) У ВКЛ і Рэчы Паспалітай Л. праводзілася ў 16—18 ст. (з 1562 кожныя 5 гадоў) з мэтай павелічэння даходнасці дзярж. уладанняў, а таксама пры перадачы іх новаму дзяржаўцу. Л. праводзілі спецыяльна прызначаныя чыноўнікі — люстратары; іх асоба лічылася недатыкальнай, а знявага разглядалася як цяжкае дзярж. злачынства. Паколькі Л. шляхецкіх маёнткаў у ВКЛ не праводзіліся, то яны ахоплівалі толькі частку насельніцтва. У выніку праведзенай Л. складаўся дакумент, які таксама называўся Л.
2) У Расійскай імперыі Л. праводзіліся ў 1778—1876 рас. урадам на тэр.Літвы, Беларусі і Правабярэжнай Украіны (на Беларусі да 1867). Л. 1778 і 1779 праводзіліся з мэтай павелічэння даходаў дзярж. казны. У канцы 1839 міністрам дзярж. маёмасці П.Дз.Кісялёвым пачата Л. 1840—50-х г. Праводзілася ў 2 этапы: да 1844 пры захаванні фальваркова-паншчыннай сістэмы, з 1844 шляхам паскоранага пераводу сялян дзярж. маёнткаў на аброк, знішчэння фальваркова-паншчыннай сістэмы. Да 1857 на аброк пераведзены ўсе дзярж. маёнткі Мінскай, Гродзенскай, Магілёўскай і Віцебскай губ. У 1858 і 1867 праводзіліся праверачныя Л.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАГРО́ДСКІ (Зыгмунт Вікенцьевіч) (1866, в. Зулова Уценскага пав., Літва —25.3.1937),
бел. паэт і культурны дзеяч. Праводзіў культ.-асв. работу сярод віленскіх рамеснікаў, прапагандаваў творы бел. пісьменнікаў, у т. л. Ф.Багушэвіча, з якім сябраваў. Нелегальна распаўсюджваў «Дудку беларускую» Багушэвіча, у 1896 перавыдаў гэты зборнік. У 1901 зняволены ў пецярбургскі астрог. Удзельнічаў у бел. адраджэнскім руху, матэрыяльна падтрымліваў выданне «Нашай нівы». У 1920-я г. на ўласныя сродкі засн. «Народнае выдавецтва», якое выпускала танныя кніжкі для масавага чытання, у т. л. «Гутаркі і песенькі» У.Сыракомлі (1929). Аўтар напісанай на бел.фалькл.-этнагр. матэрыяле п’есы «На каляды» (з падзагалоўкам «Народны абразок з ваколіц Зулова з 1876 года», на бел. і польск. мовах; пастаўлена ў Вільні ў 1936). Вядомы яго верш «На памяць зычліваму для сям’і» (1900, на смерць Багушэвіча) і верш-прамова «Пастароньцесь, мае братцы...», зачытаная Н. у 1912 у фальварку Барэйкаўшчына (каля Вільні) на адкрыцці помніка У.Сыракомлю. Аўтар успамінаў пра Багушэвіча. Творы Н. зберагаюцца ў Цэнтр. б-цы АНЛітвы і Бел.дзярж. архіве-музеі л-ры і мастацтва.
Літ.:
Рагойша В. Зыгмунт Нагродскі і яго вершы // Рагойша В. Кантакты. Мн., 1982.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРО́ЗАРЫ,
шляхецкі род уласнага герба ў ВКЛ. З літ. баяр, у 18 ст. прэтэндавалі на княжацкі тытул, выводзячы сябе ад князёў Празароўскіх. Найб. вядомыя:
Юзаф (14.3.1723, Бобцін у Жамойці — 22.10.1788), сын Станіслава, ген.-маёр (1762), віцебскі кашталян ў 1774—81 і ваявода ў 1781—87; чл. Пастаяннай Рады з 1776, староста ковенскі з 1762. Кароль (паміж 1759 і 1761—1.11.1841), сын Юзафа, вял. абозны ВКЛ у 1787—92, маршалак Трыбунала ВКЛ у 1787. У час паўстання 1794 прызначаны Т.Касцюшкам намеснікам радцы Найвышэйшай нацыянальнай рады і паўнамоцным прадстаўніком пры ўсіх дывізіях войска ВКЛ (яму падпарадкавана Цэнтральная дэпутацыя Вялікага княства Літоўскага). Пасля задушэння паўстання да 1802 у эміграцыі. У 1812 падтрымаў Напалеона, увайшоў у Часовы ўрад Вялікага княства Літоўскага (старшыня Скарбовага к-та). Да 1814 у эміграцыі. З 1821 у Патрыятычным таварыстве, чл. правінцыяльнага к-таЛітвы. У 1826 арыштаваны па справе дзекабрыстаў (вызвалены ў 1829). Ігнацы Каэтан (да 1769 — каля мая 1807), сын Юзафа. Дэпутат Трыбунала ВКЛ у 1788. Ротмістр войска ВКЛ (1791), удзельнічаў у вайне 1792 з Рас. імперыяй. У час паўстання 1794 ген.-маёр у Ковенскім пав.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЛЕНСКІ УНІВЕРСІТЭ́Т,
найстарэйшая навуч. ўстанова Беларусі і Літвы. Засн. ў Вільні ў 1570 езуітамі як калегіум, які на падставе прывілея караля Стафана Баторыя ў 1579 пераўтвораны ў акадэмію. Першы рэктар П.Скарга. Меў ф-ты філасофскі і тэалагічны, у 1641 адкрыты юрыд.ф-т. Студэнты ўсіх ф-таў вывучалі бел. мову. Пры акадэміі існавалі б-ка, друкарня, астр. лабараторыя. Апрача служыцеляў культу акадэмія рыхтавала выкладчыкаў для езуіцкіх калегіумаў. Сярод яе выпускнікоў М.Сматрыцкі, Сімяон Полацкі, А.Каяловіч і інш. У сувязі са спыненнем дзейнасці ордэна езуітаў (1773) акадэмія перайшла пад апеку Адукацыйнай камісіі, у 1781 пераўтворана ў Гал. школу Вял.кн. Літоўскага. Яе рэктар М.Пачобут-Адляніцкі рэфармаваў Гал. школу і надаў адукацыі амаль свецкі характар. Гал. школа мела ф-ты: маральны, фізічны, а пасля далучэння да яе Гродзенскай мед. школы — медыцынскі. У 1781 пры Гал. школе Ж.Жыліберзасн. батанічны сад. У 1803 Гал. школа рэарганізавана ва ун-т з 4 ф-тамі (маральных і паліт.Навук. фізіка-матэм., мед., літ. і вольных мастацтваў). Быў адм. цэнтрам Віленскай навучальнай акругі. Пры ун-це дзейнічалі мед., вет., агранамічны ін-ты, абсерваторыя, адна з найбагацейшых у Еўропе б-ка і бат. сад. Сярод выкладчыкаў І.Анацэвіч, М.Баброўскі, І.Лялевель, А.Снядэцкі і інш. З яго сцен выйшлі вядомыя паэты і пісьменнікі А.Міцкевіч, Ю.Славацкі, Ю.Крашэўскі, гісторык І.Даніловіч, геолаг І.Дамейка і інш. У апошнія гады існавання Віленскага універсітэта з 47 прафесараў 36 былі ўраджэнцамі Беларусі і Літвы. Ун-т быў цэнтрам перадавой навук. і грамадскай думкі. У 1817—23 ва ун-це існавалі тайныя т-вы філаматаў, філарэтаў. Сярод студэнтаў распаўсюджваліся антысамадзяржаўныя і патрыятычныя ідэі. Трэцяя частка студэнтаў удзельнічала ў паўстанні 1830—31, за што рас. імператар Мікалай I у 1832 закрыў Віленскі універсітэт. На яго базе былі створаны Віленская медыка-хірургічная акадэмія і Духоўная рымска-каталіцкая акадэмія (у 1842 пераведзена ў Пецярбург). У сценах б. ун-та засталася толькі абсерваторыя (закрыта ў 1883). У 1919 дзейнасць Віленскага універсітэта была адноўлена, яму прысвоена імя Стафана Баторыя. Меў 5 ф-таў: тэалагічны, права і грамадскіх Навук.мед., гуманітарны, матэм.-прыродазнаўчы, мастацтва. Працавалі прафесары Ю.Дэмбоўскі, Л.Калянкоўскі, В.Камарніцкі, Г.Лаўмянскі, В.Урублеўскі і інш. Пасля перадачы Віленскага краю Літве літ. ўлады закрылі Віленскі універсітэт (15.12.1939), у 1940 у яго будынак перавялі некаторыя ф-ты Каўнаскага ун-та. 19.3.1943 і гэтыя ф-ты зачынены ням.акупац. ўладамі. У 1945 у будынку Віленскага універсітэта аднавіў дзейнасць пераведзены з Каўнаса ун-т (цяпер Вільнюскі ун-т, у 1955—89 імя В.Капсукаса; у 1995/96 навуч г. на яго 13 ф-тах і ў 2 ін-тах вучылася 9709 студэнтаў).
В.Ф.Шалькевіч.
Вялікі двор Віленскага універсітэта. Літаграфія. 1850.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРА́СЛАЎСКІ ПАВЕ́Т,
тэр.-адм. адзінка на Беларусі з пач. 15 ст. да 1940. У 15 — пач. 18 ст. уваходзіў у Віленскае ваяв.ВКЛ як буйная дзярж.адм. адзінка (павет, намесніцтва, дзяржава, староства), у якую ўваходзілі тэр. сучаснага Браслаўскага, часткі Мёрскага і Шаркаўшчынскага р-наў. У 16 ст. падзяляўся на воласці (Апескую, Гарадзішскую, Друйскую, Укольскую і інш.). У выніку адм. рэформы 1565—66 у Браслаўскі павет уключаны мястэчкі Друя, Вята, Відзы, Дрысвяты і інш. тэрыторыі сучаснай Літвы. У гэтых межах існаваў да канца 18 ст. У 1793 яго ўсх. частка далучана да Рас. імперыі, астатняя частка павета пераўтворана ў Браслаўскае ваяводства (існавала да 1795). У складзе Рас. імперыі Браслаўскі павет уваходзіў у Віленскую губ. (у 1797—1801 у Літоўскую губ.). Пл. 5555 кв. вёрст, нас. 210 689 чал. (1897). У 1836 Браслаўскі павет перайменаваны ў Новааляксандраўскі пав., які з 1843 знаходзіўся ў складзе Ковенскай губ., з 1921 у Зах. Беларусі. У 1922 адноўлена назва Браслаўскі павет і ён уключаны ў склад Віленскай зямлі (з 1925 ваяводства). Пл. 4218 км², нас. 124 909 чал. (1919). З вер. 1939 Браслаўскі павет у складзе БССР, уваходзіў у Вілейскую вобл. 15.1.1940 павет скасаваны, на яго тэр. ўтвораны шэраг раёнаў, у т. л.Браслаўскі раён.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРКЛА́Й ДЭ ТО́ЛІ (Міхаіл Багданавіч) (24.12.1761, маёнтак Помуш, цяпер у Пакруойскім раёне Літвы — 25.5.1818),
расійскі палкаводзец і дзярж. дзеяч, ген.-фельдмаршал (1814). Выхадзец з шатл. роду, які ў 17 ст. перасяліўся ў Прыбалтыку. Удзельнік руска-турэцкай 1787—91 і руска-шведскай 1788—90 войнаў, т.зв. Польскай кампаніі 1792—94 — задушэння паўстання Т.Касцюшкі (штурм Вільні, знішчэнне атрада С.Грабоўскага каля Гродна). Камандзір дывізіі, корпуса ў руска-пруска-французскую 1806—07 і руска-шведскую 1808—09 войны. З мая 1809 галоўнакаманд. фінл. арміяй і ген.-губернатар Фінляндыі. З 1810 чл.Дзярж. савета. У студз. 1810 — вер. 1812 ваен. міністр, адначасова камандаваў 1-й Зах. арміяй, сфарміраванай у Літве і Зах. Беларусі (сак. — вер. 1812). У час вайны 1812 да 17 жн. фактычна кіраваў баявымі дзеяннямі рас. войскаў, у Барадзінскай бітве 1812 камандаваў правым флангам і цэнтрам баявога парадку. У замежных паходах рускай арміі 1813—14 галоўнакаманд. руска-прускай арміяй. З 1815 галоўнакаманд. 1-й рас. арміяй. У 1817 суправаджаў цара Аляксандра I у яго падарожжы па Беларусі; выступаў супраць ваен. пасяленняў.
Літ.:
Балязин В.Н. Фельдмаршал М.Б. Барклай-де-Толли: Жизнь и полководческая деятельность. Киев, 1990;
Тотфалушин В.П. М.Б.Барклай де Толли в Отечественной войне 1812 г. Саратов, 1991.