Во́лава (БРС, Яруш., Грыг., Нас., Касп., Шат.). Рус. о́лово ’волава’, ст.-рус., ст.-слав. олово ’свінец’, укр. о́лово, польск. ołów, чэш., славац. olovo, балг. о́лово, серб.-харв. о̏лово, славен. olȏv, ólovo (Далабко, ZfslPh, 3, 131), в.-луж. wołoj, н.-луж. wółoj ’свінец’. Роднаснымі з’яўляюцца літ. alvás ’свінец’ лат. al̂va, al̂vs ’волава’, ст.-прус. alwis ’свінец’. Далей гэта слова збліжаюць з назвамі колераў: ст.-в.-ням. ëlo ’жоўты’, лац. albus ’белы’, грэч. ἀλφός (Траўтман, 7; Фартунатаў, AfslPh, 4, 580; Персан, 300). Іншыя гіпотэзы і літаратуру гл. Фасмер, 3, 135; Махэк₂, 413.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Во́ўна (БРС, Нас., Бяльк., Касп., Шат.). Рус. во́лна, укр. во́вна, ст.-рус. вълна, польск. wełna, в.-луж. wołma, н.-луж. wałma, чэш., славац. vlna, серб.-харв. ву̏на, славен. vółna, балг. въ́лна, макед. волна. Роднасныя літ. vìlna ’ваўняны волас’, лат. vil̃na ’воўна’, ст.-прус. wilna ’кафтан’, ст.-інд. ū́rṇā ’воўна’, авест. varǝnā, лац. lāna з *vlāna, грэч. λῆνος, λᾱ́νος ’воўна’, магчыма, арм. gełmn ’воўна, лямец’; іншая ступень чаргавання: лац. vellus ’руно’ (Траўтман, 359; Фасмер, 1, 339). Узыходзяць да і.-е. *u̯el‑ ’торгаць, рваць’ (Праабражэнскі, 1, 92; Махэк, LF, 64, 344; БЕР, 206 і наст.).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Вярэ́паўка ’земляная жаба, рапуха’ (Жд., 2, Некр., Шат.); ’тоўстая, непаваротлівая і неахайная жанчына’ (Некр., Шат.); ’няўклюда’ (слуц., Жыв. сл.). У іншых славян лексема адсутнічае. Магчыма, узнікла ў выніку кантамінацыі літ. varlė̄ і бел. *рэпаўка; параўн. укр. ропа́вка, якое да слав. rop‑uxa. Інакш Краўчук (ВЯ, 10, 1976, 71). Фасмер (3, 503) звязвае апошняе з ропа́ ’гной’, Траўтман (246) і Мюленбах-Эндзелін (3, 478, 479) — з літ. ropóti, лат. rāpot ’поўзаць’. Трубачоў (Фасмер, 3, 503) усе рус., бел., укр. формы з пачатковым роп‑ лічыць запазычаннем з польск. ropucha < chropucha (Брукнер, 463). Гл. варопаўка.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Ві́хар (БРС, Маш., Сцяшк., Бес., КТС) ’вір’ (БРС, КТС), віхры́ ’нячыстыя духі ў выглядзе віхру’ (Нас.). Рус. ви́хорь, вихрь, укр. вихо́р, ст.-рус. вихърь, польск. wicher, н.-луж., в.-луж. wichor, чэш. vichr, славац. víchor, серб.-харв. ви̏ха̄р, ви̏хор, славен. vihár, балг. вихър. Ад асновы vix‑ (параўн. віхаць, віхляць) пры дапамозе суф. ‑r‑, ‑ъr‑ (Скок, 3, 588; Шанскі, 1, В, 112), далей узыходзіць да віць (Праабражэнскі, 1, 87; Фасмер, 1, 324). Роднасныя ўсх.-літ. víesulas ’віхар’, лат. veîsuôls ’тс’ (Траўтман, 345; Петарсан, IF, 5, 70; Ільінскі, ИОРЯС, 20, 3, 77).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Дру́гі́ ’другі, іншы’ (БРС, Нас., Бяльк., Сцяшк., Сл. паўн.-зах. і г. д.). Рус. друго́й ’іншы’, ’другі’, укр. дру́гий і г. д. Падрабязны агляд форм ва ўсіх слав. мовах гл. у Трубачова, Эт. сл., 5, 131–132. Прасл. *drugъ, *drugъ(jь) лічыцца этымалагічна звязаным з друг ’сябар і да т. п.’ (прасл. *drugъ; агляд форм у Фасмера, 1, 543; Трубачова, там жа). Роднасныя формы: літ. draũgas ’прыяцель’, лат. dràugs ’тс’, ст.-ісл. draugr ’муж’ і г. д. Гл. Фасмер, там жа; Бернекер, 1, 230–231; Траўтман, 59; Трубачоў, там жа.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Е́мя ’ежа, харчы’ (Касп., Шат., Гарэц., Бяльк.). Рус. бранск. емье, рус. емень, ст.-рус. ѣмена (параўн. сѣмя/ѣмя = сѣмена/ѣмена). Зерне можа прызначацца на семена (насенне) або емена (на з’яданне). Такім чынам, зыходны назоўнік еме (< *ědmę) сустракаецца толькі на беларускай глебе і на бранскім сумежжы. Таму выклікае сумненне сцвярджэнне Трубачова (6, 42) аб балта-славянскай і нават індаеўрапейскай старажытнасці бел. емя (параўн. літ. ėdmeė́ ’ежа’, лат. ēdmenis, ст.-інд. adma ’тс’, якія адпавядаюць і.-е. edmen/edmṇ). Хутчэй бел. еме (гл. еміна) — рэзультат балтыйскай лексічнай інфільтрацыі. Гл. яшчэ Ваян, BSL, 59, 142; Экерт, SlW 54.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Заце́й, заце́ў ’падахвочванне’ (Нас.). Рус. затея, уст. затей, пск., смал. затев, укр. затія, уст. затіва (Грынч.). Ст.-рус. затѣи, затѣя (XVII ст.). Утворана бязафіксным шляхам у ст.-рус. ад затѣяти, затѣвати (XVI, XVII стст.), прэфіксальнага да *тѣвати (параўн. выцяваць ’выдумляць’, выцяванне ’выдумка’, Нас.). Корань параўноўваюць з таіць (гл.) са зменай ai — ě (Гараеў, 114; Ілліч–Світыч, ВЯ, 1959, 2, 7–8) з лат. tĩtît ’злаваць, раздражняць’, tĩtinât ’тс’ (Мюленбах-Эндзелін, IV, 207–208; Фасмер, 2, 82) ці разглядаюць як пераафармленне дѣяти (Гараеў, 114; КЭСРЯ, 159). Першая гіпотэза здаецца больш пераканаўчай.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Звер ’дзікая жывёла’. Рус. зверь, укр. звір, польск. zwierz, в.-луж. zwěrjo, н.-луж. zwéŕe, чэш. zvěř, славац. zver, славен. zvę̂r, серб.-харв. зве̑р, зви̏јер, балг. звяр, макед. sвер. Ст.-слав. звѣрь. Ст.-рус. звѣрь. Ст.-бел. звер (Скарына). Прасл. zvěrь < і.-е. gʼhu̯ēr‑ ’дзікая жывёла’: літ. žvėrìs, лат. zvērs, ст.-прус. він. скл. мн. л. swirins, грэч. θήρ, ‑ος ’звер’, лац. ferus ’дзікі’. Фасмер, 2, 87; Шанскі, 2, З, 79; БЕР, 1, 625; Скок, 3, 666–667; Голуб-Копечны, 440; Махэк₂, 720; Копечны, Zákl. zásoba, 429; Траутман, 374–375; Покарны, 1, 493.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Зубр ’Bison bonasus’. Рус., укр. зубр, польск. żubr, в.-луж., чэш. zubr, славац. zubor, славен. zǫ̑ber, серб.-харв. зу̏бар, зу̀бāр, балг. зубър. Ц.-слав. зѫбрь. Ст.-бел. зубр (Александрыя). Версія пра запазыч. зубр з ятвяж. *sumbris, літ. stum̃bras, лат. sumbrs (Буга, Rinkt., 1, 378–380; 2, 678–679 — пры кантамінацыі з зуб; Вяржбоўскі, Весці АН БССР, 1960, 3, 125–132) выклікае пярэчанні (Лаўчутэ, Сл. балт., 142). Фасмер (2, 107) указвае на верагоднасць першаснай (а не другаснай) сувязі з зуб. Іванаў (Этимология, 1975, 157) прапануе каўк. паралелі слову зубр, прымаючы сувязь *zǫbъ — *zǫbrъ. Патрэбны далейшыя даследаванні.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Карце́ць ’карцець, хацецца’ (Нас., Касп., Бяльк., Шат.), ’трывожыць, непакоіць’ (Сцяшк., Сцяшк. МГ, Юрч., Янк. 1), ’згараць ад нецярплівасці штосьці зрабіць’ (Гарэц.), укр. кортить кого ’карціць зрабіць што-небудзь, падмывае зрабіць што-небудзь’, рус. кортеть ’карцець, адчуваць боль’. Апошняе значэнне можа быць крытэрыем для рэканструкцыі семантыкі праславянскага слова. Да яго добра пасуе серб.-харв. кр̀тити ’мучыць’, параўн. семантыку ў выразе тыпу «пакутлівае жаданне» або «знемагаць, чакаючы што-небудзь». Балтыйскія паралелі да прасл. kъrtiti (параўн. яшчэ балг. къртя ’ламаць, біць’, рус.-ц.-слав. чрьсти ’рубіць’): літ. kir̃sti ’рубіць’, лат. cirst (Слаўскі, 2, 71–72). Гл. таксама кароткі.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)