ГО́ЛЬДЖЫ ((Golgi) Каміла) (7.7.1844, г. Картэна, Італія — 21.1.1926),

італьянскі гістолаг. Замежны чл.-кар. Пецярбургскай АН (1905). Скончыў Падуанскі ун-т (1865). З 1875 праф. ун-та ў г. Павія. Навук. працы па нейрагісталогіі і мікрамарфалогіі нерв. сістэмы. Распрацаваў хромасярэбраны метад прыгатавання прэпаратаў нерв. тканкі (1873). Вызначыў 2 тыпы нерв. клетак; апісаў адменны ўнутрыклетачны арганоід — Гольджы комплекс і інш. Даследаваў патамарфалогію мозга пры псіхічных хваробах, вызначыў гісталагічную дыферэнцыроўку паміж саркомай і гліёмай. Нобелеўская прэмія 1906 (разам з Рамонам-і-Кахалем).

К.Гольджы.

т. 5, с. 328

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЕ́МЕРЫ,

прыморскі і бальнеагразевы курорт у Латвіі. У складзе г. Юрмала, за 44 км на З ад Рыгі, у лесапаркавай зоне на беразе Балтыйскага м. Засн. ў 1840-я г. на месцы прыродных выхадаў серных вод на тэр. сядзібы лесніка А.​Кемеры (адсюль назва). Асн. прыродныя лек. фактары — крыніцы мінер. вод рознага саставу, мясц. тарфяныя і сапрапелевыя гразі, прыморскі клімат. Лечаць хваробы страўніка, кішэчніка, нерв. сістэмы, кровазвароту, гінекалагічныя. На тэр. курорта найбуйнейшы ў Латвіі санаторны комплекс, дзіцячыя санаторыі, зоны адпачынку.

т. 8, с. 227

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КОТЛААГРЭГА́Т,

комплекс устройстваў для атрымання пад ціскам пары або гарачай вады за кошт спальвання паліва. Складаецца з топачнай камеры і газаходаў, у якіх размешчаны паверхні нагрэву (параперагравальнік, вадзяны эканамайзер, паветранагравальнік). Бываюць з шматразовай натуральнай або прымусовай цыркуляцыяй і праматочныя. Выкарыстоўваюцца на цеплавых электрастанцыях, у прамысл. і ацяпляльных кацельных, у суднавых і інш. кацельных устаноўках. У энергет. К. для павышэння эканамічнасці выкарыстоўваюцца схемы з другасным (прамежкавым) перагрэвам пары. Аснашчаны сродкамі аўтаматыкі, прыладамі і прыстасаваннямі кантролю, кіравання і аховы. Гл. таксама Паравы кацёл.

т. 8, с. 435

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРСКІ́ ВАКЗА́Л,

комплекс будынкаў і збудаванняў для абслугоўвання пасажыраў, апрацоўкі багажу і грузаў у марскіх портах. Падзяляюцца на пасажырскія і грузапасажырскія, канцавыя і прамежкавыя.

Будуюцца на прыбярэжных участках, у т. л. на молах і пляцоўках з штучнай асновай. Маюць пасаж., багажныя, тэхн. і інш. памяшканні, грузавыя склады (на ўзроўні прычалаў), спец. пасадачныя прыстасаванні (пад’ёмна-паваротныя і крытыя тэлескапічныя трапы), часам галерэі ўздоўж прычалаў або пірсы. Бываюць М.в., высунутыя ў мора (на па́лях), асобныя збудаванні — на плывучых платформах. Гл. таксама Вакзал, Рачны вакзал.

т. 10, с. 133

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕ́ЗЕНЦАЎ (Барыс Сяргеевіч) (26.7.1911, г. Тула, Расія — 18.11.1970),

расійскі архітэктар. Засл. архітэктар Расіі (1969). Скончыў Маскоўскі арх. ін-т (1935), выкладаў у ім (з 1969 праф.). Асн. работы: у Маскве — вышынныя адм. будынкі на пл. Красныя вароты (1948—53, з арх. А.​Душкіным), на вул. Пятроўка, 38 (1952—59), жылыя дамы па праспекце Міру (1952), горадабуд. работы па праспекце Вярнадскага (1964—68); мемар комплекс У.​І.​Леніна ў г. Ульянаўск (1967—70; Ленінская прэмія 1972) і інш. Дзярж. прэмія СССР 1949.

т. 10, с. 259

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПО́МПАВАЯ СТА́НЦЫЯ,

комплекс збудаванняў, машын, прыстасаванняў для напорнага перамяшчэння вадкасцей. Звычайна ўключаюць прыёмныя збудаванні (водазабор), усмоктвальныя і напорныя трубаправоды, помпы, рухавікі, пускавое, ачышчальнае і размеркавальнае абсталяванне, сродкі аўтаматыкі і тэлекіравання. Бываюць наземныя, заглыбленыя (ніжэй узроўню зямлі), глыбокія (шахтавага тыпу) і плывучыя (на пантонах, баржах); стацыянарныя і перасоўныя (самаходныя, прычапныя, навясныя), якія выкарыстоўваюцца пераважна для падачы вады ў дажджавальныя машыны і ўстаноўкі.

Перасоўная помпавая станцыя: 1 — усмоктвальны трубаправод; 2 — помпа з рухавіком; 3 — разборны напорны трубаправод; 4 — эжэктар для запаўнення ўсмоктвальнай лініі.

т. 12, с. 508

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАДЫЁЭЛЕКТРО́ННАЯ АБАРО́НА,

комплекс мерапрыемстваў па забеспячэнні ўстойлівай работы радыёэлектронных сродкаў; састаўная частка радыёэлектроннай барацьбы. Забяспечвае эл.-магн. сумяшчальнасць сваіх сістэм і аб’ектаў, ахову ад радыёэлектроннага падаўлення і ўздзеяння іанізуючых і эл.-магн. выпрамяненняў, ад паражэння саманаводнай зброяй. Ва ўмовах вядзення «Маланкавай вайны», выкарыстання высокадакладнай зброі і разведвальна-ўдарных комплексаў асн. мерапрыемствамі Р.а. з’яўляюцца: процідзеянне лазерным, цепла-, тэлевізійным і радыёлакацыйным сістэмам разведкі і навядзення кіроўнай зброі; стварэнне перашкод сістэмам навігацыйна-часовага забеспячэння; радыёпадаўленне каналаў сувязі праціўніка і інш.

В.​В.​Гардзей, В.​Л.​Ржэвускі.

т. 13, с. 238

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АТА́ВА (Ottawa),

горад, сталіца Канады, у правінцыі Антарыо, на р. Атава. 920,8 тыс. ж. (1994), у т. л. ⅔ англамоўных, ⅓ франкамоўных. Трансп. вузел. Порт. Міжнар. аэрапорт Аплендс. Радыёэлектроннае машынабудаванне (у т. л. вытв-сць ЭВМ), прыладабудаванне; паліграф., цэлюлозна-папяровая, лёгкая, дрэваапр. і хім. прам-сць, вытв-сць алюмінію, сталі, бронзы, гадзіннікаў, шкла. Англ. і франц. ун-ты.

Засн. ў 1827 як пас. Байтаўн у сувязі з будаўніцтвам канала р. Атава — воз. Антарыо. З 1850 горад, з 1854 наз. Атава, з 1857 сталіца англ. калоніі, з 1867 — дамініёна Канада. З 1899 развіваецца паводле генплана (арх: Ф.​Тод і інш., у 1937—59 — Дж.​Грэбер). Шахматная сетка вуліц. У горадзе шмат вадаёмаў і паркаў з развітой сістэмай паркавых дарог. Арх. помнікі: неагатычны парламенцкі комплекс (1860; пасля пажару адбудаваны ў 1919—27, арх. Дж.​Пірсан, О.​Маршан), атэль «Шато-Лар’е» (1910, арх. Д.​Х.​Мак-Фарлін). Сярод інш. збудаванняў: Нац. б-ка (1956), Карлтанскі ун-т (1959), аэрапорт Аплендс (1960), Нац. цэнтр мастацтваў (1970), Нац. галерэя (1980) і інш. Помнікі: Ж.​Карцье (1885), Дж.​Макдональду (1895), каралеве Вікторыі, тым, хто загінуў у англа-бурскай вайне (абодва 1901), Р.​Болдуіну і Л.​Лафантэну (1908—14) і інш. У 1842 засн. Нац. музей (калекцыі мастацтва індзейцаў і эскімосаў).

Агульны від г. Атава (на пярэднім плане — парламенцкі комплекс).

т. 2, с. 65

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАСТРАМА́,

горад у Расіі, цэнтр Кастрамской вобл., на р. Волга. Засн. ў 12 ст. 286 тыс. ж. (1997). Рачны порт. Чыг. станцыя. Аэрапорт. Буйны цэнтр тэкст. (пераважна льняной), а таксама машынабуд. (экскаватары, тэкст. машыны, аўтам. лініі, палімернае машынабудаванне, дрэваапр. станкі, фарбавальна-аддзелачнае абсталяванне і інш.), дрэваапр. (мэбля), харч., хім., абутковай і швейнай прам-сці; вытв-сць буд. матэрыялаў. Інстытуты: тэхнал., с.-г., педагагічны; ф-т С.-Пецярбургскага гандл.-эканам. ін-та.

Унікальны па кампазіцыйнай цэласнасці ансамбль цэнтра К. (канец 18 — пач. 19 ст.) узнік на месцы старога цэнтра — скапаных земляных і драўляных умацаванняў крамля і Новага горада паводле генплана 1781—84. Сярод помнікаў: сабор Богаяўленскага манастыра (1559—65, размалёўкі 1672), Іпацьеўскі манастыр (16—17 ст.; у ім знойдзены Іпацьеўскі летапіс), з каменнымі сценамі, вежамі, Троіцкім саборам (1650—52; размалёўкі 1685, мастак Г.​Кінешамцаў і інш.), са званіцай (1603—05; цяпер у манастыры філіял музея-запаведніка з помнікамі драўлянага дойлідства), цэрквы Ушэсця на Дзебры (1652). Іаана Багаслова (1681—87). У стылі класіцызму пабудаваны комплекс гандл. радоў (1770—1830-я г.), пажарная каланча (1825—28, арх. П.​Фурсаў), будынак Дваранскага сходу(1838, арх. Праве). У 1977 узведзены гасцінічна-турысцкі комплекс «Волга» (арх. Р.​Нікіцін, П.​Шчарбінін).

Гандлёвыя рады ў Кастраме.

т. 8, с. 154

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАНДША́ФТ ГЕАГРАФІ́ЧНЫ,

адносна аднародны ўчастак геагр. абалонкі, які адрозніваецца заканамерным спалучэннем яе кампанентаў, а таксама комплексаў ніжэйшага таксанамічнага рангу (урочышчаў, фацый); адзін з відаў геасістэм. Вывучае Л.г. ландшафтазнаўства. Паняцце Л.г. трактуюць: як прыродны тэр. комплекс, незалежна ад яго складанасці і памераў (мясцовасць, фіз.-геагр. раён, прыродная зона); як участак зямной паверхні, індывідуальны і непаўторны ў прасторы і часе (напр., Асінаўскае балота, Асвейская града); як тыпалагічная катэгорыя, комплекс асобных участкаў пэўнай структуры і паходжання (рачныя даліны, лёсава-яравыя плато). Л.г. даследуюць у 3 кірунках: узаемадзеянне сукупнасці кампанентаў прыродных комплексаў па вертыкальных сувязях (горныя пароды, рэльеф, глебы, падземныя і паверхневыя воды, расліннасць, жывёльны свет, клімат); марфалагічная структура (урочышчаў, фацый і інш. дробных узаемазвязаных комплексаў унутры Л.г.) і гарызантальная будова (сістэмы іерархічна супадпарадкаваных ландшафтных комплексаў, якія дазваляюць праводзіць класіфікацыю Л.г. і ландшафтнае раянаванне; паслядоўная змена стану Л.г. ў часе. У наш час большасць прыродных Л.г. трансфармаваны ў антрапагенны ландшафт. Паводле функцыянальнага выкарыстання адрозніваюць Л.г.: с.-г., лесагасп., прамысловыя, гарадскія, рэкрэацыйныя, запаведныя і інш. Л.г. Беларусі адносяцца да аднаго тыпу — усх.-еўрапейскі (мяшана-лясны), унутры якога вылучаюць падтыпы: барэальны падтаежны (мяшана-лясны) і суббарэальны палескі (шыракаліста-лясны). Л. — найбольш агульны цэласны аб’ект аховы прыроды.

Літ.:

Ландшафты Белоруссии. Мн., 1989.

В.​С.​Аношка.

т. 9, с. 119

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)