прымацаванне сялян да зямлі законамі феад. дзяржавы; залежнасць сялян ад феадалаў у асабістых, маёмасных, зямельных, адм.юрыд. адносінах. Вынікала з уласнасці феадалаў на зямлю, на якой жылі сяляне. Уключала забарону сялянам пакідаць свае зямельныя надзелы, спадчыннае падпарадкаванне адм. і суд. уладзе феадала, пазбаўленне сялян права адчужаць свае надзелы і набываць нерухомасць, прымусовую працу сялян у гаспадарцы феадала (паншчыну) і ўплату выплату яму розных грашовых і натуральных павіннасцей (аброку). У Зах. Еўропе П.п. было пашырана з 8—9 ст., з развіццём таварна-грашовых адносін паступова адмянялася (з 12—13 ст.). У шэрагу краін Цэнтр. і Усх. Еўропы (Германія, Чэхія, Польшча і інш.) у 16—18 ст. прыгонная залежнасць узмацнілася (т.зв. другое выданне П.п.). П.п. тут паступова скасоўвалася з сярэдзіны 18 ст. Пытанне аб існаванні П.п. ў Азіі застаецца дыскусійным. Але ў цэлым у большасці краін Усходу адсутнасць развітой паншчыннай гаспадаркі і звязанай з ёй адработачнай рэнты абумовіла адсутнасць такога юрыд. ін-та П.п., які адпавядае пэўнай сістэме памешчыцкай і сял. гаспадаркі. Аднак гэта не азначала існавання поўнай свабоды пераходу.
Элементы П.п. ў Кіеўскай Русі ў адносінах да асобных катэгорый сялян (закупы, смерды), якія эксплуатаваліся на паншчыне, прасочваюцца з 11—12 ст. У Паўн.-Усх. Русі з сярэдзіны 15 ст. рост плошчы ворыва суправаджаўся ўзмацненнем эксплуатацыі феад. залежных сялян у выглядзе паншчыны. аброку і інш. павіннасцей. Асабістая залежнасць сялян узмацнялася даўгавой пасткай, у якую сяляне траплялі пасля атрымання ад феадалаў пазык грашыма, насеннем і інш. Сяляне, каб пазбавіцца ад гэтай залежнасці, часта мянялі ўладальнікаў шляхам пераходаў (гл.Выхад сялянскі) Феад. дзяржава імкнулася абмежаваць сял. пераходы праз устанаўленне для сялян некат., асабліва паўночных, зямель акрэсленага тэрміну змены ўладальнікаў: тыдзень да Юр’ева дня (26 ліст.) і тыдзень пасля яго. З утварэннем у канцы 15 ст.Рус. цэнтралізаванай дзяржавы Судзебнік 1497 пашырыў гэтую норму на ўсю яе тэр., чым быў пакладзены пачатак юрыд. запрыгоньванню сялян. Пераход сялян да інш. уладальнікаў быў магчымы пасля выплаты феадалу за т.зв. пажылое. У 1581 Іван IV увёў забарону на сял. пераходы і ў наступныя гады пацвердзіў яе. Сяляне бестэрмінова замацоўваліся за феадаламі. што фіксавалася ў пісцовых кнігах. У 1597 уведзены 5-гадовы тэрмін вышуку збеглых сялян («урочныя» гады). У 1607 гэты тэрмін павялічаны да 15 гадоў і ўзаконена права феадалаў на сялян паводле запісаў у пісцовых кнігах 1591—92. Саборнае ўлажэнне 1649 устанавіла бестэрміновы вышук збеглых сялян. Сяляне пасля 1649 сталі прыгоннымі, фактычнай уласнасцю сваіх феадалаў-землеўладальнікаў. Была ўстаноўлена спадчыннасць прыгоннага стану і права феадала распараджацца маёмасцю селяніна. Указы 1675, 1682, 1688 санкцыянавалі продаж сялян без зямлі, указ 1760 афіцыйна дазваляў раздзяляць пры продажы бацькоў і дзяцей. Дваране-землеўладальнікі атрымалі права ссылаць сваіх прыгонных у Сібір (1760), адпраўляць на катаргу (1765) і ў турму (1775). У 1741 памешчыцкія сяляне адхілены ад прысягі імператару, у 1767 ім пад пагрозай цяжкага пакарання забаронена падаваць скаргі на сваіх уладальнікаў. П.п. ў Рас. імперыі ў 2-й пал. 18 ст. амаль не адрознівалася ад рабства (дваране не мелі толькі права караць смерцю сваіх прыгонных). У 1783 яно пашырана на Левабярэжную Украіну, у 1796 — на Наваросію. Найб. бяспраўныя катэгорыі прыгонных — дваровыя людзі і пазбаўленыя надзелаў месячнікі, якія працавалі ўвесь час на паншчыне і штомесячна атрымлівалі харч. паёк.
На Беларусі пачатак юрыд. афармленню П.п. паклаў Прывілей 1447вял. князя ВКЛ Казіміра IV, якім забаронены пераход прыватнаўласніцкіх сялян (чэлядзь нявольная, людзі «непахожыя») у велікакняжацкія маёнткі. Гэтыя катэгорыі сялян абкладаліся павіннасцямі толькі на карысць сваіх землеўласнікаў, якія атрымалі над імі неабмежаваную, у т. л. судовую, уладу. «Устава на валокі» 1557, Статуты ВКЛ 1529, 1566 і 1588 завяршылі працэс запрыгоньвання сялян. Статут 1529 устанавіў 10-гадовы тэрмін пражывання вольных сялян (людзей «пахожых») на землях феадалаў, пасля заканчэння якога яны рабіліся прыгоннымі. Гэтую норму пацвердзіў і Статут 1588, які павялічыў устаноўлены Статутам 1566 10-гадовы тэрмін вышуку збеглых сялян да 20 гадоў. Паводле асн. павіннасцей прыгонныя сяляне ўмоўна падзяляліся на цяглых сялян і асадных сялян. Да канца 16 ст.б. катэгорыі сялян — чэлядзь нявольная і людзі «непахожыя» ўтварылі адзіны клас-саслоўе прыгонных сялян. Пасля далучэння Беларусі да Рас. імперыі (у 1772—95) рас. прыгонніцкае заканадаўства пашырылася і на яе тэрыторыю.
Эканам. неэфектыўнасць прыгоннага ладу, грамадскае асуджэнне яго антыгуманных праяў, сял. хваляванні абумовілі ў канцы 18 — сярэдзіне 19 ст. шэраг урадавых захадаў па абмежаванні П.п. і з’яўленне афіц. праектаў яго паступовай адмены. У 1808 забаронена прадаваць прыгонных на кірмашах, у 1833 — раз’ядноўваць пры продажы сем’і. Частковае распрыгоньванне невял. часткі сялян адбылося паводле законаў аб вольных хлебаробах (1803) і часоваабавязаных сялянах (1842). Паводле рэформы 1838—42 на Беларусі, у Літве і Правабярэжнай Украіне адменена арэндна-паншчынная (фактычна прыгонніцкая) эксплуатацыя дзярж. сялян. П.п. скасавана паводле Сялянскай рэформы 1861, але яго перажыткі захоўваліся ў выглядзе адпрацовак да Кастр. рэвалюцыі 1917.
Літ.:
Фридман М.Б. Отмена крепостного права в Белоруссии. Мн., 1958;
Корецкий В.И. Формирование крепостного права и первая крестьянская война в России. М., 1975;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПСЕЎДАНІ́М (ад псеўда... + грэч. onyma імя),
подпіс ці імя, якімі асоба замяняе сваё сапраўднае прозвішча (імя). Найб. пашыраны ў літаратараў, журналістаў, мастакоў, дзеячаў т-ра, кіно і інш. Прычыны з’яўлення П. розныя: праследаванні цэнзуры, немілагучнасць сапр. прозвішча, наяўнасць аднолькавых прозвішчаў, саслоўныя забабоны, боязь правалу ў маст. творчасці, жаданне захаваць інкогніта, падкрэсліць якія-н. свае асабістыя якасці ці прадставіць сябе іншым, чым у сапраўднасці (літ. маска). Літ. П. можа лічыцца адным з відаў літ.містыфікацый.
Вядомы са старажытнасці. У некат. асоб акрамя асн. было шмат інш. П. (у Вальтэра болей за 160, у Кацусікі Хакусая болей за 10). Часам П. далучаліся да асн. прозвішча (М.Салтыкоў-Шчадрын), многія сталі сталым аўтарскім імем (Мальер, Стэндаль, М.Горкі, Чымабуэ). П. могуць паказваць на нацыянальнасць (Леся Украінка), месца нараджэння асобы або яе жыхарства (Дз.Мамін-Сібірак, Леанарда да Вінчы), рысу характару і перакананні (Павел Беспашчадны) або творчасці (Наваі, г.зн. меладычны). Існуюць калектыўныя П. (Казьма Пруткоў, Кукрыніксы). Ёсць П. з мэтай маскіроўкі, каб прыпісаць асобам неўласцівыя ім якасці: жанчынам — мужчынскі пол (Жорж Санд), інш. нацыянальнасць (Гіём Апалінэр — В.А.Кастравіцкі), іншую прафесію (Пасічнік Руды Панько — М.Гогаль) і інш. Вядомы гумарыстычныя П. (Зубаскал — Ф.Дастаеўскі, Гайка №6 — А.Чэхаў, Кабзар Дармаграй — Т.Шаўчэнка).
На Беларусі П. пачалі ўжывацца з 16 ст. ў палемічнай л-ры: Стафана Куколя (Тустаноўскага) — Стафан Зізаній, Марціна Бранеўскага — Хрыстафор Філалет, Мялеція Сматрыцкага — Тэафіл Арфалог і інш. Інтэнсіўнае пашырэнне П. ў прэсе Беларусі назіраецца з 2-й пал. 19 ст. А.Вярыга-Дарэўскі выдаў у Магілёве паэму «Гутарка пра сваяка» (1858), падпісаную «Białoruska Duda», газ. «Мужыцкая праўда» К.Каліноўскі падпісваў «Jaśko — haspadar s pad Wilni». Шмат П. у народніцкіх выданнях 1880-х г., у газ. «Минский листок» (1886—1902). Ф.Багушэвіч свае кнігі, выдадзеныя за мяжою, падпісваў «Мацей Бурачок» і «Сымон Рэўка з-пад Барысава», А.Абуховіч падпісваўся «Граф Бандынэлі», А.Лявіцкі — Ядвігін Ш. Шмат П. выкарыстоўвалася ў газ. «Наша ніва» (1906—15), у прэсе Зах. Беларусі, на Беларусі з 1920-х г. і да сённяшняга дня.
Існуе больш за 50 відаў П. Асноўныя: уласна П. (сапраўдныя П.), ці фіктонімы, абагульняльныя П., крыптанімы. Уласна П. — формы, утвораныя па законах якой-н. мовы, даюць поўнае ўражанне імя і прозвішча аўтара: І.Луцэвіч — Янка Купала, Марка Бяздольны, Цімох Каруза; К.Міцкевіч — Якуб Колас, Тарас Гушча, Тамаш Булава; А.Луцкевіч — Антон Навіна; В.Ластоўскі — Власт; М.Раманоўскі — Кузьма Чорны; З.Жылуновіч — Цішка Гартны, Сымон Друк, Янка Кліч; М.Касянкоў — Міхась Зарэцкі; Я.Скурко — Максім Танк; І.Навуменка — Яўхім Цыбук і інш. Абагульняльныя П. — тыя, у якіх імя і прозвішча аўтара заменена на паказанне яго нацыянальнасці (Беларус — М.Янчука і П.Дземідовіча, Максім Беларус — М.Гарэцкага, Litwin (г.зн. беларус) — А.Рымшы; тэрытарыяльнай прыналежнасці (С.Пятроўскага-Сітніяновіча — Сімяон Полацкі, К.Міцкевіча — Мікалаевец, І.Луцэвіча — Янук з-пад Мінска); сац. становішча (З.Жылуновіча — Бэйгар, С.Крыўца — Сярожа Пастушок) і інш. Калі да такіх П. дадаецца поўнае імя або ініцыял, яны набываюць форму сапраўдных П. (З.Жылуновіча — Змітро Капылянін, Дз.Бяспалага — Зм.Вялікаборац). Вельмі пашыраная форма П. — крыптанімы, якія ўтвараюцца з ініцыялаў імя або прозвішча, імя і прозвішча, часам імя, імя па бацьку і прозвішча, пачатковых літар П. аўтара (ІЛ., Я.К. — І.Луцэвіч, М.Б. — М.Багдановіч, Я.С. — Я.Сіпакоў), з літар розных алфавітаў (A.D. — Ф.Багушэвіч, *S — І.Неслухоўскі), з розных скарачэнняў імя або прозвішча аўтара ці яго П. (К—а, К-А-А — І.Луцэвіч, Б—ч — М.Багдановіч), анаграм, змешвання літар і складоў імя і прозвішча (А.Рэка — А.Бабарэка). Своеасаблівая форма П. — псеўдаандронімы, г.зн. мужчынская форма П. для аўтара-жанчыны (Гаўрыла з Полацку — Алаіза Пашкевіч) і псеўдагінімы, жаночыя формы П., выкарыстаныя мужчынамі (Ганна Крум — К.Міцкевіча, Ек.Февралёва — М.Багдановіч, Ганна Аршыца — У.Дубоўка, Ганна Галубянка — І.Канчэўскі). Часам за П. хаваецца не адна асоба (Лукаш Бандылевіч — П.Броўка і Я.Скрыган; І.Сібарсач — Я.Сіпакоў, Р.Барадулін, Б.Сачанка; Я.Лупаты — Я.Брыль, М.Лужанін, П.Панчанка, М.Танк). П. карыстаюцца акцёры (Юрка Куртаты — М.Кудзелька, Г.Глебаў — Г.Сарокін, У.Уладамірскі — У.Малейка, В.Галіна — В.Александроўская, Л.Рахленка — Л.Г.Рахлін і інш.), мастакі (Эль Лісіцкі — Л.Лісіцкі, Ксёндз — А.Ксяндзоў, Мара — А.Марачкін, А.Эроціч — А.Тарановіч і інш.). Пераважная большасць П. не дае ніякіх звестак пра іх носьбітаў: прозвішчы (І.Іваноў — А.Пушкін), літары лац. алфавіта (N., г.зн. Nemo, — ніхто), таксама друкарскія абазначэнні — зорачкі (астронімы), знакі прыпынку, матэм. знакі, геам. фігуры (стыгмонімы). Паводле заканадаўства кожны аўтар мае права карыстацца П. Рэдакцыі газет і часопісаў абавязаны захоўваць таямніцу П.
Літ.:
Масанов Ю.И. В мире псевдонимов, анонимов и литературных подделок. М., 1963;
Дмитриев В.Г. Замаскированная литература. М., 1973;
Яго ж. Скрывшие свое имя: (Из истории анонимов и псевдонимов). 2 изд. М., 1977;
Яго ж. О псевдонимах и их классификации // Филол. науки. 1975. № 5;
Старущенко Г.П. Отечественные труды по библиографированию псевдонимов // Вопросы истории методики универсальной и отраслевой библиографии. Л., 1980;
Масанов И.Ф. Словарь псевдонимов русских писателей, ученых и общественных деятелей. Т. 1—4. М., 1956—60;
Саламевіч Я. Слоўнік беларускіх псеўданімаў і крыптанімаў (XVI—XX стст.). Мн., 1983;
Świerczyńska D. Polski pseudonim literacki. Warszawa, 1983;
Słownik pseudonimów pisarzy polskich. T. 1—4. Wrocław etc., 1994—96.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФІНАНСЫ І КРЭДЫТ
Фінансава-крэдытная сістэма Беларусі ўключае: дзярж. бюджэт, які складаецца з рэспубліканскага і мясц. бюджэтаў; банкаўскую сістэму; фінансавыя сродкі пазабюджэтных фондаў, сістэмы сац. страхавання, прадпрыемстваў, устаноў, арг-цый і грамадзян. Паводле Канстытуцыі ў Рэспубліцы Беларусь праводзіцца адзіная бюджэтна-фінансавая, падатковая, грашова-крэдытная, валютная палітыка. Кіраўніцтва адпаведнымі звёнамі фінансава-крэдытнай сістэмы ў Беларусі ажыццяўляюць Мін-ва фінансаў і Нац. банк.
Гісторыя фінансава-крэдытнай сістэмы. Асобныя элементы гэтай сістэмы (дзярж. бюджэт, крэдыт, падатковая сістэма) паступова фарміраваліся на тэр. Беларусі з часоў сярэдневякоўя. З 1492 у ВКЛ існаваў адзіны эмісійны цэнтр дзяржавы — Віленскі манетны двор і пачала складвацца адзіная грашовая сістэма. У 1580 утворана адзіная манетная сістэма Рэчы Паспалітай, у склад якой з 1569 уваходзіла ВКЛ. У ролі крэдытораў, паслугамі якіх карысталіся купцы і інш. прадпрымальнікі, у ВКЛ звычайна выступалі іх больш багатыя кампаньёны, феадалы, ліхвяры. У 2-й пал. 18 ст. ў Рэчы Паспалітай функцыянавалі і банкірскія канторы.
Фінансава-крэдытная сістэма, характэрная для капіталіст. рыначнай эканомікі, на Беларусі пачала складвацца ў 2-й пал. 19 ст. Яна з’яўлялася часткай агульнарасійскай, але мела свае асаблівасці. Тут стрымлівалася развіццё мясц. бюджэтаў, былі абмежаваны дзярж. і мясц. расходы на сац. патрэбы насельніцтва і эканам. мерапрыемствы. Акцыянерныя банкі ігнаравалі мясц. інтарэсы і ажыццяўлялі толькі найб. прыбытковыя для іх крэдытныя аперацыі. Бюджэтная сістэма Беларусі пач. 20 ст. складалася з даходаў і расходаў дзярж. бюджэту Расіі, якія ўлічваліся па губернях, з губернскіх (земскіх), павятовых, гарадскіх і грамадскіх (валасных і сельскіх) бюджэтаў. Асноўнымі даходамі дзярж. бюджэту былі ўскосныя падаткі, пошліны і паступленні ад віннай манаполіі. Даходы мясц. бюджэтаў фарміраваліся пераважна з падаткаў на нерухомую маёмасць, у т. л. на зямлю. На Беларусі даходы дзярж. бюджэту значна перавышалі расходы (на 58% у 1913). Амаль 74% бюджэтных сродкаў ішло на ўтрыманне органаў кіравання і духоўнага ведамства. На непасрэдныя патрэбы насельніцтва выдаткоўваліся нязначныя сумы, расходы на ахову здароўя і сац. забеспячэнне працоўных зусім не прадугледжваліся. Выдаткі на асвету ішлі пераважна на ўтрыманне гімназій і царкоўнапрыходскіх школ. Губернскія (земскія) бюджэты больш як 50% сродкаў накіроўвалі на асвету і ахову здароўя, але магчымасці іх былі нязначныя. Значнае месца ў фінансава-крэдытнай сістэме займала маёмаснае страхаванне, якое ажыццяўлялі агульнарасійскія акц. страхавыя т-вы («Расія», «Саламандра», «Надзея» і інш.) і мясц. гарадскія т-вы ўзаемнага страхавання. Абавязковым было страхаванне сял. забудоў. Крэдытаванне на Беларусі ажыццяўлялі: філіялы агульнарасійскіх і рэгіянальных акцыянерных камерцыйных банкаў (Руска-Азіяцкага, Азоўска-Данскога, Аб’яднанага, Маскоўскага, Віленскага, Беластоцкага, Руска-Французскага); мясц. гарадскія грамадскія банкі і таварыствы ўзаемнага крэдыту, установы дробнага крэдыту кааператыўнага тыпу (больш як 500 тыс. членаў); банкірскія дамы і канторы.
У выніку Кастр. рэвалюцыі 1917 фінансава-крэдытная сістэма Расіі была цалкам адзяржаўлена: нацыяналізаваны прыватныя банкі і акцыянерныя капіталы, банкаўская і страхавая справы абвешчаны дзярж. манаполіяй. Адначасова савецкая дзяржава вызваліла сялян ад выплаты даўгоў за купленую зямлю, увяла дзярж.сац. забеспячэнне, бясплатныя адукацыю і мед. абслугоўванне. Фінансава-крэдытная сістэма БССР была састаўной часткай адзінай сістэмы СССР. Яе дзярж. бюджэт і бюджэт мясц. Саветаў вылучаліся ў самаст. звяно адзінай бюджэтнай сістэмы краіны. З 1923—25 у Мінску пачалі дзейнічаць Бел.рэсп. кантора Дзяржбанка СССР, філіялы саюзных банкаў (Прамысловага, Кааператыўнага) і мясц. крэдытныя ўстановы: Гомельскі рабочы банк, т-вы с.-г. крэдыту, Бел.с.-г. банк, Бел. камунальны банк і інш.Нар. камісарыят фінансаў БССР меў статус саюзна-рэсп. органа. Грашовай адзінкай з’яўляўся рубель СССР, эмісію якога ажыццяўляў Дзярж. банк СССР у Маскве. На ўсіх этапах сав. дзяржава фінансавала развіццё эканомікі, сац. сферы і культуры Беларусі, выкарыстоўваючы магчымасці рэсп. і саюзнага бюджэтаў, крэдытных устаноў. Асабліва вял. дапамогу з саюзнага бюджэту Беларусь атрымала на аднаўленне сваёй гаспадаркі пасля вызвалення ад ням.-фаш. акупацыі: толькі ў 1943—45 больш за 122,7 млн.руб. У 1957 ліквідаваны Гандлёвы банк, у 1959 — Прамбанк, Цэкамбанк і іх філіялы, Белкамунбанк, а іх функцыі размеркаваны паміж Дзяржбанкам СССР (Рэсп. кантора ў Мінску) і нанава арганізаваным Будбанкам, філіялы якога адкрыты ў БССР. У 1958 бел. органы маёмаснага страхавання перададзены Мін-ву фінансаў БССР, арганізавана Гал. ўпраўленне дзярж. страхавання БССР. Заканадаўства 1950 — пач. 1970-х г. значна пашырыла бюджэтныя правы рэспублікі і мясц. Саветаў.
Крызіс адм.-каманднай эканомікі СССР у 1980 — пач. 1990-х г. прывёў да дэзінтэграцыі фінансава-крэдытнай сістэмы краіны. Рэзка ўпала пакупніцкая здольнасць савецкага рубля, які пасля распаду СССР яшчэ нейкі час выконваў функцыю грошай у былых саюзных рэспубліках, у т. л. ў Беларусі, дзе ўжо пачалося фарміраванне ўласнай фінансава-крэдытнай сістэмы.
Дзяржаўны бюджэт. Фарміраванне самаст.дзярж. бюджэту Рэспублікі Беларусь пачалося ў 1991—92. Сучасны яе бюджэт уключае рэспубліканскі і мясцовыя бюджэты, якія ўтвараюць кансалідаваны бюджэт краіны і складаюць яе бюджэтную сістэму. Бюджэтная сістэма грунтуецца на прынцыпах адзінства, паўнаты, рэальнасці, самастойнасці і публічнасці бюджэтаў, забяспечвае эканам. і сац. развіццё рэспублікі і яе адм.-тэр. адзінак. Даходы бюджэту кожнай адм.-тэр. адзінкі фарміруюцца за кошт падаткаў і інш. абавязковых плацяжоў (гл. табліцу 1) у адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь.
У даходах бюджэту 2003 больш за 30% складалі ўскосныя падаткі (на дабаўленую вартасць і акцызы), 19% — прамыя падаткі (на прыбытак, на даходы, падаходны); каля 18% даходнай часткі бюджэту фарміраваліся за кошт даходаў мэтавых бюджэтных фондаў. Аб’ём фінансавання сац.-культ. устаноў і мерапрыемстваў па сац. абароне насельніцтва ў 2003 складаў больш за 38% усіх расходаў кансалідаванага бюджэту. На галіны эканомікі расходавалася каля 15% бюджэту, а таксама сродкі мэтавых галіновых бюджэтных фондаў; расходы на нац. абарону, дзярж. кіраванне і мясц. самакіраванне — 3%. І ў даходнай, і ў расходнай частках бюджэту значнае месца займаюць мэтавыя бюджэтныя фонды (гл.табл. 2).
Падатковая сістэма, уведзеная ў Рэспубліцы Беларусь у пач. 1992, будавалася з улікам найб. прымальных замежных мадэлей падаткаабкладання. Яе аснову склалі Закон «Аб падатках і зборах, што спаганяюцца ў бюджэт Рэспублікі Беларусь» і спец. акты падатковага заканадаўства, што вызначалі канкрэтныя аб’екты абкладання, парадак выплаты, стаўкі і льготы. Першапачатковая падатковая сістэма ўключала 15 асн. падаткаў. Акрамя таго, юрыдычныя асобы плацілі 8 відаў адлічэнняў у розныя пазабюджэтныя фонды, доля якіх у агульнай падатковай нагрузцы складала больш за 1/3. Пазней падатковая сістэма неаднаразова карэкціравалася, змяняліся яе структура, узровень, памяншаліся ўзровень і запазычанасць плацельшчыкаў перад бюджэтам (гл.табл. 3).
Падаткі і інш. абавязковыя плацяжы ў Рэспубліцы Беларусь у залежнасці ад іх функцый і крыніц аплаты падзяляюцца на 3 буйныя групы:
Падаткі і адлічэнні з выручкі ад рэалізацыі прадукцыі (работ, паслуг): мясц. падаткі і зборы; падатак на дабаўленую вартасць; падатак з продажу аўтамабільнага паліва; адлічэнні ў рэсп. фонд падтрымкі вытворцаў с.-г. прадукцыі і харчавання, падтрымкі аграрнай навукі; падатак з карыстальнікаў аўтадарог у дарожны фонд; мэтавыя зборы ў мясц. мэтавыя бюджэтныя жыллёва-інвестыцыйныя фонды і на фінансаванне расходаў, звязаных з утрыманнем і рамонтам жыллёвага фонду; акцызы.
Падаткі, што ўключаюцца суб’ектамі прадпрымальніцтва ў сабекошт прадукцыі (работ, паслуг) і ўлічваюцца пры падаткаабкладанні: надзвычайны падатак і абавязковыя адлічэнні ў дзярж. фонд садзейнічання занятасці, якія плацяцца адзіным плацяжом з фонду заработнай платы; зямельны падатак; экалагічны падатак; плата за праезд па аўтадарозе Брэст—Мінск — граніца Рас. Федэрацыі; плата за праезд па аўтадарогах агульнага карыстання цяжкавагавых і буйнагабарытных трансп. сродкаў; плата за размяшчэнне адходаў вытворчасці і спажывання ў навакольным асяроддзі; плата за драўніну, якая адпускаецца на корані і інш.
Падаткі з прыбытку: на нерухомасць; на даходы і прыбытак, у т. л.: на прыбытак; на дывідэнды і прыраўнаваныя да іх даходы; на даходы з фізічных асоб; на даходы замежных юрыд. асоб, якія не дзейнічаюць у Рэспубліцы Беларусь праз пастаяннае прадстаўніцтва; на даходы, атрыманыя ў асобных сферах дзейнасці (на ігральны бізнес, на даходы ад латэрэйнай дзейнасці і інш.); падаткі і зборы, якія плацяцца за кошт прыбытку, што застаецца ў распараджэнні плацельшчыкаў (на набыццё аўтатрансп. сродкаў, афшорны збор, мясц. падаткі і зборы, на рэкламу і інш.; адзіны падатак пры спрошчанай сістэме падаткаабкладання для суб’ектаў малога прадпрымальніцтва, адзіны падатак для вытворцаў с.-г. прадукцыі і інш.
Банкаўская сістэма ў адпаведнасці з Банкаўскім кодэксам (2001) выступае састаўной часткай фінансава-крэдытнай сістэмы, уключае ў сябе Нац. банк і інш. банкі. Сучасная банкаўская сістэма пачала стварацца ў 1990 на аснове законаў Вярх. Савета БССР «Аб Нацыянальным банку Беларускай ССР» і «Аб банках і банкаўскай дзейнасці ў Беларускай ССР». На базе былой бел.рэсп. канторы Дзяржбанка СССР быў заснаваны незалежны Нац. банк Рэспублікі Беларусь. Банкі 2-га ўзроўню ствараліся шляхам прыватызацыі былых дзярж. спецыялізаваных банкаў і арганізацый новых банкаў праз прыцягненне фінансавых рэсурсаў прадпрыемстваў, арганізацый, ведамстваў, прыватных фірм і гандлёва-пасрэдніцкіх груп.
Асноўныя мэты дзейнасці Нац. банка Рэспублікі Беларусь: абарона і забеспячэнне ўстойлівасці бел. рубля, у т. л. яго пакупной здольнасці і курсу ў адносінах да замежных валют; развіццё і ўмацаванне банкаўскай сістэмы рэспублікі і забеспячэнне эфектыўнага, надзейнага і бяспечнага функцыянавання плацежнай сістэмы. Нац. банк здзяйсняе эмісію грошай, штогод сумесна з урадам распрацоўвае і праводзіць грашова-крэдытную палітыку, рэгулюе дзейнасць камерцыйных банкаў і выконвае іншыя функцыі, вызначаныя Банкаўскім кодэксам.
2-і ўзровень банкаўскай сістэмы Беларусі складаюць камерцыйныя банкі. На 1.2.2004 у нармальным рэжыме функцыянавала 30 банкаў з 473 філіяламі. З іх 25 банкаў з удзелам замежнага капіталу, у т. л. 6 банкаў са 100-працэнтным замежным капіталам. Валавыя актывы банкаўскай сістэмы Беларусі ў адносінах да валавога ўнутр. прадукту (ВУП) на 1.2.2004 склалі 45,8%, у т. л. чыстыя актывы 28% да ВУП. Крэдыты рэальнаму сектару эканомікі ў адносінах да ВУП склалі 12,2%, а капітал банкаўскай сістэмы — 5,6% да ВУП.
Найважнейшымі кірункамі далейшага развіцця банкаўскай сістэмы Беларусі з’яўляюцца пашырэнне рэсурснай базы, павышэнне капіталізацыі банкаў, паляпшэнне якасці паслуг і пашырэнне аперацый, што выконваюцца банкамі.
Грашова-крэдытная палітыка. Пачатак рэалізацыі самастойнай грашова-крэдытнай палітыкі (ГКП) Беларусі звязаны з увядзеннем у 1992 у абарот бел. рубля, які ў першы час абарачаўся паралельна з рублём былога СССР і выкарыстоўваўся толькі ў наяўных разліках. З сак. 1993 ён пачаў каціравацца на валютнай біржы, а ў жн. 1994 бел. рубель абвешчаны адзіным законным плацежным сродкам на тэр. краіны. З 1996 да вер. 2000 эканоміка і банкаўская сістэма Беларусі дзейнічалі ва ўмовах «множнасці валютных курсаў», калі адхіленні рыначных каціровак ад афіц. курсу складалі ад 20—30 да 100—200% і болей (максімальна ў кастр.—ліст. 1998 — каля 250%). У агульнаэканам. плане такая сістэма курсаўтварэння з’яўлялася па сутнасці своеасаблівай формай схаванага субсідзіравання «крытычнага імпарту» (гал. чынам, энерганосьбітаў, збожжа, некаторых сацыяльна значных тавараў). Такая сістэма абумоўлівала значныя скажэнні эканам. інфармацыі. Яна рэалізоўвалася за кошт дадатковага падатку на экспарцёраў, якіх прымушалі абавязкова прадаваць валюту дзяржаве па заніжаным афіц. курсе; была элементам падтрымання неэфектыўных вытворцаў, суправаджалася вельмі мяккай ГКП.
У 2000 памеры крэдытнай эмісіі Нац. банка былі значна абмежаваны — яна накіроўвалася выключна на крэдытаванне дэфіцыту дзярж. бюджэту. Гэта дазволіла, пачынаючы з крас. 2000, істотна знізіць тэмпы дэвальвацыі рыначных каціровак рубля (з 205% у сярэднім за месяц да 0,5—1,5%), а ў маі пачаць паскораную карэкціроўку яго афіц. курсу. 14.9.2000 здзейснены пераход да адзінага валютнага курсу. Ліквідацыя сістэмы множных валютных курсаў і пашырэнне сферы выкарыстання бел. рубля ў знешнім гандлі сфарміравалі ўмовы для знешнеэканам. дзейнасці бел. прадпрыемстваў. Важнае значэнне мела лібералізацыя валютнага рынку, зняцце мноства абмежаванняў на наяўным і на безнаяўным сегментах, у т. л. ў адносінах нерэзідэнтаў. У кастр. 2001 Беларусь далучылася да арт. XIII Статута Міжнар. валютнага фонду, у якім сфармуляваны крытэрыі канверсоўнасці нац. грашовай адзінкі па бягучых аперацыях.
У наступныя гады працягвалася манетарная палітыка, накіраваная на паглыбленне фінансава-эканам. стабільнасці, падтрыманне павольных і прадказальных тэмпаў дэвальвацыі бел. рубля. Паводле «Канцэпцыі развіцця банкаўскай сістэмы Рэспублікі Беларусь на 2001—10 гады» зніжэнне курсу бел. рубля да 2005 павінна быць даведзена да ўзроўню 5% за год, што адпавядае міжнар. стандартам.
Страхаванне. Страхавая дзейнасць на Беларусі рэгулюецца Законам «Аб страхаванні» ад 3.6.1993, Грамадзянскім кодэксам Рэспублікі Беларусь і «Палажэннем аб страхавой дзейнасці ў Рэспубліцы Беларусь». Для правядзення дзярж. палітыкі ў сферы страхавання пры Мін-ве фінансаў створаны Савет па страхаванні.
У 2004 на Беларусі дзейнічалі 6 абавязковых відаў страхавання і каля 30 добраахвотных, якія па галінах страхавання падзяляюцца на асабістае (жыцця і ад няшчасных выпадкаў), маёмаснае (фізічных асоб і юрыд. асоб), страхаванне адказнасці. Да абавязковай формы страхавання адносяцца: асабістае страхаванне ад няшчасных выпадкаў на вытворчасці і прафзахворванняў (з 1.1.2004); мед. страхаванне замежных грамадзян і асоб без грамадзянства, якія часова знаходзяцца на Беларусі (з 1.10.2004); абавязковае страхаванне ад няшчасных выпадкаў асобных катэгорый дзярж. служачых; страхаванне будынкаў грамадзян (з 1.1.1998); страхаванне грамадзянскай адказнасці ўладальнікаў трансп. сродкаў (з 1.7.1999); страхаванне грамадзянскай адказнасці перавозчыка перад пасажырамі (з 1.4.2002). Добраахвотнымі відамі страхавання з’яўляецца страхаванне: жыцця; дадатковых пенсій; ад няшчасных выпадкаў, што не падлягаюць абавязковаму страхаванню; добраахвотнае страхаванне будынкаў грамадзян; хатняй маёмасці грамадзян; аўтатранспартных сродкаў; жывёлы грамадзян і інш. маёмасці фізічных асоб; маёмасці юрыд. асоб; авіясуднаў юрыд. асоб; будаўніча-мантажных рызык юрыд. асоб; прадпрымальніцкай рызыкі юрыд. асоб; інш. віды маёмаснага страхавання юрыд. асоб; грамадзянскай адказнасці арганізацый, што ствараюць павышаную небяспеку для наваколля; грамадзянскай адказнасці за нанясенне шкоды ў сувязі з ажыццяўленнем прафес. дзейнасці; грамадзянскай адказнасці перавозчыка і экспедытара; грамадзянскай адказнасці ўладальнікаў паветр. суднаў; інш. віды страхавання адказнасці.
Страхавы рынак Беларусі пачаў фарміравацца ў 1990, калі была адменена дзярж. манаполія на страхаванне. Да сярэдзіны 1990-х г. у дзярж. рэестры зарэгістравана каля 100 страхоўшчыкаў; у пач. 2004 дзейнічалі 33 страхавыя арганізацыі розных арганізацыйна-прававых форм, у т. л. 3 дзяржаўныя: Белдзяржстрах, Белэксімгрант і даччыная кампанія Белдзяржстраха, якая займаецца страхаваннем жыцця — «Стравіта». Самай буйной страхавой кампаніяй Беларусі з’яўляецца Белдзяржстрах (да 1991 — адзіная страхавая арг-цыя ў рэспубліцы), доля якога ў агульнай страхавой прэміі складае 60%. Страхавыя арг-цыі сканцэнтраваны ў асноўным у Мінску, а ў іншых гарадах маюць структурныя падраздзяленні.
Найб. развітым відам страхавання на Беларусі з’яўляецца абавязковае страхаванне грамадзянскай адказнасці ўладальнікаў трансп. сродкаў, уведзенае 1.7.1999; з 1.7.2002 Бел. бюро па трансп. страхаванні стала транзітным членам міжнар. сістэмы страхавання аўтаграмадзянскай адказнасці «Зялёная карта» (44 краіны-члены).
Заканадаўства краіны забараняе продаж полісаў замежных страхавых кампаній у Рэспубліцы Беларусь. Страхавая дзейнасць замежных кампаній дазваляецца толькі ў сумесных прадпрыемствах з бел. кампаніямі. Максімальная доля замежнага капіталу абмяжоўваецца 49% укладу ва ўстаўны фонд. На бел. страхавым рынку працуе 10 кампаній з удзелам замежнага капіталу. Партнёрамі з’яўляюцца рэзідэнты Германіі, ЗША, Вялікабрытаніі, Расіі, Аўстрыі, Бельгіі і інш.
Штогадовы збор страхавых прэмій усімі страхоўшчыкамі Рэспублікі Беларусь да 2000 складаў у эквіваленце 50 млн. долараў ЗША. З 2000 памер паступленняў страхавых прэмій штогод нарастаў і ў 2004 дасягнуў 200,8 млрд. рублёў, ці каля 100 млн. долараў ЗША. Расходы на страхаванне ў Беларусі вельмі нізкія: 0,5—0,7% ад ВУП (у 1990—1,8%).
Літ.:
Очерки развития финансов и кредита в БССР. Мн., 1970;
Шмарловская Г.А. Теория налогов: закономерности формирования и государственного регулирования. Мн., 1996;
Корякина О.А. Финансы в национальной экономике. Мн., 1998;
Совершенствование финансово-кредитного механизма в условиях трансформации экономики Республики Беларусь. Мн., 2000;
Лученок А.И. Актуальные проблемы финансовой политики (респ. и региональный аспекты). Мн., 2002.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКАЯ САЦЫЯЛІСТЫ́ЧНАЯ ГРАМАДА́ (БСГ),
нацыянальная партыя леванародніцкага кірунку. Створана ў канцы 1902 пад назвай Бел.рэв. грамада (БРГ) на аснове гурткоў бел. студэнцкай і вучнёўскай моладзі ў Мінску, Вільні, Пецярбургу. Стваральнікі і кіраўнікі: браты І.І. і А.Луцкевічы, А.Пашкевіч (Цётка), А.Бурбіс, К.Кастравіцкі (Карусь Каганец), В.Іваноўскі і інш. На 1-м з’ездзе (Вільня, 1903) БРГ прыняла праграму, у якой характарызавала сябе як арганізацыю «беларускага працавітага народа». Сваёй канчатковай мэтай абвясціла знішчэнне капіталіст. ладу і пераход у грамадскую ўласнасць зямлі, сродкаў вытв-сці, бліжэйшай задачай — звяржэнне самадзяржаўя ў Расіі. У нац. пытанні формай забеспячэння нац. свабоды прызнавала незалежную дэмакр. рэспубліку. Выступала за прамое, агульнае, роўнае выбарчае права з тайным галасаваннем, нар.заканадаўства, раўнапраўе ўсіх людзей незалежна ад полу, нацыянальнасці і веравызнання, свабоду слова, друку, сходаў, забастовак, 8-гадзінны рабочы дзень, бясплатную мед. дапамогу. У агр. пытанні праграма прадугледжвала скасаванне прыватнай зямельнай уласнасці, абвяшчала права кожнага чалавека на апрацоўку зямлі сваімі рукамі. У праграме спалучаўся рэв. дэмакратызм з народніцкім (сялянскім) сацыялізмам. Дакладны час перайменавання БРГ у БСГ не высветлены (па адных звестках у 1903, па другіх — у 1906). У 1903—04 БСГ узаемадзейнічала з Польскай партыяй сацыялістычнай (ППС), Партыяй сацыялістаў-рэвалюцыянераў (ПСР), Літоўскай с.-д. партыяй, выдавала разам з імі нелегальную л-ру. З канца 1905 у Мінску дзейнічала падп. друкарня БСГ. На 2-м з’ездзе (студз. 1906, Мінск) прынята новая праграма партыі. У ёй канчатковай мэтай БСГ абвясціла замену капіталіст. ладу сацыялістычным, бліжэйшай задачай — звяржэнне самадзяржаўя і ўтварэнне Расійскай федэратыўнай дэмакр. рэспублікі з свабодным самавызначэннем і культ.-нац. аўтаноміяй народнасцяў. Для Беларусі яна патрабавала аўтаноміі з мясц. сеймам у Вільні. У агр. пытанні патрабавала адчужэння памешчыцкай зямлі і надзялення сялян зямлёю на правах пажыццёвай арэнды. Ажыццяўленне ўсіх паліт. і сац. пераўтварэнняў з’езд звязваў са скліканнем Устаноўчага сейма Беларусі.
Першым друкаваным органам БСГ і першым легальным перыяд. выданнем на бел. мове стала газ.«Наша доля» (1-ы нумар выйшаў 14.9.1906). Газета мела рэв.-дэмакр. характар, таму з 6 яе нумароў 5 былі канфіскаваны, а № 7 забаронены і раскіданы ў наборы. У ліст. 1906 БСГ пачала выдаваць новую легальную газету на бел. мове «Наша ніва». Асн. аб’ектам дзейнасці БСГ было бел. сялянства. Яе ўплыў на гар. рабочых, за выключэннем Мінска і Вільні, быў нязначны. У рэвалюцыю 1905—07 БСГ дзейнічала сярод сялян і сельскіх рабочых у паветах Мінскай, Віленскай і Гродзенскай губ., арганізавала шэраг паліт. сходак і мітынгаў у вёсках, удзельнічала ў правядзенні сял. забастовак. Ва ўмовах наступу рэакцыі нелегальная дзейнасць грамады спынена. З 2-й пал. 1907 лідэры БСГ засяродзілі сваю дзейнасць на выданні газ. «Наша ніва», якая стала ідэолагам і арганізатарам бел. нац.-культ. руху, разгарнула на сваіх старонках прапаганду нац. свядомасці, ідэі нац.-культ. адзінства беларусаў, дамагалася прызнання самастойнасці бел. нацыі, змагалася за ўвядзенне бел. мовы ў школе, царкве і касцёле. У 1-ю сусв. вайну на акупіраванай немцамі тэр. дзейнічала створаная членамі БСГБеларуская сацыял-дэмакратычная работніцкая група. На неакупіраванай тэр.БСГ аднавіла дзейнасць пасля Лют. рэвалюцыі 1917. Яе паліт. курс у новай гіст. сітуацыі адлюстроўваў інтарэсы і настроі сярэдніх слаёў насельніцтва, якія былі зацікаўлены ў ажыццяўленні дэмакр. пераўтварэнняў. Канферэнцыя БСГ (сак. 1917, Мінск) выступіла ў падтрымку Часовага ўрада, выставіла патрабаванне аўтаноміі Беларусі ў складзе федэратыўнай Рас. рэспублікі, выказалася за агульнанародную ўласнасць на зямлю, 8-гадзінны рабочы дзень. У сак. 1917 прадстаўнікі БСГ удзельнічалі ў рабоце з’езда беларускіх нацыянальных арганізацый у Мінску, атрымалі 10 месцаў у Беларускім нацыянальным камітэце. Грамада пашырыла свой уплыў сярод інтэлігенцыі, сялян, гараджан, бежанцаў, ваеннаслужачых, рабочых; яе арганізацыі ўзніклі ў Мінску, Бабруйску, Слуцку, Віцебску, Гомелі, Петраградзе, Маскве і інш. Да сярэдзіны 1917 БСГ налічвала каля 5 тыс. членаў і спачуваючых, у маі—чэрв. 1917 выдавала газ.«Грамада», мела прадстаўнікоў у Саветах рабочых і салдацкіх дэпутатаў і гар. думах Мінска, Петраграда, Бабруйска. У чэрв. 1917 канферэнцыя БСГ выбрала часовы ЦК, у які ўвайшлі П.Бадунова, А.Бурбіс, Я.Варонка, К.Душэўскі, З.Жылуновіч, У.Ігнатоўскі, Я.Колас, А.Смоліч. БСГ была ініцыятарам склікання ў ліп. 1917 з’езда беларускіх арганізацый і партый, займала кіруючае становішча ў Цэнтральнай радзе беларускіх арганізацый, Вялікай беларускай радзе, актыўна ўдзельнічала ў скліканні Усебеларускага з’езда 1917. У кастр. 1917 БСГ налічвала каля 10 тыс. членаў. Аднак у ёй нарасталі ўнутр. супярэчнасці паміж прыхільнікамі рэфармісцкага шляху і тымі, хто быў гатовы перайсці на леварадыкальныя пазіцыі, блізкія да бальшавіцкіх. У вер. 1917 частка левага крыла БСГ вылучылася і ўтварыла арганізацыю бальшавіцкага кірунку — Беларускую сацыял-дэмакратычную рабочую партыю. У пач. 1918 адбыўся раскол БСГ. Прыхільнікі стварэння самастойнай бел. дзяржавы прынялі ўдзел у абвяшчэнні Беларускай Народнай Рэспублікі. Петраградская і Маскоўская арг-цыі сталі на шлях утварэння бел. дзяржаўнасці на савецкай аснове. Да лета 1918 БСГ распалася на Беларускую сацыял-дэмакратычную партыю, Беларускую партыю сацыялістаў-рэвалюцыянераў і Беларускую партыю сацыялістаў-федэралістаў. Выхадцы з левага крыла БСГ удзельнічалі ў рабоце Беларускага нацыянальнага камісарыята, некаторыя ўступілі ў беларускія секцыі РКП(б). На пач. 1919 у Вільні пэўны час дзейнічала Левая фракцыя Бел.сацыяліст. грамады. Пераемніцай традыцый БСГ з 1991 стала Беларуская сацыял-дэмакратычная грамада.
Літ.:
Турук Ф. Белорусское движение: Очерк истории нац. и рев. движения белорусов. М., 1921 (репр. изд. Мн., 1994);
Луцкевіч А. За дваццаць пяць гадоў (1903—1928): Успаміны аб працы першых бел.паліт.арг.: Бел.рэв. грамада, Бел.сац. грамада. Вільня, 1928;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАЦЫЯНАЛІЗА́ЦЫЯ,
пераход маёмасці прыватных асоб ва ўласнасць дзяржавы на падставе спец. актаў кампетэнтных дзярж. устаноў. Аб’ектамі Н. могуць быць і асобныя прадпрыемствы, аб’яднанні, будынкі, зямельныя ўчасткі і цэлыя галіны эканомікі, уся зямля або асобныя яе катэгорыі. Можа ажыццяўляцца праз бязвыплатную экспрапрыяцыю (прымусовае адчужэнне), поўны або частковы выкуп. Права дзяржавы на правядзенне Н., якое ўключае свабоднае распараджэнне прыроднымі рэсурсамі краіны, пацверджана ў шэрагу рэзалюцый Ген. Асамблеі ААН. Міжнар. публічнае права прызнае права дзяржавы на Н., але не прадугледжвае рэгулявання супярэчнасцей, што ўзнікаюць у выніку пераразмеркавання ўласнасці паміж дзяржавай і прыватнымі ўласнікамі. Разнавіднасцю Н. з’яўляецца дэпрыватызацыя — ператварэнне ў дзярж. ўласнасць прыватызаванай раней дзярж. маёмасці. У развітых капіталіст. краінах Н. закранае, як правіла, тыя галіны вытв-сці, што патрабуюць вял. і доўгатэрміновых капітальных укладанняў і няздольны прынесці хуткія прыбыткі прыватным прадпрымальнікам, але з’яўляюцца неабходнымі для функцыянавання эканомікі і дзяржавы ў цэлым (ваенная, паліўнаэнергет. прам-сць, сувязь, транспарт і інш. галіны інфраструктуры). Уладальнікам нацыяналізаванай маёмасці звычайна выплачваецца кампенсацыя. Н. практыкавалася ўжо ў 19 ст., праводзілася ў шэрагу еўрап. краін у 1920—30-я г. Многія еўрап. дзяржавы (Францыя, Вялікабрытанія, Аўстрыя і інш.) шырока праводзілі Н. пасля 2-й сусв. вайны з мэтай больш хуткага і эфектыўнага аднаўлення эканомікі за кошт дзярж. сродкаў. Вопыт сац.-эканам. развіцця сведчыць, што працэсы Н. і раздзяржаўлення, або прыватызацыі, перыядычна змяняюць адзін аднаго ў залежнасці ад стану эканомікі і паліт. кан’юнктуры. Левыя паліт. сілы (сацыялісты, камуністы) звычайна выступаюць за Н. найважнейшых галін эканомікі, правыя (напр., брыт. кансерватары, герм.хрысц. дэмакраты) — за іх прыватызацыю. У 1950—80-я г. Н. неаднаразова праводзілася ў Вялікабрытаніі, Францыі, Італіі і інш. краінах з мэтай пераадолення крызіснага становішча ў галінах інфраструктуры. З сярэдзіны 1980-х г. у большасці развітых краін свету прыярытэтнае значэнне зноў набыла палітыка прыватызацыі дзярж. маёмасці, бо сталі відавочнымі крызісныя з’явы, звязаныя з функцыянаваннем дзярж. сектара эканомікі (рост бюракратызацыі кіравання, інфляцыйных працэсаў, зніжэнне тэмпаў росту і эфектыўнасці вытв-сці і інш.). У сацыяліст. краінах Еўропы (Чэхія, Польшча, Венгрыя і інш.), дзе ў 1940—50-я г. Н. праводзілася як рэв. акт шляхам бязвыплатнай канфіскацыі або за частковы выкуп, масавая прыватызацыя (або дэнацыяналізацыя) дзярж. маёмасці разгарнулася пасля страты камуністамі ўлады ў 1989—90. У тых краінах, дзе засталіся сацыяліст. рэжымы (Кітай, В’етнам, Куба), эканам. мэтазгоднасць таксама прымушае кіруючыя партыі ў большай ці меншай ступені праводзіць прыватызацыю дзярж. маёмасці. Аднак і цяпер у развітых краінах свету дзярж. сектар эканомікі стварае не менш як 1/5нац. прадукту. У краінах, што развіваюцца, пасля атрымання імі незалежнасці ў першую чаргу нацыяналізаваліся прадпрыемствы замежных манаполій. У некаторых краінах ажыццяўлялася Н. прадпрыемстваў буйной нац. буржуазіі. Праводзілася Н. і як бязвыплатная канфіскацыя, і як частковы выкуп. У асобных краінах, што развіваюцца, дзярж. сектар заняў значнае месца ў эканоміцы (напр., у Індыі забяспечвае 40% прамысл. вытв-сці, у Алжыры дае 80% валавога ўнутр. прадукту). У апошнія гады ў многіх краінах, якія развіваюцца, таксама пачала ажыццяўляцца палітыка прыватызацыі дзярж. маёмасці.
У Сав. Расіі (пазней СССР) і ў інш.сацыяліст. краінах Н. мела характар паліт. акцыі, накіраванай на ліквідацыю прыватнай уласнасці на сродкі вытв-сці і класа прыватных прадпрымальнікаў — буржуазіі. У Сав. Расіі яна праводзілася пераважна ў 1917—20 як прымусовае і бязвыплатнае адабранне маёмасці ва ўласнасць дзяржавы. Дэкрэт «Аб зямлі», прыняты 26.10(8.11).1917 на 2-м з’ездзе Саветаў Расіі, ліквідаваў без выкупу прыватную ўласнасць на зямлю, у т. л. памешчыцкую, з бясплатнай перадачай яе ў карыстанне сялянам. У 1917—18 нацыяналізаваны транспарт, сувязь, банкі, знешні гандаль. У 1918 сав. ўрад пачаў планамерную Н. галін прам-сці (цукровай, каменнавугальнай, нафтавай і інш.). Паводле дэкрэта СНК ад 28.6.1918 Н. падлягалі ўсе вял. прадпрыемствы з капіталам ад 200 тыс. руб.
У 1919—20 пад уплывам палітыкі «ваеннага камунізму» нацыяналізаваны ўсе сярэднія і б.ч. дробных прадпрыемстваў. У час новай эканамічнай палітыкі (з 1921) Н. дробнай прам-сці часова прыпынена, а частка дробных прадпрыемстваў дэнацыяналізавана.
На Беларусі Н. ажыццяўлялася на падставе дэкрэтаў рас. органаў сав. улады. У адпаведнасці з дэкрэтам СНК РСФСР ад 17(30). 11.1917 нацыяналізаваны чыг. майстэрні ў Мінску, Віцебску і інш. гарадах, усе чыгункі, банкі, а таксама лесапільныя з-ды і млыны, уладальнікі якіх не падпарадкаваліся рабочаму кантролю. 23.12.1917 (5.1.1918) СНКЗах. вобласці нацыяналізаваў уласнасць Усерас. земскага саюза, Саюза гарадоў, інж.-буд. арг-цый і тылавых ваен. складоў. Свой адбітак на правядзенне Н. ў Беларусі наклалі герм. (люты—снеж. 1918) і польская (лета 1919 — лета 1920) акупацыі б.ч. яе тэрыторыі. У кастр. 1918 — ліп. 1919 (да польскай акупацыі) нацыяналізаваны 140 ф-к і з-даў, або 41% вял. прадпрыемстваў. Пасля вызвалення ад польскай акупацыі ў жн.—снеж. 1920 нацыяналізаваны яшчэ 152 вял. і 392 малыя прадпрыемствы. Удзельная вага дзярж. сектара ў канцы 1920 у буйной прам-сці складала 94,2%, у дробнай — 47,4%, у саматужных рамесных прадпрыемствах — 2,5%. Прыватная ўласнасць на сродкі вытв-сці была амаль поўнасцю ліквідавана ў БССР. як і ўсюды ў СССР, у 1930-я г. ў перыяд індустрыялізацыі і калектывізацыі. У Заходняй Беларусі польскія ўлады адмянілі сав. дэкрэты аб Н. Паўторная Н. тут праводзілася пасля далучэння гэтай тэр. да БССР на падставе дэкларацыі Народнага сходу Заходняй Беларусі (кастр. 1939). З 1990-х г. на Беларусі, як і ў інш. краінах б.СССР, прыярытэтнае значэнне набылі працэсы раздзяржаўлення і прыватызацыі эканомікі, але дзяржава пакідае за сабой права ў неабходных выпадках праводзіць Н. або дэпрыватызацыю. Паводле «Грамадзянскага кодэкса» Рэспублікі Беларусь ператварэнне маёмасці юрыд. і прыватных асоб у дзярж. ўласнасць шляхам яе Н. адбываецца толькі на падставе адпаведнага заканадаўства.
Літ.:
Виноградов В.А. Вопросы теории и практики социалистической национализации промышленности. М., 1964.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЭЗІДЭНТ РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ
Прэзідэнт з’яўляецца кіраўніком дзяржавы, гарантам Канстытуцыі, правоў і свабод чалавека і грамадзяніна Рэспублікі Беларусь. Ён увасабляе адзінства народа, гарантуе рэалізацыю асн. кірункаў унутр. і знешняй палітыкі, прадстаўляе Рэспубліку Беларусь у адносінах з інш. дзяржавамі і міжнар. арганізацыямі; прымае меры па ахове суверэнітэту краіны, яе нац. бяспекі і тэр. цэласнасці, забяспечвае паліт. і эканам. стабільнасць, пераемнасць і ўзаемадзеянне органаў дзярж. улады, ажыццяўляе пасрэдніцтва паміж імі. Прэзідэнтам можа быць выбраны грамадзянін Рэспублікі Беларусь па нараджэнні, не маладзей за 35 гадоў, які валодае выбарчым правам і пастаянна пражывае ў Рэспубліцы Беларусь не менш як 10 гадоў непасрэдна перад выбарамі. Прававой асновай для выбараў Прэзідэнта з’яўляюцца Канстытуцыя, Выбарчы кодэкс і некаторыя інш. прававыя акты Рэспублікі Беларусь. Выбары прызначае Палата прадстаўнікоў Нац. сходу Рэспублікі Беларусь не пазней як за 5 мес, яны праводзяцца не пазней як за 2 мес да заканчэння тэрміну паўнамоцтваў папярэдняга Прэзідэнта. Кандыдаты на пасаду Прэзідэнта (іх колькасць не абмяжоўваецца) вылучаюцца грамадзянамі Рэспублікі Беларусь пры наяўнасці не менш як 100 тыс. подпісаў выбаршчыкаў. Рэгістрацыю кандыдатаў у Прэзідэнты ажыццяўляе Цэнтральная камісія па выбарах і правядзенні рэсп. рэферэндумаў. Грамадзянам Рэспублікі Беларусь, паліт. партыям, грамадскім аб’яднанням, прац. калектывам, давераным асобам кандыдатаў у Прэзідэнты даецца права свабодна і ўсебакова абмяркоўваць выбарчыя праграмы кандыдатаў, іх паліт., дзелавыя і асабістыя якасці, праводзіць агітацыю за іх або супраць на сходах, мітынгах, тэлебачанні і радыё, у друку, у час сустрэч з выбаршчыкамі. Прэзідэнт выбіраецца непасрэдна народам Рэспублікі Беларусь тэрмінам на 5 гадоў на аснове ўсеагульнага, роўнага і прамога выбарчага права пры тайным галасаванні ў парадку, устаноўленым Законам Рэспублікі Беларусь «Аб выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь». Ён заступае на пасаду пасля прынясення Прысягі ў прысутнасці дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў і членаў Савета Рэспублікі, суддзяў Канстытуцыйнага суда, Вярх. суда і Вышэйшага гасп. суда не пазней як праз 2 мес з дня выбрання. Кампетэнцыя, арганізацыя і парадак дзейнасці Прэзідэнта вызначаюцца Канстытуцыяй і Законам Рэспублікі Беларусь «Аб Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь» (1995, у новай рэдакцыі закона ад 7.7.1997). Першым Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь 10.7.1994 абраны А.Р.Лукашэнка, 9.9.2001 ён перавыбраны на другі тэрмін.
Прэзідэнт ажыццяўляе сваю дзейнасць з мэтай развіцця Рэспублікі Беларусь як дэмакр.сац. прававой дзяржавы, паляпшэння яе эканам. становішча, павышэння дабрабыту народа і на аснове прынцыпаў роўнасці сац., нац. і інш. супольнасцей, абароны правоў і інтарэсаў чалавека, забеспячэння роўнасці кожнага перад законам. Толькі Прэзідэнт можа прызначаць рэсп. рэферэндум (нар. галасаванне), чарговыя і нечарговыя выбары ў Палату прадстаўнікоў і Савет Рэспублікі Нац. сходу Рэспублікі Беларусь і мясц. прадстаўнічыя органы, датэрмінова спыняць паўнамоцтвы палат Парламента (адзін са спосабаў вырашэння канфлікту паміж заканад. і выканаўчай уладамі). Прэзідэнт мае права самастойна або ва ўзаемадзеянні з інш. органамі прызначаць на пасады кіраўнікоў дзярж. органаў. Ён прызначае 6 членаў Цэнтр. камісіі Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзенні рэсп. рэферэндумаў. Прэзідэнт мае права ствараць, скасоўваць або рэарганізоўваць свой рабочы орган — Адміністрацыю Прэзідэнта, органы дзярж. кіравання і кансультатыўна-дарадчыя органы пры Прэзідэнце. Прэзідэнт са згоды Палаты прадстаўнікоў прызначае на пасаду Прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь. У выпадку двухразовай адмовы Палаты прадстаўнікоў у дазволе на назначэнне Прэм’ер-міністра Прэзідэнт мае права прызначыць выконваючага абавязкі Прэм’ер-міністра, распусціць Палату прадстаўнікоў і прызначыць новыя выбары. Прэзідэнт вызначае структуру Урада, прызначае і вызваляе ад пасады намеснікаў Прэм’ер-міністра і інш. членаў Урада, прымае іх адстаўку. Са згоды Савета Рэспублікі Прэзідэнт прызначае на пасады: Старшыню Канстытуцыйнага суда, Старшыню і суддзяў Вярх. суда, Старшыню і суддзяў Вышэйшага гасп. суда Рэспублікі Беларусь з ліку суддзяў гэтых судоў, Старшыню Цэнтр. камісіі па выбарах і правядзенні рэсп. рэферэндумаў, Генеральнага пракурора, Старшыню і членаў Праўлення Нац. банка. З улікам роўнага ўдзелу Прэзідэнта і Парламента ў фарміраванні Канстытуцыйнага суда ён самастойна вырашае пытанне аб прызначэнні 6 з 12 суддзяў Канстытуцыйнага суда. Прэзідэнт таксама прызначае і вызваляе ад пасады Старшыню Камітэта дзярж. кантролю.
Прэзідэнт звяртаецца з пасланнямі да народа Рэспублікі Беларусь аб становішчы ў краіне і аб асн. кірунках унутр. і знешняй палітыкі, са штогадовымі пасланнямі — да Парламента. Ён мае права ўдзельнічаць у рабоце Парламента і яго органаў, старшынстваваць на пасяджэннях урада. Прэзідэнт вырашае пытанні, звязаныя з прыёмам у грамадзянства Рэспублікі Беларусь, яго спыненнем і прадастаўленнем прытулку. Ён устанаўлівае дзярж. святы і святочныя дні, правамоцны ўзнагароджваць дзярж. ўзнагародамі, прысвойваць класныя чыны і ганаровыя званні, ажыццяўляць памілаванне асуджаных. Прэрагатывай Прэзідэнта з’яўляецца вядзенне перагавораў і падпісанне міжнар. дагавораў, назначэнне і адкліканне дыпламат. прадстаўнікоў Рэспублікі Беларусь у замежных дзяржавах і пры міжнар. арганізацыях, прыём даверчых і адзыўных грамат акрэдытаваных пры ім дыпламат. прадстаўнікоў замежных дзяржаў. У выпадку стыхійнага бедства, катастрофы або беспарадкаў, што суправаджаюцца гвалтам ці пагрозай гвалту з боку групы асоб і арганізацый, у выніку якіх узнікае небяспека жыццю і здароўю людзей, тэр. цэласнасці і існаванню дзяржавы, Прэзідэнт уводзіць на тэр. краіны або ў асобных яе мясцовасцях надзвычайнае становішча. Прынятае Прэзідэнтам рашэнне аб увядзенні надзвычайнага становішча ў трохдзённы тэрмін уносіцца на зацвярджэнне Савета Рэспублікі. У выпадках, прадугледжаных законам, Прэзідэнт мае права адкласці правядзенне забастоўкі (не больш як на 3 мес), адмяняць акты Урада. З мэтай забеспячэння прынцыпу раздзялення ўлад, узаемнага стрымлівання і ўзаемаўплыву заканад. і выканаўчай улад Прэзідэнт падпісвае ўсе законы. Ён ажыццяўляе кантроль за выкананнем заканадаўствамясц. органамі кіравання і самакіравання. Прэзідэнт фарміруе і ўзначальвае Савет бяспекі Рэспублікі Беларусь, прызначае на пасаду і вызваляе ад пасады дзяржаўнага сакратара Савета Рэспублікі. Ён з’яўляецца Галоўнакамандуючым Узброенымі Сіламі Рэспублікі Беларусь, прызначае на пасады і вызваляе ад пасад вышэйшае камандаванне Узбр. Сіл і ў выпадку ваеннай пагрозы ўводзіць на тэр. Беларусі надзвычайнае становішча, аб’яўляе поўную або частковую мабілізацыю з унясеннем у трохдзённы тэрмін прынятага рашэння на зацвярджэнне Савета Рэспублікі. У выпадку нечаканага ўварвання ўзбр. сіл на тэр. Беларусі або наўмыснага ўварвання ў яе паветраную прастору ён мае права аддаць загад аб пачатку ваен. дзеянняў без аб’яўлення вайны. Прэзідэнт валодае правам заканадаўчай ініцыятывы, выдае ўказы, распараджэнні і дэкрэты, якія маюць абавязковую сілу на тэр. Беларусі. Ён можа ў любы час падаць у адстаўку, якая прымаецца Палатай прадстаўнікоў, або датэрмінова быць вызвалены ад пасады на падставе і ў адпаведнасці з заканадаўствам. У выпадку вакансіі пасады Прэзідэнта або немагчымасці выканання ім сваіх абавязкаў на падставах, прадугледжаных Канстытуцыяй, яго паўнамоцтвы да прынясення Прысягі новаабраным Прэзідэнтам пераходзяць да Прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь.
Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь А.Р.Лукашэнка.Рэзідэнцыя Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРЛАМЕНТ — НАЦЫЯНАЛЬНЫ СХОД РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ
Як прадстаўнічы і заканадаўчы орган ён складаецца з дзвюх палат — Палаты прадстаўнікоў і Савета Рэспублікі. У складзе Палаты прадстаўнікоў 110 дэпутатаў, якія выбіраюцца па выбарчых акругах і прадстаўляюць інтарэсы іх грамадзян і жыхароў. Савет Рэспублікі — палата тэр. прадстаўніцтва. Ад кожнай вобласці і горада Мінска тайным галасаваннем выбіраюцца на пасяджэннях дэпутатаў мясц. Саветаў дэпутатаў базавага ўзроўню кожнай вобласці і горада Мінска па 8 членаў Савета Рэспублікі; 8 членаў Савета Рэспублікі назначае Прэзідэнт. Дэпутатам Палаты прадстаўнікоў можа быць грамадзянін, які дасягнуў 21 года; членам Савета Рэспублікі — грамадзянін, які дасягнуў 30 гадоў і пражыў на тэр. адпаведнай вобласці ці горада Мінска не менш як 5 гадоў. Дэпутаты Палаты прадстаўнікоў ажыццяўляюць свае паўнамоцтвы ў парламенце на прафес. аснове. Яны адначасова могуць быць членамі Урада. Адна і тая ж асоба не можа адначасова з’яўляцца членам дзвюх палат парламента. Дэпутат Палаты прадстаўнікоў не можа быць дэпутатам мясц. Савета дэпутатаў, член Савета Рэспублікі не можа быць адначасова членам Урада. Не дапускаецца сумяшчэнне абавязкаў дэпутата Палаты прадстаўнікоў, члена Савета Рэспублікі з адначасовым заняццем пасады Прэзідэнта або суддзі. Тэрмін паўнамоцтваў Парламента — 4 гады. У выпадках і ў парадку, прадугледжаных Канстытуцыяй, паўнамоцтвы Палаты прадстаўнікоў або Савета Рэспублікі могуць быць спынены датэрмінова. Палаты не могуць быць распушчаны ў перыяд надзвычайнага або ваеннага становішча, у апошнія 6 месяцаў паўнамоцтваў Прэзідэнта, у перыяд вырашэння палатамі пытання аб датэрміновым вызваленні або зняцці Прэзідэнта з пасады, а таксама на працягу года з дня іх першых пасяджэнняў. У выпадку асаблівай неабходнасці па ініцыятыве Прэзідэнта, а таксама па патрабаванні большасці (не менш як 2/3 галасоў ад поўнага складу кожнай з палат) яны могуць склікацца на нечарговыя сесіі па вызначаным парадку дня. Палата прадстаўнікоў і Савет Рэспублікі выбіраюць са свайго складу Старшыню і яго намесніка. Для вядзення законапраектнай работы, папярэдняга разгляду і падрыхтоўкі пытанняў, якія адносяцца да кампетэнцыі палат, яны са свайго складу выбіраюць пастаянныя камісіі і інш. органы.
Асн. функцыя Парламента — заканатворчая. Іншыя паўнамоцтвы з’яўляюцца, як правіла, для кожнай з палат выключна яе паўнамоцтвамі і не патрабуюць удзелу другой палаты. Палата прадстаўнікоў па прапанове Прэзідэнта або па ініцыятыве не менш як 150 тысяч грамадзян Рэспублікі Беларусь, якія валодаюць выбарчым правам, разглядае праекты законаў аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у Канстытуцыю, аб тлумачэнні Канстытуцыі. Іншыя органы і асобы, якія валодаюць правам заканад. ініцыятывы, не могуць у парадку рэалізацыі гэтай ініцыятывы ставіць пытанне аб карэкціроўцы Канстытуцыі або яе тлумачэнні. Савет Рэспублікі ўхваляе або адхіляе прынятыя Палатай прадстаўнікоў праекты такіх законаў. Закон аб змяненні і дапаўненні Канстытуцыі можа быць прыняты пасля двух абмеркаванняў і ўхваленняў Парламентам з прамежкам не менш як 3 мес і пры ўмове, калі за яго прагаласавала не менш як 2/3 ад поўнага складу кожнай з палат. З мэтай выключэння якога-небудзь націску на дэпутатаў прадугледжана норма аб недапушчальнасці змянення Канстытуцыі ў перыяд надзвычайнага становішча. Абедзве палаты Парламента могуць выступаць ініцыятарамі правядзення рэсп. рэферэндуму.
Да кампетэнцыі Палаты прадстаўнікоў аднесены разгляд праектаў законаў у сферы найб. важных грамадскіх адносін: аб зацвярджэнні асн. кірункаў унутр. і знешняй палітыкі Рэспублікі Беларусь; ваеннай дактрыны; аб ратыфікацыі і дэнансацыі міжнар. дагавораў; аб асн. змесце і прынцыпах ажыццяўлення правоў, свабод і абавязкаў грамадзян; аб грамадзянстве, статусе іншаземцаў і асоб без грамадзянства; аб правах нац. меншасцей; аб зацвярджэнні рэсп. бюджэту і справаздачы аб яго выкананні; устанаўленні рэсп. падаткаў і збораў; аб прынцыпах ажыццяўлення адносін уласнасці; аб асновах сац. абароны; аб прынцыпах рэгулявання працы і занятасці; аб шлюбе, сям’і, дзяцінстве, мацярынстве, бацькоўстве, выхаванні, адукацыі, культуры і ахове здароўя; аб ахове навакольнага асяроддзя і рацыянальным выкарыстанні прыродных рэсурсаў; аб вызначэнні парадку вырашэння пытанняў адм.-тэр. ўладкавання дзяржавы; аб мясц. самакіраванні; аб судаўладкаванні, судаводстве і статусе суддзяў; аб крымін. адказнасці; аб амністыі; аб абвяшчэнні вайны і заключэнні міру; аб прававым рэжыме ваен. і надзвычайнага становішча; аб устанаўленні дзярж. узнагарод; аб тлумачэнні законаў. Палата прадстаўнікоў таксама назначае выбары Прэзідэнта, дае згоду Прэзідэнту на назначэнне Прэм’ер-міністра; ухваляе або адхіляе праграму дзейнасці Урада; разглядае па ініцыятыве Прэм’ер-міністра пытанне аб даверы Ураду; прымае адстаўку Прэзідэнта або ў вызначаных Канстытуцыяй выпадках рашэнне аб зняцці яго з пасады. Палата можа прымаць рашэнні па інш. пытаннях сац.-эканам., паліт. і культ. жыцця краіны, калі іх вырашэнне не аднесена Канстытуцыяй да кампетэнцыі інш. органаў дзярж. улады. Савет Рэспублікі валодае шырокімі паўнамоцтвамі пры вырашэнні кадравых пытанняў. Ён дае згоду на назначэнне Прэзідэнтам Старшыні Канстытуцыйнага суда, Старшыні і суддзяў Вярх. суда, Старшыні і суддзяў Вышэйшага гасп. суда, Старшыні Цэнтр. камісіі па выбарах і правядзенні рэсп. рэферэндумаў, Ген. пракурора, Старшыні і членаў праўлення Нац. банка; выбірае 6 суддзяў Канстытуцыйнага суда, 6 членаў Цэнтрвыбаркома. Савет Рэспублікі мае права: адмяняць рашэнні мясц. Саветаў дэпутатаў, якія не адпавядаюць заканадаўству; прымаць рашэнні аб роспуску мясц. Саветаў у выпадку сістэматычнага або грубага парушэння імі патрабаванняў заканадаўства і ў інш. прадугледжаных законам выпадках; прымаць ва ўстаноўленым парадку рашэнне аб зняцці з пасады Прэзідэнта; прымаць рашэнні па інш. пытаннях, калі гэта прадугледжана Канстытуцыяй.
Дэпутаты Палаты прадстаўнікоў і Савет Рэспублікі валодаюць правам заканадаўчай ініцыятывы. Любы законапраект, калі іншае не прадугледжана Канстытуцыяй, спачатку разглядаецца ў Палаце прадстаўнікоў, а потым у Савеце Рэспублікі. Законапраекты, вынікам прыняцця якіх можа быць скарачэнне дзярж. сродкаў, стварэнне або павелічэнне расходаў, могуць уносіцца ў Палату прадстаўнікоў толькі са згоды Прэзідэнта або па яго даручэнні — Урада. Рашэнні палат лічацца прынятымі, калі за іх прагаласавала большасць ад поўнага складу палат, калі іншае не прадугледжана Канстытуцыяй. Законы аб асн. кірунках унутр. і знешняй палітыкі, аб ваен. дактрыне Рэспублікі Беларусь з’яўляюцца праграмнымі і лічацца прынятымі, калі за іх прагаласавала не менш як 2/3 ад поўнага складу палат. Палата прадстаўнікоў і Савет Рэспублікі законам, прынятым большасцю галасоў ад поўнага складу палат, па прапанове Прэзідэнта могуць дэлегаваць яму заканад. паўнамоцтвы на выданне дэкрэтаў, якія маюць сілу закона. Не дапускаецца дэлегаванне паўнамоцтваў Прэзідэнту на выданне дэкрэтаў, што прадугледжваюць змяненне і дапаўненне Канстытуцыі, яе тлумачэнне; змяненне і дапаўненне праграмных законаў; зацвярджэнне рэсп. бюджэту і справаздачы аб яго выкананні; змяненне парадку выбараў Прэзідэнта і парламента, абмежаванне канстытуцыйных правоў і свабод грамадзян. Дэпутаты Палаты прадстаўнікоў і члены Савета Рэспублікі карыстаюцца недатыкальнасцю пры выказванні сваіх меркаванняў і ажыццяўленні сваіх паўнамоцтваў. Парадак дзейнасці Палаты прадстаўнікоў, Савета Рэспублікі і іх органаў вызначаецца рэгламентамі палат.
У зале пасяджэнняў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНСТЫТУЦЫЯ РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ
— Асноўны Закон Рэспублікі Беларусь, які замацоўвае яе грамадскі і дзярж. лад, прававое становішча асобы, выбарчую сістэму, парадак фарміравання і кампетэнцыю органаў дзярж. улады, прынцыпы яе ўзаемаадносін з грамадствам і грамадзянамі; юрыдычная база ўсяго дзейнага заканадаўства. Яна валодае вяршэнствам у адносінах да ўсіх іншых прававых актаў. Усе законы і падзаконныя акты дзярж. органаў павінны выдавацца на аснове і ў адпаведнасці з Канстытуцыяй. У выпадку разыходжання якога-небудзь нарматыўнага акта з Канстытуцыяй дзейнічае Канстытуцыя. Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь прынята 15.3.1994 на 13-й сесіі Вярх. Савета Рэспублікі Беларусь. 24.11.1996 праведзены рэферэндум, на які былі вынесены 2 праекты абноўленай Канстытуцыі. За праект, прапанаваны Прэзідэнтам, прагаласавала 5 175 664 чал., або 70,5%, за праект Вярх. Савета — 582 437 чал., або 7,9% ад агульнай колькасці выбаршчыкаў. На падставе вынікаў усенар. галасавання ў Канстытуцыю ўнесены істотныя змяненні і дапаўненні (замацаванне прынцыпу вяршэнства права, разнастайнасці форм уласнасці, паліт. плюралізму, пераразмеркаванне паўнамоцтваў паміж Прэзідэнтам, Парламентам і Урадам, суд. абарона грамадзянінам сваіх правоў і свабод, прызнанне прыярытэту прынцыпаў і норм міжнар. права і інш.). Канстытуцыя складаецца з прэамбулы і 9 раздзелаў, якія змяшчаюць 8 глаў і 146 артыкулаў.
У прэамбуле ў канцэнтраванай форме сфармуляваны асн. ідэі і прынцыпы, якімі павінны кіравацца народ і ўлада ў працэсе дзярж. будаўніцтва і грамадскага развіцця: адказнасць за цяперашні стан і будучыню Беларусі, усведамленне сябе паўнапраўным суб’ектам сусв. супольніцтва, неад’емнае права на самавызначэнне, апора на шматвяковую гісторыю развіцця бел. дзяржаўнасці, зацвярджэнне правоў і свабод кожнага грамадзяніна, забеспячэнне грамадз. згоды і непахісных устояў народаўладдзя і прававой дзяржавы.
Раздзел I «Асновы канстытуцыйнага ладу» абвяшчае, што адзінай крыніцай дзярж. улады і носьбітам суверэнітэту ў Рэспубліцы Беларусь з’яўляецца народ, а чалавек, яго правы, свабоды і гарантыі іх рэалізацыі з’яўляюцца найвышэйшай каштоўнасцю, мэтай дзяржавы і грамадства. Рэспубліка Беларусь — унітарная дэмакр.сац. прававая дзяржава, якая валодае вяршэнствам і паўнатой улады на сваёй тэрыторыі. Замацоўвае прынцыпы раўнапраўнага існавання дзярж. і прыватнай уласнасці; ажыццяўлення дэмакратыі на аснове разнастайнасці паліт. інстытутаў, ідэалогій і поглядаў, дзейнасці паліт. партый і грамадскіх аб’яднанняў, падзелу дзярж. улады на заканад., выканаўчую і судовую; роўнасці перад законам усіх сац., нац. і іншых супольнасцей, рэлігій і веравызнанняў, дзяржаўнасці бел. і рус. моў.
Раздзел II «Асоба, грамадства, дзяржава» замацоўвае асабістыя, паліт., сац.-эканам. і культ. правы і свабоды грамадзян. права на годны ўзровень жыцця, на роўную абарону правоў і законных інтарэсаў; права на жыццё, свабоду, недатыкальнасць і годнасць асобы; права на абарону ад незаконнага ўмяшання ў асабістае жыццё, свабоду перамяшчэння і выбару месца жыхарства; права на самаст. вызначэнне сваіх адносін да рэлігіі, раўнапраўе жанчын і мужчын ва ўсіх сферах жыццядзейнасці грамадства; свабоду поглядаў і перакананняў, сходаў, мітынгаў, вулічных шэсцяў і дэманстрацый; свабоду аб’яднанняў, права ўласнасці, на ўдзел у кіраванні справамі грамадства і дзяржавы, на працу, на адпачынак, на ахову здароўя, сац. забеспячэнне, на жыллё, на адукацыю, на захаванне сваёй нац. прыналежнасці і карыстанне роднай мовай, на ўдзел у культ. жыцці, на суд. абарону, юрыд. дапамогу. Вызначае абавязкі грамадзян і кожнага чалавека: выконваць Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь, законы і паважаць нац. традыцыі, годнасць, правы, свабоды і законныя інтарэсы іншых асоб, берагчы гісторыка-культ., духоўную спадчыну і інш.нац. каштоўнасці; ахоўваць прыроднае асяроддзе, абараняць Айчыну, праходзіць вайсковую службу. Вызначае адказнасць дзяржавы перад грамадствам і асобай; яе абавязак забяспечыць матэрыяльныя гарантыі і магчымасці для поўнага ажыццяўлення правоў і свабод грамадзян.
Раздзел III «Выбарчая сістэма. Рэферэндум» замацоўвае асн. прынцыпы выбарчай сістэмы: усеагульнае, свабоднае, роўнае і прамое выбарчае права пры тайным галасаванні; забяспечвае права вылучэння кандыдатаў у дэпутаты за грамадскімі аб’яднаннямі, прац. калектывамі і грамадзянамі; вызначае падставы і парадак адклікання дэпутатаў, парадак правядзення рэсп. і мясц. рэферэндумаў, адмены або змены прынятых імі рашэнняў.
Раздзел IV «Прэзідэнт, Парламент, Урад, суд» вызначае статус і паўнамоцтвы Прэзідэнта; парадак фарміравання, склад, кампетэнцыю, формы і метады дзейнасці органаў дзярж. улады і кіравання. Устанаўлівае, што Прэзідэнт з’яўляецца кіраўніком дзяржавы, гарантам Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, правоў і свабод чалавека і грамадзяніна. Прадстаўнічым і заканад. органам з’яўляецца Парламент — Нацыянальны сход Рэспублікі Беларусь. Выканаўчую ўладу ажыццяўляе Урад — Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь, які з’яўляецца цэнтр. органам дзярж. кіравання. Устанаўлівае структуру суд. улады і прынцыпы ажыццяўлення правасуддзя ў Рэспубліцы Беларусь, кантролю за канстытуцыйнасцю нарматыўных актаў у дзяржаве, парадак фарміравання і дзейнасці Канстытуцыйнага суда Рэспублікі Беларусь.
Раздзел V «Мясцовае кіраванне і самакіраванне» вызначае кампетэнцыю, парадак стварэння і дзейнасці органаў мясц. кіравання і самакіравання (мясц. Саветаў дэпутатаў, выканаўчых і распарадчых органаў, органаў мясц. грамадскага самакіравання і інш.), назначэння кіраўнікоў мясц. выканаўчых і распарадчых органаў.
Раздзел VI «Пракуратура. Камітэт дзяржаўнага кантролю» змяшчае нормы, якія рэгламентуюць дзейнасць органаў пракурорскага нагляду і дзярж. кантролю, устанаўлівае парадак назначэння Ген. пракурора і ніжэйстаячых пракурораў, утварэння Камітэта дзярж. кантролю.
Раздзел VII «Фінансава-крэдытная сістэма Рэспублікі Беларусь» устанаўлівае, што на тэр. Беларусі праводзіцца адзіная бюджэтна-фін., падатковая, грашова-крэдытная і валютная палітыка. Фін.-крэдытная сістэма ўключае бюджэтную сістэму (рэсп. і мясц. бюджэты), банкаўскую сістэму (Нац. банк і інш. банкі), а таксама фін. сродкі пазабюджэтных фондаў, прадпрыемстваў, устаноў, арганізацый і грамадзян. Вызначае парадак фарміравання даходаў бюджэту, ажыццяўлення агульнадзярж. расходаў, складання, зацвярджэння і выканання бюджэтаў і дзярж. пазабюджэтных фондаў.
Раздзел VIII «Дзеянне Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і парадак яе змянення» вызначае, што Канстытуцыя можа быць зменена рашэннем, прынятым большасцю не менш як 2/3 галасоў ад поўнага складу кожнай з палат Парламента. Змяненні і дапаўненні Канстытуцыі могуць быць праведзены праз рэферэндум, калі за іх прагаласавала большасць грамадзян, унесеных у спісы для галасавання. Раздзелы I, II, IV, VIII Канстытуцыі могуць быць зменены толькі шляхам рэферэндуму.
Раздзел IX «Заключныя і пераходныя палажэнні» вызначае парадак уступлення ў сілу Канстытуцыі, утварэння і фарміравання прадугледжаных у ёй дзярж. органаў. Устанаўлівае, што законы, указы і інш. акты, што дзейнічалі на тэр. Рэспублікі Беларусь да ўвядзення ў дзеянне гэтай Канстытуцыі, прымяняюцца ў частцы, якая не супярэчыць Канстытуцыі.
Кр.:
Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь: 1994 г.: (са змяненнямі і дапаўненнямі): Прынята на рэсп. рэферэндуме 24 лістап. 1996 г.Мн., 1997.
Літ.:
Богданович П.Л., Подупейка А.А. Республика Беларусь — унитарное демократическое социальное правовое государство. Мн., 1998;
Василевич Г.А. Конституция Республики Беларусь: (Научно-практ. коммент.). Мн., 2000;
Яго ж. Конституционное право Республики Беларусь. Мн., 2002;
Круглов В.А. Основы права Республики Беларусь. Мн., 2002.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІБЕ́РЫЯ (Liberia), Рэспубліка Ліберыя (Republic of Liberia),
дзяржава ў Зах. Афрыцы, на ўзбярэжжы Атлантычнага ак. Мяжуе на З з Сьера-Леоне, на Пн з Гвінеяй, на У з Кот-д’Івуарам. Пл. 111,4 тыс.км²Нас. 3073,2 тыс.чал. (1995). Дзярж. мова — англійская. Сталіца — г.Манровія. Краіна падзяляецца на 13 графстваў. Нац. свята — Дзень Незалежнасці (26 ліпеня).
Дзяржаўны лад. Л. — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1986. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, якога выбірае насельніцтва на 6 гадоў. Вышэйшы прадстаўнічы і заканад. орган — двухпалатны парламент (Сенат і Палата прадстаўнікоў), выбіраецца на ўсеагульных выбарах. Выканаўчая ўлада належыць ураду, прызначанаму прэзідэнтам.
Прырода. Уздоўж узбярэжжа Атлантычнага ак. — вузкая (да 60 км) нізінная раўніна. Углыб краіны тэрыторыя паступова павышаецца і пераходзіць у Леона-Ліберыйскае ўзв.выш. каля 500 м. Над ім уздымаюцца асобныя астраўныя горы (г. Німба, на стыку межаў з Гвінеяй і Кот-д’Івуарам, 1752 м). Карысныя выкапні: жал. руда (больш за 3,5 млрд.т), алмазы, золата, баксіты і інш. Клімат субэкватарыяльны, гарачы і вільготны. Сярэднямесячныя т-ры паветра ад 23 °C у жн. да 27 °C у красавіку. Ападкаў за год да 1500—2000 мм ва ўнутр. раёнах, да 5000 км на ўзбярэжжы. Рэкі кароткія, паўнаводныя, з парогамі і вадаспадамі. У раслінным покрыве пераважаюць вечназялёныя экватарыяльныя лясы з каштоўнымі пародамі дрэў, саваннавыя рэдкалессі, участкі саваннаў. Пад лесам і хмызнякамі 39% тэрыторыі. Жывёльны свет разнастайны. У саванне трапляюцца буйвалы, антылопы, леапарды. У лясах шмат птушак, малпаў, змей, насякомых, у т. л. тэрмітаў, мух цэцэ. Нац. парк Сарпа (Сапа), лясныя заказнікі.
Насельніцтва. На тэр. Л. жыве больш за 20 этн. груп. Пераважаюць народы, якія размаўляюць на нігера-кангалезскіх мовах. Найб. народы: кпела, лома, мака, банды, кру, кісі, гола. Каля 5% складаюць амерыкана-ліберыйцы (нашчадкі неграў-рабоў з ЗША), жывуць пераважна ў гарадах. 70% насельніцтва вызнае нац.традыц. культы, ёсць мусульмане (20%) і хрысціяне (10%). Сярэднегадавы прырост насельніцтва 3,3%. Сярэдняя шчыльн. 27,6 чал. на 1 км². Найб. шчыльна заселена прыбярэжная паласа — 40—50 чал. на 1 км². У гарадах жыве 48% насельніцтва (1996). Найб. горад Манровія (962 тыс.ж., 1997). Каля 50 тыс.ж. у гарадах Б’юкенен, Робертспарт, Харбел. У сельскай гаспадарцы занята 70,5% працаздольных, у прам-сці і гандлі — 4,5%, у абслуговых галінах — 10,8%. Каля 700 тыс. — 1 млн. грамадзян Л. ў выніку грамадз. вайны (1989—96) вымушаны былі эмігрыраваць. З 1996—97 бежанцы паступова вяртаюцца з суседніх краін.
Гісторыя. Старажытная гісторыя Л. да з’яўлення ў сярэдзіне 15 ст. на яе тэрыторыі еўрапейцаў малавядома. У 1822 група б. неграў-рабоў з ЗША заснавала тут пасяленне Манровія. У 1820—30-я г. ўзніклі інш. пасяленні, якія 1.4.1839 аб’ядналіся ў Садружнасць пасяленняў Ліберыі. 26.7.1847 абвешчана Рэспубліка Л., улада ў якой належала выхадцам з ЗША — амерыкана-ліберыйцам, карэнныя жыхары былі пазбаўлены грамадз. правоў. З 1920-я г. Л. трапіла ў моцную эканам. залежнасць ад амер. кампаній. У студз. 1944 прэзідэнт У.Табмен абвясціў «палітыку аб’яднання», паводле якой карэнныя жыхары ў 1945 атрымалі права голасу. Панаванне амер.-ліберыйскай эліты ў эканоміцы і палітыцы захоўвалася да забойства ў 1980 групай ваенных прэзідэнта У.Толберта. Улада перайшла да Савета нац. выратавання на чале з С.Доу, які ў кастр. 1985 быў выбраны прэзідэнтам Л. У выніку пагаршэння эканам. становішча ў 2-й пал. 1980-х г. і міжнац. спрэчак у грамадстве Л. павялічылася незадаволенасць. У снеж. 1989 узбр. група створанага эмігрантамі Нац.-патрыят. фронту Л. (НПФЛ) на чале з Ч.Тэйларам уварвалася ў Л. з тэр. Кот-д’Івуар. Пасля гібелі Доу ў вер. 1990 пачалася барацьба за ўладу паміж НПФЛ, групамі, якія адкалоліся ад яго і б. прыхільнікамі Доу. У выніку грамадз. вайны 1989—96 загінула каля 150 тыс.чал., 1,2 млн. пазбавіліся прытулку, 700 тыс. уцяклі ў суседнія краіны. 2.8.1996 у г. Абуджа (Нігерыя) падпісана пагадненне пра спыненне агню і раззбраенне ўсіх бакоў канфлікту. На ўсеагульных выбарах у ліп. 1997 прэзідэнтам Л. выбраны Тэйлар.
Л. — чл.ААН (1945), Арг-цыі афр. адзінства. У краіне дзейнічаюць Нац.-патрыят. фронт Л., Незалежны Нац.-патрыят. фронт Л., Аб’яднанне незалежнага руху за дэмакратыю ў Л.
Гаспадарка. Л. — агр. краіна з развітой горназдабыўной прам-сцю. Значна пацярпела ад грамадз. вайны і ваен. дзеянняў. Валавы нац. прадукт на 1 чал. складае 770 дол. (1994). На сельскую і лясную гаспадарку разам з рыбалоўствам прыпадае 40%, на прам-сць — каля 30%, у т. л. на горназдабыўную — каля 20%. У сельскай гаспадарцы пераважае абшчыннае землеўладанне і дробныя сялянскія надзелы. Ёсць плантацыі, якія належаць замежным кампаніям або дзяржаве. Найб. развіта земляробства. С.-г. ўгоддзі займаюць каля 1 млн.га, у т. л. каля 0,5 млн.га пад ворывам, каля 0,3 млн.га пад шматгадовымі насаджэннямі, каля 0,2 млн.га пад лугамі і пашай. Асн. таварныя культуры: гевея, алейная пальма, кава, какава, цукр. трыснёг, тытунь. Штогод атрымліваюць каля 100 тыс.т пальмавага алею, 10 тыс.т кавы, 5 тыс.т какавы. На ўнутр. патрэбы вырошчваюць рыс (каля палавіны пасяўной плошчы), маніёк, тара, ямс, бананы, ананасы, арахіс, сою, цытрусавыя. Жывёлагадоўля развіта слаба. Пагалоўе (пач. 1990-х г., тыс. галоў): буйн. раг. жывёлы — каля 40, авечак і коз — каля 500, свіней — каля 100. Развіта лясная гаспадарка. Нарыхтоўка каштоўных парод драўніны складае штогод каля 1 млн.м³, працуе 19 лесапільных з-даў. Марское рыбалоўства (15—20 тыс.т рыбы штогод). У прам-сці гал. роля належыць здабычы карысных выкапняў, якую вядуць замежныя кампаніі. Штогод здабываюць каля 15—20 млн.тжал. руды (1-е месца ў Афрыцы), каля 0,3—0,4 млн. каратаў алмазаў, 3—4 т золата. Да пач. ваенных дзеянняў штогадовая вытв-сць электраэнергіі складала каля 1 млрд.кВт∙гадз, у 1993 атрымана 440 кВт∙гадз. Больш за палавіну электраэнергіі дае ГЭС Маўнт-Кофі на р. Сент-Пол. Апрацоўчая прам-сць развіваецца з 1960-х г.Найб. развіта харчасмакавая галіна (вытв-сць безалкагольных напіткаў, віна, піва, мукі, кансерваў, перапрацоўка рыбы, мяса, агародніны і інш.). Ёсць асобныя прадпрыемствы нафтаперапр., буд. матэрыялаў, хім., лёгкай, мэблевай прам-сці. Больш за 60% прамысл. прадпрыемстваў у г. Манровія. Развіты традыц. рамёствы: прадзенне і ткацтва, выраб цыновак, кошыкаў, скур, разьба па дрэве і інш. Транспарт пераважна аўтамабільны і чыгуначны. Аўтадарог 10,1 тыс.км, у т. л. асфальтавых і гравійных 5,8 тыс.км; чыгунак 490 км. Пад флагам Л. з прычыны нізкіх падаткаў і выгаднага для суднаўладальнікаў прац.заканадаўства плаваюць гандл. судны ЗША і краін Зах. Еўропы агульнай грузападымальнасцю 56,7 млн. брута-рэг. т (1997). Гал. парты — Манровія (разнастайныя грузы) і Б’юкенен (экспарт жал. руды). У краіне 59 аэрапортаў, у т. л.міжнар. аэрапорт Робертсфілд каля Манровіі. У 1989 экспарт склаў 505 млн.дол., імпарт — 394 млн. долараў. У экспарце пераважаюць жал. руда (61%), каўчук (20%), драўніна і лесаматэрыялы (11%), кава, у імпарце — паліва, хімікаты, машыны і прамысл. абсталяванне, харч. прадукты. Гал.гандл. партнёры — ЗША і краіны Зах. Еўропы. Знешні доўг Л. перавышае 1,7 млрд. долараў. Грашовая адзінка — ліберыйскі долар.
Літ.:
Френкель М. Гражданская война в Либерии (1989—1997) // Мировая экономика и междунар. отношения. 1998. № 7.
Ю.В.Ляшковіч (прырода, насельніцтва, гаспадарка).
Герб і сцяг Ліберыі.Сталіца Ліберыі — горад Манровія.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТАТУ́Т ВЯЛІ́КАГА КНЯ́СТВА ЛІТО́ЎСКАГА 1588, Трэці статут Вялікага княства Літоўскага,
звод законаў феад. права, які дзейнічаў у ВКЛ з 1589, а пасля далучэння Беларусі да Рас. імперыі — у Віцебскай і Магілёўскай губ. да 1831, у Віленскай, Гродзенскай і Мінскай губ. да 1840. Помнік старабел. пісьменства.
Пасля таго як быў прыняты Статут Вялікага княства Літоўскага 1566, кадыфікацыйная работа не спынілася. Ужо на Брэсцкім сойме 1566 было папраўлена некалькі артыкулаў. Праз 2 гады Гродзенскі сойм унёс папраўкі ў некат. артыкулы і стварыў камісію для дапрацоўкі Статута. Камісія для выпраўлення Статута 1566 была выбрана і на Люблінскім сойме 1569. Крыніцы для распрацоўкі Статута 1588 — Статут Вялікага княства Літоўскага 1529, Статут ВКЛ 1566, соймавыя пастановы 1573, 1578, 1580 і 1584, прывілеі, пастановы павятовых соймікаў. Да канца 1584 работа над Статутам была завершана, але ў сувязі з тым, што ён ігнараваў акт Люблінскай уніі 1569, прадстаўнікі Польшчы не дапускалі яго зацвярджэння на агульным сойме Рэчы Паспалітай. Каб захаваць велікакняжацкі трон, Жыгімонт III Ваза зацвердзіў Статут сваім прывілеем 28.1.1588.
Статут 1588 падрыхтаваны кваліфікаванымі правазнаўцамі пад кіраўніцтвам канцлера ВКЛ А.Б.Валовіча і падканцлера Л.І.Сапегі. У Статут увайшлі нормы дзярж. (канстытуцыйнага) права, чаго на той час не было ў заканад. практыцы інш.еўрап. дзяржаў. Ён абагульніў тагачасныя дзярж.-прававыя ідэі, некаторыя з іх апярэджвалі свой час. У Статуце знайшла адлюстраванне тэорыя падзелу ўлад на заканадаўчую (сойм), выканаўчую (вял. князь, адм. апарат) і судовую (Трыбунал Вялікага княства Літоўскага, земскія і падкаморскія суды, выбарныя і незалежныя ад адміністрацыі). Статут 1588 мае 14 раздзелаў і 488 артыкулаў. У 1—4-м раздзелах змешчаны нормы дзярж. права і судовага ладу, у 5—10-м і часткова ў 13-м — шлюбна-сямейнага, зямельнага і цывільнага права, у 11—12, 14-м і часткова ў 13-м — крымін. і крымін.-працэсуальнага права. Ідэі Рэфармацыі і верацярпімасці замацаваны ў артыкулах 3-га раздзела, паводле якога вял. князю і ўсім дзярж. органам прадпісана забяспечваць спакой усіх жыхароў дзяржавы, незалежна ад таго, якога вучэння яны прытрымліваюцца ў хрысц. веравызнанні. Ідэі гуманізму адбіліся на нормах крымін. і цывільнага права. Так, у пэўнай ступені гарантаваліся маёмасныя і асабістыя правы мяшчан. Кожны вольны чалавек мог пры жаданні выехаць за мяжу, калі гэта рабілася не на шкоду сваёй краіне. Статут юрыдычна замацоўваў тыя фактычныя адносіны, якія склаліся паміж ВКЛ і Польшчай пасля 1569, але абавязаў урад вярнуць адлучаныя ад княства землі, забараняў назначаць на дзярж. пасады і надзяляць зямлёй «чужаземцаў і загранічнікаў», у т. л. і падданых Польшчы, захаваў адасобленасць дзярж. устаноў, арміі, заканадаўства, эканомікі і фінансаў ВКЛ Уладаром дзяржавы прызнаваўся вял. князь, названы ў Статуце гаспадаром. Але многія яго паўнамоцтвы былі абмежаваны і выконваць іх ён мог толькі са згоды сойма, вышэйшых дзярж. службовых асоб. Статут замацоўваў феад. грамадскі лад, наяўнасць 2 асн. класаў: феадалаў і феадальна-залежных сялян. Асабліва былі вылучаны князі, паны радныя і паны харугоўныя, якія мелі права судзіць не толькі простых людзей, але і залежную ад іх шляхту, даваць ёй у часовае карыстанне землі, маёнткі, а таксама адбіраць гэтыя маёнткі, нягледзячы на даўнасць уладання імі (раздз. 3, арт. 30). Статут рэгламентаваў таксама некат. правы і абавязкі простых людзей і прадстаўнікоў этн. груп (сялян, слуг, чэлядзі, мяшчан, рамеснікаў, яўрэяў, татараў). Ён абараняў інтарэсы буйных і сярэдніх феадалаў і ўзмацняў іх прывілеяванае становішча, канчаткова запрыгоніў сялян. Для шляхты Статут прадугледжваў крымін. адказнасць за забойства простага чалавека, забараняў перадачу ў няволю вольнага чалавека за даўгі або злачынства, абмяжоўваў пакаранне непаўналетніх да 16 гадоў. Хоць Статут дэклараваў, што ўсе простыя людзі разам з феадаламі ўдзельнічаюць у выбранні гаспадара (раздз. 3, арт. 2), аднак простых людзей не дапускалі ў сойм, а іх удзел у паліт. жыцці абмяжоўваўся выключна мясц. валаснымі справамі. Статут 1588 закончыў кадыфікацыю права ў ВКЛ. Ён з’яўляецца выдатным помнікам бел. мовы і юрыд. думкі феад. эпохі.
Статут ВКЛ 1588 выкарыстоўваўся пры кадыфікацыі ў канцы 16 ст. прускага права, складанні Саборнага ўлажэння 1649 у Расіі, афіцыйна не зацверджаных укр. зб-каў «Права, за якими судится малороссийский народ» (2-я чвэрць 18 ст.), «Суд и розправка в правах малороссийских» (1750—58). У заканадаўстве і судах Польшчы, Латвіі, Эстоніі ён ужываўся як дадатковая крыніца права. Статут 1588, пераважна ў рэдакцыі 1614, быў гал. пісьмовым зводам дзеючага права на Украіне (у Кіеўскай, Падольскай і Валынскай губ. дзейнічаў да 1840). У 17—19 ст. ён перакладзены на рус., укр.ням., франц., лац. мовы.
Статут упершыню надрукаваны на бел. мове ў 1588 у віленскай друкарні Мамонічаў пад наглядам падканцлера Сапегі. Выданне яго двойчы паўторана (каля 1592—93 і каля 1600) з выхадной датай «1588». У 1614, 1619 і каля 1623 (з датай «1619») Л.Мамоніч выдаў Статут на польск. мове. У 1648 Статут на польск. мове надрукаваў у Варшаве каралеўскі друкар П.Элерт. Наступныя польскамоўныя выданні выйшлі ў Акадэмічнай друкарні ў Вільні ў 1693, 1744, 1786 і ў друкарні А.Марціноўскага ў 1819. У 1811 Статут у перакладзе на польскую і рус. мову выдадзены ў С.-Пецярбургу, у 1854 — у Маскве на бел. мове.
Роля ўсіх Статутаў у гісторыі бел. мовы надзвычай вялікая. Яны замацоўвалі лепшыя моўныя здабыткі канцылярска-юрыдычнага пісьменства свайго часу, былі ўзорам для шматлікіх пісараў, якія афармлялі дэкрэты соймаў і Галоўнага трыбунала ВКЛ, акты судоў, рэестры і інвентары маёнткаў, запаветы, тэстаменты, дыпламат. дакументы. Багаццем лексічнага матэрыялу са Статутамі не можа параўнацца ніводны іншы помнік старабел. пісьменства. У гэтых адносінах асабліва вылучаецца С. 1588 — самы вялікі кодэкс. Дзякуючы гэтаму Статуты маюць першаступеннае значэнне для вывучэння гісторыі бел. мовы, асабліва яе лексікі. Значэнне Статутаў у гісторыі бел. мовы яшчэ і ў тым, што яны юрыдычна замацоўвалі прававое становішча бел. мовы як дзяржаўнай у ВКЛ.
Публ.:
Статут Великого княжества Литовского 1588 г. [печатанный с мамоничевского издания] // Временник Московского о-ва истории и древностей российских. М., 1854. Кн. 19;
Статут Вялікага княства Літоўскага 1588: Тэксты. Давед. Камент. Мн., 1989.
Літ.:
Пташицкий С.Л. К вопросу об изданиях и комментариях Литовского статута: Ист.-библиогр. справка. СПб., 1893;
Яго ж. К истории литовского права после третьего статута. СПб., 1893;
Бершадский С.А. Литовский статут и польские конституции: Ист.-юрид. исслед. СПб., 1893;
Лаппо И.И. Литовский Статут 1588 г.Т. 1—2. Каунас, 1934—38;
Юхо Я. Статуты Вялікага княства Літоўскага // Полымя. 1966. №11;
Бардах Ю. Литовские статуты — памятники права периода Возрождения // Культурные связи народов Восточной Европы в XVI в. М., 1976;
Яго ж. К вопросу об утверждении Литовского статута 1588 г. // Славяне в эпоху феодализма. М., 1978;
Яго ж. Statuty litewskie a prawo rzymskie. Warszawa, 1999;
Лабынцев Ю.А. «Статут Великого княжества Литовского» 1588 г. — памятник белорусской старопечатной литературы: (К 400-летию выхода в свет) // Сов. славяноведение. 1988. №5;
Третий литовский Статут 1588 г.: Материалы респ. науч. конф. Вильнюс, 1989;
Мякишев В. Возвращаясь к проблеме изданий Литовского Статута 1588 г. // Slavia Orientalis. 1997. №2.