ПУСТЫ́ННЫЯ ЗО́НЫ,

прыродныя зоны сушы, у натуральных ландшафтах якіх пераважаюць пустыні. Распасціраюцца ва ўмераным поясе Паўн. паўшар’я, субтрапічных і трапічных паясах абодвух паўшар’яў Зямлі. Асобна вылучаецца арктычных пустыняў зона. Агульная плошча пустынь складае 31,4 млн. км² (каля 22% сушы Зямлі).

П.з. ўмеранага пояса займаюць участкі ў Паўн Амерыцы ў міжгорных катлавінах нагор’я Вял. Басейн на Пн ад 38—40° паўн. ш., у Еўразіі — паўд. ч. Прыкаспійскай нізіны, плато Усцюрт, ч. Туранскай нізіны, Казахскага драбнасопачніка, паўн. ч. тэр., прылеглай да Куньлуня і Наньшаня, Джунгарскую катлавіну і катлавіну Вял. Азёр у Манголіі (шыр. зоны да 700—800 км). Арэал іх распасцірання перарваны горнымі сістэмамі Цянь-Шаня і Джунгарскага Алатау. Большая ч. зоны прадстаўлена пясчанымі пустынямі. Паміж Каспійскім і Аральскім морамі, на плато Усцюрт — друзаватая гіпсаваная, у межах Тургайскага плато — гліністая, у зах. ч. Прыбалхашша — глініста-камяністая пустыні. Клімат кантынент., з гарачым летам і халоднай марознай зімой. Сярэднія т-ры ліп. 22—32 °C, макс. да 50 °C, студз. ад -7 да -15 °C, мінім. да -48 °C. Гадавая сума ападкаў 100—200 мм, у асобных месцах Сярэдняй Азіі — да 10 мм. Паверхня П.з. атрымлівае сонечнай радыяцыі 500—630 кДж/см² (120—150 ккал/см²) за год. П.з. субтрапічных паясоў распасціраюцца на Пн Афрыкі, уздоўж паўд. ўзбярэжжа Міжземнага м.; у Азіі — асобнымі арэаламі на Пд Сярэдняй Азіі (на Пд ад 40° паўн. ш.), унутры Іранскага нагор’я, уключаны плямамі ў паўпустыні на Пн Сірыі і Ірака, ахопліваюць высакагорныя халодныя пустыні Усх. Паміра і Тыбета; у Паўн. Амерыцы займаюць паўд. ч. Вял. Басейна, пустыню Махаве, паўн. ч. Мексіканскага нагор’я; у Аўстралііпаўд. раёны мацерыка; у Паўд. Афрыцы пашыраны на плато і ў міжгорных упадзінах Вял. Кару, у Паўд. Амерыцы прымеркаваны да ўсх. схілаў і падножжаў Анд, дзе чаргуюцца з паўпустынямі. Клімат П.з. рэзка засушлівы, з гарачым летам і халаднаватай зімой. Сярэднія т-ры самага халоднага месяца рэдка бываюць ніжэй за 0 °C, а самага цёплага — ніжэй за 20—25 °C. У Паўн. Амерыцы (Даліна Смерці), у адным з самых гарачых месц на Зямлі, т-ра паветра дасягае 56,7 °C. Высакагорныя пустыні Паміра і Тыбета маюць халодны кантынент. клімат. Сярэднія т-ры летам 10—15 °C, зімой ад -15 да -20 °C. Гадавая сума ападкаў 50—200 мм. Выпаральнасць 1500—2000 мм. Сумарная сонечная радыяцыя складае 670—750 кДж/см² (160—180 ккал/см²) за год. П.з. трапічных паясоў размешчаны ва ўнутраных раёнах і зах. (прыакіянічных) сектарах амаль усіх мацерыкоў. Найб. плошчы займаюць у Афрыцы (пустыні Сахара, Калахары, Наміб), у Азіі (пустыні Аравійскага п-ва і пустынныя раёны ў Індыі і Пакістане), у Аўстраліі (Вял. Пясчаная пустыня і Вял. пустыня Вікторыя). У Паўн. і Паўд. Амерыцы П.з. выцягнуты ўздоўж зах. ускраін (Каліфарнійскі п-аў, Мексіканскае нагор’е, схілы Анд). Клімат засушлівы, з мяккай цёплай зімой (сярэднія т-ры студз. 20—25 °C). Ваганні тэмператур ад -3—5 °C да 50—60 °C, паверхня глебы можа награвацца да 90 °C. Ападкаў выпадае 50—100 мм за год, у асобных раёнах ападкі не выпадаюць на працягу некалькіх гадоў. У пустынях прыакіянскіх сектараў ападкаў больш за 100 мм за год. Выключнай сухасцю вызначаюцца прыакіянскія пустыні Наміб і Атакама. Воблачнасць амаль адсутнічае. Сонечная радыяцыя пустынь трапічных паясоў дасягае найб. значэнняў на Зямлі — 750—920 кДж/см² (180—220 ккал/см²) за год. Пустынныя землі выкарыстоўваюцца шляхам развіцця аазіснага земляробства, арашэння, качавой жывёлагадоўлі. Глебы, расліннасць і жывёльны свет гл. ў арт. Пустыня.

В.​С.​Аношка.

т. 13, с. 129

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕРАБ’ІНАПАДО́БНЫЯ (Passeriformes),

атрад птушак. 4 падатрады: шыракадзюбы, або рагадзюбы (Eurylaimi), — 1 сям., 14 відаў у Афрыцы і Паўд.-Усх. Азіі; крыклівыя, або тыраны (Clamatores, або Tyranni), — 12 сям., амаль 1100 відаў пераважна ў Паўд. Амерыцы і тропіках Усх. паўшар’я; паўпеўчыя (Menurae) — 2 сям., 4 віды ў Аўстраліі; пеўчыя (Oscines) — 44—56 сям., каля 4000 відаў пашыраны па ўсім свеце. Усяго 60—72 сям., каля 5100 відаў. Складаюць амаль ⅔ (каля 63%) ад усіх птушак зямнога шара. Жывуць у арктычнай тундры, трапічных джунглях, пустынях, гарах, населеных пунктах. На Беларусі 92 віды з 19 сямействаў. Найб. пашыраны прадстаўнікі сям. валасянкавых, мухалоўкавых, уюрковых, сініцавых. Большасць пералётныя, часткова аселыя і вандроўныя.

Птушкі дробныя і сярэдніх памераў. Самы буйны з вераб’інападобных — крумкач (маса да 1,6 кг), дробныя — каралькі (5—7 г), некаторыя нектарніцы (3—4 г). Самцы ў большасці буйнейшыя за самак. У многіх выяўлены палавы дымарфізм у афарбоўцы, голасе. Прыстасаваны да жыцця на дрэвах, зямлі, скалах, здабывання корму ў вадзе. Манагамы, жывуць парамі, робяць складаныя гнёзды. Нясуць 4—8, радзей да 16 стракатых або аднаколерных яец, часта нясуцца 2 і больш разы за год. Большасць насякомаедныя, ёсць усёедныя (крумкачовыя), раслінаедныя. У асноўным карысныя лясной і сельскай гаспадарцы. У Чырв. кнізе МСАП 84 віды і 66 падвідаў, у Чырв. кнізе Беларусі 2 віды саракушаў.

Літ.:

Жизнь животных. Т. 6. Птицы. 2 изд. М., 1986;

Никифоров М.Е., Яминский Б.В., Шкляров Л.П. Птицы Белоруссии: Справ.-определитель гнезд и яиц. Мн., 1989.

Вераб’інападобныя: 1 — жаваранак чубаты; 2 — жулан; 3 — валасянка ястрабіная; 4 — івалга звычайная; 5 — сойка; 6 — мухалоўка малая; 7 — саракуш шэры; 8 — чарацянка; 9 — сініца даўгахвостая; 10 — канаплянка.

т. 4, с. 92

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АВЕЧКАГАДО́ЎЛЯ,

галіна жывёлагадоўлі па развядзенні авечак. Дае сыравіну для лёгкай прам-сці (воўну, аўчыну, смушак) і харч. прадукты (бараніну, лой, малако). Найб. каштоўная сыравіна — тонкая і паўтонкая воўна, з якой вырабляюць шарсцяныя тканіны. У свеце існуюць дзесяткі парод і пародных груп авечак. Авечкагадоўля мае шэраг кірункаў: танкарунны, паўтанкарунны, паўгрубашэрсны і грубашэрсны, апошні падзяляецца на смушкавы, футравы, мяса-воўнавы, мяса-воўна-малочны, мяса-сальны.

У краінах Еўропы гадуюць пераважна паўтанкарунныя пароды авечак (Вялікабрытанія, Ірландыя, Нарвегія, Данія, Балгарыя) і танкарунныя (Францыя, Румынія, Венгрыя і інш.). У Кітаі і Манголіі пераважаюць грубашэрсныя пароды. У краінах Сярэдняй Азіі, Афганістане і Паўд. Афрыцы развіта каракуляводства. У Аргенціне пераважаюць паўтанкарунныя авечкі, ва Уругваі — красбрэды, у ЗША — авечкі тыпу англ. караткашэрсныя. Найб. пагалоўе авечак сканцэнтравана ў Аўстраліі, Аргенціне, Новай Зеландыі, Уругваі, ЗША і ПАР (больш за 50% сусв. вытв-сці воўны). У краінах СНД асн. раёны авечкагадоўлі — Паўн. Каўказ, Паволжа, Украіна, Казахстан, Сярэдняя Азія і Закаўказзе. Па колькасці авечак і вытв-сці воўны 1-е месца ў свеце займае Аўстралія, па экспарце бараніны і вытв-сці найб. высакаякаснай красбрэднай воўны — Новая Зеландыя, дзе амаль уся авечкагадоўля мяса-воўнавых і паўтанкарунных парод.

На Беларусі авечкагадоўляй сталі займацца ў пач. 18 ст. Гадавалі пераважна грубашэрсных нізкапрадукцыйных авечак. У 1913 танкарунных авечак (мерыносаў) было толькі 6% ад агульнага пагалоўя. Паляпшэнне племянных і прадукцыйных якасцей авечак пачалося ў даваен. гады. Планавыя пароды — прэкас, латвійская цёмнагаловая і раманаўская. У гаспадарках рэспублікі авечкагадоўля — дадатковая галіна жывёлагадоўлі. Пераважае мяса-воўнавая авечкагадоўля. Пагалоўе авечак па шэрагу прычын, у асн. эканам. характару, паступова змяншаецца. На пач. 1985 ва ўсіх гаспадарках было 640,2 тыс. авечак, у 1900 — 475,5, у 1994 — 271,3 тыс.

Г.​П.​Астапенка, Я.​М.​Сапільнікаў.

т. 1, с. 62

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯЛІ́КІЯ ГЕАГРАФІ́ЧНЫЯ АДКРЫ́ЦЦІ,

сукупнасць найбольш значных адкрыццяў на сушы і ў моры, здзейсненых на працягу амаль усёй пісьмовай гісторыі чалавецтва. Традыцыйна іх атаясамліваюць толькі з адкрыццямі сярэдзіны 15 — сярэдзіны 17 ст. Да больш ранняга перыяду належаць адкрыцці: Паўд. Азіі і Індыйскага ак. (мараходы і купцы Харапскай цывілізацыі, 25—20 ст. да н.э.); паўд. ўзбярэжжа Еўропы, Міжземнага і Чорнага мораў (крыцкія і ахейскія мараходы, 16—14 ст. да н.э.); Усх. Азіі (іньскія купцы, палкаводцы, мараходы, 16—8 ст. да н.э.); плаванне вакол Афрыкі і ўстанаўленне яе прыблізных памераў (фінікійскія мараходы, паміж 609 і 595 да н.э.); Паўн. Атлантыкі, в-ва Вялікабрытанія, Паўночнага і Балтыйскага мораў (Пітэас, не пазней 320 да н.э.); Грэнландыі і Паўн.-Усх. Амерыкі (Эйрык Раўдзі, Лейф Эйрыксан, 981—1004); Усх. Еўропы (арабскія падарожнікі, купцы і каланісты Кіеўскай Русі з 9—10 ст.). Важнае значэнне мелі адкрыцці 15—17 ст.: Цэнтр. і Паўд. Амерыкі (Х.Калумб, А.Веспучы і інш.; 1442—1502); марскога шляху з Еўропы ў Індыю (Васка да Гама, 1497—99); першае кругасветнае плаванне (Ф.Магелан, 1519—22), якое даказала існаванне Сусветнага ак. і шарападобнасць Зямлі; Паўн. Азіі і праліва, што аддзяляе яе ад Паўн. Амерыкі (Ярмак, І.Масквіцін, С.Дзяжнёў, 1582—1648); Аўстраліі (А.Тасман, В.Янсзан, Ф.​Тэйсен, 1606—42). Вялікія геаграфічныя адкрыцці адбываліся і пазней: адкрыцці Паўн.-Зах. Амерыкі па р. Св. Лаўрэнція (М.С.Гвоздзеў, В.Берынг, А.І.Чырыкаў, 1732—41) і Антарктыды (Ф.Ф.Белінсгаўзен, М.П.Лазараў, 1820). Па навуковай значнасці да Вялікіх геаграфічных адкрыццяў неабходна аднесці вынікі даследаванняў па выяўленні рэльефу дна Сусветнага ак. (Ч.Томсан, Дж.Мерэй, 1772—76) і адкрыццё адзінай планетарнай сістэмы сярэдзінна-акіянскіх хрыбтоў (Б.​Хейзен, Г.​Менард, Г.​Б.​Удзінцаў і інш., 1955—62).

т. 4, с. 387

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНДАЕЎРАПЕ́ЙСКІЯ МО́ВЫ адна з найб. сем’яў моў Еўразіі, якая на працягу апошніх 5 стагоддзяў пашырылася таксама ў Паўн. і Паўд. Амерыцы, Аўстраліі, часткова ў Афрыцы. Развівалася ў выніку распаду і драбнення агульнаеўрап. прамовы, якая існавала не пазней 4-га тыс. да н.э. Найб. верагодная прарадзіма індаеўрапейцаў — тэр. на Пн і З ад Чорнага мора. Блізкія паміж сабою І.м. аб’ядноўваюць у групы, сярод якіх вылучаюцца: індыйскія, іранскія, славянскія, балтыйскія, кельцкія, італійскія, германскія, раманскія (пра кожную гл. асобны арт.). Грэчаская, албанская, армянская мовы (гл. асобныя арт.) утвараюць самастойныя групы.

У 20 ст. выяўлены пісьмовыя помнікі 2 мёртвых груп моў анаталійскай (на тэр. Турцыі) і тахарскай (на тэр. Кітая). Мёртвыя мовы ёсць у індыйскай (санскрыт, пракрыты), іранскай (авестыйская і стараж-перс), славянскай (стараслав., стараж.-рус. і палабская), германскай (гоцкая) і інш. групах. Ад некаторых І.м. (фракійскай, ілірыйскай) зберагліся толькі рэшткі эпіграфічнага і анамастычнага матэрыялу. Сваяцтва І.м. выяўляецца ў агульнасці грамат. будовы, якой характэрна флектыўнасць. Параўнальна-гіст. абследаванні І.м. даюць магчымасць выявіць генетычныя сувязі паміж імі, а таксама рэканструяваць фаналаг. сістэму, грамат. будову і асн. лексіку індаеўрап. прамовы, не засведчанай дакументамі. Некаторыя І.м. (слав., балтыйскія) зберагаюць флектыўную будову, некаторыя (англ., франц. і інш.) у працэсе развіцця ператварыліся ў мовы аналітычнай будовы. Адны групы І.м. павялічыліся колькасна (індыйскія, германскія, раманскія, слав.), іншыя скараціліся (кельцкія). Англ., франц., рус. і ісп. сталі мовамі міжнар. зносін. І.м. вывучае індаеўрапеістыка.

Літ.:

Мейе А Введение в сравнительное изучение индоевропейских языков: Пер. с фр. М.; Л., 1938;

Савченко АН. Сравнительная грамматика индоевропейских языков. М., 1974;

Гамкрелидзе Т.В., Иванов В.В. Индоевропейский язык и индоевропейцы. [Ч.] 1—2. Тбилиси, 1984;

Мартынов В.В. Славянская и индоевропейская аккомодация. Мн., 1968.

В.​В.​Мартынаў.

т. 7, с. 225

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕСАСТЭПАВЫЯ ЗО́НЫ,

прыродныя зоны сушы, у натуральных ландшафтах якіх лясная расліннасць чаргуецца са стэпавай. Пашыраны пераважна ва ўмераным поясе Паўн. паўшар’я і субтрапічных паясах Паўн. і Паўд. паўшар’яў.

Ва ўмераным поясе Л.з. займаюць найб. плошчы на тэр. Еўразіі, дзе выцягнуты суцэльнай паласой ад перадгор’яў Карпат да Алтая. У Паўн. Амерыцы яны займаюць значныя тэрыторыі ўздоўж Скалістых гор. Паводле характару расліннасці Л.з. падзяляюцца на шыракалістыя, хвойна-драбналістыя і прэрыі (на тэр. Амерыкі). Клімат умерана кантынентальны са снежнай халоднай зімой і цёплым, адносна вільготным летам. Радыяцыйны баланс 420—545 кДж/см² за год. Сярэднія т-ры студз. -5 °C, месцамі ніжэй, ліп. 18—25 °C. Ападкаў 400—1000 мм за год. Глебы шэрыя лясныя і чарназёмы (ападзоленыя, вышчалачаныя і тыповыя).

Для жывёльнага свету еўрапейскай Л.з. характэрны вавёрка, заяц, вял. тушканчык, рабы суслік, для сібірскай — суслікі і хамякі, для амерыканскай — лугавыя сабачкі, мышападобныя грызуны, зайцы, суркі, грымучыя змеі. Вял. ч. тэрыторыі пад с.-г. ўгоддзямі.

У субтрапічным поясе Л.з. развіты пераважна ў Паўн. і Паўд. Амерыцы, часткова на ПдУ Афрыкі, У Азіі, у Аўстраліі. Клімат субтрапічны, мусонны, з цёплай зімой і гарачым летам. Радыяцыйны баланс 210—250 кДж/см² за год. Сярэднямесячныя т-ры 4—24 °C. Вегетацыя раслін працягваецца круглы год, але замаруджваецца ў сухія перыяды. Ападкаў 600—1200 мм (у мусонных абласцях) за год. Глебы чарназёмападобныя і чырванавата-чорныя, маюць высокую ўрадлівасць. Расліннасць субтрапічных саваннаў і прэрый — высакатраўная (пераважна злакавая і злакава-разнатраўная) у спалучэнні з хмызняковымі зараснікамі, рэдкалессем і асобнымі дрэвамі. У жывёльным свеце пераважаюць стэпавыя або саванныя віды. Тэрыторыя характарызуецца высокім с.-г. асваеннем. Пашавая жывёлагадоўля. У асобных месцах антрапагеннае ўздзеянне на ландшафт вядзе да апустыньвання і інш. негатыўных з’яў.

В.​С.​Аношка.

т. 9, с. 216

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛУГАВО́ДСТВА,

1) галіна раслінаводства, якая займаецца вытв-сцю зялёных кармоў, сена, сенажу, сіласу і травяной мукі, паляпшэннем прыродных і стварэннем штучных сенажацей і пашы для жывёлагадоўлі; састаўная ч. кормавытворчасці. Асн. задача Л. — паляпшэнне натуральнага і сеянага травастою, што звычайна прадугледжвае поўнае знішчэнне дзярніны ў працэсе ўзворвання, унясенне ўгнаенняў, сяўбу шматгадовых траў. На Беларусі лугі даюць прыкладна ​1/3 усіх кармоў для жывёлагадоўлі. 3 агульнай плошчы сельгасугоддзяў 9,3 млн. га (1998) сенажаці займаюць 1,3 млн. га (14%), паша — 1,7 млн. га (18,3%), з іх палепшаныя адпаведна 1 і 1,2 млн. га. Найб. плошчы лугоў на Пн і Пд рэспублікі. У 20 ст. на Беларусі праведзены вял. работы па паляпшэнні натуральных лугоў і асваенні новых зямель. Найб. плошчы новых зямель асвоены ў Бел. Палессі, дзе асушаныя плошчы з мелкім заляганнем торфу пераважна выкарыстоўваюцца як сенажаці і пашы. На пач. 1998 у рэспубліцы на асушаных землях 814,5 тыс. га сенажацяў і 780,5 тыс. га пашы. Палепшаныя і культурныя (сеяныя) сенажаці і паша высокапрадукцыйныя, могуць даваць 7—8 т/га сена. Важнай задачай Л. з’яўляецца асваенне сенажацезваротаў — папераменнае выкарыстанне адной і той жа лугавой плошчы пад сенажаць і пашу, падтрыманне іх высокапрадукцыйнага стану. Л. развіта ў краінах, дзе лугі адыгрываюць значную ролю ў вытв-сці кармоў, найб. у ЗША, Расіі, Канадзе, Аўстраліі, Аргенціне, Новай Зеландыі, Вялікабрытаніі, Германіі.

2) Навука, якая распрацоўвае тэарэт. асновы і практычныя спосабы павышэння прадукцыйнасці прыродных і стварэння сеяных (культурных) сенажацей і пашы, спосабы рацыянальнага іх выкарыстання. Звязана з раслінаводствам, аграхіміяй, глебазнаўствам, меліярацыяй, земляробствам і інш. На Беларусі развіваецца пераважна ў Бел. НДІ меліярацыі і лугаводства, у Бел. НДІ земляробства і кормавытворчасці.

Н.​І.​Жураўская.

т. 9, с. 356

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАЛАТЫ́Я РУ́ДЫ,

прыродныя мінеральныя ўтварэнні, якія маюць у сабе золата Au у выгаднай для здабычы колькасці. Выяўлена больш за 30 мінералаў золата. Асн. прамысл. значэнне мае золата самароднае, менш значныя кюстэліт (каля 10—20% Au) і тэлурыды. Акрамя ўласна З.р. вядомы золатазмяшчальныя руды інш. металаў (медзі, нікелю, серабра, цынку, жалеза, марганцу). Паводле генезісу З.р. падзяляюцца на эндагенныя, экзагенныя (россыпы) і метамарфізаваныя. Практычна ўсе эндагенныя З.р. гідратэрмальнага паходжання і маюць золата ад 2—3 г да некалькіх соцень грам на тону пароды. Утвараюць масіўныя плітападобныя жылы (радовішчы Украіны, Казахстана, Ганы, Канады і інш.), сульфідныя жылы (радовішчы Расіі, Аўстраліі), паклады і трубападобныя целы (радовішчы Узбекістана, ЗША). Паводле саставу пераважаюць золата-сульфідна-кварцавыя і золата-кварцавыя З.р. Пробнасць золата ў іх 700—900. Экзагенныя З.р. знаходзяцца пераважна ў россыпах, радзей — у зонах акіслення золатазмяшчальных сульфідных радовішчаў. У россыпах З.р. прадстаўлены рыхлымі або слабасцэментаванымі прыпаверхневымі адкладамі, якія ўтвараюць рудныя пласты і струмені. Золата ў іх знаходзіцца ў выглядзе абкатаных і паўабкатаных зерняў, лусак, зросткаў з кварцам, самародкаў. Колькасць Au ад 100 мг/м³ да дзесяткаў грам у кубічным метры пароды, пробнасць 800—950. У зонах акіслення канцэнтрацыя золата ад 2—3 да 10 г/т. З.р. тут у выглядзе гнёздаў, лінзаў ці пакладаў складанай формы. Метамарфагенныя З.р. звязаны з пластамі залатаносных кангламератаў або гравелітаў (радовішчы ПАР, Ганы, Бразіліі і інш.). Золата ў іх у выглядзе зерняў змяшчаецца ў цэменце, трапляецца і ў форме тонкіх пражылак, якія сякуць кварцавую гальку. Колькасць 3—20 г/т, пробнасць больш за 900. Запасы золата ў свеце размяркоўваюцца вельмі нераўнамерна. На Беларусі вядомы толькі рудапраяўленні Au у россыпах і ўкрапанні ў пародах крышт. фундамента.

У.​Я.​Бардон.

т. 6, с. 511

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯЛІ́КІ ВОДАПАДЗЕ́ЛЬНЫ ХРЫБЕ́Т (Great Dividing Range),

Усходне-Аўстралійскія горы, горная сістэма ўздоўж усх. і паўд.-ўсх. ўзбярэжжа Аўстраліі. Даўж. каля 4000 км. Выш. да 2230 м (г. Касцюшкі). Горы ўтварыліся ў неаген-антрапагене на месцы дэнудзіраванай палеазойскай складкавай краіны. Усх. схілы стромкія, моцна і глыбока расчлянёныя, зах. схілы паката пераходзяць ва ўзгоркавыя перадгор’і (даунсы). На Пн ад 28° паўд. ш. Вялікі Водападзельны хрыбет дасягае шыр. 650 км і складаецца з берагавых пласкагор’яў і масіваў (выш. да 1000 м), сярэдзінных тэктоніка-эразійных катлавін і слаба выяўленага ў рэльефе горнага ланцуга выш. 500—700 м. На Пд ад 28° паўд. ш. Вялікі Водападзельны хрыбет — вузкі ланцуг асобных масіваў, дзе вылучаюцца крышт. хрыбет Нью-Інгленд, хрыбты Хейстынгс і Ліверпул, Блакітныя горы і Аўстралійскія Альпы. Горы складзены ў асн. з вапнякоў, гранітаў, гнейсаў, вулканічных парод. Карысныя выкапні: нафта і прыродны газ, каменны і буры вугаль, волава, поліметалы, золата, медзь, тытанамагнетытавыя пяскі.

Вялікі Водападзельны хрыбет ляжыць у субэкватарыяльным, трапічным і субтрапічным кліматычных паясах. Сярэднямесячныя т-ры паніжаюцца з Пн на Пд (на ўзбярэжжы ад 26 да 21 °C летам і ад 17 да 10 °C зімой). Ападкаў на вільготных усх. схілах ад 1000 да 2000 мм, на заходніх — 500—700 мм за год. З Вялікага Водападзельнага хрыбта пачынаюцца рэкі Мурэй і Дарлінг, у Каралавае і Тасманава моры сцякаюць кароткія парожыстыя і паўнаводныя рэкі Фіцрой, Хантэр і інш. Усх. схілы парослыя лесам. Да выш. 1000 м на Пн ад 15° паўд. ш. — лістападна-вечназялёныя вільготныя лясы, ад 15 да 28° паўд. ш. — эўкаліптавыя трапічныя лясы, больш на Пд — субтрапічныя мусонныя лясы з эўкаліптаў. На зах. схілах Вялікага Водападзельнага хрыбта развіты лесасаванны, саванны і зараснікі ксерафітных хмызнякоў. У лясах жывуць каала, кускусы, дрэвавы кенгуру; характэрны райскія птушкі, птушка-ліра, казуары, папугаі.

т. 4, с. 383

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНТЭРНАЦЫЯНА́Л 1-ы (Міжнароднае Таварыства Рабочых),

першая масавая міжнар. арг-цыя рабочых у 2-й пал. 19 ст. Засн. 28.9.1864 у Лондане на міжнар. сходзе прадстаўнікоў рабочых Вялікабрытаніі, Францыі і інш. краін. Знаходзіўся пад вырашальным уплывам ідэй марксізму. К.Маркс склаў яго Устаноўчы маніфест і Статут, пазней з’яўляўся аўтарам б.ч. адозваў, цыркуляраў і рашэнняў яго кіруючых органаў. Мэтамі рабочага руху былі абвешчаны звяржэнне капіталіст. ладу і заваяванне рабочым класам улады, непасрэднай задачай — з’яднанне рабочых розных краін у сумеснай барацьбе за свае правы (8-гадзінны рабочы дзень, ахова працы жанчын, стварэнне прафсаюзаў і інш.). Вышэйшы орган — штогадовы кангрэс, паміж кангрэсамі — Ген. савет, які знаходзіўся ў Лондане (з 1872 у Нью-Йорку). Пры Ген. савеце дзейнічаў пастаянны к-т. У сваёй дзейнасці І. 1-ы апіраўся на секцыі (рабочыя арг-цыі) у многіх краінах Еўропы, а таксама ў ЗША і Аўстраліі. Сувязь з секцыямі ажыццяўлялі сакратары-карэспандэнты, якія ўваходзілі ў склад Ген. савета. К.​Маркс займаў пасаду сакратара-карэспандэнта для Германіі і некаторых інш. краін, у т. л. Расіі. Рас. секцыя засн. ў Жэневе ў 1870, яе відным дзеячам з’яўляўся ўдзельнік паўстання 1863—64 у Польшчы, Літве і Беларусі А.Д.Трусаў. На кангрэсах І. 1-га (1866 у Жэневе, 1867 у Лазане, 1868 у Бруселі, 1869 у Базелі, 1872 у Гаазе) К.​Маркс і Ф.Энгельс вялі непрымірымую барацьбу з немарксісцкімі плынямі ў рабочым руху — пруданізмам, ласальянствам, трэд-юніянізмам, анархізмам. Франка-пруская вайна 1870—71 і задушэнне Парыжскай камуны 1871, якую І. 1-ы актыўна падтрымаў, зрабілі немагчымай яго дзейнасць у Еўропе. На Гаагскім кангрэсе (1872) было вырашана перавесці Ген. савет у Нью-Йорк (ЗША). Фактычна дзейнасць І. 1-га як масавай арг-цыі на гэтым спынілася. Фармальна распушчаны па прапанове К.​Маркса ў 1876 на міжнар. рабочай канферэнцыі ў Філадэльфіі (ЗША).

М.​Г.​Нікіцін.

т. 7, с. 286

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)