Тры́дзесяць ‘многа, няпэўная колькасць’: трыдзесяць ран (БНТ, Зам.), ст.-бел. тридесятъ, тридесять, тридесеть ‘трыццаць’ (1431 г., ГСБМ), сюды ж тры‑дзесяты: у тры‑дзісятум царстве ‘ў вельмі далёкай краіне’ (маз., Сержп. Прык. і прым.), ст.-бел. тридесятый ‘трыццаты’ (ГСБМ). Захаваная несцягненая форма лічэбніка трыццаць (гл.), параўн. балг. три́десет, макед. триесет, серб. трѝдесет, славен. trîdeset, на думку Анікіна (Новое в рус. этим., 237), узыходзіць да прасл. *trьje desęte ‘трыццаць’, рана замененага формай *tri desęti ‘тс’, параўн. літ. trisdešimt, лат. trîsdešimit, літаральна ‘тры дзясятай Паводле Лукіновай (Числ., 64), падтрыманая аналогіяй да трыдзевяць (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ва́жкі, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае значную вагу пры невялікім аб’ёме. Жыта стаяла, як лес, і кожны колас важкі, нібы наліты золатам. Хадкевіч.

2. перан. Важны па свайму значэнню, значны. Важкі працадзень. // Змястоўны. Вельмі скупы на эпітэты, паэт выбіраў найбольш важкія словы, якія надавалі вершу энергічнасць, вялікае сэнсавае папаўненне і пластычнасць. Шкраба.

3. перан. Пазбаўлены лёгкасці; цяжкі. Важкія крокі. □ І прыносіш ты туды, вадзіца, Важкі сум ад сэрца Кацярыны. Багдановіч.

4. перан. Пераканаўчы. Важкія довады. □ [Прафесар] нешта запісваў у свой блакнот, відаць, збіраўся сказаць сваё важкае слова. Шахавец.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

дым, ‑у; мн. дымы, ‑оў; м.

1. Сукупнасць дробных цвёрдых часцінак і газападобных прадуктаў, якія вылучаюцца ў паветра пры згаранні чаго‑н. Папяросны дым. □ Дым, горкі, як палын, і страшэнна ўдушлівы, расплываўся па зямлі. Хадкевіч. З комінаў узнімаўся белаваты дым. Шыцік.

2. Гіст. Хата, гаспадарка, якія лічыліся падатковай адзінкай у Старажытнай Русі.

•••

Пайсці (з) дымам гл. пайсці.

Пусціць дым у вочы гл. пусціць.

Пусціць (з) дымам гл. пусціць.

У дымвельмі моцна, да крайнасці напіцца, быць п’яным. Напіўся ў дым у нейкай там папойцы. Корбан.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

аддзя́каваць, ‑кую, ‑куеш, ‑куе; зак., каму.

1. Выказаць удзячнасць, падзякаваць. [Людзі] прагнуць песні, ловяць яе на ляту, ціснуцца да цябе, працягваюць рукі, каб аддзякаваць мастаку-паэту. Пестрак. І не стараецца вельмі Сцяпан, не моршчыць лоб, каб выдумаць што-небудзь, — само вярзецца. Толькі каб было каму слухаць ды аддзякаваць Сцяпану вясёлым смехам захаплення. Крапіва.

2. Адплаціць падарункам, грашыма або добрай справай за якую‑н. паслугу. — Дзіцятка маё, збавіцель ты наш, чым табе аддзякаваць? Вазьмі хоць на семачкі, — працягнула Аксіння зялёненькую паперку. Пальчэўскі. // перан. Якім‑н. учынкам адпомсціць за крыўду.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

бале́ць, ‑ліць; незак.

1. Выклікаць адчуванне фізічнага болю (пра якую‑н. частку цела). У Тарэнты пачынае балець галава, яму робіцца горача. Галавач. Кандрату Назарэўскаму балела рана на назе. Чорны. Эх, і цяжка касцом... рукі, плечы баляць... Чарот. / у безас. ужыв. Баліць у баку. □ Толькі пакутлівая грымаса застыла на.. [хлапчуковым] твары; відаць, яму вельмі балела. Марціновіч.

2. перан. Хваляваць, турбаваць. Цяпер тое, што баліць аднаму, трывожыць усіх, а што радуе грамаду — цешыць і аднаго. Бядуля. Шчыраму сэрцу і чужая болька баліць. З нар.

•••

Душа баліць гл. душа.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

падкупі́ць, ‑куплю, ‑купіш, ‑купіць; зак., каго-што.

1. Пры дапамозе грошай, падарункаў схіліць на свой бок. Падкупіць сведак. □ [Дзед:] — А стары Чапскі, а потым і яго сыны не хацелі аддаць луг сялу, падкупілі каморнікаў, і тыя пераправілі планы. Якімовіч. Іх [камуністаў] не падкупіш і не зломіш І не завабіш іх нічым. Колас.

2. перан. Выклікаць сімпатыю да сябе. Рыбак наўперад для паказу Сам заіграў на дудцы той і падкупіў малога зразу Сваёю шчодрай дабратой. Колас. Андрэю вельмі цяжка было гаварыць, але наіўная шчырасць дзяўчыны неяк падкупіла яго. Кулакоўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

мале́ча, ‑ы, ж.

Разм.

1. зб. Маленькія дзеці, жывыя істоты; драбната, драбяза. Малеча і старыя.. з дня ў дзень снавалі па лесе з лазовымі каробкамі і кошыкамі. Мележ. У школе дзевяцікласнікі не вельмі сябравалі з сямікласнікамі. Лічылі сямікласнікаў малечай. Арабей. Дзятлава малеча ў голым дупле на пацярусе і стружках вырастае. Клышка.

2. Маленькае дзіця, дзіцяня. Але глядзі, чаму не спіць малеча? Чаму з калыскі цягне ручаняткі? Дзяргай. Пашчыпваючы свае, яшчэ не па гадах залацістыя вусы, .. [конюх] гаварыў замілавана: — Малеча... А які конь, брат, вырасце! Якімовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

мо́дны, ‑ая, ‑ае.

1. Зроблены па модзе, адпаведна з модай. Модны капялюш. □ Сіняе паліто з чорным коцікавым каўняром было моднае, шчыльна аблягала .. [Ірыніну] постаць. Чорны. Бант быў чорны, а па чорнаму — чырвоныя і белыя гарошыны, вельмі модны бант. Мікуліч.

2. Які прытрымліваецца моды, ідзе за модай. Перад.. [Алесем] стаяў Кібрык. У светлым касцюме, вясенні, модны. Шыцік.

3. Які мае адносіны да моды (у 2 знач.).

4. Які карыстаецца папулярнасцю, агульным прызнаннем у гэты перыяд. Модны пісьменнік. Модны раманс. □ Кібрык сеў за піяніна, узяў акорд з моднай песенькі. Шыцік.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

немагчы́мы, ‑ая, ‑ае.

1. Неажыццявімы, невыканальны. [Каліноўскі] здагадваўся, што без змены эканамічнага, матэрыяльнага жыцця людзей немагчымы якія-небудзь змены грамадскага і дзяржаўнага ладу. Лушчыцкі. // у знач. наз. немагчы́мае, ‑ага, н. Тое, што нельга ажыццявіць, выканаць. [Шафёр:] — Трэба было спытаць, як хлопец дабраўся сюды, як не трапіў у рукі ворагу, а не патрабаваць немагчымага. Кулакоўскі.

2. Такі, што нельга вынесці, выцерпець; нясцерпны. Немагчымая гарачыня. Немагчымы боль. □ Вельмі карэктна Іван Іванавіч пісаў пра немагчымую абстаноўку ў інстытуце. Асіпенка. // Незвычайны. Каб захапіць слухачоў, Генька часта ішоў на самыя немагчымыя гіпербалы. Паслядовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

напаі́ць, ‑паю, ‑поіш, ‑поіць; зак., каго-што.

1. Даць напіцца, выпіць чаго‑н. Напаіць каня вадой. Напаіць гасцей чаем. □ [Жанчына] вельмі шпарка, вынесла малака, напаіла .. [раненых] і павяла кудысьці ў цемень поля. Чорны. І крынічка напаіла, Хлопцу сілы аднавіла. А. Александровіч.

2. Давесці да стану ап’янення. Напаіць гарэлкай. □ Напаіла яго дзяўчынка віном, пан і заснуў без памяці. Якімовіч.

3. перан. Насыціць, напоўніць чым‑н. Напаіць стэп вадою. □ Дажджы над борам прагулі, Карэнні напаілі. Кляўко. Кволы, але непаўторны, .. [пах бэзу] напаіў паветра. Чарнышэвіч. Прыляцела вясна-чараўніца, Напаіла вадою крыніцы. Журба.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)