НІТЭЛО́ПСІС (Nitellopsis),

род харавых водарасцей сям. харавых. 3 віды. Пашыраны ўсюды. На Беларусі на ілістым дне глыбокіх вадаёмаў трапляецца Н. прытуплены (N. obtusa).

Талом з ніткападобных парасткаў, членіста-кальчаковай будовы выш. да 1 м, падзелены на вузлы і міжвузеллі, прымацоўваецца да грунту рызоідамі. Міжвузеллі ўтвораны адной шмат’ядзернай клеткай даўж. 0,2—20 см, якая не здольна да дзялення. Размнажэнне вегетатыўнае і палавое.

Т.​М.​Міхеева.

Нітэлопсіс.

т. 11, с. 353

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАДВІ́ШАНЬ (Clitopilus prunulus),

шапкавы грыб сям. энталомавых. Пашыраны ў Еўразіі і Амерыцы. На Беларусі трапляецца з ліп. па вер. у лясах, на палянах, узлесках, садах. Нар. назва гладун.

Пладовае цела — шапка на ножцы. Шапка дыям. да 10 см, пукатая, пазней увагнутая з няроўным хвалістым краем, светла-ружавата-бялёсая, падсохлая — белая. Пласцінкі прырослыя. Ножка белая, кароткая, унізе звужаная. Мякаць белая, з пахам мукі. Споры эліпсападобныя, ружаватыя. Ядомы.

Падвішань.

т. 11, с. 489

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПА́МЯЦЬ СІКО́РЫ,

позназімовы сорт яблыні селекцыі І.П.Сікоры. Раянаваны на Беларусі.

Дрэва слабарослае з паўкруглаватай кронай. Пладаносіць на 3—4-ы год пасля пасадкі. Зімаўстойлівы, сярэднеўстойлівы да паршы. Плады 130—150 г, авальна-канічныя. Асн. афарбоўка зялёная, покрыўная — чырванавата-карычневая ў выглядзе размытага румянцу і толькі на сонечным баку плода. Мякаць светла-зялёная, вельмі шчыльная, кісла-салодкая, сярэдняй сакавітасці, дробназярністая. Захоўваецца да чэрвеня.

З.​А.​Казлоўская.

т. 12, с. 38

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРМЕЛІЁПСІС (Parmeliopsis),

род ліставатых лішайнікаў сям. пармеліевых. 4 віды. Пашыраны ўсюды. На Беларусі 3 віды П.: бляднеючы (P. pallescens), няпэўны (P. ambiqua), цёмны (P. hyperopta). Трапляюцца ў лясах на дрэвах.

Слаявіна ліставатая. Зверху жаўтавата-зеленаватая ці шараватая са сподкападобнымі пладовымі целамі (апатэцыямі) або сарэдыямі. Знізу светла-карычневая, прымацоўваецца да субстрату. Сумкі булавападобныя з аднаклетачнымі спорамі.

У.​У.​Галубкоў.

Пармеліёпсіс: 1 — няпэўны; 2 — цёмны; 3 — бляднеючы.

т. 12, с. 98

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРТНО́Ў (Аляксандр Сталіевіч) (н. 17.9.1961, Баку),

бел. спартсмен (скачкі ў ваду). Засл. майстар спорту СССР (1980). У 1996—2000 старшы трэнер рэзерву нац. зборнай каманды Беларусі па скачках у ваду. Чэмпіён XXII Алімп. гульняў (1980, Масква) у скачках з 3-метровага трампліна. Бронз. прызёр чэмпіянату Еўропы сярод моладзі (1976, Нарвегія) у скачках з трампліна і чэмпіянату свету (1982). Чэмпіён Еўропы (1981, г. Спліт, Югаславія). Чэмпіён СССР (1988).

т. 12, с. 103

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАСТАРНА́К (Pastinaca),

род кветкавых раслін сям. парасонавых. 15 відаў. Пашыраны ў Еўразіі. На Беларусі 1 від — П. дзікі, або лясны (P. sylvestris). Трапляецца на схілах, каля дарог, жылля. Культывуецца П. пасяўны (P. sativa).

Двух- або шматгадовыя травы з перыстым лісцем. Кветкі жоўтыя, у складаных парасоніках. Плод — сямянка. П. пасяўны здаўна вырошчваюць як прыпраўную, агароднінную і кармавую расліну.

Сарты пастарнаку: 1 — Найлепшы; 2 — Круглы; 3 — Студэнт.

т. 12, с. 168

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАТЭ́НТ [ад лац. patens (patentis) адкрыты, яўны],

1) дакумент, які сведчыць аб прызнанні заяўленага аб’екта вынаходствам, прыярытэце вынаходства, аўтарстве і выключным праве на вынаходства. Выдаецца кампетэнтным дзярж. органам. На Беларусі П. выдаецца аўтару або яго правапераемнікам на 20 гадоў.

2) У шэрагу краін П. — спец. дазвол на занятак пэўнымі відамі прадпрымальніцкай дзейнасці. Купля П. ў дзяржавы вызваляе прадпрымальніка (звычайна індывід.) ад далейшай уплаты падаткаў (на вызначаны перыяд).

т. 12, с. 186

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПА́ЎЛАЎ (Міхаіл Мікітавіч) (1919, в. Ліпавец Пакроўскага р-на Арлоўскай вобл., Расія — 6.10.1943),

удзельнік баёў на Беларусі ў Вял. Айч. вайну, Герой Сав. Саюза (1944). Скончыў Краснаярскае ваен. авіявучылішча штурманаў (1940). У Чырв. Арміі з 1939, на фронце з 1941. Штурман авіяэскадрыллі ст. лейтэнант П. зрабіў 213 баявых вылетаў, вызначыўся 6.10.1943 пры бамбардзіроўцы скопішча тэхнікі ворага на чыг. ст. Гомель; загінуў у баі.

М.М.Паўлаў.

т. 12, с. 204

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕГА́С (лац. Pegasus),

экватарыяльнае сузор’е неба; адно з самых вялікіх сузор’яў. Найб. яркія зоркі 2,4; 2,4; 2,5; 2,8; 3,0 візуальнай зорнай велічыні; 100 зорак ярчэй 6-й зорнай велічыні. 3 яркія зоркі П. разам з зоркай α Андрамеды ўтвараюць фігуру, падобную на квадрат. Паблізу зоркі λ знаходзіцца радыянт метэорнага патоку Пегасід (назіраецца штогод 19—31 ліп.). На тэр. Беларусі відаць у жн.—кастрычніку. Гл. Зорнае неба.

т. 12, с. 252

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕ́НЯ (Ігар Аляксандравіч) (н. 29.10.1952, г. Астрахань, Расія),

бел. эстрадны спявак, музыкант (клавішныя інструменты). Засл. артыст Беларусі (1990). Скончыў муз. вучылішча (1973) у г. Днепрапятроўск (Украіна). З 1980 артыст вак.-інстр. ансамбля «Песняры», з 1998 — «Беларускія песняры» пры дзярж. аб’яднанні «Белканцэрт». У рэпертуары бел. народныя песні, творы сучасных, у т. л. бел. (І.​Лучанок, У.​Мулявін, А.​Іваноў, А.​Казловіч і інш.), кампазітараў.

Т.​Р.​Ермаковіч.

т. 12, с. 269

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)