МАХО́ТА (Іван Рыгоравіч) (9.6.1918, в. Папаснае Днепрапятроўскай вобл., Украіна — 21.10.1943),

удзельнік баёў на Беларусі ў Вял. Айч. вайну, Герой Сав. Саюза (1944). На фронце з 1942. Камандзір танк. роты старшы лейт. М. вызначыўся ў Лоеўскім р-не Гомельскай вобл.: у час варожай контратакі падбіты і ахоплены полымем свой танк ён накіраваў на батарэю праціўніка, знішчыў яе гарматы, што садзейнічала поспеху наступлення танк. батальёна; згарэў у танку.

т. 10, с. 226

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕ́ВЕ (Яўген Барысавіч) (1.9.1908, Варшава — студз. 1989),

бел. вучоны ў галіне фтызіятрыі. Д-р мед. н., праф. (1965). Засл. дз. нав. Беларусі 1978. Скончыў Адэскі мед. ін-т (1931). У 1964—83 у Бел. ін-це ўдасканалення ўрачоў (заг. кафедры). Навук. працы па лячэбным пнеўматораксе, патагенезе і клініцы першаснага туберкулёзу, флюараграфіі і туберкулінадыягностыцы.

Тв.:

Туберкулез у лиц молодого возраста. Киев, 1964;

Туберкулинодиагносгика. Мн., 1970.

т. 10, с. 245

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕ́ЗЕНКА (Ганна Міхайлаўна) (н. 6.3.1948, в. Альбянка Нясвіжскага р-на Мінскай вобл.),

бел. мовазнавец. Д-р філал. н. (1991), праф. (1992). Скончыла Мінскі пед. ін-т імя Горкага (1971). З 1974 у Віцебскім ун-це (з 1991 заг. кафедры агульнага і рус. мовазнаўства). Даследуе бел. і рус. мовы, анамастыку. Аўтар кніг: «Урбананімія Беларусі» (1991), «Назвы вуліц расказваюць» (1995), «Беларуская анамастыка» (1997) і інш.

І.​К.​Германовіч.

т. 10, с. 259

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІГМАТЫ́Т (ад грэч. migma сумесь),

горная парода, якая ўтвараецца пры пранікненні магмы ва ўмяшчальныя пароды або пры метамарфічнай дыферэнцыяцыі рэчыва. Для М. характэрна палосчатая, плойчатая, плямістая і інш. тэкстуры, якія адлюстроўваюць паасобную сканцэнтраванасць цемнаколернай ч. пароды (палеасомы) і светлаколернай (неасомы). Вядомы разнавіднасці М.: артэрыты (паслойныя М.), агматыты (глыбавыя М.), веніты (жыльныя М.), небуліты (ценевыя М.) і інш. М. пашыраны ў крышт. фундаменце Беларусі.

І.​В.​Найдзянкоў.

т. 10, с. 330

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІКУ́ЛІНСКАЕ МІЖЛЕДАВІКО́ЎЕ (назва ад в. Мікуліна Руднянскага р-на Смаленскай вобл.),

эпоха цёплага клімату паміж маскоўскім зледзяненнем (або маскоўскай стадыяй дняпроўскага зледзянення) і валдайскім зледзяненнем у пачатку позняга плейстацэну (ад 115 да 130 тыс. гадоў назад) на тэр. еўрапейскай ч. Расіі. На тэр. Зах. і сярэдняй Еўропы адпавядае рыс-вюрму, земскаму, у Зах. Сібіры — казанцаўскаму міжледавікоўю, на тэр. Беларусімуравінскаму міжледавікоўю.

А.​Ф.​Санько.

т. 10, с. 365

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІЛА́ЕЎ (Яўген Цімафеевіч) (7.3.1910, Тбілісі — 1983),

расійскі артыст цырка, эквілібрыст. Засл. арт. Беларусі (1954). Нар. арт. СССР (1969). Герой Сац. Працы (1979). У цырку з 1928. З сярэдзіны 1940-х г. выступаў як эквілібрыст, узначальваў групавы нумар з серыяй гімнастычных і акрабатычных трукаў пад агульным псеўд. Мілаевы. У 1959—61 маст. кіраўнік Бел. цыркавога калектыву. З 1977 маст. кіраўнік і дырэктар Маскоўскага цырка на Ленінскіх гарах.

т. 10, с. 368

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІРКО́ЎСКІ (Яўген Іванавіч) (31.1.1904, Мінск — 10.8.1992),

Герой Сав. Саюза (1944). У Чырв. Арміі з 1927, у пагранвойсках. У Вял. Айч. вайну удзельнік абароны Масквы, з сак. 1942 камандзір асобнага партыз. атрада імя Дзяржынскага, які дзейнічаў на тэр. акупіраваных Гомельскай, Палескай, Брэсцкай абл. Беларусі, Чарнігаўскай, Сумскай, Кіеўскай, Жытомірскай, Валынскай абл. Украіны, у 1944 кіраўнік дыверсійнай групы на тэр. Польшчы. У 1945—55 у органах КДБ.

Я.І.Міркоўскі.

т. 10, с. 464

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЯТЛІ́ЧКА (Apera),

род кветкавых раслін сям. метлюжковых. 5 відаў. Пашыраны ва ўмераным поясе Еўразіі. На Беларусі 1 від — М. палявая (A. spicaventi). Трапляецца на вільготных пясках, каля дарог, у пасевах збожжавых культур.

М. палявая — аднагадовая травяністая расліна выш. да 1 м. Сцёблы круглыя, голыя, прамыя або каленчата-ўзыходныя. Лісце лінейна-ніткападобнае, шурпатае. Дробныя аднакветныя каласкі сабраны ў буйную раскідзістую мяцёлку. Плод — зярняўка. Шкоднае пустазелле.

Мятлічка палявая.

т. 11, с. 82

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАТА́РЫУС (ад лац. notarius пісар, сакратар),

службовая асоба, якая ажыццяўляе натарыяльныя дзеянні (гл. Натарыят). На Беларусі існуюць Н. прыватныя і дзяржаўныя. У адпаведнасці з заканадаўствам на пасаду Н. назначаюцца грамадзяне краіны, якія маюць вышэйшую юрыд. адукацыю і прайшлі адпаведную стажыроўку ў дзярж. натарыяльнай канторы або ў Н., які займаецца прыватнай практыкай, вытрымалі кваліфікацыйны экзамен і атрымалі ліцэнзію на права натарыяльнай дзейнасці.

І.​С.​Шахрай.

т. 11, с. 206

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НІЗІ́НА, нізінная раўніна,

участак сушы значнай працягласці, размешчаны не вышэй за 200 м над узроўнем мора з раўніннай, часам узгорыстай паверхняй. Існуюць у раўнінных і горных абласцях; некаторыя размешчаны ніжэй узроўню мора (Прыкаспійская Н.). Фарміруюцца пераважна ў выніку тэктанічных апусканняў і запаўнення ўпадзін рыхлымі марскімі або кантынентальнымі адкладамі. Найб. значная Н. зямнога шара — Амазонская. На Беларусі Н. займаюць ​3/4 тэрыторыі. Найб. Н.: Палеская, Нёманская, Полацкая.

т. 11, с. 330

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)