Засн. ў 1978 у Гродне як Рэспубліканскі музей атэізму і гісторыі рэлігіі. З 1989 сучасная назва. Адкрыты для наведвальнікаў 15.1.1985. Размяшчаўся ў будынках б. Гродзенскага базыльянскага жаночага манастыра (у 1978—85 зроблена рэстаўрацыя і арх. комплекс прыстасаваны пад музей). Меў 15 экспазіц. і 3 выставачныя залы (агульная пл. 2200 м²). Экспазіцыя асвятляла гісторыю развіцця духоўнай культуры на Беларусі ад узнікнення рэліг. вераванняў да нашых дзён. У сувязі з паступовай перадачай з 1992 будынкаў музея дзеючаму манастыру Раства Багародзіцы экспазіцыя ў 1994 закрыта. Музею перададзены будынак 18—19 ст. па вул. Замкавай — б. палац Храптовіча, Тызенгаўза, Ляхніцкага. У снеж. 1994 у адрэстаўрыраванай частцы палаца адкрыты экспазіцыя «Эпоха, час, будынак», выставачная і канцэртная залы (пл. 300 м²). У фондах музея захоўваюцца творы выяўл. і дэкар.-прыкладнога мастацтва (12—20 ст.), кнігі (16—20 ст.), археал. знаходкі і этнагр. экспанаты (на 1.1.1995 агульны фонд 57 тыс. прадметаў). Пры музеі створана навук.б-ка (больш за 13 тыс. тамоў). З 1983 працуе рэстаўрацыйная майстэрня.
Л.А.Карнілава.
Будынак Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі рэлігіі.Беларускі дзяржаўны музей гісторыі рэлігіі. Выстаўка «Барока на Беларусі».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДУ́РАВЫ,
сям’я рускіх цыркавых артыстаў — клоунаў і дрэсіроўшчыкаў.
Анатоль Леанідавіч (6.12.1865, Масква —21.1.1916). Артыстычную дзейнасць пачаў як клоун, з 1880 гастраліраваў па Расіі, Еўропе, у 1915 выступаў у Мінску. Стварыў сатырычна-публіцыстычную клаунаду з дрэсіраванымі жывёламі.
Уладзімір Леанідавіч (6.7.1863, Масква — 3.8.1934), засл. арт. Рэспублікі (1927). Брат А.Л.Дурава. На арэне з 1885. Выступаў як клоун-сатырык і дрэсіроўшчык. Распрацаваў навук. метад дрэсіроўкі, заснаваны на гуманных адносінах да жывёл. У 1912 стварыў у Маскве звярынец (цяпер Куток імя У.Дурава).
Уладзімір Рыгоравіч (16.4.1909, г. Варонеж — 14.3.1972), нар.арт.СССР (1967). Унук А.Л.Дурава. У выступленнях спалучаў сатыр. клаунаду з паказам дрэсіраваных жывёл.
Юрый Уладзіміравіч (12.1.1910, Масква — 22.2.1971), нар.арт.СССР (1971). Унук У.Л.Дурава. У цырку з 1937. Выступаў з вялікай групай розных жывёл, спалучаў дрэсіроўку з сатыр. нумарамі.
Наталля Юр’еўна (н. 13.4.1934, Масква), нар.арт.СССР (1989). Дачка Ю.У.Дурава. Скончыла Літ.ін-т імя Горкага (1956). У 1956—59 дрэсіроўшчык Кутка У.Дурава, у 1963—73 — «Саюздзяржцырка». З 1978 маст. кіраўнік Тэатра звяроў імя У.Дурава. Аўтар аповесцей і апавяданняў на тэмы цырка. Дзярж. прэмія СССР 1987.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫРЫЖА́БЛЬ (ад франц. dirigeable кіроўны),
кіроўны аэрастат падоўжанай формы, аснашчаны адной або некалькімі вінтаматорнымі ўстаноўкамі, якія ствараюць цягу для гарыз. палёту. Вызначаецца вял. грузападымальнасцю і далёкасцю палёту, невял. (да 150 км/гадз) скорасцю, павышанай залежнасцю ад метэаўмоў.
Адрозніваюць Д. мяккай сістэмы (аб’ём 1—7 тыс.м³, корпус з прагумаванага матэрыялу, што служыць адначасова і абалонкай для газу), паўжорсткай (8—35 тыс.м³, у ніжняй ч. мае метал. ферму, якая не дапускае дэфармацыі абалонкі) і жорсткай (да 200 тыс.м³, увесь корпус у выглядзе метал. каркаса). Д. маюць адну або некалькі гандол (для размяшчэння экіпажа, рухавікоў, грузаў), апярэнне (стабілізатары, кілі, рулі вышыні і кіравання). Выкарыстоўваліся для перавозкі грузаў, у навук. і ваен. мэтах і інш. Першы палёт на Д. з паравым рухавіком ажыццявіў А.Жыфар у 1852 (Францыя). Першы Д. жорсткай сістэмы пабудаваў у 1900 Ф.Цэпелін (Германія), першы Д. мяккай сістэмы грамада. прызначэння спраектаваў і пабудаваў у 1911 у Кіеве Ф.Ф.Андэрс. Гл. таксама Паветраплаванне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАРВІНІ́ЗМ САЦЫЯ́ЛЬНЫ,
тэарэтычная плынь у грамадазнаўстве канца 19 — сярэдзіны 20 ст., якая імкнулася прычыны і кірункі грамадскага развіцця тлумачыць заканамернасцямі біял. эвалюцыі, прынцыпы прыроднага адбору, барацьбы за існаванне і выжыванне пераносіць на жыццё грамадства і чалавечых супольнасцей. Заснавальнік Д.с. англ. сацыёлаг Г.Спенсер. У межах Д.с. склаліся розныя кірункі. Прадстаўнікі антрапалагічнай школы ў сацыялогіі (Х.Чэмберлен, Ж.Лапуж, О.Аман) прынцыпы барацьбы за існаванне пераносілі непасрэдна на ўзаемаадносіны паміж сац. групамі, народамі, дзяржавамі. Польска-аўстр. сацыёлаг Л.Гумплавіч тлумачыў сац. з’явы з пазіцый натуралізму, а ўзаемаадносіны паміж сац. групамі трактаваў як бязлітасную барацьбу, якая вызначае не толькі сац. канфлікты, але і сац. жыццё ў цэлым. Г.Ратцэнгофер, У.Самнер, У.Беджгат лічылі, што барацьба паміж расавымі, этн. і культ. групамі абумоўлена сутыкненнем інтарэсаў, якія з’яўляюцца ўвасабленнем біял. імкненняў. Прадстаўнікі сацыябіялогіі (Э.Уілсан, Р.Александэр, Р.Трыверс і інш.) выступаюць за новы сінтэз біял. і сац.навук, сцвярджаюць, што сфармуляваныя імі прынцыпы паводзін жывёл неабходна пашырыць на жыццё грамадства, бо гэта дасць магчымасць зразумець біял. асновы зыходных формаў чалавечых паводзін (сямейныя адносіны, сац. зносіны, сац. няроўнасць, агрэсія, альтруізм і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАЎГЯ́ЛА (Дзмітрый Іванавіч) (1.11.1868, в. Казьяны Шумілінскага р-на Віцебскай вобл. — крас. 1942?),
беларускі гісторык, архівіст, археограф, крыніцазнавец. Скончыў Пецярбургскую духоўную акадэмію (1894). З 1897 працаваў у Віцебскім, Віленскім архівах стараж. актаў. З 1906 член, з 1912 старшыня Віленскай археаграфічнай камісіі, рэдактар «Записок Северо-Западного отдела Русского географического общества», ганаровы чл.Віцебскай вучонай архіўнай камісіі. Удзельнік Усебел. з’езда 1917. З 1921 заг. Магілёўскага губ. архіва. З 1925 супрацоўнік Інбелкульта, дацэнт БДУ, з 1929 дырэктар б-кі АНБССР, з 1937 навук. супрацоўнік Ін-та гісторыі АНБССР. Аўтар прац па гісторыі гарадоў і мястэчак Беларусі. Першы даследаваў гісторыю і гіст. тапаграфію полацкіх, Барысаўскага, Свіслацкага, Аршанскага замкаў, вывучаў гісторыю нац. меншасцей у Беларусі. Складальнік, рэдактар, удзельнік выдання «Гісторыка-юрыдычных матэрыялаў» (т. 27—32, 1899—1906), Актаў Віленскай камісіі (т. 32—37, 1907—12), «Беларускага архіва» (т. 1—3, 1927—30), «Гісторыі Беларусі ў дакументах і матэрыялах» (т. 1, 1936) і інш. 10.12.1937 арыштаваны, 11.9.1939 высланы ў Казахстан на 5 гадоў. Рэабілітаваны ў 1964.
Тв.:
3 беларускага пісьменства XVII ст.Мн., 1927;
Літоўская Метрыка і яе каштоўнасць для вывучэння мінуўшчыны Беларусі. Рыга, 1933.
дзеяч рус. культуры. Княгіня. Дачка графа Р.І.Варанцова (гл. ў арт.Варанцовы). Удзельніца дварцовага перавароту 1762, які прывёў на прастол Кацярыну II. У 1769—71 і 1776—82 за мяжой; сустракалася з Вальтэрам, А.Смітам, Д.Дзідро. У 1783—96 дырэктар Пецярб.АН і прэзідэнт Рас. акадэміі (навук цэнтра па вывучэнні рус. мовы і славеснасці). Заснавала перыяд. выданні «Собеседник любителей российского слова» (1783—84) і «Новые ежемесячные сочинения» (1786—96). Па ініцыятыве Д. і пры яе актыўным удзеле выдадзены «Слоўнік Акадэміі Расійскай» (т. 1—6, 1789—94) — першы тлумачальны слоўнік рус. мовы. У 1796 Павел I адхіліў Д. ад спраў. Аўтар літ. твораў у розных жанрах, у т. л. мемуараў (выд. 1859). З 1782 валодала землямі ў Магілёўскай губ. (мяст. Круглае, сёлы Радча, Комсенічы, Ількавічы і 19 вёсак).
Тв.:
Рус.пер. — Записки... М., 1987.
Літ.:
Лозинская Л.Я. Во главе двух академий. 2 изд. М., 1983;
Письма сестер М и К.Вильмот из России: Пер. с англ. // Дашкова Е.Р. Записки... М., 1987;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕРБА́РЫЙ (лац. herbarium ад herba трава, расліна),
1) калекцыя раслін, сабраных, засушаных, адпаведна дакументаваных і зманціраваных на лістах паперы. З’яўляецца асновай для навук. даследаванняў па сістэматыцы і марфалогіі раслін, а таксама дае звесткі аб складзе і змяненні флоры тэрыторыі, пра пашырэнне відаў і ўмовы іх росту.
2) Установа, дзе зберагаюцца, папаўняюцца і навукова апрацоўваюцца калекцыі засушаных раслін (гербарый).
Упершыню метад гербарызацыі раслін ужыў італьянец Л.Гіні (16 ст.). У далейшым гербарыі ствараліся пераважна пры ун-тах і бат. садах. Найб. поўнае развіццё атрымалі з 1930—40-х г. У свеце больш за 20 буйных гербарыяў. У Парыжы (каля 6 млн. лістоў), Жэневе (гербарый Дэкандоля і Буасье — каля 5 млн. лістоў), Лондане (гербарый Брытанскага музея прыроднай гісторыі, у т. л. гербарый Лінея — 4,5 млн. лістоў), у Санкт-Пецярбургу (больш за 5 млн. лістоў).
На Беларусі найб. гербарый у Ін-це эксперым. батанікі імя В.Ф.Купрэвіча АН (Мінск), дзе захоўваецца больш за 50 тыс. лістоў вышэйшых сасудзістых раслін, 5 тыс. лістоў мохападобных, 17 тыс. лістоў лішайнікаў, больш за 1 тыс. ўзораў грыбоў-макраміцэтаў. Ёсць гербарыі ў БДУ і інш.ВНУ, бат. садах і запаведніках.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́ЛАН (Волян) Андрэй
(пасля 1530, Польшча — 6.1.1610),
палітычны дзеяч, філосаф і правазнавец, ідэолаг рэфармацыйнага руху на Беларусі і ў Літве. Вучыўся ва ун-тах Франкфурта-на-Одэры і Кёнігсберга. Служыў сакратаром у каралёў Рэчы Паспалітай Жыгімонта II Аўгуста, Стафана Баторыя, Жыгімонта III Вазы. Выбіраўся паслом у сейм Рэчы Паспалітай ад шляхты Ашмянскага пав. Аўтар палеміка-тэалагічных твораў, палітыка-прававых і філас. трактатаў, прамоў (пераважна на лац. мове), у якіх абгрунтоўваў тэорыю натуральнага права, выступаў за роўнасць усіх саслоўяў перад законам; з пазіцый кальвінізму крытыкаваў арганізац. будову і догмы каталіцкай царквы і папскай улады, адстойваў прынцыпы верацярпімасці. У працах «Пра палітычную або грамадзянскую свабоду», «Прамовы да сената...» (абедзве 1572), «Пра гасудара і ўласцівыя яму дабрачыннасці» (1608) выступаў за рэформы ў сац. і паліт. адносінах, праве, дзярж. кіраванні. Распрацаваў канцэпцыю свабоды чалавека (абарона маёмасці, асабістай бяспекі, усеагульнай згоды і міру ў грамадстве).
Літ.:
Сокол С.Ф. Социологическая и политическая мысль в Белоруссии во II половине XVI в. Мн., 1974;
Падокшын С.А., Шатон В.К. Андрэй Волан і яго трактат «Пра шчаслівае жыццё, або Найвышэйшае чалавечае дабро» // Весці АНБССР. Сер. грамад. навук. 1981. № 1.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫШАЛЕ́СКІ (Сяргей Мікалаевіч) (1.11.1874, г.п. Обаль Шумілінскага р-на Віцебскай вобл. — 14.1.1958),
бел. савецкі эпізаатолаг. Акад.АН Беларусі (1928), праф. (1924), ганаровы чл. УАСГНІЛ (1956). Засл. дз. нав. Расіі (1940). Скончыў Варшаўскі вет.ін-т (1899). Да 1906 працаваў земскім ветурачом у Віцебскай губ. і Закаўказзі. У 1906—27 у вет.н.-д. установах і ВНУ Расіі. У 1928—30 у Віцебскім вет. ін-це, з 1931 у вет. ін-тах Казахстана і Масквы. Навук. працы па тэарэт. і практычных пытаннях барацьбы з інфекц. хваробамі жывёл, у т. л. з чумой, сібірскай язвай, рожай, туберкулёзам, бруцэлёзам, запаленнем лёгкіх буйн. раг. жывёлы, паратыфам цялят і інш. Выявіў узбуджальніка інфекц. энцэфаламіэліту коней. Работы Вышалескага па вывучэнні сапу коней сталі асновай для арганізацыі ў СССР мерапрыемстваў па ліквідацыі гэтай інфекцыі. Дзярж. прэмія СССР 1941. Устаноўлены Залаты медаль імя Вышалескага, стыпендыя яго імя для студэнтаў Віцебскай акадэміі вет. медыцыны. Імя Вышалескага прысвоена Бел.НДІэксперым. ветэрынарыі.
Тв.:
Частная эпизоотология. 2 изд. М., 1948;
Избр. труды. М., 1977.
Літ.:
Библиогр. указ. литературы акад. С.Н.Вышелесского (к 100-летию со дня рождения). Мн., 1974.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГА́ЎСМАН (Міхаіл Антонавіч) (1817—89),
бел. гісторык, краязнавец, археолаг. Скончыў Мазырскую гімназію (1834). З 1841 працаваў у Мінскай дэпутацкай дваранскай зборні (у 1850—63 сакратар канцылярыі). Ў 1863 за ўдзел у рэв. арг-цыі высланы ў Вільню, потым у Валагодскую губ. У 1867 жыў у Варшаве, з 2-й пал. 1870-х г. — у Мінску. Калекцыяніраваў прадметы старажытнасці, археал. раскопак, побыту беларусаў, манеты, пячаткі, медалі. У адным са сваіх дамоў у Мінску арганізаваў хатні музей, дзе дэманстраваліся прадметы з праведзеных ім археал. экспедыцый у Навагрудку, Заслаўі, Уздзе, Мар’інай Горцы, Слуцку. Дапамагаў яму ў зборах бацька Я.Лучыны — Люцыян Неслухоўскі. Арганізоўваў выстаўкі калекцыі. У «Минских губернских ведомостях» у 1877—78 апублікаваў шэраг гіст.-краязнаўчых нарысаў пра Заслаўе, Мар’іну Горку, Мір, Навагрудак, Слуцк, Узду і інш., у 1877 — «Гістарычны нарыс мястэчка Турава, былой сталіцы ўдзельнага Тураўскага княства». Галоўнай задачай Гаўсмана лічыў прыцягненне ўвагі навук. грамадскасці да вывучэння і захавання помнікаў старажытнасці. Аўтар рукапіснага нарыса «Гістарычны вопіс губернскага горада Мінска і губерні» (т.зв. рукапіс Гаўсманскі).
Літ.:
Каханоўскі Г.А. Археалогія і гістарычнае краязнаўства Беларусі ў XVI—XIX стст. Мн., 1984;
Денисов В.Н. К истории одной неопубликованной книги // Книга в Белоруссии. Мн., 1988.