«КО́РАБ»,

прыватнаўласніцкі герб, якім карысталіся каля 180 родаў Беларусі, Украіны, Літвы і Польшчы, у т. л. Ажэшкі, Дамброўскія, Дзяконскія, Ласкія, Русоцкія, Эйсманты. Мае ў чырв. полі выяву залатога карабля з ільвінымі галовамі спераду і ззаду і мураванай вежай з зубцамі. Клейнод — на прылбіцы з каронай такі ж карабель з вежай. У Польшчы вядомы з канца 13 ст., спачатку меў выяву карабля з мачтай і ветразем.

Герб «Кораб».

т. 8, с. 416

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРАКО́СМІЯ, мантбрэцыя (Crocosmia),

род кветкавых раслін сям. касачовых. 7 відаў. Пашыраны ў Паўд. Афрыцы. На Беларусі інтрадукаваны садовы гібрыд К. звычайная (C. crocosmiiflora) у Цэнтр. бат. садзе Нац. АН. Мае шмат сартоў (напр., Везувій, Ледзі Аксфорд).

Шматгадовыя травяністыя расліны выш. 60—100 см. Сцябло прамое, разгалінаванае. Лісце мечападобнае, у густых пучках. Кветкі аранжава-чырванаватыя, дыяметрам 3—5 см у верхавінкавым мяцёлчатым суквецці. Плод — каробачка. Дэкар. расліны.

т. 8, с. 446

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«КРЫГАЛО́М»,

літаратурна-мастацкі часопіс. Выйшаў адзін нумар у лют. 1935 у Вільні на бел. мове. Рэдактар-выдавец Ю.​Кіпель. Змясціў матэрыялы пра грамадскае і літ. жыццё Зах. Беларусі. Сярод публікацый — інфармацыя пра 1-ы Усесаюзны з’езд сав. пісьменнікаў, вершы М.​Танка, Ф.​Грышкевіча, вытрымкі з прац К.​Маркса, Г.​В.​Пляханава, П.​А.​Гольбаха, Э.​Сінклера. Меў рубрыку «Культурная хроніка». Канфіскаваны і забаронены польскімі ўладамі.

т. 8, с. 501

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУ́ПЧАНКА (Генадзь Уладзіміравіч) (н. 16.6.1941, пас. Яленаўка Данецкай вобл., Украіна),

бел. вучоны ў галіне металазнаўства. Д-р тэхн. н. (1992). Скончыў Марыупальскі металург. ін-т (1963). З 1970 у Фіз.-тэхн. ін-це Нац. АН Беларусі. Навук. працы па тэрмічнай апрацоўцы металаў, гарачатрывалых і каразійнаўстойлівых матэрыялах, металазнаўстве каляровых і высакародных металаў і сплаваў.

Тв.:

Структура и свойства эвтектических композиционных материалов. Мн., 1986 (разам з Л.​М.​Несцяровічам).

т. 9, с. 39

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУРДАНЁР (франц. cour d’honneur літар. ганаровы двор),

парадны паўраскрыты двор перад будынкам, утвораны асн. будынкам і яго 2 бакавымі крыламі (радзей каланадай). Пашыраны ў еўрап. палацавай архітэктуры 17—1-й пал. 19 ст. На Беларусі найб. вядомы ў палацавых і сядзібных комплексах 18—19 ст. (Ружанскі палацавы комплекс, Свяцкі палацава-паркавы ансамбль, Шчорсаўскі палацава-паркавы комплекс і інш.). Прыём параднай прасторавай кампазіцыі сучаснай архітэктуры.

т. 9, с. 48

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУРЫ́ЛЬСКІ ЧАЙ (Pentaphylloides),

род кветкавых раслін сям. ружавых. Каля 10 відаў. Пашыраны ва ўмераным поясе Паўн. паўшар’я. На Беларусі інтрадукаваны К.ч.: драбналісты (P. parvifolia), куставы (P. fruticosa), маньчжурскі (P. mandshurica), Фрыдрыхсена (P. friedrichsenii).

Лістападныя кусты выш. да 1,5 м. Лісце перыстае, жаўтавата-зялёнае. Кветкі адзіночныя або ў суквецці, белыя, жоўтыя дыяметрам да 3 см. Плод — апушаны шматарэшак. Лісце ўжываецца для прыгатавання чайнага напітку. Дэкар. расліны.

Курыльскі чай.

т. 9, с. 55

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУЦА́К (Аляксей Андрэевіч) (н. 12.2.1944, г. Барнаул Алтайскага краю, Расія),

бел. фізік. Д-р фіз.-матэм. н. (1987), праф. (1989). Скончыў БДУ (1966). З 1966 у Ін-це фізікі АН Беларусі, з 1978 у БПА. Навук. працы ў галіне прыкладных даследаванняў кальцавых і лінейных лазераў, іх выкарыстання ў навігацыі і вымяральнай тэхніцы. Распрацаваў тэорыю лазераў з выпадковымі параметрамі і набліжаную тэорыю лазераў са звязанымі рэзанатарамі.

т. 9, с. 64

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕАНЦЮ́К (Людміла Аляксандраўна) (4.4.1931, г. Кыштым Чэлябінскай вобл., Расія — 6.8.1991),

бел. вучоны ў галіне гісталогіі. Д-р мед. н. (1982). Скончыла Мінскі мед. ін-т (1955). З 1959 у Ін-це фізіялогіі Нац. АН Беларусі. Навук. працы па структурных асновах механізмаў нерв. рэгулявання функцый жаночай рэпрадуктыўнай сістэмы, метадах карэкцыі іх парушэнняў.

Тв.:

Функциональная морфология нервного аппарата яичников в онтогенезе. Мн., 1977;

Биологическая роль овариопексий. Мн., 1979.

т. 9, с. 171

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІТАРАТУ́РНЫ ФРОНТ СЯЛЯ́НСКА-РАБО́ЧЫХ ПІСЬМЕ́ННІКАЎ,

арганізацыя рэвалюцыйна настроеных пісьменнікаў Зах. Беларусі. Існаваў з 10.12.1933 да сак. 1934. Створаны нелегальна па ініцыятыве КПЗБ і рэдакцыі «Беларускай газеты» ў Вільні з мэтай выхавання маладых літаратараў. Праграма фронту выкладзена ў «Дэкларацыі групы паэтаў...» (апубл. ў час. «Літаратурная старонка», 1934, № 1). Распаўся ў выніку арыштаў актыву — В.​Таўлая, Я.​Чабора, П.​Пестрака, А.​Дубровіча, Я.​Міско, выдаўца «Беларускай газеты» А.​Карповіча.

т. 9, с. 298

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛУ́КША (Леанід Канстанцінавіч) (н. 17.1.1930, в. Хвалава Пружанскага р-на Брэсцкай вобл.),

бел. вучоны ў галіне мостабудавання. Д-р тэхн. н. (1981), праф. (1985). Засл. дз. нав. Беларусі (1990). Скончыў БПІ (1955). З 1983 у БПА, з 1996 у Чанстахоўскім політэхн. ін-це (Польшча). Навук. працы па трываласці буд. канструкцый, супраціўленні матэрыялаў, тэорыі трываласці бетонаў і горных парод. Распрацаваў тэорыю трываласці трубабетону.

Тв.:

Прочность трубобетона. Мн., 1977.

т. 9, с. 367

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)