рабо́чы², -ая, -ае.

1. Які мае адносіны да рабочага¹, рабочых, уласцівы ім.

Р. клас.

Р. рух.

Па-рабочаму (прысл.).

2. Які непасрэдна выконвае работу, пэўнае дзеянне.

Рабочыя часткі машыны.

Рабочыя пчолы.

3. Які жыве са сваёй працы; працоўны.

Р. чалавек.

4. Які служыць, прызначаны для работы, выкарыстоўваецца ў рабоце.

Р. інструмент.

Рабочае адзенне.

Р. стол.

5. Устаноўлены для работы, заняты работай (пра час).

Р. дзень.

Р. сезон.

Рабочая сіла — сукупнасць фізічных і духоўных магчымасцей чалавека, якія выкарыстоўваюцца ім у працэсе вытворчасці.

Рабочыя рукі — рабочыя, рабочая сіла.

Не хапае рабочых рук.

У рабочым парадку (зрабіць, вырашыць што-н.) — у працэсе работы.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

тра́ціць, -а́чу, -а́ціш, -а́ціць; -а́чаны; незак.

1. што. Расходаваць грошы, сродкі на што-н. з пэўнай мэтай, патрэбай.

Т. грошы на падарункі.

2. перан., што. Марна, без толку расходаваць; пазбаўляцца ад чаго-н.

Т. час.

Т. здароўе.

3. каго. Несці страту ў асобе таго, хто памёр, пайшоў і пад.

Т. дарагога чалавека.

4. што. Несці страту ў якіх-н. матэрыяльных каштоўнасцях.

Т. маёмасць.

5. што. Парушаць сувязь, паслядоўнасць у думках, гутарцы і пад.

Т. логіку ў разважаннях.

|| зак. патра́ціць, -а́чу, -а́ціш, -а́ціць; -а́чаны (да 1—4 знач.).

|| наз. тра́та, -ы, ДМ тра́це, ж. (да 1—4 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

цень, -ю, мн. -і, -яў, м.

1. Месца, заслоненае чым-н. ад сонца.

Пад дрэвамі быў ц.

2. Невыразныя абрысы фігуры, сілуэт.

У акне прамільгнуў нечы ц.

3. перан., чаго. Адлюстраванне ўнутранага стану чалавека (смутку, трывогі, болю і пад.).

Па твары прамільгнуў ц. страху.

4. перан., чаго. Здань, дух.

Цені мінулага.

Цені продкаў.

5. перан., чаго. Нязначная, вельмі малая колькасць, доля.

І ценю праўды тут няма.

6. Пра каго-н. вельмі аслабленага, худога.

Не чалавек, а ц.

Кідаць цень на каго-што (разм.) — выклікаць падазрэнне да каго-н.

Як цень (разм.) — неадчэпна (хадзіць за кім-н.).

|| прым. ценявы́, -а́я, -о́е (да 1 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

яйцо́, -а́, мн. я́йцы і (з ліч. 2, 3, 4) яйцы́, яе́ц, н.

1. Жаночая палавая клетка чалавека, якая развіваецца ў новы арганізм пасля апладнення; яйцаклетка.

2. У птушак, паўзуноў і яйцародных млекакормячых: такая клетка авальнай формы ў шкарлупіне, абалонцы.

Несці яйцы.

Качынае я.

Я. чарапахі.

Змяінае я.

3. Прадмет такой формы.

Крыштальнае я. (прадмет упрыгожання).

4. У насякомых: такая клетка ў выглядзе невялікіх крупінак.

Мурашыныя яйцы.

5. Курыныя яйцы як прадукт харчавання.

Крутое я.

|| памянш. яе́чка, -а, мн. -і, -чак (да 2—5 знач.).

|| прым. яе́чны, -ая, -ае (да 2 і 5 знач.).

Яечнае мыла (прыгатаванае з курыных яец).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

Твар ’пярэдняя частка галавы чалавека’, ’індывідуальнае аблічча, выгляд’ (ТСБМ, Ласт.), ’фізіяномія’ (Байк. і Некр., Касп., Федар. 4, Сержп. Прымхі, Сл. ПЗБ, Сцяшк., Вруб., ЛА, 3), тварь ’тс’ (Нас.), тва́ра ’тс’ (брасл., Сл. ПЗБ), тва́рына ’аблічча’ (там жа), твар м. р. ’тс’, ж. р. ’стварэнне’ (ТС), тварь ж. р. ’тс’ (Бяльк.), твар ’воблік, від’ (Гарэц., Некр. і Байк.), тва́рычка ’тварык’ (Нас.), тва́рышча ’пыса, морда’ (Нас.), тварю́ка ’стварэнне, пачвара’ (Растарг.), ст.-бел. тварь ж. р. ’фізіяномія’: тварь збита (XVI ст., Карскі 2–3, 21), твар, тварь ’тс’; ’індывідуальнае аблічча, выгляд’ (канец XV ст.). Укр. твар ’жывое стварэнне’, старое ’аблічча’, рус. тварь ’жывое стварэнне’, стараж.-рус. тварь ’стварэнне’; ’істота’; ’сусвет’; ’выраб; убор’, польск. twarz ’твар’, н.-луж. twaŕ ’будаўнічы лес, будынак’, в.-луж. twar ’вулей’, чэш. tvář ’шчака; твар’, славац. tvár ’твар; воблік’, славен. tvar ’рэчыва, матэрыял’, серб.-харв. тва̑р ’рэчыва, стварэнне’, балг. твар ’жывое стварэнне’, макед. дыял. твар ’выраз твару’, ст.-слав. тварь ’стварэнне, істота; прырода’, выгляд’. Да прасл. *tvarъ ж. р., якое звязана з *tvoriti агульным праславянскім коранем *tvor‑/*tvar‑ (Фасмер, 4, 31; Чарных, 2, 231; Шустар-Шэўц, 1562–1563; Бязлай, 4, 252; Борысь, 656; Длугаш-Курчабова, 506–507), гл. тварыць. Заслугоўвае ўвагі меркаванне Карскага (2–3, 21) пра запазычанасць формы твар ж. р. ’пярэдняя частка галавы чалавека’ з польск. twarz (гл. таксама Булыка, Лекс. запазыч., 128), якое само лічыцца запазычаным з чэш. tvář ’аблічча, твар’, што, магчыма, калькуе адносіны лац. facerefacies; гл. Басай-Сяткоўскі, Słownik, 402.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ГАЎРУСЁЎ (Сцяпан Захаравіч) (10.5.1931, в. Новааляксандраўка Дрыбінскага р-на Магілёўскай вобл. — 12.3.1988),

бел. паэт, крытык, перакладчык. Скончыў Магілёўскае педвучылішча (1951). Працаваў у прэсе. Друкаваўся з 1947. Аўтар зб-каў паэзіі «Паходныя кастры» (1955), «На грэбнях хваль» (1959), «Шчодрасць» (1962), «Ураган» (1966), «Кляновыя лісты» (1971), «Клопат» (1976), «Водсветы» (1978), «Крона» (1981), «Пладаноснасць» (1986, Літ. прэмія імя А.​Куляшова 1987). Скразны матыў, які прагучаў у паэзіі Гаўрусёва ўзбуйнена і драматычна, як біяграфія цэлага пакалення, — памяць аб вайне («Я вырас пад гарматнымі стваламі»). Трывога за мір на свеце, адказнасць за ўсё жывое на зямлі ў паэме «Профіль веку» (1967), вершах. Сярод інш. тэм — услаўленне ратнага і прац. подзвігу народа, стваральная місія сучасніка, апяванне хараства роднай прыроды (паэма «Штодзённы лістапад», 1959). Паэт адухоўлівае, паэтызуе працу, сілу і прыгажосць чалавека. У яго многа любоўных вершаў, каханне ў якіх наіўнае, пакутнае, цнатлівае і далікатнае, але яно ўзвышае чалавека. Аўтар умее ўздымаць лірычную споведзь ад інтымных пачуццяў да сац. пафасу, ад канкрэтнага, рэальнага вобраза ўзвышацца да рамантычнага, метафарычнага. У душы рамант. героя паэзіі Гаўрусёва, «сонцапаклонніка», які жыве ў касмічнаўзбуйненых маштабах, — няспыннае змаганне дабра са злом. Але пры ўсёй манументальнасці ён жывы, зямны чалавек. Характэрныя рысы паэзіі Гаўрусёва — прадметнасць, канкрэтная, пачуццёвая вобразнасць, гіпербалізаванасць, экспрэсіўнасць пачуццяў, спалучэнне страснай публіцыстыкі з лірычнай задушэўнасцю, інтанац. разнастайнасць, гарманічная традыц. форма верша. На бел. мову пераклаў паэму «Ануш» А.​Туманяна, «Маабіцкі сшытак» М.​Джаліля (1975, з А.​Пысіным), паасобныя творы Я.​Райніса, С.​Капуцікян, Э.​Межэлайціса і інш. Выступаў як крытык і публіцыст.

Тв.:

Зб. тв. Т. 1—2. Мн., 1993—94;

Званы нябёс. Мн., 1988.

Літ.:

Бечык В. Водсветы // Бечык В. Прад высокаю красою... Мн., 1984;

Лойка А. Сустрэчы з днём сённяшнім. Мн., 1968. С 102—106;

Чабан Т. Крылы рамантыкі. Мн., 1982. С. 116—117, 167—169;

Кавалёў С. Партрэт шкла. Мн., 1991. С. 107—118.

І.​У.​Саламевіч.

С.З.Гаўрусёў.

т. 5, с. 90

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́ЛАС,

1) сукупнасць гукаў чалавека або жывёл з лёгачным дыханнем, утвораных з дапамогай галасавога апарату. Голас фарміруецца ў гартані; сілу і афарбоўку набывае за кошт верхніх (глотка, поласць рота, носа, прыдаткавыя пазухі) і ніжніх (трахеі, бронхі) рэзанатараў. Характарызуецца аб’ёмам, вышынёй, сілай, тэмбрам. Адрозніваюць голас гутарковы і пеўчы. Гутарковы голас праходзіць стадыі, якія адпавядаюць развіццю чалавека: ад голасу нованароджаных і немаўлят да голасу састарэлых людзей, калі адбываецца звужэнне дыяпазонаў гукаў па вышыні і па сіле. Пеўчы голас характарызуецца вышынёй, дыяпазонам, сілай і тэмбрам (афарбоўкай). Адрозніваюць пеўчы голас бытавы («непастаўлены») і прафес. («пастаўлены»). Пастаўлены ад прыроды пеўчы голас сустракаецца даволі рэдка; як правіла, прыдатным для прафес. муз. практыкі голас становіцца ў выніку спец. пастаноўкі. Вызначальныя якасці пеўчага голасу — прыгажосць тэмбру, сіла і здольнасць доўга трымаць гук. Оперна-канцэртны голас павінен быць моцным, добра чутным у вял. залах на фоне арк. суправаджэння, валодаць т.зв. палётнасцю. Пеўчы голас мае некалькі рэгістраў. У мужч. голасе вылучаюць грудны рэгістр у ніжняй частцы дыяпазону і фальцэтны ў верхняй, у жаночым — грудны, галаўны (у верхняй частцы дыяпазону) і цэнтральны (медыум, галаўное і грудное гучанне). Тыпы голасу класіфікуюць паводле тэмбру і вышыні: высокі жан. голас — сапрана (найб. высокі — каларатурнае сапрана), сярэдні — мецца-сапрана, нізкі — кантральта; высокі мужч. голас — тэнар, сярэдні — барытон, нізкі — бас. У кожным тыпе больш высокія і светлыя па гучанні голасу маюць назву лірычных, больш нізкія, густыя і цёмныя — драматычных. Асн. форма гукавядзення пеўчага голасу — звязнае спяванне, аснова кантылены.

2) Пэўная меладычная лінія ў шматгалосым муз. Творы.

3) Партыя асобнага інструмента, харавой групы, выпісаная з партытуры твора для яго развучвання і выканання.

4) Матыў, мелодыя песні.

Літ.:

Дмитриев Л.Б. Основы вокальной методики. М., 1968;

Морозов В.​П.​Тайны вокальной речи. Л., 1967;

Юссон Р. Певческий голос: Пер. с фр. М., 1974.

т. 5, с. 322

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕАГРА́ФІЯ РАСЛІ́Н, фітагеаграфія,

раздзел батанічнай і фіз. геаграфіі (біягеаграфіі), які вывучае размеркаванне ў сучасным і мінулым асобных відаў раслін і іх сістэматычных груп па паверхні Зямлі і заканамернасці іх пашырэння. Цесна звязана з геабатанікай, палеабатанікай, геалогіяй і інш. Даследуе сучасныя арэалы відаў, родаў, сямействаў раслін (фітахаралогія) і іх гістарычна складзеныя комплексы — геагр. элементы флоры (фларыстычная геаграфія раслін), высвятляе залежнасць пашырэння раслін ад умоў навакольнага асяроддзя (экалагічная геаграфія раслін), гісторыю развіцця флоры зямнога шара і асобных фларыстычных комплексаў, рассяленне і ўзнікненне відаў і інш. таксонаў раслін (флорагенетыка). Практычнае значэнне геаграфіі раслін звязана з пошукам магчымасцей расшырэння асартыменту неабходных для чалавека раслін, з рашэннем пытанняў іх інтрадукцыі і акліматызацыі.

Развіццё геаграфіі раслін як навукі пачалося з даследаванняў ням. вучонага А.Гумбальта і швейц. батаніка К.Дэкандоля. Вял. значэнне для развіцця гіст. эвалюцыйнага прынцыпу ў геаграфіі раслін мелі вучэнне Ч.Дарвіна, работы рус. Вучоных М.Бякетава, А.М.Краснова, М.І.Кузняцова, У.Л.Камарова і інш., а таксама вучэнне В.​В.​Дакучаева пра зоны прыроды.

На тэр. Беларусі даследаванні па геаграфіі раслін вядуцца з канца 18 — пач. 19 ст. (В.​Бесэр, Э.​Ліндэман, Р.​Пабо, К.​Чалоўскі, Р.​Траўтфетэр і інш.). Шырокую вядомасць мелі фларыстычныя і фітагеагр. працы І.​К.​Пачоскага і В.​С.​Палянскай. Н.-д. работа вядзецца ў НДІ АН Беларусі (Ін-т эксперым. батанікі, Ін-т геал. навук), Цэнтр. бат. садзе, БДУ і інш. Вывучаюцца гіст. і фітагеагр. Сувязі флоры Беларусі з флорамі інш. рэгіёнаў, праводзіцца аналіз уздзеяння чалавека і тэхнагенных фактараў на працэсы флорагенезу, распрацоўваюцца тэарэт. пытанні фітахаралогіі (Н.В.Казлоўская, В.І.Парфёнаў, І.Д.Юркевіч, В.С.Гельтман, Г.​У.​Вынаеў і інш.).

Літ.:

Козловская Н.В. Флора Белоруссии, закономерности ее формирования, научные основы использования и охраны. Мн., 1978;

Парфенов В.И., Ким Г.А., Рыковский Г.Ф. Антропогенныя изменения флоры и растительности Белоруссии. Мн., 1985.

Г.​У.​Вынаеў.

т. 5, с. 115

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІГІЕ́НА (ад грэч. hygieinos здаровы),

галіна медыцыны, якая вывучае ўплыў умоў жыцця і працы на здароўе чалавека, распрацоўвае меры прафілактыкі захворванняў, аптымальныя ўмовы існавання, умацавання здароўя і працягласці жыцця. Цесна звязана з біялогіяй, фізікай, хіміяй, мед. і сац.-эканам. навукамі. Асн. задачы гігіены: распрацоўка крытэрыяў і метадаў ацэнкі ўзроўню здароўя, перадпаталагічнага стану і правіл здаровага ладу жыцця, ажыццяўленне санітарнага нагляду, распрацоўка мерапрыемстваў аховы навакольнага асяроддзя і гігіенічных нарматываў, сан. экспертыза якасці вады, прадуктаў харчавання і прадметаў быт. ўжытку, удзел у распрацоўцы сан. заканадаўства.

Гігіена вядома са старажытнасці. Шырока выкарыстоўвалася ў антычную эпоху. Як самаст. галіна навукі вылучылася ў 2-й пал. 19 ст. Эксперыментальны кірунак у гігіене звязаны з працамі гігіеністаў Германіі (М.​Петэнкофер і яго школа), Вялікабрытаніі (Э.​А.​Паркс), Францыі (З.​Флёры, А.​Пруст, А.​Бушард), Расіі (А.​П.​Дабраславін, Ф.​Ф.​Эрысман). У 20 ст. ў асобныя галіны гігіены вылучаны: асабістая, дзяцей і падлеткаў, працы, радыяцыйная, харчавання (гл. адпаведныя арт.), таксама ваенная, камунальная і інш.

На Беларусі навук. даследаванні па гігіене пачаліся ў 2-й пал. 19 ст. Развіццё гігіены звязана з працамі З.​К.​Магілеўчыка, П.​В.​Астапені, М.​А.​Габрыловіча, Дз.​П.​Бяляцкага, М.​А.​Мухіна, І.​Б.​Кардаша, Г.​Г.​Вінберга, І.​А.​Чахоўскага, С.​Ю.​Бусловіча і інш. Даследаванні вядуцца ў н.-д. ін-тах санітарна-гігіенічным, удасканалення ўрачоў, працы, у мед. ін-тах і інш. ВНУ. Даследуюцца прыродныя і антрапагенныя фактары навакольнага асяроддзя і сац. умоў, якія ўплываюць на здароўе чалавека; распрацоўваюцца і ўкараняюцца ў практыку гігіенічныя нарматывы і правілы; прагназуюцца сан. сітуацыі з улікам развіцця нар. гаспадаркі. У аспекце гігіены вывучаюцца праблемы населеных месцаў і жылля, харчавання, працы і прафес. паталогіі, тэрытарыяльных, прамысл. і с.-г. комплексаў, вытв-сці і выкарыстання пестыцыдаў, палімераў і пластычных мас; развіцця дзяцей і падлеткаў, аховы здароўя.

т. 5, с. 218

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНТАРЭ́С (ад лац. interest мае значэнне, важна),

1) сацыяльны I. (у філасофіі, сацыялогіі і інш.) — рэальная прычына сац. дзейнасці індывідаў, сац. груп, супольнасцей, што ляжыць у аснове непасрэдных намераў (ідэй, жаданняў і інш.) і вызначае сац. паводзіны. Франц. матэрыялісты 18 ст. К.​Гельвецый, П.​Гольбах, Д.​Дзідро бачылі ў І. рэальную аснову маралі, палітыкі, грамадскага ладу ў цэлым. Пры гэтым сац. І. яны разглядалі як простую суму індывід. І., што выводзіліся з нязменнай у цэлым пачуццёвай прыроды чалавека. І.​Кант і Г.​Гегель адзначалі нязводнасць І. да натуральнай прыроды чалавека. Гегель падкрэсліваў, што І. ёсць нешта большае, чым змест намеру і свядомасці, разглядаў бясконцую шматлікасць І. і патрэбнасцей як ажыццяўленне ў гісторыі т.зв. «абсалютнай ідэі». Паводле марксізму, у сац. І. замацоўваюцца адносіны класа ці сац. групы да ўсёй сукупнасці грамадска-паліт. ін-таў, матэрыяльных і духоўных каштоўнасцей, абумоўленыя іх эканам. становішчам; але нязводныя да яго. Адрозніваюць І.: па ступені агульнасці (індывідуальныя, групавыя, грамадскія), сферы накіраванасці (эканамічныя, палітычныя, духоўныя), характары суб’екта (нацыянальныя, дзяржаўныя, партыйныя і інш.), ступені асэнсаванасці (дзейнічаюць стыхійна і на аснове распрацаванай праграмы), магчымасці іх ажыццяўлення (рэальныя і ўяўныя), адносінах да аб’ектыўнай тэндэнцыі грамадскага развіцця (прагрэсіўныя, рэакцыйныя, кансерватыўныя). І. складае аснову любых форм спаборніцтва, барацьбы і супрацоўніцтва паміж людзьмі і выступае ў якасці важнейшых стымулаў дзейнасці і рухаючых сіл гіст. працэсу.

2) У псіхалогіі — форма выяўлення пазнавальнай патрэбнасці. Адрозніваюць І. непасрэдны (выкліканы прывабнасцю аб’екта) і апасродкаваны (характарызуецца адносінамі да аб’екта як да сродку дасягнення мэты дзейнасці). Класіфікуецца паводле зместу (прадметнай аднесенасці) і шырыні прадметнага зместу, па глыбіні (укаранёнасці ў сістэме патрэбнасных адносін асобы) і ўстойлівасці, па сіле і працягласці. У працэсе развіцця І. можа ператварацца ў схільнасць (патрэбнасць у ажыццяўленні дзейнасці, якая выклікае І.).

В.​В.​Філіпава.

т. 7, с. 277

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)