МЕЛІЯРАЦЫ́ЙНАЯ НАВУ́КА,

комплекс навуковых ведаў пра метады, спосабы, мерапрыемствы, канструкцыі і прыстасаванні, што забяспечваюць паляпшэнне кампанентаў прыроднага асяроддзя, якія фарміруюць умовы жыццядзейнасці і жыццезабеспячэння чалавека. У залежнасці ад аб’екта вывучэння М.н. мае кірункі, звязаныя: са зменай клімату праз уздзеянне на яго састаўныя элементы (метэаралагічныя, водныя, раслінныя і інш.; гл. Меліярацыя клімату); з паляпшэннем умоў жыцця чалавека шляхам уздзеяння на навакольнае асяроддзе (акультурванне ландшафтаў, рэкрэацыя, барацьба з затапленнямі, эрозіяй глебы і інш.; гл. Ландшафтная архітэктура, Агралесамеліярацыя); з павышэннем урадлівасці глебы для павелічэння вытв-сці харч. прадуктаў і с.-г. сыравіны. Найб. значэнне мае навука пра с.-г. меліярацыю, якая займаецца распрацоўкай і абгрунтаваннем прыёмаў паляпшэння фіз. уласцівасцей, воднага, паветранага, цеплавога і пажыўнага рэжымаў глебы з мэтай фарміравання высокіх і ўстойлівых ураджаяў с.-г. культур.

С.-г. М.н. мае аб’ектам вывучэння: гідратэхн. (водныя) меліярацыі, звязаныя з паляпшэннем умоў водазабеспячэння с.-г. культур; фіз. (структурныя) меліярацыі, якія паляпшаюць водна-фіз. ўласцівасці глеб, цеплаправоднасць, пажарную і эразійную бяспеку, альбеда і інш.; агратэхн. прыёмы, якія забяспечваюць паляпшэнне воднага рэжыму глеб; культуртэхн. мерапрыемствы, накіраваныя на стварэнне найб. прыдатных палёў для выкарыстання с.-г. тэхнікі (гл. Культуртэхнічныя работы); аграхім. метады, што забяспечваюць павышэнне глебавай урадлівасці і ахову раслін (гл. Аграхімія). М.н. выкарыстоўвае вынікі аграметэаралогіі, агратэхнікі, аграфізікі, аграэкалогіі, балотазнаўства, гідралогіі, гідратэхнікі, глебазнаўства, грунтазнаўства, кліматалогіі, ландшафтазнаўства і інш.

Вывучэнне ўздзеяння чалавека на навакольнае асяроддзе пры яго гасп. дзейнасці пачалося з развіццём цывілізацыі, з пачаткам культ. земляробства. Першыя тэхналогіі ірыгацыі з’явіліся ў 4—3-м тыс. да н.э. ў Егіпце, Індыі, Кітаі, Персіі. Развіццё М.н. стымулявалася неабходнасцю абагульнення набытых ведаў і атрымання рэкамендацый для эфектыўнага ўтаймавання прыроднай стыхіі вады, паляпшэння воднага рэжыму глеб, павелічэння плошчы апрацоўваемых зямель. Найб. дасягненні М.н. набыла ў эканамічна моцных дзяржавах, дзе на яе вылучаліся значныя сродкі (Вялікабрытанія, Германія, Ізраіль, Нідэрланды, ЗША і інш.). Высокапрадукцыйная сельская гаспадарка ў рэгіёнах з залішнім увільгатненнем створана дзякуючы даследаванням і мерапрыемствам па асушэнні, а ў засушлівых рэгіёнах — па арашэнні зямель. Напр., у Нідэрландах з іх пераважна нізіннымі тэрыторыямі прыярытэтным кірункам М.н. з’яўляецца развіццё польдэрных асушальных сістэм, у Ізраілі з яго дэфіцытам водных рэсурсаў — удасканаленне кропельнага арашэння. У Расіі аснову М.н. заклалі працы В.В.Дакучаева і А.М.Касцякова.

На Беларусі пачатак развіцця М.н. звязаны з працамі праф. Горы-Горацкага земляробчага ін-та А.​М.​Казлоўскага (1832—90?), які для асушэння глебы заклаў адзін з першых ва Усх. Еўропе дрэнаж (1856—62). Вял. значэнне мела Заходняя экспедыцыя па асушэнні балот пад кіраўніцтвам І.І.Жылінскага. Развіццю М.н. паспрыяла стварэнне ў 1911 Мінскай балотнай станцыі, на базе якой у 1930 арганізаваны Усесаюзны НДІ балотнай гаспадаркі (з 1956 Бел. НДІ меліярацыі і воднай гаспадаркі, з 1992 меліярацыі і лугаводства Беларускі НДІ). У апошнім канцэнтраваліся даследаванні па інж. (гідрамеліярацыйным) і агранамічным (аграмеліярацыйным) кірунках М.н. Н.-д. работы па воднай, агратэхн., хім. меліярацыях вядуцца таксама ў БСГА, Цэнтр. НДІ комплекснага выкарыстання водных рэсурсаў, Брэсцкім політэхн. ін-це, БПА, НДІ глебазнаўства і аграхіміі і інш. Бел. М.н. мае прыярытэт у даследаваннях генезісу балот, вывучэнні водна-фіз. і хім. уласцівасцей тарфяна-балотных глеб, метадаў павышэння іх урадлівасці, засваення і эфектыўнага с.-г. выкарыстання, у распрацоўцы і абгрунтаванні метадаў і спосабаў паляпшэння воднага рэжыму глеб ва ўмовах няўстойлівага ўвільгатнення, у стварэнні перспектыўных канструкцый гідрамеліярацыйных сістэм.

Літ.:

Костяков А.Н. Основы мелиорации. 6 изд. М., 1960;

Орошение и осушение в странах мира. М., 1974;

Сельскохозяйственные гидротехнические мелиорации. М., 1981;

Использование мелиорированных земель: Справ. пособие. Мн., 1986.

А.​П.​Ліхацэвіч.

т. 10, с. 273

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІФАЛО́ГІЯ (грэч. mithologia ад mithos паданне + ...логія),

сукупнасць міфаў, стараж. апавяданняў, якія ў фантаст. форме абагульнена адлюстроўваюць жыццё прыроды і людзей: будову Сусвету, паходжанне Зямлі, раслін, жывёл, уяўленні аб гераічных учынках, высокіх чалавечых пачуццях, каханні, вернасці і інш. М. часта знаходзіцца ў непасрэднай сувязі з рэлігіяй. Гал. яе героямі выступаюць багі. М. ўзнікла ў эпоху абшчынна-радавога развіцця грамадства. Ва ўзнікненні міфаў вял. ролю адыгралі раннія рэліг. ўяўленні — фетышызм, татэмізм, анімізм, магія. Міфалагічныя вобразы эпохі матрыярхату характарызаваліся нязграбнымі формамі (напр., шматгаловыя злыя пачвары). У эпоху патрыярхату зарадзіліся ўяўленні пра гераічных асоб, якія перамагалі злыя сілы. З пераходам людзей да аселага жыцця ўзмацніліся ўяўленні пра адзінства роду, пачаў складвацца культ продкаў і з’явіліся міфы аб продках. Спробы разабрацца ў будучыні прывялі да ўзнікнення эсхаталагічнай М. У раннякласавай абшчыне М. стала алегарычнай формай выражэння рознага роду рэлігій.

Навук. падыход да вывучэння М. ўзнік у эпоху Адраджэння. Аднак да 18 ст. ў Еўропе вывучалася пераважна ант. М. У 18 ст. гіст. тлумачэнне М. даў італьян. філосаф Дж.​Віка. Рамантызм узмацніў цікавасць да М.; пачалося збіранне і пераказванне нар. паданняў, казак і міфаў, стала складвацца міфалагічная шкала, якая тлумачыла міфы як крыніцу нац. культуры. У рамках міфалагічнай школы ў сярэдзіне 19 ст. ўзнік шэраг тэорый: салярна-метэаралагічная вытлумачвала міфы як алегорыю астр. з’яў; тэорыя «ніжэйшай міфалогіі» разглядала міфы як адлюстраванне звычайных з’яў жыцця; прыхільнікі анімістычнай тэорыі лічылі, што міфы — вынік пераносу ўяўленняў аб чалавечай душы на ўсю прыроду; пашыраная ў 19 ст. гісторыка-філалагічная тэорыя разглядала міф як пераасэнсаванне стараж. магічных абрадаў. Асабліва багатая М. была ў стараж. грэкаў (міфы пра Зеўса, Афрадыту, Праметэя і інш.). Даволі развітымі былі М. ў Стараж. Егіпце, Індыі, Міжрэччы, Кітаі і інш Старажытнаслав. М., што зарадзілася ў праславянскія (да сярэдзіны 1-га тыс. в.э.) часы, дыферэнцыравалася па меры рассялення славян ў Цэнтр. і Усх. Еўропе. Паводле функцый герояў і характару іх сувязей з калектывам у слав. М. вылучаюць некалькі ўзроўняў. Вышэйшы іх узровень характарызуецца найб. абагульненым тыпам функцый багоў, іх сувяззю з афіц. культам. Да яго адносяць Перуна, Вялеса і інш., якія ўвабралі ў сябе ваен. і гасп.-прыродную функцыі. Да больш нізкага ўзроўню адносяць багоў, звязаных з гаспадаркай і абрадам, а таксама багоў, што ўвасаблялі цэласнасць замкнёных невял. калектываў (Род, Чур і інш.). Элементы наступнага ўзроўню характарызуюцца большай абстрагаванасцю функцый (Доля, Ліха, Праўда, Смерць, Злыдні і інш.). Да ніжэйшага ўзроўню адносяць класы індывідуалізаванай нячыстай сілы, духаў, жывёл, звязаных з прасторай ад дома да лесу (дамавікі, лесавікі, русалкі, вадзянікі і інш.). У бел. М. пашыраны міфы пра дрэвы (дуб, бярозу, рабіну, явар, каліну), кветкі (зязюльчыны слёзы, папараць-кветку), птушак (зязюлю, бусла, ластаўку, салаўя, дзятла, варону), паходжанне асобных рэк, балот, азёр, узгоркаў і інш., міфалагічныя паданні пра волатаў і курганы-валатоўкі. Багата міфаў, звязаных з Купаллем, з агульнаслав. божаствамі (Перун, Жыжаль, Вялес) і з божаствамі, звязанымі з земляробчым календаром (Зюзя, Ярыла, Цаца, Лёля, Лада, Цёця, Жыцень і інш.).

Літ.:

Мифы народов мира: Энцикл. Т. 1—2. 2 изд. М., 1991—92;

Евсюков В.В. Мифы о Вселенной. Новосибирск, 1988;

Грейвс Р. Мифы Древней Греции: Пер. с англ. М., 1992;

Міфы Бацькаўшчыны. Мн., 1994;

Асов А.И. Мифы и легенды древних славян. М., 1998;

Легенды и мифы Древней Греции и Древнего Рима. СПб., 1998;

Котерелл А. Мифология: Энцикл. справ.: Пер. с англ. Мн., 1999.

М.​А.​Дабрынін, У.​А.​Замкавец.

т. 10, с. 479

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАПЕ́РА (ад грэч. papyros выраб з расліны папірус),

тонкі ліставы шматкампанентны матэрыял, які складаецца са спецыяльна апрацаваных здробненых раслінных валокнаў, цесна пераплеценых паміж сабой і злучаных сіламі счаплення рознага тыпу. Вядома больш за 600 відаў П.: для друку, пісьма, апаратаў (тэлеграфная, для прынтэраў і інш.), чарцёжна-рысавальная (напр., калька), святлоадчувальная (напр., папера фатаграфічная), папяросная, сан.-гігіенічная, прамыслова-тэхн. (напр., патронная, электратэхн., наждачная) і інш. Характарызуецца масай 1 м² (4—250 г), таўшчынёй (4—400 мкм), фіз.-мех. ўласцівасцямі, колерам, беласцю, гладкасцю, усмоктвальнай здольнасцю. П. ўдзельнай масай больш за 250 г/м² — кардон. Вырабляецца П. на папераробных машынах (у рулонах, бабінах, лістах).

Для вытв-сці П. выкарыстоўваюць цэлюлозу дрэвавых парод і аднагадовых раслін, драўняную масу. Паводле кампазіцыйнага саставу адрозніваюць П. №1 (мае 80—100% цэлюлозы, выкарыстоўваецца для выданняў з тэрмінам службы больш за 10 гадоў) і №2 (80—25% цэлюлозы, для выданняў з тэрмінам службы 2—8 гадоў). Папяровыя кампазіцыі маюць таксама мінер. напаўняльнікі (робяць П. непразрыстай, павышаюць яе беласць і гладкасць), праклейваючыя матэрыялы (напр., каніфоль; павышаюць трываласць і шчыльнасць П.), фарбавальнікі, палімерныя сувязныя і інш. кампаненты. З хім. валокнаў, палімерных плёнак атрымліваюць П. сінтэтычную, якую выкарыстоўваюць для вырабу геагр. карт, грашовых купюр, дакументаў і інш.

П. вынайдзена ў Кітаі (упамінаецца ў кітайскіх крыніцах 1 ст. н.э., з 76 пачала выкарыстоўвацца для кніг). Атрымлівалі П. асаджэннем на сетку раслінных валокнаў з воднай суспензіі. У 105 кітаец Цай Лунь удасканаліў спосаб атрымання П., што дазволіла вырабляць яе з драўнянага лубу, пянькі і ануч. Спосаб вырабу П. кітайцы трымалі ў сакрэце. У 7—8 ст. ён вывезены ў Карэю і Японію. З 751 стаў вядомы ў Арабскім халіфаце (ф-ка ў Самаркандзе), потым у Багдадзе, Дамаску і інш. У Еўропе вытв-сць П. вядома з 12 ст. (з 1150 у Іспаніі, з 1276 у Італіі і інш.; з 1716 у Расіі). Яна прыйшла на змену папірусу і пергаменту. Адной з асн. аперацый пры вырабе П. было здрабненне папяровай масы. Спачатку яно рабілася ўручную, з 13—15 ст. — мех. таўчыльнямі, з канца 17 ст. — нажамі, насаджанымі на метал. валы (роламі). Здробненая маса падагравалася ў чанах з вадой, адцэджвалася, выкладвалася на лісты сукна ці лямцу, прапускалася праз прэс, сушылася, апрацоўвалася молатамі, лушчылася. У 1799 у Францыі вынайдзены механізаваны спосаб адліву папяровай масы, што стала пачаткам машыннай вытв-сці П. Да сярэдзіны 19 ст. П. выраблялі пераважна з рыззя. Паступова да папераробнага абсталявання далучаліся секцыі прасавання, сушкі, каландравання, намоткі П. ў рулоны. Павялічвалася (да 9 м) шырыня папяровага палатна, ролы былі заменены размолачнымі апаратамі. Найб. пашыраным стаў «мокры» спосаб вытв-сці П. з выкарыстаннем плоска- або двухсеткавых папераробных машын (з сеткавай, прэсавай, сушыльнай часткамі, каландрам і накатам для змотвання ў рулон).

На Беларусі П. з рыззя пачалі вырабляць у пач. 17 ст., з драўніны — з сярэдзіны 19 ст. У 1728 заснавана папяровая майстэрня ў Паставах, у 1850 было 10 мануфактур, у 1870 пушчана Добрушская папяровая фабрыка. З сучасных найбольшы ў рэспубліцы Светлагорскі цэлюлозна-папяровы завод. Гл. таксама Цэлюлозна-папяровая прамысловасць.

Літ.:

Шитов Ф.А., Шитов И.Ф. Технология бумаги и картона. 3 изд. М., 1983;

Примаков С.Ф. Производство бумаги. М., 1987;

Фляте Д.М. Технология бумаги. М., 1988;

Сквернюков П.Ф. В миреговорящих листков. М., 1990.

У.​М.​Сацута.

Да арт. Папера. А — старажытныя прыстасаванні для вырабу паперы (1 — чан з пульпай з раслінных валокнаў; 2 — канструкцыя для трымання сеткі; 3 — бамбуковая сетка для зачэрпвання пульпы); Б — «Поўны працэс вытворчасці паперы» (гравюра 17 ст.).
Схема вытворчасці паперы: 1 — балансавая драўніна; 2 — караабдзіральны барабан; 3 — жорны (стружкарэз); 4 — прамыўная калонка; 5 — аўтаклаў; 6 — адбельвальнік; 7 — прамыўшчык пульпы; 8 — сіта; 9 — корабы адсмоктвання вады; 10 — адціскныя вальцы; 11 — сушыльныя вальцы; 12 — каландр; 13 — рулон паперы.

т. 12, с. 62

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЫМО́РСКІ КРАЙ.

Размешчаны на Пд Д. Усходу Расійскай Федэрацыі. Утвораны 20.10.1938. Мяжуе на З з Кітаем, на ПдЗ з КНДР; абмываецца Японскім м. Буйны заліў — Пятра Вялікага падзелены на шэраг невял. заліваў (Пасьета, Славянскі, Амурскі, Усурыйскі, Находка, Вольгі, Рында, Усход, Уладзіміра). У складзе П.к. астравы: Рускі, Папова, Пуцяціна, Рэйнеке, Рыкарда, Рымскага-Корсакава, Аскольд, Пятрова і інш. Пл. 165,9 тыс. км². Нас 2173 тыс. чал. (2000), гарадскога 78%. Сярэдняя шчыльн. 13,2 чал. на 1 км². Жывуць рускія (86,9%), украінцы (8,2%), беларусы (1%), нанайцы, удэгейцы, орачы, арокі, ульчы, эвены, эвенкі, негідальцы. Цэнтр — г. Уладзівасток. Найб. гарады; Находка, Усурыйск, Арцём, Вялікі Камень, Арсеньеў, Партызанск, Спаск-Дальні, Дальнягорск, Дальнярэчанск.

Прырода. Большая ч. тэр. занята гарамі Сіхатэ-Алінь (выш. да 1855 м, г. Воблачная), на З — адгор’і Усх.-Маньчжурскіх гор. На ПдЗ Усурыйская і Прыханкайская нізіны. Карысныя выкапні: поліметал. руды, волава, вальфрам, свінец, цынк, медзь, серабро, золата, бор, флюарыт, рэдказямельныя элементы, тытан, вісмут, жалеза, марганец, буры і каменны вуглі (запасы 2647 млн. т). Больш за 200 радовішчаў няруднай сыравіны, каля 100 крыніц мінер. вод. Клімат мусонны. Сярэдняя т-ра студз. ад -17 °C да -27 °C, ліп. 14—21 °C. Гадавая колькасць ападкаў 600—900 мм. Частыя тайфуны. Гал. рака — Усуры з прытокамі Вял. Усурка, Бікін і інш. Найб. воз. Ханка. Глебы бурыя і шэрыя лясныя, у далінах рэк алювіяльныя. Пад лесам 75% тэр., запасы драўніны 1769 млн. м³. На Пд пашыраны хваёва-шыракалістыя лясы маньчжурскага тыпу (карэйскі кедр, прыморская піхта, маньчжурскі арэх, коркавае дрэва, мангольскі дуб), вінаград, лімоннік і інш.; на Пн хваёва-шыракалістыя лясы ў сумесі з ахоцкай флорай. Жывёльны свет прадстаўлены паляўніча-прамысл. (лось, ізюбр, казуля, дзік, кабарга, вавёрка, норка, выдра, собаль, гарнастай і інш.) і рэдкімі відамі (усурыйскі тыгр, леапард, чырвоны воўк, усурыйскі плямісты алень і інш.). Ва ўзбярэжных водах каля 700 відаў жывёл і мноства відаў водарасцей і траў. Запаведнікі (Сіхатэ-Алінскі, Лазоўскі, Усурыйскі, Кедравая Падзь, Ханкайскі, Далёкаўсходні марскі) і нац. паркі (Верхнеусурыйскі, Кема-Амгінскі, Сярэднеусурыйскі).

Гаспадарка. П.к. найб. развіты ў прамысл. адносінах раён Д. Усходу. На долю прам-сці прыпадае 29,3% кошту ўсёй прадукцыі, сельскай гаспадаркі — 4%, транспарту — 15,7%. Гал. галіны прам-сці: харч. (46,4% прамысл. прадукцыі), машынабудаванне, лясная і дрэваапрацоўчая. У харч. прам-сці вылучаецца рыбная. У 1998 улоў рыбы і морапрадуктаў 1,4 млн. т. (15% улову Расіі). Асн. прамысл. рыбы: кета, гарбуша, селядзец, камбала, тунец, сайра, скумбрыя, палтус, марскі акунь. Перапрацоўка рыбы ў Находцы і Уладзівастоку і на плывучых рыбаперапр. з-дах. Цукр., мясная, кандытарская, піваварная, алейнатлушчавая прам-сць. Машынабудаванне (вытв-сць рыбалоўных суднаў і суднавых механізмаў, інструментаў, станкоў, лёгкіх верталётаў) у Находцы, Уладзівастоку, Арсеньеве. Дрэваапрацоўка. З энергарэсурсаў здабываюць пераважна буры вугаль (9,4 млн. т, 1998). Вытв-сць электраэнергіі 7,9 млрд. кВт∙гадз. (1998). Арцёмаўская, Прыморская, Партызанская, Лучагорская ДРЭС, Усурыйская ЦЭЦ. Гарнарудная прам-сць і каляровая металургія прадстаўлены здабычай поліметал. руд, іх абагачэннем і металургічнай пераробкай. Вытв-сць алавяных рудаканцэнтратаў, вальфраму, свінцу і свінцова-цынкавага канцэнтрату. Адзіны ў краіне горнахім. камбінат «Бор» (Дальнягорск) дае 90% борных вырабаў Расіі. На базе радовішча плавікавага шпату працуе Яраслаўскі горнаабагачальны камбінат. Развіта лёгкая прам-сць, буд. матэрыялаў, вытв-сць муз. інструментаў. На тэр. П.к. дзейнічаюць свабодныя эканам. зоны «Находка» і «Туманган» (частка). Сельская гаспадарка спецыялізуецца на вырошчванні збожжавых і тэхн. культур, мяса-малочнай жывёлагадоўлі. Пад пасяўнымі пл. 490 тыс. га (1998). Сеюць авёс, ячмень, пшаніцу, рыс, сою. Вырошчваюць бульбу, агародніну, кармавыя культуры. Гадуюць буйн. раг. жывёлу, свіней. Зверагадоўля (норка, серабрыста-чорная лісіца), аленегадоўля (плямісты алень). Пчалярства. Здабыча пушніны, збор дзікарослых лекавых раслін, у т. л. жэньшэню. Найб. парты — Уладзівасток, Находка. Даўж. чыгунак 1560 км (гал. чыгунка — Транссібірская магістраль), аўтадарог з цвёрдым пакрыццём 6970 км, у т. л. Хабараўск — Уладзівасток. Курорты Садгорад, Шмакаўка.

В.​М.​Корзун.

т. 13, с. 72

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Жаўлак 1 ’зацвярдзенне, пухліна’, ’акруглы кусок мінералу’, жевла́к ’тс’ (Нас.). Рус. дыял. жевла́к ’пухліна, гуз, жаўлак’, ’нарыў’, ’яйка’, ’валляк у курыцы’, желва́к ’жаўлак’, смал. жевло́ ’пухліна’, укр. жо́вна, жо́вно ’пухліна, зацвярдзенне ў людзей, жывёл, раслін’, ’мускулы’, серб.-харв. жу̑љ ’мазоль’, ’цяжкая праца’, славен. žulj ’мазоль’. Параўн. рус. желва́к ’жаўлак’, балг. желва́к ’белы кварцавы каменьчык’ (Гераў), чэш. žluna ’залатуха’ (Фасмер), славен. žę̑lva ’нарыў са свішчом; залатуха’, ’чарапаха’. Апошняе слова са знач. ’чарапаха’ прадстаўлена ў польск., н.-луж., в.-луж., чэш., балг. (гл. жаўлак 2). Ст.-рус. желвакъ ’пухліна’ (з XVIII ст.), желы або желвь ’тс’ (Лаўр. л.), жолвачокъ (XVII ст.) ’заменнае яйка ў гульні’, желватый ’пра расліну з выступамі, патаўшчэннямі’ (1519 г.), желва і г. д. ’чарапаха’. Паводле Шанскага (1, Ж, 280–281), рус. желвак утвораны з суф. ‑ак ад асновы желва, паралельнай да желы. Фасмер (2, 41) піша: «верагодна, да жолвь ’чарапаха’…». Трубачоў (ВСЯ 2, 33–34) пацвярждае гэта аб’яднанне, а таксама дадае да гэтага кораня галава, жалеза, залоза. Трэба, аднак, улічыць іншую магчымасць. Яшчэ Зубаты (Studie, 1, 2, 128) адзначыў цяжкасці семантычнага аб’яднання ’чарапахі’, ’галавы’ і ’жаўлака’. Фасмер пераканаўча адкідвае асобныя тлумачэнні слав. слоў для ’жаўлака’ і ’чарапахі’, аднак семантычныя цяжкасці іх аб’яднання застаюцца. Серб.-харв. і славен. žulj ’мазоль’ тлумачыцца ў сувязі з gula (Скок, 1, 632; Безлай, 1, 186); гл. гуля. Гэта слова ўзводзіцца да і.-е. кораня *gou‑, *gəu‑ ’згінаць’ (Покарны, 1, 393) з падаўжэннем ‑l‑; пры чаргаванні галосных корань прымае форму *geul‑ і дае назву мазаля жуљ. Форма жаўлак < *ževl‑akъ можа быць дыялектным адлюстраваннем *geu̯l‑ (параўн. жаўрэць). Корань узаемадзейнічае з *želū‑ ’чарапаха’ (< ’касцяное’) і так узніклі формы тыпу рус. желвак. Слав. дзеяслоў на базе кораня *geul‑ або *geuəl‑ прадстаўлен, відаць, у словах тыпу славен. žaliti ’муліць, націраць’. Гл. Праабражэнскі, 1, 225; іначай БЕР, 1, 523 (з тлумачэннем балг. желвак ад жила); Мяркулава, Этимология, 1981, 64.

Жаўла́к 2 ’чарапаха’ (Багушэвіч, Мар. дыс., 175). Польск. żółw, н.-луж. žołw, в.-луж. źołwja, чэш. želva, балг. жълва, ц.-слав. жєлъвь, жєлъва, ст.-рус. желва, желвь ’чарапаха’. Прасл. *žely < і.-е. *ghelū ’чарапаха’ (Покарны, 1, 445); параўн. грэч. χέλυς ’чарапаха’. Сувязь з жоўты, аб якой пісаў Мейе (Études, 268), слушна адкідваў Фасмер (2, 41), як і падобнае меркаванне Зубатага (Studie, 1, 2, 124, 128, 133). Першаснае *ghel‑ суадносіцца з галава, жалеза і мела значэнне ’цвёрдае, касцяное, камень’ (Трубачоў, ВСЯ, 2, 33–34). Сувязь з жаўлак, мае хутчэй другасны характар.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Скарада́ 1 ‘скарадзьба, баранаванне’ (Касп.), ‘барана’ (Ласт., Байк. і Некр.), ‘барана з устаўнымі зубамі’, перан. ‘упартасць, маральная няўстойлівасць’ (Нік. Очерки). Рус. дыял. скорода́ ‘барана’. У апошнім значэнні прасл. *skorda, дэрыват з суф. ‑a ад прасл. *skorditi ‘баранаваць’. Мяркулава (Этимология–1973, 55) у якасці паралелі падае ўкр. гуц. коро́да ‘моцна сукаватае дрэва’, якое магло служыць прымітыўнай бараной. Гл. скарадзіць і наступнае слова.

Скарада́ 2 ‘усходы, асенняя рунь’ (Ян., Шатал.), ‘вясновыя ўсходы яравых’ (Яшк.), ‘усходы’ (Ян., усх.-палес., Выг., Пятк. 1), скарадзі́цца ‘налівацца’ (Шатал.), скарадзе́ць ‘зелянець’ (Пятк. 1), скороды́тысь ‘усходзіць’ (палес., Выг.). Укр. палес. скорода́ ‘ўсходы пасеваў, рунь’. Да скарадзіць (гл.), што да і.-е. *(s)ker‑ з ‑d‑расшыральнікам; гл. Мяркулава, Этимология–1973, 55. Архаічны семантычны дыялектызм. Параўн. аднак славен. skráda ‘пшаніца, Triticum repens’, што дае падставы для рэканструкцыі прасл. *skorda ‘штосьці калючае, завостранае’ (Сной у Бязлай, 3, 247).

Скарада́ 3 ‘цыбуля-скарада, Allium schoenoprasum L.’ (Кіс.). Укр. дыял. скорода́ ‘цыбуля, Allium angulosum L.’, рус. скорода́ ‘палявыя дзікія цыбуля або часнок’, дан. ско́рда ‘часнок’. Запазычанне з грэч. σκόροδοѵ, σκορδοѵ ‘часнок’, роднаснага алб. hurdhë ‘тс’ (ЕСУМ, 5, 282; Міклашыч, 303; Фасмер, 3, 652). Гл. таксама Мяркулава (Очерки, 133) з некаторымі сумненнямі адносна ўкраінскіх назваў. Параўн. наступнае слова (гл.).

Скарада́ 4 ‘асака, Carex L.’ (Інстр. 2), ‘асака пальчатая, Carex digitata L.’ (маг., Кіс.), скаро́да ‘тс’ (Касп.). Укр. скоро́да ‘асака’. Відаць, этымалагічна тое ж, што і скарада 1, 2 (гл.). Да семантыкі параўн. іншыя назвы, як целарэз і рус. том., кемер. реза́чка (да рэзаць, гл.). Але не выключаны і перанос назвы з дзікай цыбулі (гл. папярэдняе слова) з прычыны падабенства — вострае вузкае лісце. Паводле Сноя (Бязлай, 3, 247), усе назвы раслін з такімі характарыстыкамі, параўн. серб. скрада ‘ажына, сітніца, Luzula silvatica’, укр. бойк. ско́род ‘від высокай травы’, славен. skrada, škrada ‘пшаніца, Tritium repens’, як і скарада ‘барана’, узыходзяць да прасл. *skorda ‘штосьці калючае, завостранае’, што ўяўляе nomen agentis ад дзеяслова, прадстаўленага ў літ. sker̃sti ‘забіваць жывёліну, калоць’, skardýti ‘тс’, лат. šķḗrst ‘расколваць; вязаць’ < і.-е. *(s)ker‑d‑ ‘рэзаць, калоць’, у тым ліку ад той жа асновы і грэч. σχόρ(ο)δον ‘часнок’.

Скарада́ 5 ‘панікніца, Geum L.’ (Бяльк.). Няясна. Фармальна да папярэдняга, але аснова намінацыі няясная. Магчыма, перанос са скарада 1, параўн. іншыя назвы розных відаў гэтай расліны: маг. грабелькі, рус. гребник, укр. гребенник (Аненкаў, 157), калі апошнія не сапсаваныя заходнеславянскія назвы, параўн. чэш. hrebičková bylina ‘гваздзіковае зелле’, таму што сухі корань яе мае пах гваздзікоў; чэшская назва з’яўляецца ўласна перакладам грэчаскай назвы расліны, гл. Махэк, Jména, 106.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Кайстра́ 1 ’кастра, адходы, якія атрымліваюцца ў выніку перацірання адзеравянелых частак сцябла пры мяцці і трапанні валакністых раслін (лёну, канапель і інш.)’ (Бяльк., Мат. Гом., Яўс.), койстра (петрык., Шатал.), кайстрыца (Маш., Радч., Янк. 2, Янк. 3.), кайстрыйка, кайстрычка (Бяльк.), кайстрысты ’з кастрыцай’ (Яўс.). Геаграфія слова ўсх.-бел. толькі н.-зыбк., усх.-бран. койстра ’тс’. Мясцовая (усх.-бел.) інавацыя на базе кастра (гл.), фанетыку вытлумачыць з упэўненасцю цяжка. Магчыма, ‑й‑ «узнаўляецца» па аналогіі з лексікай, дзе адзначаюцца формы з ‑й‑ і без; не выключана, што тут уплыў слова кайстра 2, якое магло ўспрымацца як ананімічнае, аб фанетыцы апошняга гл. кайстра 2.

Кайстра́ 2 ’дарожная торба, заплечны мяшок’ (БРС, ТСБМ, Бяльк., касцюк., КЭС; Серж., Некр., Чуд., Шн. 3; Эр. Очерки; Яўс.), ’торба, мех; кошык’ (Мат. Гом.), ’торба’ (Янк. 1), ’торба з палатна’ (мін., Карскі 1, 2; Маш.), ’торба са скуры’ (Грыг.), кайстры ’мяшкі ў выглядзе кішэнь з палатна, якія носяць старцы’ (Радч.), кайстрачка (Сержп.), кайсцерка (Мат. Гом.). Укр. кайстра ’мяшок’ усх.-палес. ’торба’, спарадычна кастра і тайстра, рус. смал. і бран. кайстра ’мяшок, торба, аброчная торба’, СРНГ прыводзіць яшчэ памету «паўдн.-усх.» у форме кастра — курск. Брукнер (564) адзначае: «…kajstra ў гаворках, хаця звычайная польск. форма — tajstra». Слова лічыцца запазычаннем з лац. мовы. Фасмер (2, 162), аднак, не ўказвае шляхоў запазычання. Геаграфія слова ва ўсх.-слав. мовах сведчыць аб пранікненні або запазычанні з польск. мовы. У польск. Брукнер (там жа) меркаваў аб непасрэднай крыніцы чэш. tanistra. Гэта для польск. tajstra; формы з ‑к‑, аднак, бліжэй да лац. canistrum (з грэч.) ’кошык, пляцёнка’. Разглядаемая форма з’яўляецца, відаць, зыходнай для палес. тайстра, польск. tajstra; Фасмер (2, 162) тлумачыў з’яўленне дыстантнай дысіміляцыяй; працэс, як у гумага < бумага. Фанетыку слова (кайстра < canistrum) вытлумачыць цяжка, хутчэй за ўсё тут нерэгулярныя трансфармацыі, «апрацоўка» ў гаворках. На гаворкавы (кантактны) шлях распаўсюджання ўказвае шырокая вядомасць нелітаратурнай для польскай мовы формы слова. Неабходна, аднак, звярнуць увагу на тое, што бел. слова — усходняе па геаграфіі. Сімптаматычна, што Сл. паўн.-зах. адзначае формы кайстра і кэйстра толькі з Рагачоўскага і Калінкавіцкага раёнаў, што сведчыць аб запазычанні з польск. перыферыйнага дыялекту. Рус. гаворкі атрымалі слова за бел. пасрэдніцтвам; кур. кастра або з усх.-палес. кастра, або вынік незалежнай карэкцыі формы па блізкай у гукавым плане костра ’кастрыца’. Аб распаўсюджанні слова на ўкр. тэрыторыі дакладных звестак няма; не выключана, што ёсць два арэалы пранікнення: з польск. мовы і бел. Параўн. яшчэ тайстра (гл.).

Кайстра́ 3 ’агонь, полымя’ (Мат. Гом.). Мясцовая трансфармацыя слова касцёр. Магчыма, спачатку з формы кайсцёр, аналагічна і не без уплыву кайстра 1 (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пук 1 ’выклічнік, што перадае стук, стрэл, лопанне ці гук падзення’ (“падение чего, особенно круглого”, Нас.; мсцісл., Нар. лекс.; Сержп.; Нік. Очерки; ЭШ), ’бух, бульк’: бобе́р пук у во́ду (ПСл), укр. пук, пу́ку, рус. пук (пераважна смаленскае), польск. puk, pąk, чэш., славац. puk, в.-луж., н.-луж. puk, славен. pok, серб.-харв. пук, балг., макед. пук. Старое гукаперайманне, параўн. Смаль-Стоцкі, Приміт. 170 (варыянты pukъ! puku!), роднаснае ням. pochen ’стукаць’ (Махэк₂, 406). Гл. пукаць 1.

Пук 2 ’выпукласць, пукатасць’: у пуку клепка выгінаецца (ТС), ’самая высокая, аддаленая частка, кропка чаго-небудзь’: пук неба (Нар. Гом.), ’самая сярэдзіна’: puk zimy (Варл.), ’выгіб пілы’ (ПСл), пук, мн. л. пуке́ ’выступы на падэшве нагі каля пальцаў’ (Сцяшк.), пука́ ’выпукласць ступні каля большага пальца’ (Дразд.); параўн. укр. дыял. пу́ка ’ўнутраны бок канца пальца’, рус. дыял. пук ’выпуклая сярэдняя частка бочкі’, пуки́ ’найбольш шырокія месцы ў ступні’. Утворана на базе прасл. *pǫkъ ’нешта раздутае, тоўстае, выпіраючае’, звязана з пу́чыць ’выступаць, выстаўляць, выпіраць’ (гл.).

Пук 3 ’кветканоснае сцябло, стрэлка (цыбулі, шчаўя і інш. раслін)’ (пераважна паўн.-усх., ЛА, 2; Яўс., Варл., Сл. ПЗБ, Шатал., Янк. Мат., карэл., Жыв. сл.; Жд. 2), пу́чча ’тс’ (ЛА, 2; Ян.; Сл. ПЗБ; Мат. Гом.), ’маладыя парасткі’ (брагін., Шатал.), ’аер’ (б.-каш., Мат. Гом.), пукі́ ’адросткі пер’яў пасля лінькі’ (брасл., Нар. словатв.; паст., ЛА, 1), сюды ж пучы́цца ’расці ў стрэлкі (аб цыбулі)’ (Яўс.), фраз. пайсці ў пук (пукі, пучча) ’ператварыцца ў пустацвет (пра расліны); іран. ’застацца ў дзеўках, не выйсці замуж’ (Сл. ПЗБ, Растарг.), пукава́тая ’якая пайшла ў пукі (пра моркву)’ (Жд. 1); рус. пуки́ ’шчаўе ў час цвіцення’, польск. pąk ’завязь кветкі’, чэш., славац. puk ’тс’. Прасл. *pǫkъ ’нешта раздутае, тоўстае’ звязваюць з пу́каць ’лопацца, раскрывацца’ гукапераймальнага паходжання, роднасным ням. pochen ’тс’, гл. Шустар-Шэўц, 2, 1189; Махэк₂, 406; параўн. Фасмер, 3, 403; Чарных, 2, 82; ЕСУМ, 4, 629.

Пук 4 ’звязка; сноп; скрутак; ахапак’ (ТСБМ, Гарэц., Бяльк., ЛА, 4; Варл., ТС, Ян., Яўс., Раст., Шат., Сл. ПЗБ, ПСл) ’галінкі, пасечаныя і звязаныя ў куль для паліва’ (Сцяц.), пучо́к ’ахапак звязаных дроў’ (стол., Сл. Брэс.), ’збітыя жэрдкі для прыціскання стога’ (мазыр., Шатал.); укр. пук ’звязка’, рус. пук ’звязка; паплавок з пучка травы; мяч з шэрсці, апука’, польск. pęk ’гронка, звязка’. Утворана на базе праслав. *pǫkъ ’нешта раздутае, тоўстае’ як вынік злучэння ў адно некалькіх аднародных прадметаў. Гл. папярэдняе слова.

Пук 5 ’расліна дзягіль, Archangelica officinalis Hoffm.’ (Кіс.), укр. пук ’расліна гірча, Selinum carvifolia L.’, а таксама ’баршчэўнік, Heracleum sibiricum L.’ Хутчэй за ўсё, ад пук 3 ’стрэлка, кветаноснае сцябло’, параўн. рус. дыял. пуки́ ’шчаўе ў час квецені’. Гл. таксама ЕСУМ, 4, 629.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

МІ́РСКІ ЗА́МКАВА-ПА́РКАВЫ КО́МПЛЕКС,

помнік архітэктуры 16 — пач. 20 ст. ў г.п. Мір Карэліцкага р-на Гродзенскай вобл. Пабудаваны ў пач. 16 ст. магнатам Ю.​І.​Іллінічам. З 1568 належаў кн. Радзівілам, у 19 ст. Вітгенштэйнам і Святаполк-Мірскім. Уключае замак, палац (захаваўся часткова), парк, капліцу-пахавальню (гл. Мірская капліца). Замак напачатку быў мураванай (цэгла і бутавы камень) крэпасцю (з унутр. дваром, блізкім у плане да квадрата), абнесенай з зах. і паўн. бакоў абарончымі сценамі (выш. з падмуркам каля 13 м, таўшчыня ўнізе 3 м) з 5-яруснымі вежамі па вуглах. Пасярэдзіне зах. сцяны знаходзілася пятая, 6-ярусная вежа-брама, якая мела герсу і пад’ёмны мост. Вежы (выш. 25—27 м) накрыты шатрамі, прарэзаны байніцамі і амбразурамі для вядзення агню з ручной агнястрэльнай зброі і гармат. Паўд. і паўн.-зах. вежы завяршаліся машыкулямі для кідання камянёў і ліцця вару. Ніжнія ярусы вежаў маюць мураваныя скляпенні, верхнія перакрываліся памостамі на драўляных бэльках. Замак абкружаны землянымі валамі выш. каля 10 м і ровам з вадой. Дэкар. вырашэнне заснавана на кантрасце чырвонай цэглы і ружовай атынкоўкі. Вонкавыя сцены арнаментаваны парэбрыкамі, гіркамі, нішамі, паяскамі, паўкалонкамі. Архітэктура замка мае рысы позняй готыкі і рэнесансу. У 1580—90-я г. перабудаваны пад княжацкую загарадную рэзідэнцыю (будаўнік М.​Збароўскі). Да паўд. і ўсх. сцен прыбудаваны 3-павярховы палац. Вежы прыстасаваны пад жыллё, уздоўж зах. і паўд. сцен замка пастаўлены гасп. пабудовы (кухня, стайня). У сутарэннях палаца і на 1-м паверсе размяшчаліся гасп. памяшканні, на 2-м — службовыя, на 3-м — княжацкія пакоі. Усяго ў палацы больш за 40 пакояў, аздобленых лепкай, мармурам, шпалерамі. Сістэма ацяплення складалася з прыгожых кафляных печаў і камінаў, дымаходы праходзілі ў мураваных сценах. Сцены і вежы звонку атынкаваныя. Аконныя праёмы, дзверы, ганкі ўпрыгожаны разнымі дэталямі з вапняку. У вежы-браме быў гадзіннік са званамі, у т. л. ажурнымі; перад уваходам пабудавана дадатковае паўкруглае ўмацаванне (барбакан) з асобнай брамай і рэнесансавым разным парталам. Замак быў адм. цэнтрам Мірскага графства, тут знаходзіліся канцылярыя і астрог. На працягу існавання замак неаднойчы быў аб’ектам аблог і штурмаў. Пашкоджаны ў 1655 і 1706. Адноўлены ў пач. 18 ст. Замак моцна пашкоджаны ў 1794. У канцы 18 ст. заняпаў. У 1812 пад сценамі замка адбыўся бой паміж франц. кавалерыяй маршала Л.​Н.​Даву і ар’ергардам 2-й рус. арміі — казацкай конніцай М.​І.​Платава. Была ўзарвана паўн.-ўсх. вежа, палац разрабаваны, разбураны і спалены. У 1870-я г. праведзены першыя работы па захаванні замка як помніка старажытнасці. У 1920—30-я г. часткова адноўлены М.​Святаполк-Мірскім. У Вял. Айч. вайну ў замку размяшчалася яўр. гета. З 1969 праводзіліся частковая кансервацыя і навук. даследаванні (праект рэстаўрацыі 1982, арх. В.​Атас, С.​Верамейчык, В.​Калнін, навук. супрацоўнікі А.​Трусаў, Л.​Трэпет). Археал. даследаванні на тэр. замка праводзілі Ю.​Ядкоўскі (1912), М.​Ткачоў (1972), Трусаў (1980—84, 1991; у 1982 з І.​Чарняўскім). Знойдзена вял. колькасць керамічных, шкляных і метал. вырабаў. З 1992 філіял Нац. маст. музея Беларусі. Парк (т.зв. італьян. сад) створаны на Пд за замкавымі валамі. Закладзены ў 17 ст. як рэгулярны парк італьян. тыпу з сістэмай алей і баскетаў, аранжарэямі і вадаёмамі. Па перыметры абсаджаны ліпамі. У канцы 19 ст. створаны пейзажны парк (пл. каля 20 га), у яго кампазіцыі рэшткі рэгулярнага парку ў зах. частцы. Акрамя прысад з мясц. парод у парку больш за 400 цеплалюбівых раслін з розных куткоў свету. На У ад комплексу знаходзіцца фальварак, на Пд — каскад ставоў з вадзянымі млынамі. За 3 км ад замка закладзены звярынец для палявання. Комплекс у асноўным захаваўся і з’яўляецца унікальным збудаваннем бел. архітэктуры, у якім адлюстраваны стылі готыкі і рэнесансу, сумяшчаюцца рысы абарончай і палацавай архітэктуры. Аднесены ЮНЕСКА да вышэйшай катэгорыі помнікаў сусв. культуры (1994). Вядзецца рэстаўрацыя (2000).

Літ.:

Иодковский И.И. Замок в Мире // Древности. М., 1915. Т. 6;

Ткачев М.А. Замки Белоруссии. Мн., 1987;

Трусаў А.А. Старонкі мураванай кнігі. Мн., 1990;

Калнін В.В. Мірскі замак: [Гіст.-архіт. нарыс]. Мн., 1995.

В.​Р.​Анціпаў, В.​В.​Калнін, А.​М.​Кулагін, А.​А.​Трусаў.

Мірскі замкава-паркавы комплекс.

т. 10, с. 469

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Тур 1 ‘першабытны дзікі бык Bos primigenius, буйвал’ (ТСБМ, Нас., Байк. і Некр., Гарэц., Вруб., Арх. Вяр., Ласт.): natura, jak ŭ toho tura (ваўк., Федар. 4), ст.-бел. туръ ‘тс’ (ГСБМ). Як назва рэальнай жывёлы даўжэй захоўвалася ў раёне, які прымыкае да сучаснай Белавежскай пушчы, параўн. siedzić, jak tur ŭ harè (слонім., ваўк., Федар. 4, 275: hara ‘лес’?); у песні: Не ўгінайся, буковый мосце, / Через тебе ідут туры і елені (брэсц., Д.-Хадак., 346). У Бельскім павеце запісана гульня «У тура», што можа адносіцца да паганскага культу, гл. БНТ, Гульні₂, 39. Укр. тур, рус. тур, польск., н.-, в.-луж. tur, палаб. täur, чэш. tur, славац. tur, славен. túr (захоўваецца ў тапонімах Turjak, Turja glava), балг. тур, макед. тур, ст.-слав. тоуръ ‘дзікі бык’. Прасл. *turъ роднаснае ст.-прус. tauris ‘зубр’, літ. taũras ‘тур, бык’, ст.-грэч. ταυρος ‘бык’, лац. taurus, ірл. tarb ‘тс’, авест. staōra ‘буйная рагатая жывёла’, гоц. stiur ‘бык’, ‘цялё’, што да і.-е. *tə̯uro‑ < і.-е. *teu̯h₂‑ ‘ацякаць, распухаць, павялічвацца’ (Сной₂, 792; Фасмер, 4, 122; Брукнер, 584; Скок, 3, 524; Буга, Rinkt., 2, 634; Борысь, 654; ЕСУМ, 5, 677–678). Існуе магчымасць меркаваць пра настратычныя сувязі з прасеміц. tauru‑ ‘бык’ (Покарны, 1083; Арол, 4, 118; ESJSt, 17, 998). Сюды ж астронім ст.-бел. Туръ, Телець, Юнець, Бычокъ, што адпавядае лац. Taurus ‘тс’ (XVI ст., Бел. лекс., 112), тур ‘маўчун, маўклівы чалавек’ (пін., ЛА, 3); туры́ца ‘дзікая карова’, ‘мажная здаровая кабета’ (Нас.), туры́ця ‘самка тура’ (драг., Сл. ПЗБ), магчыма, мянушка каровы туро́ля (мёрск., Нар. лекс.).

Тур 2 ‘адзін круг танца; асобны этап якой-небудзь гульні, конкурсу, спаборніцтва, мерапрыемства’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Вруб.), ‘падарожжа, турыстычная паездка’ (Улас.). Праз рускую мову (тур) з франц. tour ‘круг, абарачэнне, абарот, абход, аб’езд’, ‘чарга’, ‘ганчарны круг’, якое з с.-лац. turnus > лац. tornus ‘такарны варштат’ < ст.-грэч. τόρνος ‘прылада цесляра для вывядзення контураў кола, паўкола’, ‘долата, такарны разец’ < τείρω ‘тру’ (Фасмер, 4, 122; Даза, 716; ЕСУМ, 5, 678). Значэнне ‘падарожжа’ пад уплывам англ. tour ‘паездка, экскурсія’ (Арол, 4, 118), параўн. турнэ, гл.

Тур 3 ‘апорны слуп пасярэдзіне святліцы старажытнага дома’ (Ласт.), ‘слуп каля печы ў курных хатах’ (дзісн., Яшк.). Магчыма, да тур 1 (гл.) у пераносным значэнні ‘найбольш значны канструкцыйны элемент’, бо апорны слуп называлі «турам» побач з «князем», «князьком», «канём» (Ласт., 143).

Тур 4 ‘купальнік горны, Arnica montana L.’ (гродз., Кіс., ТС), тур‑зелье, зелье‑тур ‘тс’ (ТС). Да тур 1 (гл.); параўн. польск. дыял. tura альбо trawa turowa, turówka, żubrówka ‘зуброўка, Hierochloë odorata (L.)’, што можна разглядаць як аналаг зу́брава трава́ ‘тс’ (брэсц., Кіс.) — ежа зуброў у Белавежскай пушчы (Коласава, Лексика, 60; адносна іншых раслін гл. ЕСУМ, 5, 680). Аднак не выключана метафарычнае ўжыванне назвы тур 1 — тое, што прыносіць здароўе і сілы, параўн. фразеалагізм здаровы як бык.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)