падсы́паць, ‑плю, ‑плеш, ‑пяе; зак.

1. што і чаго. Насыпаць дадаткова, насыпаючы, падбавіць. Падсыпаць вугалю ў топку. Падсыпаць солі ў суп. / у безас. ужыв. Цяпер, пры марозіку, усё тут сцвярдзела, зраўнялася, потым яшчэ сняжку нядаўна падсыпала. Кулакоўскі. // Усыпаць, насыпаць употай, з пэўным намерам. Падсыпаць атруты.

2. што і чаго. Насыпаць пад каго‑, што‑н. Я выпраг з калёс, [каня], завёў яго ў стайню. Падсыпаў пад пысу аўса. Сачанка. Суддзя круціўся на крэсле, нібы пад яго падсыпалі жменю іголак. Лынькоў.

3. што. Зрабіць крыху вышэйшым, насыпаўшы дадаткова пяску, зямлі і пад. [Мацей:] — Эй, гаспадар! Не лянуйся, прызбу падсып, лавачку змайструй... Краўчанка.

4. перан.; каму. Разм. Пабіць, строга пакрытыкаваць каго‑н. — Правільна, дзед! Падсып яму... Хай пацярэбіцца... — Крый яго! Пташнікаў.

•••

Падсыпаць перцу (солі) — добра даняць, дапячы каму‑н. іроніяй, едкім словам.

падсыпа́ць, а́ю, ‑а́еш, ‑а́е.

Незак. да падсы́паць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

спла́віць 1, сплаўлю, сплавіш, сплавіць; зак., што.

1. Злучыць шляхам плаўлення. Сплавіць жалеза з хромам.

2. перан. Аб’яднаць у непадзельнае цэлае; злучыць. Каб сплавіць іх характары, рысы і звычкі ў адно, то вельмі можа быць, што ў такога хлопца .. [Маша] закахалася б адразу, такі набліжаўся б да яе ідэалу. Шамякін.

спла́віць 2, сплаўлю, сплавіш, сплавіць; зак.

1. што. Адправіць уплынь па цячэнню ракі (лес і пад.). [Немцы] спяшаліся, каб да замаразкаў сплавіць лес. Гурскі.

2. перан.; каго-што. Разм. Імкнучыся пазбавіцца ад каго‑, чаго‑н., адправіць або ўладкаваць яго куды‑н. Вопытная настаўніца, палічыўшы .. [Барыса] безнадзейным, пастаралася сплавіць яго Лене. Няхай. Мы сплавілі .. [кабылу] артылерыстам: можа ў кампаніі з іншымі коньмі будзе цягнуць гармату. Лужанін. // Збыць, прадаць што‑н. [Бялькевіч:] — Я і сам яго [сома] не пакаштаваў нават. Жонка ў раён сплавіла. Прадалі. Савіцкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шчаці́ністы, ‑ая, ‑ае.

1. Пакрыты, зарослы густым шчаціннем (пра жывёл). Ні заду, ні кароткіх ног не было відаць, але ж бурая галава з шчаціністым хібам, натапыранымі вушамі, вялізнымі ікламі і маленькімі злоснымі вочкамі была жудаснай. Маўр. // Густа парослы кароткімі жорсткімі валасамі (пра твар). Дзіцячая рука сутаргава паднялася і жорстка кранулася.. шчаціністай шчакі салдата. Лынькоў. Мужчына прычмокнуў языком, і шчаціністы твар яго расплыўся ў шырокай ласкавай усмешцы. Няхай.

2. Жорсткі, цвёрды, які нагадвае шчацінне (пра валасы, поўсць). Смех недзе бушаваў у яго сярэдзіне, і ад яго толькі торгаліся шчаціністыя рудыя вусы. Сабаленка. Гэты рабочы быў худы з твару, аброслы шчаціністай барадой. Пестрак. // перан. Паверхня якога пакрыта чым‑н. калючым, што нагадвае шчацінне. А дома ў гэту самую пару рахманы верасень бесклапотна валочыцца за статкам кароў па шчаціністым іржэўніку. Васілевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

АРГІШЦІХІНІ́ЛІ,

горад, пабудаваны каля 776 да н.э. ў час праўлення цара Урарту Аргішці I. У 4 ст. да н.э. на яго месцы пабудаваны г. Армавір — сталіца Стараж. Арменіі.

т. 1, с. 473

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛУ́МБІЯ (Columbia),

акруга Калумбія, федэральная (сталічная) акруга ЗША. Пл. 178 км² (усю тэрыторыю займае. г. Вашынгтон, значная ч. яго выходзіць за межы акругі). Нас. 543,2 тыс. чал. (1996).

т. 7, с. 486

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІНЕ́ТЫКА (ад грэч. kinētikos які прыводзіць у рух),

раздзел механікі, у якім вывучаецца механічны стан цела ў сувязі з фіз. прычынамі, што яго вызначаюць. Уключае статыку і дынаміку.

т. 8, с. 269

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАНАХРО́МІЯ (ад мана... + грэч. chrōma колер) у выяўленчым мастацтве, аднаколернасць; твор, выкананы ў адным тоне якога-н. колеру або яго танальных градацыях (афарбаваны ў адзін колер), напр., грызайль.

т. 10, с. 64

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕРДАМІ́ЦКІ ПАРК,

помнік садова-паркавага мастацтва. Закладзены ў 2-й пал. 19 ст. ў в. Вердамічы (Свіслацкі р-н Гродзенскай вобл.). Пл. каля 12 га. Парк пейзажнага тыпу. Цэнтрам яго кампазіцыі быў палац (не захаваўся). Тэрыторыя парку абнесена мураванай сцяной. Ад уязной брамы разыходзяцца цэнтр. і кальцавая алеі. У кампазіцыі парку выкарыстаны прыёмы паступовага раскрыцця пейзажу, кантрасту, улічаны асаблівасці афарбоўкі дрэў у розныя поры года, формы кроны, хуткасць росту і інш. Растуць дуб шарлахаўскі, клёны (чырвоны, серабрысты, ясенялісты), явар і яго пурпуровая форма, хвоя веймутава, лістоўніца (еўрапейская, польская), туя заходняя і інш.

т. 4, с. 100

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАБАЎНЯ́НСКІ ПА́РК,

помнік садова-паркавага мастацтва. Створаны ў канцы 19 — пач. 20 ст. ў в. Бабоўня Капыльскага р-на Мінскай вобласці. Пл. каля 9 га. Парк амаль квадратнай формы з роўным рэльефам. З трох бакоў акружаны ровам і суцэльнымі пасадкамі, з захаду — сістэмай вадаёмаў. Планіроўка рэгулярная. У цэнтры стаяў сядзібны дом (не захаваўся). З Пн да яго прымыкаў пладовы сад, з Пд — партэр з сажалкай і пладовымі садамі вакол яе (збярогся часткова).

У парку растуць лістоўніца еўрапейская, дуб звычайны пірамідальны, каштан конскі васьмітычынкавы, явар і яго пурпуралістая форма, вярба ломкая шарападобная. Парк значна пашкоджаны.

Куток Бабаўнянскага парку.

т. 2, с. 179

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕ́ВЕРЫДЖ ((Beveridge) Уільям Генры) (5.3.1879, г. Рангпур, Бангладэш — 16.3.1963),

англійскі вучоны-эканаміст. Чл. Брытанскай акадэміі (1937). У 1919—37 дырэктар Лонданскай школы эканам. і паліт. навук. У 1940—44 прэзідэнт Каралеўскага эканам. т-ва. Паслядоўнік Дж.М.Кейнса, імкнуўся спалучыць яго ідэі з ліберальнай дактрынай, выступаючы за больш непасрэдны кантроль дзяржавы над эканомікай. Гал. тэма яго даследаванняў — беспрацоўе. У 1942 па даручэнні брыт. ўрада распрацаваў «план Беверыжда», які прадугледжваў спалучэнне дзярж. палітыкі поўнай занятасці з сац. страхаваннем і ўсеагульнай бясплатнай сістэмай аховы здароўя. Гэты план пакладзены ў аснову сац. палітыкі Вялікабрытаніі пасля 2-й сусв. вайны.

т. 2, с. 370

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)