гара ў Беластоцкім ваяв. Польшчы, праваслаўная святыня. За 11 км на У ад г. Семятычы, 3 км ад чыг. ст. Сычы. Набыла вядомасць святога месца пасля перанясення сюды абраза Спаса Збавіцеля з суседняга г. Мельнік (паводле падання, паміж 13 і 17 ст. ў час вял. небяспекі). Абраз не захаваўся. У 1947 на Грабарцы заснаваны жаночы манастыр святых Марфы і Марыі. З таго часу тут адбываюцца масавыя набажэнствы, найб. урачыстыя ў маі (Маладзёжнае агульнапольскае паломніцтва) і ў свята Праабражэння Гасподняга (19 жн.н.ст.), калі тут збіраецца 50—70 тыс. паломнікаў з Польшчы, Беларусі, Украіны і інш. краін. Паломнікі прыносяць і ставяць на Грабарцы ахвяравальныя крыжы (іх тут некалькі тысяч).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРАЧ (Іван Фёдаравіч) (н. 17.10.1936, с. Цялежынцы Таціеўскага р-на Кіеўскай вобл.),
украінскі паэт. Скончыў Кіеўскі ун-т (1962), Вышэйшыя сцэнарныя курсы (Масква, 1964). Філасафічнасць, асацыятыўна-ўмоўная вобразнасць, метафарычнасць — рысы паэзіі Д. (зб-кі «Сланечнік», 1962, «Балады будняў», 1967; «Корань і крона», 1974, Дзярж. прэмія Украіны імя Т.Шаўчэнкі 1976; «Зялёныя вароты», 1980, Дзярж. прэмія СССР 1983; «Пісьмо да каліны», 1990, і інш.). Пераклаў на ўкр. мову вершы Р.Барадуліна, А.Бачылы, Г.Бураўкіна, Н.Гілевіча, А.Звонака, М.Танка. На бел. мову вершы Д. перакладалі Барадулін, Бураўкін, А.Вярцінскі, Гілевіч, А.Грачанікаў, У.Караткевіч, Я.Сіпакоў і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАК (Ісідар Аркадзевіч) (н. 14.2.1909, г. Адэса, Украіна),
расійскі дырыжор, педагог. Нар.арт.СССР (1976). Вучыўся ў Адэскай (1922—25, клас В.Залатарова), скончыў Ленінградскую (1928, клас М.Малько) кансерваторыю. У 1928—37 дырыжор у оперных т-рах Расіі, Казахстана, Украіны. Адзін з арганізатараў і дырыжор Чэлябінскага (1955—68) і Новасібірскага (1944—49 і з 1968 — галоўны) т-раў оперы і балета. Сярод спектакляў, пастаўленых пад яго кіраўніцтвам: оперы «Скупы рыцар» С.Рахманінава (1943), «Руслан і Людміла» (1944) і «Іван Сусанін» (1945) М.Глінкі, «Дударай» Я.Брусілоўскага (1956), «Далібор» (1950) і «Брандэнбуржцы ў Чэхіі» (1963) Б.Сметаны, «Мадам Бавары» Э.Бандэвіля (1982, упершыню), балет «Доктар Айбаліт» І.Марозава (1948). Выкладаў у Алма-ацінскай кансерваторыі (1952—55). Сярод вучняў Ф.Мансураў. Дзярж. прэмія СССР 1948.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАХО́ДНЯЯ УКРАІ́НА,
гістарычная назва зямель Украіны, якія складаюць тэр. сучасных Львоўскай, Івана-Франкоўскай, Цярнопальскай, Валынскай і Ровенскай абласцей. Да 1917 тэр. цяперашніх Валынскай і Ровенскай абласцей знаходзілася ў складзе Рас. імперыі, астатніх (да 1918) — у складзе Аўстра-Венгрыі. Паводле Рыжскага мірнага дагавора 1921 З.У. адышла да Польшчы. У вер. 1939 пасля нападу фаш. Германіі на Польшчу Чырв. Армія заняла З.У. 26—28.10.1939 Нар. сход З.У. прыняў Дэкларацыю аб аднаўленні сав. улады і ўключэнні яе ў склад Укр. ССР. 1.11.1939 Вярх. СаветСССР і 14.11.1939 Вярх. СаветУкр. ССР прынялі адпаведна законы аб уключэнні З.У. ў склад СССР і далучэнні яе да Укр. ССР (гл. таксама ў арт.Украіна. Гісторыя).
Літ.:
Постников Н.А. Незримые межи: [История зап. обл. Украины]. Киев, 1989.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІПАДРО́М (грэч. hippodromos ад hippos конь + dromos бег, месца для бегу),
комплекс збудаванняў для конна-спарт. спаборніцтваў, выпрабавання, трэнінгу і выставак племянных коней; установа, якая іх арганізуе. Бываюць І. для выпрабаванняў верхавых, рысістых, ламавых коней і камбінаваныя. На тэр. І. размяшчаюцца стайні, вет. лазарэт, кузня і інш.гасп. пабудовы, месцы для сядлоўкі і вывадкі коней перад скачкамі, т.зв. падок.
Вядомы са старажытнасці. І. Стараж. Грэцыі і Рыма мелі форму прамавугольнай ці закругленай пляцоўкі са сцяной пасярэдзіне. Вакол пляцоўкі — трыбуны для гледачоў (І. у Канстанцінопалі, 203—330). З канца 19 ст. іх будавалі ў вял. гарадах Беларусі, Расіі, Украіны і інш.Найб. буйныя сучасныя І.: Маскоўскі (Расія), Лексінгтонскі (ЗША), Нью-Маркет (Вялікабрытанія), Ланшан (Францыя), Пардубіцкі (Чэхія), Мадрыдскі (Іспанія) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛЭ́СА (Мікалай Філарэтавіч) (н. 6.12.1903, г. Самбар Львоўскай вобл., Украіна),
украінскі кампазітар, дырыжор, педагог. Нар.арт.Украіны (1972). Праф. (1957). Сын Ф.М.Калэсы. Скончыў кансерваторыю і ун-т у Празе (1928). З 1931 педагог Вышэйшага муз. ін-та імя Лысенкі, з 1940 — кансерваторыі (у 1953—65 рэктар), у 1940—53 адначасова дырыжор сімф. аркестра філармоніі і т-ра оперы і балета ў Львове. Аўтар сімф., камерных і хар. твораў, апрацовак нар. песень, у т. л.бел. «Гоман, гоман на вуліцы» і «Калыханка» [былі ў рэпертуары Дзярж.акад.хар. капэлы Беларусі; змешчаны Р.Шырмам у 1-м т. анталогіі «Беларускія народныя песні (для хору)» (1971)].
Літ. тв.: Дзве сустрэчы // Песня на ўсё жыццё: Успаміны пра Р.Р.Шырму. Мн., 1983.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЎТУ́Н (Валерый Пятровіч) (н. 22.10.1944, г Ясінаватая Данецкай вобл., Украіна),
украінскі артыст балета, балетмайстар. Нар.арт.СССР (1978). Скончыў Кіеўскае харэаграфічнае вучылішча (1965). З 1965 у Т-ры імя Лысенкі (Харкаў), з 1968 саліст, з 1985 гал. балетмайстар Т-ра оперы і балета імя Т.Шаўчэнкі (Кіеў). Сярод партый: Зігфрыд, Дэзірэ («Лебядзінае возера», «Спячая прыгажуня» П.Чайкоўскага), Базіль («Дон Кіхот» Л.Мінкуса), Альберт («Жызэль» А.Адана), Дафніс, Юнак («Дафніс і Хлоя», «Балеро» М.Равеля), Рамэо («Рамэо і Джульета» С.Пракоф’ева), Лукаш («Лясная песня» М.Скарульскага), Дон Жуан («Каменны валадар» В.Губарэнкі). Сярод пастановак балет «Шчаўкунок» Чайкоўскага (1986). Прэміі міжнар. конкурсаў артыстаў балета ў Варне (1970, Балгарыя) і Маскве (1973), прэмія імя В.Ніжынскага (1977, Парыж). Дзярж. прэмія Украіны 1986.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІ́ЕЎСКАЕ КНЯ́СТВА,
раннедзяржаўнае ўтварэнне на тэр. сучасных Кіеўскай і Жытомірскай абл.Украіны і ПдУ Беларусі (нізоўі р. Прыпяць з гарадамі Брагін і Мазыр) у 11—15 ст. Вылучылася ў выніку драблення Кіеўскай Русі. Сталіца — г.Кіеў. Яго ўладальнік лічыўся (з канца 12 ст. фармальна) вярх. сюзерэнам усёй Русі, таму К.к. не мела трывалай княжацкай дынастыі і за валоданне ім сапернічалі прадстаўнікі розных адгалінаванняў Рурыкавічаў. У 1240 заваявана Залатой Ардой, ханы якой кіравалі княствам праз падуладных князёў, а з канца 13 ст. праз свайго баскака. У 1362 уключана ў склад ВКЛ. З гэтага часу яго князямі былі сваякі вял. князёў ВКЛ. У канцы 14 ст. пераўтворана ў намесніцтва, у 1440 адноўлена. Скасавана ў 1470, на яго тэр. створана Кіеўскае ваяводства.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́ЧУР (Рыгор Парфіравіч) (17.11.1908, с. Фяскіўка Менскага р-на Чарнігаўскай вобл., Украіна — 15.12.1994),
украінскі паэт, перакладчык, літ.-знавец. Скончыў Кіеўскі ін-тпрафес. асветы (1932). Рэпрэсіраваны (1943). Друкаваўся з 1938. Аўтар паэт.зб. «Інцінскі сшытак. Вершы 1945—1953 гг.» (1989), даследаванняў «Майстры перакладу» (1966), «Дантэ ва ўкраінскай літаратуры» (1971). Перакладаў з англ., італьян., ісп., партуг., польск., чэш., славацкай, харвацкай, бел., рус., літ. і інш. моў. Пераклаў на ўкр. мову асобныя вершы Я.Купалы, М.Багдановіча, Н.Гілевіча, М.Танка. Адзін з ініцыятараў і арганізатараў выдання «Максім Багдановіч. Лірыка» (Кіеў, 1967). За кн.выбр. перакладаў «Другі водгук» (1991) Дзярж. прэмія Украіны імя Т.Шаўчэнкі 1995. За пераклады 1960—80-х г.Рэсп. прэмія імя М.Рыльскага 1989.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРУШАЛЬНІ́ЦКАЯ (Саламія Амбросьеўна) (23.9.1873, с. Бялявінцы Бучацкага р-на Цярнопальскай вобл., Украіна — 16.11.1952),
украінская спявачка (лірыка-драм. сапрана), педагог. Засл. дз. маст.Украіны (1951). Скончыла Львоўскую кансерваторыю (1893), выкладала ў ёй (з 1946 праф.). Спявала ў буйнейшых оперных т-рах Еўропы, Амерыкі, Афрыкі. Валодала моцным голасам прыгожага тэмбру і вял. дыяпазону. Выконвала драм. і лірычныя партыі: Таццяна, Ліза («Яўген Анегін», «Пікавая дама» П.Чайкоўскага), Галька, Ганна («Галька», «Страшны двор» С.Манюшкі), Чыо-Чыо-сан (аднайм. опера Дж.Пучыні), Аіда, Дэздэмона («Аіда», «Атэла» Дж.Вердзі), Джаконда («Джаконда» А.Панк’елі), Эльза, Лізавета («Лаэнгрын», «Тангейзер» Р.Вагнера), Саламея, Электра (аднайм. оперы Р.Штрауса) і інш. З 1923 выступала толькі ў канцэртах.
Літ.:
С.Крушельницька: (Спогади. Матеріали. Листування). Ч. 1—2. Київ, 1978—79.