італьянскі акцёр, рэжысёр. У кіно з 1937. Стварыў трагікамічныя вобразы ў фільмах рэж. Ф.Феліні «Белы шэйх», «Мамчыны сынкі», М.Манічэлі «Тато і каралі Рыма», «Дробны, дробны буржуа», «Маркіз дэль Грыло», В. Дэ Сікі «Страшны суд», «Бум», Дз.Рызі «Цяжкае жыццё» (у пракаце «Журналіст з Рыма») і інш. Паставіў і зняўся ў фільмах «Лонданскі туман» (1965), «Італьянец у Амерыцы» (1967), «Каханне маё, дапамажы мне» (1969), «Пакуль ёсць вайна, ёсць надзея» (1974, у пракаце «Гандляры смерцю»), «Я ведаю, што ты ведаеш, што я ведаю» (1982), «Таксіст» (1983), «Усіх за краты» (1984) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТЫЛІХО́Н (Stilicho) Флавій (каля 365—22.8.408),
рымскі палкаводзец і дзярж. дзеяч. Па паходжанні вандал. Вызначыўся на ваен. і дыпламат. службе пры імператару Феадосію I. З 394 галоўнакамандуючы войскамі імперыі. Пасля смерці Феадосія I (395) прызначаны апекуном малалетняга імператара Ганорыя; фактычны правіцель Зах.Рым. імперыі ў 395—408. Вёў паспяховую барацьбу з варварамі ў Брытаніі, імкнуўся ўмацаваць межы па Рэйне і Дунаі. У 401 адбіў нападзенне вандалаў і аланаў. У 402—403 пад Паленцыяй і Веронай разбіў вестготаў на чале з Аларыхам I, у 406 — остготаў. Забіты ў Равене паводле загаду Ганорыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФЛАМІ́НІЙ Гай (Gaius Flaminius; ? — 23.6.217 да н.э.),
дзяржаўны і ваен. дзеяч Стараж. Рыма. Нар. трыбун 232, цэнзар 220, консул 223 і 218 да н.э. Адстойваў інтарэсы плебеяў і коннікаў. Правёў законы аб надзяленні плебеяў зямлёю (232), аб далучэнні вольнаадпушчанікаў да 4 гар. трыбаў (220), што спрыяла дэмакратызацыі рым. грамадства. Садзейнічаў будаўніцтву (цырк Ф. на Марсавым полі і Фламініева дарога з Рыма ў Арымін). Паспяхова ваяваў з інсубрамі ў Галіі (223). Загінуў у час 2-й Пунічнай вайны ў бітве каля Тразіменскага воз. разам з б. часткай арміі, якую ён узначальваў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФЮСТЭ́ЛЬ ДЭ КУЛА́НЖ (Fustel de Coulanges) Нюма Дэні (18.3.1830, Парыж — 12.9.1889),
французскі гісторык. Чл. Акадэміі маральных і паліт. навук (1875). Скончыў Вышэйшую нармальную школу (Парыж, 1853). Праф. Страсбурскага ун-та (1861—70), Вышэйшай нармальнай школы (1870—75, у 1880—83 рэктар), Сарбоны (1875—80, 1883—88). Працы па гісторыі антычнасці і генезісе феадалізму ў Еўропе. Асн. твор: «Гісторыя грамадскага ладу старажытнай Францыі» (т. 1—6, 1875—92). Выступіў з т.зв. раманістычнай канцэпцыяй, паводле якой у аснове еўрап. цывілізацыі ляжаць толькі рым. грамадскія інстытуты: буйное землеўладанне, залежнасць ад яго непасрэдных вытворцаў, манархічная ўлада.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КНЯЗЬ,
кіраўнік манархічнай дзяржавы ці асобнага паліт. ўтварэння (удзельны К.) пераважна ў 9—16 ст. у славян і інш. народаў; пазней дваранскі тытул. Першапачаткова К. — правадыр племя часоў дакласавай ваен. дэмакратыі; паступова ён ператварыўся ў кіраўніка феад. дзяржавы, напачатку выбарнага, потым спадчыннага (напр., Рурыкавічы на Русі, Гедзімінавічы і Ягелоны ў ВКЛ, Пясты ў Польшчы, Пржэмыславічы ў Чэхіі). К., што ўзначальвалі ВКЛ і буйныя дзярж. ўтварэнні на Русі, наз.вялікімі князямі. У Польшчы, Чэхіі, Румыніі і Сербіі кіруючыя К. прынялі каралеўскі тытул. З утварэннем цэнтралізаваных манархій удзельныя К. паступова страчвалі свае суверэнныя правы і станавіліся прыдворнымі велікакняжацкіх двароў Расіі (з 1547 царскага) і ВКЛ, каралеўскага ў Польшчы і інш. Паступова з разрастаннем княжацкіх родаў значэнне тытула К. зменшылася. Стаць К. у ВКЛ і Польшчы можна было толькі праз нараджэнне ў сям’і К. (выключэнне — прадстаўнікі вышэйшага каталіцкага духавенства — біскупы і канонікі, якія карысталіся княжацкім тытулам пажыццёва), таму бел. магнаты Радзівілы (у 16 ст.) і Сапегі (у 18 ст.) набылі сабе ад імператараў «Свяшчэннай Рым. імперыі» ганаровы тытул імперскіх К. У Расіі да 18 ст. тытул К. быў таксама толькі радавым. З 1707 рас. цары пачалі надаваць тытул К. вышэйшым саноўнікам за асаблівыя заслугі перад дзяржавай. Адначасова ў Расіі на ўзор «Свяшчэннай Рым. імперыі» ўведзена больш высокая за звычайны княжацкі тытул ступень княжацкай годнасці — тытул святлейшага К. («яго светласці», у адрозненне ад «іхніх сіяцельстваў» — інш. князёў). Княжацкія тытулы ў Расіі адменены ў адпаведнасці з дэкрэтам ВЦВК «Аб знішчэнні саслоўяў і грамадзянскіх чыноў» ад 10(23).11.1917.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́РДАВА (Córdoba),
горад на Пд Іспаніі, на р. Гвадалквівір, у аўт.вобл. Андалусія. Адм. ц.прав. Кордава. 300 тыс.ж. (1991). Вузел чыгунак і аўтадарог. Рачны порт. Аэрапорт. Буйны цэнтр медзеплавільнай прам-сці. Эл.-тэхн. і с.-г. машынабудаванне, харчасмакавая (вінаробства, цукр., мукамольная, алейная), тэкст.прам-сць. Ун-т. Музеі выяўл. мастацтва, археалагічны.
Вядома з часоў фінікійскай каланізацыі. Паводле стараж.-грэч. гісторыка Страбона, была цэнтрам племя турдзетанаў. У 2-ю Пунічную вайну (218—201 да н. э.) захоплена рымлянамі. У часы праўлення Аўгуста гал. горад прав. Бетыка. Пасля распаду Рым. імперыі пад уладай вандалаў, Візантыі, вестготаў (з 572), арабаў (з 711). З 756 сталіца Кардоўскага эмірата, з 929 Кардоўскага халіфата; росквіт у часы праўлення Абдарахмана III [912—961]. У 8—10 ст. адзін з еўрап. цэнтраў навукі, культуры і мусульм. мастацтва («Мекка Захаду», «Горад цудаў»); развіваліся рамёствы (ювелірнае, керамічнае, выраб скур). Пасля распаду Кардоўскага халіфата (1031) захавала самастойнасць да 1070, пазней уладанне эміра Севільі. У час Рэканкісты з 1236 пад уладай кастыльскіх каралёў.
Захаваліся нерэгулярная планіроўка цэнтра, невысокія атынкаваныя дамы маўрытанскай эпохі з глухімі фасадамі і азялененымі паціо. Арх. помнікі: стараж.-рым. мост, араб. вежа Калаора (перабудавана ў 1369), сабор (да 1236 — Вял. мячэць, пачата ў 785; уключана ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны), цэрквы Сан-Пабла (1241), Сан-Ніколас (13—16 ст.), манастыра Кармэн Кальсада (1580, стыль мудэхар), сінагога (1315), ратуша (1594—1631, стыль эрэрэска), рэнесансавыя палацы, парадныя ансамблі плошчаў 18 ст. У К. правінцыяльныя музеі прыгожых мастацтваў і археалагічны.
Літ.:
Никитюк О.Д. Кордова, Гранада, Севилья — древние центры Андалусии. М., 1972.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЭЦЭ́СІЯ (лац. secessio ад secedo адыходжу),
1) у Стараж. Рыме форма барацьбы плебеяў супраць патрыцыяў за свае правы. Плебеі дэманстратыўна пакідалі рым. абшчыну і адыходзілі па-за межы горада (на Свяшчэнную гару ці Авенцінскі ўзгорак), які заставаўся фактычна без ваен. абароны, бо плебеі складалі асн. масу рым. арміі. Гэта прымушала патрыцыяў ісці на ўступкі. У выніку 1 -й С. (494 да н.э.) уведзена пасада нар. (плебейскага) трыбуна, у выніку 2-й С. (449 да н.э.) — далейшыя ўступкі патрыцыяў і фіксацыя Законаў 12 табліц.
2) У Зах. Беларусі — фракцыя ў ЦККПЗБ. Арганізацыйна аформілася восенню 1924 і адкрыта заявіла пра свае погляды на Другой канферэнцыі КПЗБ. Арганізатар і кіраўнік С. — М.І.Гурын-Маразоўскі, да яго далучыліся А.Тамашэўскі, Л.І.Родзевіч, А.Р.Капуцкі і інш. С. ставіла бел.нац. інтарэсы вышэй за класавыя. Выступала супраць падпарадкавання КПЗБ Кампартыі Польшчы, супраць лініі КПЗБ на паліт. і арганізац. размежаванне на левых і правых у бел.нац. фракцыі сойма. Лічыла мэтазгодным узняць у 1925 узбр.сял. паўстанне пад лозунгам далучэння Зах. Беларусі да БССР, нягледзячы на яго поўную бесперспектыўнасць. Свае патрабаванні выклала ў «Камунікаце». С. асуджана кіраўніцтвам КПЗБ, КПП і Камінтэрна, ініцыятары і кіраўнікі С. выключаны з партыі. Частка яе прыхільнікаў прызнала свае памылкі і была адноўлена ў КПЗБ (Родзевіч, Капуцкі і інш.). Выступленне С. з’явілася штуршком да перагляду далейшай тактычнай лініі КПЗБ, выпрацоўкі новага канцэптуальнага падыходу да развіцця нац.вызв. руху ў краі.
Літ.:
Орехво Н.С. Дела и люди КПЗБ: Воспоминания. Мн., 1983;
Ладысеў У. Цяжкі шлях выпрабаванняў // Бел.гіст. часол. 1994. №1.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДКРЫ́ТЫ ГО́РАД,
у міжнародным праве горад, які ў вайну адна з дзяржаў, што ваююць, абвяшчае неабароненым (без ваен. аб’ектаў, войскаў і сродкаў абароны) і таму па-за тэатрам ваенных дзеянняў. Гэты акт мае на мэце прадухіліць знішчэнне гіст. і культ. каштоўнасцяў горада, яго жыхароў.
Прававы статус адкрытага горада засн. ва палажэнні (Гаагскай канвенцыі 1907) «Аб законах і звычаях сухапутнай вайны», арт. 25 якога забараняе «атакаваць або бамбардзіраваць якім бы ні было чынам неабароненыя гарады, паселішчы, жылыя дамы або будынкі». У 2-ю сусв. вайну адкрытымі гарадамі абвяшчаліся Парыж, Рым, Брусель, Бялград, Заграб, Любляна і інш. Вядомы выпадкі парушэння статуса адкрытага горада (бамбардзіроўка Бялграда фаш. авіяцыяй у 1941).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІЗА́НТЫЙ (грэч. Byzantion),
старажытна-грэч. горад на еўрап. беразе праліва Басфор. Засн. каля 660 да н.э. як мегарская калонія. Да 478 да н.э. належаў персам, з сярэдзіны 5 ст. ўваходзіў у Афінскі марскі саюз, тройчы выходзіў з яго, з 378 — член 2-га Афінскага марскога саюза. У 340 да н.э. вытрымаў аблогу войск Філіпа II, пасля бітвы пры Херанеі захаваў аўтаномію. Найб. росквіту дасягнуў у 4 ст. да н.э. З 1 ст. да н.э. ў складзе Рым. імперыі, стаў значным цэнтрам гандлю і рамёстваў. У 330 н.э. на месцы Візантыя заснаваны Канстанцінопаль і абвешчаны сталіцай Візантыі. З 1453 наз. Стамбул.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АХІ́Л, Ахілес,
у грэчаскай міфалогіі герой Траянскай вайны, адзін з гал. персанажаў «Іліяды». Паводле падання, маці Ахіла, марская багіня Фетыда, каб зрабіць сына бессмяротным, пакупала яго ў свяшчэнных водах р. Стыкс. Толькі пятка, за якую яна трымала дзіця, засталася паражальная. Загінуў Ахіл ад стралы Парыса, што трапіла ў пятку (адсюль выраз «ахілесава пята»). Ахіл — улюбёны герой стараж.-грэч. мастакоў і паэтаў, яму прысвечаны шматлікія малюнкі на ант. вазах, пампейскія фрэскі, рэльефы рым. саркафагаў. Міф пра Ахіла стаў сюжэтам твораў жывапісцаў А. ван Дэйка, П.П.Рубенса, Дж.Б.Цьепала, Н.Пусэна, А.Іванава.
Да арт.Ахіл. Прыям просіць у Ахілеса цела Гектара. Мастак А.А.Іванаў. 1824.