падзел сказа (у жывым маўленні — выказвання) на тэму (зыходны пункт выказвання) і рэму (тое новае, што паведамляецца чытачу ці слухачу аб тэме). Актуальнае чляненне сказа накладваецца на фармальна-сінтаксічную будову сказа, і ён набывае магчымасць перадаваць актуальную ў дадзеным кантэксце, важную ў момант паведамлення інфармацыю. Напр., у сказах «Мужчыны выйшлі на двор з хаты» і «На двор з хаты выйшлі мужчыны» суадносіны і камунікатыўная значымасць тэмы і рэмы розныя (з другога варыянта сказа вынікае, што ў хаце былі не толькі мужчыны). Тэма і рэма перадаюцца: лагічным націскам (прасадычныя сродкі), парадкам слоў (сінтаксічныя), часціцамі, займеннікамі, прыслоўямі або сінонімамі (марфалагічныя і лексічныя). У вусным маўленні тэма найчасцей падкрэсліваецца інтанацыяй, у пісьмовым — парадкам слоў. У экспрэсіўных выказваннях рэма можа папярэднічаць тэме, што патрабуе пры вымаўленні сказа асабліва ўзмоцненага націску і наз. эмфазай. Калі ў сказе адсутнічае проціпастаўленне тэмы і рэмы, ён наз. камунікатыўна нерасчлянёным.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВОДАЛЯЧЭ́ННЕ, гідратэрапія,
вонкавае і ўнутранае выкарыстанне прэсных (у вадкім стане, у выглядзе лёду ці пары), салёных азёрных і марскіх, а таксама мінер. вод у лек. і прафілакт. мэтах; адзін з відаў бальнеатэрапіі і фізіятэрапіі. Заснавана на мех., фіз., хім. уплывах вады на фізіял. і біяхім. працэсы ў арганізме праз раздражненне пэўных рэцэптараў (рэфлекторныя механізмы), змены складу ўнутр. асяроддзя — крыві, лімфы, міжтканкавай і інш. вадкасцей арганізма (пры пітным спажыванні) і інш. механізмы. Пры хваробах найчасцей выкарыстоўваецца як дадатковы да асн. від лячэння, у лячэбна-прафілакт. мэтах могуць выконваць вядучую ролю (гл.Ванны). Да асноўных у водалячэнні адносяцца таксама душ, абліванне, абціранне, захінанне, купанне і інш. водныя працэдуры. Пры водалячэнні ў воднае асяроддзе часта дадаюцца пахучыя і лек. экстракты і рэчывы (напр., хвойны экстракт, гарчыца, шкіпінар, марганцоўка, крухмал і інш.). Водалячэнне можа спалучацца з цеплалячэннем, сонцалячэннем, гразелячэннем, таласатэрапіяй, выкарыстаннем гарачага пяску (псаматэрапія) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАМО́Р,
масавая гібель рыбы і інш. водных жывёл. Адбываецца пры памяншэнні колькасці растворанага ў вадзе кіслароду (да 5—30% нармальнага насычэння) або са з’яўленнем у вадзе атрутных рэчываў у выніку скідвання прамысл. неачышчаных сцёкавых вод ці змыву з сушы ядахімікатаў. Колькасць кіслароду памяншаецца ў вадаёмах, багатых арган. рэчывамі (напр., балотныя воды), у стаячых вадаёмах у перыяд інтэнсіўнага развіцця водарасцей («цвіценне» вады) і зоапланктону. З. бывае летам у начны час у ціхае цёплае надвор’е і зімой пад ільдом (пераважна са студзеня да красавіка).
З’ява З. звязана з празмерным эўтрафіраваннем вадаёмаў. Да недахопу кіслароду найб. адчувальныя некат. рыбы (ласасёвыя, асятровыя, акунёвыя), ракі, малюскі (бяззубкі, перлаўкі) і інш.; менш адчувальныя вугры, карасі, ліні, уюны, лічынкі хіранамід і інш. Папярэджваюць З. насычэннем вады кіслародам у працэсе яе аэрацыі, аховай вадаёмаў ад забруджвання і атрутных рэчываў, павелічэннем іх праточнасці. На Беларусі З. найчасцей у азёрах Палесся і р. Прыпяць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІМПАТЭ́НЦЫЯ (ад лац. impotentia слабасць, бяссілле), палавая слабасць,
парушэнне палавой функцыі ў мужчын, што выяўляецца поўнай ці частковай няздольнасцю да палавога акта. Найчасцей (больш за 80%) гэта парушэнне эрэкцыі. Прычыны І.: функцыян. і арган. парушэнні ц. н. с., хваробы палавых органаў, эндакрынная, уралагічная паталогія, мех. перашкоды.
І., абумоўленая хваробамі ц. н. с., падзяляецца на картыкальную і спінальную. Прыкартыкальнай І. нерв. сістэма тармозіць палавую функцыю (страх няўдачы, хваробы вен і інш.) або кара галаўнога мозга ўзбуджае палавыя цэнтры (міжвольнае вывяржэнне семя пры нармальнай эрэкцыі). Спінальная І. звязана з пашкоджаннем спіннамазгавых цэнтраў эрэкцыі і эякуляцыі. Эндакрынная І. бывае пры парушэнні гарманальнай функцыі яечак у выніку арган. ці спадчынных хвароб ганад, гіпофіза, гіпаталамуса. І. з прычыны мех. перашкод абумоўлена заганамі развіцця і хваробамі палавога члена, вял. пахвіннымі і машоначнымі грыжамі. І. адрозніваюць ад бясплоднасці мужчын. Лячэнне комплекснае: псіхатэрапія, тэрапеўт., хірургічнае. І. вывучае андралогія.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРМУ́ШКА,
абсталяванне для скормлівання кармоў с.-г. жывёлам і птушкам. Умяшчае макс. разавую порцыю кармоў, забяспечвае гігіенічныя ўмовы кармлення, зручная для загрузкі кармоў, ачысткі і дэзінфекцыі.
Бываюць стацыянарныя, паўстацыянарныя (пад’ёмныя), пераносныя, перасоўныя і аўтам. (аўтакармушкі). Выкарыстоўваюць таксама К.-транспарцёры, кармавыя карыты, К. камбінаваныя, індывідуальныя і групавыя. Для буйн. раг. жывёлы найчасцей выкарыстоўваюць стацыянарныя К. з адна- і двухбаковым падыходам, на даільных устаноўках — індывідуальныя для канцэнтраванага корму, для свіней — адна- і двухбаковыя, у якіх задні борт вышэйшы за пярэдні, для курэй — аўтакармушкі бункернага тыпу і жалабковыя.
Кармушкі: а — кармушка-транспарцёр (1 — стужка, 2 — ланцуг); б — аўтакармушка (1 — карыта, 2 — бункер з кормам, 3 — размеркавальны конус); в — аўтакармушка з сістэмай распазнавання жывёл (1 — камбікорм, 2 — станцыя кіравання, 3 — антэна, 4 — датчык, 5 — шнэкавы дазатар); г, д — паваротная і спараная кармушкі для свіней, е — бункерная аўтакармушка для курэй (1 — конусны бункер, 2 — кормаправод, 3 — кармавая чаша).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́ПНЫ СУД (ад капа — грамада),
суд сельскай і гарадской грамады на Беларусі, які разглядаў справы простых людзей. Збіраўся ў пэўных месцах — капавішчах, на майдане. Судаводства мела 2 формы: звычайную і гвалтоўную. Звычайная капа збіралася па ініцыятыве зацікаўленых асоб у загадзя вызначаныя тэрміны і месца. Суддзямі маглі быць усе гаспадары мясцовасці (найчасцей збіралася 10—20 чал.). Прысутнічалі прадстаўнікі дзярж. або панскай адміністрацыі (віж, возны). Пастанова суда не падлягала апеляцыі. Рашэнне К.с. магло быць скасавана, калі капа адбывалася не на сваім капішчы. Гвалтоўная капа склікалася адразу пасля ўчынення злачынства (забойства, напад і да т. п.), без вызначэння пэўнага месца збору. Уся капа разам ішла па «гарачым следзе» і ў выпадку затрымання вінаватага ў межах воласці выносіла прыгавор, магла пакараць нават смерцю. Калі злачынца ўцякаў у суседнюю воласць, усе страты ўскладаліся на яе жыхароў. Дзейнасць К.с. у Беларусі спынена ў 17—18 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛА́ЗНЯ,
памяшканне, абсталяванае для мыцця цела, а таксама паляпшэння функцыянальнага стану арганізма пры некат. захворваннях (рэўматызм, падагра, хваробы нырак, неўрозы і інш.). Аздараўленчае ўздзеянне Л. шырока выкарыстоўвалася многімі народамі са старажытнасці. Першыя звесткі пра Л. ў Стараж. Русі адносяцца да 10 ст. (Кіеў). На Беларусі з ранняга сярэдневякоўя Л. былі пашыраны ў гарадах, мястэчках і вёсках (часцей у заможных сялян). Да пач. 20 ст. на вёсцы пераважалі курныя Л. з печкай-каменкай без дымаходу, з маленькім аконцам. Трапляліся і Л. паўзямлянкі. Да Л. звычайна прыбудоўвалі прылазнік (прымыльнік). Уздоўж сцяны рабілі палок, на якім парыліся з венікам. Падлогу масцілі плашкамі, радзей дошкамі. Часам будавалі Л. з дымаходамі, з умураванымі ў печ катламі.
У наш час найчасцей карыстаюцца Л. з парыльняй: рускага тыпу (з вільготным паветрам) ці фінскага — сауны (з сухім, гарачым паветрам), у некат. Л. ёсць плавальныя басейны, памяшканні для фізіятэрапеўтычных працэдур, дэзінфекцыйныя камеры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАСІ́ЎНАЕ ВЫ́БАРЧАЕ ПРА́ВА,
права асобы выбірацца ў выбарныя дзярж. органы і органы мясц. самакіравання; права быць зарэгістраваным у якасці кандыдата, праводзіць перадвыбарчую прапаганду і агітацыю, карыстацца ўсімі інш. правамі. У многіх дзяржавах валоданне П.в.п. абумоўлена рознымі павышанымі (у параўнанні з актыўным выбарчым правам) выбарчымі цэнзамі: узроставым, аселасці, адукац., службовым. Маёмасныя цэнзы для ажыццяўлення П.в.п. (пры выбарах у агульнанац. прадстаўнічыя органы) устаноўлены ў Канадзе, Аргенціне, Бельгіі, Коста-Рыцы і інш.Найчасцей абмежаванні датычаць павышанага ўзроставага цэнзу. На выбарах у верхнія палаты парламентаў гэты цэнз асабліва высокі, напр., у ЗША, Японіі, Індыі П.в.п. валодаюць грамадзяне, якія дасягнулі 30 гадоў (у ніжнюю — 25 гадоў), у Італіі адпаведна 40 і 25 гадоў. На Беларусі членам Савета Рэспублікі можа быць грамадзянін, які дасягнуў 30 гадоў і пражываў на тэр. адпаведнай вобласці, г. Мінска не менш як 5 гадоў, дэпутатам Палаты прадстаўнікоў (ніжняя палата) можа быць грамадзянін, які дасягнуў 21 года.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЯНА́ЖНАЕ СХО́ВІШЧА,
збудаванне для нарыхтоўкі і захоўвання сенажу. Корм з адна- і шматгадовых траў, правялены і здробнены, захоўваюць у вежавых (вертыкальных) і траншэйных (гарызантальных) сховішчах.
С.с. верт. тыпу (сянажная вежа) бывае з верхняй выгрузкай корму (робіцца з металу, зборнага жалезабетону, цэглы) і з ніжняй выгрузкай (метал. зварныя, драўляныя з поліэтыленавым чахлом). Вежы будуюць на тэр. ферм пераважна зборнымі з метал. лістоў або бетонных блокаў, зманціраваных на маналітным фундаменце. Іх аснашчаюць тэхн. сродкамі для загрузкі, размеркавання, ушчыльнення і выгрузкі кармоў. Гарыз. С.с. — заглыбленыя, паўзаглыбленыя і наземныя бетанаваныя траншэі. Бываюць адна- і шматсекцыйныя, праязныя і непраязныя, з паветранепранікальнымі сценамі і стыкамі. На фермах найчасцей выкарыстоўваюць наземныя траншэі.
Літ.:
Батищев В.Д. Механизация приготовления силоса и сенажа. М., 1983.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТЫШКЕ́ВІЧАВЫ ТЭА́ТРЫ,
прыватныя тэатр. трупы магнатаў Тышкевічаў у 18—19 ст. у іх рэзідэнцыях — Свіслачы (Гродзенская вобл.) і Плешчаніцах (Лагойскі р-н Мінскай вобл.). Свіслацкі тэатр створаны да 1788 графам В.Тышкевічам як аматарскі. У паказах, якія адбываліся ў суправаджэнні прыгоннай капэлы, удзельнічалі вучні гімназіі, жыхары мястэчка, прыцягваліся і сяляне. Муз. рэпертуар складаўся з твораў кампазітараў Дж.Паізіела, І.С.Баха, Л.Бакерыні і інш. Выступалі і «вольныя» драм., оперныя і балетныя трупы (Я.Шыманскага, 1803; М.Кажынскага, 1817—19 і інш.). Пра дзейнасць Плешчаніцкага тэатра вядома ў 1820—30-я г.Т-р быў аматарскі, але найчасцей у ім выступалі прафес. трупы, што гастраліравалі ў Свіслачы. Меў добрае абсталяванне, некалькі камплектаў дэкарацый і касцюмаў, якія пасля пажару ў 1835 перададзены т-ру ў Мінску.
Літ.:
Барышаў Г.І. Гарадскі і маёнткавы прыгонны тэатр на тэрыторыі Беларусі // Гісторыя беларускага тэатра. Мн., 1983. Т. 1.