ІО́ННАЯ СУ́ВЯЗЬ,

тып хімічнай сувязі, якая ўтвараецца за кошт дзеяння электрастатычных (кулонаўскіх) сіл паміж процілегла зараджанымі іонамі. Іоны ўтвараюцца з атамаў элементаў у выніку пераносу валентнага электрона ад атама элемента з нізкім іанізацыі патэнцыялам да атама элемента з вялікай роднасцю да электрона. Характэрна для хім. злучэнняў найб. актыўных металаў (шчолачных, шчолачназямельных і інш.) з тыповымі неметаламі (у асн. галагенамі). Такія злучэнні (напр., хларыд калію K​+Cl​, фтарыд цэзію Cs​+F​) існуюць пераважна ў выглядзе крышт. рэчываў — іонных крышталёў і пры растварэнні ў палярных растваральніках дысацыіруюць на іоны.

т. 7, с. 297

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЛІН,

дэталь прызматычнай формы, 2 рабочыя паверхні якой сыходзяцца пад вуглом. Раскліньвальнае дзеянне К. дае значны выйгрыш у сіле: пры малым вугле і разліковым каэф. трэння 0,1 папярочная сіла ў 5 і болей разоў перавышае прыкладзеную падоўжную сілу. К. — адна з вял. стараж. вынаходак чалавецтва. Выкарыстоўваецца як інструмент (сякера, калун, зубіла і да т.п.), рэгуліровачная або ўстановачная дэталь у механізмах і машынах, заціскная дэталь у раздымных нерухомых клінавых злучэннях і інш.

Дзеянне сіл у злучэнні з клінам: Fy — прыкладзенае намаганне; Fx — раскліньваючыя намаганні (Fx > Fy).

т. 8, с. 343

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРАСО́ЎСКІ (Анатоль Міхайлавіч) (н. 14.9.1935, в. Сіні Калодзеж Навазыбкаўскага р-на Бранскай вобл., Расія),

бел. вучоны ў галіне тэхналогіі металапалімерных матэрыялаў. Д-р тэхн. н. (1984), праф. (1990). Скончыў Бел. ін-т інжынераў чыг. транспарту (1958). З 1963 у Ін-це механікі металапалімерных сістэм Нац. АН Беларусі. Навук. працы па даследаванні фізіка-хім. працэсаў плёнкаўтварэння ў вакууме пры ўздзеянні на палімеры і металаарган. злучэнні плазмы эл. разраду, лазернага і электроннага выпрамяненняў.

Тв.:

Получение тонких пленок распылением полимеров в вакууме. Мн., 1989 (разам з Я.​М.​Таўстапятавым).

т. 8, с. 464

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІ́ТЫЕВЫЯ РУ́ДЫ,

прыродныя мінер. ўтварэнні, якія маюць у сабе літый, або яго злучэнні. Літый знаходзіцца ў рудах пераважна ў форме мінералаў; у невял. колькасці ізаморфных дамешкаў уваходзіць у састаў пародаўтваральных мінералаў (слюд, турмалінаў і інш.). Гал. літыйзмяшчальныя мінералы, якія маюць прамысл. значэнне: спадумен (6—7% LiO2), петаліт (3,5—4,9%), амбліганіт (8—10%), а таксама літыевыя слюды: лепідаліт (4—6% LiO2), цынвальдыт (3—3,5%). Трапляюцца ў гранітах, пегматытах і грэйзенах. Буйнейшыя радовішчы Л. р. ў Канадзе, ЗША, Паўд. Радэзіі, Паўд. -Зах. Афрыцы, Бразіліі, Расіі і інш.

т. 9, с. 318

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́ГНІЕВЫЯ РУ́ДЫ,

прыродныя мінер. ўтварэнні, якія маюць метал. магній або яго злучэнні ў колькасцях, дастатковых для прамысл. атрымання. Да М.р. адносяць больш за 100 мінералаў, у т. л. брусіт (41,7% магнію), магнезіт (28,8%), даламіт (18,2%), кізерыт (17,6%), бішафіт (12%), лангбейніт (11,7%), эпсаміт (9,9%), каініт (9,8%), карналіт (8,8%), расолы (2% MgO) і марскую ваду (0,13%). Асн. прамысл. радовішчы — асадкавыя, другасныя — метамарфічныя і гіпергенныя. Радовішчы ў Расіі, Бразіліі, Індыі, Аўстраліі, ЗША і інш. На Беларусі ў якасці М.р. выкарыстоўваюцца карналіт і дэвонскія расолы ў Прыпяцкім саляносным басейне.

т. 9, с. 477

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕ́ДНЫЯ ЎГНАЕ́ННІ,

адзін з відаў мікраўгнаенняў, які мае ў якасці мікраэлемента медзь у даступным для спажывання раслінамі выглядзе. У раслінах медзь уваходзіць у састаў ферментаў, удзельнічае ў працэсах дыхання; у аптымальных канцэнтрацыях паскарае рост і павышае ўстойлівасць раслін да засухі і захворванняў. Найб. пашыранае М.ў. — медны купарвас CuSO4∙5H2O мае 25,4% медзі, добра раствараецца ў вадзе (гл. Медзі злучэнні). Выкарыстоўваюць пераважна на асушаных тарфяна-балотных, пясчаных і супясчаных глебах пад пшаніцу, ячмень, авёс, цукр. буракі, гарох, злакавыя травы, водныя растворы — для перадпасяўной апрацоўкі насення і пазакаранёвай падкормкі.

Р.​У.​Васілюк.

т. 10, с. 250

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІКРАФЛО́РА (ад мікра... + флора),

сукупнасць відаў мікраарганізмаў, што насяляюць пэўнае асяроддзе існавання (глеба, вада, паветра, горныя пароды і інш.). Па паходжанні адрозніваюць М., што пастаянна прысутнічае, і прыўнесеную; паводле тыпу жыўлення — аўтатрофную (мікраарганізмы, якія разбураюць арган. рэчывы), алігатрофную (завяршаюць мінералізацыю арган. рэчываў) і літатрофную (пераўтвараюць мінер. злучэнні горных парод, газы). Напр., у сульфідных рудах акісленне абумоўлена тыёнавымі бактэрыямі, у рубцы жвачных жывёл — анаэробнай М., што ператраўлівае клятчатку. Скура, слізістыя абалонкі, кішэчнік, інш. органы жывёл, паверхня раслін маюць пастаянную, т. зв. нармальную М., якая метабалізуе выдзяленні з тканак.

т. 10, с. 362

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

карбацыклі́чны

(ад карба- + гр. kyklos = кольца);

к-ыя злучэнні — арганічныя рэчывы, малекулы якіх маюць цыклы (кольцы), пабудаваныя з атамаў вугляроду.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

карбі́ды

(ад карба- + гр. eidos = выгляд)

злучэнні металаў і некаторых металоідаў з вугляродам (напр. к. жалеза — цэментыт, к. крэмнію — карбарунд).

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ізаме́ры

(гр. isomeres = роўна падзелены)

хімічныя злучэнні з аднолькавым саставам і малекулярнай масай, але з рознымі фізічнымі і хімічнымі ўласцівасцямі.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)