АЛЕ́НДСКІ (Антон Варфаламеевіч) (каля 1843, Люблінская губ. — 11.4.1864),
удзельнік паўстання 1863—64 на Беларусі. Скончыў 1-ы Маскоўскі кадэцкі корпус (1862), вучыўся ў Міхайлаўскай артыл. акадэміі (Пецярбург). Уваходзіў у афіцэрскую рэв. арг-цыю, зблізіўся з чл. арг-цыі «Зямля і воля». У крас. 1863 выехаў з Пецярбурга ў Магілёўскі пав., дзе пад імем Антоній узначаліў Чарнаруцкі паўстанцкі атрад. Пасля разгрому атрада пад Славенямі (27 крас., цяпер Талачынскі р-н) далучыўся да сенненскіх, а потым барысаўскіх паўстанцаў. 13.5.1863 схоплены, публічна расстраляны ў Мінску.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРАЎН ((Brown) Джон) (9.5.1800, г. Торынгтан, штат Канектыкут, ЗША — 2.12.1859),
адзін з лідэраў абаліцыянісцкага руху ў ЗША (гл.Абаліцыянізм). У 1855—56 арганізаваў узбр. барацьбу супраць рабаўладальнікаў у штаце Канзас. Распрацаваў план стварэння ў Алеганскіх гарах (штат Віргінія) свабоднай рэспублікі, склаў праект яе дэмакр. «Часовай канстытуцыі». З мэтай ажыццяўлення плана 16.10.1859 Браўн з узбр. атрадам захапіў урадавы арсенал у Харперс-Феры. Атрад быў знішчаны, загінулі 2 сыны Браўна, а ён сам, цяжка паранены, быў арыштаваны і павешаны. Паўстанне Браўна папярэднічала Грамадзянскай вайне ў ЗША 1861—65.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРУХАРАСНІ́ЧНЫЯ ІНФУЗО́РЫІ (Hypotrichida, або Hypotricha),
атрад прасцейшых падкл. спіральнараснічных інфузорый. Больш за 400 відаў. Пашыраны брухараснічныя інфузорыі з сям. Aspidiscidae, Euplotidae, Oxytrichidae. У вадаёмах Беларусі — прадстаўнікі родаў Aspidisca, Euplotes, Oxytricha, Stylonychia. Большасць жыве ў тоўшчы марскіх і прэсных водаў, сярод зараснікаў водных раслін, у глеі, глебе.
Цела сплошчанае. Раснічны апарат дыферэнцыраваны: на спінным баку раснічкі ператвораны ў кароткія адчувальныя шчацінкі, на брушку зліваюцца і ўтвараюць пальцападобныя т.зв. цыры, з дапамогай якіх брухараснічныя інфузорыі хутка перамяшчаюцца па субстраце. Размнажэнне бясполае (дзяленне папалам) і палавое (кан’югацыя).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАНСЕ́ЦКІ (Павел Фёдаравіч) (1915, г. Краснадар, Расія — 27.3.1944),
Герой Сав. Саюза (1945). Беларус. З 1938 у ВМФ, служыў на Чарнаморскім флоце. З 1942 у брыгадзе марской пяхоты, удзельнік дэсантных аперацый у Новарасійску, Марыупалі, Таганрогу, Бярдзянску. Старшына 2-й стацці Вансецкі вызначыўся ў час дэсантнай аперацыі ў г. Мікалаеў (Украіна): у ноч на 26.3.1944 атрад дэсантнікаў, у складзе якога быў Вансецкі, па Паўд. Бугу высадзіўся ў тыле ворага ў порце, у няроўным баі за 2 сутак адбіў 18 контратак, нанёс вял. страты жывой сіле ворага.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАШЧЫ́ЛА (Васіль Мацвеевіч) (1690, в. Лобжа Клімавіцкага р-на Магілёўскай вобл. — 28.8.1744),
кіраўнік сял. руху і антыфеад. Крычаўскага паўстання 1743—44. Быў войтам в. Селішчы Крычаўскага староства Радзівілаў. У маі 1740 узначаліў узбр.атрад з некалькіх сотняў сялян, да якога пазней далучыліся сяляне з інш. шляхецкіх уладанняў і з-за мяжы. Пасля задушэння паўстання Вашчылу ўдалося ўцячы на рас. мяжу, дзе ён выдаў сябе за рас. падданага. Г.Радзівіл патрабаваў яго выдаць. Пакуль ішло следства, Вашчыла сядзеў у Кіева-Пячэрскай крэпасці, захварэў на дызентэрыю і неўзабаве памёр.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІСЛАКРЫ́ЛЫЯ (Megaloptera),
атрад насякомых. Каля 40 відаў. Пашыраны ва ўсім свеце. Жывуць каля вады, на прыбярэжнай расліннасці, лічынкі ў вадзе. На Беларусі найб. вядомая віслакрылка звычайная (Sialis lutaria).
Маларухомыя насякомыя цёмнага колеру. Маюць 2 пары аднатыпных перапончатых шырокіх крылаў (размах 2—4 см), якія ў спакоі стрэхападобна прыкрываюць брушка. Вусікі шчацінкападобныя, шматчленікавыя, вочы фасетачныя, буйныя. Вылет дарослых насякомых вясной або ў пач. лета. Яйцы адкладваюць на лісце водных раслін. Лічынкі жывуць у вадзе 2 гады, кормяцца дробнымі насякомымі і іх лічынкамі, акукліваюцца ў глебе; пажыва для рыб.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́ЗЕМЛЯНСКІ БОЙ 1941,
бой паміж партыз. атрадам «Чырвоны Кастрычнік» (камандзір Ц.П.Бумажкоў), падраздзяленнем Чырв. Арміі (падпалк. Л.В.Курмышоў) і ням.-фаш. захопнікамі 18 ліп. ў в. Воземля Акцябрскага р-на Гомельскай вобл. ў Вял.Айч. вайну. Нечакана для гітлераўцаў да вёскі па чыг. ветцы Бабруйск—Рабкор падышоў браняпоезд і адкрыў артыл. агонь па штабе ням. дывізіі і агнявых пунктах ворага. Потым зводны атрад партызан і чырвонаармейцаў атакаваў праціўніка. У выніку бою была вызвалена ад захопнікаў вёска, партызаны захапілі палонных, трафеі, важныя штабныя дакументы і перадалі іх камандаванню сав. войск.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖАБРО́ЎСКІ (Канстанцін Адамавіч) (псеўд.Костка, Навіцкі; 1838, Аўгустоўская губ. —6.7.1863),
удзельнік паўстання 1863—64 у Польшчы, Літве і Беларусі. Скончыў Арлоўскі кадэцкі корпус і Канстанцінаўскае ваен. вучылішча (Пецярбург). З 1861 вучыўся ў Артыл. акадэміі ў Пецярбургу, уваходзіў у ваен.рэв. арг-цыю. 16.4.1863 уцёк на Магілёўшчыну, прызначаны паўстанцкім ваен. начальнікам Сенненскага пав. З групай каля 100 валанцёраў перайшоў у Барысаўскі пав., дзе злучыліся некалькі паўстанцкіх груп. 19.5.1863 аб’яднаны атрад разбіты ўрадавымі войскамі каля в. Падбярэззе. Ж. схоплены і паводле прысуду расстраляны ў Барысаве.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУЛЬЧЫ́ЦКІ (Баляслаў) (Эўстахій Баляслаў) Францавіч (2.10.1842, Аўгустоўская губ. — 12.5.1863),
адзін з кіраўнікоў паўстання 1863—64. Брат Л.Кульчыцкага. Вучыўся ў Брэсцкім (1850—59) і Наўгародскім (1859—61) кадэцкіх карпусах і артыл. вучылішчы ў Пецярбургу. У 1862 залічаны ў артыл. акадэмію, падпаручнік. Належаў да пецярбургскіх афіцэрскіх рэв. гурткоў. Камандаваў паўстанцкім атрадам, які фарміраваўся на мяжы Себежскага і Дрысенскага пав. (у Юхавіцкіх лясах). 6.5.1863 яго атрад быў разбіты. К. з групай паўстанцаў перайшоў у Зябецкія лясы, дзе 12.5.1863 іх акружылі ўрадавыя войскі. Паўстанцы вымушаны былі здацца. Каб пазбегнуць палону, К. застрэліўся.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУЧУ́М (?, Цэнтр. Азія — не раней 1598),
апошні хан Сібірскага ханства. У 1563 скінуў сібірскіх ханаў Едыгера і Бекбулата — даннікаў рас. цара Івана IV і абвясціў сябе ханам. Ён спыніў выплату даніны і ўзначаліў барацьбу супраць казацкай дружыны Ермака. У 1582 пацярпеў паражэнне ў бітве на Чувашаўскім мысе на р. Іртыш, пакінуў сваю сталіцу Кашлык. У 1585 знішчыў атрад казакаў на чале з Ермаком. Працягваў барацьбу да жн. 1598, калі быў канчаткова разбіты ваяводам А.Ваейкавым на р. Бердзь, уцёк у Нагайскую Арду, дзе і загінуў.