электрамагнітнае выпрамяненне, даўжыня хвалі якога ўмоўна большая за 50 мкм. Працэсы выпрамянення, распаўсюджвання і пераўтварэння Р. вывучае радыёфізіка і радыётэхніка.
Існаванне Р. эксперыментальна даказана Г.Герцам (1888). Адрозніваюць Р., узбуджаныя штучнымі крыніцамі (радыёперадатчыкамі), і Р., якія паступаюць ад пазаземных крыніц ні выкліканы маланкай. Р. ад штучных крыніц умоўна падзяляюць па даўжыні хвалі (частаце) на дыяпазоны (гл.Радыёчастоты), з іх дапамогай перадаюць інфармацыю, вызначаюць адлегласці да аб’ектаў і інш. Энергію такіх Р. можна канцэнтраваць у вузкі пучок з дапамогай накіраваных антэн ці радыёхваляводаў. Р. выкарыстоўваюцца ў радыёсувязі, радыёлакацыі, радыёастраноміі і інш.Гл. таксама Адбіццё хваляў, Выпрамяненне і прыём радыёхваль, Дыфракцыя хваль, Інтэрферэнцыя хваль, Палярызацыя хваль, Пераламленне хваль.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РОЎНАРАСНІ́ЧНЫЯ ІНФУЗО́РЫІ (Holotricha),
падклас прасцейшых тыпу інфузорый. 5 атр., каля 4 тыс. відаў. Пашыраны паўсюдна ў марскіх і прэсных водах. На Беларусі найб. трапляюцца адны з класічных аб’ектаў інфузорый — туфелькі, галафрыя чарнаватая (Holophrya nigricans), дыдыніум насаты (Didinium nasutum), колепс шчаціністы (Coleps hirtus), прарадон яйцападобны (Prorodon ovum) і інш. Удзельнічаюць у біял. ачышчэнні вадаёмаў. Некат. віды — паразіты (балантыдый колі, іхтыяфтырыус і інш.), узбуджальнікі хвароб жывёл і чалавека.
Даўж. да 0,6 мм. Цела бясколернае, зрэдку зялёнае, сіняе або інш. афарбоўкі. Раснічкі (пераважна органы руху) размешчаны раўнамерна або развіты пераважна на брушным баку, у некат. утвараюць венчыкі. Кормяцца бактэрыямі, водарасцямі, дэтрытам, ёсць драпежнікі. Размнажаюцца простым дзяленнем і шляхам кан’югацыі. Іл.гл. да арт.Інфузорыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІНТЭТЫ́ЧНЫ ЎЛІК,
улік па ўзбуйненых эканамічных паказчыках у грашовым выражэнні, які паказвае дынаміку руху ўсіх аб’ектаўбухгалтарскага ўліку ў абагульненых вартасных паказчыках. Вядзецца ў разрэзе сінт.рахункаў бухгалтарскага ўліку, адзіны план якіх зацвярджаецца ў цэнтралізаваным парадку. Служыць для атрымання сумарных звестак аб гасп.-фін. дзейнасці прадпрыемства, установы, арг-цыі. Дае магчымасць правяраць узаемасувязь усіх гасп. аперацый і шляхам зверкі сінт. і аналітычнага ўліку кантраляваць дасканаласць і правільнасць іх адлюстравання ва ўліку. С.ў. карыстаюцца пры складанні і праверцы справаздачнасці. На прадпрыемствах (аб’яднаннях) з дапамогай С.ў. вызначаюць агульную наяўнасць асн. сродкаў, сыравіны і матэрыялаў, затраты на вытв-сць, стан разлікаў з пастаўшчыкамі і г.д.; у фін.-крэдытных установах — кантралююць выкананне бюджэту і крэдытныя аперацыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІСТЭ́МАў тэхніцы,
сукупнасць узаемазвязаных тэхн.аб’ектаў (прылад, машын, механізмаў), а таксама носьбітаў інфармацыі, працэсаў, элементаў і інш., аб’яднаных адзінай мэтай і агульным алгарытмам функцыянавання.
С. ў кібернетыцы і вылічальнай тэхніцы — сукупнасць апаратных і праграмных сродкаў вылічальных сістэм, у т. л. базавых праграмных сродкаў (напр., аперацыйных сістэм, комплексаў праграм для рашэння канкрэтных прыкладных задач). Адрозніваюць С. аўтаматычныя і аўтаматызаваныя (з удзелам чалавека), адаптыўныя, саманавучальныя, самаарганізавальныя і інш.Найб. пашыраны С. інфармацыйныя, пошукавыя, аўтам. кіравання, аўтаматызацыі навук. даследаванняў, навук.-тэхн. эксперыментаў і выпрабаванняў, аўтаматызаванага праектавання, кіравання прадпрыемствамі і тэхнал. працэсамі, апрацоўкі відарысаў, сігналаў, распазнавання вобразаў, тэхн. зроку і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СО́НЕЧНАЯ ЭЛЕКТРАСТА́НЦЫЯ,
устаноўка (электрастанцыя), якая пераўтварае сонечную радыяцыю ў цеплавую або электрычную энергію. Адрозніваюць тэрмадынамічныя С.э., у якіх сонечная энергія паслядоўна пераўтвараецца ў цеплавую, а затым — у электрычную (напр., па цыкле: геліяканцэнтратары — паравы кацёл—турбіна—генератар) і фотаэлектрычныя станцыі, якія непасрэдна, з дапамогай сонечных батарэй. пераўтвараюць энергію сонечнага выпрамянення ў электрычную. С.э. выкарыстоўваюцца для электразабеспячэння розных аб’ектаў, у т. л.касм. апаратаў, апраснення вады і інш. Магутнасць тэрмадынамічных С.э. больш за 30 МВт, фотаэл. — больш за 10 МВт.
Варыянт касмічнай сонечнай электрастанцыі: 1 — люстэркі; 2 — монакрышталічныя (крэмніевыя) сонечныя элементы, якія пераўтвараюць энергію сонечнага выпрамянення ў электрычную; 3 — перадавальная лінія; 4 — звышвысокачастотнае выпрамяненне, якое пераносіць пераўтвораную электраэнергію на зямлю; 5 — станцыя кіравання.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТАТЫСТЫ́ЧНАЕ НАЗІРА́ННЕ,
навукова арганізаваны, планамерны збор звестак пра падзеі і працэсы сац.-эканам. жыцця грамадства. Адрозніваюць С.н. суцэльнае і выбарачнае. Суцэльнае — назіранне, пры якім абследуюцца ўсе без выключэння аб’екты назірання (перапіс насельніцтва, суб’ектаў гаспадарання, стат. аналіз бягучай справаздачнасці і інш.). Адной з яго форм з’яўляецца аднаразовы ўлік. Напр., стат. органы праз 2—3 гады робяць улік колькасці рабочых па прафесіях, разрадах, узросце і інш., спецыялістаў — па адукацыі і г.д.Выбарачнае — назіранне, пры якім робіцца абследаванне толькі часткі аб’ектаў назірання пры ўмове, што гэта частка адбіраецца аб’ектыўна, незалежна ад волі даследчыка і мае такую колькасць, каб у ёй змаглі выявіцца заканамернасці аб’екта назірання. Гл. таксама Назіранне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТО́ЕСНАСЦІ ЗАКО́Н,
адзін з асн. законаў фармальнай логікі, згодна з якім кожнае завершанае суджэнне ў лагічных аперацыях пры паўтарэнні павінна мець аднолькавы, устойлівы змест; прынцып правільнай пабудовы думак у працэсе разважання. Сфармуляваны Арыстоцелем, які сцвярджаў, што абмеркаванне пэўнай праблемы павінна пачынацца з вызначэння агульнага сэнсу паняццяў, якімі карыстаюцца субяседнікі. У логіцы Т.з. сімвалічна выяўляецца ў выглядзе формулы A ёсць A, ці A=A, у матэм. логіцы — A→A, дзе A — пэўнае выказванне, а → — знак імплікацыі. На практыцы Т.з. прадугледжвае пэўнае абстрагаванне ад характару аб’ектаў выказвання, ад іх развіцця і змены, што правамоцна ў сувязі з адноснай устойлівасцю ўсіх з’яў. Т.з. дапаўняецца і развіваецца супярэчнасці законам і выключанага трэцяга прынцыпам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТЫПІЗА́ЦЫЯў тэхніцы і будаўніцтве,
распрацоўка тыпавых чарцяжоў, праектаў (рашэнняў) на аснове агульных для шэрагу вырабаў (канструкцый, збудаванняў, тэхнал. працэсаў або работ) тэхн. характарыстык, адзін з метадаў стандартызацыі і уніфікацыі.
У тэхніцы Т. служыць асновай для групавых метадаў апрацоўкі дэталей і вузлоў, паточна-масавай і серыйнай вытв-сці па найб. дасканалых тэхналогіях. Дазваляе адбіраць узоры з найлепшымі параметрамі і тыпапамерамі, уніфікаваныя элементы, тыпавое абсталяванне і аснастку тэхналагічную. У будаўніцтве Т. ажыццяўляецца на аснове модульнай сістэмы (гл.Модуль у архітэктуры), характарызуецца выкарыстаннем тыпавых секцый і канструкцый, стандартных дэталей. Паскарае праектаванне аб’ектаў, скарачае тэрміны ўзвядзення будынкаў і збудаванняў, садзейнічае ўкараненню прагрэс. метадаў вытв-сці, павышэнню прадукцыйнасці працы, паляпшэнню якасці прадукцыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УЛЬТРАМІКРАСКО́П (ад ультра... + мікраскоп),
аптычная прылада для выяўлення часцінак памерамі да 2∙10′9м, якія нельга назіраць пры дапамозе звычайнага мікраскопа. Вынайдзены ў 1903 аўстр. вучонымі Р.А.Зігмандзі і Г.Зідэнтопфам.
Дзеянне У. заснавана на знаходжанні часцінак па дыфракцыі святла на іх. Асн. частка У. — звычайны мікраскоп са спец. асвятляльнай сістэмай (надзвычай моцныя крыніцы святла) для назірання паводле метаду цёмнага поля (даследуемы аб’ект асвятляецца так, што ў аб’ектыў мікраскопа трапляюць толькі рассеяныя ім прамяні, якія ўтвараюць дыфракцыйныя плямы). У. не дае аптычнага відарыса даследуемых аб’ектаў (сапраўдныя памеры і форму па дыфракцыйных плямах вызначыць немагчыма), але дазваляе вызначыць іх канцэнтрацыю і сярэдні памер. Выкарыстоўваецца пры даследаванні дысперсных сістэм, для кантролю чысціні паветра, вады і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФІНІКІ́ЙЦЫ,
старажытныя семіцкія плямёны, што належалі да ханаанскай галіны зах.-семіцкіх плямён (гл.Семіты). Паводле падання, прыйшлі з берагоў Эрытрэйскага м. (магчыма, Індыйскага акіяна). Насялялі ўсх. ўзбярэжжа Міжземнага м. (гл.Фінікія). Займаліся земляробствам, рыбалоўствам, рамёствамі; найб. актыўна развівалася здабыча пурпуру і вытв-сць пурпурнай воўны, шкла, апрацоўка металаў, караблебудаўніцтва. У канцы 2 — пач. 1-га тыс. да н.э. вялі марскі гандаль ад Месапатаміі да Тартэса, уздоўж марскіх маршрутаў заснавалі калоніі Гадэс, Нора, Карфаген і інш. Сярод аб’ектаў каланізацыі Ф. Фівы ў Беотыі (Грэцыя). Ф. належыць адна з самых стараж. алфавітных сістэм (гл.Фінікійскае пісьмо), якая была запазычана і ўдасканалена грэкамі.
Літ.:
Харден Д. Финикийцы. Основатели Карфагена: Пер. с англ.М., 2002.