ІНВЕ́РТАР (ад лац. inverto пераварочваю, пераўтвараю),

1) у радыётэхніцы — электронная прылада (ці эл. ланцуг), на выхадзе якой змены амплітуды, фазы або палярнасці сігналаў процілеглыя ўваходным. Ва ўзмацняльнай апаратуры выкарыстоўваюцца для атрымання 2 аднолькавых па амплітудзе і процілеглых па фазе сігналаў (фазаінвертары).

2) У электратэхніцы — прылада для пераўтварэння пастаяннага току ў пераменны з дапамогай кіроўных вентыляў. Выконваецца на газаразрадных (ігнітроны, тыратроны) ці паўправадніковых (тырыстары) прыладах. Бываюць залежныя (кіраванне ад эл. сеткі; выкарыстоўваюцца ў высакавольтных лініях электраперадач, сістэмах электрапрывода) і незалежныя, або аўтаномныя (выкарыстоўваюцца як пераўтваральнікі частаты ў сістэмах электрапрывода, для індукцыйнага нагрэву, люмінесцэнтнага асвятлення і інш.).

3) У вылічальнай тэхніцы — электронная прылада з адным уваходам і адным выхадам, у якой выхадны сігнал выяўляецца пры адсутнасці ўваходнага. Выкарыстоўваецца для рэалізацыі лагічнага адмаўлення (лагічнай аперацыі «НЕ»).

Бываюць патэнцыяльныя (найб. пашыраныя) і імпульсныя. Патэнцыяльныя І. забяспечваюць нізкі ўзровень выхаднога напружання пры высокім узроўні ўваходнага і наадварот (у аналагавых выліч. машынах — выхадны сігнал процілеглы па палярнасці ўваходнаму). Імпульсны змяняе палярнасць уваходнага імпульсу на процілеглую або фарміруе імпульс пры адсутнасці ўваходнага сігналу.

П.​С.​Габец.

Схемы інвертараў: 1 — самаўзбуджальнага аўтаномнага (Д — дросель, С — кандэнсатар, L — шпуля індуктыўнасці, В — вентыль, Т — трансфарматар, Rн — нагрузка); 2 — патэнцыяльнага на транзістары p—n—p (A — уваходны сігнал, P — выхадны сігнал, R — амічнае супраціўленне, E — крыніца пастаяннага току); 3 — імпульснага на імпульсным трансфарматары (A — уваходны сігнал, P — выхадны сігнал).

т. 7, с. 222

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХІМІ́ЧНАЯ ФІ́ЗІКА,

раздзел навукі на мяжы хіміі і фізікі. Спалучае фізічную хімію, плазмахімію, фотахімію, хімію цвёрдага цела, электрахімію. Тэрмін увёў ням. хімік А.​Эйкен (1930). У самаст. раздзел вылучылася ў пач. 20 ст. са з’яўленнем квантавай механікі, квантавай хіміі, кінетыкі хімічнай. Найб. эфектыўна Х.ф. фарміравалася як вынік развіцця тых раздзелаў хіміі, у якіх прагрэс дасягаўся з выкарыстаннем сучаснай тэхнікі фіз. эксперыменту і дасягненняў тэарэт. фізікі. Уклад у развіццё Х.ф. зрабіў М.М.Сямёнаў, які ў 1920—30-я г. адначасова з С.Н.Хіншэлвудам стварыў тэорыю ланцуговых хімічных рэакцый.

Х.ф. вывучае квантава-мех. паходжанне хім. узаемадзеянняў і рэакцыйнай здольнасці злучэнняў, будову і ўласцівасці малекул, кластэраў, крышталёў і вадкасцей, даследуе прыроду элементарных актаў хім. працэсаў, свабодна-радыкальных рэакцый, фотахім. і радыяцыйна-хім. працэсаў. Новы кірунак Х ф. — даследаванне хім. паводзін рэчываў у экстрэмальных умовах (напр., пры т-рах, блізкіх да абсалютнага нуля, звышмоцных магнітных і эл. палях). Вывучае таксама працэсы, якія выклікаюцца ўдарнымі хвалямі ў газах і вадкасцях; дзеяннем магутнага лазернага выпрамянення і інш. Метады даследавання: аптычная і люмінесцэнтная спектраскапія, мас-спектраметрыя, рэнтгенаструктурны аналіз, электронаграфія і інш. Асобная ўвага аддаецца імпульсным метадам вывучэння хуткіх працэсаў (напр., імпульсны фатоліз).

На Беларусі даследаванні па Х.ф. вядуцца ў ін-тах фізіка-арган. хіміі, агульнай і неарган. хіміі, фізікі Нац. АН, БДУ, Бел. тэхнал. ун-це.

Літ.:

Семенов Н.Н. Химическая физика. Черноголовка, 1975;

Бутягин П.Ю. Химическая физика твердого состояния вещества. [Ч. 1—2]. М., 1989—91;

Химическая физика на пороге XXI в. М., 1996.

А.​І.​Кулак.

т. 17, с. 21

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛА́ЗЕР (англ. laser, скарачэнне ад Light Amplification by Stimulated Emission of Radiation узмацненне святла вымушаным выпрамяненнем),

аптычны квантавы генератар эл.-магн. выпрамянення ў бачным, інфрачырвоным ці ультрафіялетавым дыяпазонах даўжынь хваль. Прынцып работы Л. заснаваны на ўзмацненні святла пры наяўнасці адваротнай сувязі. Выкарыстоўваецца ў навук. фіз., хім., біял. даследаваннях, прам-сці, медыцыне, экалогіі, лініях валаконна-аптычнай сувязі, для запісу, апрацоўкі, перадачы і захоўвання інфармацыі і інш., а таксама ў ваен. справе (прамянёвая зброя).

Л. мае актыўнае асяроддзе, прылады напампоўкі для ўзбуджэння рэчыва ва ўзмацняльны стан і адваротнай сувязі, якая забяспечвае шматразовае праходжанне выпрамянення праз актыўнае рэчыва. Адваротная сувязь ствараецца люстэркамі (гл. Аптычны рэзанатар) або перыядычнымі неаднастайнасцямі актыўнага рэчыва (Л. з размеркаванай адваротнай сувяззю). Паводле актыўнага рэчыва адрозніваюць газавы лазер, паўправадніковы лазер, цвердацелы лазер, вадкасны на арган. фарбавальніках, эксімерны Л. (на малекулах галагенаў з высакароднымі газамі), Л. на свабодных электронах і інш.; паводле рэжыму работы — неперарыўны і імпульсны (выпрамяняюцца адзінкавыя імпульсы ці перыядычная паслядоўнасць імпульсаў з частатой паўтарэння да 10​7 с​−1.

На Беларусі даследаванні і распрацоўкі Л. праводзяцца ў ін-тах фізікі, электронікі, малекулярнай і атамнай фізікі Нац. АН, БДУ, БПА і інш. Бел. вучонымі і інжынерамі створаны лазеры на арган. фарбавальніках, рэалізаваны розныя метады кіравання параметрамі лазернага выпрамянення і выкарыстання Л. ў навук. даследаваннях, медыцыне, апрацоўцы інфармацыі.

Літ.:

Степанов Б.И. Лазеры на красителях. М., 1979;

Яго ж. Лазеры сегодня и завтра. Мн., 1987;

Качмарек Ф. Введение в физику лазеров: Пер. с пол. М., 1981;

Тарасов Л.В. Лазеры действительности и надежды. М., 1985;

Войтович А.П., Севериков В.Н. Лазеры с анизотропными резонаторами. Мн., 1988.

П.​А.​Апанасевіч.

т. 9, с. 100

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Я́ДЗЕРНАЯ ЭЛЕКТРО́НІКА,

галіна радыёэлектронікі, якая распрацоўвае метады і сістэмы рэгістрацыі іанізавальных выпрамяненняў і апрацоўкі атрыманых даных. Узнікла з патрэб ядзернай фізікі; шырока выкарыстоўваецца ў хіміі, біялогіі, медыцыне, касм. даследаваннях, фізіцы элементарных часціц і інш. Грунтуецца на метадах аналагавай, аналага-лічбавай і лічбавай апрацоўцы эл. сігналаў, на выкарыстанні мікрапрацэсарнай тэхнікі, персанальных камп’ютэраў і камп’ютэрных сістэм.

Асаблівасці рэгістрацыі іанізавальных выпрамяненняў: стахастычны, імпульсны характар эл. сігналаў на выхадзе дэтэктараў часціц; непрадказальнасць моманту іх з’яўлення, інтэнсіўнасці і формы; вымярэнне іх параметраў пры наяўнасці радыяцыйнага фону. Амплітуда імпульснага сігналу залежыць ад энергіі, форма — ад тыпу часціц; момант з’яўлення карэліраваны з працягласцю ядз. працэсаў. Рэгістрацыя часціц ці квантаў зводзіцца да падліку імпульсаў ад дэтэктара; ідэнтыфікацыя тыпу выпрамянення і вымярэнне яго спектра ажыццяўляецца шляхам аналізу формы імпульсу, амплітуды ці адноснай затрымкі паміж імпульсамі; прасторавае размеркаванне выпрамянення вызначаецца паводле каардынаты пункта дэтэктыравання. Найб. складаная задача — адбор карысных імпульсаў з мноства памылковых, вымярэнне іх параметраў шляхам пераўтварэння амплітуды ці часавай затрымкі паміж імпульсамі ў лічбавы код. Адбор карысных імпульсаў ажыццяўляецца аналагавай фільтрацыяй. раздзяленнем у часе і прасторы, лічбавай апрацоўкай даных у ЭВМ. Сучасная Я.э. ўсебакова выкарыстоўвае інтэгральную. імпульсную і выліч. тэхніку. матэм. метады апрацоўкі інфармацыі.

На Беларусі даследаванні па Я.э. праводзяцца з 1961 у БДУ, Ін-це электронікі. Ін-це фізікі, Ін-це праблем энергетыкі Нац. АН, а таксама ў Міжнар. экалагічным ун-це імя А.​Дз.​Сахарава, ААТ «Атамтэх».

Літ.:

Цитович А.П. Ядерная электроника. М., 1984;

Ковальский Е. Ядерная электроника: Пер. с англ. М., 1972;

Шмидт Х. Измерительная электроника в ядерной физике: Пер. с нем. М., 1989.

В.​Я.​Ямны.

т. 18, кн. 1, с. 237

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕРАЗБУРА́ЛЬНЫ КАНТРО́ЛЬ,

кантроль якасці матэрыялаў, паўфабрыкатаў, вырабаў без іх разбурэння. Засн. на залежнасці паміж уласцівасцямі прадукцыі. што кантралююцца, і якімі-небудзь фіз. параметрамі, якія можна вымераць без пашкоджання вырабу. Адрозніваюць метады Н.к.: акустычныя, магн., аптычныя, радыяцыйныя, радыёхвалевыя, цеплавыя, эл., віхратокавыя і пранікальных рэчываў.

Сродкі Н.к. выконваюцца ў выглядзе аўтаномных прылад, апаратаў, аўтам. ліній, сістэм кіравання тэхнал. працэсамі па адзнаках якасці. Метадамі Н.к. знаходзяць адкрытыя і скрытыя дэфекты тыпу парушэння суцэльнасці (дэфектаскапія), кантралююць геам. характарыстыкі (таўшчыню вырабу, пакрыцця і г.д.), вымяраюць мех. характарыстыкі (цвёрдасць, трываласць, якасць умацавальных слаёў), вызначаюць структуру рэчываў (зярністасць, наяўнасць ферытнай фазы ў сплавах) і інш. Развіццё Н.к. пачалося пасля адкрыцця рэнтгенаўскага выпрамянення (1895). У СССР метады Н.к. пачалі інтэнсіўна развівацца з 1920-х г. Ультрагукавы метад Н.к. дэфектаў (ультрагукавая дэфектаскапія) упершыню прапанавана ў 1928 (С.​Я.​Сакалоў). Значны ўклад у распрацоўку метадаў Н.к. зрабілі рас. вучоныя У.​У.​Клюеў. Р.​І.​Янус, М.​М.​Міхееў. І.​М.​Ярмолаў, В.​Я.​Шчарбінін. В.​Г.​Герасімаў, У.​Ф.​Мужыцкі, В.​В.​Сухарукаў і інш.

На Беларусі развіццё Н.к. звязана з працамі М.С.Акулава, які ў 1963 заснаваў Аддзел фізікі неразбуральнага кантролю (з 1980 Ін-т прыкладной фізікі). Далейшае развіццё Н.к. атрымаў у працах М.М.Зацэпіна. які сфарміраваў навук. кірунак ін-та і распрацаваў тэарэт. асновы эл.-магн. кантролю. Закладзены тэарэт. асновы Н.к. пранікальнымі вадкасцямі (П.П.Прахарэнка, М.​П.​Мігун). Распрацаваны ці атрымалі далейшае развіццё: магн. таўшчыняметрыя, метад тэрма-эрс (А.​А.​Лухвіч), кантактна-дынамічны метад кантролю цвёрдасці і інш. мех. уласцівасцей (В.​А.​Рудніцкі), радыёхвалевыя метады (І.​С.​Кавалёў), імпульсны метад магн. кантролю мех. уласцівасцей сталей (М.​А.​Мяльгуй), магн. кантроль ліставога пракату, што рухаецца ў вытв. патоку (У.​Ф.​Мацюк), выкарыстанне магн. вадкасцей (А.​Р.​Баеў), кантроль магн. страт і індукцыі ў электратэхн. сталі і вырабах з яе (І.​І.​Бранавіцкі), ультрагукавы кантроль (Г.​Я.​Канавалаў), магніташумавая структураскапія (В.​Л.​Венгрыновіч), магн. кантроль малагабарытных вырабаў у вытв. патоку (С.​Р.​Сандамірскі), тэорыя дынамічных сістэм з выпадковымі зменамі структуры, кантроль узроўню вадкіх і сыпкіх прадуктаў у рэзервуарах (В.​М.​Арцём’еў) і інш. Метады і сродкі Н.к. распрацоўваюцца таксама ў БДУ, БПА, Мінскім навукова-прамысл. ін-це «Падшыпнік», Магілёўскім машынабуд. ін-це і інш.

Літ.:

Зацепин Н.Н. Неразрушающий контроль: (Избр. вопр. теории поля). Мн., 1979;

Мельгуй М.А. Магнитный контроль механических свойств сталей. Мн., 1980;

Prokhorenko P., Migoun N., Stadthaus M. Theoretical principies of liquid penetrant testing. Berlin, 1999;

Венгринович В.Л. Магнитошумовая структуроскопия. Мн., 1991.

М.​А.​Мяльгуй. П.​П.​Прахарэнка.

Неразлучнікі: 1 — ружовашчокі; 2 — маскавы.

т. 11, с. 290

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФІЗІКА НЕРАЗБУРАЛЬНАГА КАНТРОЛЮ

Сістэматычныя даследаванні ў галіне фізікі неразбуральнага кантролю на Беларусі пачаліся ў 1960-я г. пад кіраўніцтвам акад. М.​С.​Акулава. Яго працы па ферамагнетызме сталі навук. асновай узаемасувязі паміж магн. і трываласнымі характарыстыкамі металаў, асновай магн. метаду неразбуральнага кантролю. Асн. задачамі галіны з’яўляюцца адкрыццё, даследаванне і выкарыстанне новых фіз. з’яў і магчымасцей для выяўлення паверхневых і ўнутр. дэфектаў, кантролю таўшчыні і адгезіі пакрыццяў, структуры і фіз.-мех. уласцівасцей матэрыялаў і вырабаў без іх разбурэння. У 1963 створаны Аддзел фізікі неразбуральнага кантролю, які ў 1980 рэфармаваны ў Ін-т прыкладной фізікі АН Беларусі.

У наш час Ін-т прыкладной фізікі Нац. АН Беларусі — галаўная навук. арг-цыя па выкананні дзярж. праграмы арыентаваных фундаментальных даследаванняў па фізіцы неразбуральнага кантролю «Дыягностыка». Выканаўцамі праграмы з’яўляюцца Ін-т механікі і надзейнасці машын, Ін-т механікі металапалімерных сістэм, Н.-д. і канструктарска-тэхнал. ін-т зваркі і ахоўных пакрыццяў Бел. навук.-вытв. канцэрна парашковай металургіі Нац. АН Беларусі, а таксама Бел. нац. тэхн. ун-т, БДУ, Бел.-рас. ун-т (г. Магілёў), Бел. ун-т транспарту і шэраг інш. ВНУ.

Атрыманы фундаментальныя навук. вынікі ў галіне фізікі магн., эл.-магн., радыёхвалевых, акустычных, капілярных і інш. метадаў неразбуральнага кантролю. Ва ўсім свеце прызнаны бел. навук. школы: па інфарм. тэхналогіях кантролю дынамічных аб’ектаў (В.​М.​Арцём’еў); па тэорыі капілярнай дэфектаскапіі (М.​П.​Мігун, П.​П.​Прахарэнка); па магн. структураскапіі і магн. вымярэннях (У.​Ф.​Мацюк, М.​А.​Мяльгуй); па стварэнні магн. палёў з зададзеным прасторавым размеркаваннем (А.​А.​Лухвіч); па магн. і эл.-магн. метадах неразбуральнага кантролю (М.​М.​Зацэпін); па неразбуральным кантролі фіз.-мех. уласцівасцей металаў і палімераў метадам дынамічнага індэнтыфікавання (В.​А.​Рудніцкі); па радыёхвалевай структураскапіі дыэлектрычных асяроддзяў (В.​А.​Міхнеў); па кантролі ўласцівасцей магнітамяккіх матэрыялаў (І.​І.​Бранавіцкі); па тамаграфічнай візуалізацыі ўнутр. будовы матэрыялаў і вырабаў (В.​Л.​Венгрыновіч); па магнітаграфічным кантролі (У.​А.​Новікаў, А.​М.​Шарова); па цеплавых метадах кантролю (У.​А.​Драгун); па стандартызацыі ў неразбуральным кантролі (У.​А.​Саламаха).

Распрацаваныя ў Ін-це прыкладной фізікі Нац. АН Беларусі імпульсныя магн. аналізатары мех. характарыстык укаранёны на буйнейшых металург. прадпрыемствах Расіі і Украіны (напр., «Поўначсталь», Магнітагорскі, Наваліпецкі, Марыупальскі металург. камбінаты), шэрагу прадпрыемстваў ФРГ.

Шырока выкарыстоўваюцца фіз. метады кантролю ў заводскіх лабараторыях буйнейшых прамысл. прадпрыемстваў краіны: мінскіх аўтамаб. (П.​С.​Гурчанка), трактарнага, маторнага, падшыпнікавага, станкабуд. з-даў, ВА «Гарызонт» і «Атлант», Бел. металург. з-да, гродзенскага ВА «Азот», наваполацкага ВА «Палімір» і інш. Падрыхтоўка кадраў вышэйшай кваліфікацыі па фізіцы неразбуральнага кантролю вядзецца ў Ін-це прыкладной фізікі Нац. АН Беларусі, Бел.-рас. ун-це, Бел. нац. тэхн. ун-це, дзе існуюць аспірантура, дактарантура і спецыялізаваныя саветы па абароне доктарскіх і кандыдацкіх дысертацый. Падрыхтоўка інж. кадраў вядзецца ў Бел. нац. тэхн. ун-це, Бел.-рас. ун-це, Бел. ун-це транспарту і інш. ВНУ.

Літ.:

Прохоренко П.П. Достижения физики неразрушающего контроля. Мн., 2003.

П.​П.​Прахарэнка.

У лабараторыі магнітных метадаў кантролю Інстытута прыкладной фізікі Нац. АН Беларусі. Загадчык лабараторыі У.​Ф.​Мацюк (злева) і заслужаны вынаходнік Беларусі М.​А.​Мяльгуй.
Распрацоўкі Інстытута прыкладной фізікі Нацыянальнай АН Беларусі: 1 — Нацыянальны эталон адзінкі магнітнай індукцыі Рэспублікі Беларусь; 2 — аўтаматызаваная ўстаноўка для кантролю поршняў дызельных рухавікоў; 3 — тэрмаэлектрычная прылада ПІТ; 4 — імпульсны магнітны аналізатар ІМА-4М; 5 — магнітны таўшчынямер тыпу МТЦ.

т. 18, кн. 2, с. 537

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФІЗІКА ПЛАЗМЫ

На Беларусі даследаванні па фізіцы плазмы пачаліся ў канцы 1940-х г. пад кіраўніцтвам І.​Р.​Некрашэвіча на фізіка-матэм. ф-це БДУ і ў Фізіка-тэхн. ін-це АН Беларусі (вывучэнне працэсаў у зоне кантакту плазмы з металамі пры электрычных імпульсных разрадах і электрычным выбуху праваднікоў). Вывучалася прырода электрычнай дугі (А.​А.​Лабуда, І.​Р.​Некрашэвіч) і кандэнсаванага разраду ў капілярах (Г.​В.​Авечкін). З 1955 у Ін-це фізікі і матэматыкі АН Беларусі пачаліся даследаванні плазмы электрычных разрадаў як крыніц святла (дуга, імпульсны разрад, высакавольтная іскра) для спектральнага аналізу (В.​С.​Буракоў, А.​А.​Янкоўскі).

Фізіка плазмы інтэнсіўна развіваецца з 1960, калі ў Ін-це фізікі Нац. АН Беларусі была створана лабараторыя высокатэмпературнай оптыкі (заг. М.​А.​Ельяшэвіч). Вывучаюцца праблемы: распрацоўка метадаў атрымання плазмы ў шырокім дыяпазоне тэмператур, даследаванне працэсаў узаемадзеяння плазмы і плазменных патокаў з цвёрдымі матэрыяламі, стварэнне оптыкаспектральных, лазерных і ЗВЧ-метадаў дыягностыкі плазменных утварэнняў і неабходнай для гэтых мэт апаратуры, развіццё шляхоў практычнага выкарыстання плазменных крыніц. Даследаваны спектральныя і выпраменьвальныя здольнасці паветра, азоту, вуглякіслага газу, аргону і іх сумесей для шырокага дыяпазону ціску і тэмператур, распрацаваны актыўныя і пасіўныя метады дыягностыкі плазменнай абалонкі касмічных апаратаў у лабараторных і натурных умовах (Дзярж. прэмія Беларусі 1974: В.​С.​Буракоў, Л.​І.​Кісялеўскі, Л.​Я.​Мінько, В.​М.​Снапко, У.​Дз.​Шымановіч). Выкананы цыкл работ па фізіцы плазмадынамічных працэсаў пры лазерна-плазменным уздзеянні на металы і кампазіцыйныя матэрыялы (Дзярж. прэмія Беларусі 1992: В.​К.​Ганчароў, М.​А.​Ельяшэвіч, Л.​Я.​Мінько, Г.​С.​Раманаў, Ю.​А.​Станкевіч, А.​М.​Чумакоў). Вынікі аптычных даследаванняў магутных выбухаў абагульнены ў двухтомнай манаграфіі (Ленінская прэмія 1966 — М.​А.​Ельяшэвіч з калектывам рас. вучоных). З 1992 даследаванні па фізіцы плазмы атрымалі далейшае развіццё ў Ін-це малекулярнай і атамнай фізікі Нац. АН Беларусі. Прапанавана новая форма дугі пастаяннага току ў рэжыме фулерэнаўтварэння (У.​Дз.​Шымановіч). Створаны і вывучаны квазістацыянарны паскаральнік, які забяспечвае генерацыю высокаэнергетычных кампрэсійных плазменных патокаў, развіты галіны яго выкарыстання (В.​М.​Асташынскі). Распрацаваны метады і апаратура ўнутрырэзанатарнай лазернай спектраскапіі і лазерна-індуцыраванай флуарэсцэнцыі для вывучэння прасторавага і часавага саставу плазменных утварэнняў (В.​С.​Буракоў, С.​М.​Райкоў, М.​У.​Тарасенка). Вывучаны (разам з Фізікатэхн. ін-там імя А.​Ф.​Іофе Рас. АН) параметрычныя няўстойлівасці і распрацаваны новыя метады дыягностыкі плазмы, рэалізуемай у такамаках (В.​І.​Архіпенка, Л.​В.​Сімончык); на гэтай устаноўцы праведзена вызначэнне канцэнтрацыі атамаў вадароду і размеркавання дамешкаў у прысценачнай зоне (П.​Я.​Місакоў, М.​У.​Тарасенка).

З выкарыстаннем спец. плазменных установак у Ін-це прыкладной оптыкі Нац. АН Беларусі (г. Магілёў) распрацаваны і ўкаранёны методыкі вызначэння таксічных элементаў у прадуктах харчавання (А.​Р.​Непакайчыцкі). У Ін-це цепла- і масаабмену Нац. АН Беларусі сканцэнтраваны даследаванні па плазмахіміі (А.​І.​Ясько), вывучэнні нераўнаважных працэсаў у малекулярных сістэмах, распрацоўцы адпаведнай апаратуры для гэтых мэт і практычных выкарыстанняў у малекулярных лазерах і інш. кірунках (С.​А.​Жданок, Р.​І.​Салаухін); прапанаваны і развіты метады спекл-фатаграфіі і спекл-інтэрфераметрыі (М.​А.​Фамін); створана серыя плазменных рэактараў для перапрацоўкі і сінтэзу тугаплаўкіх злучэнняў (А.​Л.​Масэ), атрымання ультра- і супертонкіх мінеральных валокнаў з выкарыстаннем плазмы (А.​М.​Лакцюшын). У Фізіка-тэхн. ін-це Нац. АН Беларусі ўсебаковае вывучэнне ўзаемадзеяння газаразраднай плазмы з паверхняй электродаў стала асновай распрацоўкі шэрагу тэхнал. працэсаў электраэразійнай апрацоўкі металаў (У.​А.​Бакута, М.​К.​Міцкевіч, І.​Р.​Некрашэвіч). У Бел. нац. тэхн. ун-це даследуюцца працэсы ўзаемадзеяння плазмы з паверхняй кандэнсаванага рэчыва ва ўмовах магутнага імпульснага разраду (А.​Г.​Галавейка). У НДІ прыкладных фіз. праблем БДУ высвятляецца роля дысперснай фазы ў плазме пры ўзаемадзеянні лазернага выпрамянення з матэрыяламі (В.​К.​Ганчароў). У Бел. ун-це інфарматыкі і радыёэлектронікі распрацаваны тэхналогіі іонна-плазменнага ўмацавання вырабаў электроннай тэхнікі, фарміравання плёнак крэмнію ў аптымальных умовах вытворчасці мікрасхем (А.​П.​Дастанка). Шэраг плазменных тэхн. працэсаў распрацаваны ў Бел. канцэрне парашковай металургіі (П.​А.​Віцязь, А.​Ф.​Ільюшчанка, А.​У.​Роман).

Літ.:

Бураков В.С., Райков С.Н., Шиманович В.Д. Физика плазмы и плазменные технологии в Беларуси. Мн., 2001;

Ильющенко А.Ф., Кундас С.П., Достанко А.П. Процессы плазменного нанесения покрытий: теория и практика. Мн., 1999;

Минько Л.Я. Получение и исследование импульсных плазменных потоков. Мн., 1970;

Киселевский Л.И., Морозов В.А. О роли лучистых потоков в разрушении металлов высокоскоростными импульсными струями // Журн. прикладной спектроскопии. 1970. Т. 12, вып. 3.

В.​С.​Буракоў.

т. 18, кн. 2, с. 521

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)