КУРЛЯ́НДСКАЕ ЕПІ́СКАПСТВА,

нямецкая тэакратычная дзяржава на ПдЗ Латвіі ў 1234—1559. Узнікла ў ходзе заваявання і прымусовай хрысціянізацыі крыжаносцамі балцкага племені куршаў. Складалася з 3 частак (Пілтэн, Айзпутэ, Сакаслея), між якімі ўкліньваліся ўладанні Лівонскага ордэна. У сярэдзіне 16 ст.2/з зямель належала свецкім уладальнікам. У 1559 епіскап Іаган IV Мюнгаўзен прадаў К.е. дацкаму каралю, які перадаў яго пад уладу свайго брата Магнуса. Пасля смерці Магнуса (1583) епіскапства перайшло да Рэчы Паспалітай.

т. 9, с. 50

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗЕ́ЕБЕК ((Seebeck) Томас Іаган) (9.4.1770, Талін — 10.12.1831),

нямецкі фізік. Чл. Берлінскай (1818) і Парыжскай (1825) АН. Вучыўся ў Берлінскім і Гётынгенскім ун-тах. Навук. працы па электрычнасці, магнетызме і оптыцы. Адкрыў з’яву тэрмаэлектрычнасці (гл. Зеебека з’ява), пабудаваў тэрмапару і выкарыстаў яе для вызначэння т-ры. Даследаваў форму сілавых ліній магн. поля, вывучаў магн. дзеянне эл. току, палярызацыю святла, выявіў палярызацыйныя ўласцівасці крышталёў турмаліну.

Літ.:

Льоцци М. История физики. Пер. с итал. М., 1970. С. 263—264.

т. 7, с. 49

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРО́ТГУС (Grotthuss, Grothuβ) Крысціян Іаган Дзітрых (Тэадор) фон (20.1.1785, г. Лейпцыг, Германія — 26.3.1822), фізік і хімік. У 1803—08 вучыўся ў Лейпцыгу, Парыжы, Рыме. З 1808 праводзіў навук. даследаванні ў сваім маёнтку Гедучай у Літве. Навук. працы па электра- і фотахіміі, будове рэчыва. Прапанаваў тэорыю электролізу (1805), сфармуляваў першы закон фотахіміі (закон Гротгуса): фотахім. рэакцыю ў рэчыве можа выклікаць толькі тая частка падаючага на яго святла, якую рэчыва паглынае (1818).

Літ.:

Страдынь Я.П. Теодор Гротгус. М., 1966.

т. 5, с. 449

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАДАЛІ́Н ((Gadolin) Юхан) (Іаган; 5.6.1760, г. Турку, Фінляндыя — 15.8.1852),

фінскі хімік. Чл.-кар. Пецярб. АН (1811). Вучыўся ва ун-тах у гарадах Аба і Упсала. У 1785—1822 працаваў ва ун-це ў г. Аба (з 1797 праф.). Навук. працы па неарган. хіміі. Пры даследаванні мінералу, знойдзенага каля г. Ітэрбюн с. Ітэрбю (Швецыя), адкрыў невядомую раней «зямлю» (сумесь аксідаў рэдказямельных металаў), якую назваў ітрыевай, што было пачаткам адкрыцця рэдказямельных элементаў. У яго гонар мінерал назвалі гадалінітам, а адзін з рэдказямельных металаў гадалініем.

т. 4, с. 419

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БА́ЎГІНЫ, Боэн (Bauhin),

швейцарскія батанікі, браты. Нарадзіліся ў г. Базель (Швейцарыя).

Іаган (12.2.1541—27.10.1613), апісаў 5000 відаў раслін («Новая універсальная гісторыя раслін», т. 1—3, 1650—61). Каспар (17.1.1560—15.12.1624) упершыню выкарыстаў бінарную наменклатуру ў сістэматыцы раслін (1620). Спрабаваў аб’яднаць усе віды па прыкметах агульнага падабенства ў пэўныя групы. Падзяліў расліны на 12 «кніг», кожную з якіх — на секцыі (адпавядаюць сямейству па сучаснай сістэматыцы), роды і віды. Дыягнаставаў некат. расліны да разнавіднасці. Апісаў засланку (клапан) у кішэчніку, якая названа яго імем (баўгінава засланка).

т. 2, с. 354

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРАНТ (Фёдар Фёдаравіч) (Іаган Фрыдрых; 25.5.1802, г. Ютэрбог, Германія — 15.7.1879),

расійскі заолаг. Акад. Пецярбургскай АН (1833). Скончыў Берлінскі ун-т. У 1826—31 працаваў у ім (з 1831 праф.). З 1831 у Расіі: заснаваў і ўзначаліў Заал. музей Пецярбургскай АН, у 1857—69 праф. Медыка-хірург. акадэміі ў Пецярбургу. Навук. працы па сістэматыцы, палеанталогіі, заалогіі і зоагеаграфіі млекакормячых і інш. пазваночных. Адзін з аўтараў «Медыцынскай заалогіі» (т. 1—2, 1829—34), «Кароткага абрысу параўнальнай анатоміі з далучэннем гісторыі развіцця жывёл» (1858).

т. 3, с. 244

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗЭ́ЙДЭЛЬ (Іван) (Іаган Георг; ? — пасля 1787),

бел. архітэктар. У 1764—67 кіраваў буд-вам Рундальскага палаца (узведзены ў 1736—40 у стылі барока каля г. Баўска, Латвія, арх. В.Растрэлі). У 1777—86 Магілёўскі губернскі архітэктар. У 1778—84 пад яго кіраўніцтвам ажыццёўлена забудова гал. плошчы горада — Губернатарскай. У 1774—75 стварыў праект будынка павятовых устаноў для гарадоў Магілёўскай губ.: Оршы, Рагачова і Мсціслава (узведзены ў 1780). Распрацаваў тыпавыя праекты правіянцкага склада, правіянцкай і саляной крам для гарадоў Магілёўскай і Полацкай губерняў.

т. 7, с. 121

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУН ((Kuhn) Рыхард Іаган) (3.12.1900, Вена — 31.7.1967),

нямецкі хімік і біяхімік. Скончыў Мюнхенскі ун-т (1922). З 1929 праф. Гайдэльбергскага ун-та і кіраўнік хім. аддз. Ін-та біяхіміі імя М.Планка. Навук. працы па хіміі раслінных пігментаў (пераважна караціноідаў) і вітамінаў. Устанавіў структуру α- і β-ізамераў караціну (1933, незалежна ад П.Карэра) і прапанаваў метад іх сінтэзу (1937). Вылучыў крышталі вітаміну В2 (рыбафлавін) з сыроваткі і бялку яец, вітамін В6 (пірыдаксін) з дражджэй і прапанаваў яго структурную ф-лу. Нобелеўская прэмія 1938.

т. 9, с. 21

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУ́МЕЛЬ,

(Hummel) Іаган Непамук (14.11.1778, Браціслава — 17.10.1837), аўстрыйскі кампазітар, піяніст, дырыжор, педагог. Вучань В.А.Моцарта і А.Сальеры. Прыдворны капельмайстар у Айзенштаце, Штутгарце, Веймары. Як піяніст-віртуоз выступаў у многіх краінах Еўропы. Лёгкі, бліскучы стыль Гумеля-піяніста ўласцівы і яго творам для фп. (7 канцэртаў з аркестрам, фантазія для фп. з аркестрам, фп. санаты, у т. л. ў 4 рукі, варыяцыі, капрычыо, ронда, эцюды). Сярод інш. твораў: 9 опер, 5 балетаў, кантаты, месы, камерна-інстр. творы. Сярод вучняў: Ф.Гілер, К.Чэрні, А.Гензельт і інш. Аўтар муз.-тэарэт. прац.

т. 5, с. 531

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВУ́НДЭРЭР (Wunderer) Іаган Давід, нямецкі падарожнік 16 ст., пастар. Вучыўся ў Страсбуры і Ростаку. У 1590 з Ростака праз Кёнігсберг прыбыў у ВКЛ, наведаў Крожы, Вільню, потым Пскоў, Рыгу. У дзённіку падарожжа, які пазней дапоўніў звесткамі з літ. крыніц, даў апісанне Літвы, храмаў, народаў, якія насялялі Вільню, дамоў і крамля ў Пскове, рэшткаў язычніцкага свяцілішча каля горада, побыту рас. войска, манет, гандлю. Дзённік упершыню надрукаваны ў 1812 у Германіі.

Тв.:

Рус. пер. — Иоанна Давида Вундерера путешествия в Данию, Россию и Швецию в 1589 и 1590 гг. // Чтения в О-ве истории и древностей Российских. 1863. Кн. 2.

т. 4, с. 294

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)