«БЕЛАРУ́СКАЯ САВЕ́ЦКАЯ ЭНЦЫКЛАПЕ́ДЫЯ»

(БелСЭ),

12-томны даведнік па ўсіх галінах ведаў; першая ў гісторыі бел. народа універсальная энцыклапедыя. Выдадзена ў Мінску ў 1969—75 выдавецтвам «Беларуская Энцыклапедыя». У 1976 выпушчаны дадатковы спец. том паказальнікаў (прадметны, імянны, геагр. назваў). У 1—11-м тамах у алфавітным парадку змешчана 34 409 артыкулаў, у канцы 11-га тома надрукаваны дадатак — матэрыялы пра падзеі, што адбыліся за час выдання БелСЭ. 12-ы том цалкам прысвечаны Беларусі, а матэрыялы ў ім размешчаны па тэматычным прынцыпе. Стваральнікі БелСЭ творча выкарысталі вопыт лепшых энцыклапедычных выданняў, метадычныя прынцыпы адбору, апрацоўкі і сістэматызацыі матэрыялаў. Звесткі па ўсіх пытаннях падаюцца ў цеснай сувязі з Беларуссю — з яе прыродай, эканомікай, навукай, гісторыяй, культурай, мастацтвам. Бел. нац. тэматыка ў БелСЭ складае каля 40%. У выданні змешчана каля 12 тыс. ілюстрацый і 672 карты. У напісанні артыкулаў для БелСЭ прынялі ўдзел больш за 5 тыс. аўтараў, з іх больш як 90% навукоўцы Беларусі. Групе стваральнікаў БелСЭ прысуджана Дзярж. прэмія Беларусі 1976. У 1978 дапрацаваныя матэрыялы 12-га тома выдадзены на рус. мове асобнай кнігай «Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка».

Літ.:

Грыцкевіч А., Мальдзіс А. Свята беларускай культуры // Полымя. 1975. № 12.

І.​П.​Хаўратовіч.

Выданне «Беларуская Савецкая Энцыклапедыя». 1969—76.

т. 2, с. 426

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯЛІ́КАЯ САВЕ́ЦКАЯ ЭНЦЫКЛАПЕ́ДЫЯ (ВСЭ),

буйнейшае універсальнае энцыклапедычнае выданне ў СССР. Выдавалася ў Маскве выд-вам «Савецкая Энцыклапедыя». 1-е выд. (т. 1—66, 1926—47) уключала 65 тыс. арт., прысвечаных будаўніцтву сав. дзяржаўнасці, тагачаснай палітыцы і эканоміцы, міжнар. становішчу. У 2-е выд. (т. 1—51, 1950—58; каля 100 тыс. арт.; прадметна-імянны паказальнік у 2 т., 1960) побач з разгорнутымі артыкуламі пра саюзныя рэспублікі, замежныя краіны, навукі і інш. ўключана вял. колькасць сярэдніх і невялікіх па аб’ёме артыкулаў. У 3-м выд. (т. 1—30, 1969—78; больш за 100 тыс. арт., імянны паказальнік у 1 т., 1981) празмерная ідэалагізаванасць паступова саступіла месца навук. аб’ектыўнасці, а шматслоўнасць і паняційная няпэўнасць — сцісласці і лагічнай дакладнасці. Па прынцыпах укладання 3-е выд. ВСЭ канкурыруе з лепшымі ням. універсальнымі энцыклапедыямі (Бракгаўза, Меера, Бертэльсмана). Перакладзена і выдадзена ў ЗША, Грэцыі. У 1957—90 выдаваўся «Штогоднік ВСЭ». На базе ВСЭ выйшлі «Малая Савецкая Энцыклапедыя», «Дзіцячая Энцыклапедыя», шматлікія галіновыя энцыклапедыі і энцыклапедычныя даведнікі.

В.​К.​Шчэрбін.

т. 4, с. 382

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЛА́Я САВЕ́ЦКАЯ ЭНЦЫКЛАПЕДЫЯ (МСЭ),

універсальнае энцыклапедычнае выданне. Выдадзена ў Маскве выд-вам «Савецкая Энцыклапедыя». Створана на аснове Вялікай Савецкай Энцыклапедыі, адрозніваецца ад яе памерам і колькасцю артыкулаў. Выйшла 3 выданні: 1-е (т. 1—10, 1928—31), 2-е (т. 1—11, 1933—47), 3-е (т. 1—10, 1958—60); з алфавітным прадметна-імянным паказальнікам. Уключае больш за 50 тыс. артыкулаў па пытаннях гісторыі, палітыкі, эканомікі, культуры і мастацтва, навукі і тэхнікі. Вызначаецца навук. дакладнасцю матэрыялу, лаканічнасцю і сцісласцю яго выкладу. Выданне багата ілюстравана, у ім больш за 12 тыс. ілюстрацый, у т. л. больш за 600 каляровых, шмат малюнкаў, карт і схем.

В.​К.​Шчэрбін.

т. 10, с. 15

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«БЕЛАРУ́СКАЯ ССР. КАРО́ТКАЯ ЭНЦЫКЛАПЕ́ДЫЯ» (КБелСЭ). Выдадзена ў Мінску ў 1978—81 на бел. і ў 1979—82 на рус. мовах у 5 тамах. Першае на Беларусі шматтомнае рэгіянальнае энцыклапедычнае выданне, цалкам прысвечанае бел. тэматыцы.

Уключае 15 700 энцыклапедычных артыкулаў. У 1-м томе даюцца звесткі пра гісторыю, грамадскі і дзярж. лад Беларусі, у т. л. пра яе адм.-тэр. падзел, населеныя пункты, міжнар. сувязі і інш. У 2-м томе — артыкулы пра прыроду і эканоміку Беларусі, гісторыю нар. гаспадаркі, найноўшыя кірункі бел. прам-сці і с.-г. вытв-сці. 3-і том змяшчае матэрыялы пра навуку і навук. ўстановы, тэхніку і тэхналогіі, нар. асвету і культ.-асв. ўстановы рэспублікі, друк, тэлебачанне, радыёвяшчанне, ахову здароўя, фізкультуру і спорт. У 4-м томе інфармацыя пра насельніцтва, яго побыт, мову, літаратуру, мастацтва, архітэктуру. 5-ы том — біягр. даведнік: персаналіі бел. дзярж. і грамадскіх дзеячаў, герояў вайны і працы, вядомых вучоных, пісьменнікаў, мастакоў, скульптараў, спартсменаў і інш.

В.​К.​Шчэрбін.

«Беларуская ССР. Кароткая энцыклапедыя». Т. 1-5. 1978—81.

т. 2, с. 429

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі»

т. 18, кн. 1, с. 136

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УНІВЕРСА́ЛЬНАЯ ІЛЮСТРАВА́НАЯ ЕЎРАПЕ́ЙСКА-АМЕРЫКА́НСКАЯ ЭНЦЫКЛАПЕ́ДЫЯ,

«Эспаса» (Enciclopedia Universal llustrada Europeo-Americana), адна з самых вялікіх універсальных энцыклапедый свету, якая сваім зместам і мовай арыентавана перш за ўсё на іспанамоўныя краіны. 1-е выд. (т. 1—70, 1908—30) выпускалася выд-вам «Эспаса-Калпе» ў розных гарадах Іспаніі (Більбао, Мадрыд, Барселона). У 1930—33 выйшаў 10-томны Дадатак, з 1934 выдаюцца таксама Штогадовыя дадаткі. З 1970-х г. друкуецца без змен 2-е выд. «Эспасы». Цалкам перапрацоўваецца і кожнае 10-годдзе перавыдаецца толькі 21-ы том, прысвечаны Іспаніі. Адрозніваецца ад інш. выданняў выключна багатым рэестрам, тэматычным ухілам у сацыягуманіт. веды па гісторыі, л-ры, мастацтве Іспаніі і іспанамоўных краін, вял. колькасцю біягр. артыкулаў, багаццем бібліягр. звестак, сумяшчэннем у артыкулах энцыклапедычных і моўных ведаў (кожны артыкул змяшчае этымалогію слова, эквіваленты да яго на франц., англ., ням., італьян., партуг., каталонскай мовах і эсперанта). Колькасць кароткіх артыкулаў-даведак нязначная, большасць з іх мае аглядны характар. Энцыклапедыя добра ілюстравана.

В.​К.​Шчэрбін.

т. 16, с. 234

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ПАЛЬЯ́НСКАЯ ЭНЦЫКЛАПЕ́ДЫЯ НАВУ́К, ЛІТАРАТУ́РЫ І МАСТА́ЦТВА»,

«Італьяна» («Enciclopedia italiana di scienze, lettere ed arti»), універсальнае энцыклапедычнае выданне на італьян. мове. Выдадзена ў Рыме ў 1929—39 у 36 т. (апошні том — паказальнік); дадатак у 3 т. (5 кнігах) выдадзены ў 1948—61. На змест першых 37 тамоў паўплывала тагачасная ідэалогія Мусаліні. У 2-м і 3-м тамах дадатку пераасэнсаваны асобныя тагачасныя падзеі грамадска-паліт., культ. і навук. жыцця. Змест большасці артыкулаў мае гуманітарны характар, звесткі па прыродазнаўчых навуках і тэхніцы змешчаны пераважна ў дадатку. Артыкулы выдання вызначаюцца вял. аб’ёмам, навуковасцю, наяўнасцю бібліяграфіі. Тэрміны, выкарыстаныя ў тэксце, пададзены з англ., ісп., ням. і франц. эквівалентамі. Выданне багата ілюстравана, маст. рэпрадукцыі, партрэты, геагр. карты і фотаздымкі краявідаў вызначаюцца высокай якасцю. На базе гэтай энцыклапедыі выдадзены меншыя па аб’ёме «Слоўнік энцыклапедычны італьянскі» (1955—63), «Энцыклапедыя Еўропы» (1976—81); перавыдаецца ням. выд-вамі (Бракгаўз, Маер і Гердэр).

В.​К.​Шчэрбін.

т. 7, с. 364

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«Энцыклапедыя, або Тлумачальны слоўнік навук, мастацтваў і рамёстваў» 4/122, 200, 201; 11/465

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

«Энцыклапедыя, ці тлумачальны слоўнік навук, мастацтваў і рамёстваў»

т. 18, кн. 1, с. 136

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

энциклопе́дия энцыклапе́дыя, -дыі ж.

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)