мозг, -а і -у, мн. мазгі́, -о́ў, м.

1. -а. Цэнтральны аддзел нервовай сістэмы чалавека і жывёл: нервовая тканка, якая запаўняе чэрап і канал пазваночніка.

Галаўны м.

Спінны м.

Работа мозга.

2. -у. Мяккая тканка, якая запаўняе поласці касцей у чалавека і пазваночных жывёл.

Касцявы м.

3. -у. перан. Розум, разумовыя здольнасці.

4. толькі мн. Ежа, прыгатаваная з мазгоў свойскіх жывёл.

Цялячыя мазгі.

Варушыць мазгамі (разм.) — думаць, разважаць.

Круціць мазгі — выклікаць у каго-н. пачуццё кахання, прывабліваць.

Сушыць мазгі (разм.) — заўзята займацца разумовай працай на шкоду здароўю.

Уцечка мазгоўэміграцыя людзей разумовай працы.

|| прым. мазгавы́, -а́я, -о́е (да 1—3 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

БЕ́ЛАЯ ГВА́РДЫЯ,

неафіцыйная назва ваенна-паліт. антыбальшавіцкіх сіл у час грамадзянскай вайны і ваеннай інтэрвенцыі ў Расіі 1918—20, пазней — у эміграцыі. Назва «белыя» звязана з традыцыйнай сімволікай белага колеру — колеру прыхільнікаў правапарадку і ўлады манарха (у процілегласць чырвонаму — колеру рэвалюцыі). «Белы» рух меў на мэце звяржэнне сав. улады. Арганізатарамі і кіраўнікамі яго былі манархісты, партыі правых эсэраў, кадэтаў і меншавікоў. Лідэры Белай гвардыі (А.​І.​Дзянікін, А.​М.​Каледзін, А.​В.​Калчак, Л.​Г.​Карнілаў, П.​М.​Красноў, П.​М.​Урангель, М.​М.​Юдзеніч і інш.) камандавалі буйнымі вайск. злучэннямі, на падведамасных тэрыторыях стваралі свае ваенна-паліт. рэжымы (гл. Дзянікіна ўрад, Калчака ўрад, Урангеля ўрад і інш.). Пасля перамогі Чырв. Арміі ў грамадз. вайне і прыходу да ўлады бальшавікоў б.ч. белагвардзейцаў эмігрыравала (гл. Эміграцыя белая).

т. 3, с. 73

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІРАЧЫ́ЦКІ (Леў Паўлавіч) (н. 25.10.1925, в. Баяры Карэліцкага р-на Гродзенскай вобл.),

бел. гісторык-славіст, літаратар. Канд. гіст. н. (1972). Скончыў БДУ (1956). З 1956 навук. супрацоўнік Дома-музея А.​Міцкевіча ў Навагрудку, з 1958 — Літ. музея Я.​Коласа АН Беларусі. З 1963 у Бел. т-ве дружбы і культ. сувязей з замежнымі краінамі. З 1970 у Ін-це гісторыі Нац. АН Беларусі. Даследуе культ. сувязі Беларусі з Чэхіяй, Югаславіяй, Польшчай, Балгарыяй, Венгрыяй, Румыніяй, Германіяй, Францыяй, Фінляндыяй, жыццё і творчасць бел. і замежных дзеячаў культуры, нац.-вызв. рух на Беларусі.

Тв.:

Сцежкамі вялікага паэта. Мн., 1957;

З незабыўных дарог. Мн., 1961;

Белорусско-чехословацкие культурные и научные связи. Мн., 1981;

Беларуска-югаслаўскія культурныя і навуковыя сувязі. Мн., 1992;

Светлым ценем Адама Міцкевіча: Эміграцыя з Наваградчыны. Мн., 1994.

Т.​А.​Папоўская.

т. 10, с. 463

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІ́ВЕРПУЛ (Liverpool),

горад на З Вялікабрытаніі, пры ўпадзенні р. Мерсі ў Ірландскае мора. Адм. ц. метрапалітэнскага графства Ліверпул і гал. горад канурбацыі Мерсісайд. 475 тыс. ж. (1991). Вузел чыгунак і аўтадарог. Адзін з буйнейшых партоў краіны. Прам-сць звязана з абслугоўваннем порта і знешнегандл. аперацыямі. У Л. і яго прыгарадах — суднабудаванне і суднарамонт, аўта- і авіябудаванне, эл.-тэхн., гумавая, хім., папяровая, харч. прам-сць. Фондавая і таварная біржы. Ун-т. Музеі. Маст. галерэя Уокера. Арх. помнікі 18—20 ст. (шпіталь, ратуша, дзелавыя і гандл. будынкі).

Упершыню згадваецца ў 1191. У 1207 атрымаў гар. правы. Да 17 ст. невял. порт. Росту горада і порта з 17 ст. паспрыялі гандаль рабамі, якіх вывозілі ў ісп. калоніі ў Амерыцы, а пасля 1840 — масавая эміграцыя ірландцаў у ЗША. У 19 ст. Л. — гал. англ. порт па ўвозе бавоўны і вывазе баваўняных вырабаў. У 2-ю сусв. вайну моцна разбураны ў выніку ням. бамбардзіровак. У 1956 у Л. створаны муз. квартэт «Бітлз».

Адна з вуліц горада Ліверпул.

т. 9, с. 241

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

імігра́цыя

(п.-лац. immigratio = перасяленне)

1) уезд у якую-н. краіну на пастаяннае жыхарства грамадзян іншай дзяржавы (параўн. міграцыя 1, эміграцыя 1);

2) перасяленне жывёл з іх радзімы ў іншую вобласць (параўн. міграцыя 2).

Слоўнік іншамоўных слоў. Актуальная лексіка (А. Булыка, 2005, правапіс да 2008 г.)

НІКАЛА́ДЗЕ (Мікалай) (Ніко) Якаўлевіч (26.9.1843, г. Кутаісі, Грузія — 1.4.1928),

грузінскі і рас. публіцыст і літ. крытык, дзеяч нац.-вызв. і дэмакр. руху ў Грузіі. Д-р права (1868). Скончыў Цюрыхскі ун-т (Швейцарыя, 1868). Друкаваўся з 1860, быў блізкі да М.​Г.​Чарнышэўскага. У 1861 за ўдзел у рэв. дзейнасці выключаны з Пецярбургскага ун-та і арыштаваны. У 1864—69 у эміграцыі ў Францыі і Швейцарыі. Супрацоўнічаў у газ. «Колокол» А.​І.​Герцэна, удзельнічаў у дзейнасці рас. рэв.-дэмакр. групы «Маладая эміграцыя», выданні час. «Подпольное слово» і «Современность». З 1870 у Тбілісі, разам з І.Р.Чаўчавадзе і інш. ўзначаліў груз. нац.-вызв. рух. У 1878—80 выдаваў ліберальную газ. «Обзор». У 1881—83 у Пецярбургу, супрацоўнік час. «Отечественные записки». З 1886 у Грузіі, адзін з кіраўнікоў ліберальнага руху «Меарэ-дасі» («Другая група»). У 1894—1912 гар. галава г. Поці. Быў чл. урада Грузінскай Дэмакр. Рэспублікі (1918—21). З 1920 у Лондане. У 1924 вярнуўся на радзіму. У літ.-крытычных артыкулах выступаў як паслядоўны прыхільнік рэаліст. метаду.

т. 11, с. 332

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

мігра́цыя

(лац. migratio = перамяшчэнне)

1) перамяшчэнне насельніцтва ўнутры краіны або за яе межы (параўн. іміграцыя 1, эміграцыя 1);

2) перамяшчэнне жывёл у сувязі са змяненнем умоў існавання, порамі года, цыкламі развіцця і інш. (параўн. іміграцыя 2).

Слоўнік іншамоўных слоў. Актуальная лексіка (А. Булыка, 2005, правапіс да 2008 г.)

ЗЯМЛЯ́ЦТВА 1) прыналежнасць людзей да адной мясцовасці паводле нараджэння або жыхарства ў межах сваёй нац. дзяржавы і абумоўленыя гэтым сувязі паміж імі.

2) Кампактная этнічная група ў іншанацыянальным акружэнні, часам арганізацыйна аформленая. Зямляцкі рух ураджэнцаў Беларусі з сярэдзіны 19 ст. да 1914 развіваўся ў буйных культ. і навук. цэнтрах Расійскай імперыі. Гэта былі пераважна аб’яднанні навучэнскай моладзі і інтэлігенцыі, якія ставілі за мэту займацца культ. і паліт. дзейнасцю, стваралі сістэму матэрыяльнай узаемадапамогі (гл. Круг беларускай народнай прасветы і культуры, Беларускі навукова-літаратурны гурток і інш.). У гады 1-й сусв. вайны 1914—18 свае З. на тэр. Расіі, Украіны, Грузіі і інш. стваралі бел. бежанцы. У 1916—20 на тэр. Беларусі існавалі польск. і рус. З. Пасля грамадз. вайны зямляцкі рух у СССР стаў масавай з’явай і падтрымліваўся парт.-дзярж. структурамі, але ў 1930-я г. пачаў згортвацца. З 1920-х г. бел. зямляцкія згуртаванні дзейнічаюць у многіх краінах свету (гл. Дыяспара беларуская, Эміграцыя). У 1956 у Польшчы заснавана Беларускае грамадска-культурнае таварыства (Беласток). У 1990-я г. бел. зямляцкі рух аднавіўся ў Маскве, С.-Пецярбургу, Таліне, Рызе, Кішынёве, Львове, Алматы, Новасібірску, Якуцку і інш. гарадах у форме бел. нацыянальных культ.-асв. т-ваў, клубаў, гурткоў моладзі. У 1990 створана згуртаванне беларусаў свету «Бацькаўшчына».

М.​Г.​Нікіцін.

т. 7, с. 132

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІЛЬЯШЭ́ВІЧ (Хведар) (17.3.1910, Вільня — 7.11.1948),

бел. паэт, празаік, гісторык. Магістр філасофіі (1936). Брат М.Ільяшэвіча. Скончыў Віленскую бел. гімназію, Віленскі ун-т. Выкладаў бел. мову ў Віленскай бел. гімназіі, удзельнічаў у рабоце Бел. навук. т-ва. За грамадскую дзейнасць арыштоўваўся польск. ўладамі, у 1927 зняволены ў Віленскую турму на Лукішках. У час ням.-фаш. акупацыі кіраваў «Беларускім аб’яднаннем» у Беластоку, рэдагаваў беластоцкую газ. «Новая дарога». З 1944 на эміграцыі. Жыў у Зах. Германіі. У 1946 у Рэгенсбургу стварыў літаб’яднанне «Шыпшына». Рэдагаваў час. «Шляхам жыцця» (1946—48), бюлетэнь «Апошнія весткі». Друкаваўся з 1925. Аўтар зб. вершаў «Веснапесні» (1929), «Зорным шляхам» (1932), «Захварбаваныя вершы» (1936), літ.-знаўчай працы «Ядвігін Ш. (Антон Лявіцкі): Жыццё і літаратурная творчасць» (1933). Даследаваў гісторыю друкарства на Беларусі («Друкарня дома Мамонічаў у Вільні (1572—1622)», 1938]. Выйшлі яго «Апавяданні» (Ватэнштат, 1948, пад. псеўд. Святаслаў Залужны), «Недапетая песня» (1982, 2-е выд. Ляймен, 1987). Выступаў як крытык («Максім Багдановіч як пясняр места», 1930). Перакладаў на бел. мову творы Г.​Гейнэ. Рукапісы І. захоўваюцца ў Бел. музеі г. Ляймена (Германія), б-цы АН Літвы (Вільнюс).

Літ.:

Сачанка Б. Беларуская эміграцыя. 2 выд. Мн., 1991;

Ліс А. Паэзія Хведара Ільяшэвіча // Культура беларускага замежжа. Мн., 1993. Кн. 2.

І.​У.​Саламевіч.

т. 7, с. 204

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАССЯЛЕ́ННЕ РАСЛІ́Н І ЖЫВЁЛ,

распаўсюджванне арганізмаў за межы відавога арэала і натуралізацыя на новых месцах; сродак захопу новых тэрыторый або тых, што вызваліліся ад інш. арганізмаў, і ўстанаўлення збалансаванай разнастайнасці пэўнага біягеацэнозу, адзін з фактараў, які садзейнічае патоку генаў і відаўтварэнню. Існуе таксама штучнае рассяленне віду, якое ўключае акліматызацыю і рэакліматызацыю; з’яўляецца эфектыўным прыёмам барацьбы з непажаданай інтрадукцыяй раслін або жывёл; карыснае мерапрыемства для дзічынаразвядзення.

Адрозніваюць рассяленне актыўнае (аўтахарыя) і пасіўнае (алахарыя). Вылучаюць 3 яго тыпы: эміграцыя (высяленне з займаемай займанай тэр.), іміграцыя (усяленне на ўжо занятую папуляцыяй тэр. новых асобін) і міграцыя (перыядычнае пакіданне і вяртанне на пэўную тэр.). Спалучэнне дзеяння сродкаў рассялення і перашкод вызначае тэмп рассялення арганізмаў. У раслін рассяленне залежыць ад колькасці жыццяздольных зачаткаў, сродкаў рассялення, магчымасцей натуралізацыі. Бывае паступовым (у прыродных умовах пераважае) і скачкападобным (адразу на вял. адлегласць). Асн. фактары рассялення: паветраныя плыні — ветры, узыходныя токі паветра (анемахарыя), воды сушы (гідрахарыя), марскія цячэнні; жывёлы (зоахарыя); дзейнасць чалавека (антрапахарыя). Абмяжоўваецца геагр. (моры, пралівы, горы і інш.), экалагічнымі (неадпаведнасць кліматычных і інш. абіятычных і біятычных умоў прыродзе віду) і біял. (канкурэнцыя інш. відаў) фактарамі. У. жывёл рассяленне звычайна звязана са змяненнем абіятычных і біятычных умоў навакольнага асяроддзя і колькасці жывёл. Залежыць ад стану папуляцыі пэўнага віду, павелічэння яго колькасці (павелічэнне шчыльнасці папуляцыі).

Літ.:

Лопатин И.К. Основы зоогеографии. Мн., 1980;

Воронов АГ, Дроздов Н.Н., Мяло Е.Г. Биогеография мира. М., 1985.

А.​М.​Петрыкаў.

т. 13, с. 362

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)