ЛІВА́Н, Ліванская Рэспубліка (араб. Аль-Джумхурыя аль-Лубнанія),

дзяржава ў Зах. Азіі, на ўсх. узбярэжжы Міжземнага м. На Пн і У мяжуе з Сірыяй, на Пд — з Ізраілем. Пл. 10,4 тыс. км². Нас. 3,2 млн. чал. (1998). Дзярж. мова — арабская. Сталіца — г. Берут. Краіна падзяляецца на 5 губернатарстваў (мухафаз). Нац. свята — Дзень незалежнасці (22 ліст.).

Дзяржаўны лад. Л. — рэспубліка. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, якога выбірае Нац. сход тэрмінам на 6 гадоў. Заканад. ўлада належыць аднапалатнаму парламенту — Нац. сходу, 128 дэпутатаў якога выбірае насельніцтва на 4 гады. Выканаўчую ўладу ажыццяўляе ўрад пад кіраўніцтвам прэм’ер-міністра, якога назначае прэзідэнт. Паводле традыцыі, што ўсталявалася з 1943, прэзідэнта выбіраюць ад хрысціянскай часткі насельніцтва, прэм’ер-міністра прызначаюць ад мусульман-сунітаў, кіраўніка парламента — ад мусульман-шыітаў. Для згоды паміж рэліг. абшчынамі краіны з 1992 усталяваўся прынцып роўнага падзелу паміж хрысціянамі і мусульманамі міністэрскіх і інш. вышэйшых пасад у дзярж. адміністрацыі.

Прырода. Л. — пераважна горная краіна. 2 паралельныя горныя хрыбты перасякаюць Л. з Пн на Пд. На З — хр. Ліван (г. Курнет-эс-Саўда, 3082 м), на У — Антыліван (г. Эш-Шэйх, 2814 м); паміж імі — даліна Бекаа (шыр. 8—14 км). Раўнінныя ўчасткі на ўзбярэжжы. Карысныя выкапні: бурыя вуглі, жал., марганцавыя, уранавыя руды. Клімат субтрапічны, міжземнаморскі. Сярэдняя т-ра студз. 13 °C, ліп. 28 °C. У гарах бываюць маразы, снег трымаецца да 6—7 месяцаў. Ападкаў за год 1000 мм на ўзбярэжжы, 3000 мм на зах. схілах Лівана, 700 мм у Антыліване, 400 мм у даліне Бекаа. Рэкі горныя, багатыя гідраэнергіяй, выкарыстоўваюцца на арашэнне. Найб. р. Эль-Літані. Расліннасць пераважна хмызняковая. Невял. лясы з ліванскага кедру, алепскай хвоі, дубу, клёну, піхты, ядлоўцу разам з хмызнякамі займаюць 8% тэр. краіны. Ёсць некалькі невял. рэзерватаў.

Насельніцтва. Ліванскія арабы складаюць 95%, армяне — 4%. Жывуць таксама туркі, грэкі, курды і інш. Вернікі — мусульмане (70%, асн. абшчыны: суніты, шыіты, алавіты, друзы, ісмаіліты) і хрысціяне (30%, праваслаўныя, каталіцкія і пратэстанцкія абшчыны). Сярэднегадавы прырост насельніцтва 1,6 %. Сярэдняя шчыльн. 308 чал. на 1 км² 80% насельніцтва жыве ў прыморскіх раёнах, дзе шчыльн. дасягае 500—1000 чал. на 1 км². У гарадах жыве 87% насельніцтва (1998). У г. Бейрут пражывае 1826 тыс. чал. (1997), у г. Трыпалі больш за 200 тыс. чал. У прам-сці занята 28% працаздольных, у сельскай гаспадарцы — 12%, у абслуговых галінах — 60%.

Гісторыя. Тэр. Л. заселена з часоў верхняга палеаліту. У старажытнасці прыбярэжныя раёны Л. былі часткай Фінікіі, дзе існавалі такія важныя фінікійскія гарады, як Тыр, Берыт, Сідон (адпаведна сучасныя Бейрут і Сайда) і інш. Тэр. Л. ўваходзіла ў склад Стараж. Егіпта (2-я пал. 2-га тыс. да н.э.), Асірыі (8—7 ст. да н.э.), дзяржаў Ахеменідаў (6—4 ст. н.э.), Аляксандра Македонскага (4 ст. да н.э.), Пталамеяў (4—3 ст. да н.э.), Селеўкідаў (3—1 ст. да н.э). У 64 да н.э. заваяваны Рымам. У 4—7 ст. н.э. ў складзе Візантыі. У сярэдзіне 7 ст. заваяваны арабамі, уваходзіў у склад Амеядаў халіфата, Абасідаў халіфата, Фатымідаў халіфата. З 8—9 ст. у Горным Л. пасяліліся прадстаўнікі хрысц. секты маранітаў, з 11 ст. пашыралася вучэнне шыіцкай секты друзаў.

У канцы 11 ст. прыбярэжныя раёны Л. заваяваны крыжакамі, якія ўступілі ў саюз з маранітамі. З канца 13 ст. пад уладай егіп. мамлюкаў, з 1516 — Асманскай імперыі (да 1842 уваходзіў у яе як Ліванскі эмірат). Друзска-мараніцкія сутыкненні 1840—60-х г. прывялі да ўмяшання еўрап. дзяржаў, пад націскам якіх у 1861 створана аўт. правінцыя Горны Л. (да 1915). У выніку 1-й сусв. вайны ў кастр. 1918 Л. акупіраваны англа-франц войскамі. 1.9.1920 пад франц. пратэктаратам створана дзяржава «Вялікі Л.». У 1922 Ліга Нацый прызнала мандат Францыі на кіраванне Л. У 1926 прынята канстытуцыя, якая абвяшчала Л. рэспублікай. Восенню 1943 лідэры хрысціян і мусульман заключылі неафіц. пагадненне, паводле якога мусульмане прызналі Л. асобнай дзяржавай, а хрысціяне — араб. характар краіны. Замацоўваўся прынцып размеркавання дзярж. пасад паводле рэліг. прынцыпу: прэзідэнт — хрысціянін-мараніт, прэм’ер-міністр — мусульманін-суніт, у парламенце на кожных 6 хрысціян прыпадала 5 мусульман.

22.11.1943 Францыя прызнала незалежнасць Л., 31.12.1946 апошнія франц. войскі пакінулі краіну. У 1940—50-я г. ў ліванскай палітыцы панавала невял. група прадстаўнікоў буйных землеўладальнікаў і фін. буржуазіі. Празаходняя палітыка ўрада прывяла ў маі 1958 да паўстання супраць прэзідэнта К.​Шамуна, на дапамогу якому ў ліп. 1958 прыйшлі войскі ЗША. Пры прэзідэнтах Ф.​Шыхабе (1958—64) і Ш.​Хелу (1964—70) праведзены шэраг рэформаў, якія спрыялі эканам. росту Л. і павышэнню ўзроўню жыцця яго насельніцтва. Нягледзячы на поспехі ў эканоміцы, паглыбіліся супярэчнасці паміж хрысціянамі і мусульманамі, якія патрабавалі больш справядлівага падзелу ўлады. З канца 1960-х г. Л. уцягнуты ў блізкаўсходні канфлікт (на тэр. Л. знаходзілася больш за 300 тыс. палесцінскіх бежанцаў, кіраўніцтва Арганізацыі вызвалення Палесціны; АВП). У адказ на дзеянні палесцінскіх партызан Ізраіль абстрэльваў і бамбіў тэр. Л., што вяло да вял. ахвяр сярод мірных жыхароў. Сутыкненні ў крас. 1975 паміж хрысц. баевікамі і байцамі АВП, на бок якіх сталі мусульмане, перараслі ў грамадз. вайну 1975—90. Загінула больш за 150 тыс. ліванцаў, краіна распалася на шэраг раёнаў пад кантролем розных узбр. груповак і сірыйскіх войск, якія былі ўведзены ў Л. у складзе Міжараб. сіл па падтрымцы міру. У чэрв. 1982 пад выглядам барацьбы з АВП ізраільскія войскі акупіравалі значную частку тэрыторыі Л., дамагаючыся вываду атрадаў АВП. У 1985 Ізраіль вывеў свае войскі (пад ізраільскай акупацыяй засталася т.зв. зона бяспекі на лівана-ізраільскай мяжы). 22.10.1989 у г. Эт-Таіф (Саудаўская Аравія) паміж асн. паліт. сіламі Л. падпісана пагадненне аб мірным урэгуляванні канфлікту, раўнапраўным прадстаўніцтве хрысціян і мусульман у парламенце і перадачы часткі паўнамоцтваў прэзідэнта прэм’ер-міністру. У жн. 1990 адпаведныя папраўкі ўнесены ў канстытуцыю Л. 21.9.1990 у Л. абвешчана 2-я рэспубліка. Пры прэзідэнце І.​Храўі (1989—98) пачаўся пераход да мірнага жыцця. Значная частка хрысціян байкатавала выбары 1992. У кастр. 1998 прэзідэнтам Л. выбраны Э.​Лахуд. Л. — чл. ААН (1945), Лігі араб. дзяржаў. Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены ў крас. 1994.

У краіне дзейнічаюць: Фалангісцкая партыя (Катаіб), рух абяздоленых (Амаль), Сірыйская сацыяліст. нац. партыя, Ліванскі фронт, партыя свабодных патрыётаў (Нац. ліберальная).

Гаспадарка. Л. — краіна з развітой банкаўска-фін. сістэмай, транзітна-трансп. гандлем і сферай абслугоўвання, якім вял. страты нанесла грамадз. вайна. У 1990-я г. становішча палепшылася. Валавы нац. прадукт у 1996 склаў 13 млрд. дол., па 3400 дол. на 1 чал. У прам-сці ствараецца каля 28% нац. даходу, у сельскай гаспадарцы — 13%, у абслуговых галінах — 59%. Асн. галіны прам-сці: нафтаперапр., тэкст., харч., буд. матэрыялаў. Вытворчасць электраэнергіі 7,1 млрд. кВт ∙ гадз (1997), 98,5% атрымліваюць на цеплавых электрастанцыях, якія працуюць на імпартным мазуце. Частка электраэнергіі (у 1997—1,2 млрд. кВт ∙ гадз) экспартуецца ў Сірыю. Прам-сць арыентавана ў асноўным на задавальненне ўнутр. патрэб. Больш за палавіну прадпрыемстваў у Бейруце і яго наваколлі. Вылучаюцца тэкст. камбінат, алюмініевы з-д, кандытарская ф-ка. Працуюць цукр. і тытунёвыя прадпрыемствы, папяровыя ф-кі, сталеплавільны з-д, машыназборачныя з-ды, дзе з імпартных дэталяў збіраюць легкавыя аўтамабілі, тэлевізары, халадзільнікі, электраматоры і інш. Суднаверфі. 2 нафтаперапр. з-ды (Трыпалі і Сайда). У хім. прам-сці вылучаецца вытв-сць мыйных сродкаў і фарбаў. Фармацэўтычныя прадпрыемствы. Вядомы ліванскія ювелірныя вырабы і біжутэрыя. У сельскай гаспадарцы пераважае земляробства. 75% сялян не мае сваёй зямлі і арандуе яе ў буйных землеўласнікаў, якія валодаюць больш як 50% апрацаваных зямель. Плошча апрацаваных зямель складае каля 400 тыс. га, арашаецца 86 тыс. га. (1993). Гал. роля належыць садоўніцтву і земляробству. Пад шматгадовымі насаджэннямі каля 40% с.-г. зямель. Развіта пладаводства (вінаград, яблыкі, цытрусавыя, бананы, аліўкі). На экспарт вырошчваюць агародніну і тытунь, на ўнутр. патрэбы — пшаніцу і ячмень (займаюць 65 тыс. га, задавальняюць патрэбы на 20%), цукр. буракі і інш. Асн. раёны садоўніцтва і земляробства — узбярэжжа і паўд. ч. даліны Бекаа. Жывёлагадоўля слаба развіта. Пад пашай і лугамі каля 10,4 тыс. га. Пагалоўе (пач. 1990-х г., тыс. галоў): буйн. раг. жывёлы — каля 100, авечак і коз — каля 500. Птушкагадоўля. Рыбалоўства (2—5 тыс. т рыбы штогод). Транспарт аўтамабільны і чыгуначны. Аўтадарог 6,4 тыс. км, у т. л. 6 тыс. км з цвёрдым пакрыццём, чыгунак 222 км. Нафтаправодаў 72 км (не працуюць). Гал. парты Бейрут і Трыпалі. Л. мае гандл. флот — 241,6 тыс. брута-рэг. т. У краіне 7 аэрапортаў, у т. л. 2 міжнар. (каля Бейрута і Трыпалі). Знешнегандл. баланс адмоўны. У 1996 экспарт склаў 1 млрд. дол, імпарт — 7 млрд. долараў. У экспарце пераважаюць свежыя фрукты і агародніна, тэкстыль, прамысл. вырабы, у імпарце — машыны і трансп. сродкі, харч. прадукты, тавары шырокага ўжытку, хімікаты і інш. Значная частка імпарту рээкспартуецца ў араб. краіны Аравійскага п-ва. Гал. гандл. партнёры: Італія (19% імпарту), Францыя (13% імпарту), Саудаўская Аравія (13% экспарту), Швейцарыя (16% экспарту), ЗША (12% імпарту). Дэфіцыт гандл. балансу пакрываецца пераважна за кошт даходу ад трансп. і банкаўскіх аперацый, пераводаў замежнай валюты ліванцамі, якія жывуць у інш. краінах. Л. атрымлівае фін. дапамогу ад міжнар. устаноў і асобных араб. краін. Замежныя авуары ліванцаў складаюць 30 млрд. долараў. Грашовая адзінка — ліванскі фунт.

Літаратура развіваецца на араб., часткова франц. мовах. З 7 ст. цесна звязана з л-рамі Егіпта, Сірыі і інш. араб. краін на аснове іх агульнай культ. спадчыны (гл. Арабская культура). У перыяд тур. панавання (з 16 ст.) заняпала. Працэс адраджэння ў сярэдзіне 19 ст. звязаны з дзейнасцю асветнікаў — паэта Н. аль-Языджы, педагога і энцыклапедыста Б. аль-Бустані, пісьменніка А.Ф. аш-Шыдзіяка, драматурга М.​Накаша і інш. Развіваліся публіцыстыка і звязаныя з ёй ідэйна і традыц. па форме паэзія, проза: публіцыстычны раман «Кніга пра жыццё і прыгоды Фарыяка» аш-Шыдзіяка, зб. макам «Збор двух мораў» і дываны вершаў аль-Языджы. Ліванскія эмігранты Дж.​Зейдан, Антун Фарах, Я.​Саруф — пачынальнікі гіст. рамана. Новы этап у развіцці л-ры Л. (пач. 20 ст.) звязаны з творчасцю пісьменнікаў-эмігрантаў у Паўн. і Паўд. Амерыцы (Х.​Дж.​Джубран, А. ар-Рэйхані, М.​Нуайме) і адзначаны ўсталяваннем рамантызму ў паэзіі і рэалізму ў прозе. У паэзіі 1920—30-х г. узмацніўся ўплыў франц. сімвалізму (Б. аль-Хуры, С.​Акль). З канца 1930 — пач. 1940-х г. бярэ пачатак рэаліст. і рэв.-дэмакр. кірункі: творчасць А.​Фахуры, Т.​Ю.​Авада (зб. апавяд. «Кульгавы хлопчык», патрыят. раман «Аладка»), М.​К.​Карама (раманы «Хворы на сухоты», «Крык пакут»). У 1940—50-я г. ўзніклі абноўленыя паэт. формы, жанры навелы і вершы ў прозе, значнае месца занялі пераклады. Асн. тэмы — барацьба супраць фашызму, каланіялізму, крытыка сац. несправядлівасці (апавяданні М.​Абуда, М.​І.​Дакруба, аповесці Ж.​Ханы, паэзія Р. аш-Шахаля). Барацьба супраць імперыялізму і ізраільскай агрэсіі — гал. тэма прозы 1960—70-х г. (М.​Айтані, Э.​Бустані). У творчасці Э.​Насар Алах (раман «Алеандр»), Л.​Баальбекі (раман «Я жыву»), Л.​Асаран выявіўся ўплыў зах.-еўрап. мадэрнісцкай л-ры і філасофіі экзістэнцыялізму. Набылі вядомасць творы франкамоўных паэтаў (Ф.​Г.​Нафах, Ш.​Горм) і празаікаў (Ф.​Хаік, Ж.​Шэхадэ). У пач. 1980-х г. з абвастрэннем блізкаўсх. канфлікту ў л-ры распрацоўвалася тэма палесцінскага і араб. супраціўлення (Дакруб, Х.​Муруве, Х.​Садэк, А.​Сувейд). У 1955 засн. Саюз пісьменнікаў Л.

Архітэктура і выяўленчае мастацтва. Найб. стараж. помнікі адносяцца да 5—3-га тыс. да н.э.: рэшткі каменных умацаванняў і жылых дамоў Бібла, керамічныя вырабы з грабеньчатым арнаментам і схематычнымі выявамі звяроў. 3—2-м тыс. да н.э. датуюць помнікі фінікійскага мастацтва: храм Рэшэфа, саркафаг цара Ахірама, дробная пластыка (ідалы Баала і Іштар), ювелірныя вырабы, зброя. На мастацтва 2—1-га тыс. да н.э. паўплывалі культура Стараж. Егіпта, Асірыі, Вавілоніі, дзяржавы Ахеменідаў. У рым. перыяд спалучаліся ант. і ўсх. традыцыі (храмавы комплекс у Баальбеку, трыумфальная арка і каланады ў Тыры, мазаікі т-ра ў г. Бібл). У візант. перыяд (4 — пач. 7 ст.) будавалі манастыры, цэрквы, катакомбы (многія з мазаікамі). З пачаткам ісламізацыі Л. (7 ст.) з’явіліся мячэці (Вялікая мячэць у Баальбеку), медрэсэ, рынкі, караван-сараі, замкі (каля Анджара, 7—8 ст.). Будавалі абарончыя збудаванні (крэпасці ў Джубейлі, Трыпалі, Сайдзе; замак Бафор, 1139), манастыры (Бельмонт), цэрквы (св. Фокі ў Аміуне, захаваліся рэшткі размалёвак). У мамлюкскі перыяд (13 — пач. 16 ст.) будавалі невял. купальныя мячэці, інтэр’еры якіх аздабляліся сталактытамі, разьбой па дрэве, інкрустацыяй з мармуру, арнаментальнымі мазаічнымі пано і надпісамі, а таксама крэпасці: замак у Рашаі (13 ст.), ільвіная вежа ў Трыпалі (15 ст) і інш. Архітэктура і мастацтва часоў Асманскай імперыі (1516—1918) развіваліся пад уплывам тур. культуры. Былі пашыраны вітражы, арнаментальная разьба. У 17—18 ст. працавалі жывапісцы Абдала Захір, Несцер Тарабулсі, Стэфан Дэйрані. Хрысціянскія храмы ўпрыгожвалі мазаікай, размалёўкай і абразамі візант. ўзору. У 19 — пач. 20 ст. будаваліся палацы з развітым дэкорам (Бейт-эд-Дзін), пашырыўся манум. і станковы жывапіс на рэліг. і быт. тэмы (размалёўкі Н. аль-Маадзі, партрэты і жанравыя кампазіцыі Х.​Срур і Х.​Салібі). Пасля 1-й сусв. вайны мастацтва Л. зазнала моцны франц. ўплыў. У 1930 пачалі працаваць ліванскія архітэктары А.​Табет, Ж.​Абушар, Ф.​Трад і інш. У выяўл. мастацтва 1930—40-х г. пераважаў рэаліст. кірунак (М.​Фарух, А.​Онсі і інш.). Пасля 1943 праводзіліся рэканструкцыі гарадоў, буд-ва жылых кварталаў і грамадскіх пабудоў з выкарыстаннем мясц. традыцый (пансіянат у Сайдзе, 1946—48) і дасягненняў сусв. архітэктуры. У мастацтве 1950—60-х г. праявіліся ўплывы сюррэалізму, кубізму, абстракцыянізму. З 1980-х г. на яго развіццё ўздзейнічае рост нац. самасвядомасці, пачалі развівацца паліт. плакат і карыкатура. Уклад у развіццё мастацтва зрабілі жывапісцы С.​Бальтаксе, П.​Кіракасян, І.​Шамут, А.​Раес, Ж.​Халіфе, Р.​Шараф, скульптар Ю.​Хааек, графікі Р.​Шахаль, А.​Марыні і інш. Дэкар.-прыкладное і нар. мастацтва прадстаўлена ўзорыстым ткацтвам, вышыўкай, пляценнем з афарбаванай саломкі, дыванаткацтвам, інкрустацыяй косцю і перламутрам па метале і дрэве.

Літ.:

Салиби К.-С. Очерки по истории Ливана: Пер. с англ. М., 1969;

Адзярыха В.У. Ліванскае грамадства ў 1943—1975 гг.: Прабл. развіцця // Бел. гіст. часоп. 1997. № 2;

Крымский А.Е. История новой арабской литературы, XIX — нач. XX в. М., 1971.

Н.​А.​Сцепанюга (прырода, насельніцтва, гаспадарка), В.​У.​Адзярыха (гісторыя), Г.​М.​Малей (літаратура), В.​Я.​Буйвал (архітэктура і выяўленчае мастацтва).

Герб і сцяг Лівана.
Да арт. Ліван. Узбярэжжа Міжземнага мора.
Да арт. Ліван. Бібл. Унутраны двор «Храма Абеліскаў».
Да арт. Ліван. Малы храм з комплексу Баальбек. 1—3 ст.

т. 9, с. 238

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІ́РЫЯ (Сурыя),

Сірыйская Арабская Рэспубліка (Аль-Джумхурыя аль-Арабія ас-Сурыя), дзяржава ў Зах. Азіі. Мяжуе на Пн з Турцыяй, на У з Іракам, на Пд з Іарданіяй, на З з Ізраілем, Ліванам і абмываецца Міжземным морам. Пл. 185,2 тыс. км², у т. л. 1370 км² акупіравана ў 1967 Ізраілем (Галанскія вышыні). Нас. 16,3 млн. чал. (2000). Афіц. мова — арабская. Сталіца — г. Дамаск. Падзяляецца на 18 мухафаз. Нац. свята — Дзень эвакуацыі (17 крас.).

Дзяржаўны лад. С. — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1973. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, якога выбірае парламент і зацвярджае ўсенародны рэферэндум на 7 гадоў. Вышэйшы орган заканад. ўлады — аднапалатны парламент (250 дэпутатаў), які выбіраецца ўсеагульным галасаваннем на 4 гады, выканаўчы орган — Савет Міністраў на чале з прэм’ер-міністрам, якога прызначае прэзідэнт.

Прырода. Большая частка тэр. С. раўнінная ці платопадобная (верхняя частка Месапатамскай нізіны на У, Сірыйская пустыня на ПдУ). На З невял. горныя хрыбты: Эд-Друз (да 1800 м), Антыліван з масівам Эш-Шэйх, або Хермон (выш. 2814 м), Эль-Гарбі (да 1830 м), Ансарыя і інш. Паміж хрыбтом Ансарыя (на З) і гарамі Эз-Завія (на У) тэктанічная ўпадзіна Эль-Габ. Уздоўж Міжземнага м. вузкая нізінная і раўнінная паласа. Карысныя выкапні: нафта, газ, марганцавыя і поліметал. руды, фасфарыты і інш. Клімат на З субтрапічны, міжземнаморскі; на У кантынент., засушлівы. Сярэдняя т-ра студз. на ўзбярэжжы 12 °C, на У 4 °C, ліп. адпаведна 26 і 34 °C. Ападкаў на большай частцы тэр. 100—200 мм, на зах. схілах гор да 1000 мм і больш за год (выпадаюць з ліст. да крас.). Рэк мала. Найб. рэкі: на У — Еўфрат з прытокамі і Тыгр, на З — Эль-Асі. Расліннасць пераважна паўпустынная і пустынная, на З у гарах хмызнякі, лясы (3% тэр.) з вечназялёнага дубу, алепскай хвоі і інш. Жывёльны свет пустынь і паўпустынь. З драпежнікаў звычайныя паласатая гіена, воўк, шакал, каракал, ліс-фенек; з капытных — антылопы і дзікі асёл. Шмат грызуноў і паўзуноў. Ёсць запаведнікі і заказнікі.

Насельніцтва. Каля 90% складаюць сірыйскія арабы (сірыйцы). Жывуць таксама курды (каля 6,5%, пераважна на У), армяне (каля 3%, у гарадах), выхадцы з суседніх краін, чэркесы, туркмены, цыганы і інш. Мусульман 83% (з іх 82% суніты, 18% шыіты), хрысціян каля 14% (правасл., католікі, мараніты і інш). Сярэдняя шчыльн. 88 чал. на 1 км². На ўзбярэжжы і ў далінах рэк, у перадгорных аазісах шчыльн. перавышае 300 чал. на 1 км², у пустынях і паўпустынях каля 10 чал. на 1 км² і менш, ёсць качэўнікі і паўкачэўнікі. Натуральны прырост каля 3% за год. У гарадах жыве 52% насельніцтва. Найб. гарады (тыс. ж., 1994): Дамаск — 1550, Халеб — 1591, Хомс — 644, Латакія — 307, Хама — 229. У сельскай гаспадарцы занята 40% працаздольных, у прам-сці —20%, у абслуговых галінах — 40%. Шмат сірыйцаў працуе ў нафтаздабыўных краінах Персідскага заліва.

Гісторыя. С. — асяродак стараж. цывілізацый. У паняцце «гістарычная С.», т.зв. Вял. С., да пач. 20 ст. ўключаліся тэр. сучасных С., Лівана, Іарданіі і Ізраіля. Прыналежнасць найб. стараж. яе насельніцтва не вызначана. У сярэдзіне 4-га тыс. да н.э. тэр. С. засялілі народы семіцкага паходжання. Яны заснавалі гарады-дзяржавы, найб. значны з якіх — Эбла — дасягнуў росквіту ў 26—23 ст. да н.э. Каля 2000 да н.э. ў паўд.-зах. ч. С. пасяліліся ханаанеі, на ўзбярэжжы — фінікійцы; каля 1700 да н.э. на тэр. С. з’явіліся амарыты, каля 1500 да н.э. — арамеі, у 12 ст. да н.э. — яўрэі. У 16—13 ст. да н.э. С. — аб’ект барацьбы паміж Стараж. Егіптам, Хецкім царствам і Мітані. У 11—8 ст. да н.э. існавала Дамаскае царства, якое ў 732 да н.э. заваявана Асірыяй, у 612 да н.э. Вавілоніяй. З 539 да н.э. ў складзе Ахеменідаў дзяржавы. У 333 да н.э. С. заваяваў Аляксандр Македонскі. Яго пераемнікі Селеўкіды кіравалі С. ў 312—64 да н.э. На працягу наступных 700 гадоў С. была ў складзе Рымскай, потым Візант. імперый. Палесцінская частка Вял. С. — радзіма хрысціянства, якое ў 4 ст. н.э. стала дзярж. рэлігіяй. У 630-я г. С. заваявалі арабы (гл. Арабскія заваяванні). З гэтага часу іслам прыняты большасцю насельніцтва, а араб. мова стала адзінай мовай народа С. У 661—750 С. — паліт. і культ. цэнтр Амеядаў халіфата, пасля ўсталявання ў 750 Абасідаў халіфата цэнтр дзяржавы перамясціўся ў Ірак. У 10—11 ст. С. пад уладай розных мусульм. дынастый. У канцы 11 ст. ў С. ўварваліся крыжакі, якія захапілі прыбярэжныя р-ны. У канцы 12 ст. егіпецкі султан Салах-ад-дзін нанёс крыжакам паражэнне і стаў правіцелем б.ч. тэр. С. У 1260—1516 С. пад уладай егіпецкіх мамлюкаў. У 1516 С. заваявалі туркі-асманы, і яна на 400 гадоў увайшла ў склад Асманскай імперыі. Вял. геагр. адкрыцці і новыя марскія шляхі ў краіны Усходу паменшылі значэнне С. як цэнтра транзітнага гандлю. У 2-й пал. 19 ст. ў С. ўзнік культ.-асветніцкі рух «Нахда» («Адраджэнне»), да пач. 20 ст. яна была адным з цэнтраў барацьбы за араб. незалежнасць. У 1-ю сусв. вайну сірыйцы разам з інш. араб. народамі ўзнялі паўстанне супраць туркаў і падтрымалі Вялікабрытанію ў абмен на яе падтрымку ідэі араб. незалежнасці. Але пасля вайны Ліга Нацый падзяліла ў 1920 Вял. С. на мандатныя тэрыторыі паміж Францыяй і Вялікабрытаніяй; да Францыі адышла тэр. сучаснай С. Франц. панаванне, палітыка яе адміністрацыі, скіраваныя на поўнае падпарадкаванне С., выклікалі шэраг паўстанняў. Найб. з іх — Сірыйскае нацыянальнае паўстанне 1925—27 — прымусіла франц. ўлады да ўступак. У маі 1930 выдадзена канстытуцыя, якая абвясціла С. рэспублікай пры захаванні вярх. улады Францыі. Ва ўмовах 2-й сусв. вайны (у чэрв. 1941 брыт. войскі і часткі «Свабоднай Францыі» ген. Ш. дэ Голя выбілі з тэр. С. армію рэжыму «Вішы»), франц. адміністрацыя 27.9.1941 заявіла аб прызнанні незалежнасці С., 23.12.1943 падпісана адпаведнае франка-сірыйскае пагадненне. У жн. 1943 выбраны першы прэзідэнт незалежнай С. — Ш.​Куатлі. Суверэннай дзяржавай С. стала пасля вываду франц. і брыт. войск 17.4.1946 — гэты дзень адзначаецца ў С. як нац. свята.

Як і інш. араб. краіны, С. выступіла супраць рашэння ААН пра падзел Палесціны і ўтварэнне дзяржавы Ізраіль, сумесна з імі прыняла ўдзел у араба-ізраільскай вайне 1948—49: Ваен. няўдачы пахіснулі аўтарытэт урада С. У сак. 1949 група афіцэраў здзейсніла дзярж. пераварот, паклаўшы пачатак 20-гадоваму перыяду ваен. пераваротаў. Імкнучыся рэалізаваць ідэю адзінства ўсіх арабаў, С. ў лют. 1958 аб’ядналася з Егіптам у Аб’яднаную Араб. Рэспубліку (ААР). Спробы кіруючых колаў Егіпта ўсталяваць кантроль над адзінай дзяржавай прывялі ў вер. 1961 да выхаду С. з ААР і абвяшчэнні яе Сірыйскай Араб. Рэспублікай. Ваен. пераварот 8.3.1963 прывёў да ўлады Партыю арабскага сацыялістычнага адраджэння (Баас). Баасісцкі ўрад перадаў пад кантроль дзяржавы б.ч. прам-сці і знешняга гандлю. У выніку паражэння С. ў араба-ізраільскай вайне 1967 ч. сірыйскай тэр., у т. л. Галанскія вышыні, захоплена Ізраілем. У ліст. 1970 да ўлады ў партыі і краіне прыйшоў ген. Х.​Асад (у сак. 1971 ён абраны прэзідэнтам С.). Пасля араба-ізраільскай вайны 1973 С. вярнула ч. акупіраваных тэрыторый, але большая ч. Галанскіх вышынь засталася пад кантролем Ізраіля, які ў 1981 афіцыйна іх анексіраваў. З 1976 С. ажыццяўляе ваен. прысутнасць у Ліване, у 1982 удзельнічала на яго тэр. ў вайне супраць Ізраіля. У 1979 С. асудзіла мірныя дагаворы паміж Егіптам і Ізраілем (гл. Кэмп-Дэвідскія пагадненні 1978). У час ірана-іракскай вайны 1980—88 урад С. падтрымаў Іран, а ў час Кувейцкага крызісу 1990—91 сірыйскія войскі ўдзельнічалі ў антыіракскай кааліцыі. Гал. мэта знешняй палітыкі С. — вяртанне Галанскіх вышынь і ўрэгуляванне блізкаўсходняга канфлікту. Аднак сірыйска-ізраільскія перамовы 1990-х г. па гэтых пытаннях скончыліся безвынікова. Пасля смерці ў чэрв. 2000 Асада прэзідэнтам стаў яго сын Б.​Асад. С. — чл. ААН (з 1945), Лігі араб. дзяржаў (з 1945). Дыпламат. адносіны С. з Рэспублікай Беларусь усталяваны ў жн. 1993.

Паліт. партыі: Партыя араб. сацыяліст. адраджэння, узначальвае Прагрэс. нац. фронт (ПНФ), у які таксама ўваходзяць Араб. сацыяліст. саюз, Рух араб. сацыялістаў, Сірыйская камуніст. партыя і інш.; усе арг-цыі, якія не ўваходзяць у ПНФ, забаронены.

Гаспадарка. С. — аграрна-індустр. дзяржава сярэдняга ўзроўню развіцця. Валавы ўнутр. прадукт 41,7 млрд. дол. (1998), каля 2600 дол. на душу насельніцтва; на сельскую гаспадарку прыпадае каля 28%, на прам-сць — каля 20%, на сферу паслуг — каля 52%. У эканоміцы вядучая роля дзярж. сектара, на долю якога прыпадае каля 50% нац. даходу, 75% кошту прамысл. прадукцыі і 70% асн. сродкаў вытворчасці. Дзяржава цалкам кантралюе сферу фінансаў, Горназдабыўную прам-сць, энергетыку, чыг. і авіяц. транспарт. Прыватны сектар дамінуе ў сельскай гаспадарцы, рознічным гандлі, сферы паслуг, аўтатранспарце, жыллёвым будаўніцтве. Сельская гаспадарка — асн. галіна эканомікі. Характэрны сялянскія гаспадаркі, ёсць кааператывы і буйныя дзярж. гаспадаркі. У выніку агр. рэформы буйное землеўладанне абмежавана, памешчыцкія землі выкуплены і размеркаваны за плату сярод сялян. Пад ворывам і шматгадовымі насаджэннямі каля 6 млн. га, у т. л. каля 1 млн. га арашаецца; каля 8 млн. га (тэр. пустынь і паўпустынь) выкарыстоўваецца пад пашу. Штогод збіраюць 4—5 млн. т пшаніцы, каля 2 млн. т ячменю, 200 тыс. т кукурузы, 300 тыс. т сачавіцы, 1,5 млн. т цукр. буракоў, 400 тыс. т вінаграду, 350 тыс. т апельсінаў, 430 тыс. т памідораў. Асн. земляробчыя раёны на ўзбярэжжы, у далінах рэк, перадгор’ях. Тэхн. культуры (бавоўнік, цукр. буракі і трыснёг, тытунь) вырошчваюць на арашальных землях. Асн. раён пладаводства (абрыкосы, інжыр, цытрусавыя), агародніцтва, вінаградарства, бахчаводства — на ПнЗ. Там жа аліўкавыя гаі. Жывёлагадоўля пераважна экстэнсіўная, у значнай ступені качавая і паўкачавая. У 1997 пагалоўе (тыс. галоў): буйн. раг. жывёлы — 905, авечак — 15 000, коз — 1200. Гадуюць таксама вярблюдаў, коней, аслоў і мулаў. Птушкагадоўля (у 1997—21 млн. курэй). Марское і рачное рыбалоўства. У прам-сці пераважаюць сярэднія і дробныя прадпрыемствы. Гарнарудная прам-сць прадстаўлена здабычай нафты і прыроднага газу, фасфарытаў, жал. руды, серы, каменнай солі, буд. матэрыялаў. Штогод здабываюць каля 30 млн. т нафты і 5 млрд. м³ газу. Асн. раёны здабычы на ПнУ (Тэль-Румайлан, Карачук, Сувайдзія і інш.). Электраэнергія (у 1998—17,5 млрд. кВт∙гадз) прыкладна пароўну выпрацоўваецца на ГЭС (буйнейшы Еўфрацкі гідраэнергетычны комплекс) і ЦЭС на нафце і газе. Найбольш прадпрыемстваў харч. і лёгкай прам-сці працуюць на ўласнай сыравіне. Развіты бавоўнаачышчальная, тэкст. і швейная (Дамаск, Халеб, Латакія, Хама, Хомс і інш.), харч. (мукамольная, мясаперапрацоўчая, алейная, вінаробная, цукр., кансервавая, безалкагольных напіткаў; Дамаск, Халеб, Латакія і інш.), гарбарна-абутковая, тытунёвая галіны. Важнае значэнне маюць нафтаперапр. (Баніяс, Хомс, Эль-Камышлы), хім. (Хомс), металургічная (Хама, Хомс), цэм. (Дамаск, Халеб, Хама, Хомс) галіны прам-сці. Ёсць з-ды трактаразборачны (Халеб) і электраматораў (Латакія), ф-кі мінер. угнаенняў (Хомс) і дываноў (Халеб), прадпрыемствы ваен. прам-сці. У Дамаску электракабельны з-д, прадпрыемствы электроннай, фармацэўтычнай і шкляной прам-сці. Шырока развіты саматужны выраб парчы, біжутэрыі, маст. рэчаў з медзі, золата, серабра, дрэва і інш.; апрацоўка скур і ручное дыванаткацтва. Транспарт чыг., аўтамаб., марскі, трубаправодны. Даўж. чыгунак 1998 км, аўтадарог 41,4 тыс. км, унутр. водных шляхоў (рэкі Еўфрат і Эль-Асі) 970 км, нафтаправодаў 1304 км (у т. л. транзітныя з Ірака і Саудаўскай Аравіі), прадуктаправодаў 515 км. У краіне 134 тыс. легкавых, 219 тыс. грузавых аўтамабіляў і аўтобусаў, 5 буйных аэрапортаў, у т. л. міжнар. ў Дамаску і Халебе. Гал. марскія парты Латакія, Баніяс, Тартус. Выкарыстоўваюцца таксама парты Лівана. У 1998 экспарт склаў 4,2 млрд. дол., імпарт 5,7 млрд. дол. У экспарце пераважаюць нафта і нафтапрадукты (каля 40% па кошце), тэкстыль, адзенне і скураныя вырабы (каля 30%), некат. харч. тавары, тытунь і інш.; у імпарце — машыны, абсталяванне, трансп. сродкі, металы, хімікаты, драўніна. Гал. гандл. партнёры: Італія, Германія, Францыя, Турцыя, Ліван, інш. арабскія краіны. С. — краіна развітога турызму. Штогод наведвае каля 2 млн. турыстаў пераважна з Турцыі і арабскіх краін. Асн. аб’екты — узбярэжжа Міжземнага м., Дамаск, Халеб, рэшткі ант. г. Тадмар (Пальміра). У 1998 турызм прынёс даход у 1,36 млрд. дол. Грашовая адзінка — сірыйскі фунт.

Узброеныя сілы. Уключаюць рэгулярныя ўзбр. сілы (складаюцца з сухап. войск, ВПС і ППА, ВМС; каля 320 тыс. чал.) і ваенізаваныя фарміраванні (жандармерыя) — 8 тыс. чал. (2000). Вярх. галоўнакамандуючы — прэзідэнт. Камплектаванне паводле прызыву. У сухап. войсках 215 тыс. чал., 4650 танкаў, каля 4,7 тыс. баявых машын пяхоты і інш. браніраваных машын, больш за 1,9 тыс. самаходных гармат і гармат на буксірнай цязе, 480 рэактыўных сістэм залпавага агню і інш. У ВПС і ППА каля 100 тыс. чал., у т. л. ў ППА каля 60 тыс. чал., 589 баявых самалётаў, 72 баявыя верталёты, каля 450 зенітных ракетных комплексаў. У ВМС 6 тыс. чал., 10 баявых караблёў, 18 катэраў, у т. л. 10 ракетных, 24 верталёты.

Архітэктура, выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Ад эпохі неаліту вядомы наскальныя выявы ў Дэмір-Капу, каменныя і гліняныя антрапаморфныя статуэткі, ляпная размаляваная кераміка, паселішчы 5—4-га тыс. да н.э. (Угарыт, Тэль-Халаф). На тэр. С. развіваліся стараж. маст. культуры Б. Усходу: вавілона-асірыйская, фінікійская, хецкая і інш. Іх спалучэнне з мясц. традыцыямі надало своеасаблівасць мастацтву стараж. С. — сір. перыяду эліністычнага, рым. [Дура-Еўрапас, Тадмар (Пальміра), Бусра] і ранневізант. (Русафа, Кальб-Лузех) мастацтва. У 4—6 ст. склалася мясц. ранневізант. маст. традыцыя. Культавая архітэктура адметная наватарскімі манум. формамі (манастырскі комплекс Кал’ат-Семан, створаны вакол калоны св. Сімяона Слупніка), дамінуючай стала 3-нефавая базіліка з высокім сярэднім нефам, з аркадамі на нізкіх слупах (Кальб-Лузех), купальныя базілікі розных тыпаў (царква ў Русафе). Выяўл. мастацтва таго часу прадстаўлена разьбой па камені і косці, мазаікамі падлог, экспрэсіўнай кніжнай мініяцюрай (Евангелле Рабулы). Пасля араб. заваявання (7 ст.) С. — адзін з цэнтраў станаўлення арабскай культуры. У часы праўлення Амеядаў пачалася стылістычная адаптацыя стараж. мастацтва і дойлідства да сярэдневяковай маст. стылістыкі ісламу. У архітэктуры на аснове стараж.-рым. і візант. буд. вопыту распрацаваны тып шматкалоннай мячэці, перабудаванай з хрысц. базілікі. Захоўваліся запазычанні з ордэрнай сістэмы, канструкцыі арачных і купальных перакрыццяў. У інтэр’еры храма цэнтр. месца заняў вял. двор, завершаны з супрацьлеглага боку галерэяй на аркадах; у гал. сцяне рабілася свяшчэнная ніша — міхраб. Узорнай стала Амеядаў мячэць у Дамаску. Свецкая рэзідэнцыя халіфа (палац у пустыні) мела выгляд крэпасці, абнесенай абарончымі сценамі, з квадратным дваром пасярэдзіне. Фасад палаца меў брамы, завершаныя зубчастымі байніцамі, машыкулямі (замак у Каср аль-Хейр аль-Гарбі). У аздабленні будынкаў захаваліся элініст. і ранневізант. традыцыі (мазаікі мячэці Амеядаў), зарадзілася сістэма арнаменту — арабескі. У 10 ст. сфарміравалася аблічча сярэдневяковага араб. горада з падзелам на ўмацаваныя кварталы. З’явіліся кварталы-кірмашы з крытымі вуліцамі, караван-сараі, медрэсэ (ан-Нурыя ў Дамаску), марыстаны (бальніцы; Нур-ад-дзіна ў Дамаску), лазні з купаламі. На тэр. С. захаваліся руіны крыжацкіх замкаў (Крак-дэ-Шэвалье). Пры Айюбідах (з 1187) высокага тэхн. ўзроўню дасягнулі і фартыфікацыйныя збудаванні (цытадэлі ў Дамаску, Халебе). Пашырыліся формы ярусных мінарэтаў, аздабленне сцен нішамі, арнаментальнымі рамамі. У пластычных мастацтвах развіваліся арнамент і каліграфія. У 13—14 ст. дасягнула росквіту кніжная мініяцюра (рукапісы «Каліла і Дымна» і інш.). У дэкар.-прыкладным мастацтве вылучаліся кераміка з размалёўкай люстрам, маст. вырабы са шкла (з эмалевымі размалёўкамі) і металу, аздобленыя чаканкай, сярэбранай інкрустацыяй і гравіроўкай, разьба па дрэве (міхрабы, мінбары), маст. тканіны. У асманскі перыяд (1516—1918) мастацтва развівалася пад уплывам тур. дойлідства: мячэці квадратныя ў плане, з вял. сферычным купалам, 4 мінарэтамі па вуглах (мячэць Такія Сулейманія ў Дамаску, 16 ст., арх. Сінан), паліхромная кераміка з буйным кветкавым узорам. Асабліва пышным стаў арх. дэкор. Набылі пашырэнне 1-камерныя маўзалеі «цюрбе». Для традыц. нар. жылля на Пд ужывалі блокі з вулканічнай лавы, на Пн будавалі купальныя жытлы з цэглы-сырцу. У нар. мастацтве пашыраны натуралізаваны расл. арнамент на кераміцы, тканінах, метале, ткацтва бязворсавых дываноў з характэрнымі для пэўнай мясцовасці арнаментам і колеравай гамай. Узнікла інкрустацыя па дрэве серабром, перламутрам і вярблюджай косцю (мінбары, столікі, скрынкі і інш.). У 1920—30-я г. будавалі ў духу еўрап. стыляў, ішла мэтанакіраваная рэканструкцыя гарадоў. У 1950-я г. ўзмацніліся пошукі аб’яднання сучасных канструкцый з нац. формамі (арх. Вахбі аль-Харыры і інш.). Мастакі С. (Т.​Тарык, М.​Кірша, М.​Джалаль) успрынялі традыцыі еўрап. рэаліст. мастацтва, франц. акад. школы і імпрэсіянізму. Адзін з вядучых манументалістаў С. — А.​М.​Шама (вучань рас. мастака А.​Дайнекі). Сярод найб. значных мастакоў 2-й пал. 20 ст.: Л.​Каялі, А.​Катраміз, Х.​Замрык, Н.​Набаа, А.​Нашваці, І.​Хімат, Н.​Шаўра і інш. Развіваюцца традыц. віды нар. мастацтва: вышыўка шоўкам, серабром, золатам па аксаміце, воўне і бавоўне, пляценне з каляровай саломы, апрацоўка металу, дрэва, інкрустацыя перламутрам, косцю, каляровымі пародамі дрэва, кераміка.

Літ.:

Новейшая история арабских стран Азии, 1917—1985. М., 1988;

Сирийская Арабская Республика. М., 1997;

Корнилов В. Секретная война: Хроника сирийской кампании 1941 г. // Крылья Родины. 1994. № 7—8;

Яшкин Г.П. Под жарким солнцем Сирии // Воен.-ист. журн. 1998. № 4;

Сидорова Н.А., Стародуб Т.Х. Города Сирии. М., 1979;

Богданов А.А. Художники Сирии. М., 1981.

М.​С.​Вайтовіч, Г.​С.​Смалякоў (прырода, насельніцтва, гаспадарка), У.​С.​Кошалеў (гісторыя), І.​Г.​Елісееў (узброеныя сілы), Я.​Ф.​Шунейка (архітэктура, выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва).

Герб і сцяг Сірыі.
Да арт. Сірыя. Міжземнаморскае ўзбярэжжа.
Да арт. Сірыя. Ландшафт на захадзе краіны.
Да арт. Сірыя. Старая крэпасць у г. Хомс.
Да арт. Сірыя. Мініяцюра «Ушэсце святой Марыі» з Евангелля Рабулы. 586.
Сірыя. Мячэць Амеядаў у Дамаску.
Да арт. Сірыя. Керамічныя ваза і збанок з Ракі. 13 ст.
Сірыя. Цытадэль у г. Халеб. 13—16 ст.
Сірыя. Традыцыйныя жытлы ў г. Халеб.
Да арт. Сірыя. Т.​Тарык. Савет халіфа аль-Мамуна. 1918.

т. 14, с. 414

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)