хмель, хмелю, м.
1. Павойная расліна сямейства тутавых, некаторыя віды якой выкарыстоўваюцца ў піваварэнні. Дзве альтанкі хаваліся ў зеляніне дзікага вінаграду і хмелю. Васілевіч.
2. зб. Суквецце гэтай расліны ў выглядзе шышак, насенне яе. [Дзядзька:] — Ён [дзед Хвядос] ужо за Нёманам хмель збірае... Бажко.
3. Хмельны напітак. [Андрэй:] З дзён маладых я хмелю не ўжываю. Клімковіч.
4. Стан ап’янення, выкліканы алкагольнымі напіткамі. Міхась быў чалавек вясёлы. А яшчэ быў весялейшы, як хмель пачынаў туманіць яго лахматую галаву. Колас. Бяседа ўжо ўвайшла ў тую каляіну, калі хмель развязвае языкі нават маўклівым людзям. Сабаленка. // перан. Стан пад’ёму, узбуджанасці, выкліканы чым‑н. Калі ж іх [грошай] не стала, Пад хмелем азарту Паклаў Фенька Рваны гадзіннік на карту. Арочка.
•••
Пад хмелем (пад хмяльком) — у стане лёгкага ап’янення. — А гэта?.. — зноў выкрыквае Клаўдзя пад хмелем. — Помніш, як спектакль у Рудні ставілі? Ракітны.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
вінава́ты, ‑ая, ‑ае; ‑ват, ‑а.
1. Які правініўся ў чым‑н., зрабіў злачынства. Прызнаць вінаватым. □ [Толя:] — Тут не адзін дырэктар вінаваты. Не ўсе навучыліся дабро сваё, сваю працу як след шанаваць. Брыль. Віктар стаяў, апусціўшы галаву, і сапраўды адчуваў сябе вінаватым. Маўр. // у знач. наз. вінава́ты, ‑ага, м. Віноўнік. І правы і вінаваты.
2. Які з’яўляецца прычынай чаго‑н. Алеська.. скрыва пазірала і на Любу, быццам тая вінавата была ў яе гневе. Мурашка. Шышак — безліч, а спадчыны сасна не пакінула. Мабыць, вінавата проста месца. Навуменка.
3. толькі поўн. ф. Які выяўляе ўсведамленне сваёй віны. Вінаваты голас. Вінаватая ўсмешка. □ Ліда спадылба вінаватым позіркам глядзіць на брата. Пальчэўскі.
4. Які вінен каму‑н., мае доўг. [Паўлік:] — Бацька мой.. не мог ніяк з даўгоў выбрацца — Сегенецкаму вінаваты быў гэтулькі, што маці.. па паўлета дарэмна яму жала. Чорны. // у знач. наз. вінава́ты, ‑ага, м. Той, хто вінен каму‑н., мае доўг. [Ціток:] — Хай мне паадрабляюць усе вінаватыя. Лобан. Не плаціць багаты, а вінаваты. Прыказка.
•••
Богу душою не вінаваты (вінны) — зусім не вінаваты.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
церабі́ць, цераблю, цярэбіш, цярэбіць; незак., каго-што.
1. Прасякаць, прачышчаць лес. [Дзед Бадыль:].. ельнік такі густы, што і барсук не пралезе. Церабіць трэба. Крапіва. // Абсякаць галіны, сучча з паваленых дрэў. Лес валілі і церабілі незнаёмыя людзі. Дуброўскі. // Пракладаць, расчышчаць (дарогу, шлях), высякаючы кусты, дрэвы. Як ісці ды ісці — зайшлі [браты] ў такі цёмны лес, што і выбрацца з яго не могуць. Давай браты дарогу сабе церабіць: стукне Вячорнік булавою — асіны падаюць; стукне Паўночнік — елкі валяцца, а як стукне Світаннік — дубы з карэннямі выварочваюцца. Якімовіч. / у перан. ужыв. Будуем мартэны і домны, Будуем гіганты-заводы. Будуем, няволі не знаем, Цярэбім да шчасця дарогі. Купала. Ваяўнічая паэзія [П. Панчанкі] ідзе ў авангардзе часу, яна смела цярэбіць шлях наперад. Бялевіч. // Абчышчаць гародніну ад бацвіння, карэньчыкаў і пад. Церабіць буракі. □ Юстына церабіла цыбулю. Баранавых.
2. Чысціць дзюбай пер’е (пра птушак). Самотна бусел даўганогі Крыло цярэбіць на гняздзе. Калачынскі. // Вытрасаць, вылузваць, выкалупваць што‑н. з сярэдзіны чаго‑н. Нават вавёрка, што зусім блізка церабіла яловую шышку, і тая, відаць, не заўважала пагранічніка. Шыловіч. Мясцовы гаспадар крумкач хваёвых шышак церабіць не дазваляе. Корбан. // Разм. Хапаючы, прагна есці. Госці церабілі кілбасу з капустаю. Колас. [Мікуць] доўга глядзеў, як завадская свіння цярэбіць зялёную канюшыну. Чорны. / у перан. ужыв. Асабліва моцна воўчае племя церабіла авечыя чароды... Мележ.
3. Тузаць, торгаць, перабіраць пальцамі што‑н. [Аўсянік] нервова цярэбіць махры на шаліку, якім абвязана шыя, нібы яму займае дыханне. Навуменка. Дзяўчына церабіла канцы цёплай хусткі. Карпюк. // перан. Разм. Надакучаць пытаннямі, просьбамі, справамі. — А паштоўку цяжка было напісаць? Мы б ведалі. А то з камітэта мяне цярэбяць: дзе Шукан ваша? А што я магла адказаць? Савіцкі.
4. Вырываючы з коранем, убіраць машынай з поля (лён). Церабіць лён.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)