укаці́цца, укачуся, укоцішся, укоціцца; зак.

1. Коцячыся, апынуцца дзе‑н., пранікнуць куды‑н. Укаціўся мяч у вароты. / у перан. ужыв. За .. [Вурмістравым] у пакой укаціўся вялізны шызы клуб марознага паветра. Хадкевіч.

2. Разм. Уехаць. Раніцай укацілася ў вёску палутарка. // Хутка ўвайсці, убегчы куды‑н. [Бялькевіч:] — Памятаю, сяджу гэта я, а .. [Верабейчык] укаціўся хуценька, да сакратаркі падбег, нешта сказаў ёй, агледзеў усіх і знік. Савіцкі. Нячутна адчыніліся дзверы — і ўкаціўся Кляпнёў, як заўсёды з усмешачкай. Шамякін. // З цяжкасцю ўвайсці, улезці, уваліцца куды‑н. Насілу ўкацілася [Зося] ў хату. Крапіва. [Шпулькевіч:] — Я ледзьве ў сані ўкаціўся, ледзьве дапаў у мястэчка да фельчара, ён мне ўвесь бок убінтаваў. Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ГОЛУБАПАДО́БНЫЯ (Columbiformes),

атрад птушак. 3 сям.: галубіныя (Columbidae), дронтавыя (вымерлыя), рабковыя. 316 відаў. Пашыраны ва ўмераных і трапічных шыротах зямнога шара. Вядомы з верхняга эацэну. Дрэвавыя або наземныя птушкі. Бываюць галубы свойскія (больш за 150 парод) і паўсвойскія. Існуе галіна птушкагадоўлі — голубагадоўля. На Беларусі 6 відаў: з сям. галубіных вяхір, голуб шызы, клінтух, туркаўка звычайная, туркаўка кольчатая і з сям. рабковых — саджа звычайная, або капытка (Syrrhaptes paradoxus), — выпадкова залётны від. Вядомы таксама галубы: вандроўны голуб, белагруды (беласпінны; Columbus leuconota), каменны (скалісты; С. rupestris), буры (C. eversmanni), белабрухі рабок (Pterocles alchata) і інш.

Даўж. цела 15—78 см, маса 30 г — 20 кг (дронты). У большасці голубападобных самцы буйнейшыя і ярчэй афарбаваныя за самак. Апярэнне шчыльнае. Крылы падоўжаныя, завостраныя (акрамя дронтаў). Валлё і мускульны страўнік добра развітыя. Пераважна расліннаедныя, збіраюць корм звычайна на зямлі. Манагамы. Гняздуюцца на дрэвах, у дуплах, норах на абрывістых берагах рэк, нішах пабудоў, на дахах. Бацькі кормяць птушанят адрыжкай з валляка або асаблівым «птушыным малаком». Аб’екты спарт. палявання. Голубападобныя — крыніца інфекцыі пры арнітозах. Некат. ахоўваюцца.

т. 5, с. 326

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

тупаце́ць, ‑пачу, ‑паціш, ‑паціць; незак.

1. Часта і моцна тупаць нагамі пры хадзьбе, бегу і пад. Калі цямнела,.. [вожык] выбірайся з кардоннай скрыпкі, дзе ўнучка зрабіла яму пасцель, тупацеў па пакоі, тыцкаўся лычыкам у сподак. Даніленка.

2. Часта стукаць, тупаць нагамі аб падлогу, зямлю. Глянуў на абцасы, — Былі ў іх моладасць і часы, Калі рабілі выкрунтасы І на ігрышчы тупацелі, А тут хадзіць больш не хацелі. Колас. Хромавых блішчастых ботаў не шкадуе [Лёнька] і тупаціць нагамі так, што ўгінаецца падлога і з яе ўздымаецца шызы пыл. Навуменка. З таптухай і аднаму ўправіцца няцяжка... сунь у ваду і тупачы, гані рыбу ў яе. Мележ. // Стукам, тупатам ног выражаць злосць, нязгоду, нездавальненне кім‑, чым‑н. Рыгор тупацеў перад .. [свінаркамі], нібы разгневаны певень, і нешта злосна выкрыкваў ахрыплым голасам. Шашкоў. [Ганька] таксама тупацела нагамі, калі Джэк упарціўся і не хацеў больш танцаваць з Джэмай. Васілевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пэ́цкацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. у што, чым і без дап. Забруджвацца, вымазвацца. Трэба было ратаваць жарабца, але нікому з стражнікаў не хацелася разувацца, распранацца і лезці пэцкацца ў гразь. Крапіва. Успамінаецца, як бегалі яны — малыя.. — па-над самай вадой, па-над самым прадоннем, пэцкаліся з галавы да ног у шызы ліпучы глей — рыбу лавілі. Зарэцкі. Нару капаць, вядома, справа не малая, і працы шмат і месца трэба адшукаць такое, што вада вясной не залівае. Дый пэцкацца Лісіца не жадае. Корбан. // Станавіцца брудным. Белая сукенка хутка пэцкаецца. □ Есці пры маёй рабоце хапае, абутак і вопратка не дзярэцца і не вельмі пэцкаецца. Кулакоўскі.

2. перан. Разм. Займацца якой‑н. непрыемнай справай, прымаць у ёй удзел. — Прапусціць! — загадаў я хлопцам. — Гэтага для нас мала... — З-за аднаго чалавека не варта нават пэцкацца! Карпюк.

3. перан. Разм. Вельмі марудна рабіць што‑н. Калі мы зайшлі на калгасны двор, то сустрэлі там двух калгаснікаў, якія рамантавалі калёсы. — Ну, от табе і на, — не вытрымаў Валодзя. — Дакуль вы будзеце тут пэцкацца? Людзі ўжо напрацаваліся ўволю, а вы, як мухі да смалы, прыляпіліся. Сергіевіч.

4. Зал. да пэцкаць (у 1 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пазіра́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. Накіроўваў позірк куды‑н., на каго‑, што‑н.; глядзець. Студэнт курыў папяроску і задумёна пазіраў на шызы дымок. Бядуля. Людзі наўкола смяюцца, а.. [Паўлюк] усё моўчкі стаіць ды сур’ёзна гэтак пазірае. Быкаў. // Выглядваць з-за чаго‑н., адкуль‑н. Міхалка стаяў ужо ў цёмным вялікім пакоі і пазіраў з-за шалёўкі ў акно. Чорны // Разм. Наглядаць за кім‑, чым‑н. — Ты пазірай, камандзір, а што якое — свісні, — адказалі хлопцы. Грахоўскі.

2. Час ад часу глядзець на каго‑, што‑н., куды‑н. Хлопцы штохвілінна пазіралі на гадзіннікі і адзін на аднаго, недаўменна паціскалі плячыма. Новікаў.

3. Адносіцца нейкім чынам да каго‑, чаго‑н. Косця снедаў, а пані Ванда стаяла збоку і са спагадаю на яго пазірала. Арабей. Стары певень пазіраў з пагардай на вераб’іную мітусню. Лынькоў.

4. перан. Быць скіраваным на каго‑, што‑н., у які‑н. бок. Пазірае ў клуб лагодна Месяц праз акно. Журба. Хата стаіць у лесе, вокнамі пазірае на поле. Дамашэвіч.

5. перан. Разм. Мець нейкі выгляд; выглядаць. Стары човен, як карыта, Пазірае горка. Купала. Заўсёды смутныя, бы ўдовы, Яны [елкі] найбольш адны стаялі, І так маркотна пазіралі Іх задуменныя галовы! Колас.

•••

Воўкам пазіраць — тое, што і воўкам глядзець (гл. глядзець).

Зверху ўніз пазіраць на каго — тое, што і зверху ўніз глядзець на каго (гл. глядзець).

Не ў той бок пазіраць — тое, што і не ў той бок глядзець (гл. глядзець).

Пазіраць зверам — тое, што і глядзець зверам (гл. глядзець).

Пазіраць коса (скоса) — тое, што і глядзець коса (скоса) (гл. глядзець).

Пазіраць у кусты — тое, што і глядзець у кусты (гл. глядзець).

Пазіраць у лес — тое, што і глядзець у лес (гл. глядзець).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)