БЕЛЬНЯКІ́,

вёска ў Беларусі, у Антапольскім с/с Чашніцкага р-на Віцебскай вобл. на р. Усвейка. За 31 км ад г. Чашнікі, 121 км ад Віцебска, 8 км ад чыг. ст. Вятны. 43 ж., 24 двары (1995).

У пісьмовых крыніцах упершыню згадваюцца каля 1528. Належалі да маёнтка Мялешкавічы кн. Лукомскіх, потым уладанне Сапегаў, Шчорсаў, Хмараў. На процілеглым (левым) беразе Усвейкі быў пабудаваны драўляны замак, побач з ім узнікла мястэчка (сучасная в. Замачак), а ў Бельняках заснаваны фальварак. На пач. 20 ст. ў Бельняках 287 ж., 36 дамоў. Да 1927 у Чарэйскім р-не Барысаўскай, да 1930 — Аршанскай акр., потым у Чашніцкім р-не (з 1935) Лепельскай акр., з 1938 — Віцебскай вобл.

т. 3, с. 90

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАСПЯРО́ВІЧ (Галіна Іванаўна) (н. 8.3.1948, г. Чашнікі Віцебскай вобл.),

бел. этнограф. Канд. гіст. н. (1982). Скончыла БДУ (1971). З 1974 у Ін-це мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Нац. АН Беларусі. Даследуе этнакульт. гісторыю беларусаў 20 ст., асн. тэндэнцыі, заканамернасці і перспектывы развіцця традыц.-быт., маст. культуры, самасвядомасці бел. народа, сучасныя этнадэмаграфічныя, этнасац. і этнакульт. працэсы. Аўтар манаграфіі «Міграцыя насельніцтва ў гарады і этнічныя працэсы» (1985), сааўтар прац «Этнічныя працэсы і спосаб жыцця» (1980), «Помнікі этнаграфіі» (1981), «Этнаграфія беларусаў: Гістарыяграфія, этнагенез, этнічная гісторыя» (1985), «Святы і абрады ў Беларускай ССР» і «Палессе. Матэрыяльная культура» (абедзве 1988), «Грамадскі быт і культура сельскага насельніцтва Беларусі» (1993), «Славянскія культуры: гістарычны вопыт і сучасныя праблемы» (1996).

т. 8, с. 152

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕ́ПЕЛЬСКАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1943,

аперацыя партыз. злучэнняў Віцебскай вобл. па разгроме буйных фаш. гарнізонаў у тыле ням. 3-й танк. арміі з мэтай дэзарганізацыі кіравання і абароны праціўніка, адцягвання часткі яго сіл з віцебскага ўчастка Калінінскага (з 20 кастр. 1-ы Прыбалтыйскі) фронту 19—22 кастр. ў Вял. Айч. вайну. У аперацыі ўдзельнічала больш за 20 партыз. брыгад і палкоў Віцебскай і Мінскай абл. пад агульным камандаваннем ген.-маёра Ф.Ф.Дуброўскага. Партызаны правялі цяжкія баі за г. Лепель (гл. Лепельскі бой 1943), Чашнікі (гл. Чашніцкія баі 1943), в. Бачэйкава (гл. Бачэйкаўскія баі 1943), поўнасцю разграмілі 9 гарнізонаў ворага ў вёсках. Ім дапамагалі мясц. жыхары, якія капалі процітанк. равы, разбуралі дарогі, рабілі на іх завалы. Выканаўшы задачу, партызаны адышлі з раёнаў баявога сутыкнення з праціўнікам і распачалі ўдары па яго камунікацыях. У выніку Л.а. таксама сарвана буйная карная аперацыя захопнікаў.

У.С.Пасэ.

т. 9, с. 207

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ЦЕБСКА-АРША́НСКАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1944,

наступальная аперацыя войск 1-га Прыбалт. (ген. арміі І.Х.Баграмян) і 3-га Бел. (ген. арміі І.Д.Чарняхоўскі) франтоў 23—28 чэрв.; састаўная частка Беларускай аперацыі 1944 у Вял. Айч. вайну. Удзельнічалі 5-я, 6-я і 11-я гв., 31, 39, 43, 5-я гв. танк., 1-я і 3-я паветр. арміі, 1-ы танк. корпус. Каардынаваў дзеянні франтоў Маршал Сав. Саюза А.М.Васілеўскі. Задача аперацыі — разграміць віцебска-лепельскую, віцебскую, аршанскую групоўкі ням. абарончага рубяжа «Пантэра», выйсці да р. Бярэзіна. У ходзе аперацыі з удзелам партыз. брыгад вызвалены Шуміліна (23 чэрв.), Багушэўск, Бешанковічы, Сянно (25 чэрв.), Віцебск (гл. Віцебскі «кацёл»), Дуброўна, Талачын (26 чэрв.), Орша, Чашнікі (27 чэрв.), Лепель (28 чэрв.), сав. войскі выйшлі на р. Бярэзіна і стварылі ўмовы для наступлення на Мінск і тэр. Прыбалтыкі. 62 злучэнням і часцям Сав. Арміі нададзены ганаровыя найменні «Віцебскіх», 11 — «Аршанскіх».

т. 4, с. 212

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НОВАЛУКО́МЛЬ,

горад у Чашніцкім р-не Віцебскай вобл., на беразе Лукомскага возера. Таварная чыг. станцыя, за 20 км ад пасажырскай чыг. ст. Чашнікі на лініі Орша—Лепель. За 23 км на Пд ад Чашнікаў, 118 км ад Віцебска. 15,1 тыс. ж. (2000). Працуюць Лукомская ДРЭС, з-ды: малочны, хлебны, аб’ёмнага домабудавання, керамзітавы, «Этон» і «Эласт» па выпуску электратэхн. прадукцыі, доследная азёрна-рыбная гаспадарка, 2 сярэднія школы, школа мастацтваў, мед. аб’яднанне, Дом быту, 2 б-кі, Палац культуры, кінатэатр. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан. Каля Н. (ва ўрочышчы Гарадок на р. Лукомка) стаянка эпохі позняга мезаліту (5—4-е тыс. да н.э.).

Узнік у сувязі з буд-вам Лукомскай ДРЭС (пачалося ў 1964) на месцы р.п. Піянерны Бешанковіцкага р-на. Са студз. 1965 у Чашніцкім р-не. З 31.12.1965 гар. пасёлак, з 31.7.1970 горад. 6,7 тыс. ж. у 1970.

У цэнтры Новалукомля.

т. 11, с. 360

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕ́ПЕЛЬСКІ ПАВЕ́Т,

адм.-тэр. адзінка на Беларусі ў 1793—1923. Цэнтр — г. Лепель. У 1793—96 уваходзіў у Полацкую, у 1802—1923 — Віцебскую губ. Утвораны на частцы тэр. Полацкага ваяв. ВКЛ, далучанай да Рас. імперыі ў выніку 2-га падзелу Рэчы Паспалітай (1793). У 1796 далучаны да Полацкага пав., у 1802 адноўлены. Уключаў больш за 330 маёнткаў, 14 мястэчак (Арэхаўна, Бабынічы, Бачэйкава, Бешанковічы, Варонеч, Ветрына, Заскаркі, Камень, Кублічы, Пышна, Селішча, Ула, Ушачы, Чашнікі). Пасля адмены прыгоннага права (1861) падзелены на 28 валасцей. Дзейнічалі 42 правасл. царквы, 11 касцёлаў (з іх да 1867 засталося 7). Пл. павета каля 3,5 тыс. км2, насельніцтва 104 431 чал. (1880), у т.л. 82 963 праваслаўныя, 13 138 католікаў, 7490 іудзеяў, 812 старавераў, 24 пратэстанты, 4 мусульманіны. Да 7.11.1917 у павет уваходзілі 27 валасцей: Арэхаўская, Бабыніцкая, Бачэйкаўская, Бельская, Бешанковіцкая, Варонецкая, Воранская, Ветрынская, Гарадчэвіцкая, Гутаўская, Забалоцкая, Каменская, Копцевщкая, Кублщкая, Марцінаўская, Нацкая, Несінская, Пышнянская, Смалянецкая, Станіслаўская, Стрыжаўская, Ульская, Усайская, Ушацкая, Франопальская, Цяпінская, Чарсцвяцкая. У 1923 Л.п. перайменаваны ў Бачэйкаўскі павет.

В.Л.Насевіч.

т. 9, с. 207

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛУКО́МСКАЕ ВО́ЗЕРА, Лукамль. У Чашніцкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Ула, за 18 км на Пд ад г. Чашнікі, каля зах. ускраіны г. Новалукомль.

Пл. 36,7 км2, даўж. 10,4 км, найб. шыр. 6,5 км, найб. глыб. 11,5 м, даўж. берагавой лініі 36,4 км. Пл. вадазбору 179 км2. Схілы катлавіны выш. 4—5 м (на Пн і ПнЗ да 15 м), разараныя, на Пд і 3 параслі лесам, месцамі хмызняком. У паўн. ч. возера 2 вял. залівы. Берагі нізкія, месцамі пад хмызняком, на 3 і ПдЗ абразійныя, выш. 1—2 м. На Пн 5 астравоў агульнай пл. 0,7 км2. Дно са шматлікімі мелямі, да глыб. 5—6 м выслана пясчанымі адкладамі, ніжэй — сапрапелем.

З 1969 возера выкарыстоўваецца як ахаладжальнік Лукомскай ДРЭС. Вада вяртаецца падагрэтай на 8—12 °C, што значна ўплывае на прыродныя працэсы; бязлёдавы перыяд павялічыўся на 2 месяцы. Ледастаў з 2-й пал. снеж. да сярэдзіны сак.. да 30% паўн.-ўсх. ч. возера не замярзае. Скідванне вады і ветравое яе перамешванне ў возеры павялічваюць аэрацыю. Багаты раслінны і жывёльны свет. На зах. беразе дзіцячы аздараўленчы лагер і прафілакторый.

Лукомскае возера.

т. 9, с. 364

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)