прыватнаўласніцкі герб. У блакітным полі сярэбраная перавязь з левага верхняга кута ў ніжні правы, на перавязі 3 чырвоныя 4-пялёсткавыя (або 5-пялёсткавыя) ружы; клейнод — 2 чорныя валовыя рагі, паміж імі 3 пастаўленыя адна над адной ружы. Існуе варыянт герба: поле чырвонае. Паводле падання, узнік у пач. 11 ст. У ВКЛ існаваў з пач. 15 ст. Гербам карысталіся больш за 130 шляхецкіх родаў Беларусі, Літвы, Польшчы, Украіны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРЭ́ТА,
чатырохколавы закрыты конны экіпаж. Пашыраны ў 17 — пач. 20 ст. пры дварах буйных магнатаў Еўропы і Расіі. Мела жал. рысоры, дзверцы і зашклёныя акенцы, пляцоўку для фурмана, якая адчлянялася ад кузава і ўзвышалася над пярэднім ходам. Фарбавалі ў цёмны, радзей папялісты, жоўты, белы колер, пакрывалі лакам, размалёўвалі, аздаблялі разьбой, знутры аббівалі скурай і тканінамі. Дэкор адпавядаў пэўнаму маст. стылю. Везлі К. 2—6 коней, запрэжаных папарна цугам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІКЛА́ГА, баклага,
бандарны выраб; у беларусаў і інш.слав. народаў двухдонная пляскатая пасудзіна на 5—10 л для дастаўкі вады, квасу і інш. напіткаў. Рабілася з дубовых сцягнутых абручамі клёпак, у 1,5—2 разы карацейшых за дыяметр днішча; у адной клёпцы была адтуліна, затыкалася коркам. Пераносілі на рэмені, што мацаваўся ў спец. гнёздах (вушках). Шырока бытавалі на Беларусі амаль да сярэдзіны 20 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЕНІСЕ́НКА (Іван Піліпавіч) (1913, в. Норкі Чэрыкаўскага р-на Магілёўскай вобл. — 5.7.1943),
паэт, журналіст. Пісаў на рус. мове. З 1933 працаваў у чэрыкаўскай раённай газ. «Сацыялістычная перамога». З 1937 друкаваў вершы, допісы, нарысы ў рэсп. прэсе. У Айч. вайну ўдзельнічаў у партыз. руху. Па заданні падп. райкома КПБ стаў сакратаром чэрыкаўскай акруговай паліцыі. Стварыў у Чэрыкаве антыфаш. арг-цыю. Быў выдадзены і арыштаваны. Пасля катаванняў расстраляны.
Літ.:
Цітоў К. Людзі, ён любіў вас! // Полымя. 1964. № 7.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЯЖА́, дзежка, хлебніца,
бандарны выраб, пасудзіна для заквашвання цеста ў беларусаў і некаторых інш.слав. народаў. Мела форму звужанай угору шырокай бочачкі (вышыня раўнялася дыяметру вусця, аб’ём 20—30 л), накрыўку (вечка) з абечкам. Дз. малых памераў (блінніца) служыла для заквашвання цеста на бліны. Рабілі Дз. звычайна з дубовых клёпак. Функцыянальнае выкарыстанне Дз. звязана з культам хлеба, яна выконвала важную ролю ў абрадзе вяселля і інш. У сельскай мясцовасці бытавала да сярэдзіны 20 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РА́ЖКА,
у беларусаў пасудзіна для кармлення жывёлы; бандарны выраб. Падобна да цэбра, але меншых памераў (ёмістасць 15—20 л). Рабілі Р. з кароткіх клёпак, па форме — цыліндрычную ці крыху расшыраную ўверсе. Нярэдка мела ножкі, утвораныя трыма падоўжанымі клёпкамі. Яшчэ 2 больш доўгія клёпкі выступалі зверху і мелі адтуліны, утвараючы вушкі для пяньковай ці лыкавай почапкі. Звычайна ў Р. таўклі параную бульбу і замешвалі паўвадкі корм для свіней. У наш час амаль выйшла з ужытку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАСКА́ТЫ,
у беларусаў чатырохколавы воз без кузава для перавозкі лесу. Пярэднія і заднія ходы з нізкімі падушкамі злучаліся рухома дышлем, на канцы восі задняга ходу насаджваліся дугі-жэрдкі (багулы, палонікі), скрыжаваныя паміж сабою канцамі. Пры пагрузцы лесу Р. разводзілі на даўжыню бярвён, паверх бярвён клалі багулы, якія служылі для трываласці ўкладкі і рэгулявання ходу на паваротах і ўхабах. У сял. гаспадарцы Р. шырока бытавалі ў канцы 19 — пач. 20 ст., пераважна на У Беларусі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЗО́К,
лёгкія выязныя сані ў беларусаў і інш.слав. народаў. Вядомы са стараж. часоў. Знешні выгляд і форма вазка залежалі ад заможнасці і сац. прыналежнасці іх уладальнікаў. Утульны, дэкаратыўна аздоблены кузаў меў звычайна козлы для вазніцы, яго абшывалі лубам або тонкімі дошкамі, у заможнай шляхты абівалі знутры сукном, высцілалі футрам, часам вазок быў з закрытым ці паўзакрытым верхам. Сяляне нярэдка замест вазка выкарыстоўвалі развалкі, паверх якіх у задняй частцы мацавалі трохбаковую рашотчатую спінку («драбінку») або плецены паўкош. У сельскай мясцовасці карыстаюцца і ў наш час.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БО́ЙКА, маслабойка,
бандарны выраб; у беларусаў і інш.слав. народаў пасудзіна для збівання масла. Найчасцей — вузкая высокая кадачка з клёпак. У накрыўцы пасярэдзіне адтуліна для калатоўкі (біла), верхні канец якой выходзіў вонкі, а да ніжняга прымацоўвалі кружок з дзіркамі (пашыраны варыянт) ці крыжавіну (ударная частка).
Такой жа формы бойкі выдзёўбвалі з суцэльнай круглай калодкі. На Палессі былі вядомы бойкі цыліндрычнай формы гарызантальнага профілю (у выглядзе 2-доннай бочачкі, у якой было «акенца» з засаўкай); масла збівалі вярчэннем ручкі, што прыводзіла ў рух лопасці. Бойкі бытуюць і ў наш час.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУ́БЕЛ,
у беларусаў бандарны выраб для захоўвання адзення, даматканага палатна, каштоўных рэчаў. К. рабілі з доўгіх (да 120—140 см) асінавых ці хваёвых клёпак, якія расстаўлялі вакол круглага, радзей эліпсоіднага днішча і сцягвалі 4—7 абручамі. Дзве больш доўгія процілеглыя клёпкі, што выступалі зверху, утваралі вушкі (былі К. і без іх). Неабходны элемент К. — накрыўка (простая ці з векам), якая заціскалася зверху засаўкай, прасунутай праз вушкі; на адным канцы цуркі часам была проразь для замка. К. быў неабходным атрыбутам вясельнай абраднасці і шырока ўжываўся да пач. 20 ст. У наш час трапляецца эпізадычна.