засапці́ся, ‑пуся, ‑пешся, ‑пецца; ‑пёмся, ‑пяцеся; пр. засопся, ‑саплася, ‑лося; зак.

Разм. Пачаць цяжка і шумна дыхаць (ад скорай хады, цяжкай хваробы і пад.). Дзед Мікіта толькі што вярнуўся з рыбы. Відаць, ён спяшаўся.., бо моцна засопся. Колас. Алесь прывалок два вялізныя кашы бульбы, засопся, пачаў дзьмухаць на расчырванелыя рукі. Чарнышэвіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пра́га, ‑і, ДМ празе, ж.

1. Жаданне, патрэбнасць піць. Дыхаць цяжка, грудзі ўспухлі, Точыць смага, прага піць. А. Александровіч.

2. чаго, да чаго. Моцнае жаданне чаго‑н. Відаць, у гэтага чалавека жалезная самадысцыпліна, велізарная прага да жыцця. М. Ткачоў. Прага помсты за спаленыя вёскі і смерць блізкіх падвоіла рады партызан. Сачанка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

засмя́гнуць і засма́гнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.

1. Звяць, засохнуць ад недахопу вільгаці. — Дзякаваць богу, дачакаліся, а то ж усё засмягла, лён аж пакруціўся, — радавалася гаспадыня першаму чэрвеньскаму дажджу. Грахоўскі.

2. Высахнуць, перасохнуць (пра губы, рот). [Хвошч] цяжка, з надрывам соп.., бо не было як дыхаць — у роце ўсё засмягла. Лупсякоў. Засмаглі вусны, і запёкся рот. Дубоўка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

зды́хацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак. (часцей з адмоўем).

Пачаць ізноў спакойна і роўна дыхаць (пасля бегу, хады і пад.). — Не спяшайся так, кабеціна, — сунімаў .. [маці] Адам, пакашліваючы, — здыхацца не магу я... Якімовіч. / Пра хворага. Чалавек цяжка захварэў. Нешта падперла пад бакі, сціснула грудзі, твар увесь смыліць, як бы полымем збоку хто яго пячэ, і ніяк не здыхацца, і гаварыць нельга. Ермаловіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

суш, ‑ы, ж.

1. Сухая, без дажджоў пагода; засушлівы час; засуха. У сёлетнюю суш варта толькі іскру здзьмухнуць з папяросы, як ад шкоды не абярэшся. Пташнікаў. Гэтае месца на Капыльскай вуліцы славілася яшчэ і тым, што тут .. нават у самую суш красавалася велізарная лужына. С. Александровіч.

2. Што‑н. пазбаўленае вільгаці, сухое. Калісь і тут гарэла суш, Куды рабіць — і дыхаць цяжка! Лужанін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прадыхну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак.

Уздыхнуць на поўныя грудзі.

•••

Не прадыхнуць — а) пра духату, дрэнны пах, ад чаго цяжка дыхаць. Узімку — сцюжа дзьме, а ўлетку — ад духаты і смуроду не прадыхнуць. Гарэцкі; б) перан. Пра вялікую колькасць, мноства чаго‑н. [Галя:] — Ведаеце, ён так не ў пару захварэў. Вось дома трэба сядзець, бюлетэнь выпісалі, а ў нас жа год канчаецца, работы гэтулькі, што не прадыхнуць. Радкевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ха́ўкаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Разм.

1. Хапаць паветра і выдыхаць раскрытым ротам; цяжка дыхаць. — Ліха бо ведае гэтага нездаляку, — падзівіўся сам сабе Ахвіцэрык. — Нядаўна ж ляжаў і ледзь хаўкаў. Даніленка. Панок зноў закашляўся і сціх. Ішоў ззаду за ўсімі, дыхаючы, як рыба на пяску, ажно хаўкаў. Пташнікаў.

2. Пазяхаць. — Яшчэ не прыдумаў. — Віця пазяхае. — Мабыць, пераспаў. Не даспіш, ці пераспіш — хаўкаеш, як сабака. Місько.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Зяпа ’пашча’. Рус. дыял. зяпа калуж. ’рот’, дан. ’крыклівы чалавек’, серб.-харв. зја̑п ’адтуліна’. Параўн. зіепа́ті ’ледзь дыхаць’ (Сл. паўн.-зах.), віц. зіпа́ць ’раўці’ (Касп.). Параўн. славац. ziapať ’крычаць, раўці’, балг. зяпам ’стаю з адкрытымі вуснамі’, макед. зјапа ’ззяць (быць адкрытым)’, рус. зя́пать, зепа́ть ’зяваць, крычаць’, укр. зіпа́ти ’крычаць’, польск. ziepać, zipać ’цяжка дыхаць’. Зяпа — бязафіксны назоўнік ад дзеяслова *зяпа́ць ’адкрываць (пашчу)’ < прасл. zěpati. Параўн. літ. žiopsóti ’быць разявакай’, ст.-ісл. geipa ’балбатаць’, нарв. geipa ’адкрываць’, ням. geifen, geipen ’быць разявакай’. І.‑е. аснова тая ж, што ў зяваць, ззяць, зяхаць (гл.) з пашырэннем ‑p‑: *gʼhoi‑p‑, *gʼhei‑p‑. Фасмер, 2, 94–95; БЕР, 1, 671.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Зяха́ць ’зяваць’ (ТСБМ), ’цяжка дыхаць’ (Сцяшк.). Рус. дыял. зеха́ть пск., цвяр. ’крычаць’, пск. ’ілгаць, трызніць’, цвяр. зе́хать, зёхать ’глядзець’; параўн. укр. позіха́ти ’зяваць’, славен. zéhati ’зяваць’. Ст.-рус. зеха ’разява’ (1679 г.). Прасл. zěxati ўтворана на той самай аснове, што ževati (гл. зяваць): *zě‑ < і.-е. *gʼhoi‑, gʼhēi‑ ’быць пустым’ прадстаўлены і ў ззяць. Паводле Скока (3, 656), зычны х < і.-е. *sk, адлюстраванага ў лац. hisco ’раскрывацца’. Не выключана, што х з аорыста.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сапці́ ’цяжка дыхаючы, пераважна носам, утвараць гукі з прысвістам’ (ТСБМ, Шат., Гарэц., Бяльк., Байк. і Некр.), со́пці ’сапці, спаць’ (Нас.), сапе́ць ’сапці’ (Бяльк., Касп., Ант.; брасл., Сл. ПЗБ), сапсці́ ’тс’ (Др.-Падб., Скарбы), сапа́ць ’пакрывацца налётам сажы’ (Сцяшк.), ’пачынаць разгарацца (аб дровах)’, ’салыпаць (аб пламені)’ (Сл. ПЗБ; гродз., З нар. сл.), сапану́ць ’перадахнуць’ (Сцяшк. Сл.), сапну́ць ’тс’ (Шатал.), сапаце́ць ’хутка ісці’ (Сцяшк. Сл.), сапапу́ць ’садануць, пырнуць’ (Касп., Юрч.), сопону́ты ’рынуцца, кінуцца, шмыгнуць’, сапаце́ць ’пыхаць жарам’ (Нар. лекс.), сопоні́ты ’тс’ (Клім.), со́паць ’сапсці’ (ТС). З іншай ступенню чаргавання ў корані: сапа́ць ’сапці, цяжка дыхаць’ (Нас., Гар., Др.-Падб.), магчыма, з польск. sapać (гл. сап 2). Укр. сапти́ ’сапці’, рус. сопе́ть ’тс’, дыял. ’дуць (аб ветры)’, ’піць’, ст.-слав. сопсти, ст.-рус. сопѣти ’іграць на трубе’, сопьць ’музыка, які іграе на трубе’, чэш. soptiti ’сапці; пыхкаць (аб пламені, дыму)’, славац. soptiť ’тс’, серб.-харв. со̀пити ’сапці, пыхкаць’, sopsti ’тс’, славен. sopéti, sopsti ’шумна дыхаць, фыркаць’, балг. со́пам се ’агрызацца’; з іншай агаласоўкай кораня: ст.-рус. сапѣти, саплю ’сапці’, польск. sapać ’сапці; пыхкаць’, в.-луж. sapać ’вывяргаць’, н.-луж. sapaś ’пылаць, пламянець’, чэш. sapati se ’накідвацца на каго-небудзь’, славен. sápati ’тс’. Прасл. *sopti, *sopěti, *sapati ’цяжка дыхаць’. Куркіна (Этимология–1984, 46, 51–52) дзеясловы на ‑iti, ‑ěti, ‑ati лічыць прыналежнасцю асобных славянскіх моў эпохі дыялектнага развіцця прасл. мовы. Паралелі ў ст.-інд. śápati ’ён праклінае’, sábdah ’гук, голас, шум’, гл. Міклашыч, 316; Траўтман, 299; Майргофер, 3, 296. Праабражэнскі (2, 257 і наст.) лічыць слова гукапераймальным і параўноўвае з рус. сипеть, шипеть. Гл. яшчэ Фасмер, 3, 718. Сной₁, 593, узводзіць слав. слова да і.-е. *su̯op‑ у тым жа значэнні. Гл. яшчэ Шустар-Шэўц, 2, 1270; Борысь, 538.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)