ГРЫН ((Greene) Генры Грэм) (2.10.1904, Беркхэмстэд, графства Хартфардшыр, Вялікабрытанія — 3.4.1991),

англійскі пісьменнік. Скончыў Оксфардскі ун-т (1925). Быў журналістам, служыў у разведцы. Аўтар раманаў «Чалавек унутры» (1929), «Стамбульскі экспрэс» (1932, экранізаваны ў 1934; бел. пер. 1993), «Мяне стварыла Англія» (1935), «Сіла і слава» (1940, экранізаваны ў 1962), «Сутнасць справы» (1948), «Ціхі амерыканец» (1955), «Наш чалавек у Гаване» (1958, экранізаваны ў 1959), «Цаной страты» (1961), «Камедыянты» (1966, экранізаваны), «Ганаровы консул» (1973), «Чалавечы фактар» (1978), «Доктар Фішэр з Жэневы, або Банкет з бомбай» (1980), «Мансеньёр Кіхот» (1982) і інш. Пісаў публіцыстыку, вершы, апавяданні, п’есы, кінасцэнарыі, літ.-крытычныя эсэ, аўтабіяграфічныя творы. Аддаваў перавагу праблемам індывідуальнай віны і адказнасці, выбару і лёсу, сумлення і абавязку, разглядаў «цёмныя глыбіні» чалавечага духу. Глыбокае раскрыццё паліт. падзей спалучаецца з дасканалым псіхалагізмам, багаццем падтэкстаў, парадаксальнасцю вобразаў і сітуацый. Многія яго творы напісаны ў дэтэктыўна-прыгодніцкім жанры.

Тв.:

Рус. пер. — Собр. соч. Т. 1—6. М., 1992—96.

Е.​А.​Лявонава.

т. 5, с. 482

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЯРЖА́ЎНЫ СІМФАНІ́ЧНЫ АРКЕ́СТР РАСІ́І.

Створаны ў Маскве ў 1936 на аснове 1-й сімф. брыгады Усесаюзнага радыё, пазней наз. Дзярж. сімф. аркестр Саюза ССР, з 1972 акадэмічны, з 1991 сучасная назва. Сярод кіраўнікоў: А.Гаўк, Н.Рахлін, К.Іваноў. З 1965 гал. дырыжор і маст. кіраўнік Я.Святланаў. Ў рэпертуары творы рус. і замежнай класікі, сучасных айч. і замежных кампазітараў. Сярод найб. значных дасягненняў калектыву выкананне ў канцэртах і запіс Анталогіі рус. музыкі, усіх сімфоній Г.​Малера і інш. Аркестр — першы выканаўца многіх буйнейшых твораў М.​Мяскоўскага, Ю.​Шапорына, С.​Пракоф’ева, Дз.​Шастаковіча, А.​Хачатурана, Дз.​Кабалеўскага, Г.​Свірыдава, Ц.​Хрэннікава, Ш.​Мшвелідзе, М.​Пяйко, А.​Пятрова, М.​Кажлаева, Я.​Раэтса, А.​Пярта, С.​Сланімскага, С.​Цынцадзе і інш. З ім выступалі вядомыя айч. і замежныя музыканты: дырыжоры М.Галаванаў, С.Самасуд, Я.Мравінскі, А.Мелік-Пашаеў, Б.Хайкін, К.Кандрашын, Г.Раждзественскі, Э.​Клайбер, О.​Фрыд, А.​Клюітэнс, Г.Абендрот, Ф.Канвічны, Ш.​Мюнш, Л.​Мазель, піяністы Л.Аборын, Э.Гілельс, С.Рыхтэр, А.​Фішэр, М.Лонг, Г.Чэрны-Стэфаньская, скрыпачы Л.Коган, Д.Ойстрах, І.Менухін, І.​Стэрн і інш. Выкананне аркестра адметнае эмацыянальнасцю, глыбінёй і маштабнасцю гучання, бліскучым майстэрствам і бездакорным пачуццём стылю, высокай культурай і артыстызмам.

Літ.:

Сидельников Л. Государственный академический симфонический оркестр Союза ССР. М., 1986.

т. 6, с. 155

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІБЕРНЕ́ТЫКА БІЯЛАГІ́ЧНАЯ, біякібернетыка,

навука аб заканамернасцях кіравання, сувязі і перапрацоўцы інфармацыі ў біял. сістэмах. Вывучае жывы арганізм кібернетычнымі метадамі (матэм. мадэліраванне з выкарыстаннем сістэмнага падыходу і ўлікам шматузроўневага кіравання). Звязана са многімі біял. і мед. дысцыплінамі.

Як навука сфарміравалася ў канцы 1950-х г. Яе станаўленне звязана з выкарыстаннем матэм. метадаў і сістэмных падыходаў у агульнай біялогіі ў 1-й пал. 20 ст. (англ. вучоныя Дж.​Холдэйн, Р.​Фішэр, сав. вучоны І.​І.​Шмальгаўзен і інш.), з узнікненнем паняцця адваротнай сувязі ў жывых сістэмах і мадэліраваннем біял. працэсаў (сав. вучоныя А.​А.​Багданаў, П.​К.​Анохін).

На Беларусі даследаванні па К.б. вядуцца ў ін-тах Нац. АН Беларусі: эксперым. батанікі, фотабіялогіі, фізіялогіі, тэхн. кібернетыкі; у Бел. акадэміі фіз. выхавання і спорту, НДІ кардыялогіі, Бел. ін-це ўдасканалення ўрачоў і інш. Вывучаюцца мадэлі механізмаў галаўнога мозга, фізіял. і псіхічны стан чалавека-аператара, пытанні К.б. у дастасаванні да праблемы фіз. культуры і біямеханікі спорту, мадэліруюцца працэсы ўтварэння хларафілу і фотасінтэзу, перамяшчэння радыенуклідаў на забруджаных тэрыторыях і спосабы іх ачышчэння, дыягностыкі і прагназіравання захворванняў.

Літ.:

Биологическая кибернетика. 2 изд. М., 1977.

А.​С.​Леанцюк.

т. 8, с. 245

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЫ́ХТЭР (Святаслаў Тэафілавіч) (20.3.1915, г. Жытомір, Украіна — 1.8.1997),

расійскі піяніст. Нар. арт. СССР (1961). Герой Сац. Працы (1975). Вучыўся ў Маскоўскай кансерваторыі (1937—46, з перапынкамі; кл. Г.Нейгаўза). З 1934 канцэртаваў. У 1970—90-я г. неаднаразова гастраліраваў на Беларусі. Для яго выканальніцтва характэрны спалучэнне інтэлектуальнага і эмац. пачаткаў, артыстычнасці і майстэрства, бездакорнага густу і віртуознасці, бліскучае тэхн. майстэрства, багацце гукавога каларыту, цэльнасць і яснасць інтэрпрэтацыі. У рэпертуары вылучаліся «Добра тэмпераваны клавір» І.​С.​Баха, санаты і канцэрты В.​А.​Моцарта, І.​Гайдна, Л.​Бетховена, Ф.​Шуберта, музыка кампазітараў 20 ст., у т. л. С.​Пракоф’ева, Дз.​Шастаковіча. Выступаў у ансамблі з вядучымі інструменталістамі (Ю.​Башметам, А.​Каганам, Д.​Ойстрахам, М.​Растраповічам, Д.​Шафранам) і вакалістамі (Н.​Дарліяк, Дз.​Фішэр-Дзіскаў), буйнейшымі арк. свету. Заснавальнік Міжнар. фестывалю «Снежаньскія вечары» (1981). Дзярж. прэмія СССР 1950. Ленінская прэмія 1961. Дзярж. прэміі Расіі 1987, 1996.

Літ.:

Дельсон В.Ю. Святослав Рихтер. М., 1961;

Нейгаўз Г. Размышления, воспоминания, дневники. Избранные статьи. Письма к родителям. 2 изд.М., 1983;

Цыпин Г.М. С.​Рихтер: Творч. портрет. 3 изд. М., 1987;

Григорьев Л., Платек Я. Современные пианисты. 2 изд. М., 1990.

В.​П.​Пракапцова.

С.Т.Рыхтэр.

т. 13, с. 526

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАЦЫЯНА́ЛЬНАЯ О́ПЕРА ЛА́ТВІІ,

латвійскі т-р оперы і балета. Засн. ў 1918 у Рызе на базе Латышскай оперы (з 1912). З 1919 Нац. опера Латвіі, у 1940—89 Латв. т-р оперы і балета, з 1956 акадэмічны, з 1989 сучасная назва. Спектаклі ставяцца на лат. мове; многія рус., італьян., ням. оперы ідуць на мове арыгінала. Першыя лат. оперы — «Банюта» А.​Калніньша (паст. 1920) і «Агонь і ноч» Я.​Медыньша (паст. 1921), першы балет — «Перамога кахання» Медыньша (паст. 1935). У розны час у т-ры працавалі дырыжоры: Л.​Вігнер, Р.Глазуп, Я.​Калніньш, Я.​Медыньш, Т.​Рэйтэрс, Э.​Тонс, А.Янсанс; хормайстры Р.​Ванаг, Т.​Калніньш; рэжысёры М.​Васільеў, Я.​Зарыньш, К.​Ліепа; балетмайстры О.​Леманіс, А.Лемберг, А.​Озаліньш, І.​Стродэ, Х.​Тангіева-Бірзніецэ, А.​Фёдарава, Я.​Чанга; спевакі Р.​Берзіньш, Ж.Гейнэ-Вагнерэ, Г.​Лудыня, М.​Фішэр, А.Фрынберг, Р.​Фрынберга; артысты балета В.Вілцынь, З.Дрэерэ, У.Жагата, Г.​Прыедэ, Х.​Рытэнбергс і інш. У трупе т-ра (1999): гал. дырыжор і маст. кіраўнік Г.​Рынкіявічус (з 1996), гал. балетмайстар А.​Лейманіс (з 1997), гал. мастак А.​Фрэйберг (з 1994), дырэктар А.​Жагарс (з 1996), спевакі С.​Вайцэ, М.​Гаршэнін, К.Зарыньш, С.​Ізюмаў, І.​Кална, артысты балета А.​Авечкін, М.​Буткевіч, І.​Паўленін, Т.​Паўленіна, А.​Румянцаў і інш.

Будынак Нацыянальнай оперы Латвіі.

т. 11, с. 228

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІ́НТЭЗ ХІМІ́ЧНЫ,

мэтанакіраванае атрыманне хім. рэчываў з інш. (звычайна больш простых) рэчываў шляхам іх хім. ператварэнняў. С.х. неарганічных злучэнняў (неарган. сінтэз) і арганічных злучэнняў (арган. сінтэз) з’яўляецца асн. метадам атрымання індывід. хім. рэчываў. Ажыццяўляюць на прамысл. прадпрыемствах (гл. Хімічная прамысловасць) і ў навук. лабараторыях.

Прамысл. многатанажная вытв-сць арган. рэчываў наз. асноўным арганічным сінтэзам, прадуктамі якога з’яўляюцца нізкамалекулярныя злучэнні, у т. л. растваральнікі, манамеры для атрымання высокамалекулярных злучэнняў, фарбавальнікі. Малатанажная вытв-сць складаных арган. злучэнняў (лек. прэпаратаў, вітамінаў, хім. сродкаў аховы раслін і інш.) — тонкі арганічны сінтэз, заснаваны на паслядоўным ажыццяўленні некалькіх (часам дзесяткаў) хім. ператварэнняў (стадый сінтэзу) з вылучэннем і ачысткай прамежкавых рэчываў. Неарган. сінтэзам у прамысл. маштабах атрымліваюць мінер. к-ты (азотную, серную, фосфарную, саляную), асновы (аміяк, гідраксіды), некат. солі металаў. Асн. паказчык рацыянальнасці прамысл. С.х. — найб. эфектыўнасць вытв-сці пры мінім. экалагічнай шкодзе і найменшых сыравінных, энергет., працоўных і фін. затратах. Гэтаму спрыяе ажыццяўленне С.х. ва ўмовах, што прыводзяць да паскарэння рэакцый хімічных, павышэння іх выбіральнасці. Лабараторны С.х. значна ўплывае на развіццё хім навукі, дазваляе атрымліваць новыя злучэнні, з’яўляецца найважн. крытэрыем правільнасці вызначэння будовы прыродных і інш. злучэнняў складанай структуры. У 1828 Ф.​Вёлер ажыццявіў сінтэз арган. рэчыва — мачавіны з неарган. цыяніду амонію, што лічыцца пачаткам арган. сінтэзу. Найб. значныя вехі яго развіцця — сінтэзы воцатнай к-ты (Г.​Кольбе; 1845), камфоры (Компа; 1889), глюкозы (Э.​Фішэр; 1890), трапінону (Р.​Робінсан; 1917), геміну (Г.​Фішэр; 1929), хларафілу (Р.​Вудвард; 1960), гена аланінавай т-РНК (Х.​Карана; 1970), вітаміну B12 (Вудвард; 1971), палітаксіну (І.​Кішы; 1994), брэветаксіну (К.С Нікалау; 1997). У 1960-я г. амер. хімік Э.​Коры распрацаваў прынцыпы планавання сінтэзу злучэнняў складанай структуры — рэтрасінт. аналіз, заснаваны на ўяўным раздзяленні паводле пэўных правіл мэтавай малекулы на больш простыя фрагменты, якім адпавядаюць рэчывы, здольныя пры ўзаемадзеянні прывесці да пабудовы запланаванай малекулярнай структуры. Сучасны стан арган. сінтэзу характарызуецца шырокім выкарыстаннем спектральных (ядзерны магн. рэзананс, інфрачырв. і ультрафіялетавая спектраскапія) і інш. фіз.-хім. метадаў аналізу і раздзялення хім. рэчываў (дыстыляцыя, крышталізацыя, храматаграфія, мембранныя метады раздзялення і інш.), многаварыянтнасцю сінт. метадаў, што робіць асабліва важным выкарыстанне хім. ператварэнняў, якія дазваляюць атрымліваць прадукты з пэўнай прасторавай арыентацыяй атамаў у малекуле з высокай выбіральнасцю.

На Беларусі многатанажны С.х. ажыццяўляецца на прадпрыемствах Наваполацкага вытворчага аб’яднання «Палімір», Магілёўскага вытворчага аб’яднання «Хімвалакно», Гродзенскага вытворчага аб’яднання «Азот», на Гомельскім хімічным заводзе. Даследаванні па тонкім арган. сінтэзе праводзяцца ў Ін-це фізіка-арган. хіміі, Ін-це біяарган. хіміі Нац. АН Беларусі, БДУ і інш.

Літ.:

Лебедев Н.Н. Химия и технология основного органического и нефтехимического синтеза. 4 изд. М., 1988;

Бочков А.Ф., Смит В.А. Органический синтез. М., 1987;

Руководство по неорганическому синтезу: Пер. с нем. Т. 1—6. М., 1985—86;

Титце Л., Айхер Т. Препаративная органическая химия: Пер. с нем. М., 1999.

А.​Р.​Кулінковіч.

т. 14, с. 404

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЯСВІ́ЖСКАЯ КАПЭ́ЛА РАДЗІВІ́ЛАЎ,

прыдворны аркестр кн. Радзівілаў у г. Нясвіж Мінскай вобл. ў 1724—1809. Засн. кн. М.​К.​Радзівілам. Іграла ў час баляў, свят, ваен. парадаў, касцельных службаў, з 1746 і тэатр. паказаў. Выступала таксама ў загарадным палацы ў Альбе, суправаджала радзівілаўскія выезды ў вотчыны Белае, Мір, Жоўква, Алыка. Да 1746 мела камерны характар і складалася з замежных музыкантаў (італьянцаў, немцаў, чэхаў), пазней яе склад павялічыўся (пераважалі палякі, беларусы, літоўцы). У 1751 пры ёй адкрыта Нясвіжская музычная школа. У 1733—80 сярод найб. вядомых музыкантаў капэлы Мацей з Карэліч (скрыпка), Ф.​Яжомбек, Я.​Баэрт, Я.​Б.​Сухенгаўз (клавіцымбалы), Кёнітцэр (флейта), Я.​К.​Фішэр (габой), Нойверг (арфа), Ф.​Гофман (фагот), Вентцэль (валторна), Ю.​Кагут (лютня) і інш. Капельмайстры: скрыпачы Е.​А.​Бакановіч (з 1749), Ян Ценціловіч (з 1751), дырыжоры Ф.​Вітман (з 1756), Я.​Шоль (і клавесін, з 1761), Д.​Кёрнер (з 1770). У 1780 К.​С.​Радзівіл запрасіў вядомых музыкантаў Дж.​Альберціні (клавесін, капельмайстар у 1783—84), Дж.​Канстанціні (скрыпка), І.​Фляйшмана (віяланчэль), Я.​Дусіка (фп.), Я.Д.Голанда (клавесін, капельмайстар у 1782—1802), спевакоў В.​Нікаліні, А.​Калаўзека, А.​Данезі, спявачак К.​Вертэр, Герман. Апошні капельмайстар мясц. валтарніст А.​Александровіч (1804—08).

Літ.:

Гісторыя беларускага тэатра. Т. 1. Беларускі тэатр ад вытокаў да Кастрычніка 1917 г. Мн., 1983. С. 182—183, 189;

Музыкальный театр Белоруссии: Дооктябрьский период. Мн., 1990. С. 174—177.

т. 11, с. 415

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕЛАСІПЕ́Д [франц. vélocipede ад лац. velox (velocis) хуткі + pes (pedis) нага],

двух- ці трохколавая машына, якая прыводзіцца ў рух з дапамогай нажных педалей. Бываюць веласіпеды дарожныя (мужчынскія і жаночыя), лёгкадарожныя, юнацкія, спарт. (у т. л. тандэмы), дзіцячыя і спец. (грузавыя, цыркавыя, велакаляскі і інш.).

Папярэднікі веласіпеда — чатырохколавыя павозкі-самакаты, вядомыя з 16 ст. Першы двухколавы веласіпед з педалямі і рулём зроблены ў Расіі ўральскім кавалём Я.​М.​Артамонавым (1801). У 1815—50-я г. немцы К.​Драйз і Ф.​М.​Фішэр, шатландзец Г.​Далзел, англічанін Трэфу, французы П.​Лалеман і М.​Мішо ўдасканальвалі канструкцыю веласіпеда. Англ. інжынер Сержан у 1869 выкарыстаў ланцуговую перадачу, шатландзец Дж.​Б.​Данлап у 1888 замяніў гумавыя шыны пнеўматычнымі. Прамысл. вытв-сць веласіпедаў пачалася ў канцы 19 ст., калі сталі выкарыстоўваць стальныя трубы для рамы, ланцуговую перадачу на задняе кола, механізм свабоднага ходу і інш. Сучасныя дарожныя веласіпеды маюць трывалую раму, шырокія (1¼—1½″) шыны, масу каля 16 кг, у лёгкадарожных маса каля 14 кг, шыны меншага сячэння (1—1¼″), ручныя калодачныя тармазы. Спарт. веласіпеды адрозніваюцца аблегчанай канструкцыяй (8—11 кг) з легіраваных сталяў (часам з тытану) і дуралюміну, нізка апушчаным рулём, пераключальнікам скорасці і ручных барабанных тармазоў у шашэйных і адсутнасцю свабоднага ходу ў трэкавых веласіпедаў (гл. Веласіпедны спорт). Пашыраны складныя веласіпеды і з падвесным маторам. Буйная вытв-сць веласіпедаў у краінах Зах. Еўропы (Галандыя, Бельгія), Азіі (Кітай). На Беларусі вядучы вытворца дарожных веласіпедаў для дарослых з закрытай і складной рамамі — Мінскі матацыклетны і веласіпедны завод.

Веласіпеды: 1 — дарожны з грузавой цялежкай; 2 — дзіцячы; 3 — дарожны са складной рамай; 4 — спартыўны (гоначны).

т. 4, с. 64

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕМ ДЗІВО́САЎ СВЕ́ТУ,

у антычным грамадстве вызначэнне 7 (у старажытнасці свяшчэнная лічба) твораў стараж. архітэктуры і скульптуры, найб. славутых сваімі маст. якасцямі, незвычайнымі памерамі і тэхн. вырашэннем. У іх склад уваходзілі: стараж.-егіпецкія піраміды каля г. Гіза, храм Артэміды ў Эфесе ў. Малой Азіі (цяпер Турцыя; каля 550 да н.э., шыр. 51 м, даўж. 105 м, 127 18-метровых калон, у 356 да н.э. спалены Герастратам), т. зв. вісячыя сады Семіраміды ў Вавілоне (7 ст. да н.э.), маўзалей Маўсола ў Галікарнасе (сярэдзіна 4 ст. да н.э., арх. Піфей, Сатыр), статуя Зеўсаў Алімпіі (каля 430 да н.э., скульпт. Фідый; выш. 12 м, аздоблена золатам і слановай косцю), Калос радоскі (статуя Геліяса) на в-ве Родас (Грэцыя; 292—280 да н.э., скульпт. Харас), Фароскі маяк у Александрыі (каля 280 да н.э., арх. Састрат Кнідскі; выш. 130 м). Да нашага часу захаваліся толькі піраміды. Каля г. Хіла (Ірак) знаходзяцца руіны скляпеністых збудаванняў, верагодна, на іх дахах разбіваліся тэрасныя сады Семіраміды. У Брыт. музеі (Лондан) захоўваюцца фрагменты скульптуры Галікарнаскага маўзалея (скульпт. Скопас, Цімафей, Брыяксіс, Леахар). Храм Артэміды (іанічны дыптэр) адбудаваны арх. Хейракратам, захаваліся фундаменты. Іншыя дзівосы свету вядомы па маст. выявах і апісаннях розных часоў.

Першае пісьмовае ўпамінанне пра С.дз.с. прыпісваецца фінікійскаму пісьменніку Антыпатру з Сідона (2 ст. да н.э.), які апісаў толькі існуючыя на той час творы (зруйнаваная Вавілонская вежа, прылічаная грэкамі да дзівосаў свету, не ўвайшла ў спіс С.дз.с.). У эпоху Адраджэння С.дз.с. апісаў аўстр. арх. І.​Б.​Фішэр фон Эрлах у сваіх «Накідах пра гісторыю архітэктуры» (1721).

Літ.:

Федосик В.А. Семь чудес света. Мн., 2002.

Схема размяшчэння сямі дзівосаў свету: 1 — піраміды каля г. Гіза; 2 — храм Артэміды ў Эфесе; 3 — сады Семіраміды ў Вавілоне; 4 — маўзалей Маўсола ў Галікарнасе; 5 — статуя Зеўса ў Алімпіі; 6 — Калос радоскі на востраве Родас (Грэцыя); 7 — Фароскі маяк у Александрыі.

т. 14, с. 317

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІЯЛО́ГІЯ (ад бія... + ...логія),

сістэма навук пра жывую прыроду. Даследуе ўсе праяўленні жыцця: будову і функцыю жывых істот і іх прыродных згуртаванняў, пашырэнне, паходжанне і развіццё, сувязі паміж імі і з нежывой прыродай. Тэрмін «біялогія» прапанаваны франц. прыродазнаўцам Ж.Б.Ламаркам і ням. вучоным Г.​Р.​Трэвіранусам (1802). Адны з першых у біялогіі склаліся комплексныя навукі па аб’ектах даследавання: пра жывёл — заалогія, расліны — батаніка, бактэрый — мікрабіялогія, вірусы — вірусалогія, прасцейшых — пратысталогія. Будову арганізмаў вывучаюць цыталогія, гісталогія, анатомія, функцыі жывых сістэм — фізіялогія жывёл, раслін, чалавека, узаемаадносіны жывых істот паміж сабой і з умовамі навакольнага асяроддзя — экалогія, заканамернасці спадчыннасці і зменлівасці — генетыка, індывід. развіццё — біялогія развіцця, гіст. развіццё жывога — эвалюцыйнае вучэнне. На стыку біялогіі з іншымі навукамі ў 20 ст. ўзніклі і развіваюцца біяхімія, біяфізіка, біёніка, біягеаграфія, радыебіялогія і інш.

Першыя працы па сістэматыцы жывёл вядомы з 4 ст. да н.э. (Арыстоцель), раслін — з 4—3 ст. да н.э. (Тэафраст), пра ўнутр. будову жывёл і чалавека — з 5—2 ст. да н.э. (Гіпакрат, Гален). У сярэднія вякі ішло паступовае назапашванне біял. ведаў. У эпоху Адраджэння праведзена анатаміраванне чалавечага цела (А.​Везалій, 1543), у 17 ст. апісаны кругі кровазвароту чалавека (У.Гарвей, 1628), шырока разгарнуліся мікраскапічныя даследаванні раслін (Р.Гук, 1665, М.Мальпігі, 1675—79) і жывёл (А.Левенгук, 1673). У 1735 упершыню ўведзена бінарная наменклатура і найб. поўная штучная класіфікацыя жывёл і раслін (К.Ліней). Пазней былі адкрыты цытаплазма (Я.​Пуркіне, 1825) і ядро (Р.Броўн, 1837) клетак, а ў 1839 сфармулявана клетачная тэорыя (Т.Шван), якая мела вял. значэнне ў развіцці тэорыі эвалюцыі арган. свету. Эвалюцыйная тэорыя распрацавана Ламаркам («Філасофія заалогіі», 1809) і Ч.​Дарвінам («Паходжанне відаў...», 1859). Сфармуляваныя ў 1865 Г.Мендэлем асн. генет. заканамернасці наследавання атрымалі пацвярджэнне і тлумачэнне на аснове храмасомнай тэорыі спадчыннасці (Т.Морган, 1911). Вызначэнне структуры малекулы ДНК (Дж.Уотсан, Ф.Крык, 1953) прывяло да развіцця малекулярнай біялогіі. У галіне фізіялогіі жывёл І.П.Паўлавым (1903) распрацавана вучэнне аб умоўных рэфлексах і вышэйшай нерв. дзейнасці. У 1920—30-я г. створана эвалюцыі сінтэтычная тэорыя (С.С.Чацверыкоў, Дж.​Холдэйн, Р.​Фішэр, С.​Райт, Ф.​Г.​Дабржанскі). Вял. дасягненне біялогіі — стварэнне вучэння пра біясферу (У. І.Вярнадскі, 1926) і біягеацэнозы (У.М.Сукачоў, 1942). Значныя заслугі ў развіцці біялогіі належаць рус. вучоным К.А.Ціміразеву, У.А.Кавалеўскаму, А.А.Кавалеўскаму, І.І.Мечнікаву, І.М.Сечанаву, А.М.Северцаву, І.І.Шмальгаўзену і інш.

Развіццё біял. навукі на Беларусі пачалося пасля 1917. Тэарэт. і практычныя праблемы біялогіі распрацоўваюць навук. ўстановы Аддз. біял. навук АН Беларусі, ВНУ, НДІ Мін-ваў аховы здароўя, сельскай гаспадаркі і харчавання, лясной і рыбнай гаспадаркі Беларусі. Даследаваліся ферменты глебы і іх уплыў на рост раслін (В.Ф.Купрэвіч), працэс фотасінтэзу і роля інш. пігментаў у раслін (Ц.М.Годнеў, М.М.Ганчарык). Распрацаваны навук. асновы гетэрозісу і вынікі ўздзеяння іанізавальнымі выпрамяненнямі (М.В.Турбін), колькасныя заканамернасці спадчыннасці і механізм хім. мутагенезу (П.Ф.Ракіцкі). Вывучалася будова перыферычнай нерв. сістэмы і знойдзены шляхі аднаўлення функцыі ўнутр. органаў пры яе пашкоджаннях (Д.М.Голуб), даказана існаванне асобнага тыпу адчувальных нерв. праваднікоў, якія з’яўляюцца асновай вегетатыўных рэфлексаў (І.А.Булыгін). Праведзены даследаванні ў галіне аграхіміі (А.К.Кедраў-Зіхман, С.Н.Іваноў, Т.Н.Кулакоўская), зялёных угнаенняў (Я.К.Аляксееў), меліярацыі (С.Г.Скарапанаў), селекцыі раслін (П.І.Альсмік, А.І.Лапо) і жывёл (М.М.Замяцін). Распрацоўваюцца спосабы аховы насельніцтва ад уздзеяння выпрамяненняў радыенуклідаў на тэрыторыях, забруджаных пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС (Я.Ф.Канапля).

Літ.:

Лункевич В.В. От Гераклита до Дарвина: Очерки по истории биологии. Т. 1—2. 2 изд. М., 1960;

Навука БССР за 50 год. Мн., 1968;

История биологии с начала XX века до наших дней. М., 1975;

Кемп П., Армс К. Введение в биологию: Пер. с англ. М., 1988.

Р.​Г.​Заяц.

т. 3, с. 174

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)