ДРУГАЯ СУСВЕ́ТНАЯ ВАЙНА́ 1939—45,

самая вялікая і кровапралітная вайна ў гісторыі чалавецтва. У яе была ўцягнута 61 дзяржава, больш за 80% насельніцтва Зямлі, ваен. дзеянні ішлі на тэр. 40 дзяржаў, а таксама на марскіх і акіянскіх прасторах. Пачалася ў выніку абвастрэння барацьбы паміж буйнейшымі дзяржавамі за перадзел зон уплыву, што склаліся пасля першай сусветнай вайны 1914—18. Вырашальную ролю ў развязванні вайны адыграла Германія, правячыя колы якой імкнуліся ліквідаваць Версальска-Вашынгтонскую сістэму дагавораў (1919—22). З устанаўленнем у 1933 фаш. дыктатуры палітыка Германіі грунтавалася на ідэалогіі нацызму. У 1936 Германія заключыла дагавор з Японіяй, вядомы пад назвай «Антыкамінтэрнаўскі пакт», да якога потым далучыліся Італія, Іспанія і інш. краіны; у 1939—40 ён ператварыўся ў адкрыты ваен. саюз Германіі, Італіі і Японіі (гл. Берлінскі пакт 1940). Блоку агрэсіўных краін процістаяла кааліцыя Вялікабрытаніі, Францыі, ЗША і іх саюзнікаў. Правячыя колы зах. дзяржаў, спрабуючы адвесці пагрозу ад сваіх краін, спачатку імкнуліся не да таго, каб стрымаць фаш. агрэсараў, а каб накіраваць іх удар на інш. дзяржавы, потым на СССР. Такая палітыка паскарала рост ваенна-прамысл. патэнцыялу дзяржаў фаш. блоку. Японія ў пач. 1930-х г. акупіравала значную ч. Кітая, Італія ў 1935 — Эфіопію, у 1939 — Албанію, Германія ў 1938 — Аўстрыю (гл. Аншлюс). У 1936—39 здзейснена герм.-італьянская інтэрвенцыя ў Іспаніі. Кульмінацыяй патуральніцкай палітыкі зах. дзяржаў у адносінах да фаш. агрэсараў стала Мюнхенскае пагадненне 1938 аб расчляненні Чэхаславакіі: 1.10.1938 Германія акупіравала Судэцкую вобл., у 1939 — усю краіну.

Каб прадухіліць агрэсію на У, СССР заключыў з Германіяй 23.8.1939 дагавор аб ненападзе, а 28.9.1939 — дагавор «Аб дружбе і граніцы». Сав. Саюз імкнуўся выйграць час для ўмацавання сваёй абараназдольнасці.

Да 1.9.1939 нацысцкая Германія мела ўзбр. сілы ў 4,6 млн. чал., 4093 баявыя самалёты, 3195 танкаў, 107 караблёў, у т. л. 57 падводных лодак. Аснову стратэгічнай канцэпцыі вермахта складаў «бліцкрыг» («маланкавая вайна»), Вайна пачалася нападам 1.9.1939 гітлераўскай Германіі на Польшчу. 3.9.1939 вайну Германіі аб’явілі Вялікабрытанія і Францыя. У склад іх кааліцыі ўвайшлі і брыт. дамініёны і калоніі (Аўстралія, Новая Зеландыя, Індыя, Паўд.-Афр. Саюз, Канада і інш.). На працягу 9 месяцаў усе гэтыя краіны вялі т.зв. «дзіўную вайну» — практычна нічога не рабілі. Гэта дазволіла Германіі за некалькі тыдняў разграміць Польшчу, паступова акупіраваць Данію, Нарвегію, Бельгію, Галандыю, Люксембург. 17.9.1939 СССР увёў свае войскі на тэр. Зах. Беларусі і Зах. Украіны, якія былі ў складзе Польшчы. Зах. Беларусь аб’ядналася з БССР, Зах. Украіна — з УССР. 10.5.1940 ням.-фаш. войскі пачалі наступленне на Францыю. Абышоўшы «лінію Мажыно» з Пн, прарваўшы абарону ў раёне Седана, 20 мая гітлераўцы выйшлі да Ла-Манша. Бельгійская армія, брыт. экспедыц. сілы і частка франц. арміі былі адрэзаны ў Фландрыі. 28 мая капітулявала бельгійская армія. Англійскім і частцы франц. і белы. войск, блакіраваным у раёне Дзюнкерка, удалося эвакуіравацца ў Вялікабрытанію (гл. Дзюнкеркская аперацыя 1940). У пач. чэрв. 1940, прарваўшы фронт, гітлераўцы вымусілі франц. армію капітуляваць (гл. Французская кампанія 1940). 14 чэрв. без бою заняты Парыж. 22 чэрв. Францыя падпісала акт аб капітуляцыі. 10.6.1940 Італія аб’явіла вайну Францыі і Вялікабрытаніі. Італьян. войскі ў жн. захапілі Брыт. Самалі, частку тэр. Кеніі і Судана, у сярэдзіне вер. ўварваліся ў Егіпет, але ў снеж. 1940 разбіты англ. войскамі. Пачатае ў кастр. 1940 наступленне італьянцаў з Албаніі на Грэцыю грэч. армія адбіла. У студз.—маі 1941 брыт. войскі пры падтрымцы паўстаўшага насельніцтва і партызан выгналі італьянцаў з Брыг. Самалі, Кеніі, Судана, Эфіопіі, Італьян. Самалі, Эрытрэі. Італьян. флот на Міжземным моры панёс вялікія страты. У пач. 1941 у Паўн. Афрыку на дапамогу італьян. войскам прыбыў герм. Афрыканскі корпус ген. Э.Ромеля. У крас. 1941 італьян.-ням. войскі дасягнулі лівійска-егіпецкай граніцы. У той жа час яп. войскі пачалі акупацыю новых раёнаў Кітая, захапілі паўн. ч. франц. Індакітая. Пасля паражэння Францыі Вялікабрытанія апынулася адзін на адзін з Германіяй. Дапамагчы англічанам усё больш схіляўся ўрад ЗША Вясной 1941 ЗША увялі свае войскі ў Грэнландыю, летам — у Ісландыю. У жн. 1940 герм. авіяцыя пачала масіраваную бамбардзіроўку Вялікабрытаніі (гл. Бітва за Англію 1940—41).

Летам 1940 да СССР былі далучаны Прыбалт. дзяржавы, на іх тэр. створана магутная групоўка Чырв. Арміі, якая магла наносіць прамыя ўдары па Германіі з мора і паветра. 28.6.1940 Чырв. Армія ўвайшла ў Бесарабію і Паўн. Букавіну, з тэр. якіх сав. авіяцыя магла пагражаць нафтапромыслам Румыніі — гал. пастаўшчыка нафты Германіі. У адказ у вер. 1940 Германія ўвяла свае войскі ў Румынію. Паміж Германіяй і СССР пачаўся перыяд адкрытага дыпламат. проціборства за ўплыў на Балканах. Ужо ў крас. 1941 Германія цалкам панавала ў гэтым рэгіёне, вясной 1941 яна акупіравала Балгарыю, Грэцыю, частку Югаславіі. Да Берлінскага пакта далучыліся Венгрыя, Румынія, Славакія, у 1941 — Балгарыя і Фінляндыя. Сав. Саюзу ўдалося дасягнуць буйной паліт. перамогі на Усходзе: 13.4.1941 падпісаны сав.-яп. пакт аб нейтралітэце, што значна знізіла верагоднасць вайны на 2 фронты.

22.6.1941 нацысцкая Германія напала на СССР. Пачалася Вялікая Айчынная вайна Савецкага Саюза 1941—45, якая стала найважнейшай часткай Д.с.в. Настаў якасна новы этап вайны, які прывёў да кансалідацыі ўсіх антыгітлераўскіх сіл. 12.7.1941 заключана пагадненне паміж СССР і Вялікабрытаніяй аб сумесных дзеяннях, 2 жн. — паміж СССР і ЗША аб ваенна-эканам. супрацоўніцтве і аказанні матэрыяльнай падтрымкі СССР. 14.8.1941 ЗША і Вялікабрытанія абнародавалі Атлантычную хартыю, да якой 24 вер. далучыўся СССР. Каб папярэдзіць стварэнне фаш. ваен. баз на Б.Усходзе, англ. і сав. войскі ў жн.вер. 1941 увайшлі ў Іран. Сумесныя ваенна-паліт. дзеянні сталі пачаткам стварэння антыгітлераўскай кааліцыі. Супраць СССР Германія кінула свае асн. сілы: 83% сухапутных сіл вермахта, у т. л. 86% танк. дывізій і 100% матарызаваных, 4 з 5 паветраных флатоў. Сав.-герм. фронт стаў асноўным.

Гітлераўскія войскі за 3 тыдні прасунуліся на 350—600 км, захапілі Прыбалтыку, Малдавію, Беларусь, значную частку Украіны і РСФСР. Аднак Германіі не ўдалося дасягнуць стратэгічнай мэты «Барбароса плана». У выніку контрнаступлення Чырв. Арміі ў час Маскоўскай бітвы 1941—42 пацярпеў крах міф пра непераможны вермахт, значна актывізаваўся партызанскі рух на акупіраванай тэр. СССР і Рух Супраціўлення; Германія вымушана была перайсці да тактыкі працяглай вайны.

7.12.1941 Японія нападам на амер. ваен. базу Пёрл-Харбар у Ціхім акіяне развязала вайну супраць ЗША. 8 снеж. ЗША, Вялікабрытанія і шэраг іншых краін аб’явілі вайну Японіі. 1.1.1942 падпісана Дэкларацыя прадстаўнікамі 26 дзяржаў — удзельніц антыгітлераўскай кааліцыі, якая абавязвала іх выкарыстоўваць ваен. і эканам. рэсурсы ў вайне супраць краін фаш. блока. 26.5.1942 СССР і Вялікабрытанія падпісалі дагавор аб саюзе супраць Германіі і яе сатэлітаў. 11.6.1942 СССР і ЗША заключылі пагадненне аб прынцыпах узаемадапамогі ў вядзенні вайны.

Летам 1942 ням. войскі пачалі новае наступленне на сав.-герм. фронце. 17.7.1942 пачалася Сталінградская бітва 1942—43 — адна з пераломных у вайне. 19.11.1942 пачалося контрнаступленне сав. войск пад Сталінградам, якое скончылася акружэннем і разгромам 330-тыс. групоўкі войск праціўніка. Захапіўшы ініцыятыву, Чырв. Армія нанесла гітлераўцам шэраг паражэнняў зімой і вясной 1943. Англ. войскі ў гэты час бамбілі гарады Германіі, вялі баі ў Паўн. Афрыцы. Японія панавала на моры, акупіравала Бірму, Малаю, Філіпіны, а-вы Інданезіі і інш., стварыла пагрозу Аўстраліі. Нарошчванне сіл ЗША у Ціхім акіяне з 1-й пал. 1942 прывяло да змены суадносін сіл на карысць саюзнікаў. Пасля шэрагу паражэнняў у Каралавым моры і каля в-ва Мідуэй (1942) яп. флот перайшоў да абароны. Пасля падзей у Эль-Аламейнскай аперацыі ЗША і Вялікабрытанія ў сярэдзіне ліст. 1942 занялі тэр. Марока, Алжыра, уступілі ў Туніс; вясной 1943 дамагліся капітуляцыі італа-герм. войск на п-ве Бон. 10.7.1943 амер. і англ. войскі высадзіліся на в-ве Сіцылія, у пач. верасня — на Апенінскім п-ве. 25 ліп. фаш. ўрад Мусаліні быў скінуты. Новы італьян. ўрад 3.9.1943 падпісаў перамір’е з ЗША і Вялікабрытаніяй, у кастр. аб’явіў вайну Германіі. Пачаўся распад фаш. блока. На працягу 1943 амер. войскі высадзіліся ў Новай Гвінеі, захапілі Алеуцкія а-вы, нанеслі шэраг паражэнняў яп. ВМФ.

Разгром ням.-фаш. войск у Курскай бітве 1943 прымусіў фаш. Германію перайсці да стратэгічнай абароны, на ўсіх франтах змянілася ваенна-паліт. становішча. Колькасць дзяржаў, што аб’явілі вайну Германіі, з чэрв. 1941 да снеж. 1943 павялічылася з 5 да 36. У 1944 сав. войскі ліквідавалі блакаду Ленінграда, вызвалілі Правабярэжную Украіну, Крымскі п-аў, увайшлі ў Румынію. У выніку Беларускай аперацыі 1944 была вызвалена ўся тэр. Беларусі, значная частка Літвы, Латвіі, пачалося вызваленне Польшчы. 23.8.1944 у выніку паўстання ў Румыніі быў скінуты ваенна-фаш. рэжым Антанеску; новы ўрад аб’явіў вайну Германіі. Тое ж адбылося і ў Балгарыі. 29.8.1944 пачалося Славацкае нац. паўстанне. Сав. войскі вялі баі за вызваленне Чэхаславакіі, Венгрыі, Югаславіі, паўн.-ўсх. раёнаў Нарвегіі (гл. Будапешцкая аперацыя 1944—45, Вісла-Одэрская аперацыя 1945). 6.6.1944 англа-амер. і канадскія войскі высадзіліся ў Нармандыі, 15 жн. амер.-французскія — у Паўд. Францыі, быў адкрыты другі фронт. 19.8.1944 пачалося Парыжскае паўстанне, да прыходу саюзнікаў франц. сталіца была ўжо ў руках патрыётаў. У пач. 1945 пачалося магутнае наступленне сав. войск па ўсім фронце ад Карпат да Балтыйскага мора, а армій саюзнікаў — у Італіі і Германі Для каардынацыі дзеянняў саюзнікаў і пасляваен. ўпарадкавання свету адбылася Крымская канферэнцыя 1945. У 2-й пал. красавіка — пач. мая саюзнікі дайшлі да Эльбы, уступілі ў Чэхаславакію, Аўстрыю. 16 крас. пачалася Берлінская аперацыя 1945. 25 крас. сав. войскі ў раёне Торгаў на р. Эльба аб’ядналіся з часцямі 1-й амер. арміі. 6—11.5.1945 сав. войскі разграмілі апошнюю ням. групоўку і завяршылі вызваленне Чэхаславакіі. У поўнач 8 мая ў Карлсхорце (прадмесце Берліна) прадстаўнікі герм. вярх. галоўнакамандавання падпісалі акт аб безагаворачнай капітуляцыі Германіі. У маі 1945 з усёй кааліцыі дзяржаў, якія развязалі Д.с.в., барацьбу працягвала толькі Японія. Разам з еўрап. праблемамі на Патсдамскай канферэнцыі 1945 была ўдзелена вял. ўвага лёсу Японіі. 8.8.1945 СССР аб’явіў вайну Японіі, 10 жн. тое ж зрабіла Манголія. Сав.-мангольскія войскі разграмілі квантунскую армію і вызвалілі паўн.-ўсх. частку Кітая, Паўн. Карэю, 6 і 9 жн. ЗША упершыню выкарысталі новую зброю, скінуўшы 2 атамныя бомбы на гарады Хірасіма і Нагасакі. 2.9.1945 Японія падпісала акт аб капітуляцыі. Д.с.в. скончылася.

Подзвігам людзей, сярод якіх было шмат беларусаў, у Д.с.в. быў іх удзел у падп. барацьбе супраць фашызму ў канцлагерах Асвенцім, Бухенвальд, Дахау, Майданак і інш. У Маўтгаўзене пасля гераічнай гібелі ген.-лейт. Дз.М.Карбышава падп. барацьбу ўзначаліў ураджэнец Чавусаў палк. Л.Я.Маневіч. У канцлагерах у Рэгенсбургу, Нойаўбінгу, Вурдэне, Асвенціме і інш. актыўную барацьбу вялі ген. П.Д.Цумараў і інш. патрыёты. Найбольш моцным і арганізаваным быў удзел сав. патрыётаў, у т. л. беларусаў, у франц. Супраціўленні. Д.с.в. была самай разбуральнай і кровапралітнай у свеце. У ёй загінула каля 62 млн. чал. Найбольшую колькасць ахвяр панёс Сав. Саюз — 27 млн. чал., у т. л. больш за 2,5 млн. — жыхары Беларусі. За вял. ўклад у перамогу над фаш. Германіяй БССР была запрошана на канферэнцыю ў Сан-Францыска (25.4.1945) для выпрацоўкі і падпісання (26.6.1945) Статута ААН і тым самым быць у ліку першапачатковых дзяржаў — заснавальніц ААН.

Разгром фашызму карэнным чынам змяніў расстаноўку сіл у свеце. Перамога, атрыманая пры вырашальнай ролі СССР, прывяла да стварэння сусв. сістэмы сацыялізму, якая паўстагоддзя рабіла глабальны ўплыў на развіццё пасляваен. свету. Эканам. і ваенна-паліт. цэнтр краін Захаду перамясціўся з Еўропы ў ЗША. Перамога над фашызмам выклікала рост нац. самасвядомасці народаў, спрыяла распаду каланіяльнай сістэмы.

Літ.:

История второй мировой войны, 1939—1945. Т. 1—12. М., 1973—82;

Документы и материалы кануна второй мировой войны, 1937—1939. Т. 1—2. М., 1981;

Годкризиса, 1938—1939: Док. и материалы. Т. 1—2. М., 1990;

Черчилль У. Вторая мировая война: Сокр. пер. с англ. Кн. 1—3. М., 1991;

Ог Мюнхена до Токийского залива: Взгляд с Запада на трагич. страницы истории второй мировой войны: Перевод. М., 1992;

Вторая мировая война: Два взгляда. М., 1995.

У.І.Гуленка.

Да арт. Другая сусветная вайна 1939-45. Салдаты вермахта ўзломліваюць польскую дзяржаўную граніцу (1.9.1939).
Да арт. Другая сусветная вайна 1939—45. Салдаты Войска Польскага праходзяць па вызваленай Варшаве (1945).
Да арт. Другая сусветная вайна 1939—45. Жыхары Сафіі вітаюць часці Чырвонай Арміі (верасень 1944).
Да арт. Другая сусветная вайна 1939—45. Падпісанне акта аб безагаворачнай капітуляцыі Германіі (8.5.1945).

т. 6, с. 210

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́ЗІЯ (грэч. Asia, напэўна ад асірыйскага асу усход),

самая вялікая па плошчы (каля 43,4 млн. км²) частка свету. Размешчана ў паўн. ч. Усх. паўшар’я. Крайнія пункты Азіі: на Пн мыс Чэлюскін, 77°43 паўн. ш.; на Пд мыс Піяй, 1°16 паўн. ш.; на З мыс Баба 26°10 усх. д.; на У мыс Дзяжнёва, 169°40 зах. д. Разам з Еўропай утварае адзін мацярык Еўропы—Азіі. Мяжа на сушы паміж Азіяй і Еўропай праходзіць па ўсх. падножжы Уральскіх гор, р. Эмба, паўн. беразе Каспійскага мора, Кума-Маныцкай упадзіне, Чорным м., праліве Басфор, Мармуровым м. і праліве Дарданелы. З Афрыкай злучана Суэцкім перашыйкам, ад Паўн. Амерыкі аддзелена Берынгавым пралівам. На Пн абмываецца Паўн. Ледавітым, на У — Ціхім, на Пд — Індыйскім акіянамі і іх ускраіннымі морамі. На З унутр. моры Атлантычнага ак. — Міжземнае і Эгейскае — абмываюць п-аў М.Азія. Берагі Азіі горныя і нізінныя намыўныя, паднятыя тэрасаваныя і апушчаныя (інгрэсіўныя). На У астраўным узбярэжжам характэрны вулканічныя рысы, берагам трапічных мораў — каралавыя рыфы. Паўастравы займаюць 8 млн. км², астравы — 2,5 млн. км². На Пн Азіі п-вы Ямал, Таймыр; на У — Чукоцкі, Камчатка, Карэя; на Пд — Індакітай з Малакай, Індастан, Аравійскі; на З — М.Азія. У Паўн. Ледавітым ак. а-вы Паўн. Зямля, Новасібірскія, Урангеля; у Ціхім — а-вы і ланцугі вял. а-воў: Курыльскія, Сахалін, Японскія, Рукю, Тайвань, Філіпінскія. На Пд Азіі в-аў Шры-Ланка і Малайскі архіпелаг; на З у Міжземным м. в-аў Кіпр. Найб. аддаленасць унутр. раёнаў Азіі ад акіянаў 2 — 2,5 тыс. км. Прыродныя раёны: Паўн. Азіі, Усх. Азія, Цэнтр., Сярэдняя Азія, Паўд. Азія і Зах. Азія (пра кожны гл. асобны арт.).

Рэльеф. Азія — узвышаная ч. свету (сярэдняя выш. 950 м). Пераважаюць горы і пласкагор’і, якія займаюць 75% тэр. У Азіі знаходзяцца найвыш. горныя сістэмы (выш. многіх хрыбтоў у Цэнтр. Азіі больш за 5000—7000 м) і вяршыня свету — 8848 м, Джамалунгма, або Эверэст, у Гімалаях. Горы Азіі ўтвараюць 2 вял. паясы: адзін выцягнуўся ў субшыротным напрамку ад Пярэднеазіяцкіх нагор’яў да хрыбтоў Індакітая і а-воў Малайскага архіпелага і ўключае Таўр, Каўказ, Загрос, Капетдаг, Сулейманавы горы, Гіндукуш, Памір, Каракарум, Тыбет, Гімалаі, горы М’янмы, Суматры і Явы. На У ад яго адыходзяць горныя хрыбты Куньлунь, Наньшань і Цыньлін. Другі пояс гор цягнецца з ПдЗ на ПдУ ад Цянь-Шаня да Чукоткі і ўключае Алтай, Саяны, горы Забайкалля, Станавы хр., Джугджур, Калымскае і Чукоцкае нагор’і. Зах. адгалінаванні паўн. ч. гэтага пояса — хрыбты Верхаянскі і Чэрскага. Уздоўж усх. ўзбярэжжа паласа гор мерыдыянальнага напрамку: Каракскае нагор’е, Сярэдзінны хр. Камчаткі, Сіхатэ-Алінь, Маньчжура-Карэйскія і Анамскія горы. Вял. нагор’і Азіі Тыбецкае, Памір, Пярэднеазіяцкія (Малаазіяцкае, Армянскае, Іранскае), пласкагор’і Сярэднесібірскае, Аравійскага п-ва, Дэкан. Нізінныя раўніны Зах.-Сібірская, Туранская, Паўн.-Сібірская, Вял. Кітайская раўніна, Месапатамская, Інда-Гангская; высокія (у Цэнтр. Азіі) — Кашгарская, Джунгарская. На Камчатцы, а-вах Усх. Азіі і Малайскага архіпелага шмат дзеючых вулканаў.

Геалагічная будова. У тэктанічных адносінах Азія складаецца з шэрагу стараж. платформаў (Сібірскай, Індыйскай, Кітайска-Карэйскай і Афрыкана-Аравійскай) і больш маладых складкавых структур. У абласцях іх распасцірання дакембрыйскія крышт. пароды выступаюць на паверхню ці перакрыты асадкавымі тоўшчамі. Уздоўж краёў Сібірскай платформы невял. тэр. займаюць структуры байкальскага ўзросту (Усх. Саян, Енісейскі краж, Прыбайкалле і Забайкалле). Да структур каледонскай складкавасці адносяцца паўн. дугі Цянь-Шаня, цэнтр. ч. Казахскага драбнасопачніка, паўн.-ўсх. раёны Кітая. Герцынская складкавасць ахапіла вял. тэр. Азіі, у выніку ўтварыліся Урал, паўн. ч. Алтая, Салаір, Цянь-Шань, Куньлунь, Наньшань. Мезазойскія структуры пашыраны ў Паўн.-Усх. Сібіры, Забайкаллі, Індакітаі. Маладыя кайназойскія геал. структуры альпійскай складкавасці фарміраваліся ў Альпійскім і Ціхаакіянскім складкавых паясах, у выніку ўзніклі асн. рысы размяшчэння горных сістэм. Склалася шыротная горная сістэма, што працягнулася праз усю Азію (Каўказ, Памір, Гімалаі і інш.). Каля падножжа маладых гор сфарміраваліся Месапатамскі, Інда-Гангскі і інш. вялізныя краявыя (перадгорныя) прагіны. Карысныя выкапні. У Азіі больш як палавіна сусветных запасаў нафты. Асн. нафтагазаносныя раёны: у краінах Персідскага заліва (Саудаўская Аравія, Аман, Кувейт, Катар, Іран), у Расіі (Зах. Сібір, Сахалін), а таксама ў Азербайджане, Казахстане, на а-вах Малайскага архіпелага (Суматра, Калімантан) і ў Кітаі. Найб. радовішчы каменнага вугалю ў Расіі (Кузнецкі, Канска-Ачынскі, Ленскі, Паўд. Якуцкі бас.), у Казахстане (Карагандзінскі бас.), Кітаі, Індыі, Карэі. Значныя паклады жал. руды ў Расіі (Прыангар’е, Паўд. Сібір), Казахстане (Кустанайская вобл., Цэнтр. Казахстан), Кітаі, Карэі, Індыі. Буйн. радовішчы марганцу ў Індыі і Грузіі; волава ў Паўд.-Усх. Азіі (М’янма, Тайланд, а-вы Інданезіі); медзі ў Казахстане (Джэзказган); нікелю ў Расіі (раён г. Нарыльска); графіту ў Расіі (Усх. Сібір) і Шры-Ланцы; слюды ў Расіі (Усх. Сібір) і Індыі; фасфарытаў у Казахстане і Кітаі; баксітаў — у Казахстане, Расіі (Паўд. Сібір), паўн.-ўсх. Кітаі, Індыі; золата ў Расіі, Узбекістане, Казахстане; алмазаў у Расіі [Саха (Якуція)]. Буйныя радовішчы кухоннай солі ў Расіі, Казахстане, Туркменістане, Турцыі, Іране, Пакістане.

Клімат. Азія размешчана ва ўсіх кліматычных паясах — ад арктычнага да экватарыяльнага. На б.ч. Азіі пераважае кантынентальны клімат. Зімой над Азіяй фарміруецца ўстойлівая вобласць высокага ціску — Азіяцкі антыцыклон. Летам пануюць кантынентальныя трапічныя і ўмераныя паветраныя масы. На У і Пд Азіі развіта мусонная цыркуляцыя (гл. Мусоны). Сярэдняя т-ра студз. ад -20 °C на Пн да 25 °C каля экватара. Найб. нізкія зімовыя т-ры ў раёнах Аймякона і Верхаянска (да -70 °C, полюс холаду Паўн. паўшар’я). У ліпені на Пн т-ра ніжэй за 10 °C, у Цэнтр. Азіі 30 °C і больш. Макс. колькасць ападкаў на наветраных схілах гор Паўд. і Усх. Азіі (напр., у Чэрапунджы, у Індыі, да 12 000 мм за год); у экватарыяльных раёнах — больш за 2000 мм, у субтрапічных і ўмераных мусонных паясах — 600—2000 мм; ва ўнутр. кантынентальных раёнах — менш за 350 мм; у пустынях Аравійскага п-ва і Цэнтр. Азіі — менш як 150 мм за год. Клімат Азіі пустынна-арктычны і субарктычны на Пн; ва ўмераным поясе — рэзка кантынентальны, сухі (Усх. Сібір), умерана кантынентальны (Зах. Сібір); пустынны ў Сярэдняй Азіі, Казахстане і паўн. ч. Цэнтр. Азіі; умераны мусонны на У; міжземнаморскі ў субрапічным поясе (зах. ўскраіна М.Азіі); субтрапічны горна-стэпавы і пустынны на б.ч. М.Азіі; вільготны субтрапічны на У Закаўказзя (Калхідская ніз.); высакагорны пустынны на Паміры, Каракаруме, Тыбеце і інш.; субтрапічны мусонны на ўсх. ускраінах Азіі; трапічны пустынны клімат ва ўнутр. раёнах Зах., Сярэдняй Азіі, Зах. Пакістана; субэкватарыяльны ў Індастане, Індакітаі, усх. раёнах в-ва Ява, экватарыяльны на Зондскіх а-вах і п-ве Малака.

Унутраныя воды. Азія — краіна вялікіх рэк, займае першае месца ў свеце па сумарным аб’ёме сцёку. Водныя рэсурсы размешчаны нераўнамерна. У Паўн. Ледавіты ак. цякуць Об з Іртышом, Енісей з Ангарой і Ніжняй Тунгускай, Лена з Алданам і Вілюем, Яна, Індыгірка, Калыма; у Ціхі ак. — Анадыр, Амур з Сунгары, Усуры і Аргунню, Хуанхэ, Янцзы (самая доўгая і мнагаводная ў Азіі, 5800 км), Сінзян, Меконг і Менам; у Індыйскі ак. — Салуін, Іравадзі, Брахмапутра, Ганг і Інд, а таксама Шат-эль-Араб (утвораны зліццём Тыгра і Еўфрата). Да рэк абласцей унутр. сцёку належаць Амудар’я, Сырдар’я, Чу, Ілі, Кура і інш. Ва ўмераных шыротах рэкі замярзаюць зімой і разліваюцца вясной. Рэкам мусоннай ч. Азіі характэрны летні макс. сцёк, міжземнаморскіх раёнаў — зімовы; рэкі экватарыяльных раёнаў паўнаводныя круглы год. Выкарыстоўваюцца як трансп. артэрыі і для ірыгацыі, маюць значныя энергарэсурсы. Буйныя азёры — Каспійскае і Аральскае моры — з’яўляюцца рэшткамі вял. мораў, у тэктанічных упадзінах ляжаць воз. Байкал (самае глыбокае, 1629 м), Ісык-Куль, Хубсугул, Урмія, Цялецкае; некаторыя азёры ўзніклі ў выніку абвалаў (Сарэзскае), карставых працэсаў (воз. Зах. Таўр). У бяссцёкавых упадзінах шмат салёных азёраў (Кукунор, Туз і інш.). На в-ве Паўн. Зямля, у гарах Памір, Гімалаі, Каракарум, Гіндукуш і інш. ёсць ледавікі. Агульная іх пл. 118,4 тыс. км². Значную тэр. Паўн., Зах. і Усх. Сібіры (каля 11 тыс. км²) займае шматгадовая мерзлата.

Глебы і расліннасць. На раўнінах паўн. і сярэдняй ч. Азіі ярка выяўлена шыротная занальнасць. На Пн уздоўж узбярэжжа Паўн. Ледавітага ак. распасціраюцца арктычныя пустыні, тундра і лесатундра са слаба развітымі тундрава-глеевымі глебамі, на якіх растуць імхі, лішайнікі, ягаднікі, нізкарослыя дрэвы. Далей на Пд тундра і лесатундра змяняюцца вял. паласой зоны тайгі (цемнахвойнай на З — елка, сасна і светлахвойнай на У — піхта, лістоўніца, кедр) з пераважна падзолістымі мярзлотна-таежнымі глебамі. Тайга змяняецца лісцевымі (бярозавымі) лясамі, потым лесастэпам і стэпам з чарназёмнымі і каштанавымі глебамі, а на Д. Усходзе — шыракалістымі лясамі з дубу, клёну, грабу, ліпы. Паўпустыні і пустыні з шэразёмнымі глебамі пашыраны на Аравійскім п-ве, у раёнах Іранскага нагор’я, Сярэдняй і Цэнтр. Азіі (Каракумы, Кызылкум, Гобі, Такла-Макан), дзе характэрна пустынна-стэпавая расліннасць: злакі, палын, саланчакі. У субтропіках Зах. Азіі міжземнаморская ксерафітная расліннасць на карычневых глебах, ва Усх. Азіі — мусонныя мяшаныя і шыракалістыя лясы на жаўтазёмах і чырваназёмах. У тропіках Усх. і Паўн. Азіі мусонныя лістападныя лясы і саванны на чырвона-жоўтых фералітных глебах; на наветраных схілах гор зялёныя лясы. На п-ве Індастан своеасаблівыя чорныя глебы сухіх саваннаў — рэгуры. У экватарыяльных шыротах (Інданезія) мнагаярусныя забалочаныя лясы (гілеі). У гарах вышынная пояснасць: у Паўн. Азіі пераважаюць чорная тайга і тундра, у Сярэдняй і Цэнтр. Азіі — горныя стэп і пустыні, у Паўд. Азіі — горныя трапічныя лясы. Азія — радзіма большасці культ. раслін.

Жывёльны свет вельмі разнастайны і падпарадкаваны шыротнай занальнасці і вышыннай пояснасці. Некаторыя жывёлы маюць вял. арэалы (у ваўка і ліса амаль уся Азія). Самы бедны жывёльны свет на паўн. акіянскіх узбярэжжах і ў тундры (лемінгі, пясцы; з птушак — белая сава, белая курапатка, гусі, гагі); на ўзбярэжжах і ў лядовых прасторах — белы мядзведзь; у морах — морж, цюлень, розныя віды рыб. У лясной зоне водзяцца лось, алені (паўн. алень; на Пд марал і ізюбр), казуля, кабарга, расамаха, буры мядзведзь, рысь, собаль, куніца, гарнастай, вавёрка. Для фауны стэпаў, пустынь і горных пустынь характэрны антылопы (сайгак, джэйран), дзікія бараны і казуля; з драпежнікаў — барс, гепард, паласатая гіена, шакал. Захаваліся кулан, конь Пржэвальскага, дзікі двухгорбы вярблюд, шмат грызуноў (тушканчыкі, суслікі), надзвычай шматлікія паўзуны: яшчаркі (агамы, геконы, вараны), змеі (гюрза, кобра); некалькі відаў чарапах. Небяспечныя павукападобныя: скарпіёны, каракурт, тарантул, фалангі. У Цэнтр. Азіі водзяцца дзікі як, чырвоны воўк, снежны барс; у шыракалістых лясах — плямісты алень, янотападобны сабака, харза, чорны мядзведзь, бамбукавы мядзведзь. На Пд некалькі відаў малпаў: макакі, гібоны, у Інданезіі — арангутангі. У саваннах і экватарыяльных лясах жывуць слон, насарог, дзікі бык (буйвал), тапір, антылопы і інш. Для вывучэння і аховы прыроды ў многіх краінах створаны запаведнікі.

Насельніцтва. У Азіі жыве каля 3,4 млрд. чал. (1994). 80% насельніцтва Азіі сканцэнтравана ў Кітаі, Індыі, Інданезіі, Пакістане і Японіі, дзе шчыльнасць насельніцтва дасягае 200—300 (часам 1500) чал. на 1 км², найб. нізкая шчыльнасць у Сібіры, Цэнтр. і Зах. Азіі (у асобных раёнах няма пастаяннага насельніцтва). У Азіі жывуць прадстаўнікі 3 асн. расаў: мангалоіднай (Усх., Паўд.-Усх., Цэнтр. і часткова Паўд. Азіі, карэнныя жыхары Сібіры і Д.Усходу), еўрапеоіднай (Усх., Паўд.-Усх., Цэнтр. і часткова Паўн. Азіі, карэнныя жыхары Сібіры і Д. Усходу) і акіянскай галіны экватарыяльнай расы (Паўд.-Усх. і Паўд. Азіі). Ёсць пераходныя антрапалагічныя тыпы: пярэднеазіяцкі, пантыйскі, інда-афганскі і інш. Большасць насельніцтва Азіі вызнае іслам (народы Пярэдняй Азіі, малайцы, яванцы і інш. народы Паўд.-Усх. Азіі) і будызм (манголы, карэйцы, кітайцы, японцы, в’етнамцы і інш.); распаўсюджана таксама хрысціянства (рускія, армяне, грузіны, філіпінцы, ч. арабаў Лівана і в’етнамцаў, альфуры), індуізм (насельніцтва Паўд. Азіі), даасізм і канфуцыянства (у Кітаі), сінтаізм (у Японіі), часткова джайнізм і сікхізм (у Індыі), іудаізм (у Ізраілі). У карэйцаў, в’етнамцаў і інш. захаваліся і анімістычныя вераванні.

Палітычны падзел. У межах Азіі і на прылеглых а-вах размешчаны дзяржавы: Аб’яднаныя Арабскія Эміраты, Азербайджан, Аман, Арменія, Афганістан, Бангладэш, Бахрэйн, Бруней, Бутан, В’етнам, Грузія, ч. Егіпта, Ізраіль, Іарданія, Індыя, Інданезія, Ірак, Іран, Йемен, Казахстан, Камбоджа, Карэйская Народна-Дэмакратычная Рэспубліка, Катар, Кіпр, Кітай, Кувейт, Кыргызстан, Лаос, Ліван, Малайзія, Мальдывы, Манголія, М’янма, Непал, Пакістан, Палесціна (тэр. Зах. берага р. Іардан і сектар Газа), Расійская Федэрацыя, Рэспубліка Карэя, Саудаўская Аравія, Сінгапур, Сірыя, Таджыкістан, Тайланд, б.ч. Турцыі, Туркменістан, Філіпіны, Шры-Ланка, Японія, а таксама тэр. Аамынь (уладанне Партугаліі) і Сянган (Ганконг; уладанне Вялікабрытаніі).

Літ.:

Власова Т.В. Физическая география материков. 3 изд. М., 1976;

Физическая география материков и океанов. М., 1988;

Народы мира: Ист.-этногр. справочник. М., 1988;

Страны и народы: Зарубежная Азия: Общ. обзор;

Юго-Западная Азия. М., 1979;

Страны и народы: Советский Союз: Общ. обзор;

Российская Федерация. М., 1983.

Да арт. Азія. Каменная пустыня.
Да арт. Азія. Лістоўнічная тайга ў Заходняй Сібіры (злева); джунглі Малайзіі.
Да арт. Азія. Даліна Гейзераў на Камчатцы.
Да арт. Азія. Вільготныя субтропікі Закаўказзя.
Да арт. Азія. Пясчаная пустыня ў Сярэдняй Азіі.
Да арт. Азія. Пік Кхумбутсе ў Гімалаях.

т. 1, с. 165

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАКЕДО́НІЯ (Македониjа),

Рэспубліка Македонія (Република Македониjа), дзяржава ва ўнутр. ч. Балканскага п-ва. Мяжуе на Пн з Югаславіяй (часткова з б. аўт. краем Косава), на У з Балгарыяй, на Пд з Грэцыяй, на З з Албаніяй. Пл. 25,3 тыс. км². Нас. 2009 тыс. чал. (1998). Дзярж. мова — македонская. Сталіца — г. Скоп’е. Падзяляецца на 34 абшчыны. Нац. свята — Дзень Рэспублікі (2 жн.).

Дзяржаўны лад. М. — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1991. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт. Заканад. ўлада належыць аднапалатнаму парламенту — Сходу, выканаўчая — ураду на чале з прэм’ер-міністрам. Дзярж. герб не зацверджаны.

Прырода. Большую ч. тэр. займаюць сярэдневышынныя горы (выш. да 2764 м, хр. Карабі на мяжы з Албаніяй). Горы падзелены тэктанічнымі паніжэннямі, занятымі азёрамі або далінамі рэк. Частыя землетрасенні (у 1963 дзесяцібальным землетрасеннем разбураны г. Скоп’е). Карысныя выкапні: храміты, свінцова-цынкавыя, марганцавыя, вальфрамавыя, нікелевыя, жал. руды, азбест, буры вугаль і інш. Клімат пераходны ад умеранага да міжземнаморскага. У далінах і катлавінах лета гарачае і сухое, зіма параўнальна цёплая і дажджлівая, сярэднямесячныя т-ры ў студз. 4 °C, у ліп. — 22—25 °C. Ападкаў за год 900 мм на 3, 400 мм на У. У гарах халадней, зімой выпадае снег, ападкаў больш. Гал. рака Вардар. У катлавінах значныя азёры — Ахрыдскае (на мяжы з Албаніяй), Прэспа (на мяжы з Албаніяй і Грэцыяй), Дайранскае (на мяжы з Грэцыяй). Даліны і катлавіны асвоены, на схілах да выш. 2000 м — мяшаны лес і хмызнякі, вышэй — горныя лугі. Пад лесам і хмызнякамі 39% тэрыторыі. З жывёл захаваліся ў гарах буры мядзведзь, рысь, дзік, воўк, алень, лань, сарны, дзікія козы і інш. Нац. паркі: раён г. Охрыд (уключаны ЮНЕСКА ў спіс Сусветнай спадчыны), Маўрава, Галічыца, Пелістар.

Насельніцтва. 65% складаюць македонцы, нар. паўд.-слав. моўнай групы. Жывуць таксама албанцы (21%; найб. на ПнЗ), туркі (3%), цыганы, сербы і інш. Сярод вернікаў праваслаўных 67%, мусульман 30%. Сярэднегадавы прырост 0,68% (1997). Сярэдняя шчыльн. 79 чал. на 1 км². Найб. шчыльна (да 200 чал. на 1 км²) заселены даліны і катлавіны. У гарадах жыве 54% насельніцтва. Найб. горад Скоп’е — 541,3 тыс. ж. (1994). Каля 50 тыс. ж. у гарадах Куманава, Цітаў-Велес, Бігала, Охрыд. Каля 40% працоўных занята ў прам-сці, каля 35% — у сельскай гаспадарцы.

Гісторыя. У антычнасці паўд. частка сучаснай М. ўваходзіла ў склад Македоніі Старажытнай, у 5 — пач. 20 ст. ўсе тэр. (Вардарская М.) у складзе гіст. вобласці Македонія. Пасля 2-й Балк. вайны (гл. Балканскія войны 1912—13), якая завяршылася Бухарэсцкім мірным дагаворам 1913, гіст. вобласць М., што раней была пад уладай Турцыі, падзелена паміж Сербіяй (большая ч. — Вардарская М.), Грэцыяй (Эгейская М.) і Балгарыяй (Пірынскі край). У 1918 Вардарская М. ў складзе Сербіі ўвайшла ў Каралеўства сербаў, харватаў і славенцаў (з 1929 Югаславія). У 2-ю сусв. вайну з часоў Балканскай кампаніі 1941 большай ч. Вардарскай М. валодала Балгарыя, зах. частку акупіравалі італьян. войскі. На акупіраваных землях М. разгортваўся партыз. рух. Пасля вызвалення з 1945 Вардарская М. — адна з 6 рэспублік у складзе Федэратыўнай Нар. Рэспублікі Югаславіі (з 1963 Сацыяліст. Федэратыўная Рэспубліка Югаславія). У час грамадз. вайны ў Грэцыі 1946—49, у якой удзельнічалі і грэч. македонцы, камуніст. партыя Грэцыі намагалася далучыць да Югаславіі Эгейскую М.; частка македонцаў эмігрыравала ў Югаславію і СССР (каля 20 тыс. чал., пасяліліся пераважна ў г. Ташкент). У выніку распаду югасл. федэрацыі М. стала самаст. дзяржавай. У вер. 1991 на рэсп. рэферэндуме большасць выказалася за суверэнітэт і дзярж. самастойнасць М., 17.11.1991 прынята яе канстытуцыя. З 1992 незалежнасць М. прызналі Рас. Федэрацыя, Турцыя, Балгарыя, Славенія, Харватыя, Філіпіны, Літва і інш. Незалежную М. не прызнае Грэцыя (у яе складзе ёсць вобласць М. з цэнтрам у г. Салонікі), кіраўніцтва якой патрабуе перайменаваць М. ў Рэспубліку Скоп’е. М. — чл. ААН (з 1993), Арг-цыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе (з 1995). Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены ў студз. 1993.

У М. дзейнічаюць Унутр. макед. рэв. арг-цыяДэмакр. партыя за макед. нац адзінства, Дэмакр. альтэрнатыва, Партыя дэмакр. працвітання, Дэмакр. партыя албанцаў, С.-д. саюз М., Ліберальна-дэмакр. партыя, Сацыяліст. партыя, Саюз цыганоў М., прафс. аб’яднанне — Асацыяцыя прафсаюзаў М.

Гаспадарка. М. — аграрна-індустр. краіна. Штогадовы даход на 1 чал. складае 1060 дол. ЗША (1998). У канцы 1990-х г. на эканоміку адмоўна ўплываюць: аслабленне эканам. сувязей з б. рэспублікамі Югаславіі, паліт. спрэчкі з Грэцыяй, ваен. дзеянні ў суседніх раёнах і вял. прыток бежанцаў з Косава. Гал. галіны прам-сці: маш.-буд., лёгкая (пераважна тэкстыльная), харчасмакавая (асабліва тытунёвая і кансервавая), горназдабыўная і энергетычная. Новыя галіны прам-сці: каляровая металургія, хім. і буд. матэрыялаў. Вытв-сць электраэнергіі 5,4 млрд. кВт∙гадз (1995), 87% выпрацавана на ЦЭС (працуюць пераважна на імпартнай нафце). Ёсць некалькі ГЭС, найбольшая — «Маўрава» на р. Чорны Дрын. Найбольшыя прадпрыемствы машынабудавання ў Скоп’е, Бітале і інш., дзе вырабляюць станкі, аўтобусы, с.-r. машыны, халадзільнікі, электрапрылады, аўтадэталі, інструмент. Асн. цэнтры тэкст. прам-сці — Цетава (камбінат шарсцяных вырабаў), Шціп (баваўняны камбінат), Цітаў-Велес (шаўкаткацкі камбінат). Тытунёвыя вырабы выпускаюць ф-кі ў Прылепе і Скоп’е. Харч. прам-сць (мукамольная, алейная, цукр., мясная, плодакансервавая, вінаробчая) пашырана ўсюды, гал. цэнтры Скоп’е, Куманава, Бітала, Прылеп. На базе лясных рэсурсаў сфарміравалася дрэваапр. і папяровая прам-сць (Прылеп, Кочані і інш.). Чорная (Скоп’е, Ягунаўцы, Куманава) і каляровая (Цітаў-Велес, Ягунаўцы, Скоп’е) металургія. Хім. прам-сць (Скоп’е) дае пластмасы, сінт. валокны, сродкі аховы раслін і інш. Развіты прам-сць буд. матэрыялаў (цэмент, мармур, керамічныя вырабы, вогнетрывалыя матэрыялы) і горназдабыўная. Здабываюць свінцова-цынкавыя (цэнтр Злетава), хромавыя (Скоп’е, Цетава, Куманава), жал., марганцавыя, сурмяныя, нікелевыя руды і буд. матэрыялы. Ёсць прадпрыемствы гарбарна-абутковай, мэблевай, паліграф., фармацэўтычнай і інш. галін прам-сці. Больш за палавіну прамысл. прадукцыі выпускаюць прадпрыемствы Скоп’е. Развіты нар. промыслы і саматужныя рамёствы, асабліва выраб прадметаў хатняга ўжытку і сувеніраў, дыванаткацтва, вышыўка, разьба па дрэве, чаканка па серабры і інш. У сельскай гаспадарцы выкарыстоўваецца каля 1,3 млн. га зямель, палавіна іх пад ворывам і шматгадовымі культурамі, палавіна пад пашай. Раслінаводства развіта ў далінах і катлавінах, жывёлагадоўля — пераважна на горных пашах. Са збожжавых вырошчваюць пшаніцу, кукурузу, рыс (83 тыс. га арашальных зямель), з тэхнічных — тытунь (штогадовы збор 17—20 тыс. т), цукр. буракі, бавоўну, опіумны мак, кунжут, арахіс, аніс і інш. Развіты агародніцтва (экспартнае значэнне маюць памідоры і перац), садоўніцтва (найб. яблыкі і слівы, на Пд аліўкі, інжыр, тутавае дрэва), вінаградарства (штогадовы збор каля 200 тыс. т). З галін жывёлагадоўлі лепш развіта авечкагадоўля. Пагалоўе (1997, тыс. гал.): авечак — 1800, буйн. раг. жывёлы — 300, свіней — 200, коней — 66,5, буйвалаў — 1. Птушкагадоўля. Рыбалоўства на буйных азёрах. Лясная гаспадарка. Транспарт чыгуначны і аўтамабільны. Даўж. чыгунак 699 км, у т. л. 232 км электрыфікавана, аўтадарог 8,5 тыс. км, у т. л. з цвёрдым пакрыццём 5,4 тыс. км. У краіне 263 тыс. легкавых, 23 тыс. грузавых аўтамабіляў і аўтобусаў (1997). Важнае міжнар. значэнне маюць чыгунка і аўтамагістраль Бялград (Югаславія) — Скоп’е — Салонікі (Грэцыя). Амаль усе знешнегандл. сувязі праз грэч. порт Салонікі. У краіне 14 аэрапортаў, у т. л. міжнар. каля Скоп’е і Охрыда (курортны і турыст. цэнтр). У 1996 экспарт складаў 900 млн. дол., імпарт — 1,4 млрд. долараў. У экспарце пераважаюць прамысл. тавары, харч. прадукты, віно і тытунёвыя вырабы, у імпарце — машыны і трансп. сродкі, хімікаты, паліва. Гал. гандл. партнёры — рэспублікі б. Югаславіі, Балгарыя, Германія, Італія. Гандаль з Беларуссю (1997, млн. дол.): экспарт — 4,3, імпарт — 1,9. М. — краіна развітога міжнар. турызму. Грашовая адзінка — дэнар.

Літаратура. Прыгожае пісьменства на макед. мове зарадзілася ў 19 ст. і звязана з дзейнасцю асветнікаў К. і Дз.Міладзінавых, П.Зографскага, К.Самарджыева і інш. У станаўленні новай макед. пісьменнасці і л-ры вял. роля належыць К.Місіркаву, які даў першы ўзор кадыфікацыі макед. літ. мовы. У рэчышчы рэв. і нар.-патрыят. традыцый развівалася паэзія (К.Нядзелкаўскі, В.Маркоўскі), рэаліст. тэндэнцыі выявіліся ў драматургіі (В.Ілёскі). Першы паэт. зб. на макед. мове — «Белыя досвіткі» К.Раціна (1939). Пасля 2-й сусв. вайны засн. Саюз макед. пісьменнікаў (1946), Т-ва макед. мовы і л-ры (1954), пачалі выходзіць літ. перыяд. выданні. Найб. росквіту дасягнула паэзія (С.Янеўскі, Б.Хонескі, А.Шопаў, Г.Тадароўскі) і навелістыка (У.Малескі, І.Бошкаўскі, Г.Абаджыеў). Асновы новай драматургіі заклалі К.Чашуле і Ілёскі. У 1950—60-я г. вядучым літ. жанрам стаў раман («Вёска за сямю ясенямі» і «І боль, і гнеў» Янеўскага, «Тое, што было небам» і «Ткацкі станок» Малескага, «Пабрацімы» і «Глухія досвіткі» І.Леава, «Зоркі падаюць самі» С.Дракула), зарадзілася аповесць (Дз.Солеў). Асн. тэмы твораў — нац.-вызв. барацьба, чалавекі рэвалюцыя, антыфаш. супраціўленне, сацыяліст. пераўтварэнні. У гэтыя гады ў л-ры адзначыўся т.зв. працэс дэдагматызацыі, адмаўлення ад лініі развіцця, вызначанай сав. ўзорамі, сацыяліст. рэалізмам; дэклараваліся ідэйна-эстэт. плюралізм, разнастайнасць творчай метадалогіі. У 1970-я г. ўзмацніліся рэаліст. тэндэнцыі. Найб. прыкметныя творчыя здабыткі належалі паэтам Тадароўскаму, Р.Паўлоўскаму, А.Попаўскаму, М.Матэўскаму, празаікам Ж.Чынгу, Дракулу, Т.Геаргіеўскаму, Дж.Абаджыеву, драматургам Ілёскаму, Т.Арсоўскаму. Для сучаснай л-ры М. характэрна суіснаванне разнастайных ідэйна-эстэт. і маст. кірункаў. На бел. мове выдадзены макед. казкі ў зб. «Ці страшны страх?» (1970), «Югаславянскія казкі» (1999) і апавяданні ў зб. «Югаслаўскія апавяданні» (1975). На бел. мову паасобныя творы макед. пісьменнікаў перакладалі Н.Гілевіч, П.Кавалёў, М.Паслядовіч, А.Разанаў, М.Ракітны, І.Чарота.

Архітэктура. Ад часоў неаліту і бронз. веку на тэр. М. захаваліся рэшткі кругавых паселішчаў, каменных і глінабітных дамоў, умацаванняў, складзеных насуха з неабчасанага каменю. Сярод помнікаў архітэктуры 5—11 ст. рэшткі цыклапічных абарончых сцен Скоп’е (535), замка балг. цара Самуіла каля г. Охрыд, крэпасці ў Струміцы (абодва 11 ст.). Найб. ранні тып культавай архітэктуры — 3-нефавая базіліка з купаламі і харамі, часам з трансептам (сабор св. Сафіі ў Охрыдзе, каля 1037—50). У 12—14 ст. усталяваўся тып крыжова-купальнага, звычайна квадратнага ў плане храма з купалам (цэрквы св. Клімента ў Охрыдзе, 1295; Міхаіла і Гаўрыіла ў Леснаве, 1341) ці з 5 купаламі (царква св. Панцеляймона ў Неразі, 1164). Будавалі таксама 1-нефавыя скляпеністыя цэрквы (св. Міколы ў Варашы каля г. Прылеп, 1299). У перыяд тур. панавання ў Скоп’е, Бітале, Шціпе і інш. узводзілі цагляныя і каменныя купальныя мячэці, мінарэты, заезныя дамы («ан»), крытыя базары («безістэн»), лазні («амам»), вежападобныя ўмацаваныя жытлы («кулы»). Да 18—19 ст. належаць маляўнічыя ансамблі манастыроў (Іаана Бігорскага), разнастайныя прыклады нар. дойлідства: на раўнінах — 1-павярховыя 2-часткавыя дамы (стойла і жылы пакой з ачагом), у горных раёнах — 2-павярховыя (унізе стойла і кухня, наверсе — жыллё) з навесам-галерэяй, дамы тур. тыпу з сіметрычным размяшчэннем пакояў вакол сенцаў і ізаляваным ад вуліцы дваром. У гарадах будавалі 2—3-павярховыя дамы з эркерамі, лоджыямі ці балконамі. Своеасаблівыя крытыя чарапіцай дамы Охрыда з драўлянымі каркаснымі верхнімі паверхамі, гладкія атынкаваныя сцены якіх навісаюць над ніжнім паверхам, складзеным з каменю. У канцы 19 — пач. 20 ст. ў буйных гарадах будавалі ў духу еўрап. эклектычнай архітэктуры. Пасля 2-й сусв. вайны разгарнулася рэканструкцыя гарадоў і сёл, пабудаваны буйныя прамысл. комплексы са зборнага жалезабетону, раёны 2—3-секцыйных і вежавых жалезабетонных жылых дамоў і грамадскіх будынкаў у ’сучасных стылях. У Скоп’е пасля землетрасення 1963 паводле праекта яп. арх. Тангэ Кэндзо ўзведзены будынкі Гіст. архіва, Макед. нар. т-ра, акадэміі навук і мастацтваў і інш. Ствараюцца новыя жылыя раёны. Раён г. Охрыд уключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.

Выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. З часоў неаліту і бронзавага веку захаваліся керамічныя пасудзіны, мадэлі дамоў, фігуркі людзей і жывёл, помнікі мастацтва ілірыйцаў (залатыя маскі і інш. з Трэбенішце каля Охрыда, 6 ст. да н.э.), з 2 ст. да н.э. — рэшткі мазаік і фрэсак, скульптура. У 6—7 ст. развівалася культура стараж. славян. У мастацтве сярэдневякоўя важную ролю адыгрываў самабытны фрэскавы жывапіс, які дасягнуў росквіту ў 11—14 ст.: размалёўкі ў храме св. Сафіі ў Охрыдзе (сярэдзіна 11 ст.), у царкве св. Панцеляймона ў Неразі (1164), у цэрквах св. Клімента ў Охрыдзе (пасля 1295) і св. Георгія ў Стара-Нагарычане (1317—18, у абедзвюх майстры Міхаіл і Яўціхій, малявалі таксама абразы), у царкве Маці Божай у Мацейчы (каля 1355) і інш. Высокага ўзроўню дасягнула разьба па дрэве, якая мела фалькл. характар (разныя дзверы з плеценымі ўзорамі, фігурамі святых і ваяроў, выявамі звяроў, царква св. Міколы Болнічкага ў Охрыдзе, 12—13 ст.). 17—19 ст. — росквіт глыбокай і ажурнай разьбы з расл. ўзорамі і рэаліст. фігуркамі жывёл і людзей (у т. л. аўтапартрэтамі рэзчыкаў), у якой візант. і грэч. ўплывы, элементы барока і ракако спалучаліся з рысамі наіўнага гратэску. У эпоху асманскага панавання развіццё жывапісу запаволілася. Паступовы адыход ад стараж. канонаў пачаўся з 2-й пал. 18 ст. пад уплывам мастацтва Зах. Еўропы і Расіі (сям’я Фрчкоскіх). У канцы 19 — пач. 20 ст. Дж.Зографскі і Дз.Андонаў уключалі ў царк. жывапіс фалькл. і сатыр. матывы, патрыят. кампазіцыі, партрэты, пейзажы, сцэны нар. жыцця. У 1920—30-я г. жывапісцы Л.Лічэноскі, М.Марціноскі і інш. ў свабоднай дэкар. манеры стваралі нац. пейзажы, жанравыя кампазіцыі, партрэты і нацюрморты. Сярод першых прафес. скульптараў Дз.Тадароўскі, П.Хаджы-Бошкаў і інш. Вял. ўклад у развіццё выяўл. мастацтва М. зрабілі жывапісцы Р:Анастасаў, П.Мазеў, скульптар Б.Мітрычэўскі і інш. У 1960—80-я г. рэаліст. традыцыі часта спалучаліся з пошукамі новых сродкаў пластычнай выразнасці (жывапісцы Д.Кандоўскі, Г.Чэмерскі, С.Шэмаў, Т.Шыяк, графік Д.Перчынкаў, скульптар С.Манеўскі і інш.). Развіваюцца нар. промыслы (чаканка па серабру, вышыўка, выраб дываноў і інш.).

Г.С.Смалякоў (прырода, насельніцтва, гаспадарка), І.А.Чарота (літаратура).

Сцяг Македоніі.
Да арт. Македонія. Узбярэжжа Ахрыдскага возера.
Да арт. Македонія. Удзельнікі нацыянальна-вызваленчага паўстання 1903.
Да арт. Македонія. Царква святога Клімента ў г. Охрыд. 13 ст.
Да арт. Македонія. Аплакванне Хрыста. Размалёўка царквы святога Панцеляймона ў Нерэзі. 1164.

т. 9, с. 533

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

В’ЕТНА́М (Viêt Nam),

Сацыялістычная Рэспубліка В’етнам (Công Hòa Xã Hôi Chu Nghia Viêt Nam), дзяржава ў Паўд.-Усх. Азіі. Займае ўсх. ч. п-ва Індакітай. Абмываецца на У і Пд Паўд.-Кітайскім морам, яго залівамі Бакбо (Танкінскі) і Сіямскім. Мяжуе з Кітаем (на Пн), Лаосам і Камбоджай (на З). Падзяляецца на 50 правінцый; 3 гарады цэнтр. падпарадкавання (Ханой, Хайфон, Хашымін). Захоўваецца і гісторыка-геагр. падзел на Паўн. частку (Бакбо), Цэнтр. (Чунгбо) і Паўд. (Намбо). Пл. 329,6 тыс. км². Нас. 71,8 млн. чал. (1993). Сталіца — г. Ханой. Дзярж. мова в’етнамская. Нац. свята — Дзень абвяшчэння Дэмакр. Рэспублікі В’етнам (2 вер.).

Дзяржаўны лад. В’етнам — сацыяліст. дзяржава. Дзейнічае канстытуцыя 1992. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, якога выбірае Нац. сход тэрмінам на 4 гады. Вышэйшы заканад. орган — аднапалатны Нац. сход (395 дэпутатаў) — выбіраецца насельніцтвам тэрмінам на 4 гады. Вышэйшы выканаўчы і распарадчы орган — Урадавы савет (урад) — узначальвае прэм’ер-міністр.

Прырода. Большую частку тэр. займаюць невысокія і сярэдневышынныя горы. Найб. узвышаная паўн.-зах. частка — хр. Хаангльеншон з вяршыняй Фаншыпан (3143 м). Уздоўж зах. межаў цягнуцца горы Чыангшон (Анамскія) з лакальнымі пласкагор’ямі і плато (найб. Кантум і Даклак на Пд). Каля ўзбярэжжаў — нізіны, найб. значныя ў дэльтах рэк Меконг (каля 50 тыс. км²) і Хангха (каля 15 тыс. км²). Карысныя выкапні (знаходзяцца пераважна на Пн): каменны вугаль (геал. запасы каля 15 млрд. т), жалезная руда, волава, свінец, цынк, малібдэн, вальфрам, тытан, баксіты, храміты, марганец, фасфарыты і апатыты; вял. запасы нафты і газу ў нетрах шэльфа Паўд.-Кітайскага м. Клімат субэкватарыяльны мусонны, на Пн трапічны. Зіма на Пд гарачая, на Пн халаднаватая, лета ўсюды гарачае. Сярэдняя т-ра студз. на раўнінах на Пн 15 °C, на Пд 26 °C, ліп. адпаведна 28 °C і 29 °C. У гарах халадней. Вылучаюцца 2 сезоны: летні (з сярэдзіны мая да сярэдзіны кастр.) — гарачы і дажджлівы; зімовы (з сярэдзіны кастр. да сярэдзіны сак.) — цёплы і сухі. Восенню бываюць тайфуны, у далінах рэк і на ўзбярэжжы — разбуральныя навадненні. Ападкаў 1500—2000 мм за год, у гарах да 3000 мм. Большая частка іх прыпадае на летні сезон. Рэкі горныя — кароткія, парожыстыя і мнагаводныя, багатыя гідраэнергіяй (сумарныя рэсурсы 15 млрд. кВт). На Пд ніжняе цячэнне р. Меконг, на Пн сярэдняе і ніжняе р. Хангха (Чырвоная). Прыкладна 40% тэр. (амаль выключна ў гарах) пад вечназялёнымі субтрапічнымі і трапічнымі лясамі. Вышэй за 600—700 м на Пн і 1000—1200 м на Пд побач з трапічнымі пародамі растуць дуб, бук, каштан, хвоя. Значныя ўчасткі, асабліва ў дэльце Меконга, заняты балотнай расліннасцю, у прыбярэжнай паласе — мангравыя зараснікі.

Насельніцтва. Налічваецца больш як 60 народнасцей і плямён. Асноўнае насельніцтва — в’етнамцы, або кінь (прыкладна 87%), якія жывуць пераважна на раўнінах, у перадгорных раёнах і ў гарадах. Блізкія да іх мыонгі (каля 1 млн. чал.). На Пд на раўнінах жывуць кхмеры (каля 1 млн.), ва ўзвышаных і горных раёнах на Пн — горныя таі (каля 2,5 млн. чал.), меа, ман і горныя моны, на ПдЗ — горныя кхмеры, на ПдУ — чамы і горныя чамы. У гарадах жыве каля 2 млн. кітайцаў. Сярод большай часткі вернікаў пашыраны будызм, які цесна пераплецены з даасізмам, канфуцыянствам, культам продкаў, ёсць хрысціяне (пераважна католікі), чамы — брахманісты і мусульмане. Частка горных плямён захоўвае стараж. традыц. вераванні. Сярэдняя шчыльн. 218 чал. на 1 км² (ад 20—30 чал. на 1 км² у гарах да 1000—1500 чал. на 1 км² у асвоеных нізінных раёнах). Гар. насельніцтва 20% (1993). Найб. гарады (тыс. ж., 1989): Хашымін — 3924, Хайфон — 1448, Ханой — 1088, Дананг — 370, Кантхо — 284, Нячанг — 270, Хюэ — 260, Намдынь — 220, Лангсюен — 214, Куінён — 202.

Гісторыя. Тэр. В’етнама заселена чалавекам у ніжнім палеаліце. Непасрэднымі продкамі в’етнамцаў былі лакв’еты. У 3 ст. да н.э. на Пн В’етнама ўтварыліся протадзяржавы Намв’ет і Аўлак, якія ў 111 да н.э. былі заваяваны стараж. кітайцамі. Пазней тут распаўсюдзіліся будызм махаянісцкага толку і канфуцыянства. На Пд В’етнама каля 2 ст. н.э. ўзнікла протадзяржава Цьямпа, якая знаходзілася пад уплывам Стараж. Індыі (будызм хінаянісцкага толку, індуізм у шываісцкай форме). У пач. 10 ст. Паўн. В’етнам вызваліўся ад кіт. панавання. Тут правілі каралі з дынастый Кхук [906—923], Ню [939—965], Дзінь [968—981; засн. военачальнікам Дзінь Бо Лінем, які назваў краіну Дайкав’ет — Вялікі стараж. В’ет], Ранніх Ле [981—1009]; у 10—11 ст. захоплены паўн. землі Цьямпы. Пры ўладарах дынастыі Лі [1010—1225] створана цэнтралізаваная дзяржава, у 1069 назва краіны зменена на Дайв’ет (Вялікі В’ет). Пасля палацавага перавароту 1225 сваяк караля Чан заснаваў аднайм. дынастыю (існавала да 1400). Яе ўладары стварылі моцную армію і баяздольны флот, пры падтрымцы народа адбілі ўварванні манголаў [паводле мірнага дагавора 1289 кіт. (манг.) дынастыя Юань фармальна прызнавалася сюзерэнам Дайв’ета; арганізатар абароны краіны галоўнакамандуючы Чан Хынг Дао стаў нац. героем]. З 1371 кіраўніком урада і фактычным правіцелем быў Хо Кюі Лі, які абмежаваў спадчынныя ўладанні знаці, упарадкаваў падаткаабкладанне і інш., аднак уварванне кіт. войск паклала канец праўленню заснаванай ім дынастыі Хо [1400—07]. Пасля вываду кіт. войск у выніку выступленняў патрыётаў-в’етаў іх кіраўнік Ле Лоі заснаваў дынастыю Позніх Ле [1428—1789] і прадоўжыў рэформы Хо (адноўлены статус абшчыны, праведзены адм. рэформа і ўлік зямлі, немаёмныя сяляне атрымалі надзелы). У 1471 канчаткова далучаны паўд. землі Цьямпы. У выніку аслаблення ўлады правіцеляў дому Ле (з 16 ст.) і міжусобіц 17 ст. Пн краіны фактычна захапілі буйныя саноўнікі Чыні, Пд — Нгуены. У 17 ст. ў Дайв’еце з’явіліся партуг., ісп., франц. місіянеры-католікі. Масавыя сял. выступленні (з 2-й пал. 18 ст.) у абедзвюх частках краіны перараслі ў тэйшонаў паўстанне пад лозунгам аднаўлення ўлады дынастыі Ле. Пасля спынення дынастыі Ле (1789) Нгуены пры падтрымцы французаў задушылі паўстанне і аб’ядналі дзяржаву пад сваёй уладай (1802). Пры імператарскай дынастыі Нгуенаў [1802—1945] у 1-й пал. 19 ст. адноўлена разбураная паўстаннем гаспадарка, умацавана сістэма адм. улады, пашырыліся кантакты з Францыяй. З 1804 краіна афіцыйна наз. В’етнам (Паўднёвы В’ет). У 1858 пачаўся захоп В’етнама французамі, якія пад выглядам абароны каталіцкіх місіянераў увялі ваен. эскадру ў бухту Дананг, у 1859 занялі Сайгон. Пазней акупіравана зах. частка Паўд. В’етнама — Кахінхіны (Намбо), што замацавана дагаворам 1862, у 1867 анексіравана астатняя ч. краіны. Паводле франка-в’етнамскага дагавора 1874 увесь Пд В’етнама трапіў пад уладу франц. калан. адміністрацыі. У ходзе 2-й франка-в’етн. вайны 1883—84 франц. войскі занялі ключавыя ваен. пазіцыі ў краіне і прымусілі яе правіцеляў прызнаць пратэктарат Францыі над усім В’етнамам. Пратэктарат быў падзелены на 2 часткі: паўн. (Танкін, ці Бакбо) і цэнтр. (Анам, Чунгбо). З 1893 калонія Кахінхіна і пратэктараты Анам і Танкін у складзе франц. Індакітайскага саюза (разам з Камбоджай і Лаосам). Французы заснавалі ў В’етнаме горназдабыўную прам-сць, вытв-сць рысу (76% экспарту), кавы, чаю, каўчуку. В’етн. памешчыкі валодалі 50%, каланізатары — 9% зямель. 58% мясц. сялян не мелі ўласнай зямлі. У канцы 19 ст. зарадзіўся нац.-вызв. рух (рух «вернасці імператару», партыз. выступленні сялян). У 1904 створана Таварыства абнаўлення В’етнама (выступала за выгнанне французаў з дапамогай Японіі і стварэнне канстытуцыйнай манархіі), якое ў 1912 рэарганізавана ў Таварыства адраджэння В’етнама. У 1919—20 пачаў рэв. дзейнасць Хо Шы Мін. У 1923 засн. Канстытуцыйная партыя (выступала за рэформу калан. парадкаў і наданне краіне статуса дамініёна), у 1927 — Нац. партыя В’етнама (патрабавала ліквідаваць калан. рэжым). Падрыхтаванае апошняй Йенбайскае паўстанне 1930 пацярпела няўдачу. У 1930-я г. ў нац.-вызв. барацьбу ўключылася Камуніст. партыя В’етнама (засн. ў пач. 1930, з кастр. 1930 наз. Камуніст. партыя Індакітая — КПІК). На пач. 2-й сусв. вайны тэр. В’етнама акупіравана яп. войскамі (1940—41); захавалася і франц. калан. адміністрацыя. У маі 1941 пад кіраўніцтвам КПІК створана Ліга барацьбы за незалежнасць В’етнама (гл. В’етмінь). 9.3.1945 японцы ліквідавалі франц. адміністрацыю і абвясцілі фіктыўную незалежнасць В’етнама. У выніку перамогі ўзбр. паўстання 1945 (гл. Жнівеньская рэвалюцыя 1945) скінута ўлада японцаў, 2.9.1945 у г. Ханой абвешчана Дэмакр. Рэспубліка В’етнам (ДРВ). У хуткім часе Пн краіны акупіравалі кіт. (гаміньданаўскія), Пдбрыт. войскі; потым вярнуліся французы. Паводле в’етн.-франц. пагадненняў 1946 ДРВ прызнана незалежнай дзяржавай у рамках Індакіт. федэрацыі і Франц. саюза; брыт. і гаміньданаўскія войскі заменены французскімі. У 1946 адбыліся выбары ў мясц. органы ўлады і Нац. сход (парламент), прынята Канстытуцыя ДРВ (ліст. 1946), створаны Нац. саюз В’етнама (гл. Льен-В’ет); КПІК вымушана была перайсці на нелегальнае становішча. Французы правакавалі сутыкненні, патрабавалі раззброіць узбр. сілы ДРВ. Каб захаваць свае калан. пазіцыі, Францыя 19.12.1946 пачала вайну ў Індакітаі. У 1950 ваен. ініцыятыва перайшла да в’етн. нар. арміі, якая вяла вайну Супраціўлення. Ва ўмовах вайны ў ДРВ у 1949 пачаліся агр. пераўтварэнні, якія з 1953 перараслі ў ліквідацыю памешчыцкага землеўладання і размеркаванне зямель сярод сялян. У 1950 ДРВ прызнана Сав. Саюзам і інш. краінамі. У 1951 КПІК перайменавана ў Партыю працоўных В’етнама (ППВ). У сак. 1954 часці в’етн. нар. арміі акружылі ўмацаваны раён Дзьенб’енфу, дзе знаходзіліся гал. сілы франц. экспедыцыйнага корпуса, і праз 2 месяцы французы капітулявалі. Паводле Жэнеўскіх пагадненняў 1954 аб Індакітаі тэр. В’етнама падзелена дэмаркацыйнай лініяй уздоўж 17-й паралелі (на Пн ад яе канцэнтраваліся войскі ДРВ, на Пд — войскі паўд.-в’етн. ўрада, створанага французамі ў 1949), выводзіліся франц. войскі, прадугледжваліся свабодныя агульнав’етн. выбары пад наглядам міжнар. камісіі і інш. Аднак паўд.-в’етн. ўлады адмовіліся ад удзелу ў выбарах і пад уплывам ЗША стварылі ў 1955 т.зв. Рэспубліку В’етнам (РВ) са сталіцай у Сайгоне. У ДРВ з 1954 праводзіўся курс на пабудову сацыялізму на ўзор СССР. Да 1958 адноўлена разбураная вайной гаспадарка. У 1960 пачалася індустрыялізацыя, прынята новая канстытуцыя. Ва ўмовах супраціўлення праамерыканскаму дыктатарскаму рэжыму Нго Дзінь Зьема ў Паўд. В’етнаме ў снеж. 1960 узнік Нацыянальны фронт вызвалення Паўднёвага В’етнама (НФВПВ), які меў на мэце стварэнне незалежнага дэмакр. і нейтральнага Паўд. В’етнама, аб’яднанне краіны мірным шляхам. Пад націскам мас у 1963 скінуты непапулярны Нго Дзінь Зьем, аднак уладу захапіў генералітэт. У 1965 устаноўлены ваенна-дыктатарскі рэжым ген. Нгуен Ван Тхіеў. У выніку ваен. пагаднення 1961 паміж ЗША і РВ колькасць амер. ваеннаслужачых у Паўд. В’етнаме павялічылася з 200 чал. у 1954 да 25—30 тыс. у 1964. Ва ўмовах няўдалай барацьбы паўд.-в’етн. арміі супраць ваен. атрадаў (у т. л. партызанскіх) НФВПВ, якім аказвала дапамогу ДРВ, адбылося прамое ваен. ўмяшанне ЗША (пазней і іх саюзнікаў). З 1965 амерыканцы пачалі сістэм. бамбардзіроўкі тэр. ДРВ і карныя аперацыі на Пд В’етнама. Да 1969 амер. ваен. кантынгент у РВ налічваў 543 тыс. чал., а таксама 69 тыс. ваеннаслужачых з Паўд. Карэі, Аўстраліі, Новай Зеландыі, Тайланда і Філіпін. Вайна з боку ЗША вялася жорсткімі метадамі (гл. Сангмі). Нягледзячы на 4-разовую колькасную перавагу, амерыканцы і іх саюзнікі не здолелі знішчыць асн. сілы праціўніка, які спалучаў класічныя і партыз. метады вядзення вайны — пазбягаў франтальных сутыкненняў з буйнымі амер. злучэннямі і прымушаў іх трымаць у рэзерве значныя сілы для аховы ўласных ваен. баз і камунікацый. На вызваленых патрыят. сіламі тэрыторыях у 1968—69 праведзены выбары, у чэрв. 1969 створаны Часовы рэв. ўрад Рэспублікі Паўднёвы В’етнам (РПВ), які далучыўся да ўдзелу ў перагаворах па в’етн. пытанні ў Парыжы (пачаліся ў сак. 1968 паміж прадстаўнікамі ДРВ, РВ, ЗША). На пач. 1970-х г. РПВ прызнана 40 дзяржавамі свету. Ва ўмовах росту антываен. выступленняў унутры ЗША і падзення іх міжнар. прэстыжу новае амер. паліт. кіраўніцтва на чале з прэзідэнтам Р.Ніксанам узяло курс на «в’етнамізацыю» вайны (з 1969) — паступовы перанос асн. цяжару баявых дзеянняў на паўд.-в’етн. армію пры захаванні матэрыяльнай і ваен.-тэхн. дапамогі з боку ЗША. Да пач. 1973 амер. ваен. кантынгент скарочаны да 69 тыс. чал. Пасля падпісання Парыжскага пагаднення 1973 з В’етнама выведзены войскі ЗША і іх саюзнікаў. Аднак вайна ў В’етнаме працягвалася і скончылася паражэннем сайгонскага рэжыму (30.4.1975 вызвалены Сайгон). Гэтым завершана аб’яднанне краіны: у ліст. 1975 склікана Паліт. кансультатыўная нарада па аб’яднанні Паўн. і Паўд. В’етнамаў; абраны на ўсеагульных выбарах адзіны Нац. сход 2.7.1976 абвясціў Сацыяліст. Рэспубліку В’етнам — СРВ. Цяжкія вынікі вайны (у т. л. знішчэнне 50% лясных масіваў і 20% с.-г. угоддзяў), нізкая эфектыўнасць эканомікі, вайна В’етнама ў Камбоджы (1979), пагран. канфлікт 1979 з Кітаем і інш. спарадзілі эканам. праблемы. У 1988 дэмакратычная і сацыялістычная партыі самаліквідаваліся, паліт. кіраўніцтва СРВ (камуніст. партыя) стала праводзіць курс на паступовыя рыначныя пераўтварэнні эканомікі. У 1992 прынята новая канстытуцыя (замяніла канстытуцыю 1980), праведзены выбары ў Нац. сход. В’етнам. — член ААН (з 1977), АСЕАН (з 1995). Дыпламат. адносіны з Беларуссю ўстаноўлены ў 1992.

Палітычныя партыі і грамадскія арганізацыі. Камуніст. партыя В’етнама, Саюз камуніст. моладзі Хо Шы Міна, Айчынны фронт В’етнама, Усеагульная канфедэрацыя працоўных В’етнама.

Гаспадарка. В’етнам — індустрыяльна-аграрная дзяржава. Прамысловасць дае асноўную ч. валавога ўнутр. прадукту і экспарту, аднак большасць насельніцтва (65%) занята ў сельскай гаспадарцы. Здабываюць каменны вугаль і нафту — па 4,8 млн. т (1992), вальфрам, волава, апатыты, храміты, марганцавыя руды, соль з марской вады, буд. матэрыялы. Асн. цэнтры здабычы вугалю Хангай, Камфа, Куангйен, апатытавы руднік у Лакаі, руднік па здабычы хрому з абагачальнай ф-кай у Кадзіне, алавяны камбінат у Каабангу. Асн. цэнтр нафтаздабычы г. Вунгтаў. Электраэнергетыка пераважна на каменным вугалі, вытв-сць электраэнергіі 9,8 млрд. кВт·гадз (1992). Ёсць прадпрыемствы чорнай (Тхайнгуен, Б’енхаа) і каляровай (Ціньтук) металургіі. Машынабудаванне і металаапрацоўка прадстаўлены вытв-сцю дызеляў, помпаў, с.-г. тэхнікі, трансп. сродкаў (у т. л. невялікіх рачных і марскіх суднаў), разнастайных механізмаў (Ханой, Хайфон, Хашымін, Б’енхаа, Міньхай, Вінь). Ёсць прадпрыемствы па рамонце самалётаў, суднаў, аўтамашын, зборцы веласіпедаў, рухавікоў, матаролераў, гадзіннікаў, радыёапаратуры. Хім. прам-сць (вытв-сць мінер. угнаенняў) развіваецца ў правінцыях Хабак, Ламтхаа, вытв-сць цэменту і будматэрыялаў — у Ханоі, Хайфоне, правінцыі Хатуен, працуюць лесапільныя і дрэваапрацоўчыя, цэлюлозна-папяровыя, мэблевыя, па вытв-сці чарапіцы, жалезабетонных вырабаў, шкла, піламатэрыялаў, запалак і інш. прадпрыемствы. Развіта лясная гаспадарка, нарыхтоўка каштоўных парод дрэў (жалезнага, чорнага, палісандравага, розных відаў бамбуку). У лясах праводзіцца збор кардамону, бадзяну, карыцы, бензою, камедзі, каніфолі, сыравіны для дубільных і фарбавальных рэчываў. Лёгкая (баваўняная, трыкат., абутковая) і харч. (рысаачышчальная, цукровая, чайная, рыбаперапрацоўчая, кансервавая, вытв-сць эфірных алеяў) прам-сць. Прадпрыемствы мясц. прам-сці і кааператываў вырабляюць цукар, патаку, піва, рыбны соус (традыцыйны харч. прадукт), тытунёвыя вырабы, рэчы хатняга ўжытку, тканіны, абутак, мыла і інш. Саматужная вытв-сць і маст. рамёствы даюць каля ⅓ прамысл. прадукцыі і больш як ​1/5 кошту экспарту. У сельскай гаспадарцы пераважае раслінаводства. Пасяўныя пл. — 8,2 млн. га (1992), каля паловы іх арашаецца. На большай частцы зямель штогод здымаюць 2—3 ураджаі. 86% пасяўных пл. займаюць харч. культуры, пераважна рыс (у дэльтах рэк Меконг і Хангха, на прыбярэжных раўнінах), а таксама батат, кукуруза, маніёк, проса. Валавы збор харч. культур у пераліку на рыс склаў 24 млн. т (1992). З тэхн. культур вырошчваюць цукр. трыснёг, чай, тытунь, джут, арахіс, бавоўну, каву, каўчуканосы (гевею). Развіта трапічнае садоўніцтва (пераважна бананы і ананасы), вырошчваюць гародніну, кветкі, лекавыя травы. Буйн. раг. Жывёлы (1993), гал. чынам буйвалаў, што выкарыстоўваюцца як цяглавая сіла, 3,3 млн. галоў, свіней 14,9 млн. галоў, коней 133 тыс. галоў. Птушкагадоўля. У сажалках, на рысавых палях, рэках і морах — рыбалоўства (сумарны ўлоў рыбы 1080 тыс. т.; 1993). Транспарт прадстаўлены сеткай вузкакалейных чыгунак (пераважная шырыня каляі 1 м, даўж. 3,1 тыс. км, у т. л. гал. чыгунка Ханой—Хашымін — 1,8 тыс. км), суднаходных рэк, праток і каналаў каля 40 тыс. км, аўтадарог больш за 300 тыс. км. 17 марскіх і рыбалоўных партоў, у т. л. Хашымін, Хайфон, Дананг, Камфа. 100 аэрадромаў і аэрапортаў, міжнар. аэрапорты ў Ханоі і Хашыміне. Экспарт 2,4 млрд. дол., імпарт 2,3 млрд. дол. (1992). Экспартуюцца с.-г. і рамесніцкая прадукцыя, вугаль, мінералы і руды, нафта, морапрадукты, баваўняныя тканіны, каўчук, чай, драўніна, некаторыя тавары нар. спажывання, у асобныя гады рыс. Імпартуюцца электронныя і эл.-тэхн. вырабы, прадукцыя хім. прам-сці, трансп. сродкі, нафтапрадукты, лекі, бавоўна, угнаенні, зерне. Гал. гандл. партнёры: Тайвань, Сінгапур, Сянган, КНР, Філіпіны, Японія, Расія. В’етнам атрымлівае значную дапамогу ад шэрагу краін (Японія, Францыя, Вялікабрытанія). Беларусь экспартуе ў В’етнам пракат чорных металаў, грузавікі, трактары, падшыпнікі, матацыклы, імпартуе пераважна натуральны каўчук. Арганізаваны 2 сумесныя прадпрыемствы па вытв-сці натуральнага каўчуку. Грашовая адзінка — донг.

Узброеныя сілы. Уключаюць рэгулярныя В’етн. нар. армію (ВНА; складаецца з сухап. войск, ВПС, войск ППА і ВМС) і войскі МУС, а таксама ірэгулярнае нар. апалчэнне. Вярх. галоўнакамандуючы — прэзідэнт. У ВНА больш за 850 тыс. чал. (1994). Сухап. войскі (700 тыс. чал.) падзяляюцца на палявыя і мясцовыя. Усяго ў іх 62 пях. і механізаваныя і 8 інж. дывізій, 10 бранятанк. брыгад, 15 асобных пях. палкоў, 10 брыгад палявой артылерыі, 20 асобных інж. брыгад; маюць 1750 танкаў (Т-34, -54, -55 і тыпу 59), каля 1700 адзінак інш. бранятанк. тэхнікі, каля 3 тыс. гармат палявой і процітанк. артылерыі, каля 10 тыс. мінамётаў і інш. У ВПС (каля 15 тыс. чал.) 4 авіяц. дывізіі (у т. л. 2 знішчальна-бамбардзіровачныя і 5 знішчальных палкоў, 3 палкі ваен трансп. авіяцыі), каля 270 баявых самалётаў і верталётаў (у т. л. знішчальнікі-бамбардзіроўшчыкі Су-17, Су-22, знішчальнікі МіГ-21 біс і верталёты Мі-24). Войскі ППА (каля 100 тыс. чал.) складаюцца з зенітна-ракетных і радыётэхн. войск і зенітнай артылерыі, зведзеных у дывізіі і брыгады, якія маюць 66 комплексаў SA-2, -3 і -6, каля 100 радыёлакацыйных станцый, больш за 1000 гармат зенітнай артылерыі. У складзе ВМС (42 тыс. чал.) надводныя караблі (7 фрэгатаў, 64 патрульныя і вартавыя катэры, 8 ракетных і 21 тарпедны катэр, 7 дэсантных караблёў), марская пяхота (каля 30 тыс. чал., 2 брыгады, ёсць плаваючыя танкі, бронетранспарцёры, лёгкая артылерыя), часці берагавой абароны (маюць лёгкія танкі, баявыя машыны пяхоты, каля 100 гармат берагавой артылерыі і зенітна-ракетныя сродкі), якія аб’яднаны ў ваенна-марскія базы і раёны. Войскі МУС складаюцца з войск унутр. аховы і пагранічных, маюць пераважна лёгкую артыл. і стралк. зброю. Нар. апалчэнне — масавая ваенізаваная арг-цыя, якая фарміруецца паводле тэр.-вытв. адзнакі і забяспечвае падрыхтоўку і мабілізацыйнае разгортванне ваенна-абучанага рэзерву ВНА.

Ахова здароўя. Сярэдняя працягласць жыцця мужчын 63, жанчын 68 гадоў. Смяротнасць 8 на 1 тыс. чал. Забеспячэнне бальнічнымі ложкамі — 1 на 298 чал., урачамі — 1 на 2843 чал. Узровень нараджальнасці 27 на 1 тыс. чал. Дзіцячая смяротнасць 46 на 1 тыс. нованароджаных (1994).

Асвета. Сістэма адукацыі В’етнама ўключае ўстановы дашкольнага выхавання, агульнаадук. школу, сярэднія спец. навуч. ўстановы, прафес. вучылішчы, ВНУ. Паводле звестак ЮНЕСКА, непісьменнасць у В’етнаме знізілася да 12,4% (1990). У 1961 пачалі стварацца 1-гадовыя падрыхтоўчыя класы для дашкольнікаў, якія сталі абавязковымі. 12-гадовая агульнаадук. школа прадугледжвае 2 ступені: 1—5-ы кл. і 6—12-ы кл. (навучанне на 2-й ступені на працягу 4 гадоў дае няпоўную сярэднюю адукацыю; наступнае навучанне на працягу 3 гадоў — поўную сярэднюю). Пач. і няпоўная сярэдняя адукацыя абавязковая. Прафес. адукацыю даюць прафес.-тэхн. вучылішчы і тэхнікумы. Ствараецца сістэма завочнай і вячэрняй (сярэдняй і вышэйшай) адукацыі. На прадпрыемствах вядзецца курсавая падрыхтоўка рабочых кадраў без адрыву ад вытв-сці. У сістэму вышэйшай адукацыі ўваходзяць ун-ты, ін-ты, вышэйшыя школы і вучылішчы (тэхн. і пед.). Тэрмін навучання ў ВНУ 4—5 гадоў, у вышэйшых школах і вучылішчах 3—4 гады. Буйнейшыя ВНУ: Ханойскі ун-т (з 1918), ун-ты ў гарадах Хашымін, Хюэ, Кантхо, Далат; політэхн., пед., мед. ін-ты, кансерваторыя (усе з 1955), ін-ты нар. гаспадаркі (з 1956), сувязі (1969), інжынераў транспарту (1968) — усе ў Ханоі. Б-кі: Нац., Цэнтральная, Ханойскага ун-та і інш. Музеі: Нац. музей, Музей прыгожых мастацтваў і інш. Навук. даследаванні вядуцца ў н.-д. установах, ун-тах і галіновых ін-тах.

Друк, радыё, тэлебачанне. Выходзіць больш як 100 цэнтральных, а таксама правінцыяльных перыяд. выданняў. Буйнейшыя газеты «Nhân dân» («Народ», з 1951), «Lao dông» («Праца», з 1943), «Dôc lâp» («Незалежнасць», з 1953), «Tô quôć» («Радзіма», з 1946), «Tiê’n phong» («Авангард», з 1953), «Hanoi Moi» («Новы Ханой»). Асноўныя радыё- і тэлестанцыі размешчаны ў буйных гарадах: Ханой, Хашымін, Хайфон, Дананг. Ханойская радыёстанцыя «Голас В’етнама» (з 1945) вядзе перадачы на в’етнамскай, англ., франц., кіт. і яп. мовах. Тэлецэнтр у Ханоі працуе з 1971. Афіц. дзярж. інфарм. орган — В’етнамскае інфарм. агенцтва (ВІА, з 1945).

Літаратура. Старажытны фальклор в’етнамцаў — гэта цыкл міфал. паданняў пра гасудара Дракона Лака, першапродка і першанастаўніка людзей, багатырская казка пра героя Фу Донга, паданні пра буд-ва Крэпасці-смаўжа, пра старадаўніх ваяўніц сясцёр Чынг. Раннія помнікі в’етн. пісьменства датуюцца 10—12 ст. У 13—14 ст. развівалася прыдворная паэзія, пазначаная сузіральным будыйскім светаадчуваннем. Патрыят. настроі ў вершах і рытмічнай прозе пра барацьбу з манг. нашэсцем у 13 ст. У канцы 14 ст. ў паэзіі з’явіліся тэмы сац. пратэсту, раннія сац. утопіі. На аснове апавядальнага фальклору і летапіснай традыцыі пачала фарміравацца навела. У 15 ст. паэзія развівалася на гутарковай в’етн. мове («Зборнік вершаў на роднай мове» Нгуен Чая). У гэтым працэсе ўдзельнічала літ. аб’яднанне «Збор дваццаці васьмі зорак» на чале з імператарам Ле Тхань Тонгам. У 16—17 ст. з’явілася рытмічная проза. Выдатны помнік канца 17 — пач. 18 ст. гіст.-эпічная паэма «Кніга нябеснага Поўдня» — апавяданні пра подзвігі гіст. асоб і легендарных герояў В’етнама. У 18 — пач. 19 ст. зарадзілася лірычная паэма (нгэм), росквіту дасягнула апавядальная паэма (чуен). Сінтэз гэтых жанраў — у паэме Нгуен Зу «Стогны спакутаванай душы». У прозе з’явіўся раман-эпапея («Імператар Ле — аб’яднальнік краіны»). З 2-й пал. 19 ст. л-ра В’етнама развівалася ва ўмовах нац.-вызв. руху. У паэзіі пераважалі патрыят. матывы (Нгуен Дзінь Цьеў), узмацнілася сатыр. накіраванасць твораў (Нгуен Кхюен, Ту Сыонг). Паэзія і публіцыстыка пач. 20 ст. адлюстроўвалі ідэі асветніцтва, грамадз. пафас (Фан Бой Цяў). Фарміруюцца сучасныя празаічныя жанры: навела, раман, драма. У 1930-я г. ўзнік рух «Новай паэзіі», які садзейнічаў перабудове сістэмы вершаскладання, вызваленню чалавека ад феад. перажыткаў. У 1920—30-я г. зарадзілася рэв. л-ра (То Хыў, Хо Шы Мін), фарміраваўся рэаліст. кірунак (проза Нгуен Конг Хаана, Нгуен Хонга, Нго Тат То і інш.). У гады Супраціўлення і «двух В’етнамаў» (1945—75) л-ра на фоне далейшай дэмакратызацыі літ. мовы вяла пошукі маст. формы твораў. З 1976 л-ра В’етнама развіваецца ва ўмовах аб’яднанай дзяржавы (творчасць Нгуен Хюі Тыонга, Нгуен Конг Хаана, То Хыў, Хюі Кана, Тэ Ханя, Нгуен Туана, Нгуен Хонга, Суан Зьеў, Тэ Лан В’ена, То Хаая, Нгуен Дзінь Тхі). На бел. мове выдадзены асобнымі кнігамі анталогія в’етн. паэзіі «Апалены лотас» (пер. Я.Семяжона, 1968), зб. апавяданняў Нгуен Конг Хаана «Зачараваная манета» (пер. Г.Шаранговіч і В.Бурносава, 1973), раман Нгуен Дзінь Тхі «Абвальваюцца берагі» (пер. Л.Салаўя, 1981), зб. вершаў Хо Шы Міна «Турэмны дзённік» (пер. Я.Сіпакова, 1985).

Архітэктура і выяўленчае мастацтва. Самыя стараж. помнікі маст. культуры на тэр. В’етнама (бронзавыя барабаны) адносяцца да данешонскай культуры (10—1 ст. да н.э.). Стараж. арх. помнік — г. Калоа (3 ст. да н.э., Паўн. В’етнам), абнесены 9 канцэнтрычнымі сценамі (захаваліся часткі). Найб. вядомыя пабудовы адносяцца да эпох Позніх Лі і Чан: будыйскі храм Тхонг-Нгіем (1010), «Храм літаратуры» ў гонар Канфуцыя (1070), пагада Мот-Кот (1049, адноўлена ў 1956) у Ханоі і інш. Захаваліся храмавыя комплексы Тай-Фыонг паблізу Ханоя (17 ст.), Кэо ў правінцыі Тхайбінь (1632), грамадскія будынкі «дзынь» у в. Дыньбанг паблізу Ханоя (18 ст.). Палацы 19 ст. багата аздоблены разьбой па дрэве, слановай косці і лакам (тронная зала «Палаца дасканалай гармоніі» ў Хюэ, 1805—33). У скульптуры (каменнай, драўлянай, пакрытай лакам) з 15 ст. з’яўляюцца выявы кананізаваных памерлых свяшчэннаслужыцеляў (статуя мудраца Тует Шона з пагады Тай-Фыонг, 15 ст.). Жывапіс 15—19 ст. — храмавыя размалёўкі, пейзажы, пахавальныя партрэты, нар. лубок. З маст. рамёстваў пашыраны разьба па слановай косці, дрэве, якая спалучалася з інкрустацыяй косцю і перламутрам, ліццё з металу, пляценне з чароту, вытв-сць лакавых вырабаў з размалёўкай каляровымі і залатымі лакамі. У калан. перыяд нац. традыцыі В’етнама захоўваліся ў нар. дойлідстве і прыкладным мастацтве. У 1925 заснавана Вышэйшая школа прыгожых мастацтваў у Ханоі. У гады вайны Супраціўлення (1945—54) мастакі То Нгок Ван, Фан Ке Ан, Лыонг Суан Ньі і інш. стваралі агітац. плакаты, эстампы, малюнкі, прысвечаныя подзвігам нац. герояў. Пасля 1954 важнае месца заняло прамысл. буд-ва. Сучасныя арх. формы спалучаюцца з традыцыямі нар. дойлідства. У выяўл. мастацтве развіваюцца жывапіс вадзянымі фарбамі на шоўку (Нгуен Фан Цян, Чан Донг Лыонг і інш.) і асабліва лакавы жывапіс (Фан Ке Ан, Хаанг Тык Цю, Ле Нгіен і інш.), якія дзякуючы іх своеасаблівай дэкар. выразнасці пачалі выкарыстоўваць для стварэння станковых карцін. Пашырыўся і алейны жывапіс (Чан Ван Кан, Май Ван Хіен, Лыонг Суан Ньі і інш.). Асн. тэматыка жывапісных твораў — працоўнае жыццё і барацьба народа. Развіваюцца графіка (ілюстрацыя, эстамп, плакат) і скульптура (Чан Ван Лам, Зьен Мінь Цяў, Дао Ван Кан і інш.). У 1957 адкрыта Вышэйшае маст. вучылішча, у 1958 — Маст.-прамысловае вучылішча ў Ханоі. У 1958 арганізаваны Саюз мастакоў ДРВ.

Музыка. Уключае муз. традыцыі асн. этнасу — в’етаў і інш. народнасцей краіны. Найб. стараж. помнікі муз. культуры — літафоны (4—3-е тыс. да н.э.), бронзавыя барабаны і гонгі (1-е тыс. да н.э.), якія складалі аснову цырыманіяльных ансамбляў (сустракаюцца і ў наш час). З музыкай в’етаў узаемадзейнічалі кітайскія (з 2 ст. да н.э.) і інш. (з 1—2 ст. н.э.) муз. традыцыі, абмежаваныя сферай прыдворнага і храмавага музіцыравання (канфуцыянскія і будыйскія рытуалы). Найб. інтэнсіўна музыка в’етаў пачала развівацца з 10 ст. У 10—11 ст. на Пн краіны фарміраваўся сельскі муз. т-р тэа. У 14—15 ст. развіваліся формы вак. музыкі. У 15—16 ст. складваюцца асновы класічнай прафес. музыкі. Разам з канфуцыянскім вучэннем на прыдворную культуру ўплывалі кіт. класічная музыка і т-р. У працэсе в’етнамізацыі кіт. музыкі ўзніклі шматсастаўныя цырыманіяльныя аркестры — «Ня няк», «Донг ван», «Зяо Фыонг», паказы муз. драмы туонг — адной з вяршынь класічнага т-ра ў Паўд.-Усх. Азіі. У асяроддзі феад. арыстакратыі было пашырана распяванне класічных паэм у суправаджэнні лютні і цытры (існуе і цяпер). У 17—19 ст. інтэнсіўна развіваліся муз. традыцыі гарадоў (камерна-інстр. традыцыя г. Хюэ і інш.), уводзіліся розныя тыпы натацыі. Сярод муз. інструментаў: духавыя (пераважна з бамбуку) — сяо, тыеў (тып флейты), кен, сона (род габоя); кі па (бычыны рог); струнныя смычковыя ні, хо, струнныя шчыпковыя дан баў, дан ты ба, дан нгуэт, дан дай (лютні), дан чань (цытра); ударныя — літафоны, разнавіднасці барабанаў, гонгі, званочкі, драўляныя бразготкі; ксілафон трынг, клом пут (дынг бут), губны арган хен і інш. На мяжы 19—20 ст. у В’етнаме з’явіліся элементы зах.-еўрап. музыкі. Сярод вядучых кампазітараў: Нгуен Суан Хаат, Гуй Зу, Лыў Хыў Фыок, До Нюан, Ван Као, Хуанг В’ет, Дам Лінь, Нгуен Дык Туан і інш. Пасля ўз’яднання В’етнама (1975) актыўна развіваецца муз. адукацыя, адкрываюцца спец. навуч. ўстановы еўрап. тыпу. Працуюць (1997): Т-р оперы і балета ў Ханоі, 2 сімф. аркестры, у т. л. Дзярж. сімфанічны; аркестр нар. інструментаў; кансерваторыі ў Ханоі і Хашыміне, муз. вучылішча ў г. Хюэ; Ін-т музыказнаўства ў Ханоі (1956); Саюз кампазітараў.

Тэатр. Традыц. віды в’етн. т-ра — муз.-драм. прадстаўленні туонг, тэа і кай-лыонг. Туонг (класічны т-р) узнік у 11 ст. на Пн краіны як прыдворнае відовішча. У рэпертуары былі п’есы на сюжэты в’етн. міфалогіі і кіт. гісторыі. Неад’емная яго частка — музыка і танцы, якія садзейнічаюць раскрыццю характараў герояў. Прадстаўленні ідуць без дэкарацый. Да лепшых дасягненняў т-ра туонг на пач. 20 ст. належаць гіст. п’есы Нгуен Хыў Тыена і Хаанг Танг Бі. Вытокі тэа (нар. т-р) — у нар. песнях паўн. В’етнама, у святкаваннях, якімі штогод адзначалі збор ураджаю ў дэльце р. Хангха. Асн. персанажы прадстаўленняў — сяляне. Дзеянне суправаджалася музыкай, танцамі, спевамі. Паказы звычайна ладзіліся ў дварах культавых пабудоў. Пазней спектаклі тэа перанесены на сцэну. На пач. 20 ст. на Пд В’етнама сфарміраваўся новы від т-ра — кай-лыонг (рэфармаваны т-р). Прадстаўленні суправаджаліся музыкай, былі заслона і дэкарацыі. Яго сюжэты разнастайныя: гіст., легенды, з жыцця в’етн. грамадства пач. 20 ст., пераробленыя п’есы еўрап. аўтараў ці сцэнарыі фільмаў. Значны ўклад у развіццё кай-лыонга зрабіў паэт Тхе Лы, які ў 1942—43 стварыў трупу, што пазней стала насіць яго імя. У 1920-я г. ўзнік «размоўны» (драм.) т-р кіць-ной, які ставіў камедыі Мальера, п’есы нац. драматургаў Ву Дзінь Лонга, Ву Гуен Дака і інш. Пасля 1945 створаны калектывы «Архідэя», «Народная трупа», «Трупа Перамогі» і інш.; з’явіліся новыя п’есы; адрадзіліся туонг, тэа, кай-лыонг (прафес. і аматарскія). На працягу стагоддзяў у В’етнаме існаваў традыцыйны нар. т-р лялек. Яго мастацтва перадавалася з пакалення ў пакаленне. Першы прафес. т-р лялек створаны ў Ханоі ў 1957. З 1957 дзейнічае Асацыяцыя артыстаў в’етн. т-ра. У 1961 адкрыта Вышэйшая драм. школа.

Кіно. Нац. кінематограф пачаўся ў 1948 хранік. фільмам пра барацьбу в’етн. партызан. На пач. 1950-х г. зняты дакумент. стужкі «Перамога на Паўночна-Заходнім фронце», «Абарона адной вёскі» і інш. У 1958 створана кінастудыя ў Ханоі. У 1959 зняты першы маст. фільм «На берагах адной ракі» (рэж. Нгуен Хонг Нгі і Фам Фіеў Зан). Сярод фільмаў 1960—80-х г.: «Апельсінавы сад», «17-я паралель: дні і ночы», «Дзяўчынка з Ханоя», «Спустошанае поле», «Малады баец», «Раён бур», «Каханне не вяртаецца». У Ханоі працуюць студыі маст., хранік.-дакумент., мультыплікацыйных і лялечных фільмаў. У 1959 створана Нац. кінашкола, у 1969 — Саюз кінематаграфістаў.

Літ.:

История Вьетнама в новейшее время (1917—1965). М., 1970;

Новейшая история Вьетнама. М., 1984;

Вьетнам: Справ. М., 1993;

Муриан И.Ф. Изобразительное искусство Социалистической Республики Вьетнам. М., 1980;

Нгуен Фи Хоань. Искусство Вьетнама: Пер. с вьетнам. М., 1982;

Хуан Тан Ши. Народные музыкальные инструменты Вьетнама // Из истории музыки XX в.: Сб. ст. М., 1971.

П.І.Рогач (прырода, гаспадарка), У.Я.Калаткоў (гісторыя да 1884), М.Г.Елісееў (гісторыя з 1884), А.М.Гарахавік (музыка).

т. 4, с. 123

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІСПА́НІЯ (España),

Каралеўства Іспанія (Reino de España), дзяржава на ПдЗ Еўропы, на Пірэнейскім п-ве; уключае таксама Балеарскія а-вы ў Міжземным м. і Канарскія а-вы ў Атлантычным ак.; І. належаць гарады Сеута і Мелілья ў Афрыцы (на Пн Марока). Мяжуе на Пн з Францыяй і Андорай, на З з Партугаліяй, на Пд з брытанскім уладаннем Гібралтар. На Пн абмываецца Біскайскім зал., на ПнЗ і ПдЗ — Атлантычным ак., на ПнУ і У — Міжземным м. Падзяляецца на 50 правінцый, 47 з іх знаходзяцца на паўвостраве, а 3 — астраўныя (2 на Канарскіх а-вах, 1 на Балеарскіх а-вах). Правінцыі аб’яднаны ў 17 аўтаномных абласцей: Каталонія, Краіна Баскаў, Галісія, Андалусія, Валенсія, Эстрэмадура, Кастылія-Леон, Кастылія-Ла-Манча, Астурыя, Навара, Мурсія, Ла-Рыёха, Арагон, Кантабрыя, Мадрыд, Балеарскія а-вы, Канарскія а-вы. Пл. 504,8 тыс. км². Нас. 39,6 млн. чал. (1995). Сталіца — г. Мадрыд. Дзярж. мова — іспанская; афіцыйна карыстаюцца таксама каталанскай, баскскай, галісійскай мовамі. Нац. свята — Дзень ісп. нацыі (12 кастр., дата адкрыцця Х.Калумбам Амерыкі).

Дзяржаўны лад. І. — спадчынная парламенцкая манархія. Дзейнічае канстытуцыя 1978. Кіраўнік дзяржавы — кароль, роля якога ў асноўным мае прадстаўнічы характар. Заканад. орган — двухпалатны парламент (Ген. картэсы), складаецца з кангрэса дэпутатаў (350 чл.) і сената (208 чл.), выбіраецца насельніцтвам на 4 гады. Законы, якія прымаюцца парламентам, зацвярджае кароль. Выканаўчы орган — Савет міністраў на чале з прэм’ер-міністрам. Урад фарміруе партыя, якая атрымала перамогу на выбарах у картэсы.

Пры каралі існуе кансультатыўны орган — Савет каралеўства. У Краіне Баскаў створаны аўт. ўрад. Суд. сістэма складаецца з цывільных і ваен. судоў. Суддзі назначаюцца ўрадам. У структуры цывільных судоў Вярх. суд, 15 апеляцыйных, 50 правінцыяльных і больш за 9 тыс. мясц. судоў.

Прырода. І. — гарыстая краіна. Пласкагор’і і горы займаюць 90% тэрыторыі. Цэнтр. ч. займае стараж., моцна разбуранае пласкагор’е Месета, прыўзнятае па краях. Яно акаймавана маладымі гарамі: на Пн Кантабрыйскімі, на ПнУ Іберыйскімі, на Пд Андалускімі з найвыш. вяршыняй — г. Муласен (3478 м). Цэнтр. Кардыльера (выш. да 2592 м) падзяляе Месету на Старакастыльскае (на Пн) і Новакастыльскае (на Пд) пласкагор’і. На ПнУ краіны — горы Пірэнеі (выш. да 3404 м, пік Анета) і Каталонскія горы. На ПнУ уздоўж р. Эбра знаходзіцца Арагонская раўніна, на ПдЗ уздоўж р. Гвадалквівір — Андалуская нізіна. Карысныя выкапні: медныя, ртутныя, свінцова-цынкавыя, жалезныя, вальфрамавыя, хромавыя, уранавыя руды, каменны вугаль, калійныя солі, сера, гаручыя сланцы. Клімат на б.ч. краіны міжземнаморскі з гарачым сухім летам і мяккай вільготнай зімой. На пласкагор’і клімат блізкі да кантынентальнага, на Пн — да ўмеранага з прыкметамі марскога. Сярэдняя т-ра студз. ад 8,4 °C на Пн да 12,3 °C на Пд, жн. ад 18—20 °C на Пн да 26 °C на Пд. Ападкаў 350—500 мм за год, на Пд і У месцамі менш за 200 мм, на ПнЗ 900—1000 мм, у гарах 1500—2000 мм. Рачная сетка густая, але рэкі малаводныя. Найбольшыя рэкі: Таха, Дуэра, Эбра і Гвадалквівір. Выкарыстоўваюцца на арашэнне і ў энергет. мэтах. Глебы: буразёмы, чырваназёмы, шкілетныя камяністыя, на Пн месцамі падзолістыя, у далінах рэк і на нізінах урадлівыя алювіяльныя. Развіты эразійныя працэсы. На Пн і ПнЗ лістападныя шыракалістыя лясы (дуб, бук, каштан). На астатняй тэр. пераважаюць міжземнаморскія ксерафітныя лясы і хмызнякі (маквіс, гарыга). Пад лясамі каля 10% тэрыторыі, пад хмызнякамі каля 30%. З жывёл характэрныя ліс, барсук, воўк, пірэнейскі мядзведзь, каменны казёл, генета, алжырскі вожык і інш. Да 400 відаў птушак. Шмат відаў яшчарак і змей. 11 нац. паркаў, буйныя заказнікі і рэзерваты.

Насельніцтва. Каля ​2/з — іспанцы. Да карэннага насельніцтва адносяцца таксама каталонцы (каля 5 млн. чал., у Каталоніі і на Балеарскіх а-вах), галісійцы (каля 3 млн. чал., у Галісіі), баскі (каля 1 млн. чал., на ўзбярэжжы Біскайскага зал. каля мяжы з Францыяй). Жывуць таксама партугальцы, цыганы і інш. 98% вернікаў — католікі. Сярэдняя шчыльн. 78,5 чал. на 1 км². Найб. густа (да 500 чал. на 1 км²) заселены прыморскія раёны і наваколле Мадрыда. Натуральны прырост каля 1%. У гарадах жыве 77% насельніцтва. У 55 гарадах жыве больш як па 100 тыс. жыхароў. Найбольшыя гарады (млн. ж., 1991): Мадрыд — 3, Барселона — 1,6, Валенсія — 0,8, Севілья — 0,7, Сарагоса — 0,6. У прам-сці і буд-ве занята 33% насельніцтва, у сельскай і лясной гаспадарцы і рыбалоўстве — 11%, у абслуговых галінах — 56%.

Гісторыя. Паводле археал. звестак тэр. І. заселена з часоў ніжняга палеаліту (400 тыс. — 100 тыс. г. назад). У 2-м тыс. да н.э. насельніцтва І. ведала меднарудную і бронзаліцейную вытв-сць, займалася земляробствам і жывёлагадоўляй. З 7 ст. да н.э.

пачалася сістэм. каланізацыя паўд. і ўсх. ўзбярэжжа І. фінікійцамі і стараж. грэкамі. У 7—5 ст. да н.э. на ўзбярэжжы Міжземнага м. склалася культура ібераў. У 5—3 ст. да н.э. на тэр. І. рассяліліся кельты, якія прыйшлі на паўвостраў праз Пірэнеі. У выніку змяшэння іх з іберамі ўзнікла плем. група — кельтыберы. Да канца 3 ст. да н.э. большая частка тэр. І. апынулася пад уладай Карфагена. 3218 да н.э. пачалося заваяванне І. рымлянамі, якое з-за супраціўлення мясц. плямён доўжылася да канца 1 ст. да н.э. У час рым. панавання мясц. насельніцтва (акрамя баскаў) раманізавана (прыняло лац. мову, рым. звычаі, законы і вераванні), адбыліся эканам. і культ. пераўтварэнні (засн. гарады, створана тыповая для Рым. імперыі інфраструктура — дарогі, масты, акведукі). У 1 ст. н.э. ў І. пачало пранікаць хрысціянства. У 409 на тэр. І. ўварваліся вандалы, аланы, свевы, у барацьбе з якімі рымляне выкарыстоўвалі дапамогу вестготаў. У 2-й пал. 5 ст. вестгоцкі кароль Эйрых захапіў амаль усю тэр. Пірэнейскага п-ва і разарваў саюз з Рымам. У пач. 6 ст. сюды перамясціўся цэнтр каралеўства вестготаў. У 585 вестготы далучылі да сваіх уладанняў дзяржаву свеваў, у пач. 7 ст. адваявалі ісп. землі ў візантыйцаў; прынялі каталіцтва і з дапамогай царквы стварылі дзяржаву са сталіцай у Таледа. У 711—718 амаль усю тэр. Пірэнейскага п-ва заваявалі арабы (маўры) і стварылі эмірат, які ўваходзіў у склад халіфата Амеядаў; у 756 Амеяды заснавалі незалежны Кардоўскі эмірат, у 929 — Кардоўскі халіфат. Найб магутнасці араб. дзяржава дасягнула пры Абдарахмане III [912—961], У 1031 Кардоўскі халіфат распаўся на мноства дробных эміратаў. Яшчэ ў 8 ст. на Пн паўвострава ўзніклі цэнтры супраціўлення араб. заваяванню. У 718 пасля паражэння маўраў каля Кавадонгі ўзнікла каралеўства Астурыя; з гэтага часу пачалася Рэканкіста — адваяванне народамі Пірэнейскага п-ва захопленых маўрамі зямель. Другім цэнтрам супраціўлення стала Навара, якая ў сярэдзіне 9 ст. дамаглася незалежнасці ад арабаў і франкаў.

У канцы 8 — пач. 9 ст. франкі адваявалі ў арабаў Каталонію. У 865 вызваленыя франкамі землі вылучыліся ў Ісп. марку ў складзе 7 графстваў, у канцы 9 ст. яны сталі фактычна незалежнымі раннефеад. дзяржавамі. Працяглая барацьба за вызваленне ад араб. панавання (скончана ў 1492) абумовіла асаблівасці развіцця І. Сяляне некат. абласцей дамагліся аслаблення прыгоннай залежнасці, гарады — шырокага самакіравання і вольнасцей, рыцарства і феад. вярхі атрымалі маёнткі арабаў, духавенства захапіла б. ч. араб. зямель і стала значнай паліт. сілай у І.; умацавалася і каралеўская ўлада. З устанаўлення дынастычнай уніі Кастыліі і Арагона (1479) пачалося фактычнае аб’яднанне ісп. зямель у адзіную дзяржаву. Пасля адкрыцця Х.Калумбам Амерыкі (1492) іспанцы ў 1-й пал. 16 ст. пачалі каланізацыю Мексікі, Перу, Балівіі, Чылі, ч. Аргенціны і інш. абласцей у Цэнтр. і Паўд. Амерыцы. Калан. ўладанні пашыраліся і за кошт ісп. заваяванняў у Еўропе (у 1512 — Верхняй Навары, у 1516 — Нідэрландаў), пазней у Афрыцы. У 1519 ісп. кароль Карл I з дынастыі Габсбургаў абвешчаны імператарам «Свяшчэннай Рым. імперыі» (Карл V). У 1516—1600 І. — наймагутнейшая ў ваен. і паліт. адносінах краіна Еўропы. Але яе эканоміка, якая грунтавалася пераважна на даходах з калоній, была няўстойлівая. Каралеўская ўлада не спрыяла развіццю ўнутр. вытв-сці і гандлю, заняпад якіх паскорыла інквізіцыя (уведзена ў 1480). Пасля знішчэння ісп. флоту ў вайне 1588 з Англіяй І. перастала панаваць на моры. Пасля Нідэрландскай буржуазнай рэвалюцыі 16 ст. ад І. аддзяліліся Паўн. Нідэрланды. У выніку шматлікіх войнаў 17 ст значная ч. ісп. уладанняў у Еўропе адышла да Англіі, Галандыі і Францыі. Вял. ваен. выдаткі збяднялі краіну. Разам з тым панаванне Габсбургаў (каля 1530 — каля 1680) было т.зв. «залатым векам» у гісторыі ісп культуры (росквіт л-ры, жывапісу, архітэктуры, дзейнічалі 32 ун-ты). Са спыненнем лініі ісп. Габсбургаў І., яе еўрап. і калан. ўладанні сталі аб’ектам саперніцтва з боку еўрап. дзяржаў. Вайна за Іспанскую спадчыну 1701—14 скончылася ўсталяваннем у І. дынастыі франц. Бурбонаў (заснавальнік Філіп V) і падзелам ісп. уладанняў у Еўропе. Філіп V распачаў рэформы, скіраваныя на ўпарадкаванне і цэнтралізацыю дзяржавы. Звязаная дагаворамі з Францыяй, І. была ўцягнута ў войны супраць Вялікабрытаніі (1739—48, 1762—63, 1779—83). Карл II [1759—88] правёў шэраг рэформ у духу асветнага абсалютызму, скіраваных пераважна на ажыўленне эканомікі і павелічэнне дзярж. даходаў (заснаваны эмісійны банк, гандл. кампаніі і дзярж. мануфактуры, устаноўлены мытны пратэкцыянізм, свабода гандлю з калоніямі). У 1767 з І. выгнаны езуіты і канфіскавана іх маёмасць. У час франц. рэвалюцыі 1789—99 І. ваявала (1793—95) супраць Францыі. Паражэнні ісп. войск прывялі да Базельскага міру 1795 (гл. Базельскія мірныя дагаворы 1795), дапоўненага дагаворам аб франка-ісп. абарончым і наступальным саюзе. Паводле франка-ісп. дагавора 1807 аб заваяванні і падзеле Партугаліі франц. войскі ўвайшлі на тэр. І. Франц. агрэсія выклікала магутны нац -вызв рух і стала штуршком да першай ісп. рэвалюцыі 1808—14, мэтамі якой былі выгнанне французаў і ажыццяўленне ліберальных рэформ. Прагрэс. заканадаўства (Кадыская канстытуцыя 1812), дэкрэт 1811 аб адмене сеньярыяльных правоў памешчыкаў, ліквідацыя інквізіцыі і інш.) было ажыццёўлена толькі часткова. Шырокі партыз. рух (герылья), які разгарнуўся ў І., прымусіў французаў адступіць за Пірэнеі. (Пра рэвалюцыю 1808—14 і наступныя 4 рэвалюцыі гл. ў арт. Іспанскія рэвалюцыі 19 стагоддзя.) Выступленні супраць феад.-абсалютысцкага рэжыму выліліся ў 2-ю ісп. рэвалюцыю 1820—23. Кароль мусіў прысягнуць канстытуцыі 1812, але закон 1821 аб ліквідацыі феад. права памешчыкаў на зямлю не быў рэалізаваны. У 1823 паводле рашэння Свяшчэннага саюза ў І. ўступілі франц. войскі, з дапамогай якіх рэвалюцыя была задушана. У выніку вайны за незалежнасць іспанскіх калоній у Амерыцы 1810—26 І. страціла на амер кантыненце ўсе калоніі, акрамя Кубы, Пуэрта-Рыка і Філіпін. Пасля смерці ў 1833 Фердынанда VII пачаліся спрэчкі за трон паміж яго дачкой Ізабелай II і братам донам Карласам, які аб’яднаў вакол сябе прыхільнікаў кансерватыўнай арыентацыі. Паражэнне карлістаў у грамадз. войнах 1833-39, 1847-49, 1872—76 (гл. Карлісты, Карлісцкія войны) прывяло да перамогі лібералаў. У ходзе 3-й ісп. рэвалюцыі 1834—43 канчаткова ліквідаваны інквізіцыя, маяраты, сеньярыяльныя правы памешчыкаў, усталявана канстытуцыйная манархія Праўленне Ізабелы II характарызавалася пастаянным саперніцтвам паміж гал. ліберальнымі групоўкамі — памяркоўнай і прагрэсістаў, частымі зменамі кабінетаў і канстытуцыі, існаваннем дыктатарскіх рэжымаў (генералаў Б.Эспартэра, Р.Нарваэса, Л.О’Донеля). У ходзе 5-й рэвалюцыі 1868—74 Ізабела II выгнана з І. (1868). Выбраны ў 1870 на трон Амадэй Савойскі (сын караля Італіі Віктара Эмануіла II) не здолеў узяць пад кантроль паліт. сітуацыю ў краіне і ў 1873 адрокся ад прастола; у І. ўстаноўлена першая рэспубліка (1873—74). Рэсп. ўрад не меў шырокай падтрымкі ў грамадстве, у выніку перавароту 1874 у І. адноўлена манархія Бурбонаў. Яе сац.-паліт. асновай стаў блок зямельнай арыстакратыі і буйной буржуазіі, юрыд. аформлены канстытуцыяй 1876 і пагадненнем паміж Кансерватыўнай і Ліберальнай партыямі аб пачарговым кіраванні дзяржавай. Былі ўведзены значныя грамадз. свабоды, узніклі прафсаюзы, у 1879 засн. Іспанская сацыялістычная рабочая партыя (ІСРП). У выніку іспана-амерыканскай вайны 1898 І. страціла апошнія калан. ўладанні: Кубу, Пуэрта-Рыка і Філіпіны. У пач. 20 ст. І. заставалася пераважна агр. краінай (53% зямлі належала латыфундыстам). Абмежаваны ўнутр. рынак, адсутнасць значнага айч. капіталу і актыўнай урадавай палітыкі былі прычынамі сац. напружанасці, запаволенага тэмпу развіцця эканомікі, яе крызісаў. Унутр. сітуацыю ўскладнялі сепаратысцкія рухі, асабліва моцныя ў найб. развітых рэгіёнах — Каталоніі і Басконіі.

У 1-ю сусв. вайну І. захоўвала нейтралітэт. У 1918—23 яе эканоміка апынулася ў чарговым крызісе; пад уплывам рэв. падзей у Еўропе актывізаваўся рабочы рух. Урадавыя крызісы і паражэнне ісп. калан. войск у Марока стварылі ўмовы для ўвядзення ў 1923 ген. М.Прыма дэ Рывера ваен. дыктатуры, якую падтрымаў кароль Альфонс XIII. Былі распушчаны картэсы, забаронена дзейнасць паліт. партый. Сусв. эканам. крызіс 1929—33 у значнай ступені закрануў і І. У 1930 Прыма дэ Рывера мусіў пайсці ў адстаўку, а пасля перамогі рэспубліканцаў на муніцыпальных выбарах 1931 пакінуў краіну кароль Альфонс XIII. 14.3.1931 І. абвешчана рэспублікай. Пачалася 6-я Іспанская рэвалюцыя 1931—39. Картэсы прынялі рэсп. канстытуцыю, якая абвясціла аддзяленне царквы ад дзяржавы, увядзенне ўсеаг. выбарчага права і дэмакр. свабод. У 1932 каталонцы дамагліся стварэння свайго аўт. раёна. На выбарах у картэсы ў 1936 перамог Нар. фронт, створаны камуністамі, сацыялістамі і рэспубліканцамі; сфарміраваны леварэсп. ўрад, прэзідэнтам абраны М.Асанья. 18.7.1936 пачаўся ваен. мяцеж, які перарос у грамадз. вайну (1936—39). Мяцежнікам дапамагалі фаш. Германія і Італія, рэспубліканцам — СССР і добраахвотнікі з многіх краін свету, у т. л. з Беларусі (гл. Інтэрнацыянальныя брыгады). Вайна скончылася ўсталяваннем дыктатуры ген. Ф.Франка Баамондэ; усе партыі, акрамя Іспанскай фалангі, былі забаронены, ліквідаваны дэмакр. свабоды. У 1939 І. далучылася да «Антыкамінтэрнаўскага пакта» У 2-ю сусв. вайну яна захоўвала нейтралітэт (на баку Германіі на ўсх. фронце ваявала толькі добраахвотная т.зв. «блакітная дывізія»). Пасля вайны І. апынулася ў паліт. і эканам. ізаляцыі, у 1946—48 закрыта франкаісп. граніца. Франка быў вымушаны праводзіць палітыку эканам. аўтаркіі, ажыццяўляць дзеянні, якія б сведчылі аб грамадскай падтрымцы яго рэжыму (т.зв. іберыйскі варыянт фашызму). У выніку рэферэндуму 1947 І. зноў абвешчана манархіяй (з пажыццёвым захаваннем за Франка пасады кіраўніка дзяржавы). У 1950-я г. ў краіне пачала фарміравацца шырокая паліт. апазіцыя рэжыму Франка. У 1960-я г. разгарнуўся хрысц.-дэмакр. рух, актывізавалася дзейнасць рэспубліканцаў і лібералаў, нацыяналіст. партый Каталоніі, Галісіі і Басконіі, узніклі рабочыя і сял. камісіі, нелегальныя студэнцкія арг-цыі; шырыўся забастовачны рух, звужалася сац. база франкізму. Перыяд «халоднай вайны» ў міжнар. адносінах спрыяў выхаду І. з ізаляцыі шляхам збліжэння з зах. краінамі (у 1953 падпісаны канкардат з Ватыканам і ваен. пакт з ЗША). З 1960-х г. пачаліся спробы лібералізацыі гаспадаркі, наладжвання эканам. адносін з Захадам: І. ўступіла ў міжнар. фін. арг-цыі. прыцягваліся замежныя інвестыцыі, хуткімі тэмпамі ішла мадэрнізацыя эканомікі. У 1969 пераемнікам Франка на пасадзе кіраўніка дзяржавы і будучым каралём абвешчаны Хуан Карлас I (унук Альфонса XIII). Пасля смерці Франка (1975) у І. вызвалены паліт. зняволеныя, легалізаваны ўсе паліт. партыі і прафсаюзы, распушчаны франкісцкі Нац. рух. У 1977 адбыліся першыя дэмакр. парламенцкія выбары. Паліт. лад краіны вызначыла Канстытуцыя 1978, якая таксама гарантавала ўсім гіст. правінцыям І. магчымасць стварэння рэгіянальных аўтаномій. У крас. 1979 сфарміраваны першы канстытуцыйны ўрад А.Суарэса Гансалеса. Працэс пераходу ад дыктатуры да дэмакратыі адбыўся мірным шляхам, дзякуючы легальнаму характару пераўтварэнняў, нейтралізацыі арміі (у 1981 сарвана спроба кансерватыўных ваенных ажыццявіць дзярж. пераварот), імкненню паліт. лідэраў розных арыентацый да кансенсусу ў асн. грамадска-паліт. пытаннях. У 1982 на выбарах перамагла ІСРП, якая сфарміравала аднапарт. ўрад на чале з Ф.Гансалесам Маркесам. Сацыялісты зноў перамаглі на выбарах 1986, 1989, 1993. На датэрміновых парламенцкіх выбарах 1997 адносную большасць упершыню атрымала Нар. партыя на чале з Х.М.Аснарам. І. — чл. ААН (з 1955), НАТА (з 1982), Еўрап. Саюза (з 1986), Зах.-Еўрап. Саюза (з 1988). Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены ў лют. 1992.

Палітычныя партыі і прафсаюзы. Народная партыя, Іспанская сацыялістычная рабочая партыя, Камуніст. партыя І. і інш. Прафс. канфедэрацыя Рабочыя Камісіі, Усеагульны саюз працоўных.

Гаспадарка. І. — індустрыяльна-агр. краіна. Па аб’ёме валавога ўнутр. прадукту (ВУП) — 568 млрд. дол. (1995) — займае 15-е месца ў свеце (на 1 чал. у год — 14,3 тыс. дол.). На долю дзярж. сектара прыпадае каля 30% ВУП. Прам-сць дае 34% ВУП, сельская гаспадарка — 6, абслуговыя галіны (у т. л. замежны турызм і адпачынак) — 60%. Адна са старэйшых галін прамысловасці — горназдабыўная. Здабываюць ртуць, пірыты, жалеза, медзь, свінец, серабро, вальфрам, золата, уран і інш. Здабыча ртутных руд сканцэнтравана на Пд Месеты (Альмадэн), пірытаў — на Пд Сьера-Марэны (Рыо-Тынта, Тарсіс), у Мурсіі і Астурыі. Жал. руды здабываюць пераважна на Пн, вальфрамавыя — на З Галісіі, уранавыя — пераважна ў цэнтр. раёнах. У 1993 здабыта (млн. т): каменнага вугалю — 18,1, бурага вугалю — каля 25, жал. руды — 1,6, свінцу — 0,05, цынку — 0,26, калійнай солі — 0,6, каменнай солі — 3,2; ртуці штогод атрымліваюць каля 1,5 тыс. т, серабра — каля 0,2 тыс. т. Энергетыка базіруецца на ўласных паліўных рэсурсах і імпартаваных нафце і газе. ЦЭС у партовых гарадах і вугальных басейнах.

ГЭС (пераважна на Пн) даюць 25% электраэнергіі, АЭС — 36%. У 1995 атрымана 154,1 млрд. кВт гадз электраэнергіі. Буйны спажывец электраэнергіі — чорная і каляровая металургія. Асн. цэнтры чорнай металургіі на Пн (Більбао і Хіхон). У 1993 атрымана 5,4 млн. т чыгуну і 13 млн. т сталі. Каляровая металургія развіваецца пераважна на мясц. рэсурсах, выплаўка свінцу ў раёне Сьера-Марэны, у Андалусіі і каля Картахены, цынку і алюмінію — на Пн краіны, медзі — у Уэльве, Кордаве, гарадах на ўзбярэжжы Біскайскага заліва. Штогод атрымліваюць каля 160 тыс. т медзі, каля 350 тыс. т алюмінію. Сярод галін машынабудавання найб. развіта вытв-сць трансп. сродкаў. У краіне дзейнічае каля 40 суднаверфяў. Гал. цэнтры суднабудавання на Пн (Більбао, Сантандэр, Хіхон), у Галісіі (Эль-Фероль, Віга), на У (Барселона, Валенсія, Картахена, Балеарскія а-вы), на Пд (Уэльва, Кадыс). Аўтазаводы (філіялы замежных фірм) у Мадрыдзе, Барселоне, Вальядалідзе, Віга. У год выпускаецца кал 2 млн. легкавых аўтамашын і каля 400 тыс. матацыклаў. Важнейшыя цэнтры станкабудавання — Каталонія, Краіна Баскаў, гарады Мадрыд, Валенсія і Сарагоса. Электронная прам-сць канцэнтруецца ў Барселоне і Мадрыдзе, хім. і нафтаперапр. — у прыморскіх раёнах Каталоніі, Валенсіі, Астурыі, а таксама ў Мадрыдзе. Буйнейшыя нафтаперапр. і нафтахім. комплексы ў гарадах Уэльва, Альхесірас, Тарагона, Пуэртальяна. Ў 1993 перапрацавана 45,8 млн. т нафты. Значная вытв-сць буд. матэрыялаў. У 1993 выпушчана 22,7 млн. т цэменту. Развіта тэкст. прам-сць, асабліва вытв-сць шарсцяных і шаўковых тканін. Асн. цэнтры ў Каталоніі (Барселона, Тарагона, Сабадэль, Манрэса), Валенсіі (Алькой, Арыўэла), Кастылія-Леоне, Краіне Баскаў, Арагоне і Андалусіі. Разнастайныя галіны харч. прам-сці. Па значэнні і тэхн. аснашчанасці вылучаюцца галіны, якія працуюць на знешні рынак: вінаробная, алейная, плодаагароднінная і рыбакансервавая. Вінаробныя з-ды ў Каталоніі, Арагоне, Андалусіі, па перапрацоўцы агародніны і садавіны — на У і ПдУ, рыбакансервавыя — у партовых гарадах на ПнЗ. Працуюць цукр., тытунёвыя, мукамольныя і інш. прадпрыемствы. Ёсць прадпрыемствы гарбарнай, швейнай, папяровай і дрэваапр. прам-сці.

І. — краіна высокаразвітай сельскай гаспадаркі. С.-г. ўгоддзі займаюць каля 70% тэр. краіны, каля палавіны іх апрацоўваецца (разам з насаджэннямі аліўкавых і фруктовых дрэў), каля палавіны — пад пашай і лугамі. Арашаецца каля 3,6 млн. га, у асноўным на ПдУ. Пераважаюць 2 тыпы гаспадарак: латыфундыі (гал. чынам у Андалусіі і Эстрэмадуры) і дробнатаварныя сял. гаспадаркі. Земляробства па кошце прадукцыі перавышае жывёлагадоўлю. Штогадовы збор (млн. т): пшаніцы — каля 5, ячменю — 9, кукурузы — каля 2, рысу — каля 0,3, бульбы — каля 4, памідораў — каля 3, вінаграду — каля 4,5, апельсінаў — каля 2,5, мандарынаў — каля 1,5, лімонаў — каля 0,6. Пшаніцу, авёс, ячмень вырошчваюць на багарных землях Месеты, Арагона, Андалусіі, кукурузу — на Пн, рыс — на арашальных землях у нізоўях р. Эбра і на Пд (самая высокая ўраджайнасць у свеце — 60—70 ц/га). Бабовыя культуры (гарох, фасоля) вырошчваюць усюды, але найб. у Андалусіі, бульбу — на Пн, раннюю — на ПдУ і Пд. На У і ў даліне р. Эбра вырошчваюць агародніну (перац, памідоры, цыбулю, шпінат і інш.), якая мае экспартнае значэнне. Развіта плантацыйная гаспадарка экспартнага кірунку — вінаградарства, вырошчванне аліў і цытрусавых. Па плошчы вінаграднікаў І. займае 2-е месца ў Еўропе пасля Францыі. Найб. вінаграду вырошчваюць у засушлівых раёнах цэнтра, у бас. рэк Эбра і Дуэра. Вырабляюцца вядомыя марачныя віны: Херэс, Малага, Рыёха, Мансанілья і інш. (3-е месца ў свеце пасля Францыі і Італіі). І. займае 1-е месца ў свеце па зборы аліў. Вырошчванне іх сканцэнтравана ў Андалусіі, Кастылія-Ла-Манчы, Эстрэмадуры, Мурсіі. Важнае экспартнае значэнне маюць цытрусавыя, асабліва апельсіны. Найб. іх вырошчваюць у аўт. абласцях Валенсіі (​2/з збору), Мурсіі, Андалусіі і на Балеарскіх а-вах, там жа вырошчваюць міндаль (1-е месца па экспарце ў Еўропе), абрыкосы, персікі, гранаты, інжыр і інш., на Пн краіны — яблыкі, слівы, грушы, вішню, чарэшню. Вырошчваюць таксама цукр. трыснёг і фінікі (на Пд Андалусіі), тытунь (Эстрэмадура і Андалусія), бавоўнік (Эстрэмадура і Арагон). Развіццё жывёлагадоўлі стрымліваецца слабай кармавой базай. Буйн. раг. жывёлу гадуюць на Пн і ПнЗ, авечак — у засушлівых цэнтр. раёнах, у Эстрэмадуры і Арагоне, свіней — у Галісіі і Каталоніі, абедзвюх Кастыліях. Спецыфічная галіна — развядзенне быкоў для карыды (Андалусія). Пагалоўе (млн. галоў, 1993): буйн. раг. жывёлы — 4,8, свіней — 18, авечак — 24,8, коз — 2,8, коней — 0,26. Разводзяць таксама аслоў і мулаў. Птушкагадоўля. У 1993 вылаўлена 1,33 млн. т рыбы. Ловяць гал. чынам сардзіну, тунца, макрэль. Асн. рыбалоўныя парты на ПнУ (Віга, Ла-Карунья, ЭльФероль). Развіта лясная гаспадарка, нарыхтоўка драўніны (на Пн), кары коркавага дубу (пераважна на З і ПнЗ). Пераважае чыг. і аўтамаб. транспарт. Даўж. чыгунак 14,4 тыс. км, аўтадарог 324 тыс. км. Марскі транспарт абслугоўвае каля 90% знешнегандл. абароту. Флот налічвае больш за 400 разнастайных суднаў грузападымальнасцю ў 3,2 млн. брута-рэгістравых т. Гал. парты: Барселона, Більбао, Валенсія, Картахена, Малага, Ла-Карунья, Хіхон, СантаКрус-дэ-Тэнерыфе. Развіты паветр. транспарт. 42 аэрапорты, буйнейшыя з іх міжнар. аэрапорты Барахас каля Мадрыда (16 млн, пасажыраў за год) і ў Барселоне (10 млн. пасажыраў). Есць некалькі нафта- і прадуктаправодаў, якія праходзяць ад узбярэжжа ўглыб краіны. І. — краіна развітога турызму, які з’яўляецца найб. дынамічнай галіной эканомікі. Па даходах ад турызму (21,9 млн. дол. у 1994) І. займае 4-е месца ў свеце. Штогод яе наведвае больш за 60 млн. чал., больш за 80% — з краін Еўропы. Асн. раёны турызму — узбярэжжа Міжземнага м. (Коста-Брава ў Каталоніі, Коста-дэль-Соль — у Андалусіі і Коста-Бланка ў Валенсіі), Балеарскія і Канарскія а-вы. У 1995 экспарт склаў 85 млрд. дол., імпарт — 110 млрд. дол. І. экспартуе трансп. абсталяванне (27%), машыны і інш. абсталяванне (16%), прадукцыю металургічнай прам-сці (9%), садавіну, віны, інш.

прадукты сельскай гаспадаркі. У імпарце пераважаюць прадукцыя машынабудавання (больш за 40%), паліва (10%), прадукцыя хім. прам-сці (8%). Асн. гандл. партнёры: Францыя (20% экспарту і 16% імпарту), Германія (па 16% экспарту і імпарту), Італія (10% экспарту і 11% імпарту), а таксама ЗША, Вялікабрытанія, Бельгія, Нідэрланды і Люксембург. Грашовая адзінка — песета.

Узброеныя сілы. Уключаюць рэгулярныя ўзбр. сілы (складаюцца з сухап. войск, ВПС, ВМС) і ваенізаваныя фарміраванні. Агульная колькасць (1997) рэгулярных узбр. сіл 197,5 тыс. чал., ваенізаваных фарміраванняў 75,8 тыс. (з іх 75 тыс. у грамадз. гвардыі), рэзерву 431,9 тыс. чал. Вярх. галоўнакамандуючы — манарх. Камплектуюцца па прызыве. У сухап. войсках 128,5 тыс. чал., на ўзбраенні 776 танкаў, каля 2 тыс. бронетранспарцёраў, 773 гарматы (у т. л. 208 самаходных), больш за 500 гармат зенітнай артылерыі, 175 верталётаў і інш. У ВПС 30 тыс. чал. асабовага складу, 199 баявых самалётаў. У ВМС 39 тыс. чал., з якіх 7,2 тыс. ў марской пяхоце, 8 падводных лодак, 34 баявыя караблі (у т. л. 1 авіяносец), 32 патрульныя і 13 дэсантных катэраў, 18 баявых самалётаў і 25 верталётаў марской авіяцыі.

Ахова здароўя. За аказанне мед. паслуг бярэцца плата, якая часткова кампенсуецца са страхавога фонду. Цалкам кампенсуецца кошт лячэння ў шпіталі. У 1989 пасляродавы водпуск для маці прадоўжаны да 16 тыдняў. Сярэдняя працягласць жыцця мужчын 75,2, жанчын 82 гады. Смяротнасць 9 на 1 тыс. чал. Забеспячэнне бальнічнымі ложкамі — 1 на 234 чал., урачамі — 1 на 246 чал. Узровень нараджальнасці 10 на 1 тыс. чал. Натуральны прырост 0,1%. Дзіцячая смяротнасць 6 на 1 тыс. нованароджаных (1997).

Асвета, навуковыя ўстановы. Сучасная сістэма адукацыі ўключае дашкольныя ўстановы для дзяцей ад 2 да 5 гадоў (каля 50% з іх прыватныя), агульнаадук. школу, прафес.-тэхн. ўстановы, ВНУ. Агульную адукацыю дае 8-гадовая асноўная (няпоўная сярэдняя) школа (навучанне з 6-гадовага ўзросту), якая мае 3 ступені: пач. (1—2-і кл.), сярэднюю (3—5-ы кл.), старэйшую (6—8-ы кл.). Поўную сярэднюю адукацыю дае 3-гадовая сярэдняя школа і аднагадовы спец. курс, які дае права паступлення ва ун-т. У праграме сярэдняй школы абавязковыя прадметы (ісп. мова і л-ра, замежная мова, уводзіны ў лац. мову) і спец. прадметы на выбар: матэматыка, фізіка, хімія, геаграфія, гісторыя, філасофія, асновы канстытуцыі, маляванне, музыка, рэлігія або этыка і мараль і інш. Сістэма прафес.-тэхн. падрыхтоўкі ўключае 3-гадовыя прафес.-тэхн. школы і прафес.-тэхн. аддзяленні поўных сярэдніх школ, што рыхтуюць рабочых для вытв-сці. На іх базе працуюць 3—4-гадовыя прафес.-тэхн. і камерцыйныя школы (рыхтуюць спецыялістаў сярэдняй адукацыі з правам паступлення на 2-ю ступень ун-та або ў вышэйшую тэхн. школу). У сістэме вышэйшай адукацыі ун-ты, політэхн. ун-ты, вышэйшыя тэхн. школы і інш. Праграмы разлічаны на 3 цыклы: 1-ы (3-гадовы курс па фундаментальных навуках), выпускнікі якога атрымліваюць дыплом спецыяліста сярэдняга звяна, што дае права працягваць адукацыю; 2-і (2-гадовы) дае прафес. дыплом; 3-і (2-гадовы) — дактарантура, рыхтуе спецыялістаў вышэйшай кваліфікацыі і навук. супрацоўнікаў. У 1996/97 навуч. г. ў І. больш за 30 ун-таў, у іх ліку 20 дзярж., ёсць прыватныя, 2 каталіцкія — Саламанкскі універсітэт і ун-т Опус Дэі (з 1904) у г. Сантандэр. Буйнейшыя ун-ты: у Мадрыдзе (з 1508), Барселонскі універсітэт, у Валенсіі (з 1510), Гранадзе (з 1526), Вальядалідзе (з 1346), Севільі (з 1502). Найб. б-кі: Нац. (з 1712), універсітэцкая, Муніцыпальная перыядычная (мае адну з буйнейшых калекцый перыядычнай л-ры ў свеце) у Мадрыдзе, б-ка Каталоніі (з 1914) у Барселоне. Ген. архіў Каралеўства ў Сіманкасе (каля Вальядаліда), Нац. гіст. архіў у Мадрыдзе, Архіў Індый у Севільі. Буйнейшыя музеі: Прада (з 1819), Нац. археал. (з 1867) у Мадрыдзе, маст. ў Барселоне, Кордаве, Валенсіі, Севільі; Музей Амерык, Каралеўскі Палац, музеі арміі, флоту, Муніцыпальны, Правінцыяльны археал. ў Севільі і інш. Найвышэйшая навук. ўстанова — Ін-т І. (аб’ядноўвае 8 акадэмій; засн. ў 1938 на ўзор Ін-та Францыі). Цэнтральная н.-д. ўстанова — Найвышэйшы Савет па навук. даследаваннях (з 1940), які арганізуе фундаментальныя даследаванні па ўсіх галінах навукі, кіруе комплекснымі і полідысцыплінарнымі даследаваннямі; пад яго кіраўніцтвам працуе каля 100 н.-д. ін-таў і інш. устаноў. Н.-д. работу праводзяць таксама ун-ты.

Друк, радыё, тэлебачанне. Мае разгалінаваную сетку сродкаў масавай інфармацыі. Выходзіць каля 120 штодзённых газет, часопісаў і інш. перыяд. выданняў. Вядучае месца займаюць штодзённыя газ. «ABC» («АБэСэ», з 1905), «La Vanguardia» («Авангард», з 1881), «Pais» («Краіна», з 1976), «Diario-16» («Газета 16», з 1976), «El Correo Catalan» («Каталонская пошта», з 1876), «El Dia de Cataluna» («Дзень Каталоніі», з 1987) і інш. Інфарм. агенцтвы: Эдыторыял Фаланге Эспаньёла (з 1939). Радыёвяшчанне з 1919. Дзярж. радыё (Нац. радыё І.) трансліруе 5 агульнанац. праграм, мае рэгіянальныя станцыі. Самастойныя радыёстанцыі дзейнічаюць у Мадрыдзе і ў буйных правінцыяльных гарадах. Радыё Экстэр’ёр Эспанья вядзе трансляцыі на 16 мовах на Еўропу, Аўстралію, Паўд. і Паўн. Амерыку, Паўн. Афрыку. Існуе больш за 300 прыватных станцый, аб’яднаных у асацыяцыю Эспаньёла дэ ла Радыёдыфузьён Прывада.

Тэлебачанне з 1951. 2 агульнанац. праграмы, працуюць рэгіянальныя станцыі. Дзейнасць радыё і тэлебачання кантралюецца і каардынуецца дзярж. кампаніяй Іспанскае радыё і тэлебачанне.

Літаратура. Развіваецца на іспанскай (кастыльскай), а таксама на каталанскай, галісійскай і баскскай мовах. Уласна іспанская літаратур а зарадзілася адначасова з фарміраваннем літ. ісп. мовы і нац. самасвядомасці ў перыяд Рэканкісты. Барацьба народаў Пірэнейскага п-ва супраць араб. заваявання шырока адлюстравана ў нар. паэзіі, асабліва ў гераічным эпасе (паэмы «Песня пра майго Сіда», «Радрыга» і інш.). Тагачасная лірыка прадстаўлена т.зв. сельскімі песнямі (вільянсіка), напісанымі пад уплывам араб. паэзіі. У феад.-клерыкальнай «вучонай л-ры» вылучалася рэліг.-філас. і дыдактычная лірыка Г. дэ Берсеа. Станаўленне маст. прозы ў 13—14 ст. звязана з творчасцю караля Альфонса X Мудрага, Хуана Мануэля (зб. навел «Граф Луканор»). У 15 ст. асабліва былі пашыраны нар. рамансы і сатыр. паэзія (творчасць маркіза дэ Сантыльяны, Х. дэ Мены, сатыры Х.Руіса). Для твораў ранняга Адраджэння характэрны ўплыў еўрап. Рэнесансу («італьянская школа» на чале з Гарсіласа дэ ла Вэгай); уплыў італьян. л-ры адчувальны ў рыцарскім (ананімны «Амадыс Гальскі», 1508) і пастаральным раманах. У фарміраванні нац. драмы значную ролю адыграў раман-драма Ф. дэ Рохаса «Селестына». У 2-й пал. 16 ст. ў паэзіі вылучаліся рэліг.-філас. лірыка «саламанкскай школы» (Х. дэ ла Крус, Л. дэ Леон), грамадз. лірыка «севільскай школы» (Ф. дэ Эрэра) і вершаваны эпас (паэма «Араўкана» А. дэ Эрсільі). Канец 16 — пач. 17 ст. адметны росквітам нац. тэатра (Х. дэ ла Куэва, Л.Ф. дэ Вэга Kapnio і яго школа, Л.Велес дэ Гевара). Маст. вяршыня ісп. Адраджэння — творчасць М. дэ Сервантэса і найперш яго раман «Дон Кіхот». Залаты век ісп. л-ры — эпоха барока (17 ст.). У лірыцы гэтага перыяду адзначаны 2 процілеглыя тэндэнцыі — гангарызм з ускладненай метафарычнасцю мовы (Л. дэ Гонгара-і-Арготэ) і кансептызм, які адстойваў канцэптуальна-сэнсавую насычанасць маст. тэксту (Ф.Хеведа-і-Вільегас, Б.Грасіян-і-Мара лес). Дасягнулі росквіту сатыра і шахрайскі раман (М.Алеман-і-дэ-Энера, Кеведа-і-Вільегас), вылучыліся дыдактычныя і эстэт. трактаты Грасіян-і-Маралеса. Тэатр эпохі барока прадстаўлены рэліг.-філас. драмамі Тырса дэ Маліны і маральна-філас. драмамі «гонару» П.Кальдэрона дэ ла Баркі. Л-ра класіцызму і Асветніцтва (18 ст.) характарызавалася моцным франц. уплывам, частковай стратай нац. своеасаблівасці і маст. недасканаласцю. Сярод найб. вядомых твораў байкі Т. дэ Ірыяртэ, паэзія М.Х.Кінтаны, п’есы Н. і Л.Маратынаў. Рамантызм ісп. л-ры меў глыбока нац. карані і найб. адлюстраваны ў творах А. дэ Сааведры (паэт. зб. «Гістарычныя рамансы») i Х. дэ Эспранседы. Да гіст. мінулага І. звярталіся А.Гарсія Гуцьерэс (п’есы «Трубадур», «Сімон Баканегра»), Х.Сарылья-і-Мараль (стварыў рамант. варыянт легенды пра Дон Жуана). У прозе 1-й пал. 19 ст. пануючым паступова стаў кастумбрызм — бытапісальная проза, блізкая да рэалізму (нарысы С.Эстэбанеса Кальдэрона, Р. дэ Месанера Раманаса, сатыр. публіцыстыка М.Х. дэ Лары). З сярэдзіны 19 ст. пачалося развіццё рэаліст. прозы — раманы Х.М. дэ Перэды («Сатылеса», «Горныя вяршыні»), Х.Валеры («Пепіта Хіменес», «Донна Лус»), апавяданні П.А. дэ Аларкона (зб. «Нацыянальныя гісторыйкі»). Некат. творы пазначаны ўплывам эстэтыкі натуралізму (цыкл «валенсіянскіх раманаў і апавяданняў» В.Бласка Ібаньеса, раманы Э.Парда Басан). Найб. значны твор ісп. крытычнага рэалізму — серыя з 46 раманаў «Нацыянальныя эпізоды» (1873—1912) Б.Перэса Гальдоса. Выразнікамі крызісу ісп. грамадства і культуры на рубяжы стагоддзяў сталі пісьменнікі «Пакалення 1898 года», якія ўзнімалі пытанні нац. самасвядомасці, проціпастаўлялі афіц. ідэі ідэю нац. адраджэння. Значны ўплыў ў гэты перыяд экзістэнцыялізму (філас.-псіхал. раманы, навелы і эсэ М. дэ Унамуна, лірыка А.Мачада-і-Руіса). Паэзія развівалася ў рэчышчы ісп.-амер. мадэрнізму і імпрэсіянізму (Х.Р.Хіменес, Р.М. дэль Валье Інклан), проза і драматургія пазначаны ўплывам крытычнага рэалізму і натуралізму (П.Бароха-і-Несі, Х.Бенавентэ-і-Марцінес). Ісп. авангардызм 1-й трэці 20 ст. прадстаўлены творамі Р.Гомеса дэ ла Серны, В.Уідобра і інш. У паэзіі вядучым становіцца «Пакаленне 1927 года» (Ф.Гарсія Лорка, Р.Альберці, Х.Гільен, П.Салінас), якое імкнулася сінтэзаваць авангардную паэтыку з традыцыямі фальклору, рэнесансавай, барочнай і рамант. лірыкі (неагангарызм), стварыць новы тэатр («тэатр сацыяльнага дзеяння» Гарсія Лоркі). У перыяд грамадз. вайны 1936—39 набыла вядомасць лірыка М.Эрнандэса. У ліку першых твораў, апазіцыйных франкізму, былі раннія раманы Х.Х.Селы («Сям’я Паскуаля Дуартэ», «Вулей») і раман «Нішто» К.Лафарэт, напісаныя ў стылі трэмендызму (ад ісп. tremendo страшны). На змену т.зв. гарсіласізму прыйшла сац. паэзія В.Алейксандрэ, Д.Алонса. Новы росквіт рэаліст. рамана пачаўся ў 1950-я г. (раманы «Востраў», «Асаблівыя прыкметы» Х.Гайтысола, трылогія «Таргашы» А.М.Матутэ, «Пяць гадзін з Марыо» М.Дэлібеса). Развівалася сац. паэзія (Б. дэ Атэра, Г.Селая) і драматургія (А.Буэра Вальеха, А.Састрэ). У 1980—90-я г. асаблівае значэнне набываюць школа «новага рамана» і постмадэрнізм (Гайтысола).

Баскская, галісійская і каталанская л-ры нац. меншасцей І. актыўна развіваюцца з канца 18 ст. (перыяд складвання адпаведных нацый). На працягу ўсяго 19 ст. пануючым кірункам у гэтых л-рах быў рамантызм (каталанскія паэты В.Балагер і Дж.Вердагер, галісійскія Р. дэ Кастра і Э.Пандаль, баскскі нар. паэт Х.М.Іпарагірэ, верш якога «Дуб Гернікі» стаў гімнам баскаў). Характэрныя для 1880-х г. рэаліст. тэндэнцыі адлюстраваны ў сац. і антыклерыкальнай паэзіі галісійца М.Кураса Энрыкеса, у п’есах стваральніка каталанскай драмы А.Гімеры. Аднак творчасць большасці пісьменнікаў гэтага перыяду развівалася ў рэчышчы кастумбрызму. На рубяжы 19—20 ст. у каталанскай л-ры вядучым стала «Пакаленне 1898 года», у творчасці якога супярэчліва спалучаліся ідэі еўрап. дэкадансу з пошукамі нац.-самабытных форм (Дж.Марагаль, Дж.Карнер і інш.). Пасля 1-й сусв. вайны многія пісьменнікі звярнуліся да «левага» авангардысцкага мастацтва (каталанскія паэты Дж.Салват-Папасейт, Дж.В.Фойш, галісіец М.Мануэль Антоніо). У перыяд фаш. дыктатуры Франка л-ры нац. меншасцей былі пастаўлены па-за законам, многія пісьменнікі эмігрыравалі. Толькі з 1950-х г. аднавілася друкаванне кніг на нац. мовах — выйшла паэма «Баскі» Н. дэ Армаэчэа; у галісійскай л-ры вял. ролю адыгрывала група «новатрубадураў» на чале з А.Кункейра Морам. Побач з мадэрнісцкай л-рай паспяхова развіваюцца рэаліст. паэзія і навелістыка (паэзія, драматургія і проза баска Г.Арэсці, паэзія галісійца С.Э.Ферэйра Мігеса, проза і паэзія сучаснага каталанскага пісьменніка С.Эспрыу.

На бел. мове асобнымі выданнямі выйшлі зб. лірыкі Ф.Гарсіі Лоркі «Блакітны звон Гранады» (1975), камедыі Лопэ дэ Вэгі «Раба свайго кахання» і «Дурнічка» (абедзве 1981). Асобныя вершы Гарсіі Лоркі, Р.Альберці, М.Сервантэса, А.Мачада-і-Руіса, Л. дэ Гонгара-і-Арготэ і інш. на бел. мову пераклалі К.Шэрман, А.Вярцінскі, П.Макаль, Р.Барадулін, М.Багун, В.Вольскі, Т.Кляшторны, М.Танк і інш.

Архітэктура. На тэр. І. з эпохі бронзы захаваліся паселішчы з землянымі ўмацаваннямі, абліцаваныя каменнымі плітамі грабніцы з дромасамі і прамавугольныя ў плане каменныя жытлы, з 6—5 ст. да н.э. — рэшткі цыклапічных каменных муроў ібераў. Рымскае панаванне прывяло да глыбокай раманізацыі мясц. культуры ў 1-я ст. н.э. (руіны рым. тэатраў, храмаў, акведукаў, арак, мастоў у Мерыдзе, Тарагоне, Сеговіі і інш.). Найб. раннія помнікі сярэдневякоўя належаць вестготам: манум., простыя па формах цэрквы з пышным разным дэкорам у інтэр’еры (Сан-Хуан у Баньёсе, 661). У 2-й пал. 8 — пач. 11 ст. ў заваяванай арабамі Андалусіі развівалася мастацтва, у якім спалучаліся маст. культуры халіфата Амеядаў і вестгоцкія традыцыі (Вял. мячэць у Кордаве). У канцы 11—15 ст. ў Паўд. І. склалася т.зв. іспанска-маўрытанскае мастацтва з цэнтрамі ў Валенсіі, Г’ранадзе (палац Альгамбра), Севільі і інш. У 2-й пал. 11 ст. фарміруецца раманскі стыль (сабор у Сант’яга-дэ-Кампастэла). У 10—12 ст. масарабы развівалі формы цаглянай архітэктуры (царква Сант’яга дэ Пеньяльба, каля 920). Помнікі готыкі (13—15 ст.) — саборы Леона, Бургаса, Таледа (кастыльская школа), Барселоны (каталонская школа), біржа («лонха») у Пальме (1426—51, арх. Г.Сагрэра). У 14—16 ст. ствараліся маўрытанскія паводле формы, канструкцый і дэкору будынкі з рысамі гатычнага стылю (пазней і рэнесансу): Санта-Марыя ла Бланка ў Таледа; званіца «Ла Хіральда» ў Севільі (1184—96, закончана ў 1568). Паводле традыцый маўрытанскай архітэктуры майстры-нехрысціяне стварылі т.зв. стыль «мудэхар» (цэрквы Сан-Клементэ дэ Тауль у Каталоніі, 1123; Сан-Сальвадор ў Тэруэлі, 1186; Санта-Марыя ў Калатаюдзе, канец 15 ст.), якія кампазіцыяй і арнаментальным дэкорам нагадвалі мячэці. Завяршэнне Рэканкісты да канца 15 ст., аб’яднанне ісп. зямель, адкрыццё Амерыкі і прыток золата ў І. стымулявалі рост буд-ва ў гарадах. Традыц. схільнасць да пышнай дэкаратыўнасці спарадзіла своеасаблівую ісп. разнавіднасць архітэктуры Рэнесансу — стыль платэрэска. Яму ўласцівы дывановыя пакрыцці сцен, багатае скульпт. аздабленне парталаў будынкаў, алтароў і іканастасаў (калегія Санта-Крус у Вальядалідзе, 1487—91, арх. Э. дэ Эгас; палац Каса дэ лос Пікас у Сеговіі, 16 ст.). Поўнае асваенне ордэрнай сістэмы і афіц. палітыка караля Філіпа II у галіне архітэктуры прывялі да стварэння строгага і простага стылю дэсарнаментада (пазбаўлены арнаменту), або эрэраса (ад імя прыдворнага арх. Х.Б. дэ Эрэра, аўтара манум. палацава-манастырскага ансамбля Эскарыял пад Мадрыдам, 1563—84). У 17 ст. развівалася ісп. барока — чурыгерэска (звязана з сям’ёй арх. дэ Чурыгера: зах. фасад сабора ў Сант’яга-дэ-Кампастэла, 1738—47, арх. Ф.Касас-і-Навоа; інтэр’ер сакрысціі кляштара Ла Картуха ў Гранадзе, 1727—64, арх. Л.Арэвала). Адкрыццё Акадэміі мастацтваў у Мадрыдзе (1744) спрыяла ўзнікненню акадэм. класіцызму (арх. В.Радрыгес, Х. дэ Вільянуэва). Найб. значныя пабудовы: Каралеўскі палац у Мадрыдзе (1738—64, арх. Радрыгес, італьян. арх. Дж.Б.Сакеці, Ф.Сабаціні, паводле праекта Ф.Ювары), Мадрыдскі парк (б. Буэн-Рэціра, 1868), помнік М.Сервантэсу (1927, арх. П.Мугуруса, скульпт. К.Валера) і інш. У 19 ст. панавала эклектыка, потым — мадэрн (А.Гаўдзі, А.Сорыо-і-Мата). У 1928 у Барселоне склалася «Група іспанскіх архітэктараў і тэхнікаў для садзеяння прагрэсу сучаснай архітэктуры», якая стаяла на пазіцыях функцыяналізму. Пасля ўстанаўлення ў І. фаш. дыктатуры (1939) наватарскія маст. пошукі былі часова прыпынены. У 1950-я г. пачалі ўзводзіць асобныя рабочыя пасёлкі (Валенсія), прадаўжалася рэканструкцыя Мадрыда. У буд-ве развіваецца функцыяналізм, распрацоўваюцца прынцыпы арганічнай архітэктуры (дзіцячы дом адпачынку Мірафлорэс дэ ла Сьера, 1959, арх. Х.А.Каралес, А. дэ ла Сота і інш.) і бруталізму (жылы дом у Сітжэсе, 1969). Вырашаюцца праблемы шырокай рэканструкцыі гарадоў і іх жылога фонду.

Выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Шматграннасць і складанасць маст. культуры І. абумоўлены рознасцю гіст. лёсаў яе асобных рэгіёнаў і этн. складу насельніцтва, спалучэннем культ. традыцый фінікійцаў, кельтаў, стараж. грэкаў, рымлян, германцаў, арабаў (маўраў). Да эпох палеаліту і неаліту адносяцца наскальныя паліхромныя размалёўкі ў пячорах (Альтаміра), ляпная арнаментаваная кераміка. У эпоху бронзы дасягнула росквіту ганчарнае мастацтва. Мастацтва ібераў у 8—4 ст. да н.э. развівалася пад грэч. і фінікійскім уплывамі. У 4—3 ст. да н.э. маст. культура І. вызначалася ўладай Карфагена, пазней Стараж. Рыма, што прывяло да яе раманізацыі. Вестгоцкі перыяд характарызуецца інтэр’ернай скульптурай у дараманскім стылі (капітэлі ў царкве Сан-педра дэ ла Наве, 9—10 ст.) і паліхромным стылем у дэкар.-прыкладным мастацтве. У 2-й пал. 8 — пач. 11 ст. ў заваяванай арабамі Андалусіі развівалася мастацтва, у якім своеасабліва спалучалася маст. культура Амеядскага халіфата і вестгоцкія традыцыі. У канцы 11—15 ст. на Пд І. склалася т.зв. Маўрытанскае мастацтва. Уласна ісп. мастацтва фарміравалася ва ўмовах Рэканкісты пад уплывам Францыі і Італіі ў культуры масарабаў. Каталіцкі аскетызм спалучаўся з яркасцю і багаццем форм маўрытанскай цывілізацыі. З 10 ст. развівалася мініяцюра, у якой адчувальны каралінгскія і атонаўскія ўплывы. У раманскі перыяд храмы ўпрыгожвала скульптура («Порцік славы» царквы ў Сант’яга-дэ-Кампастэла), высокага ўзроўню дасягнула размалёўка. Гатычны перыяд адметны распрацоўкай велічных заалтарных жывапісна-пластычных кампазіцый (рэтабла), размалёўкамі (фрэскі Ферэра Басы ў палацы Педральбес каля Барселоны), паліхромнай скульптурай, кніжнай мініяцюрай. Мастацтва 15 — пач. 16 ст. вызначалася драматызмам, экспрэсіўнасцю вобразаў, багатай арнаментыкай з выкарыстаннем залатых фонаў (Х.Уге, А.Беругетэ, Ф.Гальегас, А.Фернандэс). У 16 ст. рэнесансавы жывапіс развіваўся пад уплывам італьян. мастацтва (Э.Яньес дэ Альмедзіна, Х. дэ Хуанес, Л.Варгас), дасягнуў абвостранага трагізму ў карцінах Л.Маралеса, скульптурах Б.Ардоньеса, узвышанай духоўнасці ў творчасці Д.Эль Грэка Развіваўся парадны партрэт у творах А.Санчэс Каэльё, Х.Пантоха дэ ла Круса, А.Мора. 17 ст. — «залаты век» жывапісу І., перыяд станаўлення новых маст. цэнтраў (Валенсія, Севілья, Таледа); развіваўся стыль барока. Пад уплывам мастацтва М.Караваджа ўзмацніліся рэаліст. тэндэнцыі, імкненне да драм. кантрасту ў маст. трактоўцы. Адухоўленае ўвасабленне жыццёвых вобразаў уласціва работам Ф.Рыбальты, Ф. дэ Эрэры Старэйшага, Х.Б.Майна, Х. дэ Рыберы, Ф.Сурбарана. Найб. росквіту ісп. мастацтва 17 ст. дасягнула ў творчасці Д.Веласкеса. У 2-й пал. 17 ст. гэтыя тэндэнцыі прадаўжалі Б.Э.Мурыльё, А.Пуга, А.Перэда. У паліхромнай скульптуры працавалі Г.Фернандэс, Х.Мартынес і інш. У мастацтве 18 ст. адчуваюцца моцныя ўплывы Францыі і Італіі. Развівалася дэкар.-прыкладное мастацтва: кераміка, злотніцтва (Х. дэ Арфе), маст. кавальства, ткацтва. Засн. каралеўская мануфактура габеленаў. Правадніком акад. класіцызму стала каралеўская АМ Сан-Фернанда (засн. ў 1752). Значнай з’явай у мастацтве была творчасць Ф.Гоі з яго экспрэсіўнай вобразнасцю і наватарскай жывапіснай манерай, якая стала прадвеснікам ідэй еўрап. рамантызму. У 19 ст. дамінавалі салонна-акад. тэндэнцыі, звязаныя з гіст. і фальклорнай тэматыкай (М.Фартуні і інш). У канцы 19 — пач. 20 ст. развіваліся імпрэсіянізм і мадэрн. Рысы кубізму ўласцівы творам Манола, экспрэсіянізму — Х.Саланы. У рэчышчы парыжскай школы працавалі сюррэалісты С.Далі і Ж.Міро, кубісты Х.Грыс, П.Пікасо, які ў значнай ступені вызначыў кірункі развіцця сучаснага мастацтва. Працавалі мастакі-рэалісты (скульптары Х.Антоніо, В.Мача, Э.Бараль, жывапісцы Х.Лопес Мескіта, М.Бенедзіта Вівес, Р.Касас). У гады вайны з франкістамі гал. відам мастацтва стала графіка (плакат, карыкатура, нар. лубок). У сярэдзіне 20 ст. пашырыўся пейзажны жывапіс, у 1950—80-я г. — шматлікія мадэрнісцкія кірункі.

Музыка. Вытокі ісп. музыкі ў муз. культуры ібераў. Ісп. муз. фальклор мае выразныя лакальныя адрозненні. Найб. архаічная музыка баскаў, у т. л. песня і танец сарсіка. У фальклоры Галісіі пераважаюць лірычныя песні; з танцаў найб. пашыраны муньейра са спевамі і муз. суправаджэннем. Падобныя рысы характэрны для фальклору Каталоніі, Балеарскіх а-воў, Валенсіі. У Каталоніі было развіта мастацтва трубадураў (13—14 ст.). Агульнаісп. рысаў найбольш у нар. музыцы Кастыліі і Леона з характэрнымі для яе метрычнай разнастайнасцю, перавагай трохдольнасці, поліметрыяй і непарыўнай сувяззю танца і спеваў. Асн. жанры — сегідылья, фанданга, балеро, руэда, чарада, танада, хота. Музыцы Андалусіі характэрны стыль кантэ фламенка (група танцаў і песень Паўд. І.) і ўласна андалусійская музыка, песні і танцы якой генетычна звязаны з фанданга і сегідыльяй ці паходзяць ад стараж. ісп. форм. Гал. муз. інструменты — гітара і кастаньеты. У 13 ст. пашырыліся героіка-эпічныя песні, якія ў 14—15 ст. у нар. асяроддзі ператварыліся ў рамансы. З муз.-паэтычных форм у 13—14 ст. развіваліся кантыгі, альбады, серэнады, пастурэлі, рэтраэнсы, вільянсіка і кантарсільо, якія далі пачатак песенным муз. формам кансьён, танада, копла, серанілья. З танцаў у 15—16 ст. найб. папулярныя сарабанда, чакона, эскараман, пазней — фанданга, сегідылья, балеро, танга. У канцы 15 ст. высокага ўзроўню дасягнула прафес. музыка І. (кампазітары Х. дэ Анчыета, Ф.Пеньялоса, Х. дэль Энсіна). У эпоху Адраджэння расквітнела ісп. вак. поліфанія, найперш культавая (К. дэ Маралес, Ф.Герэра, Т.Л. дэ Вікторыя), а таксама інстр. музыка, пераважна для віуэлы (віёлы), на аснове якой фарміравалася віртуознае мастацтва варыяцыйнай распрацоўкі. Найб. вядомыя ісп. віуэлісты 16 ст.: Л.Мілан, Э. дэ Вальдэрабана, М. дэ Фуэнльяна, Л. дэ Нарваэс, А.Мудара. Імітацыйна-поліфанічны стыль і варыяцыйны метад зацвердзіліся ў арганнай музыцы 16 ст. (буйнейшы майстар А. дэ Кабесон). Муз. тэатр І. фарміраваўся з ранняга сярэдневякоўя (захаваўся ўрывак з містэрыі «Пакланенне вешчуноў»). У 14 ст. зарадзіліся свецкія формы муз. т-ра. У эпоху Адраджэння паявіліся т.зв. эклогі (драм. сцэны з музыкай на рэліг. і свецкія сюжэты; заснавальнік Энсіна). У 17 ст. склалася спецыфічная ісп. форма опернага жанру — сарсуэла (блізкая да аперэты, найб. пашырэнне набыла ў 19 ст.). У 2-й пал. 18 ст. фарміруецца лірычная муз. камедыя танадылья (Л.Місан, П.Эстэве, Б. дэ Ласерна, М.Гарсія). Сярод кампазітараў канца 17 — пач. 18 ст. Х.Кабанільес, А.Літэрэс, А.Салер, В.Марцін-і-Салер. Значную ролю ў развіцці інстр. музыкі І. адыграў Д.Скарлаці. У 19 ст. адкрыты кансерваторыі і оперныя т-ры ў Мадрыдзе (1830 і 1850) і Барселоне (1847). Музыку нац. арыентацыі пісалі Ф.Тарэга, Ф.Пухоль, К. дэль Кампа-і-Сабалета. У канцы 19 ст. пачаўся рух за адраджэнне нац. муз. культуры І., т.зв. рэнасім’ента, на чале з Ф.Педрэлем (буйнейшыя прадстаўнікі І.Альбеніс, Э.Гранадас. М. дэ Фалья). У гады ісп. рэвалюцыі 1931—39 пашырылася масавая песня, у т. л. рэв.-патрыятычная. У 2-й пал. 20 ст. вылучыліся кампазітары Х.Гурыдзі, О.Эспла, Ф.Момпу, С.Бакарысе, Х.Баўтыста, Х.Радрыга, Р.Альфтэр, Г.Піталуга, К.Паласіо, П.Сарасабаль. Сярод выканаўцаў канца 19—20 ст.: спевакі Ф.Віньяс Дордаль, М.Гай, М.П.Р.Гарсія, Э. дэ Ідальга, К.Супервія, В. дэ Лос Анхелес, Т.Берганса, П.Дамінга, М.Кабалье, Х.Карэрас, П.Ларэнгар; дырыжоры Э.Ф.Арбос, Х.Ітурбі (і піяніст), А.Архента; піяністы А дэ Лароча, Х.Турына, Р.Віньес; скрыпачы П.Сарасатэ, П.Зскудэра, Х.Манен; віяланчэлісты П.Касальс, Г.Касадо; гітарысты М.Льябет, А.Сеговія, Тарэга; арфіст Н.Сабалета. У І. працуюць (1987): Нац. асацыяцыя музыкі, Асацыяцыя муз. культуры, т-ва «Музычная моладзь Іспаніі», Сімф. аркестр Ісп. радыё і тэлебачання, філарманічны аркестр, Ісп. ін-т мастацтвазнаўства, оперны т-р «Лісеа» ў Барселоне; нац. кансерваторыя ў Мадрыдзе і інш. Праводзяцца фестывалі, у т. л. Тыдні сярэдневяковай музыкі ў г. Эстэлья, міжнар. конкурс вакалістаў імя Віньяса (з 1963, Барселона) і інш.

Тэатр. Тэатр. паказы ў І. вядомы з часоў уладання рымлян. У сярэдневякоўі ставіліся літургічныя драмы, містэрыі, маралітэ; з нар. паказамі («здзеклівымі гульнямі») выступалі хуглары. У 16 ст. папулярнымі былі аўтас сакраменталес (свяшчэнныя дзействы), пасас (фарсы) Л. дэ Руэды, камедыі Б.Торэса Наара, інтэрмедыі і драмы М.Сервантэса. Паявіліся паўпрафес. і прафес. трупы. Манаполію на тэатр. паказы атрымалі царк. брацтвы, якія будавалі спец. памяшканні — каралі (у Мадрыдзе, Барселоне, Валенсіі, Севільі і інш.). Росквіту т-р І. дасягнуў у эпоху Адраджэння. Дэмакр. і гуманіст. кірунак развіваўся ў творчасці Лопэ дэ Вэгі, Тырса дэ Маліны, П.Кальдэрона дэ ла Баркі. У прыдворных т-рах 17 ст. ставіліся феерычныя, пышна аформленыя спектаклі. У 1665 дзейнасць т-раў была забаронена на 15 гадоў. З 18 ст. папулярнасць набыў муз. т-р, асабліва італьян. опера; у драме пераважаў дэкламацыйны стыль класіцызму. У муз.-драм. жанрах сайнеце, сарсуэле, танадыльі захоўваліся рэаліст. традыцыі. У 19 ст. адбыўся ўздым ісп. т-ра, адкрыты т-ры «Эспаньёль» у Мадрыдзе (1849), «Лісеа» ў Барселоне (1847) і інш. Пашырана была рамант. драма і быт. камедыя. З 2-й пал. 19 ст. пераважалі оперы-буфа, вар’етэ, рэвю франц. ўзору. Асобныя трупы і акцёры прытрымліваліся рэаліст. традыцый (т-р Камедыі, акцёры Э.Марыо, Р.Кальва). У пач. 20 ст. ў рэпертуары т-ра пераважалі камедыі і меладрамы. Мадэрнісцкія тэндэнцыі сцвярджалі Х.Бенавентэ-і-Марцінес, Г.Марцінес Сьера і інш., рэалістычныя — Ф.Дыяс дэ Мендоса. М.Герэра, М.Ксіргу. Пасля абвяшчэння І. рэспублікай узмацніліся тэндэнцыі да адраджэння дэмакр. традыцый класічнай драматургіі (студэнцкі т-р «Ла Барака», які заснаваў Ф.Гарсія Лорка, «Т-р педагагічных місій» А.Касоны). У 1936—39 дзейнічалі перасоўныя трупы «Герыльяс дэ тэатра» («Тэатр. партыз. атрады»), 3 усталяваннем франкісцкага рэжыму многія тэатр. дзеячы эмігрыравалі. У 1950-я г. ставіліся п’есы тагачасных замежных аўтараў (Б.Брэхга, Дж.Б.Прыстлі, А.Мілера). У 1960-я г. ў некаторых т-рах аднавіліся пастаноўкі класічнай нац. драматургіі (т-ры «Эспаньёль», «Бельяс Артэс» у Мадрыдзе). Прадстаўнікі руху «Новы тэатр» пратэставалі супраць дыктатуры, цэнзуры, тэатр. рэалізму (незалежныя т-ры «Лос Галіярдас» у Мадрыдзе, «Лос Катарас» у Каталоніі, «Эль Тэатра Лебрыяна» ў Андалусіі і інш.). У гэтым кірунку развівалася творчасць драматургаў, схільных да т-ра абсурду і тэатр. жорсткасці (Л.Рыяза, М.Марцінес Медыера), сюррэалізму (Ф.Ньева), абстракцыі (Х.Руібаль). З наданнем ісп. правінцыям аўтаноміі развіваецца нар. т-р, але гал. асяродкам тэатр. жыцця застаюцца Мадрыд і Барселона. Сярод рэжысёраў апошніх дзесяцігоддзяў — Х.Тамаё, Х.Л.Алонса, М.Нарас, К.Пласа, В.Гарсія, акцёраў — Н.Эсперт, Х.Л.Гомес, Х.М.Радэра.

Кіно. Вытворчасць фільмаў у І. пачалася ў канцы 19 ст. («Выхад з дзённай месы з царквы Пілар у Сарагосе», 1896, рэж. Э.Хімена). Напачатку здымаліся дакумент. рэпартажы і кароткаметражныя фільмы. Першы маст. фільм выпушчаны ў 1905. Першыя кінастудыі створаны ў Барселоне (1906). У 1920-я г. кінавытворчасць развівалася ў Мадрыдзе, дзе выпускалі пераважна забаўляльныя стужкі, а таксама экранізацыі вядомых ісп. празаікаў і драматургаў (30—40 фільмаў штогод; найб. вядомыя рэжысёры — Б.Пероха, Ф.Рэй). У 1931—36 кінастудыі пераабсталяваны, выпуск фільмаў павялічыўся, створаны Савет па кінематаграфіі (1933). Сярод лепшых рэжысёраў гэтага часу — Л.Буньюэль («Андалускі пёс», 1928; «Залаты век», 1930; «Зямля без хлеба», 1932). У 1934 пастаўлены першы гукавы фільм («Вада ў глебе», рэж. Э.Ф.Ардавін). Грамадз. вайна 1936—39 стала тэмай шэрагу фільмаў; мадрыдская кінастудыя «Фільм папулар» выпускала кінахроніку «Сучасная Іспанія». У час дыктатуры Франка ўведзена цэнзура, пашырыліся фільмы, на якія ўплывалі стужкі фаш. Германіі і Італіі. У 1940—50-я г. найчасцей здымаліся муз. камедыі і ісп.-італьян. вестэрны. Прыйшло новае пакаленне кінематаграфістаў (Х.А.Бардэм, Л.Г.Берланга, Муньёс-Суай), на творчасць якіх паўплываў неарэалізм («Гэта шчаслівая пара», рэж. Бардэм і Берланга). Вядомасць за межамі І. атрымалі фільмы Берлангі «Шчыра запрашаем, містэр Маршал!» (1952), «Калабуч» (1956), «Кат» (1963), Бардэма «Смерць веласіпедыста» (1954), «Галоўная вуліца» (1956). На творчасць кінематаграфістаў 1960-х г. паўплываў фільм італьян. рэж. М.Ферэры «Каляска», зняты ў І. ў жорсткай рэаліст. манеры з элементамі «чорнага» гумару. Гал. падзеяй нац. кіно стала стужка Буньюэля «Вірыдыяна» (1961) пра духоўныя праблемы ісп. грамадства. Маладыя рэжысёры К.Саўра, Ф.Рэгейра, М.Пікаса, М.Сумерс і інш. заснавалі кірунак «Новае іспанскае кіно», сярод прадстаўнікоў якога самабытны кінарэжысёр Саўра («Сад уцех», 1970; «Ганна і ваўкі», 1972; «Выкармі гругана», «Эліза, маё жыццё», абодва 1975, і інш.). Дэмакратызацыя грамадства ў 1970-я г. садзейнічала развіццю ісп. кіно. Сусв. вядомасць атрымаў рэж. П.Альмадавар («Матадор», 1986; «Жанчыны на мяжы нервовага зрыву», 1988; «Звяжы мяне», 1989; «Кіка», 1993, і інш.). Сярод акцёраў: Ф.Рабаль, А.Маліна, А.Белен, А.Бандэрас, В.А́брыль. У І. больш за 100 кінакампаній, якія займаюцца вытворчасцю і пракатам. Сістэма кінаадукацыі ўключае Барселонскі і Мадрыдскі ун-ты, Дзярж. ін-т радыё і тэлебачання. Нац. фільматэка ў Мадрыдзе і Каталонская ў Барселоне, Міжнар. кінаархіў, архіў хронікі і дакумент. кіно ў Мадрыдзе. Сярод міжнар. кінафестываляў: агляд дакумент. і кароткаметражнага кіно ў Більбао, агляд кіно ў Валенсіі, фестывалі ў Сан-Себасцьяне і фантаст. кіно ў Сітжэсе.

Беларусы ў Іспаніі. Бел. асяродак у І. пачаў складвацца ў пач. 1950-х г. і быў прадстаўлены пераважна студэнтамі-беларусамі Мадрыдскага ун-та, якія ў 1952 заснавалі Бел. акадэмічнае згуртаванне (старшыня Я.Сурвіла). Пры Цэнтры па вывучэнні краін усходу (Мадрыд) у 1956 створана бел. секцыя пад кіраўніцтвам Сурвілы. Супрацоўнікі Інстытута беларусаведы імя Льва Сапегі ў Мадрыдзе (1952—60) вялі навук. даследаванні па гісторыі бел. дзяржавы, прапаганду ведаў пра Беларусь сярод народаў І. і Зах. Еўропы. З 1958 працавала бел. рэдакцыя на Мадрыдскім нац. радыё. Беларусы вялі культ.-асв. дзейнасць. У 1954—55 у Мадрыдзе прайшлі канцэрты бел. музыкі і нар. песень для студэнтаў і навукоўцаў каледжаў. На семінарах і канферэнцыях навукоўцы чыталі даклады і рэфераты па беларусазнаўству, бел. моладзь прадстаўляла Беларусь у дні нац. свят, у час культ. мерапрыемстваў, на міжнар. сімпозіумах і канферэнцыях. У 1960-я г. многія беларусы пакінулі краіну і бел. дзейнасць спынілася.

Літ.: Уотт У.М., Какиа П. Мусульманская Испания: Пер. с англ. М., 1976; Испания, 1918—1972 л,: Ист. очерк. М., 1975; Понеделко Г.Н. Государство в экономике Испании: взгляд в прошлое и современность. М., 1991; Проблемы испанской истории. М., 1992; Ланда Р.Г. В стране аль-Андалус через тысячу лет. М., 1993; Хенкин С.М. Испания после диктатуры: (соц.-полит. пробл. перехода к демократии) М., 1993; Менендес Пидаль Р Избр. произв.: Исп. лит. средних веков и эпохи Возрождения: Пер. с исп. М., 1961; Плавскин З.И. Испанская литература XVII — середины XIX в. М., 1978; Я го ж. Испанская литература XIX—XX вв. М., 1982; Штейн А.Л. История испанской литературы. М., 1994; Arean C. La pintura española de Altamira al siglo 20. Madrid, 1971; Фалья М. де. Статьи о музыке и музыкантах: Пер. с исп. М., 1971; Мартынов И.И. Музыка Испании. М., 1977; Marco T. Historia de la musica espanola. Vol. 1—6. Madrid, 1983—84 Ю.В.Ляшковіч (прырода, насельніцтва, гаспадарка), К.А.Далгучыц (гісторыя), Р.Ч.Лянькевіч (узбр. сілы), В.М.Наяумчык (асвета. навук. ўстановы), К.М.Міхееў (літаратура), В.Я.Буйвал (архітэктура, выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва), Г.У.Шур (кіно), А.С.Ляднёва (беларусы ў Іспаніі).

Герб і сцяг Іспаніі.
Да арт. Іспанія. Горы Пірэнеі на поўначы краіны.
Да арт. Іспанія. Буйнейшы партовы горад і прамысловы цэнтр Галісіі — Віга.
Да арт. Іспанія Панарама ў цэнтры Мадрыда.
Да арт. Іспанія. Краявід на Андалускай нізіне.
Да арт. Іспанія. «Дворык ільвоў» у комплексе Альгамбра ў г. Гранада. 13—14 ст.
Да арт. Іспанія. Каралеўскі палац у Мадрыдзе (1738—64).
Да арт. Іспанія. Мадрыдскі парк (былы Буэн-Рэціра; 1868).
Да арт. Іспанія. Помнік М.Сервантэсу ў Мадрыдзе. 1927.
Да арт. Іспанія. Царква Сан-Клементэ дэ Тауль у Каталоніі. 1123.
Да арт. Іспанія. Эль Грэка. Партрэт па эта А.Паравісіна. 1609.
Да арт. Іспанія. Ф.Гоя. Партрэт Антоніі Саратэ. Каля 1811.
Да арт. Іспанія. П.Пікасо. Аматарка абсенту. 1901.
Да арт. Іспанія. Ж.Міро. Чарада. 1940.
Да арт. Іспанія. Фрагменты танцаў «Арагонская хота» (зверху) і «Фанданга».
Да арт. Іспанія. Фрагмент танца ў стылі кантэ фламенка.

т. 7, с. 335

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗЛУ́ЧАНЫЯ ШТА́ТЫ АМЕ́РЫКІ, ЗША (United States of America, USA),

дзяржава ў Паўн. Амерыцы. Займае сярэднюю (48 штатаў) і паўн.-зах. (штат Аляска) часткі мацерыка, Гавайскія а-вы ў Ціхім ак. На Пн мяжуе з Канадай, на Пд — з Мексікай; на У абмываецца Атлантычным, на З — Ціхім акіянамі. Пл. 9809 тыс. км² (3-я па велічыні краіна свету пасля Расіі і Канады). Нас. 265,6 млн. чал. (1995, 3-е месца ў свеце пасля Кітая і Індыі). Афіц. мова — англійская. Сталіца — г. Вашынгтон. Падзяляецца на 50 штатаў і адну федэральную (сталічную) акругу Калумбія, якія па тэр. прыкметах складаюць 9 груп (адм. падзел ЗША у табл., гл. таксама асобны арт. пра кожны штат). Існуе гіст. і эканам. падзел на Поўнач, Поўдзень, Захад. Пад суверэнітэтам ЗША Пуэрта-Рыка, частка Віргінскіх а-воў, Усходняе Самоа, Гуам і шэраг астравоў у Акіяніі. Нац. святы: Дзень нараджэння Дж.Вашынгтона (22 лют.), Дзень незалежнасці (4 ліп.), Дзень ветэранаў, або Дзень прымірэння (11 ліст.).

Дзяржаўны лад. ЗША — федэратыўная рэспубліка, якая складаецца з 50 штатаў і федэральнай (сталічнай) акр. Калумбія. У краіне дзейнічае канстытуцыя 1787 з 10 папраўкамі («Біль аб правах»), прынятымі ў 1791, і 17 папраўкамі, прынятымі ў 1795—1992. Кіраўнік дзяржавы і ўрада — прэзідэнт, які выбіраецца двухступеньчатым галасаваннем на 4 гады; разам з ім выбіраецца віцэ-прэзідэнт. Прэзідэнт валодае шырокімі паўнамоцтвамі: правам вета на рашэнні кангрэса; правам выдаваць загады, што маюць абавязковую сілу; з’яўляецца вярхоўным галоўнакамандуючым узбр. сіламі; узначальвае кабінет міністраў (сакратароў), якіх назначае са згоды сената; мае права памілавання і інш. Вышэйшая заканадаўчая ўлада належыць кангрэсу, які складаецца з 2 палат — сената і палаты прадстаўнікоў. Сенат уключае 100 членаў (выбіраюцца насельніцтвам праз прамыя выбары па 2 члены ад кожнага штата на 6 гадоў, кожныя 2 гады абнаўляецца ⅓ сената). Палата прадстаўнікоў складаецца з 435 членаў, што выбіраюцца на 2 гады.

Кожны штат мае сваю канстытуцыю, сістэму вышэйшых і мясц. органаў улады і кіравання. Заканад. ўлада належыць заканад. сходам, якія выбіраюцца на 2—4 гады, выканаўчая — губернатарам, якія, як правіла, таксама выбіраюцца насельніцтвам.

Суд. сістэма ЗША уключае федэральныя суды, суды штатаў і мясц. суды, складаецца з 85 раённых, 11 акр. (апеляцыйных) судоў і Вярх. суда ЗША. Усе суддзі гэтай сістэмы назначаюцца прэзідэнтам са згоды сената. Вярх. суд, апрача функцый па разгляду некат. важных спраў і нагляду за дзейнасцю ніжэйшых судоў, выконвае функцыі канстытуцыйнага нагляду.

Прырода. Рэльеф разнастайны. Паверхня ЗША падзяляецца на 2 часткі: сярэднюю і ўсх. — раўнінную з невысокімі гарамі і зах. — горную. На У і ПдУ плоскія нізіны: Прыатлантычная з п-вам Фларыда і Прымексіканская. На З ад Прыатлантычнай нізіны з ПнУ на ПдЗ цягнуцца стараж. палеазойскія моцна разбураныя горы Апалачы. Тэр. паміж Кардыльерамі і Апалачамі займаюць Цэнтр. раўніны выш. 200—300 м і Вял. раўніны выш. 500—1700 м над узр. м. На мяжы паміж Цэнтр. раўнінамі і Прымексіканскай нізінай невысокія плато Озарк і горы Уошыта. Зах. частка ЗША і штат Аляска заняты горнай сістэмай Кардыльераў; на У вулканічныя Каскадныя горы і хр. Сьера-Невада выш. да 4418 м (г. Уітні). Найвыш. пункт — г. Мак-Кінлі (6193 м) на Алясцы, найніжэйшы — упадзіна Даліны Смерці (-85 м) у Каліфорніі. Ціхаакіянскае ўзбярэжжа занята маладымі Берагавымі хрыбтамі альпійскай складкавасці выш. да 2529 м. На крайнім ПдЗ ЗША частыя землетрасенні. У ЗША здабываецца больш за 100 відаў карысных выкапняў, аднак некаторымі цалкам не забяспечаны. Запасы нафты 3,7 млрд. т (1995). Найбуйнейшае радовішча Прадха-Бей (Аляска). Большая частка запасаў на шэльфе Мексіканскага зал., Ціхага і Ледавітага акіянаў. Прыроднага газу 4,6 трлн. м³ (1995). Каменны вугаль у Апалачскім, Пенсільванскім, Ілінойскім і інш. басейнах (больш за 380 млрд. т). Асн. запасы жал. руды ў раёне Верхняга воз., урану — на плато Каларада; у Кардыльерах малібдэн (40% сусв. запасаў), вальфрам, медзь, цынк, золата і серабро, у даліне Місісіпі свінцова-цынкавыя руды. Вял. запасы фасфатнай сыравіны і серы (на Пд), значныя запасы тытанавых, берыліевых, кобальтавых, літыевых, сурмяных, ртутных руд, баксітаў, калійных солей, прыроднай соды, флюарыту барыту, азбесту, каштоўных і вырабных камянёў, разнастайных буд. матэрыялаў і інш. Асн. частка тэр. ЗША знаходзіцца ва ўмераным і субтрапічным паясах, паўд. ч. Фларыды і Гавайскія а-вы — у трапічным поясе, Аляска — у арктычным і субарктычным. У межах б.ч. краіны клімат кантынентальны, на ўзбярэжжы Ціхага ак. і на ПдУ — акіянічны. Сярэдняя т-ра студз. ад -16 °C да -18 °C на Пн Цэнтр. раўнін і ад 12 °C на ПдЗ да 20 °C на п-ве Фларыда; ліп. 16 °C на ПнЗ і ад 20 °C да 26 °C на У; на п-ве Фларыда і ў Каліфарнійскай даліне ад 22 да 28 °C. На ўнутр. плато Кардыльераў т-ра дасягае 40 °C (у Даліне Смерці 56,7 °C, найвыш. т-ра Зах. паўшар’я). Ападкаў 1200—1500 мм на ПнЗ і ПдУ і 400—700 мм у цэнтр. частках краіны, на плато Кардыльераў ад 200 да 500 мм за год. Максімум ападкаў выпадае на зах. схілах Каскадных гор (6000 мм за год) і на Гавайскіх а-вах (да 12 000 мм), мінімум (100 мм за год) — у пустынях па ніжнім цячэнні р. Каларада. Найб. р. Місісіпі з прытокамі Місуры, Арканзас, Рэд-Рывер, Агайо і інш. Рэкі Кардыльераў (Калумбія з Снейкам, Каларада) горнага характару, са значнымі запасамі гідраэнергіі. У засушлівых абласцях Вялікага басейна рэкі кароткія, паўнаводныя толькі зімой. Рэкі прыатлантычных раўнін кароткія, паўнаводныя, у ніжнім цячэнні суднаходныя. На Алясцы найб. р. Юкан. Вылучаецца сістэма Вялікіх азёр ледавікова-тэктанічнага паходжання. Пад лесам каля 35% тэр. краіны. Размяшчэнне глебава-раслінных зон вызначаецца змяненнем колькасці цяпла з Пн на Пд і сухасці з У на З. На ПнУ і ў раёне Вялікіх азёр хваёва-шыракалістыя лясы на дзярнова-падзолістых глебах, у сярэдняй ч. Прыатлантычнай нізіны і ў паўд. Апалачах — шыракалістыя лясы. На Пд Місісіпскай і Прыатлантычнай нізін, а таксама на Пн п-ва Фларыда субтрапічныя вечназялёныя лясы. На З ад Місісіпі да 100° зах. д. высакатраўныя прэрыі. На Вял. раўнінах прэрыі пераходзяць у сухія стэпы з чарназёмнымі, каштанавымі і карычневымі глебамі. Унутр. плато і пласкагор’і заняты сухімі стэпамі, палыннымі пустынямі з шэразёмамі і бурымі глебамі, якія на Пд пераходзяць у хмызняковыя пустыні. На Ціхаакіянскім узбярэжжы расліннасць змяняецца ад хваёвых лясоў на Пн да сухалюбівага хмызняку на Пд. Пад лясамі горныя бурыя лясныя глебы, пад хмызнякамі горныя карычневыя і горныя шэра-карычневыя. Жывёльны свет мае шмат агульных рыс з Еўропай і Азіяй, найлепш захаваўся на Алясцы, у запаведніках і нац. парках. Найб. нац. паркі — Йелаўстонскі, Іасеміцкі, Секвоя, Гранд-Каньён, Глейшэр, Вял. Тэтан.

Насельніцтва. Большасць — амерыканцы, нацыя, якая ўтварылася ад змяшання нашчадкаў перасяленцаў з розных краін Еўропы, а таксама неграў-рабоў з Афрыкі. Сярод імігрантаў 17·—18 ст. пераважалі англічане, якія сталі ядром амер. народа, шатландцы, галандцы, немцы, ірландцы; з 3-й чвэрці 19 ст. — немцы, ірландцы, англічане, выхадцы з скандынаўскіх краін, пазней — італьянцы і перасяленцы з краін Паўд. і Усх. Еўропы. У ЗША паводле неафіц. звестак каля 500 тыс. беларусаў. У 20 ст. ў эміграцыі ўзмацняецца доля перасяленцаў з Канады, Мексікі, Вест-Індыі. Белыя складаюць каля 85%, чорныя — 12%, астатнія — выхадцы з Азіі, астравоў Ціхага ак., індзейцы (каля 0,8%), эскімосы, алеуты. Выхадцы з Лацінскай Амерыкі (розных рас) складаюць 6,4%. Сярод вернікаў пераважаюць пратэстанты (баптысты, лютэране, прэсвітэрыяне і інш.) — 55%, католікі — 30%, ёсць іудаісты (3%), праваслаўныя, мусульмане, будысты і інш. Сярэдняя шчыльнасць насельніцтва 26,7 чал. на 1 км²; на З паступова памяншаецца, у Горных штатах каля 6, у Ціхаакіянскіх — каля 16, на Пд — 38 чал. на 1 км². На размяшчэнне насельніцтва ўплываюць унутр. міграцыі. У 1980-я г. насельніцтва ЗША павялічылася на 9,8%, у т. л. Поўдня на 13,4%, Захаду на 22,3, Паўн. Усходу на 3,4, Сярэдняга Захаду на 1,4%. Паскоранымі тэмпамі расце насельніцтва ў т.зв. «сонечным поясе» — Каліфорніі, Тэхасе, Фларыдзе (амаль 50% прыросту ўсяго насельніцтва). У 1980-я г. колькасць негрыцянскага насельніцтва павялічылася на 13%, а белага (без іспанамоўнага) — на 4%. Хутка расце колькасць іспанамоўнага насельніцтва (асабліва мексіканцаў, пуэртарыканцаў, кубінцаў). 45% насельніцтва жыве ў субурбанізаваных зонах (прыгарадах), 30 — у гарадах і 25 — у сельскіх раёнах. Найб. гарады (1994, тыс. ж.): Нью-Йорк — 7333, Лос-Анджэлес — 3449, Чыкага — 2732, Х’юстан — 1702, Філадэльфія — 1524, Сан-Дыега — 1152, Фінікс — 1049, Далас — 1023. Вакол вял. гарадоў склаліся гар. агламерацыі. Найбольшыя з іх (1994, млн. ж.): Нью-Йоркская — 18, Лос-Анджэлеская — 14,5, Чыкагская — 8, Сан-Францыская — 6,2, Філадэльфійская — 5,9. У прыгарадах усё больш канцэнтруюцца камерцыя, прам-сць, індустр. паркі і інш. Некаторыя суседнія агламерацыі зліліся і ўтварылі мегалопалісы: Прыатлантычны (ад Бостана да Вашынгтона), Прыазёрны (ад Чыкага да Пітсбурга) і Каліфарнійскі (ад Сан-Францыска да Сан-Дыега).

Адміністрацыйны падзел ЗША, плошча і насельніцтва штатаў на 1996
Назва штата Плошча, тыс. км² Насельніцтва, тыс. чал.
Штаты Новай Англіі
Вермонт 24,9 589
Канектыкут 12,9 3274
Масачусетс 21,5 6092
Мэн 86,0 1243
Нью-Гэмпшыр 24,1 1162
Род-Айленд 3,2 990
Сярэднеатлантычныя штаты
Нью-Джэрсі 20,3 7988
Нью-Йорк 128,4 18 185
Пенсільванія 117,4 12 056
Цэнтр. штаты Паўн. Усходу
Агайо 106,7 11 173
Вісконсін 145,4 5160
Ілінойс 146,1 11 847
Індыяна 94,1 5841
Мічыган 150,8 9594
Цэнтр. штаты Паўн. Захаду
Аява 145,8 2852
Канзас 213,1 2572
Мінесота 217,8 4658
Місуры 180,4 5359
Небраска 200,0 1652
Паўд. Дакота 199,5 732
Паўн. Дакота 183,1 644
Паўд.-Атлантычныя штаты
Віргінія 105,7 6675
Джорджыя 152,6 7353
Дэлавэр 5,3 723
Зах. Віргінія 62,6 1826
Калумбія (акруга) 0,2 543
Мэрыленд 27,4 5072
Паўд. Караліна 80,4 3699
Паўн. Караліна 136,6 7323
Фларыда 151,7 14 400
Цэнтр. штаты Паўд. Усходу
Алабама 133,7 4273
Кентукі 104,6 3884
Місісіпі 123,6 2716
Тэнесі 109,4 5320
Цэнтр. штаты Паўд. Захаду
Аклахома 181,1 3301
Арканзас 137,5 2510
Луізіяна 125,7 4351
Тэхас 692,1 19 128
Горныя штаты
Айдаха 216,4 1189
Арызона 295,0 4428
Ваёмінг 253,6 481
Каларада 269,9 3823
Мантана 381,1 879
Невада 286,3 1603
Нью-Мексіка 315,1 1713
Юта 219,9 2000
Ціхаакіянскія штаты
Арэгон 251,2 3204
Аляска 1519,0 607
Вашынгтон 176,6 5533
Гаваі 16,7 1184
Каліфорнія 411,0 31 878

Гісторыя. Тэр. сучасных ЗША са стараж. часоў насялялі індзейскія плямёны і эскімосы (Аляска). Адкрытую ў 1492 Паўн. Амерыку каланізавалі з 16 ст. Іспанія, Францыя, Англія, Нідэрланды, Швецыя. У 18 ст. Аляску адкрылі і пачалі асвойваць рускія, а ў пач. 19 ст. рус. пасяленні з’явіліся ў Каліфорніі. Першая англ. калонія заснавана ў 1607 на Атлантычным узбярэжжы (Віргінія). На працягу 17—18 ст. там утварылася 13 англ. калоній з насельніцтвам каля 2,6 млн. чал., якія склалі 3 групы: Новая Англія (паўн.), сярэднеатлантычная і паўднёвая. У першых 2 развіваліся рамёствы, мануфактурная вытв-сць і фермерства, на поўдні — буйныя плантацыі з выкарыстаннем працы рабоў, пераважна неграў, якіх прывозілі з Афрыкі. Калоніі развіваліся па капіталіст. шляху і не жадалі быць крыніцай сыравіны і рынкам збыту для брыт. прам-сці. Эканам. палітыка брыт. ўрада тармазіла развіццё калоній, што выклікала іх супраціўленне і прыводзіла да грамадскіх беспарадкаў (бостанская разня 1770, «бостанскае чаяпіцце» 1773). На скліканым у 1774 Кантынентальным кангрэсе прынята рашэнне аб сумесных дзеяннях калоній супраць Вялікабрытаніі. Узбр. сутычкі каланістаў з брыт. войскамі сталі пачаткам вайны за незалежнасць у Паўночнай Амерыцы 1775—83. Другі Кантынент. кангрэс прыняў Дэкларацыю незалежнасці 1776, паводле Версальскага мірнага дагавора 1783 незалежнасць ЗША прызнала Вялікабрытанія. У 1787 Кантынент. кангрэс прыняў канстытуцыю ЗША, якая вызначыла статус краіны як федэратыўнай рэспублікі. У час абмеркавання канстытуцыі вылучыліся 2 паліт. групоўкі (антыфедэралісты і федэралісты), якія далі пачатак стварэнню ў ЗША двухпарт. сістэмы (канчаткова сфарміравалася ў 19 ст., гл. Дэмакратычная партыя, Рэспубліканская партыя). У 1791 набылі сілу першыя 10 паправак да канстытуцыі («Біль аб правах»), якія абвясцілі асн. дэмакр. свабоды. Першым прэзідэнтам ЗША выбраны Дж.Вашынгтон (1789—97). Пагрозай незалежнасці ЗША стала англа-амерыканская вайна 1812—14, якая не прынесла перамогі ніводнаму з бакоў. З гэтага часу замежная палітыка ЗША была скіравана на выцясненне еўрап. дзяржаў з Амерыкі, што засведчыла Манро дактрына (1823).

З пач. 19 ст. ЗША пашырылі сваю тэрыторыю: у 1803 у Францыі куплена Луізіяна, у 1819 аслабелая Іспанія вымушана была аддаць Фларыду і ўсю зах. ч. мацерыка вышэй 42-й паралелі; у выніку амерыкана-мексіканскай вайны 1846—48 ЗША захапілі амаль палавіну тэр. Мексікі: Тэхас, Верхнюю Каліфорнію, Арызону і Новую Мексіку. Прамысл. пераварот у сярэдзіне 19 ст. выразна падзяліў краіну на 2 часткі: Поўнач, дзе дынамічна развіваліся прам-сць, гандаль, самакіраванне, і Поўдзень, дзе захоўваліся рабства і плантацыйная гаспадарка. Спрэчкі пра рабства выклікалі паліт. крызіс у дзяржаве, парадзілі абаліцыянісцкі рух (гл. Абаліцыянізм) і пагражалі распадам федэрацыі. Спробы заключыць пагадненні (Місурыйскі кампраміс 1820, кампраміс 1850, біль Канзас-Небраска 1854) не далі выніку. У 1860 існавала 15 рабаўладальніцкіх штатаў і 18 штатаў, дзе рабства было забаронена. Стварэнне ў 1854 Рэсп. партыі, праграма якой выражала інтарэсы Поўначы, і абранне ў 1860 прэзідэнтам кандыдата гэтай партыі А.Лінкальна сталі непасрэднай прычынай грамадзянскай вайны ў ЗША 1861—65, якая скончылася перамогай Поўначы. Гэта дазволіла захаваць адзінства дзяржавы і ліквідаваць рабства. У 1867 ЗША набылі ў Расіі Аляску і Алеуцкія а-вы. Да канца 19 ст. ў ЗША адбыліся глыбокія эканам., грамадскія і паліт. змены; праведзена Рэканструкцыя Поўдня 1865—77. Хутка павялічылася насельніцтва краіны (у 1860—31,5 млн., у 1900—76 млн., у т. л. каля 14 млн. эмігрантаў). Эканам. рост, хоць і перарываны крызісамі, штогод перавышаў 10% і быў найбольшы ў свеце. Дынамічна развіваліся прам-сць, сельская гаспадарка, транспарт. Экспарт тавараў за 1866—1900 павялічыўся ў 3 разы. У выніку прафс. руху створаны арг-цыі Ордэн рыцараў працы, Амерыканская федэрацыя працы (1881), Індустрыяльныя рабочыя свету (1905) і інш. У 1886 у 1600 забастоўках прынялі ўдзел 600 тыс. рабочых. Пасаду прэзідэнта ў гэты час займалі пераважна прадстаўнікі Рэсп. партыі, якія рэалізоўвалі інтарэсы буйнога капіталу. Знешнюю палітыку ЗША характарызавалі ізаляцыянізм, нацыяналізм, а з 1890-х г.панамерыканізм. Рост эканам. магутнасці краіны спрыяў зараджэнню імперыял. мыслення, што дало пачатак ператварэнню ЗША у сусв. дзяржаву 3 часоў прэзідэнта У.Мак-Кінлі ЗША пачалі праводзіць палітыку экспансіянізму: у 1898 анексіравалі Гаваі, пачалі іспана-амерыканскую вайну 1898, у выніку якой падпарадкавалі Кубу, захапілі Пуэрта-Рыка і Філіпіны. Гэтую палітыку прадаўжалі прэзідэнты Т.Рузвельт, У.Х.Тафт, Т.В.Вільсан, пашыраючы і ўзмацняючы ўплыў ЗША у Лац. Амерыцы (у 1903 захапілі зону Панамскага канала) і на Д. Усходзе («Адчыненых дзвярэй палітыка»). Рузвельт даў пачатак правядзенню ў дзяржаве рэформ т.зв. эры прагрэсу, якія працягвалі абодва яго пераемнікі.

У пач. 1-й сусв. вайны Вільсан абвясціў нейтралітэт ЗША, але актыўна дапамагаў зах. саюзнікам. 6.4.1917 ЗША уступілі ў вайну на баку Антанты і накіравалі ў Францыю каля 2 млн. салдат (загінула каля 112 тыс.). Удзел ЗША у вайне прадвызначыў яе зыход. Распрацаваныя Вільсанам палажэнні мірнага дагавора і яго праграма «14 пунктаў» ляглі ў аснову рашэнняў Парыжскай мірнай канферэнцыі 1919—20. Аднак кангрэс ЗША не ратыфікаваў Версальскі мірны дагавор 1919 і не даў згоды на ўступленне ЗША у Лігу Нацый. ЗША не прызналі Сав. Расію. У 1921 яны заключылі асобныя мірныя дагаворы з Германіяй, Аўстрыяй і Венгрыяй. Ва ўнутр. справах прэзідэнты-рэспубліканцы У.Гардынг і К.Кулідж праводзілі палітыку мінім. ўмяшання дзяржавы ў эканоміку. Дынамічна развівалася прам-сць, экспарт і замежныя інвестыцыі павялічыліся ў некалькі разоў, долар стаў асн. валютай у свеце, рос дабрабыт амерыканцаў. У выніку ЗША ператварыліся ў найбуйнейшую эканам. дзяржаву свету, а Зах. Еўропа стала іх даўжніком. Гэта прыцягвала ў ЗША эмігрантаў, у 1930 насельніцтва ЗША складала больш за 122 млн. чал. Крах на нью-йоркскай біржы (24.10.1929, «чорны чацвер») даў пачатак у ЗША сусв. эканам. крызісу. Вытв-сць у краіне знізілася ў 2 разы, беспрацоўе дасягнула 25%, асабліва цяжкім было становішча фермераў (​1/4 з іх пазбавілася зямлі).

Выйсце з крызісу пачалося ў 1932, калі на прэзідэнцкіх выбарах перамог кандыдат дэмакратаў Ф.Д.Рузвельт, які прапанаваў праграму шырокага ўмяшання дзяржавы ў эканоміку. Былі рэфармаваны банкі, сельская гаспадарка, прам-сць, арганізаваны грамадскія работы, уведзена дапамога для пенсіянераў і беспрацоўных, забаронена дзіцячая праца. У краіне пачалося эканам. ажыўленне, рост ваен. прам-сці спрыяў ліквідацыі ў 1939 беспрацоўя. У 1933 Рузвельт абвясціў палітыку добрасуседства ў дачыненні да краін Лац. Амерыкі, у гэтым жа годзе ўстаноўлены дыпламат. адносіны з СССР. Кангрэс прыняў чарговыя законы аб нейтралітэце (1935, 1936, 1937), у якіх ЗША дыстанцыраваліся ад еўрап. канфліктаў. Пасля пачатку 2-й сусв. вайны 4.11.1939 прынята папраўка да закону 1937, якая дазваляла продаж зброі, што дапамагло краінам, якія ваявалі з дзяржавамі фаш. блоку, паспрыяла прыняццю закону аб ленд-лізе (1941) і аказанню ў 1941—45 значнай дапамогі саюзнікам. 12.3.1941 Рузвельт і У.Чэрчыль падпісалі Атлантычную хартыю, якая вызначала прынцыпы палітыкі ЗША і Вялікабрытаніі ў ходзе і пасля 2-й сусв. вайны.

7.12.1941 Японія атакай на Пёрл-Харбар пачала вайну супраць ЗША. 8 снеж. ЗША уступілі ў вайну, 11 снеж. ім аб’явілі вайну Германія і Італія. ЗША сталі чл. Антыгітлераўскай кааліцыі. Удзел ЗША з 1941 у ваен. дзеяннях у Азіі, на Ціхім і Атлантычным акіянах, з 1942 у Афрыцы, з 1943 у Еўропе (15 млн. салдат, страты — каля 1,1 млн.), яе магутная ваен. вытв-сць зрабілі значны ўплыў на ход і вынікі вайны. ЗША удзельнічалі ў міжнар. канферэнцыях, якія мелі на мэце каардынацыю стратэгіі саюзнікаў. На Тэгеранскай канферэнцыі 1943 і Крымскай канферэнцыі 1945 кіраўнікі 3 дзяржаў вызначылі свае планы канчатковага разгрому агульнага ворага, дамовіліся аб правядзенні агульнай палітыкі ў адносінах да Германіі пасля яе поўнага паражэння і безагаворачнай капітуляцыі. На Патсдамскай канферэнцыі 1945 ЗША прадстаўляў прэзідэнт Р.Трумэн, ім было прынята рашэнне аб атамнай бамбардзіроўцы Хірасімы (6.8.1945) і Нагасакі (9.8.1945), каб прымусіць Японію да безагаворачнай капітуляцыі (2.9.1945). 2-я сусв. вайна завяршыла працэс пераўтварэння ЗША у звышдзяржаву. Актыўнасць на міжнар. арэне стала вызначальнай у знешняй палітыцы краіны, асн. палажэнні якой былі сфармуляваны ў Трумэна дактрыне. ЗША аказвалі фін. дапамогу Еўропе (гл. Маршала план), але СССР і інш. сацыяліст. краіны адмовіліся ад яе. Пачаўся перыяд «халоднай вайны». ЗША узялі на сябе ролю лідэра некамуніст. свету. Асн. прынцыпам іх міжнар. палітыкі стала пашырэнне ўплыву ЗША, процідзеянне росту міжнар. аўтарытэту і ўплыву СССР, гарантаванне бяспекі і эканам. дапамогі краінам, якія могуць апынуцца пад яго кантролем. ЗША адыгралі істотную ролю ў стварэнні ваен. блокаў НАТО (1949), АНЗЮС (1951), СЕАТО (1954), СЕНТО (1956). Імкнучыся да аслаблення міжнар. напружання, прэзідэнт Д.Эйзенхаўэр распачаў актыўную дыпламат. дзейнасць: наведаў Вялікабрытанію, Францыю, Германію, запрасіў у ЗША М.С.Хрушчова, але візіт быў сарваны ў выніку інцыдэнту з амер. разведвальным самалётам У-2. У час прэзідэнцтва Эйзенхаўэра спынены разгул макартызму, пачаўся пераход ад палітыкі бескампраміснай барацьбы з камунізмам да палітыкі суіснавання. У 1954 Вярх. суд ЗША ліквідаваў расавую сегрэгацыю ў школах. Да 1960 колькасць насельніцтва павялічылася да 179 млн., захоўвалася стабільная эканам. сітуацыя, раслі даходы і адукац. ўзровень грамадства (больш як 40% амерыканцаў мелі сярэднюю адукацыю), якое ператварылася ў тэхнакратычнае. На прэзідэнцкіх выбарах 1960 перамог дэмакрат Дж.Ф.Кенэдзі, які пачаў ажыццяўляць сваю праграму «новых рубяжоў», накіраваную на ліквідацыю расавай дыскрымінацыі, рэфармаванне сістэмы сац. забеспячэння, вышэйшай школы, узмацненне федэральнай улады, павелічэнне ролі дзяржавы ў эканоміцы. Пасля няўдалага ўварвання на Кубу ў раёне Плая-Хіран (1961) і Карыбскага крызісу 1962 Кенэдзі змякчыў канфрантацыйную палітыку ў дачыненні да СССР і заключыў пагадненне аб частковай забароне выпрабаванняў атамнай зброі (Маскоўскае пагадненне 1963). Саперніцтва з СССР працягвалася ў галіне асваення космасу.

Адносіны з Лац. Амерыкай развіваліся паводле праграмы «саюз дзеля прагрэсу». Л.Б.Джонсан, які стаў прэзідэнтам пасля забойства Кенэдзі, працягваў яго ўнутр. палітыку на падставе праграмы «вялікае грамадства» (захаванне грамадз. правоў, барацьба з расавай сегрэгацыяй і беднасцю). Але ён не змог прадухіліць масавыя выступленні жыхароў трушчоб і пратэсты негрыцянскага насельніцтва, лідэр якога М.Л.Кінг быў забіты ў 1968. Шырокі пратэст у грамадстве выклікала палітыка Джонсана ў Азіі, асабліва ў В’етнаме, дзе да снеж. 1968 у ваен. дзеяннях прымалі ўдзел больш як 0,5 млн. амер. вайскоўцаў. Рэспубліканец Р.М.Ніксан пачаў праграму в’етнамізацыі вайны (дактрына Ніксана 1969), але адначасова былі пачаты ваен. дзеянні ў Камбоджы (1970) і Лаосе (1970; праз некалькі месяцаў войскі ЗША адтуль выведзены). У 1972 ён аднавіў мірныя перагаворы ў Парыжы. Пасля падпісання Парыжскага пагаднення 1973 з В’етнама выведзены войскі ЗША і іх саюзнікаў. У 1969 адміністрацыя Ніксана пачала перагаворы з СССР па пытаннях абмежавання стратэг. узбраенняў, пашырыла кантакты з СССР і інш. краінамі Варшаўскага дагавора; пачала нармалізацыю адносін з Кітаем. Паліт. злоўжыванні (гл. Уотэргейт) прымусілі Ніксана падаць у адстаўку (першы выпадак у гісторыі ЗША). Яго змяніў Дж.Р.Форд, пры якім у адносінах з СССР працягвалася палітыка разрадкі. Перыяд прэзідэнцтва Дж.Э.Картэра супаў з сусв. энергетычным крызісам. Прапанаваная ім праграма мела на мэце дасягненне ЗША энергет. незалежнасці. Як і яго папярэднікі, ён змагаўся з інфляцыяй, ростам беспрацоўя. У знешняй палітыцы да часу ўводу ў Афганістан сав. войск Картэр працягваў палітыку разрадкі і перагавораў, у 1979 падпісаў у Вене дагавор аб абмежаванні стратэгічнай зброі (SALT), устанавіў дыпламат. адносіны з Кітаем, спрыяў падпісанню ў 1978 Кэмп-Дэвідскіх пагадненняў, а ў 1979 — мірнага дагавора паміж Ізраілем і Егіптам. У 1980 прэзідэнтам стаў рэспубліканец Р.У.Рэйган. Дзякуючы рэалізацыі яго эканам. праграмы (т.зв. рэйганоміка) павялічыўся нац. даход, значна панізіўся ўзровень інфляцыі, зменшылася беспрацоўе. У знешняй палітыцы ён быў прыхільнікам сілавых метадаў і аказання дапамогі антыкамуніст. рухам (дактрына Рэйгана 1985), падтрымліваў апазіцыю ва Усх. Еўропе, вёў з СССР перагаворы пра абмежаванне ўзбраенняў, у т. л. START (пра скарачэнне стратэгічнай зброі). З 1985 адбываліся сустрэчы на вышэйшым узроўні з М.С.Гарбачовым, у 1987 падпісаны дагавор аб ліквідацыі ракет сярэдняга радыуса дзеяння. Адначасова Рэйган ініцыіраваў праграму т.зв. зорных войнаў. У 1988 яго змяніў Дж.Буш, які праявіў асаблівую актыўнасць у знешняй палітыцы: быў ініцыятарам стварэння міжнар. узбр. сіл і ажыццяўлення ваен. дзеянняў у Персідскім зал., паспрыяў канчатковаму афармленню Паўночнаамер. дагавора аб свабодным гандлі (NAFTA); падтрымліваў дэмакр. пераўтварэнні ва Усх. Еўропе; працягваў перагаворы з СССР аб раззбраенні і падпісаў дагавор аб скарачэнні стратэгічнай зброі (START). Пасля распаду СССР і сацыяліст. лагера ЗША засталіся адзінай супердзяржавай. У 1992 на прэзідэнцкі пост абраны дэмакрат У.Дж.Клінтан. Яго прэзідэнцтва адзначана сутыкненнямі з кангрэсам (пасля выбараў 1994 перавагу ў абедзвюх палатах маюць рэспубліканцы), які не прыняў прэзідэнцкі праект рэфармавання сістэмы сац. забеспячэння. У знешняй палітыцы Клінтан абвясціў аб працягу дзеянняў ЗША па ўзмацненні дэмакр. сістэмы і пабудове ў свеце рыначнай эканомікі, падтрымцы дэмакр. перамен, што адбыліся ва Усх. Еўропе і Расіі. У 1994 ЗША паспрыялі падпісанню ізраільска-іарданскага мірнага дагавора, а таксама звяржэнню ваен. дыктатуры на Гаіці; у 1995—96 удзельнічалі ў ваен. аперацыях НАТО у б. Югаславіі. Член ААН з 1945. Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены ў снеж. 1991.

Палітычныя партыі і прафсаюзы. У ЗША існуе двухпартыйная сістэма, якая ўзнікла ў 19 ст. і канчаткова аформілася пасля грамадз. вайны 1861—65. У паліт. жыцці краіны дамінуюць Дэмакр. і Рэсп. партыі, якія з’яўляюцца т.зв. выбарчымі партыямі. Сур’ёзнай апазіцыі ў ЗША няма. Сярод інш. партый, якія не адыгрываюць значнай ролі: маргінальныя ідэалагічныя партыі (камуністычная, Сац. партыя працы, Сац. партыя, кансерватыўная партыя), эфемерныя т.зв. трэція партыі (Прагрэсіўная партыя). Найб. прафс. аб’яднанне — Амер. федэрацыя працы — Кангрэс вытв. прафсаюзаў (АФП—КВП).

Гаспадарка. ЗША — самая высокаразвітая індустр.-агр. краіна свету. Яны даюць 21,2% валавога ўнутр. прадукту (ВУП) свету (1994), на душу насельніцтва прыпадае 21,3 тыс. долараў. Асн. ч. валавога прадукту даюць прамысловасць і сфера паслуг. ЗША — буйнейшая прамысл. і с.-г. дзяржава, валодае самым вялікім навук.-тэхн. патэнцыялам, лідэр у шэрагу важнейшых кірункаў навук.-тэхн. прагрэсу. Уласныя рэсурсы задавальняюць патрэбы ў каменным вугалі, медзі, свінцы, малібдэне, фасфатах і многіх інш. відах мінер. сыравіны. Кобальт, хром, марганец, плаціна забяспечваюць патрэбы толькі часткова. Некат. віды сыравіны (стронцый, ніобій і інш.) імпартуюцца. У агульнай вытв-сці энергіі пераважаюць нафта (40,2%), прыродны газ (24,8%). Здабыча нафты 393 млн. т (1994). Найважнейшыя штаты па яе здабычы Тэхас, Аляска, Луізіяна, Каліфорнія; найбуйнейшыя нафтавыя кампаніі «Эксан» і «Мобіл». Імпарт нафты 330 млн. т (з Канады, Мексікі, Саудаўскай Аравіі, Вялікабрытаніі). Здабыча прыроднага газу 538 млрд. м³ (1995), імпарт з Канады 79,3 млрд. м³ (1995). Асн. ч. каменнага вугалю здабываецца ў Апалачскім басейне, бурага вугалю і лігнітаў — у штаце Паўн. Дакота. Агульная яго здабыча 865,3 млн. т (1993), у т. л. каменнага вугалю 791,1 млн. т. Вугаль экспартуецца (штогод каля 80—100 млн. т) і адначасова імпартуецца з Калумбіі, Канады, Аўстраліі для электрастанцый Поўдня. Сумарная магутнасць электрастанцый больш за 700 млн. кВт, выпрацоўка электраэнергіі 2882,2 млрд. кВт·гадз (1993).

ЦЭС даюць 60% электраэнергіі, АЭС — 22, ГЭС — 18%. Большасць АЭС працуе на Поўначы. У горных раёнах 1300 ГЭС, самая вялікая з іх Гранд-Кулі (магутнасць 10,8 млн. кВт) на р. Калумбія. Апрацоўчая прам-сць вызначаецца складанай структурай, вял. затратамі на н.-д. і доследна-канструктарскія работы, высокай спецыялізацыяй і высокім узроўнем прадукцыйнасці працы. Дае каля 18% ВУП. Дынамічна развіваюцца новыя навукова-ёмістыя галіны: радыёэлектронная, прыладабуд., авіяц. і ракетна-касм. прам-сць, вытв-сць станкоў з праграмным кіраваннем, гнуткіх аўтаматызаваных сістэм, прамысл. робатаў, абсталявання для АЭС, новых канструкцыйных матэрыялаў. На найноўшыя тэхналогіі пераводзіцца вытв. апарат традыц. галін — металургіі, агульнага машынабудавання, лёгкай, харч., дрэваапр. і інш. галін прам-сці. Найбуйнейшы машынабуд. комплекс (металаапрацоўка, агульнае і трансп. машынабудаванне, прыладабудаванне); найважнейшыя яго цэнтры Лос-Анджэлес, Чыкага, Дэтройт, Нью-Йорк, Філадэльфія, Кліўленд, Бостан. У вытв-сці аўтамабіляў (12 млн. шт., 1995) дамінуюць кампаніі «Джэнерал Мотарс», «Форд-мотар», «Крайслер» (з 1998 «Даймлер—Крайслер»). Асн. цэнтры аўтамабілебудавання ў раёне Вял. азёр. Асн. цэнтры авіякасм. прам-сці ў Каліфорніі, на Паўн. Усходзе і Поўдні. Усюды развіта вытв-сць станкоў, с.-г. машын, пад’ёмна-трансп. абсталявання. У радыёэлектроннай прам-сці (каля 30% сусв. вытв-сці) пераважае выпуск прадукцыі прамысл. і ваен. прызначэння; асн. цэнтры Лос-Анджэлес, Чыкага, Нью-Йорк, Бостан; найб. кампаніі «Інтэрнэшанал бізнес мэшынс» і «Джэнерал электрык». Чорная і каляровая металургія рэканструююцца, скарачаецца колькасць прадпрыемстваў. Выплаўка сталі ў 1970—131,5 млн. т, у 1995—104,9 млн. т. Асн. раён здабычы жал. руды на З ад Верхняга воз. Каля 17—20 млн. т руды імпартуецца. Алюмініевыя прадпрыемствы ў басейнах рэк Калумбія і Тэнесі і ў штатах Тэхас і Луізіяна, вытв-сць 6563 тыс. т (1995). Іншыя прадпрыемствы каляровай металургіі (здабыча і выплаўка медзі, свінцу, цынку, малібдэну, хрому, вальфраму, золата, серабра і інш.) на горным Захадзе. ЗША займаюць вядучае месца ў свеце па вытв-сці мінер. угнаенняў, пластмас, хім. валокнаў, сінт. каўчуку і інш. Выпуск прадукцыі пераважна на Поўначы і Поўдні, гал. цэнтры Х’юстан (хім. сталіца), Чарлстан (штат Зах. Віргінія), Батан-Руж. На Поўдні на мясц. фасфарытах (пераважна штат Фларыда, здабыча 43,5 млн. т, 1995) вытв-сць фасфатных угнаенняў. Атамная прам-сць (здабыча і абагачэнне уранавых руд) у штатах Нью-Мексіка і Каларада, вытв-сць матэрыялаў, якія расшчапляюцца — у Ханфардзе, Ок-Рыджы, Падзьюцы. Добра развіта і мадэрнізавана тэкст., трыкат. і швейная прам-сць. Баваўняныя тканіны выпускаюць на Поўдні і ў Прыатлантычных штатах, шарсцяныя і шаўковыя — на Поўначы. Нью-Йорк — буйнейшы цэнтр швейнай прам-сці. Добра развіта харч. (1-е месца ў свеце), лясная прам-сць (вытв-сць піламатэрыялаў, цэлюлозы, паперы — буйнейшая ў свеце). У сельскай гаспадарцы акрамя фермераў і членаў іх сем’яў працуе каля 1 млн. наёмных рабочых, вял. колькасць спецыялістаў і навук. супрацоўнікаў. Усяго ў агр.-прамысл. комплексе (АПК) занята 25 млн. чал. (1995). Асн. частку с.-г. прадукцыі даюць буйныя фермы індустр. тыпу (з гадавым абаротам больш за 100 тыс. дол.), іх доля ў агульнай колькасці фермаў каля 12%, у продажы с.-г. прадукцыі каля 75%. Характэрны высокі ўзровень механізацыі і хімізацыі сельскай гаспадаркі. Вял. ролю адыгрываюць аграпрамысл. аб’яднанні, у якіх вытв-сць с.-г. прадукцыі, яе перапрацоўка і збыт цесна звязаны. У структуры с.-г. угоддзяў (без Аляскі) на апрацаваныя землі, у т. л. ворыва, сады, вінаграднікі, сенажаці, прыпадае каля 22% усёй тэрыторыі, на пашы — каля 31%. Колькасць с.-г. фермаў зніжаецца (2072 тыс. ў 1995), сярэдні іх памер каля 200 га. Шырока выкарыстоўваюцца дасягненні навукі і высокай тэхналогіі. ЗША — вядучы экспарцёр с.-г. прадукцыі. Жывёлагадоўля і раслінаводства даюць адпаведна 50,5 і 49,5% даходаў фермаў. Асн. прадукцыя: мяса, малако, збожжа і соевыя зярняты. Вытв-сць (1995): збожжа 279 млн. т, у т. л. кукурузы 177 млн. т, пшаніцы 65,9 млн. т. Збор соевых зярнят 63 млн. т (1994; каля палавіны сусв. вытв-сці). Расце вытв-сць сорга і проса на кармавыя мэты — каля 16 млн. т штогод (чвэрць сусв. вытв-сці). Агародніцтва і садоўніцтва (апельсіны, яблыкі, грэйпфруты, міндаль, авакада, ананасы і інш.). Вял. зборы бавоўны (4,3 млн. т, 1995), тытуню, арахісу. Бульба (18,2 млн. т, 1993) пераважна ў штатах Айдаха, Арэгон. Пагалоўе (1995; млн. галоў): буйн. раг. жывёлы 103, свіней 60, авечак каля 9, коней 5,5. Развіта птушкагадоўля (каля 400 млн. курэй). У АПК склаўся малочны комплекс, працуюць т.зв. «фабрыкі малака». Прыазёрныя штаты — вядучыя па вытв-сці малака, сыру, масла. У штатах кукурузнага пояса вядзецца адкорм буйн. раг. жывёлы і свіней. Склаліся с.-г. раёны (паясы): малочнай жывёлагадоўлі, кукурузна-мясны, зернева-жывёлагадоўчы, тэхн. культур, субтрапічнага земляробства, збожжавы (пшанічны пояс), мясной жывёлагадоўлі (вырошчванне маладняку буйн. раг. жывёлы — Тэхас, Аклахома, Канзас, Небраска, Каліфорнія), агародніцтва (на ўзбярэжжы Атлантычнага ак.), пашавай жывёлагадоўлі (горны Захад). Значныя параённыя адрозненні ў спецыялізацыі і ўзроўнях развіцця гаспадаркі. Паўн. Усход — найб. прамыслова развіты раён; Нью-Йорк — гал. фін. цэнтр свету. Нью-Йоркскі прамысл. раён — буйнейшы ў краіне. Сярэдні Захад дае 45—50% с.-г. прадукцыі ЗША, асабліва развіта вытв-сць пшаніцы, соі, кукурузы, мае 40% пагалоўя буйн. раг. жывёлы і 80% пагалоўя свіней. Чыкага — 2-і па значэнні гандл. і фін. цэнтр краіны. Поўдзень — гал. раён нафтагазавай прам-сці. Развіццё раёна апіраецца на багатыя прыродныя рэсурсы. Асабліва развіты нафтахім., авіякасм. і радыёэлектронная прам-сць. Захад — самы малады раён, мае вял. рэсурсны патэнцыял. Вызначаецца каляровай металургіяй, электратэхн., радыёэлектроннай і авіякасм. прам-сцю, агульным машынабудаваннем. Каліфорнія вызначаецца людскім, навук.-тэхн. і прамысл. патэнцыялам. Сфарміраваўся буйны Лос-Анджэлескі прамысл. раён.

Транспарт. Даўж. чыгунак каля 260 тыс. км, аўтадарог (разам з гарадскімі) 6,3 млн. км (больш за чвэрць сусв. сеткі). У краіне 146 млн. легкавых, 59 млн. грузавых аўтамабіляў і аўтобусаў (1995). Аснову чыг. сеткі складаюць транскантынентальныя магістралі. Вял. значэнне маюць унутр. водныя шляхі, асабліва па рэках Місісіпі, Агайо, Вял. азёрах, Берагавым канале. Танаж марскога гандл. флоту каля 25 млн. т. Буйнейшыя марскія парты — Нью-Йорк, Новы Арлеан, Х’юстан. Сетка нафтаправодаў (325 тыс. км) і газаправодаў (440 тыс. км) злучае раёны здабычы і спажывання нафты і газу. У перавозках пасажыраў вял. значэнне мае авіяцыя. У краіне 834 аэрапорты і аэрадромы. Аб’ём экспарту 4198,6 млрд. дол., імпарту 4323,3 млрд. дол. (1994). Больш як ⅔ знешняга гандлю прыпадае на развітыя краіны. У экспарце пераважаюць прамысл. абсталяванне, самалёты, аўтамашыны, радыёэлектроннае абсталяванне, ваен. тэхніка, хімікаты, кукуруза, соевыя зярняты, бавоўна, тутунь і тытунёвыя вырабы і інш. ЗША — буйны экспарцёр капіталу. У імпарце вядучае месца займаюць гатовыя вырабы, прамысл. сыравіна, каляровыя металы, нафта. Гал. гандл. партнёры — Канада, краіны Лац. Амерыкі (асабліва Мексіка і Бразілія), Зах. Еўропы, Японія, Кітай, Аўстралія і інш. Хутка развіваецца міжнар. турызм. Краіну наведваюць штогод больш за 40 млн. замежных грамадзян (з Канады, Зах. Еўропы, Японіі). Склаліся прыродна-рэкрэацыйныя раёны — Фларыда, Каліфорнія, Гаваі, Горныя штаты. Гандл. сувязі паміж ЗША і Беларуссю мала развіты. У асобныя гады ЗША набываюць на Беларусі невял. партыі трактароў, калійныя і азотныя ўгнаенні, тканіны, шыны для с.-г. машын; а Беларусь у ЗША — пшаніцу, кукурузу, выліч. машыны, гербіцыды, каўчук. Знешнегандл. абарот паміж Беларуссю і ЗША дасягнуў 212 млн. долараў (1996). Грашовая адзінка — долар ЗША.

Узброеныя сілы. Складаюцца з сухап. войск, ВПС і ВМФ. Вярх. галоўнакамандуючы — прэзідэнт, які ажыццяўляе агульнае кіраўніцтва ўзбр. сіламі праз Савет нац. бяспекі і Мін-ва абароны, непасрэдны кіраўнік — міністр абароны, рабочы і дарадчы орган — аб’яднаны к-т начальнікаў штабоў. Практычная рэалізацыя загадаў кіраўніцтва ўскладзена на аб’яднаныя камандаванні ўзбр. сіл: функцыян. (стратэг., касм., спец. аперацый і інш.) і рэгіянальныя, ці геагр. (у зонах Ціхага і Атлантычнага акіянаў, Еўропы, Цэнтр. і Паўд. Амерыкі і інш.). У 1997 узбр. сілы налічвалі больш за 3,1 млн. чал., у т. л. нац. гвардыя і боегатовы рэзерв 1,6 млн. чал., цывільныя служачыя — 800 тыс. Падзяляюцца на стратэг. сілы (сілы і сродкі сухап. войск, ВПС і ВМФ, аператыўна падпарадкаваныя стратэг. камандаванню) і сілы агульнага прызначэння (уключаюць усе сілы няядз. ўздзеяння). На ўзбраенні каля 7,6 тыс. ядз. боегаловак, у т. л. марскога базіравання 3,6 тыс., наземнага — 2,4 тыс., паветр. — 1,6 тыс. У сухап. войсках каля 500 тыс. чал., больш за 10,5 тыс. танкаў, 8,5 тыс. артыл. сродкаў, 10 тыс. мінамётаў і інш. У ВПС каля 400 тыс. чал., больш за 3 тыс. баявых самалётаў. У ВМФ (разам з марской пяхотай) больш за 600 тыс. чал., каля 500 баявых караблёў і суднаў. У адпаведнасці з нац. ваен. стратэгіяй і міжнар. дагаворамі ваен. прысутнасць ЗША у Еўропе значна скарацілася. Сілы агульнага прызначэння ў Еўропе ў 1997 складаліся з 2 дывізій і брыгады (у 1990 — адпаведна 4 і 3), якія ўключалі 60 тыс. чал., 402 танкі, 216 баявых самалётаў, 245 артыл. сістэм і інш. баявую тэхніку. Узбр. сілам ЗША належыць ключавая роля ў НАТО (у 1996—58,1% усіх ваен. расходаў блока). Доля ваен. расходаў у валавым нац. прадукце краіны складала 3,6%, у бюджэце — 17,3% (1996). У рамках праграм «Партнёрства дзеля міру», «Ваенныя — ваенным» і інш. развіваецца супрацоўніцтва Узбр. сіл Беларусі і ЗША.

Ахова здароўя. Сістэма дзярж. аховы здароўя грунтуецца на спец. праграмах. У рамках сац. страхавання выплачваюцца пенсіі, дапамогі сем’ям застрахаваных, па інваліднасці, па хваробе, пажылым людзям. Такія паслугі фінансуюцца за кошт узносаў, якія выплачваюць у аднолькавым памеры і працанаймальнікі і работнікі (кантралююцца федэральнымі ўладамі). Элементам гэтай сістэмы з’яўляецца мед. страхаванне (праграма Медыкар, з 1966), якое ўключае бальнічнае і пазабальнічнае добраахвотнае страхаванне (дадатковы ўзнос). Такой праграмай ахоплены людзі, якім 65 і больш гадоў, а таксама маладзейшыя, калі яны 2 апошнія гады мелі права на сац. дапамогу. Праграмай Медыкэйд карыстаюцца людзі пажылыя, з фіз. недахопамі, сем’і беспрацоўных з дзецьмі. Праграма ўваходзіць у склад больш шырокага ўрадавага праекта (1972), які фінансуецца з бюджэту. Кампенсацыі з прычыны страты здароўя або смерці з-за выпадку на працы залежаць ад памераў заработнай платы і выплачваюцца ва ўсіх штатах. Федэральны ўрад выплачвае кампенсацыі шахцёрам і іх сем’ям з прычыны страты здароўя. Апрача таго, кожны грамадзянін і прадпрыемства для сваіх супрацоўнікаў могуць выкупіць прыватныя страхавыя мед. полісы (маюць падатковыя льготы) або заявіць аб удзеле ў Арганізацыі аховы здароўя. Прыналежнасць да яе і аплата ўзносаў даюць права на атрыманне бясплатных мед. паслуг. Сярэдняя працягласць жыцця мужчын 73, жанчын 79 гадоў. Смяротнасць — 9 на 1 тыс. чал. Забеспячэнне бальнічнымі ложкамі — 1 на 223 чал., урачамі — 1 на 391 чал. Узровень нараджальнасці 15 на 1 тыс. чал. Дзіцячая смяротнасць 7 на 1 тыс. нованароджаных (1996).

Асвета і навуковыя ўстановы. Сістэма адукацыі ЗША уключае дзярж. і прыватны сектары, куды ўваходзяць дашкольныя ўстановы, агульнаадук. школы, ВНУ розных узроўняў. Многія дзеці пачынаюць навучанне ў дзіцячых садах. У ЗША каля 74 тыс. пач. школ, каля 25 тыс. сярэдніх і каля 6,8 тыс. камбінаваных. Працягласць навучання ў агульнаадук. школе звычайна 12 гадоў (з 6-гадовага ўзросту). У большасці штатаў абавязковае навучанне да 16-гадовага ўзросту, у некаторых — да 18-гадовага. Пач. школа — 1—6-ы кл. Сярэдняя школа ў большасці акруг падзяляецца на малодшую (7—9-ы кл.) і старэйшую (10—12-ы кл.). Асн. прынцыпы навучання ў сярэдніх школах — свабодны выбар вучнямі (асабліва старэйшых класаў) навуч. дысцыплін. З 9-га кл. складаецца некалькі праграм навучання, якія супадаюць з профілямі старэйшай школы, дзе праводзіцца дыферэнцыраванае навучанне дзяўчат і юнакоў ва ўзросце 16—18 гадоў. У адпаведнасці з праграмамі адрозніваюць 3 профілі навучання: акадэмічны (накіраваны на падрыхтоўку для паступлення ў каледжы), прафесійны (дае практычныя веды для ўладкавання на работу), агульны (не дае спец. падрыхтоўкі). Каля 65% выпускнікоў сярэдніх школ паступае ў каледжы або ун-ты. У ЗША больш за 3,3 тыс. каледжаў і ун-таў (1994). Малодшыя (мясцовыя) 2-гадовыя каледжы фінансуюцца мясц. ўладамі і разлічаны на задавальненне мясц. патрэб у спецыялістах. Пасля заканчэння 4-гадовых ВНУ — ун-таў ці самастойных каледжаў прысуджаецца ступень бакалаўра; пры дадатковым навучанні на працягу 1—2 гадоў — ступень магістра. Існуюць тэхн. ін-ты, прафес. школы, якія не прысуджаюць ступень бакалаўраў (выпускнікі атрымліваюць кваліфікацыю тэхнікаў).

Буйнейшыя універсітэты: Гарвардскі універсітэт, Іельскі універсітэт, Калумбійскі універсітэт, Нью-Йоркскі універсітэт, Каліфарнійскі універсітэт, Чыкагскі універсітэт, Пенсільванскі (з 1740) у Філадэльфіі, Прынстанскі (з 1746), Мічыганскі (з 1817) у г. Ан-Арбар, Вісконсінскі (з 1848) у г. Мадысан, Корнелскі (з 1865) у г. Ітака, Ілінойскі (з 1867) у г. Эрбана, Станфардскі (з 1891) і інш. Ун-ты, а таксама мін-вы і ведамствы федэральнага ўрада, прамысл. фірмы ЗША і розных тыпаў беспрыбытковыя арг-цыі ўваходзяць у структуру арг-цый, якія фінансуюць і праводзяць навук. даследаванні. Найб. перспектыўныя кірункі навук. даследаванняў у галіне фундаментальнай навукі вызначае Нац. навук. фонд ЗША (з 1950), экспертамі якога з’яўляюцца вядучыя вучоныя. На каардынацыю навук. дзейнасці таксама аказвае ўплыў Нац. акадэмія навук 3LUA (з 1863) у Вашынгтоне. 60% усіх фундаментальных даследаванняў выконваюць ВНУ, дзе сканцэнтравана каля 70% дактароў навук. Асаблівасць арг-цыі навукі ў ЗША — правядзенне фундаментальных даследаванняў у н.-д. цэнтрах і лабараторыях ВНУ (у асноўным у вядучых ун-тах). Гэта дае магчымасць хутка ўключаць вынікі даследаванняў у навуч. праграмы і прыцягваць да навук. дзейнасці найб. здольных студэнтаў. Фінансуюцца н.-д. групы з уласных фондаў ун-таў і за кошт сродкаў па кантрактах з дзярж. ўстановамі і прамысл. фірмамі. Буйныя навук. ўстановы мае Нац. ўпраўленне па аэранаўтыцы і даследаванні касм. прасторы (НАСА), у т. л. Эймскі н.-д. цэнтр (г. Маўнтын-В’ю, штат Каліфорнія), н.-д. цэнтр Лэнглі (г. Хэмптан, штат Віргінія) і інш. Упраўленню энергет. даследаванняў і распрацовак належаць н.-д. лабараторыі: Аргонская, Радыяц. імя Лоўрэнса, Лос-Аламоская, Сандыя (г. Альбукерке) і інш. Значную сетку ін-таў і лабараторый маюць Мін-вы аховы здароўя, адукацыі, сац. забеспячэння, сельскай гаспадаркі і інш. Н-д. работы ў многіх галінах прыродазнаўства праводзяць ін-ты Смітсанаўскага комплексу (г. Вашынгтон), які мае статус карпарацыі. Усе буйныя прамысл. фірмы маюць н.-д. цэнтры і лабараторыі. Больш за 60% аб’ёму н.-д. і доследна-канструктарскіх работ (НДДКР) у прам-сці сканцэнтравана ў цэнтрах і лабараторыях карпарацый, больш за 20% сродкаў, укладзеных прамысл. фірмамі ў сферу НДДКР, прыпадае на буйнейшыя карпарацыі, у т. л. «Джэнерал мотарс», «Джэнерал электрык», «Форд мотар», IBM (займаецца распрацоўкай, вытв-сцю і абслугоўваннем ЭВМ) і інш. Асобную групу н.-д. арг-цый складаюць беспрыбытковыя арг-цыі розных тыпаў (н.-д. лабараторыі пры галіновых прамысл. асацыяцыях, розныя дабрачынныя фонды, арг-цыі, створаныя для кіравання буйнымі ўрадавымі, прыватнымі або змешанымі праектамі ў пэўнай галіне ведаў і інш.). Найб. бібліятэкі: Б-ка Кангрэса, нац. б-кі медыцыны і сельскай гаспадаркі, публічныя — у Бостане (з 1852), Лос-Анджэлесе і Чыкага (з 1872), Нью-Йорку (з 1895), б-кі ун-таў і інш. Найб. музеі: Метраполітэн-музей у Нью-Йорку (творы мастацтва Стараж. Егіпта, Вавілона, Грэцыі, Рыма, Блізкага і Д. Усходу і Еўропы), Нац. музей ЗША, Нац. галерэя прыгожых мастацтваў (з 1846), Нац. галерэя мастацтваў (з 1937), Нац. партрэтная галерэя (з 1962) — усе ў Вашынгтоне, Музей сучаснага мастацтва ў Нью-Йорку, Музей натуральнай гісторыі ў Чыкага (збор акамянеласцей дагістарычных жывёл, экспазіцыя эвалюцыі чалавека), Бостанскі музей прыгожых мастацтваў, Музей Фрыка (збор карцін еўрап. майстроў 14—19 ст.), Музей Саламона Р.Гугенгайма (збор твораў абстракцыянізму), Марскі музей (з 1930) у штаце Віргінія, Смітсанаўскі ін-т — комплекс, які аб’ядноўвае н.-д. ін-ты, маст. галерэі, заапарк, Арлінгтанскія мемарыяльныя могілкі (пахаваны вядомыя дзярж. і ваен. дзеячы краіны, а таксама салдаты, што загінулі ў войнах).

Друк, радыё, тэлебачанне. Перыядычны друк ЗША мае пераважна лакальны характар, за выключэннем некалькіх агульнанац. выданняў: штодзённыя газеты «New York Times» («Нью-Йоркскі час», з 1851), «Washington Post» («Вашынгтонская пошта», з 1877), «Los Angeles Times» («Лос-Анджэлескі час», з 1881), «The Wall Street Journal» («Газета Уолстрыт», з 1889), «Christian Science Monitor» («Настаўнік хрысціянскіх ведаў», з 1908). Першай агульнанац. штодзённай газетай была «USA Today» («ЗША сёння», з 1982). У 1993 43 штодзённыя газеты мелі тыраж больш за 250 тыс. экз. кожная. У 1992 выходзіла 1570 штодзённых газет агульным тыражом каля 60 млн. экз. у дзень, а таксама больш за 890 нядзельных выданняў агульным тыражом каля 62 млн. экз. (многія з іх маюць аб’ём больш за 300 старонак). У 1992 выходзіла больш за 7430 штотыднёвых выданняў агульным тыражом больш за 56 млн. экз. Існуюць выдавецкія групы і канцэрны. У 1992 20 буйнейшых (паводле тыражу) выдавецкіх груп выдавалі 519 штодзённых газет, тыраж якіх складаў амаль 60% дзённага тыражу ўсяго амер. друку. Найб. значныя: «Доу Джонс энд компані», «Трыбюн компані», «Ганет компані», «Таймс—Мірар». Буйнейшыя агенцтвы друку: Асашыэйтэд Прэс (з 1848) і Юнайтэд Прэс Інтэрнэшанал, засн. ў 1958 у выніку аб’яднання Юнайтэд Прэс (з 1907) і Інтэрнэшанал Ньюс Сервіс (з 1909).

Радыё пачало дзейнічаць з 1920 у г. Пітсбург. Існуюць камерцыйныя і некамерцыйныя радыёвяшчальныя сеткі, аб’яднаныя ў буйныя кампаніі: «Нэшанал бродкастынг компані» (з 1926), «Каламбія бродкастынг сістэм», «Мючуэл бродкастынг сістэм» (з 1934), «Амерыкан бродкастынг компані» (з 1944), якая ў 1986 ператворана ў «Кэпітал сітыс» («Амерыкан бродкастынг компаніс», мае ўласную радыёвяшчальную сетку). Некамерцыйныя кампаніі: «Амерыкан паблік рэйдыо», «Нэшанал паблік рэйдыо» (прыватная карпарацыя). Дзейнічаюць таксама радыёстанцыі, якія вядуць перадачы на замежных мовах і на тэр. ЗША, і па-за іх межамі: «Рэйдыо стэйшэн» «Войс оф Фрэндшып» (з 1939), «Войс оф Амерыка» (з 1942).

Рэгулярная трансляцыя праграм тэлебачання ў ЗША вядзецца з 1939, першая тэлевізійная сетка створана ў 1949. У 1953 зацверджана адзіная сістэма каляровага тэлебачання — Нэшанал тэлевіжэн сістэм каміты, першая станцыя гэтай сістэмы пачала вяшчанне ў 1956 у г. Чыкага. Буйнейшыя тэлевізійныя карпарацыі — Эн-Бі-Сі-ТБ, Сі-Бі-Эс-ТБ, Эй-Бі-Сі-ТБ. Камерц. кабельная сетка дзейнічае ў рамках карпарацыі «Тэрнер бродкастынг», якой належаць каналы «Кайбл ньюс нетуарк» (CNN), Ці-Эс-Бі (забаўляльныя праграмы і фільмы), Ці-Эн-Ці (мультфільмы для дзяцей і некамерцыйныя фільмы); «Мультымедыя кейблвіжэн». Грамадскае тэлебачанне — «Паблік бродкастынг сервіс» (PBS) — фінансуецца прыватнымі абанентамі і ўрадавымі фондамі.

Літаратура. Першыя на кантыненце англамоўныя празаічныя творы з’явіліся ў 17 ст. ў англ. калоніях Новы Плімут і Віргінія. Л-ра ранняга каланіяльнага перыяду (1607—1700) зазнала моцны ўплыў пурытанізму, які ў той час панаваў ва ўсіх сферах грамадскага жыцця, і мела пераважна рэліг.-маралізатарскі характар. Асн. літ. жанр — багаслоўскія трактаты, пропаведзі і памфлеты, а таксама дзённікі, мемуары і гіст. творы пра жыццё калоній. Важную ролю ў развіцці нац. л-ры адыграла творчасць рэв. асветнікаў эпохі вайны за незалежнасць 1775—83 (Ф.Фрэно, Б.Франклін, Т.Пейн, Х.Джэферсан), якая вызначалася баявым, палемічным характарам (асн. жанры — паліт. памфлет і рэв. паэзія). Працэс фарміравання нац. амер. л-ры завяршыўся ў эпоху рамантызму (1-я пал. 19 ст.), які ў сваім развіцці прайшоў 2 этапы. 1-ы («ранні») перыяд прыпадае на 1820—30-я г. У 1820 у «Кнізе эскізаў» В.Ірвінга ўпершыню адлюстраваны рысы нац. амер. светаадчування, своеасаблівасць эстэтыкі амер. рамантызму: іранічная трактоўка традыц. рамант. сюжэтаў («Жаніх-прывід», «Легенда пра Сонную лагчыну»), адметнасць амер. гістарызму (цікавасць не столькі да гіст. падзей, колькі да іх уплыву на нар. жыццё), натывізм. Амер. рамантызм стварыў сваю філасофію — трансцэндэнталізм (літ. група «Маладая Амерыка»), буйнейшымі прадстаўнікамі якой былі Р.У.Эмерсан і Г.Д.Тора. Пісьменнікі 2-га («позняга») перыяду рамантызму (1840—50-я г., Г.Мевіл, Н.Хотарн, Э.По) успрымалі амер. рэчаіснасць трагічна; зло, што існуе ў жыцці, разглядалі як спрадвечнае, непахіснае, пераможнае. У сярэдзіне 19 ст. пашырылася абаліцыянісцкая літаратура (Г.Бічэр-Стоу, Г.У.Лангфела і інш.). Вял. ролю ў развіцці нац. амер. л-ры адыграла творчасць У.Уітмена, паэта-дэмакрата, які прапаведаваў роўнасць усіх людзей і рэчаў і здолеў надаць гэтай дэмакратыі касмічны, сусветны маштаб. Яго паэзія дала пачатак традыцыі белага верша ў паэзіі ЗША, якую ў 20 ст. прадоўжылі А.Гінзберг, У.Стывенс, У.К.Уільямс. Самабытная паэзія Э.Дзікінсан таксама атрымала прызнанне толькі ў 20 ст. У 1870-я г. рэаліст. тэндэнцыі развівалі Г.Джэймс і У.Дз.Хоўэлс. Найб. значэнне для станаўлення рэаліст. прозы мела творчасць М.Твэна. Яго раман «Прыгоды Гекльберы Фіна» адметны актуальнасцю праблематыкі, тыповасцю вобразаў, шырынёй сац. абагульнення і сац. канфлікту, набыў характар нацыянальнага і стаў вызначальным для амер. рэаліст. л-ры. Мяжа 19—20 ст. адзначана прыходам пісьменнікаў, якія імкнуліся да глыбіннага даследавання жыцця краіны і рэаліст. яго адлюстравання, часам з натуралістычным (С.Крэйн, Ф.Норыс) або рамант. ці сатыр. адценнем (Дж.Лондан, А.Г.Бірс, О.Генры). Творчасць Т.Драйзера ў многім акрэсліла кірунак амер. л-ры 1-й пал. 20 ст. У сваіх творах ён паслядоўна даследаваў феномен «амер. мары», які вызначаў нац. амер. свядомасць і псіхалогію. 1920-я г. — час росквіту рэаліст. (Ш.Андэрсан, С.Льюіс, Э.Сінклер, Э.Хемінгуэй, Ф.С.Фіцджэральд, Дж.Дос Пасас і інш.) і мадэрнісцкай (Ю.О’Ніл, У.Фолкнер, Г.Стайн, Т.С.Эліят, Э.Паўнд і інш.) л-ры. Значнай з’явай у літ. жыцці краіны стала стварэнне т.зв. «паўд. школы» амер. рамана, прадстаўнікі якой услаўлялі былую веліч Поўдня, еднасць чорных і белых («паўд. міф»), Асн. ідэяй творчасці Фолкнера, Т.К.Вулфа, Ф.О’Конар, Э.Колдуэла, К.Мак-Калерс, Р.П.Уорэна, К.А.Портэр стала непрыманне бурж. адносін і ладу жыцця. Заснавальнікам сучаснай амер. драматургіі з’яўляецца О’Ніл. Развівалася інтэлектуальная (Эліят, Паўнд, Стывенс) і грамадская (Уільямс, Х.Крэйн, Р.Фрост) паэзія.

У 1930-я г. ў сувязі з Вял. дэпрэсіяй у Амерыцы і пашырэннем фашызму ў Еўропе амер. л-ра становіцца больш леварадыкальнай і востракрытычнай у ацэнках амер. паліт. сістэмы: «Гронкі гневу» Дж.Э.Стэйнбека, «Мець і не мець» Хемінгуэя, гіст. раманы Г.Фаста. Асаблівасцю амер. рамана пра 2-ю сусв. вайну стала выкрыццё фашызму і рэакцыйных зрухаў у жыцці краіны, якія могуць прывесці да ўзнікнення дыктатуры і таталітарызму (раманы Н.Мейлера, Дж.Джонса, Дж.Р.Херсі, І.Шоу, К.Вонегута). У 1950-я г. асн. тэмай рэаліст. і мадэрнісцкай л-ры стала адчужэнне асобы ў бездухоўным грамадстве: «Над безданню ў жыце» Дж.Д.Сэлінджэра, «Лугавая арфа» Т.Капотэ. У пач. 1960-х г. новыя тэндэнцыі ў л-ры звязаны з ідэяй маральнага ўзвышэння чалавека: «Гадзіннік без стрэлак» Мак-Калерс і «Зіма трывогі нашай» Стэйнбека, раманы Колдуэла, творы Дж.Апдайка. У пасляваенныя часы аформіўся і своеасаблівы пласт духоўнага жыцця — масавая літаратура. У 1970-я г. ў л-ры ЗША — пара аналізу, што абапіраецца на рэаліст. традыцыі 20 ст. і падмацоўваецца эмацыянальнай напружанасцю антываен., антырасісцкага і антыманапалістычнага рухаў (раманы Дж.Чывера, Дж.Хелера, У.Стайрана, Вонегута, Мейлера, Э.Л.Доктараў, Г.Відала, Дж.К.Оўтс). Значнае месца ў пасляваен. л-ры займае філас. раман, адметны імкненнем да глыбіннага асэнсавання быцця, пераацэнкі традыцыйных ідэйна-эстэт. і этычных каштоўнасцей (Т.Уайлдэр, Херсі, Уорэн, Дж.Гарднер, Стайран). Своеасаблівае адлюстраванне супярэчнасцей і складанасцей быцця — постмадэрнісцкая л-ра, якая на невырашальнасць жыццёвых праблем адказвае гульнёй, карнавалам масак, эстэтычным хаосам (Дж.Барт, Т.Пінчан, Д.Бартэльм, П.Донліві, М.Макарці). Л-ру ЗША 2-й пал. 20 ст. прадстаўляюць таксама навук. фантасты А.Азімаў, Р.Брэдберы. У галіне драматургіі вылучыліся Х.Уільямс, А.Мілер і інш. Стан сучаснай амер. л-ры вызначаюць пісьменнікі Т.Морысан, Дж.Смайлі, Дж.Гамільтан, Р.Бэнкс, П.Остэр і інш.

Першыя пераклады на бел. мову амер. л-ры з’явіліся ў 1920-я г. У 1926 выдадзены апавяданні Лондана, 4 раздзелы «Песні пра Гаявату» Лангфела; у 1927 — «Песня пра вольны шлях» Уітмена ў перакладзе А.Мардзвілкі; у 1928 — зб. паэзіі «Кветкі з чужых палёў» (пер. Ю.Гаўрук). У 1930—40-я г. асобнымі выданнямі на бел. мове выйшлі «Маленькі старацель» Б.Гарта, «Пракляты агітатар» М.Голда, «Трое парасятак» У.Дыснея, «Апошні з магікан» Дж.Ф.Купера, «Незвычайны адрывак», «Бук — паштовы сабака», «Забаставаў», «Кулі», «Белы ікол» (пад назвай «Белы Клык»), «Сказанне аб Кішы», «Смок Белью» Лондана, «Прыгоды Тома Соера», «Прыгоды Гекльберы Фіна», «Прынц і жабрак» Твэна, «Дзесяць дзён, якія ўзварухнулі свет» Дж.Рыда, «Злодзей», «Аўтамабільны кароль», «No pasaran!» — «Яны не пройдуць!» Сінклера. У 1969 выйшаў «Спеў пра Гаявату» Лангфела (пер. А.Куляшоў), у 1971 — зб. «Утаймаванне веласіпеда» (апавяданні Андэрсана, Брэдберы, Колдуэла, Хемінгуэя, Р.Шэклі, Твэна), у 1978 — вершы Уітмена (зб. «Лісце травы», пер. Я.Сіпакоў). Асобныя вершы К.Сэндберга, Фроста, Голда пераклаў Я.Семяжон. З 1982 у альманаху «Далягляды» публікаваліся асобныя творы Дж.О’Хары, Мак-Калерс, Гарднера (пер. У.Шчасны), Бірса (пер. А.Кудраўцаў), У.Сараяна (пер. І.Сляповіч), Брэдберы (пер. М.Кандрусевіч), Андэрсана (пер. М.Чыкалава), эсэ Фолкнера і Стэйнбека. Розныя перыяд. выданні змяшчалі апавяданні Брэдберы, Вонегута, Відала, Кларка, Колдуэла, Ф.Баноскі ў перакладах А.Асташонка, С.Дорскага, Л.Чарнышовай. У серыі «Скарбы сусветнай літаратуры» выдадзены «Па кім звоніць звон» Хемінгуэя (1991, пер. В.Небышынец), «Гронкі гневу» Стэйнбека (1993, пер. Дорскі) і інш.

Архітэктура. У дакалумбаў час былі пашыраны пабудовы мясц. індзейскіх плямён: ярусныя дамы-селішчы (пуэбла), паўпадземныя свяцілішчы (ківа) з фігурнымі і арнаментальнымі размалёўкамі і інш. З 16 ст. на тэр. ЗША укараняецца еўрап. буд. традыцыя. Ствараюцца ўмацаваныя будынкі місій і храмаў з лаканічнымі формамі і разнымі парталамі, з адчувальным уплывам індзейскага і мекс. мастацтва. З канца 17 ст. пачалася рэалізацыя планаў гар. забудовы на аснове прамавугольных схем (план г. Філадэльфія, 1682). У канцы 18 ст. ў архітэктуры пануюць формы і прынцыпы класіцызму (пабудовы Ч.Булфінча, Т.Джэферсана і інш.). У 1790-х г. пачалося буд-ва новай сталіцы — Вашынгтона. З 1840-х г. дамінуюць псеўдаготыка і эклектызм, у масавай забудове — рацыянальныя тыпы канструкцый (метал, каркас у пабудовах інж. Дж.Богардуса). У 1880—90-я г. ўзнік новы тып пабудовы — шматпавярховы небаскроб (будынак Рылаенсбілдынг у Чыкага, 1890—94, арх. Д.Х.Бёрнем, Дж.У.Рут; пабудовы У. Ле Барана Джэні). Архітэктар Л.Салівен распрацаваў новыя архітэктанічныя прынцыпы вышыннага будынка, дзе рацыянальная канструкцыя набыла эстэт. сэнс (Аўдыторыум у Чыкага, 1887—89). Гэтай тэндэнцыі супярэчыла захапленне многіх архітэктараў архаічнымі матывамі. У 1920-я г. Ф.Л.Райт прадаўжаў распрацоўваць прынцыпы арган. архітэктуры, імкнуўся дасягнуць гармоніі пабудоў з прыродным асяроддзем. У 1930-я г. замацоўваецца функцыяналізм (102-павярховы будынак Эмпайр стэйт білдынг у Нью-Йорку, 1930—31, і інш.). У 1940—50-я г. Л.Міс ван дэр Роэ будаваў небаскробы на аснове простых геам. форм і шкляной абалонкі (жылыя дамы ў Чыкага, 1951, і канторскія будынкі ў Нью-Йорку, 1956—58). Адначасова шэраг архітэктараў звярнуўся да неакласіцызму («Лінкальн-цэнтр» у Нью-Йорку, 1962—68, арх. У.К.Харысан, М.Абрамовіц, Ф.Джонсан, Э.Саарынен і інш.). На развіццё архітэктуры 1950—60-х г. найб. ўплыў зрабіла творчасць Ф.Л.Райта (Музей Саламона Р.Гугенгайма ў Нью-Йорку, 1956—59), Саарынена (аэрапорт імя Кенэдзі ў Нью-Йорку, 1962), Л.Кана (мед. лабараторыі Пенсільванскага ун-та, Філадэльфія, 1957—61), шарападобныя канструкцыі Р.Б.Фулера. З канца 1970-х г. пашырылася архітэктура постмадэрнізму.

Выяўленчае мастацтва. Са стараж. часоў на тэр. ЗША развіваліся маст. культуры мясц. індзейскіх плямён. 9—4-м тысячагоддзямі да н.э. датуюцца наскальныя размалёўкі, дробная каменная пластыка, абагульнена трактаваныя каменныя галовы. З 4 ст. н.э. вядомы малюнкі на кераміцы з геам. і зааморфнымі ўзорамі, фігурныя пасудзіны, каменныя, гліняныя, драўляныя выявы людзей і жывёл, гліняныя люлькі ў выглядзе стылізаваных зааморфных фігур. Да 20 ст. захаваліся паліхромная разьба па дрэве ў абарыгенаў паўн.-зах. ўзбярэжжа, узорыстае ткацтва і малюнкі з каляровага пяску ў плямён паўд. захаду, размалёўка адзення і палатак (тыпі), аздабленні з пер’я ў плямён прэрый. Стараж. маст. традыцыі найб. захаваліся на Пн ЗША у алеутаў і эскімосаў. З пачаткам каланізацыі развіваецца еўрап. маст. культура. Партрэтны жывапіс 17—18 ст. вылучаўся наіўным імкненнем да дакладнасці адлюстравання, стылізаванымі формамі. У сярэдзіне 18 ст. Г.Хеселіус, Дж.Смайберт, Р.Фік стваралі рэаліст. партрэты каланістаў і індзейцаў. У творах Дж.С.Коплі ўвасобіўся ідэал энергічнага, гордага амерыканца. Б.Уэст ствараў палотны ў акад. стылі. На пач. 19 ст. тэндэнцыі рамантызму знайшлі адлюстраванне ў творах У.Олстана, Т.Салі, у краявідах мастакоў «школы ракі Гудзон», дзе панаваў дух першаадкрывальніцтва і асваення новых абшараў (Т.Коўл, Дж.Ф.Кенсет і інш.). Развіваўся парадны партрэт (Дж.Нігл, С.Морзе). У 1-й пал. — сярэдзіне 19 ст. рэаліст. кірункам вылучаюцца творы У.С.Маўнта, Дж.Бінгема, І.Джонсана, Дж.Піла, прымітывізм уласцівы творам Э.Хікса. У 2-й пал. 19 ст. ў творчасці У.Хомера (сцэны грамадз. вайны, побыту паляўнічых і рыбакоў) і Т.Эйкінса (сцэны гар. жыцця) сцвярджаюцца асновы рэаліст. школы. Развіццё амер. жывапісу вызначае еўрап. мастацтва: Дж.Інес працаваў у традыцыях барбізонскай школы, М.Кэсет — імпрэсіянізму, А.Райдэр — сімвалізму. Сярод вядомых мастакоў: жывапісцы Дж.Уістлер (псіхал. партрэты з сімвалічнай колернай гамай), Дж.Сарджэнт (выдатны каларыст, майстар партрэта), скульптар А.Сент-Годэнс (рэаліст. партрэты, помнікі, надмагіллі). У рэчышчы неакласіцызму працавалі скульпт. Х.Грынаў, Х.Паўэрс, Э.Д.Палмер. З пач. 20 ст. ўзмацніліся тэндэнцыі рэаліст. мастацтва ў творчасці мастакоў «школы скрыні для смецця» (Дж.Слоўн, Дж.Белаўз і інш.), жывапісцаў Р.Кента, Э.Хопера, скульпт. Дж.Эпстайна, У.Зораха і інш. Пад уплывам еўрап. авангардысцкіх пошукаў мастакі пачалі працаваць у кірунках дадаізму (М.Рэй), футурызму (Дж.Стэла), абстракцыянізму (А.Доў, С.Дэйвіс), амер. версіі кубізму (Ч.Шылер). У 1930-я г. ў ЗША пераехалі лідэры сюррэалізму (С.Далі, І.Тангі); сюррэалізм развіваецца ў творчасці Дж.О’Кіфа, О.Пікенса, А.Олбрайта. У 1940-я г. сцвярджаецца абстрактны экспрэсіянізм (жывапісцы Дж.Полак, А.Горкі, В. дэ Кунінг, М.Ротка, скульпт. А.Колдэр, Д.Сміт, Р.Ліпалд, Ф.Клайн), які адлюстроўваў напружаны характар амер. жыцця і пошукі аўтэнтычнасці поліэтнічнага грамадства. У 1950—60-я г. развіваецца поп-арт (Р.Раўшэнберг, Дж.Джонс, Э.Уорхал, Р.Ліхтэнстайн) як спроба эстэтызацыі масавай культуры і банальнага асяроддзя. Мастакі оп-арту (Т.Сміт, Э.Келі) будавалі творы на аптычных эфектах. На пач. 1970-х г. узнік гіперрэалізм (фотарэалізм) з яго ілюзіяністычным адлюстраваннем рэчаіснасці (Ч.Клоўз, Р.Маклін). Найноўшыя тэндэнцыі ўвасабляе канцэптуальнае мастацтва (лэнд-арт, бодзі-арт і інш.), у якім найважнейшым з’яўляецца сутнасць эстэт. факта, а не яго матэрыялістычная рэалізацыя.

Музыка. Муз. культура ЗША фарміравалася ў працэсе складанага ўзаемадзеяння паміж муз. традыцыямі еўрапейцаў-імігрантаў, пазней — неграў-нявольнікаў з Афрыкі і спрадвечнымі традыцыямі Амер. кантынента (пераважна муз. фальклор індзейцаў). Спалучэнне і ўзаемаўплыў гэтых пластоў і склалі аснову амер. прафес. муз. мастацтва. У побыце перасяленцаў былі пашыраны пурытанскія псалмы і гімны. У 1781 пастаўлены адзін з першых прафес. муз. твораў — аратарыяльнае дзейства «Незалежная Амерыка, або Храм Мінервы» Ф.Хопкінсана. У канцы 18 ст. ўзнік т.зв. рух хар. школ на чале з У.Білінгсам і інш. кампазітарамі-паўпрафесіяналамі, у творчасці якіх склаліся новыя, тыповыя для ЗША, рэліг. хар. гімны (т.зв. белыя госпелы, спірычуэлы). Адначасова распаўсюджвалася музыка прафес. кампазітараў — эмігрантаў з Еўропы. У фарміраванні нац. рыс амер. музыкі важную ролю адыгралі вандроўныя муз.-драм. трупы, т.зв. плывучыя т-ры (на параходах), т-ры менестрэляў (узніклі ў 1820-я г. на Пд ЗША), якія спалучалі англа-кельцкія нар. балады і гар. жанравыя песенькі з негрыцянскім муз. і танц. мастацтвам. З гэтых муз.-тэатр. відовішчаў пазней развіліся розныя нац. муз. жанры, у т. л. спірычуэл (сярод буйнейшых выканаўцаў П.Робсан, М.Джэксан, М.Андэрсан), блюз (У.Хэндзі, Б.Сміт, Дж.Джоплін), рэгтайм (С.Джоплін) і інш. У сярэдзіне 19 ст. ўзніклі шматлікія духавыя аркестры («бэнды») і хары, сімф. аркестры, муз. навуч. ўстановы і т-вы, у развіццё якіх вял. ўклад зрабіў Л.Мейсан. У 1883 у Нью-Йорку адкрыты т-р «Метраполітэн-опера» Сярод кампазітараў канца 19 — пач. 20 ст. Х.Паркер, Дж.Пейн, Дж.Чэдвік, А.Фуг (т.зв. нова-англ., ці бостанская школа). Блізкі да іх адзін з заснавальнікаў амер. прафес. музыкі З.Мак-Доўэл. Вял. ўклад у развіццё амер. муз. культуры зрабіў кампазітар і педагог А.Дворжак. Шматлікія муз. традыцыі ЗША абагульніў у сваёй творчасці Ч.Айвз. У 1920-я г., нягледзячы на ўплыў франц. імпрэсіянізму, у творах амер. кампазітараў У.Пістана, Р.Харыса, А.Копленда, Дж.Антэйла, Э.Сігмейстэра, Г.Каўэла, К Раглса, Р.Сешнса, У.Г.Сгыла і інш. прыкметна сцвярджэнне нац. стылю. Пасля 1-й сусв. вайны вял. ўклад у муз. культуру ЗША зрабілі еўрап. музыканты-эмігранты — М.Эльман, Я.Цымбаліст, С.Кусявіцкі, Л.Аўэр, Я.Хейфец, С.Рахманінаў, І.Левін і Р.Левіна, Р.Пяцігорскі, У.Горавіц, кампазітары Э.Блох і Э.Варэз, пазней І.Стравінскі, А.Шонберг, П.Хіндэміт, Э.Кшэнек, Д.Міё, Б.Бартак і інш. На мяжы 19—20 ст. у Новым Арлеане ўзніклі раннія формы джаза; сярод яго буйных майстроў Л.Армстранг, Э.Элінгтан, піяніст У.Бейсі (адзін з заснавальнікаў свінга), Б.Гудмен. Стылістычныя прыёмы джазавай музыкі выкарыстоўвалі большасць амер. кампазітараў. На аснове сімфанізацыі джаза і развіцця характэрных рыс афра-амер. фальклору глыбока нац. творы напісаў Дж.Гершвін (у т. л. опера «Поргі і Бес», 1935). У 1930-я г. на аснове папулярнай музыкі і некат. спецыфічных амер. тэатр. формаў узнік мюзікл, сярод лепшых узораў якога «Пра цябе я спяваю» (1931) Гершвіна, «Аклахома!» (1943) Р.Роджэрса, «Мая цудоўная лэдзі» (1956) Ф.Лоў, «Вестсайдская гісторыя» (1957) Л.Бернстайна. У 1930—40-я г. пашырыўся стыль кантры (сельская музыка і яе разнавіднасці; Дж.Роджэрс. Р.Эйкаф) і т.зв. гар. блюз (Х.Ледбелі, Б.Сміт і інш.). Сярод буйнейшых амер. кампазітараў (з 1940-х г.) У.Шумен, Дж.Карпентэр, С.Барбер, Дж.К.Меноці, В.Персікеці, Э.Картэр, Л.Бернстайн, П.Крэстан, М.Бэбіт, Л.Фос, А.Хованес, П.Менін, Л.Кёрчнер, Дж.Крам, Дж.Ітан, Ф.Глас, С.Рэйк; сярод выканаўцаў — дырыжоры Ю.Ормандзі, Л.Стакоўскі, Г.Шолці, Л.Маазель; піяністы Дж.Браўнінг, Р.Серкін, Б.Джайніс, Х.Л.Клайберн, М.Дыхтэр; скрыпачы І.Менухін, Н.Мільштэйн, І.Стэрн; спевакі М.Ланца, М.Хорн, Б.Сілс, Г.Мофа, М.Андэрсан, М.Добс, Л.Прайс. Сярод музыказнаўцаў Н.Сланімскі, Г.Чэйз, П.Г.Ланг, У.Хічкак, А.Эйнштэйн. На амер. муз. культуру 1960 — пач. 1990-х г. значна ўплываюць, з аднаго боку, эксперыментальная музыка, у т. л. камп’ютэрная музыка (Дж.Кейдж, Бэбіт, О.Люнінг, Э.Браўн і інш.), з другога — розныя віды поп-музыкі. Буйнейшыя оперныя кампаніі — «Метраполітэн-опера» і «Нью-Йорк сіці опера», сярод балетных труп «Амерыканскі тэатр балета», «Нью-Йоркскі гарадскі балет» і інш. Высокі ўзровень мае муз. адукацыя. Многія муз. школы і кансерваторыі фінансуюцца прыватнымі фондамі, у т. л. Джульярдская школа (Нью-Йорк), Муз. ін-т Кёртыс (Філадэльфія), Істменская школа музыкі (Рочэстэр). Пры многіх ун-тах існуюць муз. каледжы. Працуюць больш за 60 прафес. сімф. аркестраў, у т. л. Нью-Йоркскі філарманічны аркестр, Бостанскі сімфанічны аркестр, Філадэльфійскі сімфанічны аркестр, Кліўлендскі, Чыкагскі, шматлікія муз. т-вы, асацыяцыі, выд-вы; праводзяцца муз. конкурсы і фестывалі.

Тэатр. Першыя звесткі пра т-р Паўн. Амерыкі адносяцца да канца 17 ст. (паказы містэрый еўрап. місіянерамі). У 18 ст. гастраліравалі замежныя, пераважна англ. трупы. У 1716 ва Уільямсбергу (Віргінія) пабудаваны першы тэатр. будынак, дзе ў 1751 адкрыўся т-р Л.Халема, які паклаў пачатак прафес. тэатр. мастацтву ЗША. Ставіліся п’есы англ., з канца 18 ст. і амер. драматургаў (у асноўным У.Данлепа). Лепшыя акцёры Амерыкі 18 ст. былі англічанамі. У 1-й пал. 19 ст. фарміруюцца асн. рысы нац. акцёрскай школы. Пабудаваны спец. тэатр. памяшканні ў Нью-Йорку, Філадэльфіі, Бостане і інш. У 2-й пал. 19 ст. колькасць т-раў павялічылася, але яны былі пераважна вандроўныя (папулярныя т.зв. плывучыя т-ры па р. Місісіпі, якія ставілі пераважна меладрамы). Сярод акцёраў 19 ст. Дж.Бутс, Э.Форэст, Ш.Кашмен, Дж.Дру, А.Олдрыдж, Э.Бутс, Дж.Джэферсан, М.Фіск, М.Адамс, Дж.Марла, Р.Мансфілд, сям’я Барымараў. Узнікла асаблівая форма паказаў, якія ўключалі скетчы, пародыі, муз. эксцэнтрыку і інш., што стала характэрным для амер. т-ра.

На рубяжы 19—20 ст. усталявалася камерцыйная сістэма ў т-ры (антрэпрэнёр наймаў трупу на адзін спектакль, які ставіўся, пакуль прыносіў даход) і выцесніла пастаянныя трупы еўрап. тыпу. Такія т-ры абсталяваліся ў Нью-Йорку на Брадвеі (ад 40 да 80 у розныя часы), з’явілася паняцце «брадвейны тэатр» як вял. камерцыйнае прадпрыемства. Тут працавалі рэжысёры Д.Беласка (увёў гістарызм і дакладнасць у пастаноўкі, якія даходзілі да натуралізму), А.Хопкінс (паст. «новай драмы»: п’есы Г.Ібсена, Л.Талстога, М.Горкага), Э.Казан (лепшы інтэрпрэтатар п’ес Т.Уільямса), О.Уэлс. З 1927 пачынаецца эпоха амер. мюзікла на брадвейскай сцэне (паст. «Плывучы тэатр» Ф.Зігфельда, гл. таксама ў раздзеле Музыка).

У процівагу брадвейскаму камерцыйнаму т-ру ў сярэдзіне 1910-х г. узнік грамадскі рух за мастацтва вял. сац. зместу, за развіццё нац. драматургіі і рэжысуры. Узніклі т.зв. малыя тэатры, дзе ставіліся Ібсен, Б.Шоу, А.Чэхаў, засвойваўся еўрап. вопыт «свабодных тэатраў», у першую чаргу МХАТа і сістэмы К.Станіслаўскага. Т-р «Провінстаўн» (1915—29) гал. задачай лічыў развіццё сучаснай амер. драматургіі (п’есы Ю.О’Ніла з удзелам аўтара), «Гілд» — новыя метады акцёрскага выканання (па сістэме Станіслаўскага) і арыентацыя на «новую драму», «Грамадзянскі рэпертуарны тэатр» (1926—32) Е. Ле Гальен арыентаваўся на класіку, т-р «Груп» (1931—41) — на маладых амер. драматургаў. Падрыхтоўку дзеячаў т-ра пачалі буйныя ун-ты, дзе адкрываліся універсітэцкія т-ры. З дзейнасцю малых і універсітэцкіх т-раў звязана творчасць драматургаў О’Ніла, С.Хоўардл. П.Грына, Э.Райса, А.Мальца, Дж.Лоўсана; рэжысёраў Хопкінса, Ф.Мёлера, Х.Клермена, Л.Страсберга, Казана, Р.Мамуляна; акцёраў А.Ланта, Л.Фантан, К.Корнел, Ле Гальен, Дж.Барымара, Л.Адлера; тэатр. мастакоў Р.Джонса, Л.Саймансана, С.Х’юма, М.Гарэліка і інш. У гады крызісу колькасць т-раў скарацілася. Узніклі першыя дзярж. т-ры ЗША — федэральныя. Папулярнай тэатр. формай стала «жывая газета» (з выкарыстаннем газетных матэрыялаў).

Пасля 2-й сусв. вайны ўзнік тэрмін «па-за Брадвеем». Рух «пазабрадвейных» т-раў у 1950—60-я г. стаў важнейшым кампанентам тэатр жыцця ЗША. Яны ставілі творы класічнай і сучаснай драматургіі, не прынятыя Брадвеем. Сярод рэжысёраў і акцёраў т-раў «Крыкет», «Лівінг», «Фінікс», «Арэна стэйдж», «Круг у квадраце», «Тэатр вуліцы»: Н.Хоўтан, Х.Кінтэра, Дж.Маліна, С.Холм, З.Фічэндлер, Д.Рос, Э.Бенкрафт, З.Мостэль, Р.Херыс і інш. На пач. 1960-х г. «брадвейныя» і «пазабрадвейныя» т-ры пачалі збліжацца на камерцыйнай аснове, што выклікала пратэст маладых гледачоў. У 1968 разгарнуўся «пазабрадвейны» рух «трэцяга» пакалення — альтэрнатыўнага т-ра, які адмаўляў усе традыцыі: «Эль тэатра кампесіна» Л.Вальдэса, «Мобіль тэатр» Дж.Папа, «Брэд энд папет» П.Шумана, «Мімічная трупа» Р.Дэвіса, «Опен тэатр» Дж.Чайкіна. Павялічылася колькасць негрыцянскіх труп («Нью Лафает», «Негрыцянскі ансамбль» і інш.). У 1964 арганізаваны рэпертуарны т-р Лінкольнскага цэнтра мастацтваў у Нью-Йорку з комплексам тэатр. устаноў: т-рамі муз., драм., камерным «Форум», тэатр. б-кай-музеем, школай (маст. кіраўнік з 1973 — Пап).

Кіно. Першыя кінасеансы адбыліся ў 1896 амаль адначасова са з’яўленнем кінематографа ў Еўропе. На мяжы 20 ст. зарадзілася ўласна амер. вытворчасць. У пач. 1910-х г. барацьба т.зв. незалежных кінавытворцаў з Патэнтным трэстам прывяла да перабазіравання большасці студый на зах. ўзбярэжжа, дзе ў прыгарадзе Лос-Анджэлеса ўзнік буйнейшы ў свеце цэнтр амер. кінавытворчасці — Галівуд. Дасягненнямі першапачатковага перыяду развіцця (1900—10-я г.) былі фільмы Э.Портэра («Вялікае абрабаванне цягніка», 1903), вестэрны Т.Інса, «амер. камічны» жанр, бацькам якога лічаць М.Сенета. З імем Д.Грыфіта («Нараджэнне нацыі», 1915, «Нецярпімасць», 1916) звязана станаўленне сусв. кіно як мастацтва. У 1920-я г. ствараецца сістэма кінавытворчасці, якая ўключала інстытут прадзюсерства, сістэму «зорак», дарагія пастаноўкі, выкарыстанне папулярных сюжэтаў і жанраў, што часта адлюстроўвалі «амер. мару». Буйнейшыя амер. кінакампаніі аб’ядналіся ў вял. кінаканцэрн «Метро-Голдвін-Маер» (1919—24). Вядучымі жанрамі таго часу былі экзатычныя і рамантычныя драмы, салонныя камедыі (фільмы С. Дэ Міля, Э.Любіча). Гэтыя гады наз. «залатым стагоддзем» амер. кінакамедыі: Р.Арбэкль, Б.Кітан, Г.Лойд, Ч.Чаплін, які заклаў асновы высокага мастацтва кінематаграфічнай трагікамедыі («Малыш», 1921, «Цырк», 1923, «Залатая ліхаманка», 1925). Значны ўплыў на станаўленне кіно ЗША мелі кінатворцы з Еўропы: Дж.Штэрнберг (стваральнік гангстэрскага фільма), Э.Штрогейм («Сквапнасць», 1924) і інш. «Зоркі» 1910—20-х г. — М.Пікфард, Д.Фэрбенкс, Р.алентына, Г.Свенсан і інш. З 1927 (дэманстрацыя фільма «Спявак джаза») пачалася эра гукавога кіно. Найб. папулярнымі сталі муз. фільмы («Брадвейская мелодыя», 1929, «Кароль джаза», 1930). Вял. дэпрэсія паўплывала і на кінематограф: з’явілася шмат рэалістычных, крытычных твораў у жанры гангстэрскага фільма («Твар са шрамам», 1932, Х.Хоўкса), па праблемах правасуддзя («Я — збеглы катаржнік», 1932, М. Ле Роя), пра 1-ю сусв. вайну («На заходнім фронце без змен», 1930, Л.Майлстаўна) і інш. Асн. жанры масавай прадукцыі — вестэрны, фільмы жахаў, фантастыка, меладрамы, эксцэнтрычныя камедыі. Каб прывабіць гледача і выйграць канкурэнцыю з радыё, Галівуд з сярэдзіны 1930-х г. робіць стаўку на відовішчныя магчымасці кіно: ставяцца гісторыка-біягр. фільмы, «бліскучыя» касцюмныя меладрамы, эпічныя фільмы з нац. гісторыі («Знесеныя ветрам» В.Флемінга, 1939). Славутыя рэжысёры гэтага перыяду: Чаплін («Агні вялікага горада», 1931, «Новыя часы», 1936), Дж.Форд («Дыліжанс», 1939, «Гронкі гневу», 1940), У.Уайлер («Тупік», 1937, «Лісічкі», 1941), Ф.Капра («Гэта здарылася аднойчы ноччу», 1934), У.Дысней — рэфарматар амер. мультыплікацыі (серыя пра Мікі Маўса, «Беласнежка і сем гномаў», 1938). Значны ўплыў на развіццё маст. мовы сусв. кіно зрабіў наватарскі фільм О.Уэлса «Грамадзянін Кейн» (1941). Буйнейшыя зоркі гэтага перыяду: М.Уэст, браты Маркс, К.Гейбл, Г.Гарба, М.Дзітрых, Б.Дэйвіс, Г.Купер, дзеці-«зоркі» Ш.Тэмпл, Дз.Дурбін, Дж.Гарленд. У гады 2-й сусв. вайны ствараліся дакумент. і ігравыя фільмы, прысвечаныя ваен. падзеям: серыя «За што мы змагаемся» Капры, «Бітва каля вострава Мідуэй» Форда (1942), «Вялікі дыктатар» (1940) Чапліна, «Місіс Мінівэр» (1942) Уайлера, «Касабланка» (1943) Кёртыца. Сярод значных твораў пасляваенных гадоў «Лепшыя гады нашага жыцця» (1946) Уайлера, «Трамвай «Жаданне» (1951), «У порце» (1954) Э.Казана, фільмы-гіганты «Амерыканец у Парыжы» (1951) В.Мінелі, «80 дзён вакол свету» (1956) М.Андэрсана, «Вайна і мір» (1956) К.Відара. У 1950-я г., у цяжкі для Галівуда перыяд макартызму, былі вымушаны эмігрыраваць многія выдатныя кінамайстры (Чаплін, Ж.Дасэн, Дж.Лоўзі). «Зоркі» 1940—50-х г.: Х.Богарт, М.Бранда, Г.Пек, М.Манро, Э.Тэйлар, О.Хепбёрн і інш.

У канцы 1950-х г. кінематограф з акцёрска-прадзюсерскага ператвараецца ў рэжысёрскі. «Вялікай тройкай» «новых незалежных» называюць С.Кубрыка («Доктар Стрэйнджлаў», 1963, «Касмічная Адысея 2001 года», 1968), Дж.Франкенхеймера («Сем дзён у маі», 1964), Дж.Касаветэса («Цені», 1967). Сярод фільмаў, што адлюстроўвалі важныя праблемы амер. грамадства «Боні і Клайд» А.Пена (1967), «Бестурботны яздок» Д.Хопера, «Паўночны каўбой» Дж.Шлезінгера, «Буч Кэсідзі і Сандэнс Кід» Дж.Хіла (усе 1969). З’явіўся новы тып акцёра (антыгерой): У.Біты, Ф.Данаўэй, Дж.Нікалсан, Дж.Фонда, Д.Хофман і інш. Выпускалася і тыповая галівудская прадукцыя: «Бен Гур» (1959) Уайлера, «Лоўрэнс Аравійскі» (1962) Д.Ліна, мюзіклы «Мая цудоўная лэдзі» (1964) Дж.К’юкара, «Вестсайдская гісторыя» (1961), «Гукі музыкі» (1965) Р.Уайза і інш. У 1970—80-я Галівуд перабудоўваецца з улікам вопыту «новых незалежных» і пад уплывам неакансерватызму. Узнік тэрмін «Новы Галівуд», дзе ствараецца «новае старое кіно». Узнаўляюцца галівудскія міфы, узнікае новая сістэма «зорак» (Дж.Ланг, К.Тэрнер, М.Пфайфер, Ш.Стоўн, Дж.Фостэр, К.Бейсінгер, Дж.Робертс, Р. Дэ Ніра, А.Пачына, М.Гібсан, М.Дуглас, М.Шын, Э.Хопкінс, Т.Круз, Т.Хэнкс, С.Уівер, Р.Гір, Э.Мэрфі, М.Рурк, С.Сталоне, А.Шварцэнегер і інш.). Адбываецца вяртанне да жанравага кіно з пэўнай мадэрнізацыяй папярэдніх канонаў: фільмы жахаў, фільмы катастроф, касм. фантастыка, гангстэрскія фільмы, баевікі, трылеры і інш. «Вялікая чацвёрка» рэжысёраў гэтага перыяду арыентавалася на жанравае кіно, зробленае на высокім прафес. узроўні, часта з выкарыстаннем камп’ютэрных спецэфектаў: Ф.Копала («Хросны бацька»-1, -2, -3, адпаведна 1972, 1974, 1992), С.Спілберг (серыя пра Індыяну Джонса, 1980-я г.), Дж.Лукас («Зорныя войны», 1977), акрамя М.Скарсезе, арыентаванага хутчэй на еўрап. кіно. Жанравая арыентацыя характэрна і для кінематографа 1990-х г. Працягвае існаваць кіно сац. праблематыкі: в’етнамская тэма («Паляўнічы на аленяў», 1978, М.Чыміна, «Апакаліпсіс сёння», 1979, Копалы, «Узвод», 1986, О.Стоўна), негрыцянская тэма («Армейская гісторыя», 1984, Н.Джуісана, «Малькальм Ікс», 1993, С.ЛІ), амер. і сусв. гісторыя («Гандзі», 1982, Р.Атэнбара, «Танцы з ваўкамі», 1990, К.Костнера, «Спіс Шындлера», 1993, Спілберга), праблемы існавання асобы ў грамадстве («Палёт над гняздом зязюлі», 1975, М.Формана, «Эні Хол», 1977, В.Алена, «Філадэльфія», 1993, Дж.Дэме) і інш. Сярод рэжысёраў старэйшага пакалення таксама М.Нікалс, Р.Олтмен, А.Пакула, С.Полак, У.Фрыдкін, Х.Эшбі і інш. Рэжысёры пакалення «япі» (маладыя гар. прафесіяналы): Дэме, Р.Земекіс, Д.Лінч, Дж.Лэндыс, К.Таранціна і інш., на якіх уплываюць постмадэрнісцкія тэндэнцыі сучаснай культуры. У амер. кінематографе працуюць і замежныя рэжысёры (Р.Паланскі, Дж.Шлезінгер, А.Канчалоўскі, Б.Берталучы і інш.). Амерыканская акадэмія кінематаграфічных мастацтваў і навук (засн. ў 1927) штогод прысуджае прэстыжную кінаўзнагароду «Оскар» (з 1929). Праводзяцца міжнар. кінафестывалі ў Лос-Анджэлесе, Сан-Францыска, Чыкага, Нью-Йорку і інш. Сярод буйнейшых кінакампаній: «Каламбія пікчэрс», «Парамаўнт», «Уорнер бразерс», «20-е стагоддзе — Фокс» і інш.

Беларусы ў ЗША. Эміграцыя з Беларусі ў ЗША бярэ пачатак у 17 ст. Тры падзелы Рэчы Паспалітай у канцы 18 ст. садзейнічалі выезду ўдзельнікаў нац.-вызв. руху (Д.Касцюшка, М.Судзілоўскі і інш.), каталіцкіх святароў (Ф.Дзеружынскі, Б.Крукоўскі, Н.Корсак, Кольман), якія зрабілі важкі ўклад у стварэнне і пашырэнне ў ЗША каталіцкай школьнай адукацыі. Ураджэнцы Беларусі былі ў ліку заснавальнікаў с.-г. калоній у ЗША. У 1805—14 існавала Бел. правінцыя Т-ва Ісуса як саюз амер. і бел. езуітаў. Масавая эміграцыя ў ЗША, якая была выклікана сац.-эканам. прычынамі, пачалася ў канцы 19 ст. Эмігранты гэтай хвалі не здолелі нацыянальна арганізавацца і далучаліся да інш. нац. згуртаванняў. Першыя бел. гурткі ўзніклі ў 1908 і звязаны з асобай А.Сянкевіча. У 1912 засн. бел. парафія св. Юрыя і арг-цыя ўзаемадапамогі (Чыкага), Т-ва беларусаў і маларосаў (Мічыган). Пасля 1-й сусв. вайны цэнтрам бел. нац. жыцця стаў Чыкага, куды прыехалі паліт. эмігранты, удзельнікі 1-га Усебел. кангрэсу, вядомыя святары. У 1920 А.Чарапук, П.Чопка, В.Трафімовіч заснавалі Бел. нац. к-т, у 1923 у Нью-Йорку пачаў працаваць аддзел Бел. стралецкага саюза. На пач. 1920-х г. у штатах Нью-Джэрсі, Нью-Йорк, Ілінойс Мічыган, Пенсільванія, гарадах Нью-Йорк, Нью-Брансуік існавала больш за 10 бел. арг-цый, у т. л. ў Нью-Йорку Бел. нац. к-т, Бел. прэсавае бюро (выдавала «Бюлетэнь», распаўсюджвала кнігі і беларускамоўныя газеты). На з’ездзе беларусаў-эмігрантаў ЗША і Канады (Чыкага, 1923) была вызначана праграма нац.-паліт. дзейнасці і заснаваны Бел.-амер. нац. саюз (БАНС, 1923—33) на чале з Я.Варонкам. Пры саюзе дзейнічалі Бел. клуб, бібліятэка, прэс-бюро БНР, к-т дапамогі працаўнікам Зах. Беларусі, школьная камісія. Пры дапамозе БАНС створаны бел. арг-цыі ў штатах Вісконсін (Бел. нар. т-ва), Індыяна, Мічыган.

У канцы 1920 — пач. 30-х г. у Чыкага заснаваны Бел.-амер. грамадскі клуб, Бел. дапамогавы камітэт, Бел. культ.-адукац. т-ва, Бел.-амер. нац. аб’яднанне, а таксама арг-цыі ў штатах Нью-Йорк, Нью-Джэрсі, Ілінойс, Мічыган і інш. У час 2-й сусв. вайны дзейнічалі Бел.-амер. нац. рада (з 1941, Чыкага), Менскае зямляцтва (1944, Нью-Йорк) і Слав. брацтва (Нью-Йорк), якія аказвалі паліт. і матэрыяльную падтрымку БССР. Масавыя перасяленні ў ЗША (у асн. паліт. эміграцыя) пасля 2-й сусв. вайны адзначаны ў 1948—54. За гэты час прыехала каля 50 тыс. чал., якія рассяліліся ў штатах Ілінойс, Нью-Джэрсі, Нью-Йорк, Агайо, Пенсільванія, Каліфорнія, Мічыган. У сярэдзіне 1950-х г. існавала каля 30 бел. арг-цый. Падзел бел. эміграцыі на прыхільнікаў Беларускай Народнай Рэспублікі (БНР) і Беларускай цэнтральнай рады (БЦР), які адбыўся ў Германіі, захаваўся ў ЗША і адбіўся на ўсіх арганізац. формах бел. грамадскага жыцця. Паводле характару дзейнасці вызначаюцца: паліт. арг-цыі — Рада БНР, Фонд 25 Сакавіка, БЦР, Бел. нац. фонд (1952—70), Бел. вызвольны фронт, Бел. к-т паліт. дзеянняў (з 1976), Канферэнцыя вольных беларусаў (з 1977), Бел.-амер. кааліцыя супрацьдзеяння паклёпам (з 1982); агульнаграмадскія — Злучаны беларуска-амерыканскі дапамогавы камітэт, Беларуска-амерыканскае задзіночанне (БАЗА), Бел.-амер. звяз (1958—70-я г.), Беларуска-амерыканскае аб’яднанне ў Нью-Йорку, Беларускі кангрэсавы камітэт Амерыкі, Бел. каардынацыйны к-т у Чыкага; маладзёжныя — Арганізацыя беларуска-амерыканскай моладзі, Саюз бел.-амер. моладзі, Арг-цыя бел.-амер. моладзі ў штаце Ілінойс, скаўцкія арг-цыі ў Чыкага, Нью-Йорку, Саўт-Рыверы; студэнцкія — Бел.-амер. акад. т-ва (1950—57), клубы бел. студэнтаў пры Ратгерскім, Агайскім, Нью-Йоркскім ун-тах, Бел. культ.-асв. к-т; жаночыя — Бел. жаночае згуртаванне ў Кліўлевдзе (з 1952), Бел. жаночае згуртаванне ў Амерыцы, секцыі жанчын пры БАЗА і Згуртаванні беларусаў штата Ілінойс; ветэранскія — Саюз амер.-бел. ветэранаў, Згуртаванне беларуска-амерыканскіх ветэранаў, літ. і навук.Бел. літ. згуртаванне «Шыпшына» (1950—75), Крывіцкае навуковае таварыства імя Францішка Скарыны, Беларускі інстытут навукі і мастацтва (БІНіМ) у Нью-Йорку, Бел. акад. каталіцкае т-ва «Рунь», Згуртаванне беларускіх мастакоў і ўмельцаў, Бел. бібліягр. служба, Аддзел Саюза бел. журналістаў, Бел.-амер. інфарм. служба (з 1984) і інш. Сац. і матэрыяльную падтрымку беларусам, навук. і культ. установам аказвалі Фонд самадапамогі, Фундацыя імя Крачэўскага, Бел. школьны фонд, Студэнцкі стыпендыяльны фонд, Бел. харытатыўна-адукац. фонд (з 1976), Фонд імя І.Любачкі (з 1977), Вялікалітоўскі (Беларускі) фонд імя Льва Сапегі, Фонд адраджэння Беларусі (з 1989). Асяродкі бел. культ.-грамадскага жыцця ў гарадах Нью-Йорк, Саўт-Рывер, Чыкага, Дэтройт; а таксама цэнтры «Полацак» (каля Кліўленда), «Белэр-Менск» (штат Нью-Йорк) і інш. (гл. таксама ў арт. Беларускія навуковыя і культурна-асветныя арганізацыі за мяжой, Беларуская шкала за мяжой). Створаны маст. калектывы: танц. групы «Лянок», «Матылёк», «Лявоніха», «Мяцеліца», ансамбль «Васілёк»; хоры «Гоман», «Каліна», «Васількі»; аркестры «Палесьсе», «Бярозка», «Нова», «Віхор»; тэатр. групы пад кіраўніцтвам В.Селех-Качанскага, М.Прускага, І.Цупрык і інш. Праходзяць выстаўкі твораў мастакоў, нар. ўмельства, бел. друку. Значнымі культ. і паліт. падзеямі былі Бел. фестывалі (1976, 1977, 1979), сустрэчы беларусаў Паўн. Амерыкі. Захаванню нац. свядомасці садзейнічаюць Беларуская аўтакефальная праваслаўная царква за мяжой, Беларуская праваслаўная царква Паўночнай Амерыкі, бел. каталіцкая парафія ўсх. абраду ў Чыкага (гл. таксама ў арт. Беларускія рэлігійныя арганізацыі за мяжой). Бел. кнігадрукаванне ў ЗША пачалося пасля 2-й сусв. вайны. Выдавецкай справай займаюцца навук., грамадскія і культ. арг-цыі, рэліг. ўстановы, прыватныя асобы. Падручнікі друкавалі выдавецкія суполкі «Пагоня», «Заранка», Бел. харытатыўна-адукац. фонд; маст. і рэліг. творы, перыёдыку — Бел. выдавецкае т-ва ў Саўт-Рыверы, Бел. выд-ва М.Прускага (з пач. 1950-х г., Гранд-Рапідс), Бел. выдавецкая сябрына (1960—70-я г., Чыкага), выд-вы «Час» (1975—80-я г.), «Родны край», W&D (з 1989, Гановер). Бел. перыёдыка прадстаўлена газетамі «Вестник», «Белорусская трибуна» (1926—32), «Беларуская трыбуна» (1950—53), «Беларус»; часопісамі: «Летапіс беларускай эміграцыі», «Беларускі сьвет», «Абежнік» БІНіМа, «Віці, «Веда», «Конадні», «Вольнае слова», «Царкоўны сьветач», «Беларуская зарніца», «Быаруская думка», «Шыпшына» (1956—75), «Полацак», «Беларус у Амерыцы» (1948—49), «Беларуская царква», «Голас царквы», «Беларускі дайджэст» (з 1992) і інш.; двухмоўнымі часопісамі «Беларуская моладзь», «Запісы», «The Byelorussian Times» («Беларускі час», 1975—83), англамоўнымі «Беларусіян Рэв’ю», «Byelorussian Business Herald» («Беларускі дзелавы веснік», з 1991). Найб. вядомыя бел. радыёпраграмы: пад кіраўніцтвам Я.Варонкі (1928—29, Чыкага), Я.Тарасевіча (з 1940-х г., Чыкага), П.Куляша (1952—53, Дэтройт), М.Казлякоўскага (1958—59, Трэнтан), Н.Жызнеўскага «Нёман» (з 1960, Чыкага) і інш. (гл. ў арт. Беларускае радыё за мяжой). Беларусы ЗША прадстаўлены ў міжнац. і міжнар. арг-цыях, у т. л. ў Нац. канфедэрацыі амер. этнічных груп, Асацыяцыі каталіцкіх інтэлектуалаў «Pax Romana», Антыбальшавіцкім блоку народаў, Нац. радзе рэсп. этнічных груп; удзельнічаюць у рабоце Этнічных рад і культ. арг-цый штатаў Нью-Джэрсі, Мэрыленд, Нью-Йорк, Каліфорнія, Агайо, Мічыган, Ілінойс і інш. У 1993 у Нью-Йорку засн. Сусв. згуртаванне яўрэяў Беларусі. Бел. перасяленцы канца 1980 — пач. 90-х г. (паводле неафіц. крыніц, у 1995 у ЗША пражывала каля 500 тыс. беларусаў), як правіла, дэнацыяналізаваны, не ўключаюцца ў работу існуючых нац. арг-цый і не ствараюць уласных.

Літ.: История США. Т. 1—4. М., 1983—87; Черные американцы в истории США. Т. 1—2. М., 1986; Харц Л. Либеральная традиция в Америке: Пер. с англ. М., 1993; Давыдов Ю.П. США — Западная Европа в меняющемся мире. М., 1991; Historia Stanów Zjednoczonych Ameryki. T. 1—5. Warszawa, 1995; Morison S.E., Commager H.S. The growth of the American Republic. Vol. 1—2. New York, 1962; Писатели США. М., 1990; Комаровская Т.Е. Осмысление прошлого в американском историческом романе XX в. Мн., 1993; Мулярчик А. США: Век двадцатый. М. и др., 1994; Чегодаев А.Д. Искусство Соединенных Штатов Америки, 1675—1975: Живопись, архитектура, скульптура, графика. М., 1976; Иконников А.В. Архитектура США. М., 1979; Современная архитектура США: Критич. очерки. М., 1981; Green S.M. American art: A historical survey. New York, 1966; Конен В.Д. Пути американской музыки: Очерки по истории муз. культуры США. 3 изд. М., 1977; Яеж. Рождение джаза. М., 1984; Коллиер Дж.Л. Становление джаза: Пер. с англ. М., 1984; Engel L. The American musical theater. New York, 1975; History of American music. New York, 1976; Folk music and moden sound. Jackson, 1982; The New Grove dictionary of American music. Vol. 1—4. London, 1986; Skowron Z. Nowa muzyka amerykańska. Kraków, 1995; Смирнов Б.А. Театр США XX в. Л., 1976; Воинова З.В. Театральный Бродвей: эскапизм или пропаганда? // Современное западное искусство. М., 1972; Вульф В.Я. От Бродвея немного в сторону, 70-е гг. М., 1982; Колодяжная В.С. Кино США (1945—1960). М., 1963; Соболев Р.П. Голливуд, 60-е гг.: Очерки. М., 1975; Карцева Е.Н. Голливуд: Контрасты 70-х. М., 1987; Бессмертный А., Эшпай В. 100 режиссеров американского кино. М., 1991; Кіпель В Беларусы ў ЗША. Мн., 1993; Пранчак Л.І. Беларуская Амерыка. Мн., 1994.

М.С.Вайтовіч (прырода, насельніцтва, гаспадарка), К.А.Далгучыц, Н.К.Мазоўка (гісторыя), Т.Я.Камароўская (літаратура), В.Я.Буйвал (архітэктура, выяўленчае мастацтва), Т.А.Ратабыльская (тэатр), Л.М.Зайцава (кіно), А.С.Ляднёва (беларусы ў ЗША), У.В.Макараў (узброеныя сілы).

Герб і сцяг Злучаных Штатаў Амерыкі.
Да арт. Злучаныя Штаты Амерыкі. Адгор’і Апалачаў у штаце Паўночная Караліна.
Да арт. Злучаныя Штаты Амерыкі. Агульны выгляд цэнтральнай часткі горада Вашынгтон.
Да арт. Злучаныя Штаты Амерыкі. Паўпустынны ландшафт у штаце Арызона.
Да арт. Злучаныя Штаты Амерыкі. Механізаваная сяўба кукурузы пры дапамозе трактара «Беларусь».
Да арт. Злучаныя Штаты Амерыкі. Панарама ў цэнтральнай частцы Нью-Йорка.
Да арт. Злучаныя Штаты Амерыкі. Тыповы краявід на Вялікіх раўнінах.
Да арт. Злучаныя Штаты Амерыкі. Цэнтр кіравання касмічнымі палётамі ў г. Х’юстан, штат Тэхас.
Да арт Злучаныя Штаты Амерыкі. Завод па будаўніцтве дызель-электравозаў фірмы «Джэнерал электрык» у г. Эры, штат Пенсільванія.
Да арт Злучаныя Штаты Амерыкі. Бітва за вышыню Банкер-Хіл пад Бостанам у пачатку вайны за незалежнасць у Паўночнай Амерыцы 1775—83.
Да арт. Злучаныя Штаты Амерыкі. Прыбыццё французаў у Фларыду (1591). Гравюра Т. дэ Бры.
Да арт. Злучаныя Штаты Амерыкі. Канторскія будынкі Сігрэм-білдынг у Нью-Йорку. Арх. Л.Міс ван дэр Роэ. 1956—58.
Да арт. Злучаныя Штаты Амерыкі. Музей Саламона Гугенгайма ў Нью-Йорку. Арх. Ф.Л.Райт. 1956—59.
Да арт. Злучаныя Штаты Амерыкі. Т.Коўл. Аркадская ідылія. 1838.
Да арт. Злучаныя Штаты Амерыкі. Берасцяныя вырабы індзейцаў Паўночнай Амерыкі.
Да арт. Злучаныя Штаты Амерыкі. Э.Хікс. Царства міру. 1840—45.
Да арт. Злучаныя Штаты Амерыкі. Дж.Бінгем. На варце грузу. 1849.
Да арт. Злучаныя Штаты Амерыкі. А.Доў. Серабро, вохра, кармін, зелень (дно ракі) 1920.
Да арт. Злучаныя Штаты Амерыкі. С.Дэйвіс. У захапленні ад Рапапорта. 1952.
Да арт. Злучаныя Штаты Амерыкі. «Амерыканскі тэатр балета». Сцэна са спектакля «Лісце ападае». Балетмайстар Э.Цюдар. 1987.
Да арт. Злучаныя Штаты Амерыкі. Сцэна са спектакля «Падзеленая дыстанцыя». Балетмайстры Б.Т.Джонс і А.Зан. 1988.
Да арт. Злучаныя Штаты Амерыкі. Ч.Чаплін у фільме «Малыш». 1921.
Да арт. Злучаныя Штаты Амерыкі. Кадр з кінафільма «Зорныя войны». Рэж Дж.Лукас 1977.
Да арт. Злучаныя Штаты Амерыкі. Кадр з мультфільма «Беласнежка і сем гномаў». Рэж. У.Дысней. 1938.
Да арт. Злучаныя Штаты Амерыкі. Кадр з кінафільма «Танцы з ваўкамі». Рэж. К.Костпер. 1990.

т. 7, с. 77

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)